асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты без абмеркавання 23.11(5.12).1793 Гродзенскім сеймам 1793. Яе праект распрацаваны К.Рачынскім, Ф.Машчынскім, Л.Тышкевічам пад наглядам царскага пасла Я.Я.Сіверса. Паводле К. Рэч Паспалітая захоўвалася як унітарная дзяржава ў складзе правінцый Кароны і княства Літоўскага, падзялялася на ваяводствы, а тыя — на 3 паветы (землі). Захоўваліся кардынальныя правы, гарантаваныя сеймамі 1768, 1775 і Канстытуцыяй 1791. Аднаўлялася выбарнасць караля. Вышэйшым заканад. органам краіны быў сейм, які склікаўся раз у 4 гады на 8 тыдняў. Рашэнні ў сейме прымаліся большасцю галасоў, акрамя самых важных пытанняў заканадаўства, падаткаў, арміі, на якія каралю давалася права вета. Выканаўчая ўлада належала Пастаяннай радзе з 24 чал., у т. л. 11 ад княства. Рада мела 6 дэпартаментаў, рыхтавала заканад. праекты, наглядала за іх рэалізацыяй. склікала сеймы нават без згоды караля. Паўната ўлады ў паветах належала парадкавым камісіям. Членаў камісіі выбіралі на мясц. сейміках з аселай шляхты. Немаёмная шляхта пазбаўлялася выбарчых правоў. Мяшчане атрымалі права набываць землі і шляхецкую годнасць, але не мелі прадстаўніцтва ў сейме. У якасці ўступкі рэформам Чатырохгадовага сейма захаваны зямянскія суды з выбарнымі пасадамі на дзярж. утрыманні. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для судоў быў Трыбунал, асобны для цывільных і духоўных спраў. Фактычна К. не выконвалася, бо страціла сілу ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795, пасля чаго Рэч Паспалітая перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.
Створана ў 1990 у Магілёве пры Упраўленні культуры аблвыканкома на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Белдзяржфілармоніі. У яе складзе (1999): мужчынскі камерны хор «Унія» (маст. кіраўнік і дырыжор К.Насаеў), аркестр нар. інструментаў (маст. кіраўнік і гал. дырыжор Л.Іваноў), камерны інстр. ансамбль «Барыня», шоу-балет, гурты — вак.-інстр. «03», сямейны нар. спеваў «Весялуха», эстр.-цыркавыя «Казіно смеху» і «М+М», «Цырк на сцэне» і інш.; сярод артыстаў — спявачкі І.Абалян, А.Мацярынка, Н.Шарубіна, флейтыст У.Буры, ілюзіяніст С.Фельдман. У філармоніі пачынаў творчую дзейнасць А.Цівуноў, у яе студыі па падрыхтоўцы маладых артыстаў вучыліся спевакі С.Франкоўскі, А.Кавалеўскі. Вядзе актыўную дзейнасць па арганізацыі і правядзенні муз. фестываляў і конкурсаў, свят горада, у т. л.міжнар. фестывалю «Залаты шлягер» (з 1995), «Фестывалю харавой музыкі» (1991), міжнар.эстр. імпрэзы «Беларусь збірае сяброў» (1993), эстр. фэсту «Рэха «Славянскага кірмашу» (1994), «Магілёўскай музычнай вясны» (1995), «Каляднага фестывалю» і IV Сусв. кангрэса цымбалістаў (1997), Міжнар. пленэраў па жывапісе імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі (у святкаванні 125-годдзя з дня яго нараджэння ўдзельнічалі камерныя аркестры «Віртуозы Масквы» і «Вівальдзі-аркестр» пад кіраўніцтвам С.Бязроднай), удзельнічае ў фестывалі «Беларуская музычная восень», у працы міжнар. дабрачыннага Фонду У.Співакова. З 1997 прадстаўніцтва філармоніі працуе ў Мінску. Дырэктар і маст. кіраўнік філармоніі У.Браілоўскі.
Аркестр народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГА АРА́БСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (ЛАД),
міжнар арганізацыя, засн. ў 1945 на канферэнцыі ў Каіры (Егіпет) прадстаўнікамі Ірака, Саудаўскай Аравіі, Лівана, Егіпта, Сірыі, Трансіарданіі (з 1950 Іарданія), Йемена (з 1962 Йеменская Араб. Рэспубліка; з 1990 у складзе Йеменскай Рэспублікі, ЙР). Пазней да Лігі далучыліся Лівія (1953), Судан (1956), Марока (1958), Туніс (1958), Кувейт (1971), Алжыр (1962), Нар.-Дэмакр. Рэспубліка Йемен (з 1990 у складзе ЙР), Аман (1971), Аб’яднаныя Араб. Эміраты (1971), Бахрэйн (1971), Катар (1971), Маўрытанія (1973), Самалі (1974), Джыбуці (1977). З 1964 права дарадчага голасу маюць прадстаўнікі Палесціны. Мэта арг-цыі — садзейнічаць умацаванню эканам., паліт. і культ. адносін паміж арабскімі краінамі. Вышэйшы орган — Савет Лігі, складаецца з кіраўнікоў і прэм’ер-міністраў араб. краін ці упаўнаважаных. Штаб-кватэра ў Каіры. Ліга прызнана ААН як рэгіянальная арг-цыя і мае пастаяннае прадстаўніцтва пры ААН у Нью-Йорку. Эфектыўнасць рашэнняў Савета Лігі зніжаецца абавязковасцю іх выканання толькі тымі краінамі, якія за іх галасавалі. У ходзе Блізкаўсходняга канфлікту Ліга заняла крайне адмоўную пазіцыю ў адносінах да Ізраіля, каардынуючы палітыку супрацьстаяння яўр. дзяржаве. У 1979 за заключэнне Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў Егіпет быў выключаны з Лігі (адноўлены ў 1989), а штаб-кватэра Лігі перанесена ў Туніс (да 1990). Сур’ёзны раскол у Лізе адбыўся ў час Кувейцкага крызісу 1990—91, калі адны араб. краіны падтрымалі Кувейт, другія — Ірак. У галіне навук.-тэхн. супрацоўніцтва створана сумесная сістэма сувязі — АРАБСАТ. Дзейнічаюць спецыялізаваныя ўстановы: Араб. фонд эканам. і сац. развіцця, Араб арг-цыя па пытаннях асветы, культуры і навукі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАТАЎ (сапр.Скрабін) Вячаслаў Міхайлавіч
(9.3. 1890, слабада Кукарка, цяпер у межах г. Савецк Кіраўскай вобл., Расія — 8.11.1986),
савецкі дзярж. і паліт. дзеяч, дыпламат.Герой Сац. Працы (1943). Вучыўся ў Пецярбургскім політэхн. ін-це (1911—12). Чл.КПСС з 1906, яе ЦК (1921—57), Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1926—57). У Кастр. рэвалюцыю 1917 чл. Петраградскага ВРК. З 1919 старшыня Ніжагародскага губвыканкома, сакратар Данецкага губкома РКП(б), сакратар ЦК Кампартыі Украіны. З 1921 сакратар ЦКВКП(б). У 1930—41 старшыня СНКСССР. У 1941—57 1-ы нам. старшыні СНК (СМ) СССР, адначасова ў 1941—1945 нам. старшыні Дзярж.к-та абароны, у 1939—49 і 1953—56 міністр замежных спраў СССР. У сярэдзіне 1950-х г. выступіў супраць крытыкі культу асобы І.В.Сталіна. На чэрвеньскім (1957) пленуме ЦККПСС выведзены са складу Прэзідыума ЦК і ЦК, у 1962 выключаны з партыі (адноўлены ў 1984). З 1957 пасол СССР у Манголіі, у 1960—62 кіраўнік сав.прадстаўніцтва пры Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі. М. — адзін з арганізатараў рэпрэсій палітычных у СССР у 1930—50-я г. Ад імя сав. ўрада падпісаў сав.-герм. дагавор аб ненападзе ад 23.8.1939 (Пакт Рыбентропа—Молатава 1939), сав.-герм. дагавор аб дружбе і граніцы ад 28.9.1939, сакрэтныя пратаколы да іх. Удзельнік Маскоўскіх (1941, 1943, 1945) нарад, Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый кіраўнікоў саюзных дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАГРЭСІ́СТЫ»,
партыя ліберальнага кірунку ў Расіі ў 1911—17. Утворана па ініцыятыве мірнаабнаўленцаў, дэпутатаў 3-й Дзярж. думы і членаў фракцыі прагрэсістаў напярэдадні выбараў ў 4-ю Дзярж. думу. Ставіла за мэту стварэнне адзінага лагера ліберальнай апазіцыі пад заклікам «Барацьба за правядзенне ў жыццё палажэнняў Маніфеста 17 кастрычніка 1905». У склад створанага ў крас. 1912 Пецярб.к-та «П.» уваходзілі І.М.Яфрэмаў, М.М.Кавалеўскі, М.М.Львоў і інш., у Маскоўскую арг-цыю — А.І.Канавалаў, П.П. і У.П.Рабушынскія і інш. Друкаваны орган маскоўскіх «П.» — газ. «Утро России». К-ты партыі існавалі ў Адэсе, Казані, Самары, Тамбове, Туле, Вобласці Войска Данскога, у Брэсце і Гродне; у студз. 1912 узнік к-т у Вільні. У Мінскай губ. да «камітэта рускіх прагрэсіўных выбаршчыкаў» далучыўся к-тяўр. выбаршчыкаў. «П.» выступалі за галоснасць і перабудову састарэлых сац. і эканам. адносін, за стварэнне канстытуцыйнага цэнтра блока «П.», куды б яны ўвайшлі разам з кадэтамі і акцябрыстамі; наладжвалі кантакты з рэв. партыямі, каб арганізаваць выступленні рабочых з мэтай націску на ўрад. У гады 1-й сусв. вайны ўдзельнічалі ў стварэнні «Прагрэсіўнага блока», па іх ініцыятыве ўзніклі рабочыя групы пры ваен.-прамысл. к-тах. Некат. лідэры «П.» сталі міністрамі Часовага ўрада.
Літ.:
Вишневски Э. Либеральная оппозиция в России накануне первой мировой войны. М., 1993;
Забаўскі М.М., Пуцік У.С. Прадстаўніцтва ад Беларусі ў Дзяржаўнай думе Расіі (1906—1917 гг.). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСО́ЛЬСТВА,
пастаяннае дыпламат.прадстаўніцтва найбольш высокага класа, якое ўзначальваецца паслом. Да функцыі П. адносяцца: прадстаўнічая функцыя (выступаць ад імя акрэдытуючай дзяржавы); абарона інтарэсаў акрэдытуючай дзяржавы і яе грамадзян; вядзенне перагавораў з урадам дзяржавы знаходжання; развіццё дружалюбных адносін паміж акрэдытуючай дзяржавай і дзяржавай знаходжання; функцыя інфармацыі свайго ўрада пра краіну знаходжання і інш.Асн. дагаворным актам, які рэгламентуе стварэнне, спыненне, функцыі і дзейнасць П., з’яўляецца Венская канвенцыя 1961 аб праве дыпламат. зносін. Унутр. структура П., устанаўленне адпаведных пасад і г.д. вызначаюцца заканадаўствам акрэдытуючай дзяржавы. Персанал П. падраздзяляецца на 3 катэгорыі: дыпламат., адм.-тэхн. і абслуговы. Назначэнне кіраўніка П. праходзіць 4 стадыі: запытанне агрэману; назначэнне на пасаду; прыбыццё ў краіну знаходжання; афіц. ўступленне на пасаду. Уступленне пасла на пасаду звязана з уручэннем ім сваіх паўнамоцтваў (даверчай граматы) органу або службовай асобе, пры якой ён акрэдытуецца. Астатнія члены П. пасля свайго назначэння і прыбыцця ў краіну знаходжання лічацца прыступіўшымі да выканання службовых абавязкаў з моманту паведамлення ад кампетэнтных улад дзяржавы знаходжання. Спыненне дзейнасці П. можа адбыцца пры спыненні дзяржавамі афіц. адносін без іх разрыву, пры разрыве дыпламат. адносін, узбр. канфлікце, знікненні аднаго з бакоў у якасці суб’екта міжнар. права, пры неканстытуцыйнай змене ўрада ў адной з падтрымліваючых адносіны краін і ў некаторых інш. выпадках. Функцыі члена дыпламат. персаналу могуць спыніцца ў сувязі з яго адкліканнем па нейкіх падставах, абвяшчэннем яго персонай нон грата, у выпадку абвяшчэння дыпламата прыватнай асобай (т. зв. дысмісл) і адмаўлення дыпламата выконваць свае функцыі (інсурэкцыя). П. і яго супрацоўнікі карыстаюцца дыпламат. імунітэтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДКА ПАРТЫЗА́НСКАЯў Вялікую Айчынную вайну,
збор, апрацоўка і перадача ваен., эканам. і паліт. інфармацыі аб праціўніку; адзін з відаў забеспячэння баявой дзейнасці партызан і адна з форм дапамогі Чырв. Арміі. Праводзілася спец. падраздзяленнямі разведкі і разведчыкамі, якія складалі каля 10% (1944) асабовага складу партыз. фарміраванняў, а таксама сувязнымі, падпольшчыкамі і інш. патрыётамі. У 1942 у тыле ворага дзейнічалі 5150 разведчыкаў, у канцы 1943 — больш за 8 тыс., да ліп. 1944—24 тыс.Р.п. кіравалі Паўн.-Зах. аператыўная група ЦККП(б)Б, развед. аддзелы Цэнтр. і Бел. штабоў партыз. руху, аператыўныя групы і прадстаўніцтваБШПР пры штабах франтоў, развед. органы партыз. фарміраванняў. У дапамогу Чырв. Арміі Р.п. ў вер. 1941 здабыла звесткі пра сканцэнтраванне буйных сіл ворага для наступлення на Маскву і прыблізныя тэрміны яго пачатку; у жн. 1942 — пра перакідку ням. войск у раён Ленінграда; загадзя перадала даныя пра маючае адбыцца наступленне герм. войск у раёне Арла і Курска, пра план контрудараў на Палессі, у раёне Кіева і інш. Толькі з кастр. да канца 1943 бел. партызаны перадалі камандаванню сав. войск звесткі пра размяшчэнне 338 аэрадромаў і пасадачных пляцовак, 871 склад, 152 прадпрыемствы, што выраблялі ваен. прадукцыю. Р.п. здабыла звесткі пра сакрэтную зброю вермахта — самалёты-снарады і ракеты Фау-1 і 2 (гл.Фау), вытворчасць у Германіі фаустпатронаў і інш. (аб выніках дзейнасці бел. партызан і Р.п.гл. таксама Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Каля 6 тыс.партыз. разведчыкаў і сувязных загінулі пры выкананні заданняў. Сярод тых, каму прысвоена званне Героя Сав. Саюза, разведчыкі Г.І.Маслоўская, М.А.Міхайлашаў, М.Тапівалдыеў, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛУЧЭ́ННЕ ЗЯМЕ́ЛЬ БЕЛАРУ́СІ ДА РАСІ́ЙСКАЙ ІМПЕ́РЫІ.
Ажыццёўлена ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772, 1793 (без Аўстрыі) і 1795 (пра кожны падзел гл. асобны арт.). Расія набыла пераважна землі Беларусі, Левабярэжнай Украіны Правабярэжнай Украіны, Літвы пл. 41 млн.дзес. з 3,8 млн.чал.Бел. землі ў 1802 атрымалі ўстойлівы адм.-тэр. падзел: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. (пра кожную губ.гл. асобны арт.). Вышэйшую ўладу на месцах узначальвалі губернатары і ген.-губернатары. Калегіяльным органам пры губернатару было губернскае праўленне. Сістэма суд. органаў улады будавалася адпаведна Устанаўленню для кіравання губернямі 1775 з захаваннем саслоўнасці іх прадстаўніцтва. Паліт. правы паноў (памешчыкаў-прыгоннікаў) і шляхты размяжоўваліся і абмяжоўваліся. З 1772 праводзіўся разбор шляхты. З 1773 да выбараў на судовыя пасады дапускаліся толькі асобы, якія мелі больш за 20 прыгонных; пазней былі забаронены самавольныя шляхецкія сходы (ранейшыя сеймікі). Антырус. настроі шляхты прывялі да паўстання 1794. У ходзе рэвізіі 1772, 1782, 1795 і інш. былі запрыгонены катэгорыі раней вольных людзей (выбранцы, зямяне і інш.). У рэліг. палітыцы быў дэклараваны прынцып талерантнасці, захаваны ордэн езуітаў (скасаваны ў 1773 ва ўсім астатнім свеце), у 1782—83 створана Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія. Спробы ў 1780—82 і 1795 перавесці уніятаў у праваслаўе мелі толькі частковы поспех з-за непадрыхтаванасці і матэр. незабяспечанасці гэтай акцыі. Уніяты пераведзены ў праваслаўе у выніку Полацкага царкоўнага сабору 1839. У 1791 далучаныя тэрыторыі ўключаны ў мяжу яўр. аселасці; яўрэям забаранялася пакідаць гэтыя тэрыторыі для пасялення і гандлю ў глыбі Расіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у склад Рас. імперыі ўвайшла Беласточчына (у ліп. 1808 утворана Беластоцкая вобласць). Я.К.Анішчанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦЬКО́ЎСКІЯ ПРАВЫ́ І АБАВЯ́ЗКІ,
сукупнасць асабістых, маёмасных правоў і абавязкаў бацькоў у іх узаемаадносінах з непаўналетнімі дзецьмі. Прадугледжаны і гарантуюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Першарадная роля ў сямейным жыцці належыць асабістым адносінам паміж бацькамі і дзецьмі. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, фізічнае і духоўнае развіццё і навучанне. Асабістымі правамі бацькоў з’яўляюцца: прысваенне імя і прозвішча; выхаванне, прадстаўніцтва і абарона інтарэсаў дзяцей. У працэсе выхавання правы і абавязкі бацькоў і дзяцей з’яўляюцца ўзаемнымі. Дзеці павінны выконваць патрабаванні бацькоў, маюць права на належнае сямейнае выхаванне. Бацькоўскія правы не могуць ажыццяўляцца ў супярэчнасці з інтарэсамі дзяцей. Дзеці не павінны падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду іх фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Пры неналежным выкананні бацькамі або адным з іх абавязкаў па выхаванні або пры злоўжыванні бацькоўскімі правамі дзеці маюць права звярнуцца ў органы апекі і папрасіць абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Бацька і маці маюць роўныя правы і абавязкі ў адносінах да сваіх дзяцей нават пасля скасавання шлюбу. Пры ўзнікненні спрэчак у такіх выпадках парадак удзелу ў выхаванні дзяцей вызначаецца органамі апекі; кожны з бацькоў мае права звярнуцца ў суд. Бацькі з’яўляюцца прадстаўнікамі сваіх непаўналетніх дзяцей і выступаюць у абарону іх правоў і інтарэсаў ва ўсіх установах, у т. л. судовых, без асаблівага паўнамоцтва; ім дастаткова прад’явіць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, з якога вынікае, што асоба сапраўды з’яўляецца яго бацькам або маці. Выкананне бацькамі сваіх правоў і абавязкаў здзяйсняецца да дасягнення дзецьмі 18 гадоў. Выхаваўчы ўплыў бацькоў на паўналетніх дзяцей ужо не мае прававога характару. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў з-за наўмыснага парушэння і невыканання абавязкаў па выхаванні дзяцей праводзіцца паводле судовага рашэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДЗЕВІЧ (Леапольд Іванавіч) (12.6.1895, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 1938?),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Брат Ч.І.Родзевіча. Вучыўся ў Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду (1923—24). З 1910 у Вільні, уключыўся ў бел.культ.-асв. і грамадскі рух. Удзельнічаў у Беларускім музычна-драматычным гуртку, выступаў у Першай беларускай трупе Ігната Буйніцкага. У 1917 мабілізаваны ў армію. У час польск. акупацыі 1919—20 працаваў пісарам Бел. вайсковай камісіі ў Мінску. З прыходам сав. улады ў апараце Наркамата земляробства БССР, потым пераехаў у Вільню. У 1921—23 кіраваў Беларускай драматычнай майстроўняй, рэдагаваў газ.«Беларускі звон», «Наша будучыня». У 1922 увайшоў у Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю (БРА), чл. яе ЦК. У 1923 арыштаваны польск. ўладамі. Адзін з ініцыятараў аб’яднання БРА з КПЗБ; з 1923 чл.ЦККПЗБ. З 1924 сакратар Гродзенскага акр.к-таКПЗБ. У 1925—33 рэдактар газ.«Чырвоны сцяг», час.«Бальшавік». На II канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) далучыўся да сэцэсіі. З восені 1925 у Мінску, кіраваў замежнай рэдакцыяй прадстаўніцтваЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, быў рэдактарам «Бюлетэня ЦККПЗБ», членам Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР. У 1933 арыштаваны па справе т.зв. Бел.нац. цэнтра. Да 1938 знаходзіўся ў Саратаве. У 1938 паўторна арыштаваны (дакладныя дата і месца смерці невядомы). Рэабілітаваны ў 1956. Аўтар драм «Блуднікі» (1912, надрук. ў 1960), «Пакрыўджаныя» (1916, надрук. ў 1921), вадэвіляў, у т. л. «Збянтэжаны Саўка» (1921), «Багаты і бедны» (1922), паэт. зб-каў «Беларусь» (1922), «На паняволеных гонях» (1928) і інш.
Літ.:
Хаўратовіч І. Ён заслужыў добры ўспамін аб сабе // Полымя. 1965. №9;
Ліс А. Паміж літаратурай і палітыкай: драма аднаго рамантыка // Спадчына. 1997. №3. Bergman A. Leopold Rodziewich // Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej Warszawa, 1984.