вострае інфекцыйнае захворванне чалавека, млекакормячых жывёл і птушак з пашкоджаннем унутр. (у т. л. лімфоідных) органаў, ц. н. с., вачэй, іншы раз плода ў жанчын (пры захворванні ў час цяжарнасці). Узбуджальнік — бактэрыя лістэрыя, якая захоўваецца ў глебе, сцёкавых водах, кармах, пыле. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворым (носьбітамі Л. бываюць і здаровыя людзі і жывёлы), праз ежу, аэрагенным і палавым шляхамі, пры цяжарнасці (праз плацэнту) і родах. Трансплацэнтарны Л. у нованароджаных працякае асабліва цяжка ў першыя 2—4 дні (сепсіс, задышка, сутаргі, іншы раз смерць); пры заражэнні ў час родаў хвароба выяўляецца пасля 7 дзён жыцця менінгітам, менінгаэнцэфалітам. Лячэнне тэрапеўтычнае.
харвацкі паэт. У 1833—37 вывучаў філасофію і права ў Заграбе і Сомбатхеі (Венгрыя). Друкаваўся з 1835. У 1830—40-я г. прымыкаў да ілірызму, ідэямі якога прасякнуты яго патрыят. вершы «Продкам славян», «Ілірыя ў вяках», праца «Харваты мадзьярам» (1848). Яго ліра-эпічная паэма «Смерць Смаіл-агі Чэнгііча» (1846) прысвечана барацьбе паўд. славян супраць асманскіх заваёўнікаў, услаўленню слав. адзінства і вольнасці. Падрыхтаваў і выдаў «Нямецка-ілірыйскі слоўнік» (1842, з Ё.Ужаравічам), «Слоўнік «Асмана» Гундуліча» (1844, з М.Мажуранічам).
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Поэты Югославии XIX—ХХ вв. М. 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁРТВАНАРАДЖА́ЛЬНАСЦЬ,
нараджэнне мёртвага плода, смерць якога надышла пасля 28 тыдняў цяжарнасці жанчыны ці пры родах. Пры М. плод даўж. 35 см і больш, масай 1000 г і больш; пасля нараджэння не зрабіў ніводнага ўздыху. Плод з меншай масай і даўж. лічыцца познім выкідышам (гл.Аборт). Адрозніваюць М.: антэнатальную (гібель плода да родаў), інтранатальную (гібель у час родаў) і постнатальную (у народжанага плода ёсць сэрцабіццё, аднак адсутнічае дыханне, і ён гіне). Асн. прычыны М.: унутрывантробная гіпаксія плода, прыроджаныя заганы развіцця, інфекц. хваробы і інш. Як стат. паказчык М. — суадносіны колькасці мёртванароджаных да 1000 народжаных (на Беларусі 8—10%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСТА́ФІН (Габідэн) (26.11.1902, с. Сарцюбе Карагандзінскай вобл., Казахстан — 20.1.1985),
казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1984). Чл.-кар.АН Казахстана (1958). Друкаваўся з 1927. Кн. апавяданняў і нарысаў «Ер Шойын» (1929), раманы «Шыганак» (1945), «Мільянер» (1948), «Пасля буры» (1959) пра сац. перамены ў жыцці каз. народа ў 1920—30-я г. Пачынальнік індустрыяльнай тэмы ў каз. л-ры: раманы «Жыццё або смерць» (1941), «Караганда» (1952) і інш., адметных сюжэтнай шматпланавасцю, псіхал. глыбінёй. Аўтар аўтабіягр. рамана «Сведка» (ч. 1, 1963), кн. нарысаў і артыкулаў «Напевы думкі» (1974, Дзярж. прэмія Казахстана 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́РА ДЫ КО́ЗІМА [Piero di Cosimo; сапр. П’ера ды Ларэнца (Piero di Lorenzo); 1462, г. Фларэнцыя, Італія — 1521],
італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы Філіпіна Ліпі, Леанарда да Вінчы і Х. ван дэр Гуса. Творам, у якіх пераважалі фантастычна-міфалагічныя сцэны, уласціва паэт.-казачнае адчуванне прыгажосці свету, вытанчаная стылізацыя маст. форм, спалучэнне цікавасці да натуры з некат. манернасцю вобразаў: «Венера і Марс», «Персей і Андрамеда», «Вакханалія», «Бітва кентаўраў і лапіфаў», «Смерць Пракрыды», «Сустрэча Марыі з Лізаветай», «Заручыны Лізаветы», «Марыя Магдаліна», «Святая сям’я», «Мадонна з голубам», «Партрэт Сіманеты Веспучы» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНАЯ СТРАХА́»,
часопіс, які выдаваўся ў жн. 1921 — крас. 1922 у Вільні на бел. мове. Закранаў некат. актуальныя пытанні зах.-бел. рэчаіснасці (арт. «Аб формах дзяржаўнасці» Умястоўскага і інш.), пісаў пра паліт. лёс Віленшчыны, т.зв. Сярэдняй Літвы. Асвятляў стан бел. школьнай асветы (арт. «Беларуская школа і беларускія настаўнікі» пад крыптанімам «К.У.», «Наша справа» пад крыптанімам «С.» і інш). Інфармаваў пра публічныя выступленні Б.Тарашкевіча, зняволенне ў віленскую турму Лукішкі М.Гарэцкага, змясціў некралог на смерць А.Лявіцкага (Ядвігіна Ш). Друкаваў апавяданні Я.Піліпава, В.Пупко, вершы Старога Уласа, Хв.Тартака (Чарнышэвіча), нар. творы, запісаныя на Вілейшчыне. Выйшла 7 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СІ ((Rossi) Эрнеста) (27.3.1827, г. Ліворна, Італія —4.6.1896),
італьянскі акцёр. Вучань Г.Модэны, у трупе якога працаваў з 1846. З 1855 пастаянна гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі, у 1877, 1878, 1890, 1895, 1896 — у Расіі. Сусв. вядомасць набыў выкананнем шэкспіраўскага трагедыйнага рэпертуару: Гамлет, кароль Лір, Атэла, Макбет, Рычард III (аднайм. трагедыі У.Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Дон Гуан, Барон («Каменны госць», «Скупы рыцар» А.Пушкіна), Іаан Грозны («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Паала («Франчэска да Рыміні» С.Пеліка). Мастацтва Р. вызначалася праўдзівасцю пачуццяў, эмацыянальнасцю, паслядоўнасцю развіцця характараў, дасканалай акцёрскай тэхнікай. Аўтар тэатр. мемуараў «40 гадоў артыстычнага жыцця» (т. 1—3, 1887—89).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАНІМАТАЛО́ГІЯ (ад рэанімацыя + ...логія),
раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае механізмы надыходу смерці і аднаўлення функцый арганізма чалавека. Навукова абгрунтоўвае метады рэанімацыі і прафілактыкі развіцця небяспечных для жыцця станаў. Вывучае прычыны смерці (танаталогія), прычыны раптоўнага спынення сэрца або дыхання, абгрунтоўвае своечасовае правядзенне метадаў ажыўлення, распрацоўвае сучасныя прыёмы рэанімацыі. Даследуе жыццёва важныя сістэмы арганізма: сардэчна-сасудзістую, ц. н. с., дыхальную і інш., прафілактыку развіцця неабарачальных змен у арганізме (біял.смерць), інтэнсіўныя рэанімацыйныя мерапрыемствы пасля спынення сэрца або дыхання, прыёмы па ажыўленні да поўнага аднаўлення функцый арганізма.
Літ.:
Неотложные состояния: Справ. для врачей. 2 изд. Мн., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКМАН (Юзаф) (4.8.1838, г. Валожын Мінскай вобл. — 19.7.1919),
бел. жывапісец. Скончыў гімназію ў Вільні. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, маст. адукацыю атрымаў у Пецярбургскай АМ. За ўдзел у паўстанні 1863—64 на Беларусі сасланы ў Сібір, дзе і жыў пасля адбыцця катаргі; у Іркуцку меў жывапісную майстэрню. З 1877 жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1880 — у Лібаве (цяпер г. Ліепая, Латвія). Пісаў пераважна сцэны з паўстання і жыцця ссыльных паўстанцаў («Труна Серакоўскага», «Смерць Нарбута»). Гэтай жа тэматыцы прысвечаны серыі акварэляў (да Вял.Айч. вайны захоўваліся ў Львоўскай карціннай галерэі). Сярод работ жывапісныя карціны «Коннік з двума канямі», «Тройка» (абедзве 1877), «Чацвёрка» (1914) і інш. Большасць твораў захоўваецца ў Іркуцкім маст. музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КІНСАН ((Dickinson) Эмілі Элізабет) (10.12.1830, г. Амхерст, штат Масачусетс, ЗША — 15.5.1886),
амерыканская паэтэса. Вучылася ў жаночым каледжы; з 1854 у добраахвотным пустэльніцтве ў Амхерсце. Напісала каля 2000 вершаў, але дала дазвол апублікаваць толькі 7 (надрук. 5). Завяшчала знішчыць свой архіў, але ў 1890 выдадзена яе паэт.кн. «Вершы». Цікавасць да творчасці і асобы Дз. зноў узнікла ў 1910-я г. ў часы т. зв. «паэтычнага Рэнесансу» ў ЗША. Асн. тэмы яе творчасці — каханне, жыццё і смерць, прырода. Эксперыментавала з мовай (насычала яе неалагізмамі), адыходзіла ад традыц. граматыкі і сінтаксісу. Яе вершы грунтуюцца на творча пераасэнсаваных памеры і строфіцы пратэстанцкага гімна; выкарыстоўвала нечаканыя інверсіі, сімволіку колераў.