вырабы рамеснікаў-ганчароў 14—19 ст. у Гродне, выяўленыя на тэр.Гродзенскага Старога замка і Гродзенскага манастыра базыльянак. Найб. раннімі з’яўляюцца гаршковыя кафлі з круглым вусцем і дыяметрам донца 7—8 см. Кафлі 2-й пал. 16 ст. маюць каробкападобную румпу і квадратную паліваную або тэракотавую ўвагнутую вонкавую пласціну з адагнутай вонкі рамкай і выявай кветкі пасярэдзіне. На кафлі 17 ст. выявы барочнага характару з раслінным, геаметрычным, зааморфным арнаментам (часам у спалучэнні); некат. маюць выяву коннага рыцара. Кафлі 18 ст. вызначаюцца спрошчаным малюнкам і адсутнасцю рамкі, у канцы стагоддзя пачалі вырабляць размаляваныя кафлі з выявамі жанравых сцэн. На мяжы 19—20 ст. наладжана прамысл.вытв-сць кафлі ў стылі «мадэрн» з насычаным рэльефным малюнкам.
І.М.Чарняўскі.
Да арт.Гродзенская кафля. Кафляная печ. Пач. 20 ст.Да арт.Гродзенская кафля. Кафля зялёнай палівы з Гродзенскага кляштара базыльян. 2-я пал. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБОР ЛІТО́ЎСКІХ ЗАКО́НАЎ З 1389 ДА 1529»
(«Zbiór praw litewskich od roku 1389 do roku 1529»),
зборнік юрыд. актаў, якія асвятляюць дзярж. і грамадскі лад ВКЛ канца 14 — сярэдзіны 16 ст. Рыхтаваўся да друку ў 1830-я г. І.М.Даніловічам, І.Лялевелем і Т.Дзялынскім, але з-за паўстання 1830—31 выдадзены ў 1841 у Познані Дзялынскім. Змяшчае агульназемскія і абласныя прывілеі вял. князёў Ягайлы 1387, Казіміра 1447 (з памылковым датаваннем 1457), Аляксандра 1492, Жыгімонта I Старога 1506, 1507, 1522, Віцебскай зямлі 1509, Гарадзельскі прывілей 1413, Судзебнік 1468 (з памылковым датаваннем 1492), дакументы сеймаў ВКЛ 1544—63, просьбы шляхты і адказы на іх вял. князёў і інш. Дакументы надрукаваны з арыгіналаў, ранейшых публікацый і кніг-копій Метрыкі ВКЛ на мове арыгінала — лац. і бел. (лацінскім шрыфтам), некаторыя перакладзены на польск. мову. У кнізе ўпершыню надрукаваны Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 на бел. і лац. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ФІКАТ (лац. Magnificat ад першага слова тэксту «Magnificat anima mea Dominum» «Вялічыць душа мая Госпада»),
царкоўнае песнапенне; хвалебная песня на тэкст слоў Дзевы Марыі з Евангелля ад Лукі. З 6 ст. адзін з нязменных (ардынарных) тэкстаў каталіцкай вячэрні. Належыць да т.зв. кантыкляў — важных у літургічным ужытку псалмападобных эпізодаў са Старога і Новага запаветаў. Спяваўся ў грыгарыянскай традыцыі антыфонна ў адным з царк. тонаў паводле спецыфічных формул меладызаванай рэчытацыі. У спалучэнні з т.зв. вялікім антыфонам — найб. меладычна развітым і ўрачыстым песнапеннем літургічнага дня ўяўляў сабою буйную вак. кампазіцыю. Шматгалосыя апрацоўкі М. вядомы з 14 ст. У 16—18 ст. да гэтага жанру звярталіся Г.Дзюфаі, К. дэ Маралес, Дж.Палестрына, А.Ласа, К.Мантэвердзі, І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль, А.Вівальдзі, Дж.Б.Пергалезі, В.А.Моцарт і інш., у 19—20 ст. — Ф.Мендэльсон, К.Пендарэцкі, Р.Воан-Уільямс.
1) у музыцы — зрушэнне акцэнту з метрычна больш моцнай долі такта на больш слабую. Абазначае зрухі націску, якія адбываюцца ў выніку несупадзення рэальнай і метрычнай акцэнтуацыі і прыводзяць да ўтварэння ў межах такта нарматыўных і ненарматыўных акцэнтаў. Асн. выразная якасць С. — абвастрэнне рытмічнага і меладычнага руху, актывізацыя метрычнай пульсацыі ці яе згладжванне. Сінкапіраваныя рытмы пашыраны ў прафес. і нар. музыцы многіх народаў свету, у т. л. беларусаў. Як характэрная адзнака ўласна муз. і выканальніцкага стылю С. ўласціва танц.-інстр. фальклору.
2) У вершаскладанні — пропуск галоснага гука або групы гукаў у сярэдзіне слова. Выкарыстоўваецца з мэтай дасягнення гукавой і сэнсава-эмацыянальнай выразнасці паэтычнага твора. Сустракаецца ў нар. творчасці, творах пісьмовай л-ры:
Стары дзед мяжой ішоў,
Залатыя ключы найшоў.
— Прападайце, златы ключы,
За старога не йсці.
(Бел. народная песня)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БРЫК 1-ы,
рака ў Беларусі, у Ганцавіцкім, Пінскім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 1900 км². Пачынаецца з ляснога балота за 2,5 км на ПнЗ ад в. Сукач Ганцавіцкага р-на, цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Упадае ў Прыпяць за 2 км на ПнЗ ад чыг. ст. Прыпяць. Асн. прытокі: Вісліца (справа), каналы Хатыніцкі, Прысць, Багданаўка (злева).
Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. ў сярэднім цячэнні 0,5—1 км, у ніжнім зліваецца з поймай Прыпяці. Рэчышча каналізаванае на працягу 102 км, пракладзена за 0,5—3 км ад старога. Шыр. да 3—3,5 м у вытоку, 35—40 м у вусці. Берагі сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,6 м³/с. У міжрэччы Бобрыка і Вісліцы ў Пінскім р-не створаны наліўное вадасх. Пагост і сажалкі рыбгаса «Палессе», 2 невял. сажалкі каля в. Парахонск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБРЭХТ БРАНДЭНБУ́РГСКІ (Albrecht von Brandenburg; 17.5.1490—20.3.1568),
апошні гросмайстар (з 1510) Тэўтонскага ордэна, першы герцаг Прусіі (з 1525). З роду Гогенцолернаў, сын маркграфа Фрыдрыха Брандэнбург-Ансбахскага і Соф’і — дачкі польск. караля і вял.кн.ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Імкнуўся вызваліць Тэўтонскі ордэн ад васальнай залежнасці ад польск. караля і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта I Старога (свайго дзядзькі). У 1519—21 вёў вайну з Польшчай, але пацярпеў паражэнне. Прыхільна ставіўся да ідэй лідэраў Рэфармацыі М.Лютэра і Ф.Меланхтана. Каб правесці Рэфармацыю на землях ордэна, заручыўся падтрымкай польск. караля, 8.4.1525 заключыў у Кракаве дагавор, паводле якога Прусія ператваралася ў васальнае герцагства. Абвясціў секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўвядзенне ў Прусіі лютэранства. Клапаціўся аб адкрыцці ў гарадах лац. школ, гімназіі і універсітэта (1544, у Кёнігсбергу), дзе набывалі адукацыю многія бел. і літ. пратэстанты. У сувязі са сваімі выдавецкімі планамі ў 1530 (?) запрасіў у Кёнігсберг «выдатнага і многавучонага мужа» Ф.Скарыну. Час праўлення Альбрэхта характарызаваўся няўстойлівай паліт. сітуацыяй у Прусіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.
Створаны ў чэрв. 1968 з групы лялечнікаў, якая існавала пры Брэсцкім абл.драм. т-ры з 1963. Адкрыўся спектаклем «Салдат Даніла» («Птушынае малако») Е.Тудароўскай і В.Мятальнікава. Гал. рэжысёры А.Сярогін, А.Шкілёнак, В.Казлова, С.Юркевіч, А.Жугжда (з 1990). У пастаноўках выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм, прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане, яны выступаюць у масках і без масак.
У рэпертуары т-ра: «Прыгоды трох парасят» і «Крок у бессмяротнасць» Н.Мацяш, «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Хлопчык з легенды» паводле Г.Васілеўскай, «Прывід старога млына» В.Навацкага і Ю.Фрыдмана, «Па шчупаковай волі» Л.Тарахоўскай, «Блакітнае шчаня» У.Гюлы, «Чыпаліна» паводле Дж.Радары, «Дзень нараджэння ката Леапольда» А.Хайта, «Славутае качаня Цім» паводле Эн Блайтан, «...Забыць Герастрата!» Р.Горына, «Крэслы» Э.Іанеска, «Што здарылася ў заапарку» Э.Олбі і інш.
Дз.У.Стэльмах.
Да арт.Брэсцкі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Славутае качаня Цім» паводле Эн Блайтан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎЦЫ,
шляхецкі род герба «Магіла» ў ВКЛ. Паходзяць ад смаленскага баярына Міцькі Быхаўца, сыны якога ў пач. 16 ст. замест страчаных зямель на Смаленшчыне атрымалі ад вял.кн. Жыгімонта I Старога маёнткі ў Дарсунішскай вол. і Трокскім пав.Найб. вядомыя Быхаўцы:
Людвік, ксёндз-бернардзінец, аўтар твораў рэліг.-павучальнага характару. Сакратар Літоўскай правінцыі бернардзінцаў, да 1747 прэзідэнт у Нясвіжскім канвенце ордэна, назіральнік ордэна францысканцаў у Віцебскім ваяв. (1760). Юзаф Уладзіслаў (1778—5.7.1845), філосаф. Скончыў Гал. школу ВКЛ у 1794, вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, Кёнігсберга. Вучань і перакладчык І.Канта. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў на баку Францыі. Ян (каля 1732—?), дэп. Трыбунала ВКЛ (1797—1802), у 1802—32 суддзя слонімскіх земскага і межавога судоў. Юзаф, падстолі ваўкавыскі (1780), крайчы ВКЛ (1793). Адам Ян Віктар (23.12.1796—?), чл. ваўкавыскага апеляцыйнага суда. За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы. Аляксандр, старшыня ваўкавыскага апеляцыйнага суда. У 1820-я г. ў яго б-цы захоўвалася Хроніка Быхаўца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬВЕТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
унітарная рэспубліка, якая існавала на тэр. Швейцарыі ў 1798—1803. (Пад уздзеяннем Французскай рэвалюцыі 1789—99 у шэрагу кантонаў Швейцарыі пачаліся нар. хваляванні, якія дасягнулі асаблівага размаху ў 1798.) 5.4.1798 франц. войскі занялі г. Берн. Старая канфедэрацыя распалася, 12 крас. ў г. Аараў абвешчана «адзіная і непадзельная Гельветычная рэспубліка» з канстытуцыяй накшталт франц. 1795. У выніку Швейцарыя станавілася унітарнай дзяржавай: кантоны страцілі права мець свае ўрады, выдаваць законы і ператвараліся ў правінцыі. Заканад. ўлада перадавалася Вялікаму савету і Сенату, выканаўчая — Дырэкторыі. Усе грамадзяне ўраўнаваны ў паліт. правах. Адменены ўсе саслоўныя адрозненні, абвешчана свабода сумлення, друку, гандлю, рамяства. Разам з тым краіна трапляла ў поўную залежнасць ад Францыі. Уцягненне Гельветычнай рэспублікі ў вайну з 2-й антыфранц. кааліцыяй выклікала шырокія нар. хваляванні і абвастрыла барацьбу паміж «патрыётамі», якія падтрымлівалі унітарную рэспубліку, і рэспубліканцамі — прыхільнікамі федэралісцкага прынцыпу. 19.2.1803 Напалеон выдаў т.зв. «Акт аб медыяцыі», паводле якога Швейцарыя вярталася да старога кантоннага парадку і станавілася саюзам дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НАВІЧЫ,
вёска ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, на аўтадарозе Шаркаўшчына — Дзісна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на У ад г.п. і чыг. ст. Шаркаўшчына, 238 км ад Віцебска. 742 ж., 293 двары (1996).
Упершыню ўпамінаецца ў 1563 пад назвай Ерманавічы як сяло ВКЛ на мяжы з Полацкім ваяв. З 1565 у Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. Належала Сапегам, Гілзенам, Шырыным. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. У канцы 19 ст. ў Германавічах 300 ж., вінакурны з-д, млын, крама, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Шаркаўшчынскага р-на. У 1970 — 649 ж., 209 двароў.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Музей Я.Драздовіча Малітоўны дом хрысціян старога абраду. Помнікі архітэктуры — Германавіцкі Благавешчанскі касцёл, царква (пач. 20 ст.), сядзіба (канец 18 ст.).