КАПЫЦЬКО́ (Віктар Мікалаевіч) (н. 8.10.1956, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1982). Яго творчасці ўласцівы шырокі ахоп розных тыпаў культур і сучасных тэхнік кампазіцыі, пошукі індывідуалізацыі Жанрава-драматургічных і тэмбрафанічных вырашэнняў. Авангардныя тэндэнцыі выяўляюцца і ў распрацоўцы нац.-фалькл. элементаў. Сярод твораў: оперы «Дзяўчынка, якая наступіла на хлеб» (паст. 1983), «Яго жонкі» (1988); араторыі «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. (1990), «Дабравешчанне ад Іаана» на кананічныя і фалькл. тэксты і «Меса ў гонар св. Францыска Асізскага» на тэксты св. Францыска і кананічныя (абедзве 1993); кантаты «Аб мудрасці, смутку і радасці», «Карнавальная ноч» (абедзве 1984), «Знакі» на тэкст М.Рэрыха (1992); «Маленькая сімфонія «Са старых сшыткаў» (1983), цыкл «Біблейскія сцэны» (1993) і «Калыханка» (1994) для камернага ансамбля; вак. цыклы і паэмы; фантазія «Паўночны вецер» на старадаўнія кіт. тэксты; хары, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НЫ (ад сканд. northman паўночны чалавек),
агульная назва ў Зах. Еўропе народаў Скандынавіі і Даніі ў канцы 8 — сярэдзіне 11 ст., калі яны ажыццяўлялі шырокую экспансію. У самой Скандынавіі ўдзельнікаў марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў называлі вікінгамі. Нарвежцы ўчынялі набегі пераважна ў Брытанію (з 8 ст.), засн. калоніі ў Ісландыі (каля 860), Грэнландыі (982), каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі. Датчане здзяйснялі паходы пераважна на кантыненце, разрабавалі Гамбург.(845), Парыж (845, 885, 886), у 840 дасягнулі Іспаніі і Міжземнамор’я. У 911 яны замацаваліся ў Паўн. Францыі, дзе засн. герцагства Нармандыя. Іх нашчадкі ў 2-й пал. 11 ст. заваявалі Англію (гл.Нармандскае заваяванне Англіі 1066) і Паўд. Італію, дзе засн.Сіцылійскае каралеўства. На Русі вядомы пад назвай варагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Юрый Паўлавіч) (8.8.1927, Масква — 29.11.1982),
рускі пісьменнік. Скончыў муз. вучылішча імя Гнесіных (1951), Літ.ін-т імя М.Горкага (1958). Друкаваўся з 1952. Выдаў зб-кі апавяданняў «Манька» (1958), «На паўстанку» (1959), «Па дарозе» (1961), «Блакітнае і зялёнае» (1963), «Пах хлеба» (1965), «Двое ў снежні» (1966), «Восень у дубовых лясах» (1969), «У сне ты горка плакаў» (1977), «Аленевы рогі» (1980) і інш. К. — паслядоўнік традыцый рус. класічнай прозы. Яго апавяданні вылучаюцца эмацыянальнасцю, стройнасцю, псіхал. насычаным пейзажам, спалучэннем лірыка-рамант. пачатку з жорсткім рэалізмам. Асн. тэмы твораў — вернасць доўгу і свайму прызначэнню, здзіўленне перад загадкай жыцця (кн. нарысаў пра памораў «Паўночны дзённік», 1961, навелы пра жывёл). Выступіў у абарону Салаўкоў. Аўтар кніг для дзяцей. На бел. мову паасобныя творы К. пераклаў А.Жук.
Тв.:
Избранное. М., 1985;
Две ночи. М., 1986;
Бел.пер. — Арктур — гончы сабака. Мн., 1976.
Літ.:
Кузьмичев И.С. Юрий Казаков: Набросок портрета. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫ КО́МПЛЕКС (ВПК),
альянс ваеннай прамысловасці, узбр. сіл і звязаных з імі дзярж. апарату, навукі і сродкаў масавай інфармацыі. Пачаў фарміравацца ў ЗША і СССР у 2-ю сусв. вайну. Тэрмін уведзены амер. прэзідэнтам Д.Эйзенхаўэрам у 1950-я г. ВПК асабліва актыўна развіваўся пасля 2-й сусв. вайны ў сувязі з нарастаннем процістаяння 2 процілеглых сусв. сістэм, «халоднай вайны». У выніку ўзніклі блокі ваенныя, у т. л.Паўночны Атлантычны пакт і Варшаўскі дагавор 1955. У ВПК выкарыстоўваліся найноўшыя дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу, ён быў асновай мілітарызацыі эканомікі. У свеце ў канцы 1980-х г. у ваен. вытв-сці было занята каля 30 млн.чал. і столькі ж пастаўлена пад ружжо ва ўзбр. сілах, каля 500 тыс. вучоных займаліся ваен.-навук. распрацоўкамі. У сувязі з раззбраеннем, асабліва пасля распаду СССР, сусв.сацыяліст. сістэмы і яе ваен. блока на многіх прадпрыемствах ВПК пачалася канверсія. Але ён па-ранейшаму мае магутны патэнцыял, выпускае вял. колькасць узбраенняў для сваіх краін і ваен. бізнесу. На Беларусі на ВПК працавала больш за 100 прадпрыемстваў — пераважна радыёэлектроннай прам-сці і прыладабудавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,
адносная адзінка вымярэння бляску нябеснага свяціла (зоркі, планеты, Сонца ці інш.); мера асветленасці, створанай нябесным свяцілам на мяжы атмасферы Зямлі ў плоскасці, перпендыкулярнай да падаючага праменя. У залежнасці ад метаду назірання адрозніваюць З.в. баламетрычную (па поўнай энергіі, выпрамененай свяцілам), фатаграфічную, фотаэл., візуальную і інш.
Зоркі 1-й З.в. (абазначаюцца 1m) ствараюць у 2,512 разоў большую асветленасць E, чым зоркі 2-й З.в., якія ў сваю чаргу ствараюць светлавыя патокі ў 2,512 разоў большыя, чым зоркі 3-й і г.д. Матэматычна гэта запісваецца lg(E1/E2)=0,4(m2-m1), дзе ўлічана, што lg2,512=0,4. Нуль-пункт шкалы З.в. ўмоўна выбраны па групе зорак у наваколлі Палярнай зоркі (Паўночны Палярны Рад), напр., Вега мае З.в. 0m,14. Калі свяціла стварае асветленасць, большую за 0m, яго З.в. лічыцца адмоўнай, напр., Марс (у процістаянні) мае З.в. -1m,9, Сонца -26m,8 З.в. залежыць ад адлегласці паміж назіральнікам і свяцілам, таму ўводзяць абс. З.в., пад якой разумеюць З.в. свяціла на стандартнай адлегласці 10 пс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адна з абласцей Неарктычнага падцарства. Займае паўн. частку амер. мацерыка; паўд. мяжа пралягае па 50°паўн. ш. Уключае 3 падвобласці: Аляскінская, Грэнландская і Лабрадорская. Асн. ландшафтныя зоны — тундра і тайга.
Флора тундры падобна на еўразійскую. Звычайныя прадстаўнікі — асаковыя, імхі, карлікавая вярба, лішайнікі, падвеі, палярная бярозка (ернік). Тайга пры агульным падабенстве да еўразійскай адрозніваецца вял. прымессю лісцевых парод і па відавой разнастайнасці пераўзыходзіць тайгу Еўразіі. Вял. колькасць відаў піхтаў, хвоі, елак, многія з іх эндэмічныя. Тыповыя эндэмікі — мамантавае дрэва і секвоя. Фауна падобная да палеарктычнай, але ў напрамку па Пд падабенства змяншаецца. З эндэмікаў вызначаюцца аўцабык, бізон лясны, каза снежная, 2 віды лемінгаў, мыш лемінгавая. скунс, сурок сівы, янот-паласкун, валасянка амерыканская, казарка канадская, 2 віды калібры, сойка блакітная, ласосеакунь, чукучан. Тыповыя прадстаўнікі фауны — алень паўночны (карыбу), андатра, бабёр канадскі, баран снежны, мядзведзі (барыбал. белы, грызлі), сурок лясны, суслік даўгахвосты (арктычны), курапаткі белая і тундравая, сава палярная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., паміж Баранцавым і Карскім морамі, у Архангельскай вобл. (Расія). Пл. каля 83 тыс.км². Уключае 2 вял. астравы — Паўночны (48,9 тыс.км²) і Паўднёвы (33,3 тыс.км²), раздзеленыя пралівам Матаччын Шар, і дробныя астравы. Берагі фіёрдападобныя. Рэльеф горны, выш. да 1547 м (на Паўн. в-ве). Горы складзены з асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі) і вывергнутых парод. Клімат марскі арктычны, суровы. Сярэднія т-ры сак. (самы халодны месяц) ад -14 °C да -22 °C, жн. 2,5—6,5 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Каля 25% плошчы ўкрыта ледзяным покрывам, у т. л. на Паўн. в-ве самы вял. па плошчы ў Расіі покрыўны ледавік (20 тыс.км²). Усяго больш за 680 ледавікоў. Уваходзіць у зону арктычных пустынь, частка Паўд. в-ва — у зону арктычных тундраў. Растуць лішайнікі і імхі (каля 450 відаў), па далінах і паўд. схілах хмызнякі (карлікавыя вярба і бяроза). У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Птушыныя «кірмашы» (кайры, чайкі, чысцікі). У прыбярэжнай зоне цюлені, маржы, з рыб — траска, сёмга, омуль. Промысел пясца і марскіх жывёл. Палярныя станцыі. На Н.З. шмат гадоў праводзіліся выпрабаванні ядзернай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫНО́КА (Orinoco),
рака на Пн Паўднёвай Амерыкі, у Венесуэле і Калумбіі. Даўжыня 2730 км, плошча басейна больш за 1 млн.км². Пачынаецца ў паўднёва-заходняй частцы Гвіянскага пласкагор’я, цячэ на Паўночны Усход сярод астанцовых гор Гвіянскага шчыта, утварае шматлікія парогі, вадаспады да 17 м, месцамі цясніны; ніжняе цячэнне Арынока — на Гвіянскай нізіне; упадае ў Атлантычны акіян. Асноўныя прытокі: Каўра, Карані (справа); Гуаўярэ, Мета, Араўка, Апурэ (злева). У вярхоўях ад Арынока аддзяляецца рака Касік’ярэ, па рэчышчы якой каля 1/3 сцёку паступае ў басейн ракі Амазонка (з’ява біфуркацыі рэк). За 200 км ад акіяна — шырокая дэльта (плошча каля 20 тысяч км²), дзе рака падзяляецца на 36 рукавоў (найбольшыя Манама, Макарэа — суднаходны, Бока-Грандэ і іншыя. Марскія прылівы на 400 кіламетраў ад вусця.
Сярэдні расход вады каля 29 тысяч м³/с, гадавы сцёк каля 915 км³. Дажджавыя паводкі з красавіка да кастрычніка. Цвёрды сцёк да 45 млн.т за год. Марское суднаходства — да горада Сьюдад-Балівар, рачное — да горада Пуэрта-Аякуча (Венесуэла), у перыяд дажджоў — да вусця ракі Гуаўярэ (з перарывамі каля парогаў). Каскад ГЭС (найбольшыя — Гуры, на рацэ Карані). На Арынока гарады Санта-Барбара, Пуэрта-Аякуча, Сьюдад-Балівар, Пуэрта-Ардас (Венесуэла), Пуэрта-Карэньё (Калумбія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК ВАЕ́ННЫ,
ваенна-паліт. саюз або пагадненне дзяржаў для сумесных дзеянняў у вырашэнні агульных паліт., эканам. і ваен. задач. Ствараюцца пераважна ў мірны час.
Блокі ваенныя існавалі са стараж. часоў. У гісторыі найб. вядомыя блокі ваенныя: ваен. саюз Францыі, Даніі, Швецыі, Галандыі і італьян. дзяржаў супраць Іспаніі ў Трыццацігадовай вайне 1618—48, «Паўночны саюз» (Расія, Данія, Рэч Паспалітая, Саксонія, пазней Францыя і Турцыя), які выступіў супраць Швецыі ў Паўночнай вайне 1700—21, і інш. Да 1-й сусв. вайны ўтварыліся 2 асн. блокі ваенныя: Траісты саюз 1882 (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія); яму процістаялі ваен. саюз Францыі і Расіі (1892) і Антанта — саюз Вялікабрытаніі і Францыі (1904), якія ў 1907 аб’ядналіся ў «Траістую згоду» («Траістая Антанта) — саюз Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны створаны «Антыкамінтэрнаўскі пакт» 1936 паміж Германіяй і Японіяй, да якога далучыліся ў 1937 Італія, у 1939 Венгрыя, Іспанія і інш. Яму процістаяла антыгітлераўская кааліцыя (1942), у якую ўвайшлі Вялікабрытанія, ЗША, СССР, Францыя і інш. (усяго 26 краін). У перыяд «халоднай вайны» ўзнікла сістэма блокаў ваенных, гал. сярод якіх Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО, 1949) і Варшаўскі дагавор 1955 (распушчаны ў 1991). Створаны таксама Арганізацыя дагавору Паўднёва-Ўсходняй Азіі (СЕАТО, 1954), Арганізацыя Цэнтральнага дагавору (1955), Азіяцка-Ціхаакіянскі савет (АЗПАК, 1966), Ціхаакіянская ваенная групоўка (АНЗЮС, 1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАГРА́Д (Vitis),
род раслін сям. вінаградавых. Вядома каля 70 відаў, пашыраных у Еўразіі і Амерыцы; на Беларусі 5 відаў. Вінаград культурны, або еўрапейскі (Vitis vinifera), вырошчваюць ва ўсім свеце паміж 20—40°паўн. ш. і 35—45°паўд. ш., ад 20 да 3000 м над узр. мора. Найб. плошчы ў Іспаніі, Італіі, Францыі, Азербайджане, Малдове, Украіне, Расіі. Культурны вінаград узнік ад дзікага ў працэсе працяглай эвалюцыі, натуральнага і штучнага адбору, існуе больш за 20 тыс. сартоў. Вырошчваюць таксама паўн.-амер. віды: вінаград Ізабела (Vitis labrusca), вінаград скальны (Vitis rupestris) і інш., якія часта выкарыстоўваюць у якасці філаксераўстойлівага прышчэпа; вінаград амурскі (Vitis amurensis), вінаград лісіны (Vitis vulpina) і інш. — для азелянення.
Шматгадовыя дрэвавыя ліяны з доўгімі (3—5 м) тонкімі аднагадовымі парасткамі і магутнай каранёвай сістэмай. Кветкі двухполыя або функцыянальна жаночыя, дробныя, зялёныя, сабраныя ў мяцёлчатае суквецце. Апыленне перакрыжаванае і самаапыленне. Цепла- і святлолюбівая расліна, якая не выносіць пераўвільгатнення, расце на лёгкіх урадлівых глебах, адчувальная да позніх веснавых і ранніх асенніх замаразкаў. Ва ўмовах Беларусі цвіце ў чэрв.—ліпені, ягады паспяваюць у канцы жніўня — пач. верасня. Ягады багатыя цукрамі, арган, кіслотамі, вітамінамі групы B, C, D. Выкарыстоўваюцца свежыя і на перапрацоўку (разынкі, сокі, віно і інш.), у лек. мэтах (гл.Ампелатэрапія). Найб. пашыраныя ў Беларусі сарты — Касманаўт, Паўночны ранні, Краса Поўначы, Мічурынскі. Гл. таксама Вінаградарства.