сям’я расійскіх мастакоў 19 ст. Нарадзіліся ў Пецярбургу.
Пётр Карлавіч (5.6.1805—20.11.1867), скульптар і ліцейны майстар. З 1829 наведваў класы Пецярбургскай АМ, з 1838 яе праф. і заг. ліцейнай майстэрні. Працаваў у анімалістычнай манум. скульптуры і дробнай пластыцы. У творчасці спалучаў традыцыі класіцызму з імкненнем да непасрэднай фіксацыі жыццёвых назіранняў. Сярод твораў: 4 групы ўтаймавальнікаў коней на Анічкавым мосце (1833—49), помнікі І.Крылову ў Летнім садзе (1848—55) і Мікалаю I (1856—59, з М.Рамазанавым і Р.Залеманам) — усе ў Пецярбургу; «Кабыла з жарабём» (1854—55) і інш.Міхаіл Канстанцінавіч (11.1.1833—29.5.1902), жывапісец. Пляменнік Пятра Карлавіча. Скончыў Пецярбургскую АМ (1858), у 1871—86 праф.-кіраўнік яе пейзажнага класа. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). У 1858—61 у Швейцарыі і Францыі. Аўтар рэаліст. пейзажаў рус. вёскі: «Вялікая дарога ў восень» (1863), «На раллі» (1872), «Лясная далечыня апоўдні» (1876—78) і інш.Міхаіл Пятровіч (29.9.1835—20.1.1914), жывапісец. Сын Пятра Карлавіча. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1895). Вучыўся ў А.Агіна, скончыў Пецярбургскую АМ (1861). У 1857—60 у Парыжы, у 1862—65 у Мюнхене. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак. Аўтар сентыментальных жанравых кампазіцый: «Рыбакі фіны» (1855), «Хворы музыкант» (1859), «Апошняя вясна» (1861), «Чорная лава» (1871) і інш.
Да арт.Клот. П.Клот. Утаймавальнік каня. Скульптурная група на Анічкавым мосце ў Пецярбургу. 1833—49.Да арт.Клот. М.К.Клот. На раллі. 1872.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНО́ЎСКІ (Анатоль Васілевіч) (н. 9.5.1937, г. Мінск),
бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). З 1966 выкладчык, з 1993 праф.Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Яго творам уласцівы эмацыянальнасць, лірычнасць, каларыстычная насычанасць. З паэт. пранікнёнасцю перадае прыгажосць бел. краявідаў: «Беларускі матыў» (1968), «Воблакі плывуць над зямлёй роднай» (1977), «Мазырскі край» (1980), «Вясна на Прыпяці» і «Зямля мая залатых бяроз» (1981). Сярод інш. твораў: «Маці. 1941 год» (1972), «Партрэт Капыловіча Пятра Мікалаевіча» (1980), «Купалле» (1982), «Гнёзды» і «Дарога дзяцінства» (абодва 1993), «Мелодыі восені» і «Нараджэнне вясны» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́Ў,
горад у Рас. Федэрацыі, у Растоўскай вобл. Порт на р. Дон, за 7 км ад упадзення ракі ў Таганрогскі заліў Азоўскага мора. Чыг. станцыя. 81 тыс.ж. (1992). Машынабудаўнічая (кавальска-прэсавае, гандл. абсталяванне, рыбалавецкія судны), лёгкая, харч. прамысловасць. Гіст.-краязнаўчы музей.
У 10—11 ст. Азоў у складзе Тмутараканскага княства. Каля 1067 захоплены полаўцамі (назвалі яго Азак). З 13 ст. горад у Залатой Ардзе, з 1471 тур.ваен. крэпасць. У 1637—42 Азовам валодалі данскія казакі. У 1696 узяты войскамі Пятра I, у 1711 вернуты Турцыі. З 1739 у Расіі. У 1775—82 цэнтр Азоўскай губ., пазней ваен. крэпасць. З 1810 пасад Растоўскага пав. Екацярынаслаўскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖКО́ЎСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры ракако ў в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1744—56 з цэглы пры Лужкоўскім піярскім калегіуме па фундацыі полацкага кашталяна В.Жабы, у 1843 перабудаваны пад правасл. царкву. Аднанефавы 2-вежавы храм з акруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. 4-ярусныя чацверыковыя вежы пастаўлены вуглом да плоскасці гал. фасада, які ўвагнуты па акруглым абрысе, расчлянёны на 3 ярусы карнізнымі паясамі і крапаваны пілястрамі. Фасады прарэзаны разнастайнымі па канфігурацыі і памерах аконнымі праёмамі. Алтары былі ўпрыгожаны круглай драўлянай пазалочанай скульптурай у стылі ракако (скульптура св.Пятра захоўваецца ў Полацкім гісторыка-археал. запаведніку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЁРЭ́НТЭ ((Llorente) Хуан Антоніо) (30.3.1756, Рынкан-дэль-Сота, каля г. Калаора, Іспанія — 5.2.1823),
іспанскі гісторык інквізіцыі. Святар, доктар кананічнага права. У 1785—1801 на розных пасадах ва ўстановах інквізіцыі, у 1793—94 распрацаваў план яе рэарганізацыі. За спачуванне ідэям Асветніцтва звольнены з пасады сакратара інквізіцыі. У час франц. акупацыі (1808—14) падтрымліваў Жазефа Банапарта. Пасля скасавання інквізіцыі (1808) узначаліў яе архіў. У 1814 эмігрыраваў у Парыж, дзе апублікаваў «Крытычную гісторыю іспанскай інквізіцыі» (т. 1—4, 1817—18). У 1822 за публікацыю працы «Палітычныя партрэты пап ад св.Пятра да Пія VII» (1822) высланы з Францыі.
Тв.:
Рус.пер. — Критическая история испанской инквизиции. Т. 1—2. М., 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЭСІ́ЙНАЕ ПРА́ВА (ад лац. possessio уладанне),
права, паводле якога ўладальнікам фабрык і заводаў недваранскага саслоўя дазвалялася набываць сялян для работы на прадпрыемствах. Устаноўлена ў Расіі указам Пятра I 18.1.1721, у адпаведнасці з якім створаны асобы разрад прыгонных фабрычных сялян, прыпісаных назаўсёды да прамысл. устаноў без права адчужэння. Пасэсійныя рабочыя не атрымлівалі ўзнагароджання за працу на пасэсійных прадпрыемствах, але атрымлівалі зямельныя надзелы, якія яны апрацоўвалі для сябе. Да разраду пасэсійных адносіліся і «прыпісныя» сяляне, якіх урад замацоўваў за прыватнымі заводамі і фабрыкамі. Пры Пятру III у 1762 П.п. адменена, у 1798 адноўлена і праіснавала да 1863. Пасэсійнае валоданне землямі месцамі захавалася да 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ-СІЛЬВА́НСКІ (Мікалай Паўлавіч) (13.2.1869, г. Кранштат Ленінградскай вобл., Расія — 30.9.1908),
расійскі гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1892). З 1899 працаваў у Дзярж. архіве Мін-ва замежных спраў. З 1905 выкладаў рус. гісторыю і гісторыю рус. права (з 1907 праф.) у навучальных установах Пецярбурга. Абгрунтаваў аднатыпнасць рас.феад. перыяду з зах.-еўрап. феадалізмам («Феадалізм у Старажытнай Русі», 1907; «Феадалізм ва ўдзельнай Русі», выд. ў 1910). Даследаваў гісторыю рэформ Пятра I, вызваленчы рух, грамадскую думку 18—19 ст.
Тв.:
Феодализм в России. М., 1988.
Літ.:
Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М., 1993. С. 623—635.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТА ((Porta) Джакама дэла) (каля 1540, Рым — 1602),
італьянскі архітэктар. Вучань Мікеланджэла, зазнаў уплыў Дж.Віньёлы. Будаваў пераважна ў Рыме. Пераасэнсоўваў прынцыпы італьян. дойлідства эпохі Адраджэння, імкнуўся да напружаных прасторавых вырашэнняў і ўнутр. дынамізму ў духу ранняга барока. Кіраваў буд-вам сабора св.Пятра (з 1573), узвёў гал. купал, якому надаў эліпсападобную форму (1586—93). Закончыў паводле праекта Віньёлы царкву Іль Джэзу і стварыў яе барочны фасад (1575). Удзельнік буд-ва ансамбля пл. Капітолія (1563—90-я г.). Пабудаваў ун-т у Рыме («Сапіенца»; каля 1575) і вілу Альдабрандзіні ў Фраскаці (1598—1600, дабудавана К.Фантанам).
Дж. дэла Порта. Віла Альдабрандзіні ў Фраскаці. 1598—1600.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
крэпасць у С.-Пецярбургу на Заечым в-ве. Засн. 27.5.1703 (дата заснавання С.-Пецярбурга) як ваен. крэпасць, але ў 1-й чвэрці 18 ст. амаль страціла баявое значэнне. З часоў Пятра I памяшканні П.к. выкарыстоўваліся для зняволення дзярж. злачынцаў, для якіх пазней існавалі спец. пабудаваныя турмы ўнутры Аляксееўскага равеліна (1797—1884) і Трубяцкога бастыёна (1872—1917). Сярод вязняў крэпасці былі царэвіч Аляксей Пятровіч, эканаміст і публіцыст І.Ц.Пасашкоў, ахвяры дварцовых пераваротаў 18 ст., А.М.Радзішчаў, Т.Касцюшка, дзекабрысты, члены Патрыятычнага таварыства, петрашэўцы, народнікі, рэвалюцыянеры-марксісты, удзельнікі рэвалюцыі 1905—07. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 у П.к. знаходзіўся штаб узбр. паўстання. З 1924 гіст.-рэв. музей, з 1993 гіст.-культ. запаведнік «П.к. — Дзярж. музей гісторыі С.-Пецярбурга».
Арх. помнікі: вароты Пятроўскія (1717—18, арх. Д.Трэзіні; драўляны рэльеф «Звяржэнне Сімона Волхва», скульпт. К.Оснер) і Неўскія (1784—87, арх. М.Львоў, класіцызм), кронверк (1752; перабудаваны ў 1850, арх. П.Таманскі; з 1872 Артыл.гіст. музей). Унутры П.к. — Петрапаўлаўскі сабор (1712—33, арх. Трэзіні, барока, 3-нефавая базіліка са званіцай, завершанай залачоным шпілем; разны драўляны іканастас, 1722—27, паводле малюнка І.Заруднага, майстры Т.Іваноў і І.Цялега) з пахавальняй рас. імператараў; домік для боціка Пятра I — Ботны домік (1761—62, арх. А.Віст; тэракотавая фігура «Навігацыя», 1891, скульпт. Д.Іенсен); комплекс манетнага двара (1798—1806, прыпісваецца арх. А.Порта) і інш. Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАВЫ,
баярскі род, царская (з 1613) і імператарская (1721—1917) дынастыя ў Расіі. Першы дакументальна вядомы продак Р. — баярын маскоўскіх князёў сярэдзіны 14 ст. Андрэй Іванавіч Кабыла. Продкі Р. да пач. 16 ст. называліся Кошкінымі, потым Захар’інымі. У 1547 Захар’іны парадніліся з правячай дынастыяй Рурыкавічаў праз шлюб цара Івана IV з дачкой Рамана Юр’евіча Захар’іна-Юр’ева (ад яго імя пайшло родавае прозвішча Р.) Анастасіяй, маці наступнага цара Фёдара Іванавіча, што спрыяла іх узвышэнню. Непасрэдны родапачынальнік Р. — 3-і сын Рамана Юр’евіча — Мікіта Раманавіч (памёр у 1586) — баярын з 1562, удзельнік Лівонскай вайны 1558—83 і многіх дыпламат. перагавораў; пасля смерці Івана IV да канца 1584 кіраўнік рэгенцкай рады пры няздольным да кіравання цару Фёдару. З сыноў Мікіты Раманавіча найб. вядомы Фёдар (каля 1555—1633; гл.Філарэт) і Іван (памёр у 1640) — баярын з 1605, чл.Сямібаяршчыны (1610—12). Са смерцю цара Фёдара Іванавіча (1598) дынастыя Рурыкавічаў спынілася. Фёдар Мікітавіч Р. быў кандыдатам на царскі трон, але быў выбраны Барыс Гадуноў [1598—1605], які падверг Р. апале (1600) і ссылцы (1601); Фёдар Мікітавіч пастрыжаны ў манахі пад імем Філарэта. Новае ўзвышэнне Р. адбылося ў час праўлення Лжэдзмітрыя I (гл.Ілжэдзмітрый І). У 1608 у Тушынскім лагеры Лжэдзмітрыя II (гл.Ілжэдзмітрый II) Філарэт абвешчаны патрыярхам рус.правасл. царквы [1608—10] у процівагу патрыярху Гермагену. На земскім саборы 1613 Міхаіл Фёдаравіч Р., сын Фёдара Мікітавіча (Філарэта), выбраны рас. царом [1613—45] і паклаў пачатак правячай дынастыі Р. Пры ім вял. уплывам на дзярж. справы карысталіся яго дзядзька Іван Мікітавіч, а з 1619, пасля вяртання з польскага палону, бацька Філарэт (з 1619 зноў патрыярх), які фактычна кіраваў дзяржавай. Наступныя правіцелі Расіі з дынастыі Р.: Аляксей Міхайлавіч [1645—76], яго сын Фёдар Аляксеевіч [1676—82], яго браты Іван V [1682—96] і Пётр I [1682—1725], рэгенткай пры якіх была іх сястра Соф’я Аляксееўна (да 1689). У 1721 Расія абвешчана імперыяй, а Пётр I — першым імператарам усерасійскім. Паводле указа Пятра ад 16.2.1722 (пацверджаны ў 1731 і 1761) імператар прызначаў сабе пераемніка з асоб імператарскай фаміліі. Пётр I не паспеў прызначыць пераемніка і пасля яго смерці прастол заняла яго жонка (паводле паходжання бел. мяшчанка) Кацярына I [1725—27]. Пасля яе смерці імператарам стаў непаўналетні ўнук Пятра I (сын царэвіча Аляксея Пятровіча) Пётр II [1727—30]. З яго смерцю (1730) дынастыя Р. у прамым мужчынскім пакаленні спынілася. У 1730—40 імператрыцай была дачка Івана V Ганна Іванаўна, у 1741—62 — дачка Пятра I Лізавета Пятроўна, са смерцю якой (5.1.1762) дынастыя Р. спынілася і па жан. лініі. У далейшым прозвішча Р. насілі роднасныя ім прадстаўнікі ням. Гольштэйн-Готарпскай дынастыі: Пётр III [1762], сын герцага Гольштэйн-Готарпскага Фрыдрыха Карла і дачкі Пятра I Ганны; яго жонка Кацярына II [1762—96], народжаная прынцэса Ангальт-Цэрбсцкая; іх сын Павел I [1796—1801], які заканадаўча зацвердзіў прынцып пераходу прастола паводле права першародства па мужчынскай лініі (дзейнічаў да 1917); яго сын Аляксандр I [1801—25], брат Аляксандра Мікалай I [1825—55], сын, унук і праўнук Мікалая I, адпаведна: Аляксандр II [1855—81], Аляксандр III [1881—94] і Мікалай II [1894—1917]. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 дынастыя Р. скінута, у вер. 1917 Расія абвешчана рэспублікай. Мікалай II з сям’ёй і яго брат Міхаіл у ліп. 1918 расстраляны бальшавікамі; у 1918—19 расстраляны або забіты многія Р. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 некат. Р. апынуліся ў эміграцыі. Некаторыя з іх абвясцілі сябе прэтэндэнтамі на рас. прастол, у прыватнасці вял. князі Мікалай Мікалаевіч і Кірыл Уладзіміравіч. Спрэчкі паміж рознымі галінамі Р. за права прэтэндаваць на рас. прастол працягваюцца да нашага часу.
Літ.:
Трехсотлетие Дома Романовых, 1613—1913. М., 1990 [рэпр. выд. 1913];
Василевский И.М. Романовы: Портреты и характеристики. Ч. 1—2. Новосибирск, [1991];
Буранов Ю., Хрусталев В. Гибель императорского дома, 1917—1919 гг.М., 1992. Гл. таксама літ. пры артыкулах пра асобных манархаў з дынастыі Р.