ЗВЯ́ЗАНЫЯ ВАГА́ННІ,

уласныя ваганні ў складанай сістэме з некалькіх звязаных паміж сабой простых (парцыяльных) вагальных сістэм. Маюць складаны выгляд з-за ўплыву (праз сувязь) ваганняў у адной парцыяльнай сістэме на ваганні ў другой. У лінейных сістэмах З.в. можна выявіць як суперпазіцыю нармальных ваганняў, колькасць якіх роўная колькасці парцыяльных сістэм, аднак частоты адрозніваюцца ад частот уласных ваганняў адасобленых парцыяльных сістэм. Гл. таксама Абертон, Біцці.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́НЦЫІ МІЖНАРО́ДНЫЯ ПА АХО́ВЕ А́ЎТАРСКІХ ПРАВО́Ў,

шматбаковыя міжнар. дагаворы, якія ўстанаўліваюць абавязацельствы дзяржаў па ахове аўтарскага права на творы, што належаць грамадзянам краін — удзельніц гэтых дагавораў або ўпершыню апублікаваных у гэтых краінах. Найб. значэнне маюць Бернская канвенцыя 1886 і Сусветная (Жэнеўская) 1952 (набыла сілу ў 1955). Побач з удзелам у міжнар. канвенцыях дзяржавы могуць заключаць паміж сабой двухбаковыя пагадненні аб ахове аўтарскіх правоў.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́ЧЫК Пётр Васілевіч (вер. 1923, в. Рыбцы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 15.1.1945). Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1944, тэлефаніст. Вызначыўся пры вызваленні Польшчы. 14.1.1945 пад шквальным агнём праціўніка выправіў на лініі сувязі 46 пашкоджанняў. 15.1.1945 у крытычны момант бою закрыў сабой амбразуру варожага дзота, з якога вёўся кулямётны агонь па сав. пяхоце.

П.В.Касцючык.

т. 8, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЗУН (Андрэй Рыгоравіч) (12.12.1911, в. Дуброва Нараўлянскага р-на Гомельскай вобл. — 5.11.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Удзельнік абароны Ленінграда: 5.11.1943, калі застаўся адзін з гарматнага разліку, працягваў весці агонь; цяжка паранены, накрыў сабой скрынку з артыл. снарадамі, якая загарэлася, і цаной свайго жыцця прадухіліў выбух. Яго імем названа вуліца ў г. Нароўля.

А.Р.Корзун.

т. 8, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫПТА́НДЫ,

макрагетэрацыклічныя злучэнні, што маюць некалькі цыклаў, у якіх гетэраатамы (кісларод, азот, сера) злучаны паміж сабой этыленавымі масткамі. Вадкасці ці крышт. рэчывы. Раствараюцца ў вадзе і арган. растваральніках. Утвараюць з катыёнамі шчолачных, шчолачназямельных і некат. інш. металаў трывалыя комплексы — крыптаты. Выкарыстоўваюць як каталізатары, высокаселектыўныя сарбенты і экстрагенты для металаў.

Да арт. Крыптанды. Структурная формула 4,7,10,16,19,24-гексаокса-1, 13-дыазабіцыкла [11.8.5] гексказану.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ДЫ (ад грэч. plastides якія ўтвараюць ад plastos вылеплены),

цытаплазматычныя структуры (арганоіды) расліннай клеткі. Кожная пластыда абмежавана дзвюма мембранамі. Разнастайныя па форме, памерах, будове, функцыі. Па афарбоўцы адрозніваюць П. зялёныя — хларапласты, жоўта-аранжавыя і чырв. храмапласты і бясколерныя — лейкапласты. Магчымы ўзаемныя пераўтварэнні. Звязаны паміж сабой адзіным паходжаннем. Звычайна ў клетцы знаходзіцца адзін з вызначаных трох тыпаў. Сукупнасць усіх П. клеткі наз. пластыдома.

т. 12, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫДНЯПРО́ЎСКАЯ НІЗІ́НА.

Дняпроўская нізіна. На Пд Усх.Еўрап. раўніны, па левабярэжжы р. Дняпро, на Украіне. Уяўляе сабой шырокую даліну Дняпра з сістэмай надпоймавых тэрас. Абмежавана Сярэднярус. і Прыдняпроўскім узвышшамі. Шыр. 120 км, выш. 50—160 м, найб. — 226 м. Складзена з флювіягляцыяльных і алювіяльна-азёрных пяскоў, суглінкаў, лёсаў і лёсападобных суглінкаў. Рэльеф плоскі, слабарасчлянёны. Большая ч. тэрыторыі ўзарана. Развітая жывёлагадоўля і земляробства.

т. 13, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРЫКАМЫ́ШСКАЯ КАТЛАВІ́НА, Сарыкамышская ўпадзіна,

бяссцёкавая ўпадзіна ў межах Туранскай нізіны, у Туркменістане і Узбекістане, на мяжы пустыні Каракумы і плато Усцюрт. Даўж. 125 км, шыр. 90 км. Дно размешчана на 38 м ніжэй узр. мора. Уяўляе сабой плоскую авальную чашу, запоўненую асадкамі стараж. возера і ўкрытую саланчакамі і перавеянымі пяскамі. Перыядычна прымала воды р. Амудар’я па рэчышчы Дар’ялык. У цэнтр. ч. — Сарыкамышскае возера.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСКАНЕ́ЧНАЕ І КАНЕ́ЧНАЕ,

філасофскія катэгорыі, якія выражаюць непарыўна звязаныя паміж сабой процілеглыя бакі аб’ектыўнага свету. Бесканечнае характарызуе неабмежаваную разнастайнасць прасторавых структур матэрыі, яе ўласцівасцяў і ўзаемасувязяў, колькасную невычарпальнасць у глыбіню, існаванне бясконцага мноства якасна адрозных узроўняў яе структурнай арганізацыі. У гісторыі навукі напачатку ўвага канцэнтравалася на колькасных аспектах бесканечнага, якія вывучаліся матэматыкай (гл. Бесканечна вялікая, Бесканечна малая, Бесканечнасць у матэматыцы). Ідэі бесканечнасці сустракаліся ўжо ў выказваннях стараж. індыйцаў. Большасць стараж.-грэч. філосафаў лічыла, што свет канечны і абмежаваны цвёрдым нябесным купалам. Такога ж пункту погляду прытрымліваецца хрысціянства. Толькі Нікалай Кузанскі і Дж.​Бруна ў 15—16 ст. зноў загаварылі пра бесканечнасць свету. Канечнае з’яўляецца адмаўленнем бесканечнага і ўяўляе сабой усякі абмежаваны ў прасторы і часе аб’ект. Усякая канкрэтная якасць у свеце канечная, існуе ў пэўных межах меры. Канечнае азначае таксама абмежаванасць і часовасць зямнога быцця наогул, у гэтым значэнні яно дапускае прынцыповую магчымасць далейшага, незямнога быцця.

Літ.:

Кармин А.С. Познание бесконечного. М., 1981;

Бурова И.Н. Развитие проблемы бесконечности в истории науки. М., 1987;

Жуков Н.И. Философские основания математики 2 изд. Мн., 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗВАНО́ЧНІК, пазваночны слуп,

асноўная частка восевага шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Складаецца са злучаных паміж сабой пазванкоў, з’яўляецца органам апоры і руху тулава, шыі і галавы, ахоўвае размешчаны ў пазваночным канале спінны мозг.

Зыходная форма — хорда ў ніжэйшых пазваночных; у вышэйшых пазваночных захоўваецца ў целах пазванкоў (рыбы, земнаводныя) ці ў выглядзе студзяністага ядра міжпазванковых дыскаў. П. рыб падзяляецца на тулаўны і хваставы аддзелы, П. амфібій — на шыйны, грудны і крыжавы, млекакормячых — на шыйны (6—9, часцей 7 пазванкоў), грудны (9—24, часцей 13), паяснічны (2—9), крыжавы (1—10, часцей 2—4) і хваставы (3—46). П. чалавека мае 32—34 пазванкі, якія складаюцца з цела, дуг і адросткаў, злучаных паміж сабой храсткамі, суставамі і звязкамі; падзяляецца на 5 аддзелаў: шыйны (7 пазванкоў), грудны (12), паяснічны (5), крыжавы (5, зрастаюцца), хвастцовы (3—5, зрастаюцца). У нованароджанага дзіцяці П. амаль прамы, на 1-м годзе жыцця набывае шыйны і паяснічны лардозы (выгін наперад), грудны і крыжавы кіфозы (выгін назад), скаліёзы (бакавыя выгіны), якія змякчаюць штуршкі ад хады, бегу, скачкоў. Гл. таксама Скрыўленне пазваночніка.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)