НАФТЭ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

монакарбонавыя к-ты, што ўваходзяць у састаў нафты. Змяшчаюць насычаныя цыклы з 5 і 6 атамаў вугляроду (гл. Аліцыклічныя злучэнні); вядомыя мона-, бі- і трыцыклічныя к-ты. Н.к. у нафце ад 0,01 да 3% па масе; асн. іх колькасць (да 80%) знаходзіцца ў газойлевай фракцыі і ў мазуце.

Вязкія алеепадобныя рудыя вадкасці з непрыемным пахам, tкіп 214—300 °C. Практычна нерастваральныя у вадзе, добра раствараюцца ў вуглевадародах і інш. арган. растваральніках. Паводле хім. уласцівасцей падобныя на тлустыя кіслоты; утвараюць солі і эфіры, якія наз. нафтэнатамі. У прам-сці вылучаюць з газавых і масленых дыстылятаў і мазуту, сінт. Н к. атрымліваюць акісленнем нафтэнаў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі палімераў, каўчукоў і фарбавальнікаў, кампаненты лакаў, дадаткі да друкарскіх фарбаў і маторнага паліва; эфіры — як пластыфікатары сінт. каўчукоў, полівінілхларыду і інш.; солі шчолачных металаў — як мыйныя сродкі, эмульгатары, інсектыцыды, стымулятары росту раслін. Аказваюць моцнае (больш за фенол) антысептычнае ўздзеянне на патагенныя арганізмы, аднак таксічныя для цеплакроўных.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТРЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць натрый. Для натрыю найб. характэрны іонныя злучэнні з крышт. будовай. Найб. шырока выкарыстоўваюць натрыю гідраксід, солі неарган. і арган. к-т (гл. Мылы).

Солі неарган. кіслот (пры бясколерным аніёне) — бясколерныя крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, іх водныя растворы і расплавы з’яўляюцца электралітамі. Натрыю брамід NaBr выкарыстоўваюць як аптычны матэрыял, у вытв-сці святлоадчувальных фотаматэрыялаў, у медыцыне (седатыўны сродак). Натрыю гідракарбанат NaHCO3 — пітная, ці харч., сода. Натрыю карбанат Na2CO3 — кальцыніраваная сода. Натрыю нітрат (натрыевая салетра) NaNO3 у прыродзе мінерал чылійская салетра (нітранатрыт). Выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, кансервант харч. прадуктаў. Натрыю сульфат Na2SO4 трапляюцца ў выглядзе мінералаў: тэнардыту і мірабіліту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, цэлюлозы, як сыравіну для атрымання інш. Н.з., сернай к-ты. Натрыю тыясульфат — соль тыясернай кіслаты. Вырабляюць у выглядзе пентагідрату Na2S2O3∙5H2O. Выкарыстоўваюць для звязвання хлору пасля адбельвання тканін, як фіксаж у фатаграфіі, у медыцыне. Натрыю фасфатысолі фосфарных кіслот. Выкарыстоўваюць як кампаненты мыйных сродкаў, змякчальнікі вады, у харч. прам-сці (напр., дыгідраортафасфат NaH2PO4 — разрыхляльнік цеста), у фатаграфіі (кампаненты праявіцелю) і інш. Натрыю фтарыд NaF у прыродзе мінерал віліяміт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмінію і плавіковай к-ты, як кампанент флюсаў, эмалей, зубной пасты, кансервант драўніны, інсектыцыд і інш. Натрыю хларыд (кухонная соль, каменная соль) NaCl, tпл 801 °C, шчыльн. 2161 кг/м³. Вельмі пашыраны ў прыродзе: мінерал галіт, у марской вадзе, рапе салёных азёр. Атрымліваюць з прыроднай сыравіны. Выкарыстоўваюць яе смакавую дабаўку да ежы, для атрымання соды, хлору, гідраксіду натрыю і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́НЗА (рум. brînzǎ),

расольны сыр з авечага малака або сумесі авечага з казіным. На Беларусі брынза — нарыхтаваны ў запас тварог. У пост, калі малочныя прадукты не спажываліся, добра адціснуты тварог або сыр перамешвалі з соллю (у халодную пару года без солі), складалі ў дзежкі, залівалі або закладалі сметанковым маслам, захоўвалі ў халодным месцы. Была найб. пашырана ў Цэнтр. і Усх. Палессі.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БАЛЬТАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

адзін з відаў мікраўгнаенняў, водарастваральныя солі кобальту. Кобальт як мікраэлемент садзейнічае фіксацыі атм. азоту, паскарае рост і павышае прадукцыйнасць с.-г. культур (бабовых, лёну, цукр. буракоў, ячменю і інш.). Найб. пашыраны CoSO4∙7H2O (гептагідрат сульфату кобальту ці кобальтавы купарвас) і CoCl2∙6H2O (гексагідрат дыхларыду кобальту). Выкарыстоўваюць на дзярнова-падзолістых і тарфяных глебах, водныя растворы — для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкромкі.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬМІЦІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

[CH3(CH2)14COOH], насычаная вышэйшая тлустая кіслата. Пашырана ў прыродзе, у выглядзе гліцэрыдаў ёсць амаль ва ўсіх прыродных тлушчах (у пальмавым алеі 35%, свіным сале 30%, каровіным сале 25%). Уваходзіць у склад воскаў (пчаліны воск, спермацэт). Мае агульныя ўласцівасці тлустых к-т. Солі П.к. ў сумесі з солямі некат. інш. к-т выкарыстоўваюць для атрымання мыла, некат. эфіры — у прыгатаванні фарбаў і пакрыццяў.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́САКА,

вадкасць, якая выцякае з перарэзаных сасудаў драўніны сцёблаў або каранёў жывых раслін пад уплывам каранёвага ціску. Мае солі, амінакіслоты, бялкі, цукры, цытакініны і інш. За вегетац. перыяд у некат. дрэў выцякае 50—150 л П., у травяністых раслін (напр. у гарбуза) — 4—5 л. Найб. П. ў дрэў напрадвесні; у ёй да 8% цукру. Веснавую П. ўжываюць як напітак (бярозавы, кляновы сок).

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬЦЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць кальцый. Найб. пашыраны кальцыю аксід, кальцыю гідраксід, кальцыю карбід, солі неарган. кіслот. Солі — бясколерныя крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, амаль усе ўтвараюць крышталегідраты.

Кальцыю гіпахларыт Ca(OCl)2 пры т-ры >50 °C раскладаецца з вылучэннем актыўнага хлору (гл. Хлорная вапна). Выкарыстоўваюць для адбельвання тканін і паперы, дэзінфекцыі пітных і сцёкавых вод, дэгазацыі атрутных рэчываў. Кальцыю карбанат CaCO3 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе ўтварае мінералы кальцыт і араганіт. Мінералы выкарыстоўваюць для атрымання вапны, як буд. матэрыялы (вапняк, мармур), сінт. — як напаўняльнік паперы, гумы. Кальцыю нітрат Ca(NO3) і тэтрагідрат Ca(NO3)2∙4H2O, ці кальцыевую салетру, выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне. Кальцыю ортафасфатысолі артафосфарнай к-ты H3PO4 ортафасфат, ці трыкальцыйфасфат Ca3(PO4)2; уваходзіць у склад мінералаў фасфарыту і апатыту; гідраортафасфат CaHPO4; дыгідраортафасфат Ca(H2PO4)2. Выкарыстоўваюць як фосфарныя ўгнаенні, мінер. падкормку для жывёлы і птушак, кампанент зубных пастаў і парашкоў, керамікі, шкла і інш. Кальцыю сульфат CaSO4. У прыродзе мінерал ангідрыт. Дыгідрат CaSO4∙2H2O — гіпс, алебастр. Прыродны выкарыстоўваюць у вытв-сці вяжучых рэчываў, штучныя легіраваныя крышталі — як тэрмалюмінесцэнтны матэрыял. Кальцыю фтарыд CaF2 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе мінерал флюарыт. Выкарыстоўваюць як кампанент металургічных флюсаў, спец. шкла, керамікі, аптычных і лазерных матэрыялаў. Таксічны, ГДК 2 мг/м³. Кальцыю хларыд CaCl2 вельмі гіграскапічны. Водныя растворы замярзаюць пры нізкіх т-рах, напр. 30%-ны пры -48 °C. Выкарыстоўваюць для высушвання газаў і вадкасцей, водны раствор як холадагент і антыфрыз, лек. сродак пры алергічных захворваннях і інш. Кальцыю цыянамід CaCN2 выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, дэфаліянт, гербіцыд, для атрымання цыянідаў, мачавіны і інш. Таксічны: у арганізме ператвараецца ў цыянамід NH2CN.

А.​П.​Чарнякова.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭСІ́ЎНАСЦЬ ВАДЫ́,

здольнасць вады разбураць металы, бетон і інш. матэрыялы ў выніку ўздзеяння растворанымі ў ёй солямі або газамі. Асабліва высокая ў вады, якая мае солі амонію, саляную, серную і інш. кіслоты. Павышанай агрэсіўнасцю валодаюць неачышчаныя сцёкавыя воды, воды, забруджаныя змытымі з палёў хім. ўгнаеннямі, атмасферная вільгаць, насычаная злучэннямі азоту, серы і інш. кіслотаўтваральных элементаў («кіслотныя дажджы»), Высокаагрэсіўныя воды неспрыяльныя і нават згубныя для існавання многіх арганізмаў.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎКА,

вёска ў Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Іпа. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад Светлагорска, 135 км ад Гомеля, 9 км ад чыг. ст. Жэрдзь. 103 ж., 60 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі Давыдаўскае радовішча каменнай солі і Давыдаўскае радовішча нафты.

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НІЮ ДЫАКСІ́Д,

злучэнне германію з кіслародам, GeO2. Белыя крышталі, tпл 1115 °C, шчыльн. 6277 кг/м³. Існуе ў шклопадобным стане, шчыльн. 3667 кг/м³. Узаемадзейнічае з фторыставадароднай і салянай к-тамі, растворамі шчолачаў (утварае солі метагерманіевай H2GeO3, ортагерманіевай H4GeO4 і інш. к-т). Атрымліваюць гідролізам тэтрахларыду германію. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. шкла (высокія каэф. пераламлення і празрыстасць для інфрачырвоных прамянёў), эмалей, паліваў. Перспектыўны матэрыял для шкловалаконнай оптыкі.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)