савецкі парт. і дзярж. дзеяч; адзін з гал. арганізатараў і кіраўнікоў рэпрэсій палітычных у СССР у 1930—50-я г. Маршал Сав. Саюза (1945), Ген. камісар дзярж. бяспекі (1941), Герой Сац. Працы (1943). Чл.КПСС з 1917. Скончыў Бакінскае сярэдняе мех.-буд. тэхн. вучылішча (1919). У 1921—31 у органах разведкі і контрразведкі, нам. старшыні Азербайджанскай ЧК, старшыня Грузінскага і Закаўказскага ДПУ, прадстаўнік АДПУ у ЗСФСР. З 1931 1-ы сакратар ЦК КП(б) Грузіі, адначасова з 1932 — Закаўказскага крайкома і Тбіліскага гаркома партыі. У 1938—45 і ў сак.—чэрв. 1953 нарком унутр. спраў СССР. Чл.ЦККПСС у 1934—53, чл. Палітбюро ЦККПСС з 18.3.1946 да 7.7.1953. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1937. 26.6.1953 арыштаваны, на ліпеньскім (1953) Пленуме ЦККПСС выведзены са складу ЦК і выключаны з партыі як вораг Кампартыі і сав. народа. 23.12.1953 прыгавораны за «здраду» да расстрэлу і ў той жа дзень расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ПО́ШУКІкарысных выкапняў,
метады пошуку карысных выкапняў, заснаваныя на заканамернасцях размеркавання і міграцыі хім. элементаў у верхніх слаях зямной кары. Падзяляюцца на літагеахім., гідрахім., біягеахім., газагеахім. (атмахім.), а таксама радыёметрычныя метады. Гэтыя метады заснаваны на тым, што ў пакладах карысных выкапняў канцэнтрацыя пэўных хім. элементаў значна вышэйшая за мясц.геахім. фон (які блізкі да лічбаў кларкаў), што вядзе да ўтварэння арэолаў рассейвання элементаў і геахімічных анамалій.
Літагеахім. метады грунтуюцца на вывучэнні першасных і другасных арэолаў рассейвання ў карэнных рудазмяшчальных пародах, паверхневых адкладах і глебах. Гідрагеахім. метады пошукаў — выяўленне павышаных канцэнтрацый хім. элементаў у падземных водах. Біягеахім. метадамі даследуюцца арэолы, што ўтвараюцца ў раслінах шляхам міграцыі элементаў з радовішча праз падземныя воды і глебу, або пры кантакце каранёў раслін з рудным целам. Газагеахім. метады (газавая здымка) выяўляюць канцэнтрацыю лятучых злучэнняў у зоне гіпергенезу пераважна пры пошуках радовішчаў нафты і газу. Радыёметрычным метадам вымяраюць інтэнсіўнасць і даследуюць спектр гама-, бэта- і альфа-выпрамяненняў ядраў прыродных радыенуклідаў. Геахімічныя пошукі выкарыстоўваюцца на ўсіх стадыях геолагапошукавых работ — ад рэгіянальнай геал. здымкі да дэталёвай і эксплуатацыйнай разведкі радовішчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́РСКІ (Аляксандр Іванавіч) (1798, г. Дуброўна Віцебскай вобл. — 28.6.1833),
ваенны дзеяч, герой руска-турэцкай вайны 1828—29, капітан 1-га рангу (1831). Скончыў Мікалаеўскае марское вучылішча (1814). Служыў на Чарнаморскім флоце (1814—17 і 1820—30), Дунайскай ваен. флатыліі (1817—20). У 1828 вызначыўся пры ўзяцці крэпасцей Анапа і Варна. У час разведкі 26.5.1829 каля Басфора 18-гарматны брыг «Меркурый» на чале з К. вёў 4-гадзінны бой з тур. лінкорамі «Селіміе» (110 гармат) і «Рэал-бей» (74 гарматы) і вымусіў іх адступіць. У 1831 К. адшукаў найкарацейшы водны шлях з Колы (Мурманск) у Пецярбург па рэках і азёрах з Белага м. ў Ладажскае воз. (праз 100 гадоў гэты шлях рэалізаваны ў Беламорска-Балтыйскі канал). У Севастопалі яму пастаўлены помнік з надпісам «Казарскаму. Нашчадкам у прыклад. 1834 год». Подзвігу экіпажа «Меркурыя» прысвечаны карціны І.К.Айвазоўскага «Брыг «Меркурый» пасля перамогі над двума турэцкімі суднамі сустракаецца з рускай эскадрай» (1848) і «Брыг «Меркурый», атакаваны двума турэцкімі караблямі» (1892).
Літ.:
Жизнеописания русских военных деятелей. Т. 1, вып. 2. СПб., 1885;
Ермоленко В.А. Моряк из Дубровно // Нёман. 1998. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАРА́Д (Канстанцін Ільіч) (7.11.1918, в. Языль Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Канд.гіст.н. (1955). Скончыў БДУ (1949). У Вял.Айч. вайну ў 1941—43 у органах ваен.разведкі і контрразведкі Зах. фронту. З жн. 1943 у тыле ворага, ў складзе аператыўнай групы ЦККП(б)Б, кіраўнік спецгрупы НКДББССР «Жнівень», адначасова нам. камандзіра Барысаўска-Бягомльскага партыз. злучэння. У 1944—46 нам. старшыні Мінскага аблвыканкома. У 1956—75 працаваў у БПІ, Мінскім радыётэхн. ін-це, у 1975—92 у ін-тах гісторыі партыі пры ЦККПБ, гісторыі АН Беларусі. Даследуе гісторыю Вял.Айч. вайны, Мінскае гарадское антыфаш. падполле 1941—42. Адзін з аўтараў працы «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Нарысаў ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 4—5, 1995).
Тв.:
Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў заходніх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959 (з Г.А.Барадачом);
Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Разведка и контрразведка в партизанском движении Белоруссии, 1941—1944 гг.Мн., 1995;
Так ли должны писаться военные мемуары? // Воен.-ист. журн. М., 1966, № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́РЫС ((Canaris) Вільгельм) (1.1. 1887, г. Дортмунд, Германія — 9.4.1945),
германскі ваен. дзеяч. Адмірал (1940). З 1905 у герм.ВМФ. Удзельнік 1-й сусв. вайны, з 1916 займаўся развед. дзейнасцю ў Іспаніі, арганізоўваў забеспячэнне герм. падводных лодак з тэр. Іспаніі і Партугаліі. У 1919—20 ад’ютант ваен. міністра Г.Носке. Спачуваў нацыстам, удзельнік Капаўскага путчу 1920. У 1924—28 курыраваў пытанні падводнага флоту. З 1935 нач. упраўлення разведкі і контрразведкі (абвера) пры ваен. мін-ве, а з 1938 пры вярх. камандаванні ўзбр. сіл. Ведамства К. сапернічала са службай бяспекі (СД) СС на чале з Р.Гайдрыхам. потым Э.Кальтэнбрунерам. Арганізатар міжнар.ваен. правакацый і дыверсій пры захопе Аўстрыі (1938), Чэхаславакіі (1939), нападзе на Польшчу (1939) і інш.; ствараў шпіёнска-дыверсійныя сеткі ў краінах Еўропы, Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Засумняваўшыся ў перамозе фаш. Германіі ў 2-й сусв. вайне, у снеж. 1940 перасцерагаў ісп. дыктатара Ф.Франка ад уступлення Іспаніі ў вайну на баку Германіі. З лют. 1944 у адстаўцы. За ўдзел у змове генералаў супраць А.Гітлера (20.7.1944) арыштаваны і пакараны смерцю.
Літ.:
Сергеев Ф. Тайные операции нацистской разведки, 1933—1945. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБІТА́ЛЬНАЯ СТА́НЦЫЯ,
касмічны апарат, які працяглы час функцыянуе на арбіце штучнага спадарожніка Зямлі або інш. планеты ці яе спадарожніка. Можа дзейнічаць у пілатуемым (з экіпажам касманаўтаў) і аўтам. рэжымах. Першая ў свеце эксперым. арбітальная станцыя створана 16.1.1969 на арбіце стыкоўкай караблёў «Саюз-4» і «Саюз-5»; доўгачасовая сав. арбітальная станцыя «Салют» выведзена на арбіту 19.4.1971; у ЗША арбітальная станцыя «Скайлэб» запушчана 14.5.1973; з 20.2.1986 дзейнічае арбітальная станцыя «Мір».
Арбітальная станцыя дастаўляецца на арбіту 2 спосабамі: цалкам збіраецца на Зямлі і выводзіцца на арбіту ракетай-носьбітам (маса і габарыты арбітальнай станцыі абмежаваны энергет. магчымасцямі ракеты); зборка ажыццяўляецца на арбіце з элементаў, якія дастаўляюцца ракетамі-носьбітамі ці транспартнымі караблямі, што дае магчымасць ствараць арбітальныя станцыі неабходнай масы, аб’ёму і канфігурацыі, у працэсе эксплуатацыі мяняць яе прызначэнне і спецыялізацыю. Найб. важная праблема пры стварэнні арбітальнай станцыі — стыкоўка на арбіце. Канструкцыі арбітальнай станцыі прадугледжваюць вырашэнне праблем пераадольвання працяглага ўздзеяння бязважкасці на арганізм чалавека, аховы ад радыяцыі і мікраметэарытаў, забеспячэння надзейнасці і дастатковага рэсурсу працы бартавых сістэм і інш.
Арбітальныя станцыі выкарыстоўваюцца для даследавання каляземнай (каляпланетнай) касм. прасторы і Зямлі (планеты) з арбіты штучнага спадарожніка; правядзення метэаралагічных і астр. назіранняў, медыка-біял. і тэхн. эксперыментаў, ваеннай разведкі і інш., могуць служыць базай для зборкі і запуску цяжкіх міжпланетных касм. караблёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫВАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ, радыеактывацыйны аналіз,
метад вызначэння якаснага і колькаснага саставу рэчыва, які грунтуецца на апрамяненні (актывацыі) ат. ядраў і наступным вымярэнні іх радыеактыўнага выпрамянення. Упершыню выкарыстаны венг. хімікамі Дз.Хевешы і Г.Леві (1936).
Актывацыйны аналіз бывае інструментальны (даследаванне другаснага выпрамянення з дапамогай спец. апаратуры без разбурэння пробы) і радыехімічны (хім. раздзяленне радыенуклідаў і вызначэнне актыўнасці кожнага з іх паасобку або ў невял. групе элементаў). Пры актывацыйным аналізе доследны матэрыял пэўны час апрамяняюць ядз. часціцамі, потым вымяраюць энергет. спектр, актыўнасць, перыяд паўраспаду T1/2 радыеізатопа, які ўтварыўся ў выніку апрамянення. Ведаючы T1/2, від радыеактыўных пераўтварэнняў, тып і энергію другаснага выпрамянення, якое суправаджае распад узніклага радыеізатопа, ідэнтыфікуюць зыходны ізатоп. Актыўнасць радыеактыўнага ізатопа пасля апрамянення прама прапарцыянальная колькасці ядраў зыходнага (звычайна стабільнага) ізатопа, што дазваляе правесці колькасны аналіз. Адрозніваюць актывацыйны аналіз нейтронны, на зараджаных часціцах і на жорсткіх гама-квантах. Найб. пашыраны нейтронны актывацыйны аналіз: ядры большасці элементаў лягчэй актывуюцца нейтронамі; розніца ў значэннях эфектыўных сячэнняў ядз. рэакцый на нейтронах забяспечвае высокую выбіральнасць метаду адносна элементаў; мае высокую адчувальнасць (10−7—1010% у залежнасці ад элемента). Актывацыйны аналіз выкарыстоўваецца для аналізу асабліва чыстых рэчываў, кантролю тэхнал. працэсаў, разведкі карысных выкапняў, у крыміналістыцы, археалогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛА́ТАЯ РАКЕ́ТА,
беспілотны лятальны апарат, траекторыя якога акрэсліваецца аэрадынамічнай пад’ёмнай сілай крыла, цягай рэактыўнага рухавіка і сілай цяжару; від сучаснай высокадакладнай дальнабойнай зброі (звычайна аднаразовага дзеяння). Адносіцца да сродкаў паветр. нападзення. Адрозніваюць К.р. наземнага, паветранага і марскога базіравання. Мае звычайную або ядзерную баявую частку магутнасцю да 200 кт; замест яе можа размяшчацца апаратура разведкі або электроннага процідзеяння (гл.Ракета).
К.р. з’явіліся напярэдадні 2-й сусв. вайны. У СССР у 1934—38 ракетным НДІ пад кіраўніцтвам С.П.Каралёва распрацавана серыя эксперым. К.р. Палёт ракеты гэтай серыі класа «Зямля—Зямля» адбыўся ў студз. 1939. У час 2-й сусв. вайны Германія выкарыстоўвала К.р. (самалёт-снарад ФАУ-1 і інш.) для нанясення паветр. удараў па аб’ектах Вялікабрытаніі.
У 1970-я г. развіццю і ўдасканаленню К.р. садзейнічала ўкараненне турбавентылятарных рэактыўных рухавікоў. Яны забяспечвалі палёт К.р. са скорасцю да 900 км/гадз на адлегласць больш за 2,6 тыс.км, а таксама ў шчыльных слаях атмасферы на вышыні 30—100 м з агінаннем рэльефу мясцовасці. Высокая дакладнасць навядзення К.р. на цэль забяспечваецца навігацыйнымі сістэмамі тыпу «Тэрком» і «Наўстар» (ЗША), «Глонас» (Расія) і інш. Знаходзіцца на ўзбраенні ЗША, Расіі і інш. краін. К.р. тыпу «Тамагаўк» і «АЛКМ» выкарыстаны ЗША у час Кувейцкага крызісу 1990—91, а таксама ў інш. канфліктах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАЯ ЭЛЕКТРО́ННАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
электронная вылічальная машына, якая апрацоўвае інфармацыю, выяўленую ў лічбавай (дыскрэтнай) форме. Бываюць універсальныя і спецыялізаваныя; кіравальныя, персанальныя, кантрольныя; высокапрадукцыйныя (вялікія, супер-ЭВМ), сярэднія, малыя, міні- і мікра-ЭВМ (персанальныя ці ў складзе выліч. комплексаў). Структура машыны ў значнай ступені залежыць ад яе прызначэння.
Інфармацыя (лічбы, літары, спец. сімвалы) у Л.э.в.м. выяўляецца ў двайковай сістэме лічэння (прылады ўводу-вываду выкарыстоўваюць двайкова-дзесятковую, двайкова-васьмярковую ці інш. сістэму лічэння; гл.Код). Асн. яе аперацыя — складанне, да якога зводзяцца ўсе інш.арыфм. аперацыі. Рашэнне задач выконваецца па праграмеЭВМ, зададзенай у адпаведнасці з сістэмай каманд працэсара, які непасрэдна апрацоўвае інфармацыю; работа машыны зводзіцца да паслядоўнага выканання каманд такой праграмы, якую атрымліваюць у выніку трансляцыі пэўнай зыходнай праграмы, складзенай на выбранай мове праграмавання. У працэсе развіцця Л.э.в.м. прайшлі некалькі этапаў (пакаленняў), характэрнымі прыкметамі якіх з’яўляюцца архітэктура, структура, элементная і канструктыўная база, матэматычнае забеспячэнне, метады ўзаемадзеяння карыстальніка з машынай і інш. Сфарміраваліся 2 асн. кірункі ў развіцці Л.э.в.м.: стварэнне вял. высокапрадукцыйных машын для рашэння задач, дзе патрабуюцца магутныя выліч. рэсурсы, напр. для апрацоўкі даных геафіз.разведкі карысных выкапняў, мадэліравання аэракасм. сістэм, і максімальна набліжаных да карыстальніка персанальных ЭВМ. Гл. таксама Вылічальная тэхніка, Кіравальная вылічальная машына, Праграмаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІПАВЕ́ТРАНАЯ АБАРО́НА (ППА),
сукупнасць агульнадзярж. мерапрыемстваў і баявых дзеянняў войск (сіл) з мэтай абароны розных аб’ектаў, войск і насельніцтва ад паражэння з паветра. Уключае сістэмы кіравання, разведкі і апавяшчэння аб паветр. праціўніку, зенітнага ракетна-артыл. прыкрыцця, знішчальна-авіяц. прыкрыцця. Адрозніваюць занальную ППА (сілы і сродкі ўтвараюць адзіную групоўку для абароны асобных рэгіёнаў); занальна-аб’ектавую ППА (спалучэнне занальнай ППА з непасрэдным прыкрыццём найб. важных аб’ектаў); аб’ектавую ППА (для абароны асобных важных аб’ектаў). Войскі ППА Рэспублікі Беларусь сфарміраваны ў 1992 на базе ўпраўлення, часцей і злучэнняў 2-й асобнай арміі ППА, а таксама часцей і злучэнняў ППАБВА. У іх склад ўваходзяць: зенітныя ракетныя войскі і зенітная артылерыя, радыётэхн. войскі, якія з’яўляюцца родам войск, а таксама часці і падраздзяленні спец. войск (радыёэлектроннай барацьбы, сувязі, інж., хім., тэхн. забеспячэння). Прызначаны для аховы адм.-паліт., прамысл.-эканам. цэнтраў і раёнаў краіны, груповак узбр. сіл, важных ваен. і інш. аб’ектаў ад удараў праціўніка з паветра; знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці, частка іх сіл нясе баявое дзяжурства, ажыццяўляе бесперапынную радыёлакацыйную разведку ў паветр. прасторы, кантроль за парадкам выкарыстання авіяцыяй паветр. прасторы, пралёту дзярж. мяжы Рэспублікі Беларусь і інш. У 1995 войскі ППА Беларусі ўвайшлі ў склад аб’яднанай сістэмы ППА СНД.