ГРУЗАПАДЫМА́ЛЬНЫ КРАН,

машына перыядычнага дзеяння для пад’ёму і перамяшчэння на невял. адлегласці грузаў. Гл. Пад’ёмны кран.

т. 5, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕРЛО́К

(англ. overlock),

краеабкідальная швейная машына пяцельнага шыўка, дзе адна з петляў агінае край зрэзу дэталі. Выкарыстоўваецца пры пашыве вырабаў з трыкат. палатна.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАДЫСПЕ́ТЧАР

(ад аўта... + англ. dispatcher адпраўшчык),

комплексная сістэма (клас сістэм «Чалавек—машына»), якая аўтаматычна (поўнасцю або часткова) выконвае функцыі дыспетчара. У склад аўтадыспетчара ўваходзяць кіравальная выліч. машына і сродкі сувязі дыспетчара з машынай і кіроўным аб’ектам. Задача аўтадыспетчара: збор і апрацоўка інфармацыі пра ход тэхнал. працэсу; выбар аптымальнага рэжыму працэсу з магчымых варыянтаў; выдача камандаў, каб рэалізаваць аптымальны рэжым. Найпрасцейшы аўтадыспетчар збірае і рэгіструе інфармацыю, неабходную ў аператыўнай рабоце дыспетчара. Выкарыстоўваюць у энергетыцы, сістэмах сувязі, на транспарце, металургічных і хім. прадпрыемствах і інш.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІНХРО́ННЫ ГЕНЕРА́ТАР,

асінхронная машына, якая працуе ў генератарным рэжыме (першасны рухавік круціць ротар у адным напрамку з магнітным полем, але з большай частатой). Асінхронныя генератары выкарыстоўваюцца ў асноўным як дапаможныя крыніцы эл. току невял. магутнасці і як тармазныя прыстасаванні ў электрапрыводзе.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСАЎСКІ ШПАЛАПРАПІ́ТНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1898—1910 пры чыг. ст. Барысаў Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. З дапамогай спец. машын насычаліся шпалы і драўляныя брусы смоладзягцярным хім. растворам. У 1899 выкарыстоўвалася паравая машына (15 к.с.), у 1910 — паравы рухавік (120 к.с.), працавалі 496 рабочых.

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОКААПРАЦО́ЎЧЫ АГРЭГА́Т,

паліграфічная машына; шматаперацыйны аўтамат канвеернага тыпу для комплекснай апрацоўкі кніжных блокаў, якія паслядоўна перасоўваюцца па рабочых пазіцыях. У залежнасці ад канструкцыі і камплектацыі выконваюць заклейку карашкоў, сушку, трохбаковую абрэзку блокаў, зафарбоўку іх верхняга абрэза, кругленне карашкоў, прыклейку марлі, капталаў і паперкі.

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў Беларусі ў 1827—84 у г. Ваўкавыск. Вырабляла розныя сукны, таксама трыко. У 1870 пушчана паравая машына. Мела 40 ткацкіх станкоў, 4 часальныя апараты, 6 прадзільных машын па 600 верацён (1879). Працавалі ад 32 (1828) да 97 (1880) рабочых.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БІНСКАЯ КАРДО́ННА-ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1896 — 1914 у маёнтку Губіна (цяпер вёска ў Лепельскім р-не). З 1900 мела паравую машыну, з 1908 — паравы рухавік (150 к.с.). У 1910 працавала паравая машына (200 к.с.), 50 рабочых; выраблена кардону і паперы на 38 тыс. руб.

т. 5, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОНЕАЎТАМАБІ́ЛЬ,

баявая браніраваная колавая машына, прызначаная для агнявой падтрымкі пяхоты ў баі, для разведкі, баявой аховы, патрулявання і сувязі.

Выкарыстоўваліся ў час 1-й і 2-й сусв. і грамадз. войнаў (у 1918 у Чырв. Арміі было 148 бронеаўтамабіляў). Ёсць на ўзбраенні армій Вялікабрытаніі («Саладзін» Мк2), Францыі («Панар» AML-90), інш. краін. Маюць 20—90-мм гармату, 1—2 кулямёты, часам гранатамёт і процітанк. кіроўную ракету. Маса да 12 т, запас ходу да 1000 км, скорасць да 105 км/гадз. У былой Сав. Арміі ў пасляваен. час тэрмін «бронеаўтамабіль» выйшаў з ужытку, а баявыя колавыя машыны атрымалі назву ў залежнасці ад асн. прызначэння (напр., бронетранспарцёр, баявая разведвальная машына).

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРАД»,

самаходная рэактыўная сістэма залпавага агню. У склад «Град» ўваходзяць; баявая машына БМ-21, трансп. машына, асколачна-фугасныя рэактыўныя снарады М-210ф.

Прызначаны для знішчэння і падаўлення жывой сілы і баявой тэхнікі праціўніка ў месцах іх канцэнтравання, артыл. і мінамётных батарэй, разбурэння ўмацаванняў, апорных пунктаў і інш. на адлегласці да 20,4 км. Баявая БМ-21 зроблена на базе аўтамабіля «Урал»; мае абсталяванне для забеспячэння адзіночнага і залпавага агню, бяспечнай работы разліку пры яго знаходжанні ў кабіне баявой машыны ці ў сховішчы на аддаленні да 60 м ад яе. Снарады перавозяцца і захоўваюцца на трансп. машыне на спец. стэлажах. У Беларусі «Град» прыняты на ўзбраенне рэактыўных артыл. дывізіёнаў сухап. Узбр. Сіл. Гл. таксама Рэактыўная артылерыя.

А.У.Аляхновіч.

т. 5, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)