«МАМА́ЕВА ПАБО́ІШЧА»,

«Сказанне пра Мамаева пабоішча», «Пра пабоішча Мамая...», помнік стараж.-рус. літаратуры 1-й чвэрці 15 ст., важнейшы твор Кулікоўскага цыкла, які змяшчае найбольш падрабязнае апісанне Кулікоўскай бітвы 1380.

Асн. ідэя — сцвярджэнне вядучай ролі вял. маскоўскага кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Русі ў аб’яднанні сіл усх.-слав. зямель, услаўленне гераічнага подзвігу рус. народа. Аўтар адзначае вял. ролю прадстаўнікоў ВКЛ у перамозе над войскамі Мамая, важнасць ваенна-паліт. саюза гэтага княства з Маск. дзяржавай. Гал. герой Дзмітрый Іванавіч Данскі апісаны як мужны і мудры палкаводзец. Аўтар выкарыстаў анахранізмы (напр., саюзнікам Мамая названы вял. кн. ВКЛ Альгерд, а не яго сын Ягайла, як было на самой справе), абстрактны псіхалагізм (Мамай і яго саюзнік Алег Разанскі паказаны рэзка адмоўнымі), маст. прыёмы і вобразы, уласцівыя фальклору. Апісанне рэальных падзей, заснаванае на дакумент. крыніцах і ўспамінах сучаснікаў, спалучаецца ў творы з вусна-паэт. паданнямі і маст. вымыслам. Вобраз Дзмітрыя Іванавіча Данскога пададзены месцамі ў агіяграфічна-рытарычным плане.

Захавалася 8 рэдакцый «М.п.», шмат варыянтаў і спісаў. Адна з рэдакцый, скарочаны пераклад на бел. мову «Пра пабоішча Мамая», створана ў 17 ст. Яна дапоўнена кароткай гіст. аповесцю пра татарскіх ханаў, тэкст аповесці падзелены на 12 частак (кожная мае сваю назву); вызначаецца сцісласцю апісання падзей, больш дынамічным выкладам сюжэту. Рукапіс бел. рэдакцыі зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Больш поўная рэдакцыя помніка захавалася ў бел.-ўкр. хранографе «Вялікая хроніка».

Публ.:

У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959. С. 125—143.

Літ.:

История русской литературы. Л., 1980. Т. 1. С. 175—179;

Сказания и повести о Куликовской битве. Л., 1982.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАНТЫ́Р Фабіян Гіляравіч (4.2.1887, г. Слуцк Мінскай вобл. — 29.5.1920),

бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч, публіцыст. Працаваў хатнім настаўнікам, мулярам, прыватным адвакатам. У 1905—07 за рэв. дзейнасць зняволены. З 1914 у арміі. У 1916—17 удзельнічаў у рабоце клуба «Беларуская хатка» ў Мінску. У 1917 адзін з лідэраў левага крыла БСГ, старшыня яго Бабруйскага к-та. Уваходзіў у Бел. нац. к-т і Цэнтр. раду бел. арг-цый і партый. Дэлегат Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 заг. Смаленскага аддз. Бел. нац. камісарыята, у Слуцкім пав. ваен. камісарыяце. У 1919 камісар па нац. справах Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, у распараджэнні ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, у Бел. рэд. калегіі ЦК КП(б)ЛіБ. У 1920 рэпрэсіраваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1992. Друкаваўся з 1909. Пісаў на бел., рус. і польскай мовах. Аўтар рамант., блізкіх да абразкоў-імпрэсій, бессюжэтных апавяданняў («Захар», 1909; «Ноч», «Смерць убогага», абодва 1910, і інш.), вершаў, артыкулаў, публіцыстычнай працы «Беларускае пытанне» (1918, рукапіс не захаваўся). Адзін з аўтараў калект. зб. «Зажынкі» (М., 1918). На бел. мову пераклаў брашуру «Павукі і мухі» В.​Лібкнехта.

Тв.:

Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу. Мн., 1992 [рэпр. выд.: Слуцк, 1918];

У час барацьбы: [Верш у прозе] // Крыніца. 1988. № 11.

Літ.:

Якутов В.Д. А.​Г.​Червяков: Страницы биогр. Мн., 1978. С. 31;

Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983. С. 40;

Сташкевич Н. На пути к истине. Мн., 1983. С. 39;

Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;

Рудовіч С. Час выбару: Прабл. самавызначэння Беларусі ў 1917 г. Мн., 2000.

І.​У.​Саламевіч, В.​У.​Скалабан.

Ф.Г.Шантыр.

т. 17, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬДЗІС Адам Восіпавіч (н. 7.8.1932, в. Расолы Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. літ.-знавец, крытык, празаік, публіцыст. Д-р філал. н. (1987), праф. (1990). Заслужаны дзеяч польскай культуры (1982). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у друку, з 1962 у Ін-це л-ры АН Беларусі. З 1991 у Нац. навук.-асв. цэнтры імя Ф.​Скарыны (у 1991—98 дырэктар). Друкуецца з 1954. Даследуе гісторыю бел. культуры і л-ры 17—19 ст., бел.-польскія і бел.-літоўскія літ. ўзаемасувязі. Адзін з аўтараў кніг «Садружнасць літаратур» (1968), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), «Шляхі вялі праз Беларусь» (1980, з В.​Грыцкевічам), «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988, з А.​Лапінскене). Складальнік зб-каў «Зямля навагрудская, краю мой родны...» А.​Міцкевіча (1969) і «Творы» Я.​Дылы (1981). Падрыхтаваў для выдання рукапіс перакладу Б.​Тарашкевіча на бел. мову паэмы Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1981). Аўтар гіст. аповесці «Восень пасярод вясны» (1984). З 1987 старшыня камісіі «Вяртанне» Бел. фонду культуры, з 1991 прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі беларусістаў, з 1996 кіраўнік аддзела культуралогіі Міжнар. АН Еўразіі. Рэдактар біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95) і час. «Кантакты і дыялогі» (з 1996). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).

Тв.:

Творчае пабрацімства. Мн., 1966;

Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969;

Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX ст. Мн., 1972;

Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Астравеччына, край дарагі... Мн., 1977;

На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982;

3 літаратуразнаўчых вандраванняў. Мн., 1987;

Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў. Мн., 1988;

Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн.,1990;

І ажываюць спадчыны старонкі: Выбр. Мн., 1994.

С.​С.​Лаўшук.

А.В.Мальдзіс.

т. 10, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ,

1) у тэксталогіі — аднаўленне тэксту літаратурнага помніка на падставе аналізу асобных яго частак, што захаваліся, а таксама інш. блізкіх паводле складу, зместу, стылю твораў. Будуецца на комплексным даследаванні ўсіх крыніц і фактаў, што тычацца пэўнага помніка, яго ідэйна-маст. накіраванасці, месца і часу ўзнікнення, аўтарства і інш. У адрозненне ад кантамінацыі, у выніку якой ствараецца зводны, кампіляцыйны тэкст, Р. гіпатэтычна ўзнаўляе канкрэтны этап у гісторыі твора, па магчымасці дакладна рэальны тэкст. Найб. удалае аднаўленне помніка мінулага — Р. Троіцкага летапісу (пач. 15 ст.; рукапіс згарэў у час пажару Масквы ў 1812), зробленая рус. гісторыкам М.​Прысёлкавым. У бел. тэксталогіі Р. карыстаюцца пры аднаўленні, напр., згубленых частак «Хронікі Быхаўца», за аснову бяруць «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага і Галіцка-Валынскі летапіс.

2) У лінгвістыцы — гіпатэтычнае аднаўленне моўных форм і сістэм, якія зніклі, на аснове іх больш позніх адлюстраванняў і з улікам магчымых шляхоў моўнага развіцця. Упершыню гэты метад ужыты ў сярэдзіне 19 ст. А.​Шлайхерам для Р. індаеўрап. прамовы. Р. аб’ядноўвае некалькі метадычных працэдур: знешнюю (ці «параўнальную») Р., унутраную Р. і філал. метад. Знешняя Р. аперыруе данымі шэрагу роднасных моў (напр., рэгулярнасць адпаведнасці паміж слав. b, герм. β, лац. f, грэч. φ, санскрыцкім bh, хецкім p у гістарычна тоесных каранях дазваляе рэканструяваць індаеўрап. bh, які па-рознаму развіваўся ў мовах). Унутраная Р. выкарыстоўвае даныя адной мовы; яна — адзін з асн. прыёмаў узнаўлення гісторыі мовы. Філалагічны метад Р. заключаецца ў сістэмным даследаванні стараж. пісьмовых помнікаў на мовах той ці інш. генет. агульнасці з устаноўкай на выяўленне больш архаічных моўных форм, чым тыя, якія прадстаўлены ў сучасных мовах; падыходзіць толькі для тых моўных сем’яў, дзе існуе стараж. пісьмовая традыцыя (для індаеўрап. моў гэта хецкая, стараж.-грэч., лац., стараслав. мовы, санскрыт і інш.).

Літ.:

Лихачев Д.С. Текстология. 2 изд. Л., 1983;

Сравнительно-историческое изучение языков разных семей: Теория лингвист. реконструкции. М., 1988.

В.​А.​Чамярыцкі (у тэксталогіі).

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАСЛАВЯ́НСКАЯ МО́ВА,

самая старажытная літаратурна-пісьмовая мова славян. Належыць да паўд.-слав. падгрупы славянскіх моў. Зафіксавана ў помніках 10—11 ст., што працягвалі літ. традыцыю перакладзеных у 9 ст. з грэч. мовы асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем і іх вучнямі хрысц. царк. кніг. У аснове С.м. — паўд.-македонскі (салунскі) дыялект стараж.-балг. мовы. Мае шмат агульнага з праславянскай мовай. С.м. зрабіла ўплыў на рускую мову, асабліва на яе сінтаксіс і лексіку. На беларускую мову ўплывала ў стараж. перыяд. Зберагліся спісы кірыла-мяфодзьеўскіх перакладаў 10—11 ст., напісаныя глаголіцай («Кіеўскія лісткі», Зографскае, Марыінскае і Асеманіева евангеллі, «Зборнік Клоца», «Сінайскі псалтыр», «Сінайскі трэбнік») і кірыліцай («Савіна кніга», Супрасльскі рукапіс, Астрамірава евангелле, Енінскі апостал, Тураўскае евангелле і інш.).

Фанетыцы С.м. ўласцівы галосны «ě» (ѣ), насавыя галосныя «э» (ѧ), «е» (ѩ), «о» (ѫ), «ё» (ѭ), рэдукаваныя «ъ», «ь»; зычныя — складовыя «р» і «л», цвёрдыя «г», «к», «х» і мяккія «ж», «ч», «ц», «j», «дз» (s), «жд», «шт» (щ), няпоўнагалоссе, «ра», «ла» ў пачатку слова. Граматыцы С.м. ўласцівы адзіночны, парны і мн. л., 7 склонаў, у т. л. клічны, 6 скланенняў (у помніках 11 ст. намецілася іх перабудова ў скланенні па родах), дваякія формы асабовых і зваротнага займеннікаў у давальным і вінавальным склонах, 4 формы прошлага часу дзеясловаў (аорыст, імперфект, перфект, плюсквамперфект), іменная форма дзеяслова супін для ўказання на мэту дзеяння, свабодны парадак слоў, назоўны склон іменнай часткі выказніка, канструкцыі з двайнымі склонамі ў ролі дапаўнення, непаўтарэнне адмоўя пры выказніку. У лексіцы С.м. шмат кніжна-абстрактных слоў грэч., менш лац. і ням. паходжання. З 11 ст. ў кожнага слав. народа С.м. пачала выступаць у мясц. рэдакцыях, якія прынята называць царкоўнаславянскай мовай.

Літ.:

Ван-Вейк Н. История старославянского языка: Пер. с нем. М., 1957;

Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язык. Мн., 1970;

Жуковская Л.П. Текстология и язык древнейших славянских памятников. М., 1976.

У.​М.​Свяжынскі.

т. 15, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРВА́ЦКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група). Вядома таксама пад назвамі серб(ск)ахарвацкая, харвацкасербская, што з’яўляецца адлюстраваннем асаблівасцей гіст. і сац.-паліт. развіцця паўд. славян у 19—20 ст.: прыняцце харватамі і сербамі на хвалі нац.-вызв. барацьбы 19 ст. агульных асноў літ. мовы на базе сербскіх штокаўскіх гаворак, а пазней — выкарыстанне ў дзяржаве Югаславія (1918—91) агульнай мовы харватаў, сербаў, чарнагорцаў і мусульм. часткі жыхароў Босніі і Герцагавіны (нашчадкаў этн. славян, якія ў час тур. панавання прынялі іслам). З 1991 за харвацкім і сербскім варыянтамі заканадаўча замацаваны статус сербскай мовы (у Саюзнай Рэспубліцы Югаславія, з 2003 Сербія і Чарнагорыя) і Х.м. (у Рэспубліцы Харватыя).

Мае дыялекты: наваштокаўскі, чакаўскі, кайкаўскі. Х.м. ўласцівы: у фанетыцы — адсутнасць рэдукцыі ненаціскных галосных, у сістэме кансанантызму не развіта мяккасць, цвёрдыя зычныя не змякчаюцца перад галоснымі пярэдняга раду, звонкія зычныя на канцы пераважна не аглушаюцца, націск політанічны (4 тыпы); у марфалогіі — 3 асн. тыпы скланення назоўнікаў, клічны склон у адзіночным ліку, выяўленне катэгорыі адушаўлёнасці толькі ў адзіночным ліку мужчынскага роду, скланенне запазычаных назоўнікаў і абрэвіятур, складаная сістэма спрагальных і неспрагальных форм дзеяслова; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў у сказе, рэгламентуецца толькі месца і паслядоўнасць ужывання энклітык; у лексіцы — істотны герм. і раманскі ўплыў на раннім этапе развіцця мовы, стварэнне замест новых запазычанняў з неслав. моў новых слоў на базе элементаў сваёй мовы або запазычанне лексікі з блізкароднасных моў, пераважна з чэшскай.

Першыя пісьмовыя помнікі: глагалічны тэкст дарчага надпісу, высечаны на Башчанскай пліце (каля 1100), глагалічны рукапіс рэліг. зместу «Венскія лісткі» (12 ст.). У аснове харвацкай лацініцы (гаіцы ці гаевіцы) традыц. лац. пісьмо, адаптаванае да гукавога складу мовы ўвядзеннем дыякрытычных знакаў і стварэннем дыграфаў.

Літ.:

Булахов М.Г. Славянские языки: происхождение, история, современное состояние. Мн., 2001.

Л.​В.​Лявонава.

т. 16, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦТВА КНІ́ГІ,

адзіны комплекс творчай дзейнасці па праектаванні, маст. вырашэнні і паліграф. ўзнаўленні кніжнага выдання — кнігі. Сінтэт. мастацтва, якое арганічна ўключае літаратуру, маст. афармленне (гл. Кніжная графіка), паліграф. працэсы і з’яўляецца вынікам шматграннага творчага працэсу спецыялістаў рознага профілю (выдаўцоў, рэдактараў, фатографаў, мастакоў, паліграфістаў), накіраванага на высокамаст. вырашэнне кніжнага блока і знешняга выгляду кнігі, эстэт. дапасаванне яе формы і літ. зместу. Кожны з элементаў афармлення адыгрывае спецыфічную ролю ў стварэнні маст. ансамбля кнігі, што адлюстроўвае змест і форму літ. твора, нясе стылявыя рысы эпохі, твора, індывід. творчай манеры мастака. Асаблівасці задач маст. афармлення кнігі вызначаюцца спецыфікай віду л-ры (навуковая, навучальная, навукова-папулярная, маст., дзіцячая і інш.). Стварэнне кнігі ўключае этапы: выдавецкі (вызначэнне агульнай задумы, ідэі выдання, тэхнал. асаблівасцей і матэрыялаў), маст. (распрацоўка сістэмы афармлення, у т. л. стварэнне ілюстрацый, макетавання, канструкцыі выдання і інш.), вытворчы (паліграф. працэс). Творчыя вынікі М.к. разглядаюцца на перыядычных нац. і міжнар. конкурсах кнігі і выстаўках.

Вытокі М.к. ў афармленні рукапіснай кнігі, у якім пераважалі абклад, мініяцюра, малюнак, каліграфія. Як самаст. галіна мастацтва склалася ў 15 ст. пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Новы этап М.к. пачаўся ў 19 ст. з пераводам ручных рамесніцкіх паліграф. працэсаў на машынныя (наборная машына, лінатып, фотамеханічнае ўзнаўленне выяў) і выкарыстаннем паперы на цэлюлознай аснове. У сярэдзіне 20 ст. кардынальныя змены ў тэхніцы набору, узнаўлення ілюстрацый і друку ўнеслі сродкі электронікі і ЭВМ (камп’ютэрны дызайн і інш.). Гл. таксама Выдавецкая справа, Паліграфічная прамысловасць. Іл. гл. таксама да арт. Графіка, Кніжная графіка, Ілюстрацыя.

Літ.:

Ляхов В.Н. Искусство книги. М., 1978;

Герчук Ю.Я. Художественная структура книги. М., 1984;

Лазурский В.В. Путь к книге. М., 1985;

Шматов В.Ф. Искусство книги Франциска Скорины. М., 1990.

М.​Р.​Баразна.

Да арт. Мастацтва кнігі. Вокладка і разварот кнігі А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Мінск. 1998.
Да арт. Мастацтва кнігі. Евангелле. Рукапіс. 1-я пал. 16 ст. Беларусь—Украіна.
Да арт. Мастацтва кнігі. Замежныя выданні 15—16 ст.
Да арт. Мастацтва кнігі. Абклад напрастольнага евангелля. 16 ст.
Да арт. Мастацтва кнігі. Выданні «Беларускай Энцыклапедыі».

т. 10, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРЖГГУТО́ЎСКІ Аляксандр Казіміравіч (21.6.1864, в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.3.1940),

бел. этнограф і фалькларыст. Правадз. чл. Інбелкульта (1925). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1884) і Пецярбургскі археал. ін-т (1904). Працаваў настаўнікам нар. вучылішчаў на Мазыршчыне і Случчыне (1884—93), у Мінскім аддз. сялянскага пазямельнага банка і Мінскім паштова-тэлегр. ведамстве (1893—96), на паштамце ў Пецярбургу (1896—1906), у этнагр. аддзеле Рус. музея ў Ленінградзе (1906—30). Узначальваў падкамісію ў Камісіі па складанні этнагр. карт і вывучэнні нац. складу насельніцтва Расіі пры АН, аналагічную камісію ў Рус. геагр. т-ве (РГТ, 1922—23), выкладаў у нядзельным рабочым ун-це (1919—20), бел. школе (1918—23) у Петраградзе. У час працы настаўнікам і ў экспедыцыях па даручэнні Рус. музея сабраў на Беларусі багаты этнагр. і фалькл. матэрыял. У этнагр. нарысе «Беларусы-палешукі» (1908, рукапіс) апісаў пабудовы, побыт, звычаі і вераванні сялян Мазыршчыны і Случчыны. Даследаваў земляробчыя прылады працы, бортніцтва, заняткі, звычаі сябрыны, талакі і інш. («Нарысы Беларусі», 1907—09; «Земляробчыя прылады Беларускага Палесся», 1910; «Бортніцтва на Беларусі», 1914, і інш.); вывучаў таксама побыт рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, татараў, народаў Каўказа. Выдаў зб-кі «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911), «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926), «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930). Захаваўся рукапісны зб. «Беларускія песні», у якім змешчаны 53 тэксты, запісаныя ў канцы 1890-х г. у Мазырскім пав. Рукапісныя зб-кі «Песні Магілёўшчыны» і этнагр. праца «Быт беларусаў» не захаваліся. У 1908 падрыхтаваў да друку зб. бел. прыказак з слоўнікам (збераглася частка рукапісу), за што атрымаў малы залаты медаль Аддзялення этнаграфіі РГТ, у 1912 — рукапісны зб. «Беларускія прыказкі і прымаўкі, запісаныя ў Мазырскім павеце». Вывучаў дыялекты бел. мовы («Граматычны нарыс беларускай гаворкі в. Чудзіна Слуцкага павета Мінскай губерні», 1911), падрыхтаваў да друку «Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы» (1919, не захаваўся). У час. «Чырвоны шлях» (1918) апублікаваў шэраг артыкулаў пра станаўленне бел. народнасці, пра паходжанне і сутнасць рэлігіі, а таксама серыю публіцыст. нарысаў (пад псеўд. Навум Смага) у рубрыцы «Малюнкі Беларусі», у якіх апісаў гаротнае жыццё бел. сялян у дарэв. час. Рукапісная спадчына С. зберагаецца ў Музеі этнаграфіі (С.-Пецярбург), Рус. музеі, Рас. АН (С.-Пецярбург), Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Бондарчик В.К., Федосик А.С. А.​К.​Сержпутовский. Мн., 1966;

Касько У.К. Святло далёкай зоркі. Мн., 1997.

У.​К.​Касько.

А.К.Сержпутоўскі.

т. 14, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПІЛЕ́ЎСКІ Павел Міхайлавіч (12.11.1823, в. Шыпілавічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1861),

бел. і рус. этнограф, фалькларыст, пісьменнік, публіцыст, тэатр. крытык. Канд. багаслоўя (1847). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1843), Пецярб. духоўную акадэмію (1847). З 1847 выкладаў славеснасць у Варшаўскім пав. духоўным вучылішчы, з 1853 служыў у Гал. пед. ін-це ў Пецярбургу, у 1855—59 настаўнік школы пры Экспедыцыі падрыхтоўкі дзярж. папер. Друкаваўся з 1846. Супрацоўнічаў з пецярб. перыяд. выданнямі. Пісаў пад псеўд. Драўлянскі, Знаёмы чалавек, Барон Ікс. Вывучаў гісторыю, побыт, вусную нар. творчасць і мову беларусаў. Аўтар нарысаў і арт. «Беларускія народныя павер’і» (1846—52), «Апісанне пасольства Льва Сапегі ў Маскве ў 1600 г.» (1850), «Народныя прыказкі з тлумачэннем паходжання і значэння іх» (1852), «Даследаванне пра ваўкалакаў: На падставе беларускіх павер’яў» (1853), «Вясельныя абрады ў засцянкоўцаў (акалічан) Віцебскай губерні» (1854), «Мазыршчына: (3 падарожжа па заходнярускім краі)» (1859), «Паездка ў заходнія губерні» (1860). Цыклы белетрызаваных нарысаў «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» (1853—55) і «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» (1853—56) прынеслі Ш. вядомасць у рас. друку як аднаму з першых даследчыкаў і папулярызатараў бел. гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Нарысы сумяшчалі аўтарскія навук. разважанні і лірычныя адступленні, гіст. даведкі і маляўнічыя апісанні бел. гарадоў, вёсак і мястэчак, фалькл. запісы і этнагр. замалёўкі. Ш. належыць таксама спроба стварэння слоўніка і граматыкі бел. мовы («Слоўнік і караняслоў беларускай гаворкі», 1845, рукапіс). Даследаваў таксама гісторыю, мову і фальклор літ. народа («Нарысы Жмудзі», 1855). Аўтар зб. «Беларускія прыказкі» (1853), апавяданняў «Нарысы польскіх звычаяў» (1854), аповесці для дзяцей «Цыганё» (1855), серыі апавяданняў «Заходнярускія нарысы» (1858—59). У аснову драмы «Дажынкі» (1857), якая ўяўляе сабой варыяцыю на тэму «Ідыліі» В.​Дуніна-Марцінкевіча, пакладзены бел. этнагр. абрад. У журналісцкія агляды ўключаў весткі з Беларусі, першы паведаміў пра творчасць Дуніна-Марцінкевіча, рэцэнзаваў спектаклі Мінскага т-ра. Непаслядоўнасць і супярэчлівасць светапогляду Ш., які вагаўся ад дэмакратызму і памяркоўнай ліберальнасці да адкрытай рэакцыйнасці, выклікалі нападкі на яго рас. кансерватараў і рэзкую крытыку з боку дэмакр. колаў (палеміка вакол «Заходнярускіх нарысаў»). Творы Ш., прысвечаныя Беларусі, сцвярджалі нац. самабытнасць бел. народа, садзейнічалі фарміраванню бел. нац. культуры і л-ры.

Тв.:

Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992.

Літ.:

Кузняева С.А. Русская дореволюционная печать и советское литературоведение о Павле Шпилевском // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1981;

Германовіч І.К. П.​М.​Шпілеўскі // Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы. Мн., 1985;

Цішчанка І.К. Да народных вытокаў. Мн., 1986.

С.​А.​Кузняева.

т. 17, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯДВІ́ГІН Ш. (сапр. Лявіцкі Антон Іванавіч; 4.1.1869, б. маёнтак Добасня, цяпер в. Добасна Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. —24.2.1922),

бел. пісьменнік; адзін з пачынальнікаў новай бел. прозы. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у 1890 за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях арыштаваны, выключаны з ун-та. Вярнуўшыся на Беларусь, працаваў пам. правізара ў мяст. Радашковічы. Па стане здароўя пакінуў працу і пераехаў з сям’ёй у бацькоўскі фальварак Карпілаўка (каля Радашковіч), дзе і правёў б.ч. жыцця. У 1909—10 у Вільні, сакратар, заг. літ. аддзела газ. «Наша ніва». У 1913—15 у газ. «Беларус». час. «Саха», «Лучынка». З 1916 удзельнічаў у рабоце «Беларускай хаткі», нам. старшыні Мінскага аддзела Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны. Памёр у Вільні. Літ. дзейнасць пачаў у турме: пераклаў на бел. мову апавяданне У.​Гаршына «Сігнал» (выд. ў Маскве ў 1891). У 1892 напісаў камедыю «Злодзей», якую рыхтаваў да пастаноўкі самадз. гурток беларусаў-інтэлігентаў у Радашковічах (пастаноўка забаронена паліцыяй, рукапіс загінуў). У 1904—05 выступаў у газ. «Виленский вестник» і інш., знаёміў чытача з побытам бел. селяніна, бел. фальклорам, узнімаў пытанні нац. жыцця. Першае апавяданне на бел. мове «Суд» надрукавана ў газ. «Наша доля» (20.9.1906). Найб. плённы ў яго творчасці перыяд 1906—14: надрукаваў апавяданні (зб-кі «Бярозка», 1912; «Васількі», 1914), артыкулы, успаміны ў газ. «Наша ніва» («В.​Марцінкевіч у практычным жыцці», 1910, і інш.), нататкі з падарожжа па родным краі (нарыс «Лісты з дарогі», 1910). Сябраваў з Я.​Купалам, апублікаваў першую рэцэнзію на яго зб. «Жалейка» («Минское эхо», 8.7.1908). Лепшую частку яго маст. спадчыны складаюць алегарычныя апавяданні, апавяданні-байкі, разнастайныя па тэматыцы і эмацыянальнай афарбоўцы, вызначаюцца дасканаласцю формы і мовы. Для іх характэрны лёгкі гумар («Сакатушка»), з’едлівая паліт. сатыра («Павук», «Падласенькі», «Рабы», «Вяселле» і інш.), пранікнёны лірызм («Дуб-дзядуля», «Бярозка»). Звяртаўся і да сац.-псіхал. апавяданняў («З бальнічнага жыцця», «Зарабляюць», «Шчаслівая», «Гаротная», «Жывы нябожчык», «Зарабіў» і інш.). Творы Я. прасякнуты спачуваннем бел. селяніну, гарачым імкненнем садзейнічаць грамадскім пераменам у лёсе бел. народа, пратэстам супраць сац. несправядлівасці. Аўтар паэмы «Дзед Завала» (1910), кн. «Успаміны» (1921). Яму належыць першы бел. раман «Золата» (няскончаны), які вызначаецца напружаным драм. сюжэтам, спробай стварыць цікавыя характары. У г.п. Радашковічы Ядвігіну Ш. устаноўлены мемар. камень.

Тв.:

Выбр. творы. Мн., 1976.

Літ.:

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мн., 1969. Т. 2. С. 465—491;

Чыгрын І.Н. Станаўленне беларускай прозы і фальклор. Мн., 1971;

Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд. Мн., 1980. Ч. 2. С. 278—302.

Л.​С.​Голубева.

Ядвігін Ш.

т. 18, кн. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)