ДЗЯ́ТЛАЎ (Яўген Канстанцінавіч) (н. 17.5.1923, в. Бабы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1988). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1950). З 1950 працаваў у г. Алматы (з 1961 гал. архітэктар горада); з 1965 — у Мінску. Быў кіраўніком майстэрні генплана ін-та «Мінскпраект», гал. архітэктарам горада (1970—74), гал. архітэктарам ін-таў «Белдзіпрагандаль» (1974—80), «Мінскпраект» (1980—85). Асн. працы: у Алматы — гасцініца «Казахстан» (1954—61), тэлецэнтр (1956—59), кінатэатр «Алатау» (1958—60); у Мінску — праект дэталёвай планіроўкі жылых раёнаў Усход і Серабранка (1965—68, у сааўт.) і цэнтра горада (1969—73, у сааўт.), універсам «Рыга» і рэстаран «Свіцязь» (1978—80).

т. 6, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯГНАСТЫ́ЧНЫ ЦЭНТР,

медыцынская ўстанова, якая ажыццяўляе абследаванне насельніцтва на аснове канцэнтрацыі і выкарыстання найноўшых сродкаў і метадаў дыягностыкі. Забяспечвае неабходны аб’ём і ўзровень дыягностыкі, комплексную кансультацыю спецыялістаў любога профілю. Структура Д.ц.: кансультацыйнае аддзяленне і 6 дыягнастычных — лабараторна-дыягнастычнае (праводзяцца біяхім., імуналагічныя, мікрабіял. і інш. даследаванні), эндаскапічнае (вызначаецца стан унутр. полых органаў — страўніка, жоўцевага пузыра, бронхаў і інш.), функцыян. дыягностыкі (даследаванні сэрца і сасудаў), ультра-гукавых даследаванняў унутр. органаў, прамянёвай дыягностыкі з камп’ютэрнай тамаграфіяй, клінічнай патамарфалогіі. На Беларусі першы Д.ц. адкрыты ў 1989 у Мінску.

А.​В.​Таўкачоў.

Дыягнастычны цэнтр у Мінску. 1. Ультрагукавое даследаванне сэрца. 2. Камп’ютэрнае даследаванне галаўнога мозга.

т. 6, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НІН (Міхаіл Іванавіч) (19.11.1875, в. Верхняя Троіца Кашынскага р-на Цвярской вобл., Расія — 3.6.1946),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1944). Скончыў 4-класную школу (1889). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07 і Кастр. рэвалюцыі 1917. Старшыня ЦВК РСФСР (з 1919), ЦВК СССР (з 1922) і Прэзідыума Вярх. Савета СССР (з 1938). Чл. КПСС (з 1898), яе ЦК (з 1919) і Палітбюро ЦК (з 1926). Выконваў пераважна прадстаўнічыя функцыі. Неаднаразова быў у Беларусі, у т. л. 11.7.1935 на юбілейнай сесіі ЦВК БССР у Мінску ўручыў рэспубліцы ордэн Леніна. У Беларусі ў сав. час яго імем названы прадпрыемствы, калгасы, вуліцы; помнікі ў Мінску, Гомелі і інш.

П.З.Калінін.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ВІЧ (Юрый Мікалаевіч) (н. 26,4.1955, Мінск),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1981). З 1981 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Працуе ў манум.-дэкар. мастацтве і станковым жывапісе. Творы вызначаюцца геаметрызаванасцю кампазіцый, строгай лінеарнасцю форм, яркай дэкар. колеравай гамай. Сярод манум. работ: афармленне Веткаўскага музея нар. творчасці (Гомельская вобл., 1983), будынкаў райвыканкома г. Глыбокае Віцебскай вобл. (вітражы, 1985), аблвыканкома ў Віцебску (сграфіта), Рэсп. спарт. вучылішча алімп. рэзерву ў Мінску (майка, вітраж, сграфіта), станцыі метро «Першамайская» ў Мінску (усе 1990). Аўтар станковых карцін «Раніца» (1985), «Полымя Т.​Касцюшкі» (1996), «Зімовая казка» (1997) і інш. Іл. гл. пры арт. Мазаіка.

т. 8, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮКА́РНА (франц. lucarne ад лац. lux святло) у архітэктуры, невялікі аконны праём на даху (слыхавое акно), купальным пакрыцці, тымпане франтона або шчыта будынка. Прызначана для частковага асвятлення гарышча, падкупальнай прасторы і інш. памяшканняў, мае таксама дэкар. значэнне. З’явілася ў архітэктуры стылю готыкі, пашырана ў манум. мураваных і драўляных палацавых, сядзібных, грамадз., культавых збудаваннях стыляў барока, класіцызму. Бываюць стральчатыя, круглыя, паўкруглыя, лучковыя, авальныя і інш. Афармляліся ліштвамі з гірляндамі, валютамі, карнізамі, франтончыкамі. Як функцыян. і дэкар. элементы выкарыстоўваліся ў архітэктуры 1950-х г. (будынак гар. універмага ў Мінску).

А.​М.​Кулагін.

Люкарна на галоўным фасадзе гарадскога універмага ў Мінску.
Люкарна на фасадзе палаца Браніцкіх у Варшаве.

т. 9, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІНСК — ГО́РАД-ГЕРО́Й»,

архітэктурна-скульптурны комплекс у Мінску. Адкрыты 8.5.1985 на Машэрава праспекце на невял. пагорку побач з паркам Перамогі. Аўтары: скульпт.-арх. В.​Занковіч, арх. В.​Крамарэнка, В.​Яўсееў, У.​Раманенка. Кампазіцыйны акцэнт — абеліск (выш. 45 м), на грані якога ў верхняй ч. выявы зоркі і лаўровай галінкі; у ніжняй ч. на выступе-блоку дошка з інфарм. тэкстам аб прысваенні Мінску ганаровага звання «Горад-герой». Справа ад абеліска, на невысокім пастаменце, фігура жанчыны (5,5 м) — абагульнены вобраз маці-Радзімы, сімвал Перамогі і славы. Комплекс размешчаны на абліцаванай светла-шэрымі плітамі агляднай пляцоўцы, ад якой зроблены 3 лесвічныя бетонныя сходы.

Г.​М.​Ярмоленка.

т. 10, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ І ЧЫГУНАМЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1881 як Кашырскі машынабудаўнічы і чыгунаметалургічны з-д у Мінску. У розныя гады выпускаў с.-г. і паравыя машыны, абсталяванне для млыноў і вінакурняў, чыг. ваганеткі, тармазныя калодкі, розныя часткі для машын, прыводы, трансмісіі і шрапнельныя такарныя станкі, рамантаваў машыны і абсталяванне для з-даў і млыноў. У 1913 меў 2 паравыя машыны (100 к.с.), працавала 350 чал. у 1915 з набліжэннем фронту эвакуіраваны ў г. Яраслаўль. З 1925 працаваў як чыгуналіцейны і машынабудаўнічы з-д «Металіст» у Мінску, з 1928 машынабудаўнічы з-д «Камунар», з 1934 Мінскі станкабудаўнічы з-д імя Кірава.

т. 10, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКІ́ТА (Сяргей) (сапр. Законнікаў Сяргей Васілевіч; 15.10.1909, в. Ліцвінава Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 23.3.1942),

бел. паэт. Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску. З 1929 працаваў у гомельскай газ. «Палеская праўда», з 1930 кіраўнік Гомельскай філіі БелАппа, з 1933 у Мінску ў рэдакцыях газет, на Бел. радыё, у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, асуджаны на 10 гадоў зняволення ў лагерах. Працаваў на лесасплаве ў Горкаўскай вобл., загінуў на лесапавале. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1928. Аўтар кн. вершаў «Альбо-альбо» (увайшла ў калектыўны зб. «Разгон», 1930), «Я агітую за пяцігодку» (1934). Паэзіі Р. ўласцівы агітацыйнасць і дэкларатыўнасць.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗІДЭ́НЦЫЯ ПРЭЗІДЭ́НТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ у Мінску.

Узводзілася ў 1939—41, завершана ў 1947 (арх. А.​П.​Воінаў, У.​М.​Вараксін) як будынак ЦК КПБ. З 1992 тут размяшчаўся Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь, з 1996 сучасная назва. Цэласны 6-павярховы аб’ём пастаўлены на масіўны гранітны (чырвоны) цокаль. Будынак па перыметры апрацаваны прафіляванымі лапаткамі і ўвянчаны простым магутным атыкам. Упершыню ў краіне выкарыстаны зборныя жалезабет. пліты для перакрыццяў. У 1976 да цэнтр. аб’ёму прыбудаваны правае, у 1986 — левае крылы, у 1988 — аб’ём, які злучыў іх з боку вул. Кірава (арх. П.​Кракалёў); яны паўтарылі кампазіцыю цэнтр. аб’ёму.

А.​А.​Воінаў.

Будынак Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Мінску.

т. 13, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ МАЛО́ЧНЫ ЗАВО́Д №2.

Засн. ў 1965 у Мінску. З 1996 адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): малако, вяршкі, тварог, сыры мяккія і плаўленыя, маянэз, сокі фруктовыя і ягадныя.

т. 10, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)