НАСЛЕ́ДНІКІ, спадчыннікі, спадкаемцы,

асобы, якія атрымалі спадчыну або маюць права на яе атрыманне. Адрозніваюць Н. па законе і па завяшчанні. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь Н. паводле закону (Н. 1-й чаргі) з’яўляюцца: у роўных долях дзеці (у т. л. ўсыноўленыя), муж (жонка) і бацькі (усынавіцелі) памерлага, унукі і праўнукі (калі на час адкрыцця спадчыны няма ў жывых таго з іх бацькоў, які быў бы Н.), родныя браты і сёстры, дзяды і бабкі (Н. 2-й чаргі); родныя дзядзькі і цёткі, пляменнікі і пляменніцы, стрыечныя браты і сёстры (Н. 3-й чаргі); прадзеды і прабабкі, усе інш. сваякі да пятай ступені роднасці ўключна (Н. 4-й чаргі). Кожны грамадзянін можа пакінуць па завяшчанні сваю маёмасць або частку яе адной або некалькім асобам, якія ўваходзяць або не ўваходзяць у кола Н. паводле закону, а таксама дзяржаве ці асобным арг-цыям. Завяшчальнік можа ў завяшчанні пазбавіць права на спадчыну аднаго, некалькіх або ўсіх Н. паводле закону, за выключэннем непаўналетніх або непрацаздольных дзяцей, бацькоў і ўтрыманцаў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЖКО́ЎСКІ ПІЯ́РСІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у 1745—1832 у мяст. Лужкі Дзісенскага пав. (цяпер Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Уладальнік мястэчка кашталян полацкі Валерыян Жаба (у яго гонар калегіум наз. Валерыянаўскім) падараваў манахам фальварак Віснік, адвёў месца для пабудовы кляштара, Лужкоўскага Міхайлаўскага касцёла і калегіума. Жонка Жабы ахвяравала на калегіум 1000 злотых. У канцы 1750-х г. навуч. сістэма калегіума рэарганізавана паводле рэформ С.​Канарскага. У апошняй чвэрці 18 ст. ў час дзейнасці Адукацыйнай камісіі калегіум уваходзіў з 1783 у Навагрудскую, з 1790 у Піярскую навуч. акругі, у 1782 былі 3 класы з тэрмінам навучання 6 гадоў, 4 выкладчыкі, 130 вучняў. У 1793 калегіум пераўтвораны ў павятовае 4-класнае вучылішча з 6-гадовым тэрмінам навучання (3-і і 4-ы класы мелі 2-гадовыя курсы). У 1807 тут вучылася 116 юнакоў. У вайну 1812 разрабаваны французамі. У 1817 былі 144 выхаванцы. У 1825 рэарганізаваны ў звычайнае 4-класнае павятовае вучылішча. За ўдзел выкладчыкаў у паўстанні 1830—31 вучылішча 1.5.1832 зачынена, маёмасць піяраў канфіскавана.

А.​Ф.​Самусік.

Лужкоўскі Міхайлаўскі касцёл.

т. 9, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ УЛА́СНАСЦІ,

злачынствы, накіраваныя супраць уласнасці ўсіх форм; выяўляюцца ў пасяганні на маёмасць уласніка. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.у. адносяцца: раскраданне маёмасці шляхам крадзяжу, рабавання, разбою, махлярства, прысвойвання і растраты, завалодання маёмасцю шляхам злоўжывання службовым становішчам; прычыненне маёмаснай шкоды шляхам падману ці злоўжывання даверам, парушэнне правіл карыстання энергіяй або газам у быце, вымаганне маёмасці, прысваенне знойдзенай маёмасці; наўмыснае або неасцярожнае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці (у т. л. падпал, вынікам якога сталі чалавечыя ахвяры, вял. страты, знішчэнне або значнае пашкоджанне лясных масіваў); нядобрасумленныя адносіны да аховы маёмасці, вынікам чаго з’явіліся яе раскраданне, пашкоджанне або знішчэнне ў буйных памерах. Пакаранне за такія злачынствы залежыць ад памераў матэрыяльнай шкоды, прычыненай уласніку, і шэрагу інш. акалічнасцей, якія адносяцца да асобы злачынцы (паўторнасць учыненага злачынства, папярэдняя змова групы асоб, насілле над пацярпелым, ранейшыя судзімасці за падобныя злачынствы і да т.п.). Напр., выкраданне маёмасці ў асабліва буйных памерах цягне за сабой пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў; доўгатэрміновае пазбаўленне волі прадугледжана заканадаўствам пры наяўнасці вышэйадзначаных акалічнасцей; дробнае выкраданне маёмасці прадпрыемства, установы, арг-цыі, учыненае ўпершыню, падлягае адм. адказнасці.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1623,

выступленне правасл. гараджан Віцебска супраць грэка-католікаў (уніятаў) 12 ліст. У яго падрыхтоўцы ўдзельнічалі жыхары Магілёва, Оршы, Полацка і Вільні. Гал. прычынай паўстання сталі жорсткія метады насаджэння уніяцтва (гл. Брэсцкая унія 1596) з боку грэка-каталіцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча. Па сігнале званоў ратушы і правасл. цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну. Святары і чэлядзь з акружэння Кунцэвіча былі збіты, а маёмасць архіепіскапа разрабавана, архіў знішчаны. Рымскі папа Урбан VIII заклікаў караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III бязлітасна расправіцца з паўстанцамі. У Віцебск прыбылі каралеўскія камісары з узбр. атрадамі. Усе гараджане, у т. л. чл. магістрата былі аб’яўлены саўдзельнікамі паўстання. Віцебск быў пазбаўлены магдэбургскага права; гараджане страцілі ўсе прывілеі, якімі карысталіся паводле віцебскага права. З горада спагнана 3079 злотых. Камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх правасл. цэркваў і адліць з іх вял. звон у памяць пра Кунцэвіча, ратуша была разбурана. Затрыманы і пакараны смерцю 19 чал., у т. л. 2 бурмістры. 78 чал., у т. л. зачыншчык забойства Кунцэвіча С.​Пасіёра, уцяклі і былі прыгавораны да пакарання смерцю завочна.

В.​І.​Мялешка.

Да арт. Віцебскае паўстанне 1623. Забойства І.​Кунцэвіча. Малюнак Зімлера. 1865.

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКАНАБО́РСТВА,

рэлігійны рух у сярэднія вякі, накіраваны супраць хрысц. культу абразоў.

Яшчэ ў 7 ст. ў М. Азіі (некат. даследчыкі лічаць, што пад уплывам ісламу, які забараняў выявы чалавека) пачаліся выступленні супраць выкарыстання культу абразоў, крыжа і інш. як ідалапаклонства. І. найб. пашырылася ў 8—1-й пал. 9 ст. ў Візантыі, дзе яго ўзначалілі першыя імператары Ісаўрыйскай дынастыі. Леў III, які імкнуўся ўмацаваць дзярж. ўладу і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства, у 726 забараніў пакланенне абразам, канфіскоўваў царк. землі і маёмасць; яго пераемнікі патрабавалі поўнай забароны святых выяў у цэрквах Супраць І. выступілі візантыйскі багаслоў Іаан Дамаскін, сталічная знаць і манаства, падтрыманыя папствам. Барацьба цягнулася больш за стагоддзе, суправаджалася муштрамі, катаваннямі, выгнаннямі, знішчэннем абразоў, разбурэннем манастыроў. У час І. загінулі тысячы помнікаў рэліг. мастацтва. Але гал. мэта візант. імператараў была дасягнута — канфіскацыя царк. і асабліва манастырскіх зямель і раздача іх ваен.-служыламу саслоўю; візант. імператар стаў на чале правасл. царквы. Канчаткова культ абразоў у Візантыі адноўлены ў 843, але большасць секулярызаваных зямель царкве не вернута. Іканаборскі рух узмацніў супярэчнасці паміж усх. і зах. галінамі тады яшчэ адзінай хрысц. царквы.

І. было характэрнай рысай радыкальных кірункаў пратэстантызму (перш за ўсё кальвінізму) у шэрагу краін Зах. Еўропы ў эпоху Рэфармацыі (Нідэрланды, Германія, Францыя). Знішчэннем абразоў і інш. святынь суправаджалася Іканаборскае паўстанне 1566 у Нідэрландах.

Літ.:

Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988.

З.​І.​Малейка.

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕЖАВА́ЛЬНЫЯ ЗАКО́НЫ па землеўладанні і землекарыстанні,

сукупнасць расійскіх нарматыўных актаў па абмежаванні маёмасных правоў насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў сферы землеўладання і землекарыстання. Пасля далучэння гэтых тэрыторый да Рас. імперыі канфіскоўваліся маёнткі памешчыкаў, якія адмовіліся прысягаць расійскім імператарам, землі ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31, 1863—64 падлягалі і секвестру (у гэтым выпадку ўладальнік павінен быў прадаць зямлю або абмяняць яе на маёнтак ва ўнутраных раёнах Расіі). У 1864—65 набываць зямлю (за выключэннем пераходу па спадчыне) і ўступаць у землекарыстанне было забаронена «асобам польскага паходжання» і яўрэям. У 1860—1-й пал. 1870-х г. канфіскаваны або секвестраваны сотні зямельных участкаў ваколічнай шляхты. У 1882 у сельскай мясцовасці мяжы аселасці яўрэям забаронена арандаваць, браць у заклад ці кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У 1884 аналагічны закон прыняты да «асоб польскага паходжання». З 1887 на Беларусі (апрача Магілёўскай губ.) права куплі зямлі пазбаўлены іншаземцы. У канцы 1860-х—80-я г. пэўныя абмежаванні ўведзены і для сялян (напр., яны маглі купляць канфіскаваныя або секвестраваныя маёнткі толькі цалкам). У выніку абмежавальных законаў плошча зямель мясц. памешчыкаў на Беларусі паменшылася з 7,5 млн. дзес. (78,4%) да 4,1 млн. дзес. (42,4%). Пад уплывам рэв. руху ў пач. 20 ст. шэраг абмежавальныя законы скасаваны, астатнія праіснавалі да 1917.

Літ.:

Громачевский С.Г. Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями. Спб., 1892;

Жукович П.И. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. Спб., 1895.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 16 і 18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. 1) Н.д. 16 ст. засн. М.​Кавячынскім і Л.​Крышкоўскім; ідэйным кіраўніком у першыя гады яе існавання быў С.Будны. Першая на тэр. Беларусі друкарня, якая карысталася кірыліцай. Друкар кірылічных выданняў невядомы. У 1562 выдадзены «Катэхізіс» Буднага — першая на Беларусі кніга на бел. мове, а таксама яго твор «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» (не збярогся). Друкавала творы на польск. і лац. мовах (друкар Д.​Ланчыцкі); усяго ў 1563—71 надрукавала 11 выданняў, у асн. творы палемічнай пратэстанцкай публіцыстыкі. Спыніла дзейнасць паводле загаду М.​К.​Радзівіла Сіроткі. Апошняе выданне — «Біблія» (пераклад на польск. мову Буднага) дадрукавана ў 1572 у Заслаўі ці ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе. Большасць кніг Н.д. аформлены проста, без ілюстрацыйных гравюр. У маст. афармленні кніг прытрымлівалася друкарскіх традыцый Ф.​Скарыны: выкарыстанне наборнага арнаменту, разнастайных шрыфтоў, ініцыялаў з дэкаратыўна-раслінным фонам. Маёмасць друкарні ў 1572 купіў Я.​С.​Кішка, які ў 1574 заснаваў Лоскую друкарню. 2) Н.д. 18 ст. (1750—90-я г.) засн. Радзівіламі. У 1751 падаравана мясц. калегіуму езуітаў. Гравёрам быў Г.Ляйбовіч. У ёй надрукавана каля 70 белетрыстычных, рэлігійных, палемічных і вучэбных твораў, панегірыкаў на польск. і лац. мовах, у т. л. «Пра жыццё і справы Аляксандра Вялікага» К.​Руфа (1763), «Жыццё і ерасі Вальтэра» Ф.​Нано (1781), «Артыкулы вайсковыя» (1754), альбом медзярытаў «Партрэты сям’і Радзівілаў...» (1757, усяго 165 гравюр на медзі).

Літ.:

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

1) галіна права, якая рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы дзярж. кіравання. Нормы адміністрацыйнага права вызначаюць парадак арганізацыі і дзейнасці кіраўнічага апарата, правы і абавязкі службовых асоб і грамадзян. Сістэма адміністрацыйнага права Рэспублікі Беларусь складаецца з агульнай і асаблівай частак. Агульная ўключае нормы, якія маюць рэгуляцыйнае значэнне для ўсіх галін і сфераў дзярж. кіравання: сістэма і крыніцы, суб’екты адміністрацыйнага права, прынцыпы дзярж. кіравання, сістэма яго органаў, формы і метады кіраўнічай дзейнасці і інш. Нормы асаблівай часткі рэгулююць адносіны ў асобных сферах кіравання: планаванні, уліку, фінансаванні і матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, прам-сці, сельскай гаспадарцы, транспарце, капітальным будаўніцтве, нар. адукацыі, навуцы, культуры, ахове здароўя, сац. абароне, пытаннях адм.-паліт. кіравання (абарона, дзярж. бяспека, грамадскі парадак, юстыцыя) і інш. Гал. крыніцы адміністрацыйнага права: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Прэзідыума Вярх. Савета і Кабінета Міністраў, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь і інш., загады, пастановы і інструкцыі нарматыўнага зместу (вылаюцца мін-вамі, дзярж. к-тамі і ведамствамі Рэспублікі Беларусь). Выкананне выкладзеных у гэтых актах правілаў з’яўляецца абавязковым і забяспечваецца выхаваўчымі, арганізацыйнымі і прымусовымі мерамі. У ходзе рэалізацыі нормаў адміністрацыйнага права ўзнікаюць адм. праваадносіны, суб’ектам якіх, з аднаго боку, з’яўляюцца дзярж. орган або службовая асоба, з другога — дзярж. органы, іх службовыя асобы, асобныя грамадзяне, грамадскія арг-цыі і інш. Аб’ектам адм.-прававых адносін у большасці выпадкаў з’яўляецца дзейнасць людзей, іх паводзіны, а таксама пэўная маёмасць.

2) Навука, якая вывучае прававое рэгуляванне дзярж. кіравання, развіццё тэарэт. поглядаў на сутнасць, змест і сістэму прававых нормаў і прававых ін-таў. Навука актыўна садзейнічае ўдасканаленню сістэмы і ўнутр. структуры, удакладненню правоў і абавязкаў органаў дзярж. кіравання і асобных грамадзян. Праблемы адміністрацыйнага права на Беларусі вывучаюць А.​М.​Абрамовіч, В.​І.​Семянкоў, В.​І.​Шабайлаў і інш.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ТЧЫНА,

галоўная форма зямельнай уласнасці ў сярэднявеччы. У гіст. л-ры тэрмінам «вотчына» абазначаюць комплекс зямельнай уласнасці феадалаў і звязаных з ёю правоў на залежных сялян. У сац.-эканам. значэнні вотчына — форма прысваення прыбавачнай працы сялян, аснова панавання феадалаў у сярэдневяковым грамадстве.

У краінах Еўропы склалася ў 8—9 ст. З фарміраваннем вотчыны ствараўся апарат прымусу (адміністрацыя, вотчынны суд). Сяляне, падначаленыя вотчыннай уладзе феадала, захоўвалі і абшчынную арганізацыю. Вотчына адрозніваліся эканам. структурай, памерамі, сац.-саслоўнай прыналежнасцю вотчыннікаў, юрыд. паходжаннем правоў. Аснова вытв. дзейнасці вотчыны — сял. гаспадарка. Для Зах. Еўропы тыповая вотчына напачатку з панскай гаспадаркай, у 16—17 ст. — без панскай гаспадаркі (чыстая вотчына). У краінах Цэнтр. і Усх. Еўропы з 14—15 ст. пашыралася паншчынная гаспадарка, разлічаная на збыт с.-г. прадукцыі на ўнутр. і знешнім рынках. На Русі вотчына пашырылася ў 11—15 ст. Для яе характэрна спадчыннасць правоў на зямлю. У адрозненне ад памесцяў, падараваных у часовае ўладанне, вотчыну можна было прадаць, падарыць, закласці, перадаць у спадчыну. Адрознівалі вотчыны радавыя, купленыя, падараваныя, княжацкія і інш. У 13—15 ст. вотчына — пераважная форма феад. зямельнай уласнасці. З сярэдзіны 14 ст. з умацаваннем велікакняжацкай улады і ўтварэннем Рус. цэнтраліз. дзяржавы правы вотчыннікаў абмяжоўваюцца. Указам 1714 юрыдычна аформлена зліццё вотчыны і памесця.

На Беларусі ў 14—16 ст. тэрмінам «вотчына» абазначалася зямельная ўласнасць, якая перайшла ў спадчыну ад бацькі дзецям. Таму вотчынай называлі ўладанні і феадалаў, і сялян. Прававы статус вотчыны феадалаў развіваўся ў 14—16 ст. і заканадаўча аформлены шэрагам велікакняжацкіх прывілеяў і статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. З канца 16 ст. тэрмін «вотчына» выцясняецца раўназначнымі польск. тэрмінамі «dziedzictwo» (спадчына), «mienie ojczyste» (бацькоўская маёмасць) і інш., з канца 18 ст.рус. тэрмінам «памесце», які абазначаў зямельную ўласнасць дваран незалежна ад спосабу яе набыцця.

М.​Ф.​Спірыдонаў, В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДУ́ШНЫ ПАДА́ТАК,

асноўны прамы падатак у Рас. імперыі ў 18—19 ст. Уведзены ў 1724. Ім абкладалася ўсё мужчынскае насельніцтва падатковых саслоўяў паводле перыяд. перапісаў. На Беларусі П.п. уведзены замест падворнага абкладання (гл. Падымнае) у канцы 18 ст. ў памеры каля 1 руб. серабром. У снеж. 1772 жыхары ўсх. Беларусі вызвалены ад П.п. на паўгода, у крас. 1793 у цэнтр. Беларусі — на 2 гады. У 1797—1807 ва ўсіх бел. губернях дзярж. падаткі браліся ў меншым памеры, але да 1811 яны збіраліся тут не асігнацыямі, а серабром, рэальны курс якога быў намнога вышэйшы. У 1863 П.п. з цэхавых рамеснікаў і мяшчан заменены падаткам на нерухомую маёмасць і да сярэдзіны 1870-х г. быў чыста сельскім падаткам. Памеры яго павялічваліся. У 1867 па рэгіёнах Рас. імперыі П.п. вагаўся ад 1,15 да 2,61 руб. з рэвізскай душы, а па 5 зах. губернях (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) — ад 1,34 да 1,85 руб. ў залежнасці ад губерні. Да дзярж. падушных збораў належалі таксама земскі падушны збор з сялян на казённыя выдаткі і грамадскі збор з дзярж. сялян, уведзены на пач. 1840-х г. У сярэдзіне 1860-х г. у Еўрап. Расіі падушныя зборы складалі каля 70% агульнай сумы прамых падаткаў. У 1870-я г. ў 5 зах. губ. П.п. дасягаў у залежнасці ад губ. 1,52—2,44 руб. з рэвізскай душы. У 1867—85 аклад падушных збораў складаў тут у сярэднім 2,8 млн. руб., або больш за ​1/3 агульнай сумы сял. збораў. Феад. характар П.п., вял. нядоімка, адмовы насельніцтва плаціць, узмацненне сял. руху прымусілі ўрад з 1887 адмяніць падушныя зборы ў еўрап. ч. краіны.

Літ.:

Троицкий С.М. Финансовая политика русского абсолютизма в XVIII в. М., 1966;

Неупокоев В.И. Государственные повинности крестьян Европейской России в конце XVIII — начале XIX в. М., 1987.

В.​П.​Панюціч, У.​А.​Сосна.

т. 11, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)