створана ў 1815 паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 у зах.ч.Варшаўскага герцагства, што адышло да Прусіі. Пл. 28,9 тыс.км.2, нас. ў 1815 каля 776 тыс.чал., у 1871 — больш за 1,5 млн.чал. Цэнтр — г.Познань. Падзялялася на 2 рэгенцтвы, мела пэўную аўтаномію ў складзе Прусіі. Прускага караля прадстаўляў намеснік (да 1831). Дарадчым органам быў правінцыяльны сейм. Пасля паражэння паўстання 1830—31 аўтаномія П.в.к. абмежавана, а ў 1849 скасавана. Пачаўся працэс германізацыі, які ўзмацніўся ў 1880-я г. (гл.«Культуркампф»). Насельніцтва княства прымала ўдзел у Пазнанскім паўстанні 1848, падтрымала паўстанне 1863—64, што выклікала ўзмацненне рэпрэсій прускіх улад. Пасля 1-й сусв. вайны ў выніку Пазнанскага паўстання 1918—19 і паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 увайшло ў склад адноўленай Польскай дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧА́КАЎ,
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Мікалаеўскай вобл., на беразе Дняпроўскага лімана Чорнага м. 19 тыс.ж. (1992). Марскі порт. Харч.прам-сць. Кліматычны курорт. 4 музеі. Паблізу Ачакава — рэшткі антычнага горада-дзяржавы Ольвія.
У 7—6 ст. да нашай эры ў раёне сучаснага Ачакава існавалі грэч. калоніі з г. Алектар. У канцы 14 — пач. 15 ст. вял князь ВКЛ Вітаўт заснаваў тут форт Дашаў, а крымскі хан Менглі-Гірэй у 1492 пабудаваў крэпасць Кара-Кермен, якая адышла Турцыі і названа Ачы-Кале (адсюль назва Ачакаў). У рус.-тур. вайну 1787—91 крэпасць 6.12.1788 штурмам узята рус. войскамі на чале з Р.А.Пацёмкіным і паводле Яскага мірнага дагавору 1791 далучана да Расіі. У 1792 на месцы крэпасці закладзены горад. У Ачакаве ў 1906 адбыўся суд над удзельнікамі паўстання на крэйсеры «Ачакаў» на чале з П.П.Шмітам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ННАЯ ГАРА́,
месца масавай загубы мірнага насельніцтва ням.-фаш. акупантамі ў Вял.Айч. вайну каля чыг. ст. Бронная Гара Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. У маі—чэрв. 1942 гітлераўцы выкапалі тут 8 вялізных ям і абнеслі іх калючым дротам. Сюды па спец. пабудаванай чыг. ветцы яны дастаўлялі эшалоны з насельніцтвам, пераважна жанчынамі, дзецьмі, старымі, з Драгічына, Іванава, Гарадца, Брэста, Пінска, Кобрына, Бярозы-Картузскай. Людзей прымушалі распранацца, гналі да ям, загадвалі класціся радамі і расстрэльвалі з аўтаматаў. Да ліст. 1942 тут загублена больш за 50 тыс.чал. Каб замесці сляды злачынстваў, у сак. 1944 гітлераўцы прыгналі сюды 100 палонных, якія 2 тыдні раскопвалі і палілі трупы; потым фашысты расстралялі і спалілі тых, хто выконваў гэтыя работы. На месцы загубы ахвяр фашызму пастаўлены помнік і створаны мемарыял. Урочышча Бронная Гара ўвекавечана ў мемар. комплексе «Хатынь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-ЯПО́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1951, 1960.
Дагавор бяспекі 1951. Падпісаны 8 вер. ў Сан-Францыска на нявызначаны тэрмін. Навязаны Японіі ЗША як умова заключэння мірнага дагавора. Паводле яго ЗША атрымалі права мець на тэр. Японіі свае ўзбр. сілы і выкарыстоўваць іх для аперацый на Д.Усходзе і задушэння хваляванняў унутры краіны; без згоды ЗША на яп.тэр. не маглі размяшчацца базы і войскі трэцяй дзяржавы. Страціў сілу ў сувязі з заключэннем дагавора 1960. Дагавор аб узаемным супрацоўніцтве і гарантыі бяспекі падпісаны 19.1.1960 у Вашынгтоне тэрмінам на 10 гадоў (прадоўжаны на няпэўны тэрмін у ліст. 1969); ратыфікаваны 22.6.1960. Паводле яго ЗША замацавалі сваё права мець на тэр. Японіі ўзбр. сілы і ваен. базы. Японія абавязвалася нарошчваць свой ваен. патэнцыял і выкарыстоўваць яго ў выпадку агульнай небяспекі. Дагавор адмоўна ўспрыняты народам і выклікаў хваляванні ў Японіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРУ́ДЖА (рум. Dobrogea),
гістарычная вобласць на Пд Еўропы, паміж ніжнім цячэннем Дуная і ўзбярэжжам Чорнага м., пераважна ў межах плато Дабруджа. Паўн. (большая) частка Дабруджы ўваходзіць у склад Румыніі, паўд. частка — у склад Балгарыі.
Стараж. Дабруджа была заселена фракійскімі плямёнамі. У 5 ст. да н.э. захоплена скіфамі, у 1 ст.н. э. — рымлянамі, з 3 ст. пацярпела ад нашэсцяў готаў, гунаў і інш. У пач. 6 ст. ў Дабруджы з’явіліся славяне. З 7 ст. ў складзе Першага (у 11—12 ст. належала Візантыі), з канца 12 ст. — Другога Балгарскага царстваў. У 14 ст. на тэр. Дабруджы ўтварыліся самаст.феад. дзяржавы. У 15 ст. захоплена Асманскай імперыяй. Пасля рус.-тур. вайны 1877—78 Паўд. Дабруджа ў складзе Балгарыі, Паўночная — Румыніі. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1913 Паўд. Дабруджа перададзена Румыніі, паводле балг.-рум. дагавора 1940 вернута Балгарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПАЎСКІ ПУТЧ 1920, Капа—Лютвіца путч,
спроба кансерватыўна настроеных вайскоўцаў і праварадыкальных паліт. сіл на чале з памешчыкам В.Капам і ген. В.Лютвіцам захапіць уладу ў Германіі 13—17.3.1920. Быў накіраваны супраць Веймарскай рэспублікі. 10 сак. Лютвіц, падцягнуўшы да Берліна сілы путчыстаў, прад’явіў герм. ўраду ультыматум з патрабаваннямі распусціць Нац. сход, перавыбраць прэзідэнта краіны і адмовіцца ад скарачэння ўзбр. сіл, што праводзілася паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. 13 сак. фарміраванні путчыстаў (у т. л. ваенізаваныя добраахвотніцкія) занялі Берлін, стварылі ўрад на чале з Капам. Прэзідэнт рэспублікі Ф.Эберт і ўрад Г.Баўэра пераехалі ў Дрэздэн, потым Штутгарт. Усеагульная забастоўка прафсаюзаў (удзельнічала 12 млн.чал.), рознагалоссі сярод путчыстаў, адсутнасць іх падтрымкі з боку б.ч. рэйхсвера і міністэрскай бюракратыі і інш. прычыны прывялі да паражэння путчу; 17 сак. Кап уцёк у Швецыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІ́ДЭ ((Quidde) Людвіг) (23.3.1858, г. Брэмен, Германія — 4.3.1941),
нямецкі гісторык, грамадскі дзеяч, пацыфіст. Д-р філасофіі. Скончыў Страсбурскі і Гётынгенскі ун-ты. У 1889 заснаваў час. «Zeitschrift für Geschichtswissenschaft» («Часопіс гістарычных навук»). З 1891 чл.Герм.т-ва міру. У 1894 стварыў у Мюнхене антываен. групу. Чл. савета Міжнар. бюро міру, старшыня Сусв. кангрэса міру (г. Глазга, Вялікабрытанія, 1901). У 1907 арганізаваў Сусв. кангрэс міру ў Мюнхене. З пач. 1-й сусв. вайны (1914) у эміграцыі. Удзельнік Гаагскай антываен. канферэнцыі (1915). Пасля вайны ў Германіі, з 1919 дэп.нар. асамблеі. Выступаў супраць Версальскага мірнага дагавора 1919, паводле якога адказнасць за вайну ўскладалася на Германію. Падтрымаў стварэнне Лігі Нацый. Пасля прыходу да ўлады Гітлера (1933) у эміграцыі. Аўтар прац «Ліга Нацый і дэмакратыя» (1920), «Гісторыя грамадскага міру ў Германіі ў сярэднія вякі» (1930). Нобелеўская прэмія міру 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́РНСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1925, Лакарнскі пакт. Парафіраваны 16.10. 1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) пасля абмеркавання на Лакарнскай канферэнцыі 1925, падпісаны 1.12.1925 у Лондане. Асн. дакумент — т.зв. Рэйнскі гарантыйны пакт паміж Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Італіяй і Францыяй, які прадугледжваў непарушнасць герм.-бельг. і герм.-франц. межаў, вызначаных паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, і захаванне дэмілітарызацыі Рэйнскай зоны. Гарантамі пакта выступалі Вялікабрытанія і Італія. Рэйнскі пакт дапоўнілі пагадненні пра арбітражы, заключаныя Германіяй асобна з Бельгіяй, Францыяй, Польшчай і Чэхаславакіяй, а таксама дагаворы аб гарантыях, заключаныя Францыяй асобна з Польшчай і Чэхаславакіяй (Францыя абавязалася аказваць дапамогу гэтым краінам у выпадку нападу на іх Германіі). Вынікам Л.д. было прыняцце Германіі ў вер. 1926 у Лігу нацый са статусам вял. дзяржавы. У 1936 Германія ў аднабаковым парадку скасавала Л.д. і ўвяла свае войскі ў Рэйнскую зону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЛЕ́НАЎ (Сырбай) (17.9.1922, с. Тургай Тургайскай вобл., Казахстан — 15.2.1993),
казахскі паэт.Нар. пісьменнік Казахстана (1990). Скончыў Казахскі пед.ін-т імя Абая (1973). Друкаваўся з 1937. У зб-ках вершаў і паэм «Голас стэпаў» (1949), «Агні гары Магнітнай» (1952), «Новая вясна» (1956), «Зорныя гады» (1963), «Красавіцкі дождж» (1967), «Чырвоная арча», «Старажытнасць і маладосць» (абодва 1969; за абодва Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1971), «Восень без дажджоў» (1980), «Полымя» (1985) і інш. паэтызацыя мірнага жыцця, працы, прыгажосці роднай зямлі, матывы дружбы народаў. Аўтар кніг вершаў і апавяданняў для дзяцей. Некалькі вершаў прысвяціў Беларусі. Пераклаў на каз. мову асобныя вершы Я.Коласа. На бел. мову творы М. пераклалі Х.Жычка, А.Звонак, М.Маляўка, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Хведаровіч, А.Шымук і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ ГО́ЛОС»,
штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 1(14).11. 1909 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове. Асвятляла міжнар. і ўнутр. становішча Расіі, дзейнасць Дзярж. думы, грамадска-побытавыя праблемы Мінска і губерні, выкрывала нападкі газ.«Минское слово» і рас. «Нового времени» на бел.культ.-нац. рух, выступала за правы беларусаў на сваю нац. мову і культуру. Змясціла артыкул рэдактара «Нашай нівы» А.Уласава «Край з пяццю нацыянальнасцямі» пра неабходнасць мірнага супрацоўніцтва ўсіх народаў краю і развіцця іх культур. У перакладзе на рус. мову надрукавала вершы М.Багдановіча «Мая душа», Я.Купалы «Я не паэта», рэцэнзію на зб. вершаў А.Гаруна «Матчын дар» і яго верш «Хто сказаў: «І я з народам...». Прапагандавала творчасць рус. і інш. пісьменнікаў. У 1912—14 выдавала дадатак — газ. «Северо-Западная копейка».