у рэлігійных уяўленнях стараж. народаў Малой Азіі багіня зямлі і ўрадлівасці, маці багоў. Яе культ, блізкі да культу Кібелы, у 1 ст. да н.э. быў уведзены ў Стараж. Рыме дыктатарам Сулам. У рымлян вобраз М. злучыўся з вобразам рым. багіні вайны Белоны, і М. шанавалася імі пад двайным імем (Ма-Белона).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТРАФІ́Я ДЗІЦЯ́ЧАЯ,
хранічнае расстройства харчавання з парушэннем абмену рэчываў. Найчасцей развіваецца ў дзяцей з пахудзеннем на 10—20% пры 1-й ступені (лёгкая Д.), на 20—30% пры 2-й (сярэдняцяжкая Д.) і больш як на 30% пры 3-й (цяжкай Д.), што парушае гарманічнае развіццё. Бывае з памяншэннем масы цела ў адносінах да яго даўжыні (гіпатрафія), з нармальнай ці лішняй масай цела (паратрафія), з прапарцыянальным зніжэннем масы і даўжыні цела (гіпастатура). Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя тыдні жыцця дзіцяці (нястача ежы і хваробы маці пры цяжарнасці, узрост, прафес. шкоднасці, алкагалізм і інш.) і постнатальна (пасля нараджэння) пад уздзеяннем эндагенных (імунадэфіцытны стан, заганы развіцця ўнутр. органаў, асабліва страўнікава-кішачнага тракту і інш.) і экзагенных (аліментарныя, інфекц. ўздзеянні, няправільны догляд) фактараў. Д. выклікае парушэнне дзейнасці ферментаў стрававальна-кішачнага тракту, працэсаў расшчаплення і ўсмоктвання харч. рэчываў, абмену буд. і энергет. працэсаў, дзейнасці нерв. сістэмы, кровазвароту. Арганізм знясільваецца, супраціўленне яго зніжаецца, можа развіцца таксіка-септычны стан, што прыводзіць да смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,
класіфікацыя моў свету, якая праводзіцца ў залежнасці ад граматычнага ладу мовы, пераважна марфалогіі; адзін з відаў тыпалагічнай класіфікацыі моў. Паводле М.к.м. вылучаюць 4 тыпы моў свету: коранеізаляваныя мовы (адсутнасць словазмянення, грамат. значнасць парадку слоў, слабое проціпастаўленне знамянальных і службовых слоў); аглюцінатыўныя мовы (грамат. адназначнасць афіксаў, адзіны тып скланення і спражэння, адсутнасць значных чаргаванняў); інкарпараваныя мовы (магчымасць уключэння ў склад дзеяслова-выказніка інш. членаў сказа, пераважна прамога дапаўнення); флектыўныя мовы (поліфункцыянальнасць грамат. марфем, наяўнасць фанетычна не абумоўленых змен кораня, вял. колькасць фанетычна і семантычна нематываваных тыпаў скланення і спражэння).
Многія мовы займаюць прамежкавае становішча на шкале М.к.м., сумяшчаюць у сабе прыкметы розных тыпаў. Напр., бел. мова адносіцца пераважна да флектыўнага тыпу, аднак у ёй сустракаюцца выпадкі. калі адносіны паміж словамі выражаюцца не столькі канчаткамі, колькі парадкам слоў (напр., «Маці любіць дзіця» — «Дзіця любіць маці»).
Літ.:
Кузнецов П.С. Морфологическая классификация языков. М., 1954;
Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРША́І,
вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Валожын — Івянец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад горада і 31 км ад чыг. ст. Валожын, 63 км ад Мінска. 678 ж., 270 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Цэнтр рэабілітацыі насельніцтва, якое пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АС. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Юрыя і Маці Божай (1933).
Вядома з 1492 як сяло, уласнасць касцёла. У 1539 мястэчка, цэнтр воласці. У 1800 уласнасць І.Ражэрсона, у-1858 — В.Тышкевіча. У 1897 сяло, цэнтр воласці Мінскага пав., 391 ж., 59 двароў, царква, нар. вучылішча, аптэка, крама, хлебазапасны магазін, карчма, маёнтак. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага, з 1926 — Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 12.10.1940 цэнтр сельсавета Валожынскага р-на.
М.Б.Батвіннік.
Вёска Пяршаі. Касцёл святога Юрыя і Маці Божай. 1933. Фота 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЛЬСКІ МАНАСТЫ́Р,
гісторыка-архітэктурны комплекс у Балгарыі, у гарах Рыла. Засн. ў 927—941 манахам-пустэльнікам Іванам Рыльскім. У 14 ст. ў перыяд росквіту манастыра ўзведзены арх. комплекс (пл. 8,8 тыс.м²), які стаў вял. дасягненнем манум. архітэктуры эпохі т.зв. балг. Адраджэння. У сярэднія вякі манастыр — цэнтр балг. адукацыі і культуры. У часы тур. нашэсця неаднаразова гарэў і рабаваўся. Моцна пацярпеў ад пажару 1833, адноўлены ў 1934—60. Звонку мае строгі крапасны характар. Жылыя карпусы ўтвараюць замкнёны 5-вугольны ў плане маляўнічы унутр. двор з ажурнымі аркадамі, каланадамі, адкрытымі галерэямі. Сярод арх. помнікаў: каменная вежа Хрэля (1335, рэшткі стараж. размалёвак), царква св. Лукі (1799), саборны 5-купальны храм Раства Маці Божай (1834—60, майстар Павел) з 2-колернай муроўкай, лёгкай адкрытай зах. галерэяй, хвалістымі абрысамі карнізаў (у інтэр’еры захаваліся размалёўкі, разны дэкор; іканастас, 1839—44). У музеі манастыра — багаты збор сярэдневяковага дэкар.-прыкладнога мастацтва. Р.м. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Рыльскі манастыр. Саборны храм Раства Маці Божай. 1834—60.Рыльскі манастыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
сістэма забеспячэння і абслугоўвання састарэлых і непрацаздольных грамадзян, а таксама сем’яў, у якіх ёсць малыя дзеці. У Рэспубліцы Беларусь сістэма С.з. уключае: пенсіі, дапамогі працуючым (па часовай непрацаздольнасці, з прычыны цяжарнасці і родаў і г.д.), мнагадзетным і адзінокім маці, малазабяспечаным сем’ям, дзе ёсць дзеці; санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне; утрыманне і абслугоўванне састарэлых і інвалідаў у спец. установах (дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў, дзяцей-інвалідаў і г.д.); пратэзаванне; прафес. навучанне і працаўладкаванне інвалідаў; ільготы інвалідам і мнагадзетным маці. Сродкі на С.з. засяроджаны ў Фондзе сац. абароны Мін-васац. абароны Беларусі, які не ўваходзіць у склад бюджэту краіны і фарміруецца за кошт узносаў наймальнікаў, страхавых узносаў асоб, што займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, абавязковых страхавых узносаў грамадзян і пэўных выдаткаў дзяржавы. Палажэнне аб Фондзе сац. абароны зацвярджаецца урадам. Памеры абавязковых страхавых узносаў у гэты фонд устанаўліваюцца законам. Сродкі фонду выкарыстоўваюцца толькі на мэтавае фінансаванне мерапрыемстваў па С.з. Гл. таксама Сацыяльнае страхаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛА́ДЗЕНЬ,
складны абраз, або т.зв. машчавік з двух (дыпціх), трох (трыпціх) ці больш (паліпціх) частак-створак. Выконваецца ў тэхніках тэмпернага жывапісу, разьбы па косці або дрэве, у метале з выкарыстаннем чаканкі, філіграні, эмалі і інш.
Жывапісныя С. належаць да стараж.-візант. літургічнай традыцыі. У зах.-еўрап. мастацтве позняй готыкі, Адраджэння, барока пашырыліся алтарныя С., якія аб’ядноўвалі жывапіс і скульптуру (напр., С. М.Пахера ў царкве г. Санкт-Вольфганг, Аўстрыя, 1471—81); скульптурныя (напр., драўляны С. В.Ствоша ў касцёле Дзевы Марыі ў г. Кракаў, Польшча, 1477—89); жывапісныя (напр., «Алтар Ільдэфонса» П.П.Рубенса, 1632). У Расіі з 15 ст. пашыраны мініяцюрныя, медналітыя, выразаныя з дрэва ці косці С. з гравіроўкай, залатой і сярэбранай сканню (трыпціх майстра Лукіяна, 1412—13, і інш).
На Беларусі С. меў вял. пашырэнне ў правасл. (напр., С. «Наталля. Маці Божая Адзігітрыя. Рафаіл», 1760) і стараверскіх храмах (шматстворкавыя метал. С., аздобленыя выемчатай каляровай эмаллю 17—20 ст.).
Да арт.Складзень. Наталля. Маці Божая Адзігітрыя. Рафаіл. Беларуская школа. 1760.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЫС,
у грэчаскай міфалогіі бог фрыгійскага паходжання, любімец Вялікай маці багоў Кібелы. Сімвалам Атыса была хвоя. Паводле адной з легендаў, ён вылегчаў сябе ў рэліг. экстазе і стаў вярх. жрацом культу Кібелы. У гонар Атыса ў Рыме з 15 да 27 сак. праходзілі святкаванні, якія суправаджаліся нястрымнымі оргіямі. Жахі самакатаванняў Атыса апісаў рым. лірык Катул у паэме «Атыс».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАДЖАНЯ́Н (Сцяпан Меліксетавіч) (28.12.1863, г. Шуша, Нагорны Карабах — 13.12.1940),
жывапісец-партрэтыст. Нар. мастак Арменіі (1938). Вучыўся ў маст. студыі ў Марселі (1886—90) і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1897—1900). Выкладаў у Ерэванскім маст. вучылішчы (1922—40). Рэаліст. партрэты Агаджаняна адметныя глыбокім псіхалагізмам, стрыманым каларытам (партрэты бацькі і маці, аўтапартрэт, «Дзядзька Седрак», «Васіл», «Беспрытульнік» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФО́НС V, Афонсу (Affonso) Афрыканскі (15.1.1432, г. Сінтра — 28.8.1481),
кароль Партугаліі [1438—81]. З Авіскай дынастыі. Да 1448 правіў пад рэгенцтвам маці Леаноры дэ Арагон. За захоп у 1458—71 шэрагу паўн.-афр. тэрыторый (Алькасар, Касабланка, Арсіла, Танжэр) атрымаў мянушку Афрыканскі. У 1474—79 беспаспяхова змагаўся за кастыльскі прастол. Працягваў даследчыя экспедыцыі свайго дзядзькі Генрыха Мараплаўца ў Афрыку.