На Пд Беларусі і Пн Украіны; займае большую ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, каля паловы Гомельскай абласцей Беларусі і паўн. часткі Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай абласцей Украіны. Мяжуе з Прыбугскай раўнінай на З—ПнЗ, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Прыдняпроўскай нізінай на У, Прыдняпроўскім і Валынскім узвышшамі на Пд. Уключае б.ч. тэрыторыі фізіка-геагр. падправінцый Беларускага Палесся і Украінскага Палесся, а таксама фізіка-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе (паводле В.А.Дзяменцьева) і Валынскае Палессе, Кіеўскае Палессе і нізінную ч. Жытомірскага Палесся. Паводле геамарфалагічнага раянавання (А.В.Мацвееў) П.н. вылучана ў вобласць, якая складаецца з 22 геамарфалагічных раёнаў. На Беларусі П.н. займае пл. каля 43,5 тыс.км², працягнулася з 3 на У на 350—420 км, з Пн на Пд на 60—240 км, пераважныя выш. 110—155 м, найб. 221 м (Мазырская града); на Украіне выш. 150—160 м, найб. 316 м (Оўруцкі краж). У межах П.н. ў рэльефе крышт. фундамента вылучаецца шэраг тэктанічных упадзін і падняццяў, якія значна паўплывалі на фарміраванне сучасных ландшафтаў і геал. будову (магутнасць асадкавага чахла ад 20—50 м на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе, каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. сыходзіць да нуля; ва ўсх.ч.Падляска-Брэсцкай упадзіны магутнасць да 1,7 км, у Прыпяцкім прагіне — да 2,6 км). П.н. спалучае ландшафты шырокіх азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі. Характэрны шматлікія плоскія забалочаныя скразныя даліны, азёрныя катлавіны (найб.воз. Чырвонае), буйныя тарфяныя масівы, густая рачная сетка (гал. водная артэрыя р.Прыпяць з прытокамі, у зах.ч.р.Зах. Буг з правымі прытокамі), разгалінаваная сеткамеліярац. каналаў (найб.Дняпроўска-Бугскі канал). Пра карысныя выкапні, клімат, глебы, расліннасць П.н. гл. ў арт.Беларускае Палессе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНО́КЛЬ (франц. binocle ад лац. bini два + oculus вока),
аптычная прылада, прызначаная для візуальнага назірання аддаленых прадметаў абодвума вокамі, а таксама для вымярэння вуглоў і адлегласцяў. Складаецца з 2 зрокавых трубаў з паралельнымі аптычнымі восямі.
Аптычная схема бінокля ўключае аб’ектыў і акуляр. У біноклі са зрокавымі трубамі тыпу Кеплера прамы відарыс аддаленага прадмета атрымліваецца пры наяўнасці паміж аб’ектывам і акулярам абарачальнай сістэмы, якая дазваляе значна зменшыць даўжыню прылады. Прамежкавы відарыс, што дае аб’ектыў, сапраўдны, у яго плоскасці размешчана сетка для вымярэння вуглоў і адлегласцяў. Такія біноклі даюць павелічэнне да 22 разоў. У біноклі з трубамі тыпу Галілея ролю акуляра выконвае рассейвальная лінза перад плоскасцю прамежкавага відарыса, у выніку чаго відарыс атрымліваецца ўяўным і прамым. З-за абмежаванага вугла зроку такія біноклі выкарыстоўваюцца толькі з малым павелічэннем (да 4 разоў), напр. тэатральныя.
Бінокль: а — Галілея (тэатральны); б — прызматычны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,
дзяржаўная арганізацыя, якая забяспечвае гаспадарку і насельніцтва метэаралагічнай, гідралагічнай і аграметэаралагічнай інфармацыяй (стан надвор’я, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў, прагнозы надвор’я і інш.). Мае сетку гідраметэаралагічных цэнтраў, станцый і пастоў, якія вядуць і апрацоўваюць назіранні па вызначаных праграмах. У склад гідраметэаралагічнай службы ўваходзяць таксама н.-д. ўстановы, абсерваторыі. Першыя на тэр. Беларусі інструментальныя метэаралаг. назіранні па навуковай методыцы пачаліся ў 1803 (Гродна), першая метэастанцыя была арганізавана ў 1849 (Мінск). На Беларусі гідраметэаралагічная служба створана ў 1930 (з 1924 дзейнічае сетка метэаралагічных і гідралагічных пастоў). З 1991 дзейнічае К-т па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На 1.1.1996 у складзе гідраметэаралагічнай службы 6 гідраметэаралагічных цэнтраў у абл. гарадах, 33 метэаралагічныя і 8 гідралагічных станцый, 135 гідралагічных пастоў. Гідраметэаралагічная служба Беларусі — член Сусв. метэаралагічнай арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. ў в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Створаны на правым пакатым беразе р. Ясельда. Парк пейзажнага тыпу, пл. 60 га. Каля р. Ясень, рукава Ясельды, стаяў мураваны палац (не захаваўся), на астраўку побач быў пладовы сад. У аснове планіроўкі парку — сетка ўзаемна перпендыкулярных алей. Гал. кампазіцыйная вось арыентавана з ПнУ на ПдЗ. На паўн. ускраіне сістэма каналаў і праточных сажалак утварае маляўнічыя астравы і паўастравы з багатай расліннасцю, густым падлескам. На Пд дуброва з дубу чырвонага і рабініі псеўдаакацыі (белай акацыі) і пладовы сад. У парку шмат экзотаў (піхты белая, сіб., аднаколерная, хвоя веймутава, елкі канадская, Энгельмана, дугласія Мензіса, клён ясенялісты, бук лясны, арэх Зібальда, дуб балотны і інш.).
Літ.:
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975. С. 108—110.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАА́ГА (’s-Gravenhage, Den Haag),
горад на З Нідэрландаў. Месцазнаходжанне рэзідэнцыі каралеўскага двара, урада, парламента. Адм. ц. правінцыі Паўд. Галандыя. 444,6 тыс.ж. (1993). Порт на Паўн.м. (аванпорт — г. Схевенінген). Сетка каналаў, аўтамаб. і чыг. шляхоў звязвае Гаагу з інш. гарадамі. Развіта вытв-сць радыё- і тэлеапаратуры, электроннай апаратуры. Харч. (кандытарскія вырабы і інш.) і лёгкая прам-сць. Вытв-сцьмаст. вырабаў са шкла, дрэва і інш. У прыгарадзе — авіяц. з-ды «Фокер». У Гаазе працуюць праўленні шматлікіх гандл. і прамысл. фірмаў, установы сферы абслугоўвання. Месцазнаходжанне Міжнар. суда ААН. Каралеўская акадэмія выяўл. мастацтва.
Упершыню ўпамінаецца ў 1097 (да 1250 тут знаходзіўся паляўнічы домік графаў Галандыі, потым замак). Пасля стварэння Рэспублікі Злучаных правінцый (канец 16 ст.) — месца пасяджэнняў Генеральных штатаў. У 1806 Луі Банапарт надаў Гаазе статус горада і адначасова перанёс сталіцу ў Амстэрдам. Пасля ўтварэння Каралеўства Нідэрландаў (1815) — каралеўская рэзідэнцыя, а пасля абвяшчэння незалежнасці Бельгіі (1830) — фактычная сталіца краіны. З 2-й пал. 17 ст. Гаага — месца правядзення міжнар. канферэнцый і заключэння пагадненняў (гл.Гаагскія канвенцыі). У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1940—45) ням. фашыстамі.
Цэнтр горада ў большасці захаваў сваё старадаўняе аблічча. На беразе воз. Вейвер — ансамбль Біненхоф (Унутраны двор, 13—18 ст.), гатычныя Рыцарская зала (каля 1280) і царква Сінт-Якабскерк (базіліка 14—16 ст.). Арх. помнікі рэнесансу — Старая ратуша (1564—65), класіцызму — палац Маўрыцхёйс (1633—35, арх. Я. ван Кампен, П.Пост), каралеўскі палац Хёйс-тэн-босх («Дом у лесе», 1644, арх. Пост; дабудаваны ў 1734—37 і 1790), Каралеўская б-ка (1734—36, арх. Д.Маро; 1761; арх. П. дэ Сварт). Прамавугольная сетка вуліц Гаагі мадэрнізавана і дапоўнена свабоднай планіроўкай новых раёнаў (1908—09, арх. Х.П.Берлаге, В.М.Дзюдак), забудаваных пераважна пасля 2-й сусв. вайны. Сярод пабудоў 20 ст. — Палац Міру (1907—13, арх. Л.М.Карданье), Муніцыпальны музей (1916—35, арх. Берлаге), канторы «Волхардынг» (1928, арх. Я.Бёйс) і «Шэл-Недэрланд» (1938—42, арх. П.Аўд), Каралеўскія кабінеты карцін (у Маўрыцхёйс), манет, медалёў і разных камянёў, Музей касцюма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ РЭФО́РМЫ 1860—70-х г. у Расіі. Праведзены ва ўзбр. сілах Расійскай імперыі ў ходзе бурж. рэформаў 1860—70-х г. Выкліканы адменай прыгоннага права ў 1861 і неабходнасцю рэарганізацыі ваен. справы ў Расіі, што выявілася ў Крымскай вайне 1853—56. Ажыццяўляліся пад кіраўніцтвам ваен. міністра Дз.А.Мілюціна. У 1862—64 створана 15 ваен. акруг, у т. л. Віленская, у якую ўвайшлі і бел. губерні. Пашыралася сеткаваен. вучылішчаў (1863—64), ствараліся юнкерскія вучылішчы (1864), адкрыты новыя вышэйшыя ваен.навуч. ўстановы: Ваен.-юрыд. (1867) і Марская (1877) акадэміі. Пачалося ўзбраенне арміі наразной стралковай зброяй і артылерыяй. У 1874 замест рэкруцкіх набораў уведзена ўсесаслоўная воінская павіннасць, скарочаны тэрмін вайск. службы. Праведзена рэарганізацыя падрыхтоўкі войск, уведзены новыя вайск. статуты. У выніку рэформаў рус. армія стала ў большай ступені адпавядаць патрабаванням часу, павысілася яе баяздольнасць. Аднак і пасля іх у арміі засталіся шматлікія перажыткі прыгонніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЕ-д’АО́СТА (Valle d’Aosta),
аўтаномная вобласць на ПнЗ Італіі, у Альпах. Пл. 3262 км². Нас. каля 200 тыс.чал. (1990); гавораць на італьян. і франц. мовах, у раёне Монтэ-Роза — на ням. дыялектах. Гал. горад — Аоста. Займае даліну Вале-д’Аоста, часткова Пенінскія Альпы на Пн, масіў Манблан на ПнЗ (выш. да 4807 м) і Грайскія Альпы на ПдЗ. Густая сетка горных рэк бас.р. По. Характэрны горна-лясныя і горна-лугавыя ландшафты, ёсць ледавікі. Развіта горназдабыўная (жал. руда, антрацыт, мармур) прам-сць, электраметалургія, вытв-сць штучных і сінт. тканін; мяса- і плодакансервавыя, піваварныя прадпрыемствы. ГЭС. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля. Пад лугамі і пашай каля палавіны тэрыторыі. Вытв-сць сыру і масла. Невял. плошча пад збожжавымі, бульбай, садамі (яблыкі, грушы), вінаграднікамі. Турызм і гарналыжны спорт. Праз перавалы праходзяць чыгункі і аўтадарогі ў Францыю і Швейцарыю (у т. л. праз тунэль пад Манбланам, даўж. 11,6 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛІЗА́ЦЫЯ,
1) комплекс інж. збудаванняў для прыёму, ачысткі і выдалення за межы населеных пунктаў сцёкавых вод; неабходны элемент упарадкаванасці населеных пунктаў, паляпшэння быт. і сан.-гігіенічных умоў. Падзяляецца на ўнутраную (К. будынкаў) і вонкавую (К. тэрыторый). Унутраная складаецца з сан. прылад — прыёмнікаў (умывальнікаў, ракавін, ваннаў і г.д.) і каналізацыйнай сеткі. Сістэмы К.: агульнасплаўныя — усе сцёкавыя воды (бытавыя, вытв., атм.) выводзяцца па адной сетцы труб; раздзельныя — адна сетка труб для гасп.-фекальных, другая для атм. вод; паўраздзельныя — функцыянуюць як агульнасплаўныя ў час невял. дажджоў і як раздзельныя пры вял. колькасці ападкаў. Калі няма цэнтралізаванай К., для будынкаў з водаправодам робяць мясцовую К., сцёкавыя воды ў ёй ачышчаюцца ў адстойніках (септыках) і на пляцоўках падземнай фільтрацыі.
2) Размеркаванне эл. энергіі паміж асобнымі спажыўцамі; кабельная К. — сістэма керамічных або бетонных труб, укладзеных пад зямлёй; служыць для пракладкі кабелю падземных ліній сувязі (тэлефон, тэлеграф і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я ГІМАЛА́І,
сістэма хрыбтоў і масіваў у сярэдняй частцы Гімалаяў, у Індыі і Непале. Цягнуцца прыблізна на 2000 км паралельна Вял. Гімалаям, на Пд ад іх. Шыр. ад 10—20 км на У да 100 км на 3. Пераважаюць выш. 3000—3500 м (найб. да 6000 м). Горныя хрыбты і масівы расчлянёны шырокімі падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Папярочныя даліны вузкія і глыбокія. У грабянёвай зоне — кары, трогі, невял. ледавікі. Снегавая лінія на выш. 4,5 тыс.м на У і 5 тыс.м на 3. Складзены з парод палеазойскага і мезазойскага ўзросту (пераважна са сланцаў, кварцытаў, вапнякоў). Густая рачная сетка (пераважна прытокі р. Ганг). Рэкі асабліва паўнаводныя летам. На З — лістападныя мусонныя лясы, цвердалістыя вечназялёныя і хваёвыя, на У — вечназялёныя вільготныя, хваёвыя, якія з вышынёй змяняюцца вечназялёнымі дубовымі, хваёва-шыракалістымі і хваёвымі лясамі. Вышэй — хмызняковыя зараснікі, субальпійскія і альпійскія лугі. Да выш. 2,5 тыс.м — плантацыі цытрусавых, чаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ДОМ ГУБЕРНА́ТАРА Існаваў у 2-й пал. 18—1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1778 на б. Губернатарскай пл. ў стылі класіцызму. З’яўляўся рэзідэнцыяй магілёўскіх губернатараў
(у 1872—93 А.С.Дамбавецкага). Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак, завершаны вальмавым дахам. Гал. фасад вылучалі 3 рызаліты (цэнтральны з нязначным выступам завершаны трохвугольным франтонам, бакавыя аздоблены вуглавымі пілястрамі),
падзелены карнізным поясам на 2 ярусы. 1-ы ярус аздоблены рустам. Рытм фасадаў стварала сетка прамавугольных аконных праёмаў, завершаных у 2-м ярусе плоскімі сандрыкамі, на цэнтр. рызаліце — трохвугольнымі франтончыкамі. Двор быў абнесены каменнай сцяной, да якой прыбудаваны стайня, свірны і інш.гасп. пабудовы. Уваход у двор афармляла манум. брама ў выглядзе плоскага 4-калоннага порціка з арачным праездам у цэнтры, яна злучала дом з Магілёўскім губернскага праўлення будынкам, утвараючы адзіны ансамбль. У 1944 узарваны ням.-фаш. захопнікамі.