ВАСЮКО́ВА (Галіна Георгіеўна) (н. 21.3.1927, г. Барысаў Мінскай вобл.),

руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). У 1944 вывезена ў Германію, з сак. 1945 у атрадзе Супраціўлення ў Чэхаславакіі. Друкуецца з 1957. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцяў і вершаў для дзяцей («Старэйшы брат», 1959; «Розныя гісторыі», 1966; «Лялькаград», 1970; «Трывожныя дні», 1983, і інш.). У яе творах добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даходліва, з гумарам расказаць пра з’явы рэчаіснасці, падзеі вайны.

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯДО́Р СІЦЫЛІ́ЙСКІ (грэч. Diodōros Sikeliōtēs; каля 90, Агірыён, в-аў Сіцылія — 21 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык. Аўтар працы «Гістарычная бібліятэка» (40 кн.; захаваліся 1—5 і 11—20, астатнія — у фрагментах), дзе сінхронна выкладаюцца падзеі з гісторыі стараж. Грэцыі, эліністычных дзяржаў, Рыма і Усходу з легендарных часоў да сярэдзіны 1 ст. да н.э.

Літ.:

Строгецкий В.М. Возникновение и развитие исторической мысли в Древней Греции: (На материале изучения «Исторической библиотеки» Диодора Сицилийского). Горький, 1985.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАДО́ЛЬНАЯ СІ́ЛА, форс-мажор (лац. vis major, франц. force majeure) у праве, падзеі, надзвычайныя абставіны, якія не могуць быць прадугледжаны, прадухілены або ліквідаваны якімі-н. мерамі. Да Н.с. ў заканадаўстве і дагаворнай практыцы адносяць стыхійныя бедствы (напр., землетрасенні, навадненні) і інш. непрадбачаныя і непазбежныя абставіны. У выніку Н.с. адзін з бакоў у цывільна-прававых адносінах міжвольна становіцца прычынай страт другому. У такой сітуацыі Н.с. з’яўляецца акалічнасцю, якая вызваляе ад адказнасці.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫВА́ЛЬШЧЫНА, быль,

жанр няказкавай прозы, прымхлівы аповяд пра падзеі, звязаныя з міфалагічнымі персанажамі, дэманічнымі істотамі (лясун, вадзянік, русалкі, ведзьма, ваўкалак, пярэварацень і інш.), пра мерцвякоў, зачараваныя скарбы, чарцей і г.д. Сустракаюцца ў слав. і інш. народаў. Бывальшчына найчасцей перадае быццам бы рэальны факт, але выкарыстоўвае фантазію, маст. выдумку. У адрозненне ад блізкіх па змесце былічак апавяданне ў бывальшчыне часта ідзе ад трэцяй асобы. Аповяд у бывальшчыне, страціўшы рысы ўспамінаў рэальнага відавочніка падзеі, набывае самастойнае бытаванне і адносную сюжэтную ўстойлівасць у варыянтах. Бывальшчыне характэрна сувязь з традыц. вераваннямі, прымеркаванасць да пэўнай мясцовасці, абагульненасць і фабульнасць. Бел. бывальшчыны запісвалі П.​Шпілеўскі, М.​Федароўскі, А.​Сержпутоўскі, У.​Дабравольскі, Л.​Бараг і інш. фалькларысты, апрацоўвалі Я.​Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Я.​Колас і інш. пісьменнікі.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Нечистики: Свод простонар. в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. Вильна, 1907;

Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;

Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876;

Максимов С.В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1994;

Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШЫ́РАЎ (Гумер Башыравіч) (н. 7.1.1901, с. Янга-Сала Арскага р-на, Татарстан),

татарскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў у 1931 (апавяданне «Кроў Хашыма»), Збіраў і даследаваў тат. фальклор, які паўплываў на характар яго творчасці. У творах падзеі грамадз. і Вял. Айч. войнаў, жыццё вёскі (аповесці «Сіваш», 1937; «Родны край — зялёная мая калыска», 1967; зб-кі апавяданняў «Помста», 1942; «Гарманіст», 1943; раманы «Гонар», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Добрай раніцы», 1963; «Сем крыніц Алтынбікэ», кн. 1—2, 1977—78.

т. 2, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫЛО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Фаміч; н. 10.7.1937, в. Астражанка Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Працаваў настаўнікам, на Бел. радыё, у рэд. газ. «Звязда», у выд-вах «Беларусь» (1964—71, 1981—83), «Мастацкая літаратура» (1973—81). Друкуецца з 1960. Асн. тэматыка творчасці — сучаснае жыццё вёскі, маральна-этычныя праблемы, падзеі мінулай вайны, чарнобыльская катастрофа. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Скрозь жывуць людзі» (1968), «Засада» (1979), «Дні ціхай восені» (1981), «Чужы сваяк» (1987). Піша для дзяцей.

т. 8, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАНО́ЦКАЯ СПРА́ВА»,

часопіс у Заходняй Беларусі. Орган Аб’яднання бел. жанчын імя А.​Пашкевіч (Цёткі). Выдаваўся ў сак.ліст. 1931 у Вільні на бел. мове. Узнімаў актуальныя пытанні жыцця, побыту, грамадскага становішча жанчын Зах. Беларусі, інфармаваў пра паліт. і грамадскія падзеі, жаночы рух у розных краінах свету, змяшчаў літ. матэрыялы. Садзейнічаў пашырэнню нац. свядомасці бел. жанчын, яднаў іх на грунце грамадскай працы і агульнаасв. задач. Меў рубрыкі «Парады маці», «Пытанні і адказы», «Наша пошта» і інш.

А.​С.​Ліс.

т. 6, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХГЕШЫ́ХТЭ (ням. Nachgeschichte гісторыя, што адбылася пасля),

у літаратурным творы сціслыя звесткі пра герояў і падзеі, што адбыліся пасля развязкі. Разам з тэрмінам форгешыхтэ ўведзены ў рас. літ.-знаўства ў 1920-я г. Ад эпілога адрозніваецца лаканічнасцю інфармацыі і звычайна не вылучаецца ў адзінае кампазіцыйнае цэлае твора. Часцей практыкуецца ў малой прозе («У старых дубах» Я.​Коласа, «Былі ў мяне мядзведзі» У.​Караткевіча, «У канцы чэрвеня» Л.​Арабей), трапляецца і ў буйных эпічных творах («Лявон Бушмар», «Бацькаўшчына» К.​Чорнага).

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС ВЁСКІ»,

газета. Выдавалася з 1.10.1941 да 16.6.1944 у Мінску на бел. мове з дазволу і пры дапамозе герм. улад. Распаўсюджвалася пераважна ў сельскіх раёнах акупіраванай тэр. Беларусі. Друкавала распараджэнні акупац. улад, прамовы А.​Гітлера, А.​Розенберга, В.​Кубэ, тэндэнцыйна асвятляла падзеі на франтах 2-й сусв. вайны. Усхваляла гітлераўскі «новы аграрны парадак», аналізавала гасп. магчымасці бел. зямель, сял. жыццё ў замежных краінах. Асвятляла пытанні гісторыі і культуры Беларусі. Апублікавала раман «Насуперак лёсу» М.​Дуброўскага (Р.​Мурашкі). Выйшла 130 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬМАЛЬД (Helmold; каля 1125 — пасля 1177),

нямецкі сярэдневяковы храніст. З 1156 свяшчэннік у г. Босаў (каля сучаснага г. Ольдэнбург), місіянер. У 1162—72 склаў на лац. мове «Славянскую хроніку», у якой апісаў заваяванне, каланізацыю зямель палабскіх славян (бодрычаў, ваграў) і іх хрысціянізацыю герм. феадаламі ў час праўлення Генрыха Льва. Для часткі хронікі (9—11 ст.) выкарыстаў пераважна творы Адама Брэменскага, але падзеі 12 ст. (да 1171) апісаў на падставе ўласных назіранняў і звестак відавочцаў. Пазней «Хроніку» прадоўжыў (да 1209) манах Арнольд Любекскі.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)