помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.А.Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.М.Аляксееў з удзелам К.І.Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.Кларк). Пасля набыцця палаца І.Ф.Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял.Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.Панятоўскага (скульпт. Б.Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).
В.Ф.Марозаў, В.Р.Анціпаў.
Галоўны корпус Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.Да арт.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Інтэр’ер палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́СКІ,
складаны, насычаны арнамент, заснаваны на мудрагелістым перапляценні геам. і стылізаваных раслінных матываў; часам уключае і надпісы. Развіўся ў пластычных мастацтвах арабскіх краін. У эпоху Адраджэння ў Еўропе арабескі наз. любы арнамент, які складаўся з пераплеценых ліній, стужак ці галінак. У бел. мастацтве арабескі захаваліся ў аздобе драўляных царскіх варот Благавешчанскай царквы Супрасльскага манастыра (16 ст.), у гравіраваным дэкоры шклянога посуду мануфактур Урэчча і Налібакаў (18 ст.), каваных алтарных перагародак (Троіцкі касцёл у Ружанах Пружанскага р-на, 18 ст.), каваных дзвярах бернардзінскага касцёла ў Гродне (17 ст.) і інш. Арабескі былі ўпрыгожаны шпалеры, што аздаблялі сцены гар.палаца Радзівілаў у Нясвіжы ў 18 ст., дываны Гродзенскай ткацкай мануфактуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́МАВІЦКІ ПАРК «БЯЛЬМО́НТЫ»,
помнік садова-паркавага мастацтва Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Ахрэмаўцы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.), на паўн.-ўсх. беразе воз. Дрывяты. Быў часткай палацава-паркавага ансамбля маёнтка графа Патоцкага (мураваны палац знішчаны ў 1914). Пл. 65 га, вакол парку 300-метровая паласа лесу. Размешчаны на 2 раўнінных участках са значным перападам рэльефу паміж імі, які аформлены 3 вузкімі тэрасамі з сістэмай усходаў (не зберагліся).
Кампазіцыя верхняй тэрасы мае рысы рэгулярнага стылю. Па восі палаца размешчаны шырокі партэр з газонамі і 2 штучныя вадаёмы авальнай формы. Ніжняя ч. парку з маляўнічымі сажалкамі, пратокамі і астравамі мае рамантычны пейзажны характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКАЯ КА́ФЛЯ,
вырабы 15—19 ст., знойдзеныя пры археал. раскопках на тэр.Гальшанскага палаца і ў цэнтры в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Да 15 ст. адносяцца т.зв. гаршковыя кафлі з квадратным вусцем. Кафлі 16 ст. маюць шырокае круглае вусце. У 2-й пал. 16 ст. выраблялі кафлі з аздобленай вонкавай пласцінай і каробкападобнай румпай. Кафлі 17 ст. дэкарыраваны геральдычным (звязаным з родам Сапегаў), расл. і геам. арнаментам, пакрыты глазурай (глухой белай, карычневай, жоўтай або празрыстай зялёнай). Вырабы 16—17 ст. маюць рамку па краі вонкавай пласціны. Кафлі 18 ст. ўласцівы спрошчаны малюнак, адсутнасць рамкі. Вырабы 19 ст. пакрываліся зялёнай і белай палівай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАПО́Н (сапр.Гапон-Новых) Георгій Апалонавіч
(17.2.1870, в. Белякі Палтаўскай вобл., Украіна — 10.4.1906),
свяшчэннік, удзельнік падзей 1905 у Расіі. Скончыў Палтаўскую семінарыю (1893), у 1898—1903 вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1902 быў звязаны з нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатавым. У 1903 стварыў арг-цыю «Сход рускіх фабрычна-заводскіх рабочых Санкт-Пецярбурга». Ініцыятар петыцыі пецярбургскіх рабочых да імператара Мікалая II і шэсця да Зімняга палацадзевятага студзеня 1905, якое закончылася расстрэлам дэманстрантаў. Да кастр. 1905 у эміграцыі. Намагаўся пранікнуць у «баявую арг-цыю» эсэраў, але быў выкрыты і паводле прыгавору павешаны ў Азёрках (каля Пецярбурга).
Тв.:
История моей жизни. М., 1990.
Літ.:
Лурье Ф.М. Гапон и Зубатов // Лурье Ф.М. Полицейские и провокаторы. СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЕ́ЕЎ (Фёдар Гардзеевіч) (1744, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія — 4.2.1810),
рускі скульптар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1759—67), у 1762—72 у Парыжы і ў Рыме. Акад. Пецярбургскай АМ (1776). З 1782 праф., з 1802 рэктар акадэміі. Ад драм. кампазіцый у духу барока («Праметэй», 1769) перайшоў да ясных і спакойных вобразаў, характэрных для класіцызму. Аўтар рэльефаў для фасадаў і інтэр’ераў палаца ў Астанкіне (1794—98), Казанскага сабора ў Пецярбургу (1804—07), надмагілляў Галіцыных (1780—90-я г.). Кіраваў адліўкай бронзавых статуй для фантанаў Петрадварца, устаноўкай помнікаў Пятру I (скульпт. Э.М.Фальканэ) і А.В.Сувораву (скульпт. М.Казлоўскі) у Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНІ́,
старажытнаармянскія крэпасць і паселішча за 27 км на У ад Ерэвана. Засн. каля 2 ст. да н.э. на месцы энеалітычнага паселішча. Да 5 ст.н.э. была летняй рэзідэнцыяй арм. цароў. Існавала і ў сярэднія вякі (зруйнаваная землетрасеннем 1679). Захаваліся руіны крапасной сцяны, вежаў, палаца з параднай залай, вінаробняй і лазняй з мазаічнай падлогай (2—3 ст.), язычніцкага храма (1 ст.; адноўлены ў 1975), круглага купальнага хрысц. храма (6 ст.). У паселішчы пры крэпасці — базіліка (5 ст.), руіны шматлікіх арх. збудаванняў (4—17 ст.), надмагільныя пліты-хачкары.
Да арт.Гарні. Рэшткі язычніцкага храма. 2-я пал. 1 ст.Да арт.Гарні. Язычніцкі храм. 2-я пал. 1 ст. (адноўлены ў 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРЫ́ШЫНА (Валянціна Іванаўна) (н. 4.7.1942, г.п. Лясны Кіраўскай вобл., Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1962), Бел.тэатр.-маст.Ін-т (1968). Сярод работ у кераміцы — кампазіцыі «Восеньскі букет» (1983), «Старое люстэрка» (1991); цыкл аб’ёмнай пластыкі з фаянсу «Ноч нараджэння», «Пейзаж з птушкай», «Дрэва, якое спявае» і інш. (1989); серыя дэкар. пластоў «І ўпала на зямлю зорка» (1996) і інш. Аўтар габеленаў «Залаты сад» (1979, з Г.Гаркуновым) у пасольстве Беларусі ў Індыі, габелены-заслоны «Натхненне» (1982, з Гаркуновым) для Барысаўскага Палаца культуры, «Шчодрасць зямлі бацькоў» (1984). Творчая манера вылучаецца дакладнасцю трактоўкі вобразна-пластычнай ідэі, тонкім адчуваннем колеру.
В.Грыгарышына. Серыя дэкаратыўных пластоў «I ўпала на зямлю зорка...». 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯ́ЛА-ПАДЛЯ́СКА (Biała Podliaska),
горад на У Польшчы, на р. Кшна. Адм. ц.Бельскападляскага ваяводства. 55,6 тыс.ж. (1993). Прам-сць: шарсцяная, швейная, мэблевая, трансп. машынабудаванне, электратэхн., харч., буд. матэрыялаў. Гандл. цэнтр (міжнар. кірмашы «Усход—Захад» і інш.). Вузел дарог на чыгунцы і аўтатрасе Варшава—Брэст. Турызм. Філіял Варшаўскай акадэміі фіз. выхавання. Акруговы музей. Помнікі архітэктуры: касцёлы 16—18 ст., рэшткі палаца Радзівілаў (1622), сістэма абарончых бастыёнаў (17 ст.) і інш.
Упершыню ўпамінаецца як горад у 1522, уласнасць Радзівілаў. З 1628 у Бяла-Падлясцы філіял Кракаўскай акадэміі. Адзін з цэнтраў паўстання 1863—64. У 2-ю сусв. вайну ў Бяла-Падлясцы гета (1941—42), лагер сав. ваеннапалонных (1941—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́Н (Commines, Comines, Commynes, Comynes) Філіп дэ (каля 1447, г. Камін, Бельгія — 18.10.1511), французскі дзярж. дзеяч, гісторык. З фламандскай дваранскай сям’і. З 1464 на службе ў бургундскіх герцагаў, адзін з дарадчыкаў Карла Смелага, выконваў дыпламат. даручэнні. З 1472 бліжэйшы дарадчык караля Людовіка XI, пасля яго смерці (1483) чл. рэгенцкага савета пры непаўналетнім Карле VIII. За ўдзел у антыўрадавай апазіцыі сасланы ў правінцыю (1489). З 1491 зноў пры двары. Удзельнік італьянскіх войн 1495—1559. Аўтар «Мемуараў», у якіх адлюстравана гісторыя Францыі і Еўропы ў 2-й пал. 15 ст. Лічыцца пачынальнікам франц.паліт. гісторыі.
Тв.:
Рус.пер. — Мемуары. М., 1986.
Дз.М.Чаркасаў.
Схема каміна.Камін у адной з залаў палаца ў г. Нясвіж Мінскай вобл.