ВЕСТЫБУЛЯ́РНЫ АПАРА́Т (ад лац. vestibulum пераддзвер’е),

орган пачуцця, які ўспрымае становішча і рух галавы і цела ў прасторы, перыферычны аддзел аналізатара раўнавагі. У ніжэйшых жывёл мае форму пузырка (статацыста), у пазваночных жывёл і чалавека — частка ўнутр. вуха (лабірынт), якая складаецца з пераддзвер’я і трох паўкружных праток (гл. Вуха).

Рэцэптары вестыбулярнага апарата знаходзяцца ў двух мяшочках пераддзвер’я і ў ампулах паўкружных праток перапончатага лабірынта ўнутр. вуха. Поласць мяшочкаў і паўкружных праток запоўнена тканкавай вадкасцю — эндалімфаю. Вярчальныя рухі галавы і цела выклікаюць рух эндалімфы паўкружных праток, гэта раздражняе ампулярныя рэцэптары. Раздражненне ўспрымаецца дэндрытамі адчувальных нейронаў вестыбулярных гангліяў і па іх аксонах перадаецца ў вестыбулярныя ядры прадаўгаватага мозга, якія звязаны праводзячымі шляхамі са спінным мозгам, цэнтрамі вегетатыўнай нервовай сістэмы, ядрамі вокарухальных нерваў, карой галаўнога мозга. Вестыбулярны апарат мае выключнае значэнне для захавання раўнавагі цела пры руху і ў стане спакою. Даследаванні вестыбулярнага апарата выкарыстоўваюцца ў адборы для работы на вышыні, на марскую і лётную службу. Высокая ўстойлівасць вестыбулярнага апарата дасягаецца трэніроўкай. Ад непасрэдных або рэфлекторных пашкоджанняў функцыі вестыбулярнага апарата ўзнікаюць вестыбулярныя парушэнні. Прыкметы: галавакружэнне, парушэнне раўнавагі, рытму дыхання, дзейнасці сэрца, моташнасць.

А.​С.​Леанцюк.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́КЕН-ХІ́ЛСКІ ЧАЛАВЕ́К, радэзійскі чалавек,

адна з формаў выкапнёвага чалавека, характарыстыкі якога блізкія да неандэртальцаў. Знойдзены ў 1921 у пячоры Брокен-Хіл у Замбіі. Выяўлены вял. чэрап, адметны прымітыўнымі асаблівасцямі (магутны надвочны валік, ссунуты назад лоб, масіўная частка твару). Аб’ём мозга невялікі (1280 см³). Адносіцца да палеаантрапаў, хоць некаторыя адзнакі набліжаюць яго да пітэкантрапаў. Жыў прыкладна 30 000 г. назад, верагодна, адначасова з раннімі прадстаўнікамі людзей сучаснага фіз. тыпу. Большасць вучоных лічыць яго бакавой формай у эвалюцыі чалавека.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНГЛІЯЗІ́ДЫ,

прыродныя арган. злучэнні з групы складаных ліпідаў (глікасфінгаліпіды). Уключаюць сфінгазін, ацыліраваны стэарынавай к-той, галактозу, глюкозу і розныя гексазаміны. Малекулярная маса 1500—3000. Біясінтэз гангліязідаў ажыццяўляецца далучэннем да цэрэбразідаў рэшткаў нейрамінавых к-т. Ёсць у б.ч. тканак жывёл (асабліва ў нерв. клетках шэрага рэчыва мозга), лакалізуюцца ў мікрасомах клетак і сінаптычных мембранах. Гангліязіды — моцныя антыгены, інгібіруюць дзеянне некаторых таксінаў, удзельнічаюць у рэгуляцыі мікраасяроддзя рэцэптараў, клетачных кантактаў. У чалавека змяненне колькасці і структуры гангліязідаў вядзе да парушэння псіхікі.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРТЭРМІ́Я (ад гіпер... + грэч. thermē цяпло),

пераграванне, намнажэнне цяпла ў арганізме цеплакроўных жывёл і чалавека ў выніку перавышэння цеплапрадукцыі над цеплааддачай. Пры выяўленым напружанні фізіял. механізмаў тэрмарэгуляцыі (потавыдзяленне, расшырэнне скурных сасудаў і інш.) гіпертэрмія суправаджаецца ўзмацненнем і якаснымі парушэннямі абмену рэчываў, стратай вільгаці і солей, парушэннем кровазвароту і забеспячэння мозга кіслародам, што выклікае ўзбуджэнне, зрэдку сутаргі і непрытомнасць. Пры тэмпературы цела 41—42 °C можа здарыцца цеплавы ўдар. Штучная гіпертэрмія выкарыстоўваецца пры лячэнні некаторых нервовых і хранічных хвароб.

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІЦЕ́НКА (Міхаіл Піліпавіч) (2.11.1912, станіца Кабардзінская Апшэронскага р-на Краснадарскага краю, Расія — 9.5.1980),

бел. вучоны ў галіне нейрамарфалогіі і антрапалогіі. Д-р біял. н. (1973). Скончыў Горкаўскі ун-т (1936). З 1960 у Аддзеле заалогіі і паразіталогіі АН Беларусі, у 1970—79 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Навук. працы па агульнай эвалюцыі, эвалюцыйнай марфалогіі галаўнога мозга, органаў пачуцця жывёл і чалавека, зоаэкалогіі.

Тв.:

Эволюция и мозг. Мн., 1969;

Головной мозг парнокопытных. Мн., 1970 (у сааўт.).

т. 11, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРМЕ́НАЎ (Васіль Іванавіч) (6.12.1905, в. Краева Валагодскага р-на, Расія — 13.3.1984),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1964), праф. (1969). Скончыў 2-і Ленінградскі мед. ін-т (1931). З 1933 у Гомельскім ун-це (у 1952—70 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях агнястрэльных раненняў жывата, хвароб брушной і грудной поласцей, гематалогіі, ангіялогіі.

Тв.:

Анатомические особенности головного мозга человека. Мн., 1969;

Операция до выведения из шока при повреждениях и заболеваниях живота // Хирургия. 1974. № 2.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІЯКА́ЛЬНА-ДЭПРЭСІ́ЎНЫ ПСІХО́З,

цыркулярны псіхоз, псіхічнае захворванне, якое характарызуецца перыядамі прыгнечанасці (дэпрэсіі), узбуджэння (маніякальны стан, гл. Манія) і аднаўлення здароўя (светлы прамежак). М.-д.п. — комплекс спадчынных і набытых вегетатыўна-эндакрынных і абменных парушэнняў, вынік расстройства рэгулятарных механізмаў кары вял. паўшар’яў і інш. аддзелаў галаўнога мозга. У час дэпрэсіі назіраецца эмацыянальны і інтэлектуальны спад, замаруджванне мыслення і рухаў (бываюць спробы самагубства). Пры маніякальным стане ўзнікае паскоранае і паверхневае мысленне, моварухальнае ўзбуджэнне, добры настрой, хаатычная дзейнасць. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЁМНІКІ ГУ́КУ,

акустычныя прылады для ўспрымання гукавых сігналаў і пераўтварэння іх з мэтай вымярэння, перадачы, узнаўлення, запісу ці аналізу.

Найб. пашыраны П.г., што пераўтвараюць акустычны сігнал у эл. (гл. Электраакустычныя пераўтваральнікі). Да іх адносяцца мікрафоны, якія выкарыстоўваюцца ў паветры, гідрафоны (у вадзе), геафоны (у грунце). Асноўныя характарыстыкі П.г.: адчувальнасць, частотная характарыстыка, уласнае эл. супраціўленне, накіраванасць. У якасці П.г. можна разглядаць і органы слыху жывёл і чалавека, якія пераўтвараюць акустычныя сігналы ў нервовыя імпульсы, што перадаюцца ў цэнтры галаўнога мозга.

т. 13, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫТО́МНАСЦІ ПАРУШЭ́ННІ,

расстройствы ўспрымання аб’ектыўнай рэальнасці навакольнага свету — прадметнага (пачуццёвага) і абстрактнага (рацыянальнага). Бываюць першасныя (пры псіхічных захворваннях) і другасныя (пры саматычнай паталогіі). Пры П.п. адбываецца дэзарыентацыя ў часе, месцы, мысленне без сувязі, адсутнасць або абрывістасць успамінаў пра страту прытомнасці. Адрозніваюць непрытомнасць, кому, сопар. Сопар (аглушэнне) — стан з абмежаваным усведамленнем; звычайна папярэднічае коме. У выпадках цяжкай траўмы галаўнога мозга надыходзіць глыбокае зацямненне свядомасці, якое працякае з «псіхічным паралічом» і інш. Лячэнне П.п. накіравана на асн. захворванне.

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАЛІНГВІ́СТЫКА,

навука, што склалася на стыку псіхалогіі, неўралогіі і лінгвістыкі (гл. Мовазнаўства); вывучае мазгавыя механізмы моўнай дзейнасці і змены ў моўных працэсах пры лакальных паражэннях мозга. Эпізадычныя назіранні афазіі (парушэнні маўленчых паводзін) вяліся ўжо ў сярэднявеччы. Сістэм. вывучэнне пачалося ў 1861 (праца франц. анатама П.​Брака па маторнай афазіі). У слав. лінгвістыцы адным з першых цікавасць да фактаў маўленчай паталогіі праявіў І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ («З паталогіі і эмбрыялогіі мовы», 1885). Ідэі Н. развіваліся ў працах Л.​Блумфілда, В.​Дарашэўскага, А.​Р.​Лурыі, Р.​В.​Якабсона і інш., дзе яе аб’ектам сталі не толькі афазіі, а моўныя паводзіны чалавека ў цэлым. Пры гэтым мова разглядаецца як сістэмная функцыя, а афазія — як сістэмнае парушэнне, звязанае з дэфектамі і функцыян. пабудовай работы мозга па кампенсацыі парушанай функцыі. Клінічныя назіранні дазволілі выявіць пашкоджанні асн. тыпаў нерв. структур, звязаных з моўным механізмам: маторная, сенсорная, семантычная і дынамічная афазіі, агнозіі, апраксіі і дызартрыі. Асн. метад даследаванняў у Н. — назіранні над маўленчымі паводзінамі хворага ў розных умовах: пераказы тэкстаў, расказы, чытанне, пісьмо, выкарыстанне розных тэстаў і інш. Па меры паглыблення навукі і ўдасканалення тэхн. сродкаў, інструментаў і рэактываў для назірання за мозгам узніклі новыя метады. З 2-й пал. 20 ст. Н. — адзін з аспектаў комплекснага вывучэння знакавых паводзін чалавека, структуры свядомасці, ступеней яе свабоды, суадносін фундаментальных прынцыпаў і ўласцівасцей самога чалавека і яго свядомасці і інш. Сучасная Н. аб’ядноўвае ў адной навук. парадыгме фундаментальныя прынцыпы і катэгорыі розных навук — мовазнаўства, нейрапсіхалогіі, нейрафізіялогіі, біялогіі, фізікі, псіхалогіі, псіхалінгвістыкі, філасофіі, матэматыкі, касмалогіі і інш. Даследаваная ў Н. структура слова і мовы ўключае ўсе вядомыя фундаментальныя іх элементы і структурныя ўласцівасці, дакладна адлюстроўвае будову мозга і асаблівасці ажыццяўлення мыслення ў ім, дае ўяўленне пра структуру свядомасці, тлумачыць структурнае падабенства генет. кода і прыроднай мовы, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівасцях структуры планет, галактык, электрамагнітных і гравітацыйных узаемадзеянняў і інш.

Літ.:

Лурия А.Р. Основные проблемы нейролингвистики. М., 1975;

Гируцкий А.А., Гируцкий И.А. Основы нейролингвистики Мн., 1998;

Гируцкий А.А. Наука и религия. Мн., 1999.

А.​А.​Гіруцкі.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)