ЛОК ((Locke) Джон) (29.8.1632, Рынгтан, Вялікабрытанія — 28.10.1704),
англійскі філосаф і паліт. мысліцель, заснавальнік лібералізму, асацыятыўнай псіхалогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1668). Скончыў Оксфардскі каледж. У 1667—69 жыў у Францыі і Галандыі. У цэнтры філасофіі Л. — тэорыя пазнання, заснаваная на адмаўленні існавання прыроджаных ідэй і прынцыпаў. Паводле Л., усе чалавечыя веды зыходзяць з вопыту; вопыт складаецца з простых ідэй — пачуццёвых уражанняў і назіранняў, якому розум падпарадкоўвае сваю дзейнасць («Вопыт пра чалавечы розум», 1690). Развіў вучэнне пра першасныя і другасныя якасці і тэорыю ўтварэння агульных ідэй (абстракцый). Яго сац.-паліт. канцэпцыя абапіраецца на звычаёвае права і тэорыю грамадскага дагавору («Два трактаты пра кіраванне», 1690). Распрацоўваў праблемы фарміравання грамадзянскай супольнасці і ўзнікнення дзяржавы, тэорыі раздзялення ўлад, як гал. элемента прававой дзяржавы. Абгрунтаваў палажэнне аб прыватнай уласнасці як неад’емным атрыбуце чалавека, узаемасувязі прыватнай уласнасці з працай чалавека і яго дабрабытам. У педагогіцы зыходзіў з вырашальнага ўплыву асяроддзя на выхаванне («Некаторыя думкі аб педагогіцы», 1693). Яго творы ў 18—19 ст. паўплывалі на развіццё тэорыі натуральнага права, канцэпцый грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы ў Беларусі, Літве і Польшчы (Б.Дабшэвіч, А.Доўгірд, К.Нарбут, А.Скарульскі, Я.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш.).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. филос. произв. Т. 1—2. М., 1960.
Літ.:
Нарский И.С. Философия Джона Локка. М. 1960;
Соколов В.В. Европейская философия XV—XVII вв. М., 1984. С. 402—427.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАМЕ́ТРЫЯ (ад астра... + ...метрыя),
раздзел астраноміі, які вывучае ўзаемнае размяшчэнне нябесных целаў у прасторы і змену яго з цягам часу, а таксама памеры і форму планет і іх спадарожнікаў. Уключае фундаментальную астраметрыю (вызначае найб. дакладную сістэму сферычных каардынат), сферычную астраномію (распрацоўвае матэм. метады рашэння задач, звязаных з бачным размяшчэннем і рухам свяціл на нябеснай сферы), практычную астраномію (распрацоўвае астранамічныя інструменты і прылады). Да астраметрыі належыць таксама вызначэнне момантаў сонечных і месяцавых зацьменняў, вырашэнне праблем календара. На падставе астраметрычных назіранняў вызначаны шкала дакладнага часу, даныя пра становішча восі вярчэння Зямлі ў прасторы і ў целе Зямлі, сістэма астранамічных пастаянных, каталогі зорак, пунктаў зямной паверхні з астр. каардынатамі і пунктаў з планетаграфічнымі каардынатамі на паверхні Месяца, Марса, Меркурыя і інш. планет. Еўрапейскае касмічнае агенцтва ў 1989 запусціла астраметрычны спадарожнік «Гіпаркос», які вызначыў каардынаты, уласныя рухі і трыганаметрычныя паралаксы 118 тыс. зорак з дакладнасцю да 2-тысячных доляў вуглавой секунды і амаль для мільёна зорак з меншай дакладнасцю. Выкарыстанне ў астраметрыі сродкаў радыё-, электроннай і выліч. тэхнікі дазваляе выконваць арыентацыю касм. апаратаў у час працяглых міжпланетных палётаў, назіраць ШСЗ і інш. Метадамі астраметрыі карыстаюцца ў геадэзіі, картаграфіі і навігацыі.
Літ.:
Подобед В.В., Нестеров В.В. Обшая астрометрия. 2 изд. М., 1982;
Бакулин П.Н. Фундаментальные каталоги звезд. 2 изд. М., 1980;
Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977;
Положенцев Д.Д. Радио- и космическая астрометрия. Л., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛОТ (Клот фон Юргенсбург),
сям’я расійскіх мастакоў 19 ст. Нарадзіліся ў Пецярбургу.
Пётр Карлавіч (5.6.1805—20.11.1867), скульптар і ліцейны майстар. З 1829 наведваў класы Пецярбургскай АМ, з 1838 яе праф. і заг. ліцейнай майстэрні. Працаваў у анімалістычнай манум. скульптуры і дробнай пластыцы. У творчасці спалучаў традыцыі класіцызму з імкненнем да непасрэднай фіксацыі жыццёвых назіранняў. Сярод твораў: 4 групы ўтаймавальнікаў коней на Анічкавым мосце (1833—49), помнікі І.Крылову ў Летнім садзе (1848—55) і Мікалаю I (1856—59, з М.Рамазанавым і Р.Залеманам) — усе ў Пецярбургу; «Кабыла з жарабём» (1854—55) і інш.Міхаіл Канстанцінавіч (11.1.1833—29.5.1902), жывапісец. Пляменнік Пятра Карлавіча. Скончыў Пецярбургскую АМ (1858), у 1871—86 праф.-кіраўнік яе пейзажнага класа. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). У 1858—61 у Швейцарыі і Францыі. Аўтар рэаліст. пейзажаў рус. вёскі: «Вялікая дарога ў восень» (1863), «На раллі» (1872), «Лясная далечыня апоўдні» (1876—78) і інш.Міхаіл Пятровіч (29.9.1835—20.1.1914), жывапісец. Сын Пятра Карлавіча. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1895). Вучыўся ў А.Агіна, скончыў Пецярбургскую АМ (1861). У 1857—60 у Парыжы, у 1862—65 у Мюнхене. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак. Аўтар сентыментальных жанравых кампазіцый: «Рыбакі фіны» (1855), «Хворы музыкант» (1859), «Апошняя вясна» (1861), «Чорная лава» (1871) і інш.
Да арт.Клот. П.Клот. Утаймавальнік каня. Скульптурная група на Анічкавым мосце ў Пецярбургу. 1833—49.Да арт.Клот. М.К.Клот. На раллі. 1872.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РАПІСЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫЯ,
спецыяльныя статыстычныя абследаванні, якія фіксуюць поўны ўлік і характарыстыку адзінак вывучаемай сукупнасці. Уключаюць: суцэльную рэгістрацыю адзінак, што складаюць якую-н. з’яву; правядзенне назіранняў на пэўны момант Часу; максімальна кароткі тэрмін П.с.; запіс сабраных звестак у спец. фармуляр (перапісны ліст); перыядычнасць П.с. з мэтай супастаўлення вынікаў. Адрозніваюць П.с. перыядычныя (перапісы насельніцтва, рэдкіх металаў, вагонаў і інш.); неперыядычныя, або разавыя (асн. фондаў, работнікаў, жыллёвага фонду і інш.), прамысловыя (абследаванні прадпрыемстваў), сельскагаспадарчыя (збор звестак пра элементы с.-г. вытв-сці), гнездавыя (некат. групы насельніцтва, пэўныя тэрыторыі і інш.).
Улік насельніцтва вядомы са стараж. часоў. У Расіі ў 1638 праведзены першы перапіс промыслаў і заняткаў насельніцтва, царк. прыходаў. У 18 ст. для перапісаў распрацоўваліся спец. праграмы і інструкцыі; П.с. рэгістраваліся ў спец. кнігах (пісцовых, дарожных. межавых). Пасля рэформы 1861 праводзіліся перапісы для ацэнкі эканам. патэнцыялу, становішча краіны: сялянскіх абшчын, ваенна-конныя, абследаванне саматужнай прам-сці і інш. У 1916 зроблены 1-ы с.-г. перапіс. Пасля 1917 праводзіліся перапісы камунальных прадпрыемстваў, матэрыяльных рэсурсаў, аб’ектаў буд-ва, пасяўных плошчаў, пладова-ягадных насаджэнняў, жывёлы, с.-г. тэхнікі і інш.
На Беларусі ў 1900-я г. праводзіліся П.с.: неўстаноўленага абсталявання і асн. фондаў (практычна кожны год), жывёлы ў грамадскіх гаспадарках і ў насельніцтва, садоў і садовых пладова-ягадных культур (1998), прыватных гандл. прадпрыемстваў і аб’ектаў незавершанага буд-ва (2000). У інш. краінах П.с. праводзяцца пераважна для ўліку насельніцтва. У міжнар. статыстыцы вядомы сусв. перапіс насельніцтва і перапіс валют.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХАНО́ЎСКІ ((Kochanowski) Ян) (1530, в. Сыцына каля г. Радам, Польшча — 22.8.1584),
польскі паэт эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Кракаўскім, Крулявецкім (Кёнігсбергскім), Падуанскім ун-тах. У 1559—70 служыў пры дварах магнатаў, у т. л. Мікалая Радзівіла Чорнага. Пісаў на польск. і лац. мовах. У польскамоўных паэмах «Згода» і «Сатыр, або Дзікі муж» (абедзве 1564), паэме-элегіі «Муза» (каля 1567) уздымаў актуальныя сац.-паліт. тэмы і эстэт праблемы. Аўтар паэмы «Сцяг, або Пруская прысяга» (1569), лірычнай трагедыі «Адказ грэчаскім паслам» (1578), перакладу «Псалмы Давіда» (1578, з’явілася ўзорам для «Псалтыры рыфматворнай» Сімяона Полацкага). Лепшы лірычны цыкл — 19 плачаў-элегій «Трэны» (1580), напісаных на смерць дачкі Уршулі і прасякнутых глыбокім жалем, філас. роздумам пра жыццё чалавека. Жартоўным зместам і трапнасцю грамадскіх і быт.назіранняў вызначаюцца яго эпіграмы-мініяцюры «Фрашкі» (кн. 1—2, 1584). Вяршыня паэт. майстэрства К. — «Песні» (кн. 1—2, 1586), разнастайныя па рытміцы і строфіцы, змесце і танальнасці. Сярод песень «Узяцце Полацка» (1580). Шэраг твораў прысвяціў М.Радзівілу Чорнаму, яго жонцы Альжбеце, акраверш Крыштофу Радзівілу. Гуманіст. пафас твораў і версіфікатарская культура К. спрыялі станаўленню нац. польск. паэзіі і паўплывалі на творчасць А.Рымшы, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў У.Мархель.
Тв.:
Dzieła wszystkie. T. 1—2, 4. Warszawa, 1982—92;
Dzieła polskie. T. 1—2. 10 wyd. Warszawa, 1980;
Рус.пер. — Стихотворения. М., 1980.
Літ.:
Мархель У.І. Ян Каханоўскі ў Беларусі (XVI—XIX стст.) // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 3;
Korolko M. Jan Kochanowski: Żywot i sprawy. Warszawa, 1985;
Pelc J. Jan Kochanowski poeta renesansu. Warszawa, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁАСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які вывучае нябесныя целы па іх радыёвыпрамяненні. Узнікненне Р. звязана з адкрыццём радыёвыпрамянення нашай Галактыкі на хвалі 14,7 м (1931, амер. радыёінж. К.Янскі). Паводле аб’ектаў даследавання Р. падзяляюць на галактычную (вывучае аб’екты нашай Галактыкі) і пазагалактычную. Аб’ектамі даследавання з’яўляюцца Сонца (гл.Радыёвыпрамяненне Сонца), міжпланетнае асяроддзе, міжзорнае асяроддзе. Метадамі Р. адкрыты новыя віды крыніц касм.эл.-магн. выпрамянення: у нашай Галактыцы — рэшткі звышновых зорак (напр., Крабападобная туманнасць), пульсары, вобласці вадароду HII і інш., пазагалактычныя — радыёгалактыкі, квазары, а таксама рэліктавае выпрамяненне.
Касм. радыёвыпрамяненне даследуюць пры дапамозе радыётэлескопаў, высокая адчувальнасць і раздзяляльная здольнасць якіх перавышаюць магчымасці аптычных тэлескопаў. На аснове буйных радыётэлескопаў створана глабальная радыёінтэрферэнцыйная сетка (раздзяленне вышэй за 0,001"). Дыяпазон наземных радыёастр. назіранняў вызначаецца празрыстасцю зямной атмасферы (даўж. хваль ад 1 мм да 30 м); для радыётэлескопаў на ШСЗ гэты дыяпазон значна шырэйшы. Вымяральнай велічынёй у Р. з’яўляецца прырашчэнне колькасці выпрамянення пры навядзенні радыётэлескопа на аб’ект. Радыёвыпрамяненне касм. аб’ектаў вызначаецца механізмам выпрамянення, умовамі генерацыі і распаўсюджвання радыёхваль, энергіяй выпраменьвальных часціц і магн. поля. Неперарыўнае выпрамяненне касм. крыніц абумоўлена сінхратронным і цеплавым механізмам (гл.Сінхратроннае выпрамяненне, Цеплавое выпрамяненне), выпрамяненне ў вузкіх лініях — пераходамі паміж узроўнямі энергіі атамаў і малекул. Устаноўлена, што працяглыя кампаненты крыніц радыёвыпрамянення, звязанага з радыёгалактыкамі, — гэта намагнічаныя воблакі разрэджанага газу, напоўненыя касмічнымі прамянямі. Р. мае практычнае дастасаванне ў навігацыі, пасіўнай лакацыі, антэннай тэхніцы і інш.Гл. таксама Радыёлакацыйная астраномія.
Літ.:
Галактическая и внегалактическая радиоастрономия: Пер. с англ.М., 1976;
Матвеенко Л.И. Радиоастрономия. М., 1977 (Астрономия. Т. 13);
Апушкинский Г.П. Методы радиоастрономии. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕРО́МЕТР [ад лац. inter паміж + ferens (ferentis) які нясе, пераносіць + ... метр],
вымяральная прылада, дзеянне якой заснавана на інтэрферэнцыі хваль. Існуюць аптычныя і радыёінтэрферометры для эл.-магн. хваль і акустычныя І. для гукавых.
У аптычных I. (найб. пашыраны) зыходны пучок святла раздзяляецца на 2 ці больш узаемна кагерэнтных (гл.Кагерэнтнасць) прамянёў, якія праходзяць розныя аптычныя шляхі, а потым зводзяцца разам і ствараюць інтэрферэнцыйную карціну. Аналіз яе дае неабходную інфармацыю. Шматпрамянёвыя І. выкарыстоўваюцца ў асн. як спектрометры, двухпрамянёвыя — як тэхн. прылады. Імі вымяраюць даўжыні хваль спектральных ліній, паказчыкі пераламлення празрыстых асяроддзяў, памеры і перамяшчэнні цел, вуглавыя памеры зорак, кантралююць форму, мікрарэльеф і дэфармацыю паверхняў аптычных дэталей, чысціню метал. паверхні і інш. У лазерных І. у параўнанні са звычайнымі аптычнымі дасягаецца павышаная дакладнасць вымярэння адлегласцей, скарасцей руху, розных фіз. характарыстык аб’ектаў, высокаскарасных працэсаў і з’яў. Ёсць таксама валаконна-аптычныя і галаграфічныя І. Акустычнымі I. вызначаюць скорасці распаўсюджвання гуку ў розных асяроддзях, адлегласці да выпраменьвальнікаў гуку, напрамкі прыходу хваль (напр., пры гідралакацыі) і інш. У залежнасці ад вугла паміж напрамкам на крыніцу гуку і нармаллю да базы І. зменьваецца рознасць фаз сігналаў, што прымаюцца 2 акустычнымі прыёмнікамі, і магутнасць сумарнага сігналу, па якіх ацэньваюць гэты вугал і інш. характарыстыкі крыніцы выпрамянення. Радыёінтэрферометры паводле прынцыпу дзеяння падобныя на акустычныя і найчасцей выкарыстоўваюцца для астр.назіранняў. Базы іх бываюць вельмі значныя (напр., пры антэнах, размешчаных на процілеглых баках Зямлі). Сігналы ад касм. крыніцы радыёвыпрамянення, прынятыя антэнамі, перадаюцца па лініях сувязі на агульны аналізатар, з дапамогай якога вызначаюць вуглавое становішча і памеры крыніцы, размеркаванне яе радыёяркасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ І ПРЫЛА́ДЫ,
оптыка-механічная і электронная апаратура для астранамічных назіранняў і апрацоўкі іх даных. Дапамагаюць вызначаць становішча касм. целаў на нябеснай сферы, іх памеры, скорасць, напрамак руху ў прасторы, хім. састаў і фіз. стан. Складаюць асн. тэхнічную базу астранамічных абсерваторый, выкарыстоўваюцца ў навуч. і пазнавальных мэтах. Падзяляюцца на назіральныя прылады (тэлескопы), святлопрыёмную і аналізоўную апаратуру, прылады для рэгістрацыі часу, спектраў і гэтак далей Каб пазбегнуць шкодных і скажальных уздзеянняў атмасферы Зямлі, астр. інструменты падымаюць на розныя вышыні з дапамогай аэрастатаў, самалётаў, геафіз. ракет, штучных спадарожнікаў Зямлі і аўтам. міжпланетных станцый.
Найбольш стараж.астр. інструменты — вугламерныя, складаюцца з адліковага круга (або яго часткі) і візірнага прыстасавання без аптычнай сістэмы (гноман, армілярная сфера і інш.). Для большай дакладнасці вымярэнняў павялічваліся памеры адліковых кругоў, напрыклад, у пач. 15 ст. Улугбек пабудаваў пад Самаркандам секстант з радыусам круга 40 м. З 17 ст. ў вугламерных інструментах пры візіраванні карыстаюцца зрокавымі трубамі, вуглы павароту якіх вызначаюцца па дакладна падзеленых кругах (універсальны інструмент, вертыкальны круг, мерыдыянальны круг і інш.). Пачатак тэлескапічнай астраноміі звязаны з імем Г.Галілея, які з дапамогай падзорнай трубы зрабіў важныя астр. адкрыцці і растлумачыў іх. Выпрамяненне касм. целаў у радыёдыяпазоне даследуецца радыётэлескопамі. Захаванне дакладнага часу і выдача неабходных сігналаў часу ажыццяўляюцца з дапамогай астр. гадзіннікаў, хранометраў і хранографаў. Для апрацоўкі вынікаў назірання выкарыстоўваюцца ЭВМ. Да дэманстрацыйных прылад адносяць тэлурыі (мадэлі Сонечнай сістэмы) і планетарыі, якія даюць магчымасць на ўнутр. паверхні сферычнага купала наглядна дэманстраваць астр. з’явы.
Літ.:
Курс астрофизики и звездной астрономии. Т. 1. М., 1973;
Мартынов Д.Я. Курс практической астрофизики. М., 1967.
М.М.Міхельсон.
Астранамічныя інструменты і прылады: 1 — вялікі азімутальны тэлескоп з дыяметрам люстэрка 6 м; 2 — антэна радыётэлескопа дыяметрам 22 м; 3 — цэласная ўстаноўка гарызантальнага сонечнага тэлескопа; 4 — вялікі вертыкальны круг; 5 — падвойны астрограф Тэпфера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭ́ЗІЯ (ад геа... + грэч. daiō дзялю, падзяляю),
навука аб вызначэнні формы, памераў, гравітацыйнага поля Зямлі, вымярэнні аб’ектаў мясцовасці з мэтай стварэння картаў і планаў, правядзення праектна-вышукальных работ інж. прызначэння. Цесна звязана з астраноміяй, геаграфіяй, геафізікай, картаграфіяй і інш. Падзяляецца на вышэйшую геадэзію (вывучае форму і гравітацыйнае поле Зямлі, тэорыю і метады пабудовы апорнай геад. сеткі) і ўласна геадэзію (распрацоўвае спосабы вымярэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў інж. справе). Раздзел геадэзіі, які ўключае тэхналогію і арганізацыю вымярэнняў на мясцовасці з мэтай стварэння картаў і планаў, адносяць да тапаграфіі. Інжынерная геадэзія вывучае комплекс геад. работ, што выконваюцца пры праектаванні, буд-ве і эксплуатацыі гідратэхн., трансп., прамысл., гар. і сельскіх збудаванняў. Касмічная геадэзія на аснове назіранняў штучных спадарожнікаў вывучае форму Зямлі і метады вызначэння каардынат геадэзічных пунктаў на зямной паверхні. Для выканання геад. работ на мясцовасці ўжываюцца спец.геадэзічныя прылады і інструменты. Асноўныя геафіз., тапагр., фотаграмметрычныя, картаграфічныя работы на Беларусі выконваюць Мінскае ВА «Аэратапагеадэзія», Мінская картаграфічная фабрыка.
Геадэзія ўзнікла за некалькі тысячагоддзяў да н.э., калі з’явілася неабходнасць правядзення вымярэнняў на зямлі і складання планаў і картаў у гасп. мэтах. Прасцейшыя геад. вымярэнні былі вядомы ў Вавілоне, Асірыі, Егіпце, Грэцыі, Кітаі, Індыі і Рыме. З 18 ст. вядуцца градусныя вымярэнні для вызначэння формы і памеру Зямлі і інш.
На Беларусі геад. работы ў 19 ст. выконвалі М.Глушневіч і І.Ходзька. І.І.Жылінскі быў нач. трыянгуляцыі зах.тэр. Расіі, кіраваў градусным вымярэннем дугі паралелі 52°паўн. шыраты. Па матэрыялах аэрафотаздымкі складзены дробнамаштабныя карты тэр. ўсёй краіны. Вял. ўклад у тэорыю і практыку інж. вылічэнняў зрабілі вучоныя Беларусі А.А.Дражнюк, І.В.Зубрыцкі, І.І.Купчынаў, Я.Г.Ларчанка, Д.А.Куляшоў, С.М.Лебедзеў, В.Ю.Мінько, В.В.Папоў, А.А.Саламонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАТ [грэч. klima (klimatos) літар. нахіл; падразумяваецца нахіл зямной паверхні да сонечных прамянёў],
шматгадовы рэжым надвор’я, уласцівы пэўнай мясцовасці на Зямлі ў залежнасці ад геагр. умоў; адна з яе асн.геагр. характарыстык. Фарміруецца пры ўзаемадзеянні кліматаўтваральных працэсаў (прыход і расход прамяністай энергіі на зямной паверхні і ў атмасферы; цыркуляцыя атмасферы; вертыкальны цеплаабмен і вільгацеабмен у атмасферы), якія бесперапынна працякаюць у сістэме атмасфера—акіян—суша; мадыфікуюцца геагр. фактарамі і ствараюць разнастайныя тыпы К. Уяўленне пра К. складваецца на аснове стат. абагульнення вынікаў шматгадовых назіранняў над асн. метэаралагічнымі элементамі — сонечнай радыяцыяй, т-рай і вільготнасцю паветра, атм. ціскам, скорасцю і напрамкам ветру, воблачнасцю, атм. ападкамі і інш.Асн.геагр. фактары, што ўздзейнічаюць на К. асобнага рэгіёна: геаграфічная шырата, якая вызначае занальнасць і сезоннасць у размеркаванні сонечнай радыяцыі, т-ру паветра, атм. ціск і г.д. [гл.Кліматычныя паясы (зоны), Кліматычныя сезоны]; вышыня над узроўнем мора, ад якой залежыць вышынная пояснасць; размеркаванне сушы і мора (суша і вада па-рознаму паглынаюць, зберагаюць і аддаюць цяпло, вільгаць і г.д.); араграфія мясцовасці ўплывае на паветр. цячэнні, т-ру паветра, воблачнасць, атм. ападкі і інш.; акіянічныя цячэнні пераносяць з нізкіх шырот у высокія значную колькасць цяпла (напр., цячэнне Гальфстрым, якое аказвае значны ўплыў на К. Зах. Еўропы). Халодныя цячэнні з высокіх шырот ахаладжальна ўздзейнічаюць на К. рэгіёнаў, размешчаных у сярэдніх і нізкіх шыротах. Цячэнні ўплываюць і на вільгацезварот, садзейнічаюць утварэнню воблакаў і туманаў. К. асобных рэгіёнаў вызначаюцца таксама характарам расліннага покрыва, наяўнасцю ледавікоў і снегавога покрыва, асаблівасцямі клімату гарадоў і інш. У залежнасці ад маштабу разглядаемых частак зямной паверхні вылучаюць макраклімат, мезаклімат і мікраклімат. К. аказвае значны ўплыў на гасп. дзейнасць чалавека: на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі, размяшчэнне прамысл. прадпрыемстваў, паветраны, водны і наземны транспарт і г.д. Вывучае К. кліматалогія.