n-ментанол-3,3-метыл-6-ізапрапілцыклагексанол, арганічнае злучэнне, спірт аліцыклічнага шэрагу; асноўны кампанент мятнага алею.
Бясколерныя легкаплаўкія крышталі (tпл 43—44 °C) з пахам мяты і гаркаватым смакам. Раствараецца ў этаноле, абмежавана ў вадзе. Атрымліваюць вымарожваннем з мятнага алею, а таксама сінтэзуюць гідрыраваннем тымолу. Выкарыстоўваюць для араматызацыі лікёраў, цукерак, тытуню, сродкаў догляду за зубамі, як кампанент лек. прэпаратаў (напр., валідолу). Аказвае абязбольвальнае і абеззаражвальнае дзеянне, моцна ахалоджвае скуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕМНАМО́РСКАЯ ЗО́НА,
прыродная геагр. зона (часам разглядаецца як падзона), уласцівая зах. прыакіянічнаму сектару субтрапічнага пояса сушы. Для М.з. характэрны міжземнаморскі клімат, адметная сезоннасць сцёку рэк (з зімовымі паводкамі), перавага ў прыродным раслінным покрыве вечназялёных лясоў і ксерафітных цвердалістых хмызнякоў. Тэрыторыя М.з. ў значнай ступені асвоена і моцна зменена гасп. дзейнасцю. Тыповая ў Міжземнамор’і, пашырана таксама ў Каліфорніі (ЗША), Чылі, у Паўд. і Паўд.-Зах. Аўстраліі, на Паўд. беразе Крыма і Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАН,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі першапачаткова бог лясоў і статкаў, апякун пастухоў і паляўнічых, пазней — апякун усёй прыроды. Лічыўся сынам Гермеса ад Пенелопы або ад німфы Дрыёпы. Стараж. мастакі і скульптары паказвалі яго ў выглядзе паўчалавека-паўказла. П. меў лагодны нораў, але калі парушалі яго спакой, моцна злаваўся і наганяў на людзей жах (адсюль выразы «паніка», «панічны страх»); вызначаўся прыхільнасцю да віна і весялосці, палкай улюбёнасцю ў німфаў, якіх часта праследаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРА́Й-БАТУ́, Стары Сарай (паводле летапісу Сараі Вялікія; цяпер с. Сялітранае Харабалінскага р-на Астраханскай вобл. Расіі),
горад, першапачаткова галоўны паліт. цэнтр Залатой Арды. Пабудаваны ханам Батыем у 1254. У С.-Б. было шмат палацаў, мячэцей, рамесніцкія кварталы (Глінянае поле); каля горада — вял. некропаль. У выніку міжусобнай барацьбы ханаў і паходу Цімура (1395) моцна пацярпеў. Канчаткова разбураны ў 1480. У 18 ст. на месцы горада быў салетравы завод. У 1922, 1931 праводзіліся раскопкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САСЫККО́ЛЬ, Гнілое возера,
возера ў Сяміпалацінскай і Талды-Курганскай абл. Казахстана, на У ад воз. Балхаш. Размешчана ў Балхаш-Алакольскай катлавіне на выш. 347 м. Пл. 736 км². Глыб. да 4,7 м. Плошча і глыбіня зменлівыя. Берагі нізінныя, ва ўсх.ч.моцна забалочаныя. Замярзае ў ліст., крыгалом у красавіку. Упадаюць рэкі Тэнтэк і Каракол; пратокай злучана з воз. Уялы. У мнагаводныя гады С. зліваецца з азёрамі Уялы і Алаколь у адзін вадаём. Рыбалоўства. Промысел андатры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІНА́ВА,
самы вялікі востраў архіпелага Рукю, у Японіі. Пл. 1254 км². Берагі моцна парэзаны, акаймаваны каралавымі рыфамі. На ПнУ і ў цэнтр. частцы Акінава нізкагор’і (выш. да 498 м), складзены пераважна са сланцаў, вапнякоў і пясчанікаў. Астатняя тэрыторыя — нізінная раўніна. Клімат трапічны, мусонны, ападкаў 1,3—2 тыс.мм за год, летам і восенню — тайфуны. На месцы вільготных трапічных лясоў зараснікі бамбуку, хмызнякоў, рысавыя палеткі, плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу. Гал. горад — Наха. На Акінаве размешчаны амерыканскія ваенныя базы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛДА́НСКАЕ НАГО́Р’Е,
ва Усх. Сібіры, у міжрэччы Алёкмы і Учура, у Рэспубліцы Саха (Якуція). Пераважаюць плоскія міжрэччы, шырокія катлавіны (выш. да 1000 м), над якімі ўзнімаюцца хрыбты Зах. Янгі, Сунагын, Кет-Кап (выш. 2306 м). Складзена з моцна змятых дакембрыйскіх гнейсаў і крышт. сланцаў, перарваных інтрузіямі гранітаў і ультраасноўных парод, перакрытых вапнякамі і пясчанікамі. Радовішчы жал. і медных рудаў, вугалю (Паўд.-Якуцкі басейн), золата, слюды. На схілах да выш. 110—1300 м тайга з даурскай лістоўніцы, вышэй — камяністая тундра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАДЗІ́РАВАННЕ,
утварэнне плёнкі вокісу электрахімічным спосабам (электролізам) на паверхні метал, вырабаў. Пры анадзіраванні вырабы, апушчаныя ў электраліт, злучаюць з анодам крыніцы току. Вокісныя плёнкі (таўшчынёй 1—200 мкм) маюць павышаную цвёрдасць, гарача- і зносаўстойлівасць, электраізаляцыйныя ўласцівасці, моцна злучаюцца з металам, з’яўляюцца добрай асновай для лакафарбавых пакрыццяў. Анадзіруюць пераважна алюміній і яго сплавы. Анадзіраванне выкарыстоўваюць у машынабудаванні (для аховы вырабаў ад карозіі), прыладабудаванні (для аховы прылад ад мех. і хім. уздзеянняў і дэкар. ўпрыгажэння), самалётабудаванні і радыёэлектроніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭЙША́НЬ,
нагор’е ў Цэнтр. Азіі, у Кітаі, паміж пустыняй Алашань і ўсх. краем Цянь-Шаня. Даўж. каля 700 км, шыр. каля 250 км. Выш. да 2791 м (г. Мацзуншань). Складаецца з пераважна нізкагорных, моцна разбураных выветрываннем глыбавых масіваў і хрыбтоў з стараж. метамарфічных і крышт. парод. Міжгорныя паніжэнні запоўнены кайназойскімі грубаабломкавымі адкладамі. Пашырана эолавае выветрыванне. Клімат умераны, вельмі сухі. Ападкаў 40—80 мм за год. Частыя пылавыя буры. Пераважаюць ландшафты камяністых пустыняў, паўпустыні, саланчакі; месцамі тугайныя зараснікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮШЭ́С ЛЕ́ТНІ,
сорт грушы нар. селекцыі. Раянаваны на Беларусі, акрамя Гомельскай вобл.
Дрэва моцнарослае, крона шырокапірамідальная, негустая. Пачынае плоданашэнне на 7-ы год. Сорт зімаўстойлівы, сярэднеўраджайны, моцна пашкоджваецца бактэрыяльным ракам і паршой. Плады ніжэй за сярэднюю велічыню (50—70 г), шырокагрушападобныя. Скурка зеленавата-жоўтая з буравата-чырвоным румянцам і цёмна-кармінавымі крапінкамі на сонечным баку. Мякаць жаўтавата-белая, сакаўная, прыемнага салодкага смаку з ледзь прыкметнай кіслінкай. Спажывецкая спеласць у сярэдзіне жніўня.