ЧЫРВАНАЗЁМЫ,

тып глеб, які ўтвараецца пад шыракалістымі лясамі вільготных субтропікаў і часткова пад трапічнымі саваннамі ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму. Для іх характэрны яркая чырванаватая ці аранжавая афарбоўка, высокая наяўнасць аксідаў жалеза і алюмінію, нізкая крэменязёму і асноў, добрая гумуснасць (6—9%), але збедненасць пажыўнымі рэчывамі, кіслая ці слабакіслая рэакцыя глебавага раствору. Выкарыстоўваюцца для вырошчвання чаю, тытуню, цытрусавых культур, вінаграду. Пашыраны ў Грузіі, Італіі, Іспаніі, Азербайджане, Кітаі, Японіі, В’етнаме, ЗША, Бразіліі, Аўстраліі, Афрыцы.

т. 17, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТЭРЫФІКА́ЦЫЯ (ад грэч. aithēr эфір + лац. facio раблю),

працэс атрымання складаных эфіраў узаемадзеяннем спіртоў з кіслотамі. Абарачальная рэакцыя: пры гліколізе складаных эфіраў утвараюцца к-ты і спірты. Скорасць Э. залежыць ад будовы спірту і к-ты: для першасных спіртоў яна найбольшая, для трацічных — найменшая. Паскараюць Э. прысутнасцю сернай, салянай і інш. моцных к-т. Рэакцыі Э. пашыраны ў жывой прыродзе — утварэнне сувязей паміж нуклеатыдамі ў ДНК, РНК, АТФ і інш.

т. 18, кн. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гідратацыя (рэакцыя далучэння вады) 3/473; 9/336; 11/429

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАРКІ́ЗМ першая цэласная канцэпцыя эвалюцыі ў жывой прыродзе, сфармуляваная ў 1809 Ж.Б. дэ Ламаркам. Паводле Л., існуючыя віды раслін і жывёл фарміраваліся паступова, у выніку працяглага прыстасавання арганізмаў да вонкавых умоў (клімат, святло, цяпло і інш.) і пэўнага ўнутр. імкнення ўсіх арганізмаў да ўдасканалення. Ідэя Л. пра ролю вонкавага асяроддзя і спадчыны ў эвалюцыі была выкарыстана Ч.Дарвінам у яго эвалюцыйнай тэорыі. Адраджэнне Л. ў форме неаламаркізму адбылося ў апошняй трэці 19 ст. як рэакцыя на пашырэнне дарвінізму.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАПСІ́Н,

зрокавы пурпур, пігмент палачак сятчаткі вока жывёл і чалавека, які адказвае за чорна-белы або змрочны зрок. Уяўляе сабой складаны бялок (хромаглікапратэід), які наскрозь «прашывае» мембрану фотарэцэптараў. У Р. уваходзяць бялок апсін, 2 алігацукрыдныя ланцугі і храмафорная група караціноіду рэтыналю (альдэгіду вітаміну A). У зрокавым акце пры паглынанні малекулай Р. кванта святла адбываецца абарачальная рэакцыя фотаізамерызацыі, канфармацыйныя перабудовы малекулы Р. Узнікае нерв. імпульс, які перадаецца ў патылічную долю галаўнога мозга, дзе фарміруецца зрокавы вобраз.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГНЕР Ягор Ягоравіч (9.12.1849, г. Казань, Расія — 27.11.1903),

рускі хімік-арганік. Праф. (1882). Скончыў Казанскі ун-т (1874). З 1875 у Пецярбургскім, з 1886 у Варшаўскім ун-тах. Навук. працы па арган. сінтэзе. Адкрыў спосаб атрымання другасных спіртоў уздзеяннем на карбанільныя злучэнні цынку (1875, разам з А.М.Зайцавым), рэакцыю акіслення этыленавых злучэнняў (цыклаалефінаў, тэрпенаў, стэроідаў) 1%-ным растворам перманганату калію (1888, рэакцыя Вагнера), камфенавую перагрупоўку першага роду (1899, перагрупоўка Вагнера — Меервейна).

Літ.:

Старосельский П.И., Никулина Е.П. Е.Е. Вагнер, 1849—1903. М., 1977.

т. 3, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д’АЛАМБЕ́РА ПРЫ́НЦЫП,

адзін з асноўных прынцыпаў дынамікі, паводле якога пры далучэнні сіл інерцыі да зададзеных (актыўных) сіл і рэакцый накладзеных сувязей атрымліваецца ўраўнаважаная сістэма сіл. Устаноўлены Ж.Д’аламберам. З Д.п. вынікае, што для кожнага пункта сістэмы F→i + N→i + J→i = 0 , дзе F→i — актыўная сіла, што ўздзейнічае на дадзены пункт, N→i — рэакцыя накладзенай сувязі (гл. Сувязі механічныя), J→i — сіла інерцыі. Д.п. дазваляе выкарыстаць метады статыкі для рашэння задач дынамікі, напр., для вызначэння рэакцыі сувязей, калі вядомы закон руху.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСТЫЯ́ (Bastiat) Клод Фрэдэрык (29.6.1801, Мугрон, каля г. Баёна, Францыя — 24.12.1850),

французскі вучоны-эканаміст. Прадстаўнік эканам. лібералізму 19 ст., адзін з аўтараў гармоніі інтарэсаў тэорыі. Асн. працы: «Эканамічныя сафізмы» (1846), «Эканамічныя гармоніі» (1849). Прыхільнік рыначнай эканомікі, свабоднага прадпрымальніцтва і канкурэнцыі. Сфармуляваў тэорыю вартасці, заснаваную на паняцці паслуг. Капіталізм разглядаў як гарманічнае грамадства, засн. на ўзаемным абмене паслугамі паміж прадпрымальнікамі і працоўнымі. Крытычна ставіўся да ідэй сацыялізму. У 2-й пал. 20 ст. яго погляды адрадзіліся як рэакцыя на посткейнсіянства і эканам. тэорыю марксізму.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦІГ (Wittig) Георг (16.6.1897, Берлін — 26.8.1987),

нямецкі хімік-арганік. Вучыўся ў Марбургскім ун-це (1920—26), дзе і працаваў. З 1932 выкладаў у розных ун-тах Германіі (з 1944 праф.). Навук. працы па хіміі фосфарарган. злучэнняў. Адкрыў рэакцыю пераўтварэння эфіраў у спірты пад уздзеяннем феніллітыю (перагрупоўка В., 1942), рэакцыю атрымання алефінаў узаемадзеяннем карбанільных злучэнняў (альдэгідаў, кетонаў і інш.) з алкілідэнфасфаранамі (рэакцыя В., 1954), рэакцыю далучэння фасфінметылідэнаў да альдэгідаў і кетонаў па падвоенай вугляродкіслароднай сувязі (1954). Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Г.Браўнам).

Г.Віціг.

т. 4, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНО́ЎСКІ Аляксандр Абрамавіч (26.8.1913, г. Адэса, Украіна — 1993),

расійскі біяхімік і біяфізік. Акад. Рас. АН (1976, чл.-кар. 1962). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал. ін-т (1937). З 1944 у ін-це біяхіміі АН СССР, з 1954 (адначасова) у Маскоўскім ун-це. Навук. працы па вывучэнні раслінных пігментаў, першасных стадый фотасінтэзу, фотахіміі хларафілу. Адкрыў рэакцыю абарачальнага фотахім. аднаўлення хларафілу (рэакцыя К.). Дзярж. прэмія СССР 1991.

Тв.:

Фотохимия хлорофилла и молекулярная организация пигментной системы организмов // Функциональная биохимия клеточных структур. М., 1970.

А.А.Красноўскі.

т. 8, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)