КЖЫЖАНО́ЎСКІ ((Krzyżanowski) Юльян) (4.7.1892, в. Стаянцы Масціскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 19.5.1976),
польскі літаратуразнавец і фалькларыст. Чл. Польскай АН у Кракаве (1933), Польскай АН (1951), Сербскай АН (1965). Скончыў Ягелонскі ун-т (Кракаў, 1914). У 1930—34 праф. Рыжскага, у 1934—39, 1945—62 — Варшаўскага ун-таў. У 1957—58 выкладаў у Калумбійскім ун-це ў Нью-Йорку. У 1969—73 у Ін-це літ. даследаванняў Польскай АН. Гал. праца — «Гісторыя польскай літаратуры ад старажытнасці да найноўшых часоў» (1969). Аўтар кніг «Паралелі: Параўнаўчыя даследаванні з пагранічча літаратуры і фальклору» (1935), «Польскі неарамантызм 1890—1918» (1963), «Навука пра літаратуру» (1966), манаграфій пра творчасць польск. пісьменнікаў, артыкула пра А.Рыпінскага «Польскі Тыртэй і дзекабрысты» (1954). Праблемам фальклору прысвяціў працы «У свеце народнай казкі» (1980), «Нарысы па фалькларыстыцы» (т. 1—3, 1980). Даследаваў зборнік апрацаваных бел.нар. казак, анекдотаў, апавяданняў з ваколіц Навагрудка «Польскі казачнік» А.Глінскага (т. 1—4, 1853), бел.фалькл. матывы ў творчасці А.Міцкевіча, этымалогію і гісторыю ўжывання прыказак і прымавак, пашыраных у польск. і ўсх.-слав. мовах («Разумнай галаве хопіць двух слоў», т. 1—2, 1958—60). У працы «Польская народная казка ў сістэматызаваным размеркаванні» (т. 1—2, 1947) сістэматызаваў матывы польск. нар. казак, многія з якіх сустракаюцца ў бел. фальклоры. Рэдактар і адзін з аўтараў «Слоўніка польскага фальклору» (1965). Дзярж. прэмія Польшчы 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САКІ (Kossacy),
польскія жывапісцы, бацька і сын.
Фартунат Юліуш (15.12.1824, в. Вісніч, каля г. Кракаў, Польшча — 3.2.1899). Вучыўся жывапісу ў Я.Машкоўскага, у 1855—61 у Парыжы ў А.Вернэ. У 1862—68 кіраўнік маст. аддзела варшаўскага час. «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»). Шмат падарожнічаў, у т. л. па Беларусі. У творчасці вял. ўвагу аддаваў гіст. жанру, напісаў шэраг батальных карцін з гісторыі Польшчы і ВКЛ 15—17 ст., вайны 1812: «Уладзіслаў Ягайла пад Грунвальдам» (1862), «Выручэнне Смаленска» (1879), «Сабескі пад Венай» (1882), «Т.Тышкевіч пераходзіць Дзвіну» (1890), «Уезд Яна III у Вену» (1897) і інш. Аўтар партрэтаў, ілюстрацый да твораў Г.Сянкевіча, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, Дж.Байрана. Войцех Гарацый (1.1.1857, Парыж — 29.7.1942), сын Фартуната Юліуша. Вучыўся жывапісу ў Кракаве (1871—73), Мюнхене (1874), Парыжы (1877—83). У 1894—1902 працаваў па заказах імператара Вільгельма II у Германіі. З 1916 праф. школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, потым працаваў у Кракаве. Гал. месца ў творчасці займалі гіст. і батальны жанры, найб. ўвагу аддаваў напалеонаўскім войнам, паўстанням 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Сярод твораў: «Успаміны з дзяцінства» (1891), «Крывавая нядзеля ў Пецярбургу» (1905) і інш. Сааўтар батальных панарам на тэму паўстання 1794 «Рацлавіцы» (1892—94) і вайны 1812 «Пераход цераз Бярэзіну» (1895—96).
А.Л.Варатнікова.
Да арт.Косакі. Ф.Косак. Ілюстрацыя да рамана Г.Сянкевіча «Патоп».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГАНЫ́ СЛА́ВЫ,
земляныя насыпы з мемарыяльнымі ці скульптурнымі збудаваннямі, якія ўвекавечваюць подзвіг народа ў Вял.Айч. вайну, памяць землякоў, што загінулі ў барацьбе з ворагам, інш. знамянальныя падзеі. Наз. таксама курганамі Бессмяротнасці, Вечнай славы, Памяці, Працоўнай славы і інш. На Беларусі 102 К.С. (1995). Найб. значныя з іх на ўшанаванне памяці тых, што загінулі ў Вял.Айч. вайну: Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, К.С. ў г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. (1966), в. Мінічы Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., гарадах Мазыр і Рагачоў Гомельскай вобл., г.п. Клічаў Магілёўскай вобл., г. Чэрвень Мінскай вобл. (усе 1967), г. Крычаў і в. Сычкава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. (1968), ва ўрочышчы Мелавая Гара каля г. Маларыта Брэсцкай вобл. (1969), в. Капацэвічы Салігорскага р-на (1975) і пас. Дзесяціны Слуцкага р-на (1977) Мінскай вобл.; курганы Бессмяротнасці ў в. Опса Браслаўскага р-на (1963) і г. Полацк (1966) Віцебскай вобл., гарадах Орша Віцебскай вобл. і Ліда Гродзенскай вобл. (1966); курганы Памяці ў г.п. Брагін Гомельскай вобл. (1957), г.п. Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., в. Ягелаўшчына Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. (абодва 1967), г. Гомель (1968), г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл. (1971), таксама ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. (1931, у гонар А.Міцкевіча); Курган Працоўнай славы ў г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1968) і інш.
Да арт.Курганы Славы. Курган Бессмяротнасці ў Полацку.Да арт.Курганы Славы. Курган Памяці ў Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РЧАНКА (Міхась) (Міхаіл Рыгоравіч; 14.11.1907, в. Хварасцяны Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 31.7.1981),
бел.літ.-знавец і крытык. Д-рфілал.н. (1956), праф. (1957). Засл. дз. нав. Беларусі (1977). Скончыў Бел. вышэйшы пед.ін-т (1932). У 1935—41 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі, з 1943 у БДУ (у 1944—52 і 1955—71 дэкан філал. ф-та). Друкаваўся з 1930. Даследаваў станаўленне рэалізму ў бел. л-ры 19 — пач. 20 ст. («На шляхах да рэалізму», 1958; «Па шляху рэалізму», 1959), узаемасувязі бел. л-ры з л-рамі славян («Сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі суседніх славянскіх народаў у другой палове XIX ст.», 1958; «Славянская супольнасць», 1963; «Яднанне братніх літаратур», 1974), стараж.бел. л-ру і фальклор, творчасць Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, З.Бядулі, А.Гаруна, Ядвігіна Ш., М.Танка, П.Панчанкі, А.Куляшова, М.Горкага, М.Гогаля, М.Някрасава, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш. Адзін з аўтараў дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ («Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры», 1956; «Беларуская вусна-паэтычная творчасць», 1966; «Старажытная беларуская літаратура», 1968; «Беларуская народна-паэтычная творчасць», 1979).
Тв.:
А.М.Горкі і беларуская літаратура. Мн., 1951;
Гогалеўскія традыцыі ў беларускай літаратуры. Мн., 1952;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯГНЕ́ВІЧЫ,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Навагрудак, 182 км ад Гродна, 43 км ад чыг. ст. Наваельня. 1140 ж., 419 двароў (2000).
Упершыню згадваецца ў 1401. У 1428 сяло Навагрудскай зямлі, уласнасць вял.кн.ВКЛ Вітаўта, якое ён падараваў у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне Гальшанскай. З сярэдзіны 15 ст. да пач. 19 ст. належалі Радзівілам. У 1706 у Паўн. вайну 1700—21 спалены шведамі. У 1757 дамоў хрысціянскіх 67, яўрэйскіх 29, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. У 1809 Н. купіў граф А.Храптовіч. З 1861 цэнтр воласці. У 1897 мястэчка, 575 ж., 90 двароў, 98 дамоў, нар. вучылішча, 2 царк.-прыходскія школы, 2 царквы, сінагога, яўр. малітоўны дом, хлебазапасны магазін, мяшчанская ўправа, 8 крам, сыраварня, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав., 406 ж., 53 жылыя будынкі. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне. У Вял.Айч. вайну 27.7.1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі 49 жыхароў вёскі. З 17.12.1956 у Навагрудскім р-не.
Агр. прадпрыемства імя А.Міцкевіча. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы рас. салдат, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (1853).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ ((Mickiewicz) Адам) (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; паводле інш. крыніц, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 26.11.1855),
польскі паэт беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Паходзіў са старадаўняй збяднелай бел. шляхты роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), Віленскі ун-т (1819). У час вучобы ва ун-це — адзін з лідэраў тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Настаўнічаў у Коўне (1819—23). Быў арыштаваны, з кастр. 1824 у ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. Зблізіўся з дзекабрыстамі і А.Пушкіным. З мая 1829 у эміграцыі. Жыў пераважна ў Рыме, часам у Швейцарыі. З 1832 у Парыжы, разам з І.Лялевелем — адзін з лідэраў левага дэмакр. крыла польск. эміграцыі, рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski» («Польскі пілігрым»), які быў трыбунай свабодалюбівых ідэй. У 1839 праф. Лазанскага ун-та. З 1840 узначальваў кафедру слав. л-р у Калеж дэ Франс у Парыжы. У гэты час на М. моцна паўплывалі містычна-месіянскія ідэі і настроі А.Тавянскага. У 1848 далучыўся да рэв. падзей, што ўскалыхнулі ўсю Еўропу. Выехаў у Італію, дзе ўзначаліў польскі легіён, які змагаўся поруч з войскамі італьян. паўстанцаў. Для польск. легіёна напісаў «Звод прынцыпаў», у якім адбіліся яго дэмакр. і нац.-вызв. ідэі. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў прагрэс.дэмакр.газ. «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»), у сваіх артыкулах выступаў як духоўны лідэр еўрап. дэмакратыі. З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855 выехаў у Турцыю, дзе ствараў польск. атрады для барацьбы супраць царскай Расіі. Памёр раптоўна ў Канстанцінопалі. Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці М. знайшлі адлюстраванне яго грамадска-паліт. погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нац.-вызв. барацьбы ў гіст. працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамант. вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асн. тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыят. абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нац.-вызв. пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» М., у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з’яўленнем гэтых твораў постаць М. ў польск. л-ры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літ. жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага маст. кірунку — рамантызму, асн. прынцыпы народнасці і нац. самабытнасці якога М. сфармуляваў у літ. маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на бел.гіст. і фалькл. матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыят. пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» стараж.-бел. язычніцкі абрад памінання продкаў. У перыяд рас. ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыят. пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусв. л-ры. У іх паэт. майстэрства М. дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гіст. змагання стараж. ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне М. пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драм. паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрап. народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны маст. твор М., вял.нац. эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834; аднайм. кінафільм 1999, рэж. А.Вайда). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясц. шляхты, дадзены шырокая панарама нар. жыцця на Беларусі пач. 19 ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы. Маст. спадчына М. завяршаецца невял. цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі слав. л-р. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на ўсё далейшае развіццё бел. л-ры. У 19 ст. ён адчуваецца ў творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.Вярыгі-Дарэўскага, В.Каратынскага, Я.Лучыны, Ф.Багушэвіча, у пач. 20 ст. — Я.Купалы, Я.Коласа, у сучаснай л-ры — у творчасці У.Караткевіча. З сярэдзіны 19 ст. да сучаснасці яго творы актыўна перакладаліся і перакладаюцца на бел. мову Дуніным-Марцінкевічам (першы перакладчык), А.Ельскім, А.Гурыновічам, Я.Купалам, Я.Коласам, М.Танкам, А.Куляшовым, П.Панчанкам, І.Багдановіч, У.Мархелем, К.Цвіркам і інш. Балады «Тры Будрысы» і «Удагонку» пераклаў Я.Купала, баладу «Пані Твардоўская» — Я.Купала, В.Сёмуха, паэму «Гражына» — С.Дзяргай, П.Бітэль, паэму «Конрад Валенрод» — Вярыга-Дарэўскі, Бітэль, паэму «Мешка, князь Навагрудка» — Караткевіч, паэму «Дзяды» — С.Мінскевіч. Паэма «Пан Тадэвуш» у пер. Б.Тарашкевіча выдадзена ў 1981, у пер. Я.Семяжона — у 1985, у пер. Бітэля — у 1998. У Навагрудку створаны Міцкевіча Адама дом-музей, на Замкавай гары ў яго гонар насыпаны мемарыяльны курган. У Завоссі створаны музей-сядзіба М. і пастаўлены абеліск. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў («Даліна Міцкевіча» М.Калачынскага, «Адаму Міцкевічу» Я.Пушчы, «Вадаспад Адама Міцкевіча» М.Танка і інш.), творы мастакоў. У 1998 грамадскасць Беларусі шырока адзначыла 200-гадовы юбілей М.: адбыліся міжнар.навук.-тэарэт. канферэнцыі ў Гродне, Брэсце, Навагрудку, Мінску, выйшлі новыя выданні яго твораў.
Тв.:
Dzieła. T. 1—16. Warszawa, 1955;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1955;
«Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мн., 1969;
У кн.: Ажэшка А. Зімовым вечарам;
Міцкевіч А. Свіцязанка: Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996;
Да Нёмна. Мн., 1998;
Санеты=Sonety. Мн., 1998;
Дзяды=Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999;
Рус.пер. — Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.
Літ.:
Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Мірачыцкі Л.П. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994;
Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;
Мархель У.І. «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел.літ.Мн., 1998;
Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1998. Witkowska A. Mickiewicz: Słowo i czyn. Warszawa, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ВІЧ (Васіль Аляксеевіч) (н. 7.11.1940, в. Забалацце Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1964). Працаваў у брэсцкай раённай газ. «Заря над Бугом». на Брэсцкай студыі тэлебачання, у газ. «Знамя юности», выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Распрацоўвае жанры лірычнага, публіцыст. і жартоўна-гумарыст. верша, байкі. прытчы, эпіграмы і інш. (зб. «Паклон», 1974, «Мелодыя святла», 1976, «Суседства», 1982, «Цана цішыні», 1985, «Твая місія», 1988, «Разняволенне», 1990). Асн. тэмы творчасці — маральна-этычныя праблемы, вясковае дзяцінства і юнацтва, краса роднай прыроды, балючы клопат пра нац. карані беларуса, стан роднай мовы, культуры. У творах для дзяцей — добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даступна гаварыць з малым чытачом (зб. загадак «Казачны сад», «Крылатыя сябры», «Нашы памочнікі», усе 1976; зб. вершаў, казак, загадак «Тараскаў самакат», 1988, «Гуканне вясны», 1992, «Цудоўная краіна», 1997, «Ад казкі — да спектакля», 1998). Аўтар лібрэта оперы-казкі «Пра тое, што было» (1991, муз. Э.Казачкова). На тэксты Ж. напісаны многія песні. У прозе паказвае героя ў незвычайных абставінах (аповесць для дзяцей «Як адна вясна...», 1980), апавяданні «Дарчыны галубы», «Трывожны верасень», «Кволы». На бел. мову пераклаў зб. апавяданняў П.Цвіркі «Салавейка» (1974), кн. А.Наваі «Лірыка» (1993), паасобныя вершы Махтумкулі, А.Міцкевіча, А.Фета, С.Ясеніна. Т.Шаўчэнкі, Л.Украінкі, І.Франко, П.Грабоўскага, У.Сасюры, Л.Кастэнкі, І.Няходы, Т.Каламіец, П.Маха, Э.Межэлайціса, П.Мацева і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РВІД ((Norwid) Цыпрыян Каміль) (24.9.1821, в. Ляскова-Глухы каля Варшавы — 23.5.1883),
польскі пісьменнік. Вучыўся ў варшаўскай гімназіі, маст. школах (1831—40). З 1842 жыў за мяжой (Германія, Італія, Бельгія, Францыя, ЗША, Англія), з 1854 у Парыжы. Прадстаўнік другога пакалення польск. рамантыкаў. Непрызнаны пры жыцці, апублікаваў толькі частку напісанага (шмат з яго спадчыны згублена). Сярод лепшых твораў: лірычныя вершы, прысвечаныя выдатным людзям і падзеям («Памяці Бэма жалобная рапсодыя», 1851, выд. 1910; вершы ў гонар А.Міцкевіча «Што ты зрабіў Афінам...», 1856, і «Спартак», 1857; «Фартэпіяна Шапэна», 1865, і інш.), лірычны цыкл «Vademecum» (1858—66, выд. 1947), філас. паэма «Асунта» (1870, выд. 1908), драм. фантазія «За кулісамі» (1865—66, паст. 1946), трагедыі «Пярсцёнак велікасвецкай дамы» (1872, паст. 1936) і «Клеапатра» (1872—79, паст. 1934). Аўтар навел, філас.-эстэт. трактатаў, цыкла эсэ «Чорныя кветкі» (1857, выд. 1904) пра парыжскія сустрэчы з Міцкевічам, Ю.Славацкім, Ф.Шапэнам. Распрацоўваў праблемы гісторыі цывілізацыі і сучаснасці, культуры еўрап. народаў, агульначалавечай маралі і інш., імкнуўся да стварэння новых паэт. сродкаў. Яго творчай манеры ўласціва філасафічнасць, інтэлектуальная гульня, афарыстычнасць, сімволіка, схільнасць да парадоксаў. іронія. Аўтар шматлікіх малюнкаў, афортаў, гравюр. На бел. мову яго вершы пераклалі А.Мінкін, В.Сёмуха.
Тв.:
Pisma wybrane. T. 1—5. 2 wyd. Warszawa, 1980;
Бел.пер. — у кн : Прыйдзі, стваральны дух. Мн., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ВІЧ (Сцяпан Хусейнавіч) (15.12.1921, г. Капыль — 1.5.1986),
бел.літ.-знавец, крытык, пісьменнік. Д-рфілал.н. (1972), праф. (1974). Скончыў БДУ (1950). З 1959 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1963 у БДУ. Друкаваўся з 1946. Даследаваў гісторыю бел. л-ры. У манаграфіі «Пуцявіны роднага слова» (1971) на багатым, пераважна новым фактычным матэрыяле прааналізаваў гісторыю станаўлення новай бел. л-ры, нац. кнігадрукавання і перыёдыкі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Развіваў жанры пісьменніцкай біяграфіі, краязнаўчага і біягр. нарыса («Незабыўнымі сцежкамі», 1959, дап. выд. 1962; «Па слядах паэтычнай легенды», 1965; «Тут зямля такая», 1974). Стварыў літ. партрэты бел. пісьменнікаў П.Багрыма, Ф.Савіча, Ф.Багушэвіча, К.Каганца, Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, З.Бядулі, К.Чорнага, Ц.Гартнага, А.Гурло і інш. Аўтар аповесцяў пра жыццё і творчасць Я.Коласа («Ад роднае зямлі...», 1962, «На шырокі прастор», 1972, «Крыжавыя дарогі», 1985). Даследаваў жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны, гісторыю народніцкага час. «Гоман», газет «Наша доля», «Наша ніва», «Дзянніца», «Светач», майстэрства Я.Купалы-перакладчыка, сувязі яго з польск. л-рай, сувязь з Беларуссю і бел. культурай А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, Я.Райніса. Узбагаціў крыніцазнаўчую базу бел. л-ры, крытыкі і публіцыстыкі (хрэстаматыі па бел. л-ры 19 і пач. 20 ст.; «Публіцыстыка беларускіх народнікаў», 1983; «Успаміны пра Цішку Гартнага», 1984; усе ў сааўт.). Аповесць «Далёкія зарніцы» (1967) пра гераізм народа ў Айч. вайну. Падрыхтаваў да выдання кн. твораў Ф.Багушэвіча, К.Каганца, Цёткі, А.Паўловіча і інш.
Тв.:
Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960;
Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі. Мн., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ВІЧ (Сцяпан Хусейнавіч) (15.12.1921, г. Капыль — 1.5.1986),
бел.літ.-знавец, крытык, пісьменнік. Д-рфілал.н. (1972), праф. (1974). Скончыў БДУ (1950). З 1959 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1963 у БДУ. Друкаваўся з 1946. Даследаваў гісторыю бел. л-ры. У манаграфіі «Пуцявіны роднага слова» (1971) на багатым, пераважна новым фактычным матэрыяле прааналізаваў гісторыю станаўлення новай бел. л-ры, нац. кнігадрукавання і перыёдыкі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Развіваў жанры пісьменніцкай біяграфіі, краязнаўчага і
біягр. нарыса («Незабыўнымі сцежкамі», 1959, дап. выд. 1962; «Па слядах паэтычнай легенды», 1965; «Тут зямля такая», 1974). Стварыў літ. партрэты бел. пісьменнікаў П.Багрыма, Ф.Савіча, Ф.Багушэвіча, К.Каганца, Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, З.Бядулі, К.Чорнага, Ц.Гартнага, А.Гурло і інш. Аўтар аповесцяў пра жыццё і творчасць Я.Коласа («Ад роднае зямлі...», 1962, «На шырокі прастор», 1972, «Крыжавыя дарогі», 1985). Даследаваў жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны, гісторыю народніцкага час. «Гоман», газет «Наша доля», «Наша ніва», «Дзянніца», «Светач», майстэрства Я.Купалы-перакладчыка, сувязі яго з польск. л-рай, сувязь з Беларуссю і бел. культурай А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, Я.Райніса. Узбагаціў крыніцазнаўчую базу бел. л-ры, крытыкі і публіцыстыкі (хрэстаматыі па бел. л-ры 19 і пач. 20 ст.; «Публіцыстыка беларускіх народнікаў», 1983; «Успаміны пра Цішку Гартнага», 1984; усе ў сааўт.). Аповесць «Далёкія зарніцы» (1967) пра гераізм
народа ў Айч. вайну. Падрыхтаваў да выдання кн. твораў Ф.Багушэвіча, К.Каганца, Цёткі, А.Паўловіча і інш.
Тв.: Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960; Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968; Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі. Мн., 1975; Кнігі і людзі. Мн., 1976; Слова — багацце. Мн., 1981.