ГРЫМА́ЛЬДЗІ ((Grimaldi) Франчэска Марыя) (2.4.1618, г. Балоння, Італія — 28.12.1663),

італьянскі фізік і астраном. У 1647 атрымаў ступень д-ра і выкладаў філасофію і матэматыку ў Балонскай езуіцкай калегіі. Адкрыў дыфракцыю святла. Сумесна з Дж.​Б.​Рычолі склаў карту Месяца і ўвёў назвы месяцавых утварэнняў. Асн. вынікі яго навук. даследаванняў апублікаваны ў яго творы «Фізічная навука аб святле, колерах і вясёлцы» (1665).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАНЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА,

нізіннага тыпу, у Брагінскім, часткова ў Хойніцкім р-нах Гомельскай вобл., у вадазборы р. Брагінка, на Зр. Прыпяць. Пл. 28,7 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 8,4 тыс. га. Сярэдняя глыбіня торфу 1,5 м, ступень распаду 33%, попельнасць 15%. Запасы торфу каля 21 млн. т. У Брагінскім р-не часткі балота наз. Паломы, Гала і інш. Балота амаль цалкам асушана. На асушаных землях сеюць збожжавыя і травы.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́КСІМУМ І МІ́НІМУМ (лац. maximum i minimum літаральна найбольшае і найменшае),

гранічныя велічыні, найб. і найменшая колькасць чаго-н., найвышэйшая і найніжэйшая ступень. У матэматыцы — найб. і найменшае значэнне функцыі ў параўнанні з яе значэннямі ва ўсіх дастаткова блізкіх пунктах. Пункты М. і м. наз. таксама пунктамі экстрэмуму. Калі функцыя мае некалькі такіх пунктаў, то яны наз. лакальнымі, калі адрозніваюцца ад найб. і найменшага значэнняў функцыі ва ўсёй вобласці вызначэння.

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ КАДА́СТР,

сістэматызаваны збор звестак, якія колькасна і якасна характарызуюць пэўны від прыродных рэсурсаў (або прыроднае асяроддзе) з мэтай іх вывучэння, уліку і планавання выкарыстання. Змяшчае фіз.-геагр. характарыстыкі мясцовасці, класіфікацыю, дынаміку, ступень даследаванасці рэсурсаў, сац.-эканам. ацэнку і інш. Складанне П.р.к. — капітала- і навукаёмістае мерапрыемства. На Беларусі складаюцца П.р.к.: водны, зямельны, лясны, кліматычны, атм. паветра, нетраў, жывёльнага і расл. свету, тарфянога фонду, адходаў.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛГЕБРАІ́ЧНЫ ВЫ́РАЗ,

матэматычны выраз, які складаецца з літар і лікаў, злучаных знакамі алг. дзеянняў: складання, аднімання, множання, дзялення, узвядзення ў ступень, здабывання кораня. Рацыянальны алгебраічны выраз адносна некаторых літар не змяшчае іх пад знакам кораня. Ірацыянальны алгебраічны выраз мае радыкалы, напр., x + y . Цэлы алгебраічны выраз адносна некаторых літар не змяшчае дзялення на выразы з гэтымі літарамі. Калі некаторыя з літар (або ўсе) лічыць пераменнымі, то такі алгебраічны выраз наз. алгебраічнай функцыяй.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАТЭ́НК (ад аэра... + англ. tank рэзервуар, бак),

збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў. Уяўляе сабой праточныя басейны з бетону ці жалезабетону, у якіх забруджаная вада ачышчаецца актыўным глеем (бактэрыі-мінералізатары і ніжэйшыя арганізмы) пры бесперапыннай яе аэрацыі. Сумесь адстойнай сцёкавай вадкасці і актыўнага глею працякае па аэратэнку і прадзімаецца паветрам, кісларод якога падтрымлівае жыццядзейнасць бактэрый і акісленне арган. забруджвальнікаў, якія за 6—12 гадз мінералізуюцца. Ступень ачысткі 40—98%.

Схема праточнага аэратэнка.

т. 2, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РАНЬ у матэматыцы,

1) К. ступені n з ліку a — лік x, nступень x​n якога роўная a. Абазначаецца na, дзе a — падкарэнны выраз. Пры a ≠ 0 у полі камплексных лікаў існуе n розных значэнняў К., напр., 38 мае значэнні 2, 1+i3, 1i3 2) К. алгебраічнага ўраўнення — лік, які пасля падстаноўкі ва ўраўненне замест невядомага пераўтварае ўраўненне ў тоеснасць. Гл. таксама Алгебраічнае ўраўненне, Здабыванне кораня.

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для патрэб навукі, тэхнікі, культуры. На Беларусі ствараецца шматузроўневая сістэма вышэйшай адукацыі (гл. Вышэйшыя навучальныя ўстановы). Яна дазваляе пашырыць магчымасці вышэйшай школы ў забеспячэнні культ.-адукац. запатрабаванняў асобы і грамадства; павысіць гнуткасць агульнаадук., навук. і прафес. падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам патрабаванняў эканомікі і рынку працы; стварыць умовы для больш поўнага забеспячэння падрыхтоўкі моладзі па кірунках, што адпавядаюць яе здольнасцям і інтарэсам. Шматузроўневая сістэма заснавана на прынцыпах дзярж. палітыкі ў галіне адукацыі, вызначаных законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) і міжнар. стандартнай кваліфікацыяй, прынятай ЮНЕСКА. Структура гэтай сістэмы мае 2 узроўні: 1-ы ўзровень (падрыхтоўка спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, тэрмін навучання 4—5 гадоў) складаецца з 2 ступеняў. Першая ступень — 2 гады навучання, дае студэнту базавую падрыхтоўку (агульную гуманітарную, агульную навук. і пэўны аб’ём прафесійнай); 2-я ступень — працяг навучання 2—3 гады, дае прафес. падрыхтоўку па спецыяльнасці разам з дадатковай гуманітарнай і навук., у т. л. па праграме бакалаўрыята (гл. Бакалаўр). 2-і ўзровень (тэрмін навучання 1—2 гады) прадугледжвае спецыялізаваную (паглыбленую) падрыхтоўку спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, у канкрэтным кірунку прафес. дзейнасці, падрыхтоўку магістраў.

А.​П.​Сманцар, С.​В.​Снапкоўская.

т. 4, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАГУЛЬНЕ́ННЕ,

пераход на больш высокую ступень абстракцыі праз выяўленне агульных прыкмет (уласцівасцей, адносін, тэндэнцый развіцця і г.д.). Робіцца на ўзроўнях: эмпірычнага матэрыялу (выпрацоўка паняццяў, якія выяўляюць тоеснасць ці падабенства двух і больш прадметаў); ужо выпрацаваных паняццяў і суджэнняў (пераход да больш шырокіх паняццяў); «сістэм паняццяў» — тэорый (напр., пераход ад геаметрыі Эўкліда да геаметрыі Лабачэўскага). Абагульненне звязана таксама з працэсам аналізу, сінтэзу, параўнання з рознымі індукцыйнымі працэдурамі. Атрыманне абагульненых ведаў азначае больш глыбокае пранікненне ў сутнасць рэчаіснасці. Процілегласць абагульненню — абмежаванне.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́ЎФУТ-ХО́ДЖКІН (Crowfoot Hodgkin),

Ходжкін Дораці (12.5.1910, Каір — 1994), англійскі хімік і біяхімік.

Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1947). Замежны чл. АН СССР (1976), Нац. АН ЗША і інш. Скончыла Оксфардскі ун-т (1932). З 1932 у Кембрыджскім, з 1934 у Оксфардскім ун-це. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе складаных біялагічна актыўных злучэнняў. Вызначыла структуру пеніцыліну, вітаміну B12, малекулярную масу глабулярных бялкоў, ступень агрэгатавання іх малекул, наяўнасць металавугляродзістай сувязі ў каферменце B12. Нобелеўская прэмія 1964.

Д.Кроўфут-Ходжкін.

т. 8, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)