БЕРТРА́Н ДЭ БОРН (Bertran de Born; каля 1140, замак Перыгор, гіст.вобл. Лімузен, Францыя — каля 1215),
правансальскі паэт-трубадур. Выдатны майстар сірвентэса — паліт., воінскай і дыдактычнай куртуазнай песні, што адлюстроўвала рыцарскі кодэкс годнасці, погляды і пачуцці дробнага рыцарства. Валодаў замкам Альтафорт, удзельнічаў ва ўсіх тагачасных паліт. падзеях і феад. спрэчках. Паводле падання, быў адным з гал. віноўнікаў міжусобіцы на франц. землях сярод членаў каралеўскай сям’і Плантагенетаў. І хоць паданне не зусім адпавядала рэчаіснасці, Дантэ змясціў Бертрана дэ Борна як зласлівага дарадцу ў 8-е кола пекла, дзе той паўстае з адсечанай галавой у руцэ («Боская камедыя», Пекла, XXVIII, 118—122). Вельмі бурлівае, поўнае авантур жыццё паэта скончылася ў манастыры.
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи] Поэзия трубадуров;
Поэзия миннезингеров;
Поэзия вагантов. М., 1974.
Літ.:
Смирнов А.А. Лирика трубадуров и труверов // История зарубежной литературы: Средние века и Возрождение. 4 изд. М., 1987;
Ковалева Т.В. Рыцарская (куртуазная) литература // Ковалева Т.В., Лапин И.Л., Паньков Н.А. Литература Средних веков и Возрождения. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНО́Е ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць законаў і інш. нарматыўных актаў, якія рэгулююць лясныя адносіны па выкарыстанні і ахове лясоў. Асноўны заканад. акт Л.з. Беларусі — Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Юрыд. нормы рэгулявання лясных адносін змяшчаюцца таксама ў актах, што выдаюцца ўрадам краіны, мін-вамі і ведамствамі, мясц. Саветамі дэпутатаў і іх выканаўчымі і распарадчымі органамі. Л.з. мае на мэце рэгуляванне праваадносін, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне лясоў, ахову іх прыродных багаццяў, аднаўленне і павелічэнне іх прадукцыйнасці для задавальнення патрэб нар. гаспадаркі і насельніцтва ў драўніне і інш. лясной прадукцыі; для ўзмацнення водаахоўных, кліматарэгулюючых, санітарна-гігіенічных, аздараўленчых і інш. якасцей лясоў. Л.з. заснавана на канстытуцыйным прызнанні лясоў агульным здабыткам народу, устанаўленні на іх дзярж. уласнасці. Яно рэгулюе адносіны па дзярж. кіраванні лясамі: улік лясоў і вядзенне дзярж. кадастра, планаванне выкарыстання і аховы лясоў, лесаўпарадкаванне, распараджэнне лясным фондам, аднаўленне лясоў і лесаразвядзенне, кантроль непасрэдна за станам, выкарыстаннем і аховай лясоў, вырашэнне спрэчак аб лесакарыстанні. Значная частка Л.з. прысвечана лесакарыстанню. За парушэнне Л.з. крымін. і адм. заканадаўства прадугледжвае меры адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАЦЭ́СКІ [Palazzeschi; сапр.Джурлані
(Giurlani)] Альда (2.2.1885, г. Фларэнцыя, Італія — 17.8.1974),
італьянскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў як паэт зб-камі вершаў «Белыя коні» (1905) і «Ліхтар» (1907), у якіх уплыў футурызму. Першая кн. прозы «Адлюстраванні» (1908). Аўтар рамана-прытчы «Кодэкс Перла» (1911) пра крызіс чалавечых каштоўнасцей напярэдадні вайны, рамана «Піраміда» (1913—14, апубл. 1926), прасякнутага песімістычнымі поглядамі на свет, у якім парушыліся ўсе былыя ідэалы, кн. ўспамінаў дзяцінства «Эстампы дзевятнаццатага стагоддзя» (1932), рэаліст. рамана «Сёстры Матэрасі» (1934). Зб.апавяд. «Конкурс блазнаў» (1937) — своеасаблівая галерэя персанажаў, кожнаму з якіх давялося перажыць боль у жыцці. Тэма бацькоў і дзяцей у цэнтры раманаў «Браты Куколі» (1948) і «Рым» (1953). Іронія, фантаст. і псіхал. элементы, эксперыменты ў мове і ў распрацоўцы вобразаў уласцівы зб. паэзіі «Сэрца маё» (1968), зб-кам апавяд. «Жарты маладосці» (1956) і «Закончаны блазен» (1966), раманам «Дож» (1967), «Стэфаніна» (1969), «Гісторыя аднаго сяброўства» (1971) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНСКІ САЮ́З 1806—13 (ням Rheinbund, франц. Confédération du Rhin),
аб’яднанне большасці герм. дзяржаў пад пратэктаратам Францыі ў перыяд напалеонаўскіх войнаў. Засн па патрабаванні франц. імператара Напалеона I паводле дагавора ад 12.7.1806 (падпісаны ў Парыжы) паміж Францыяй і 16 княствамі Зах. і Паўд. Германіі. Гэтыя княствы аддзяляліся ад «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (6.8.1806 яна ліквідавана) і ўступалі ў ваен. саюз з Францыяй (абавязваліся паставіць апошняй у выпадку вайны 63 тыс. вайскоўцаў), становячыся фактычна яе васаламі. У большасці дзяржаў саюза быў уведзены і дзейнічаў Французскі грамадзянскі кодэкс 1804. Да 1811 далучыліся яшчэ 20 дзяржаў Зах., Сярэдняй і Паўн. Германіі (4 каралеўствы, 5 вял. герцагстваў і 11 герцагстваў, акрамя Прусіі і некалькіх малых дзяржаў). У 1808 ахопліваў пл. 325 800 км² з 14,61 млн. жыхароў, да 1811 скараціўся да 283 100 км² з 13,3 млн. жыхароў. Выкарыстоўваўся Напалеонам для забеспячэння франц. панавання ў Германіі. Распаўся пасля паражэння франц. войск у Лейпцыгскай бітве 1813.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁВЫ ФОНД,
сукупнасць жылых дамоў і памяшканняў незалежна ад форм уласнасці. Уключае жылыя дамы агульнага тыпу, спец. дамы (інтэрнаты рознага прызначэння, дамы манеўранага фонду і інш.), асобныя кватэры, службовыя і інш. жылыя памяшканні ў розных будынках, прызначаныя для пастаяннага пражывання. Адрозніваюць Ж.ф. дзярж., юрыд. асоб і індывідуальны. У дзярж. Ж.ф. уваходзяць дамы і жылыя памяшканні, што знаходзяцца ў веданні мясц. Саветаў дэпутатаў, мін-ваў, дзярж. прадпрыемстваў, устаноў, камітэтаў і ведамстваў (ведамасны Ж.ф.). Ж.ф. юрыд. асоб складаецца з жылых памяшканняў жыллёвых і жыллёва-будаўнічых кааператываў, маладзёжных жылых комплексаў, калектываў індывід. забудоўшчыкаў, грамадскіх арг-цый, калгасаў, камерцыйных і некамерцыйных арг-цый і інш.Індывід. Ж.ф. уключае жылыя дамы і кватэры, якія знаходзяцца ў асабістай уласнасці грамадзян. Дамы садаводчых т-ваў у Ж.ф. не ўваходзяць. Ж.ф. выконвае шэраг функцый у нар. гаспадарцы: забяспечвае сац. абарону асобных катэгорый грамадзян, садзейнічае рассяленню насельніцтва ў інтарэсах развіцця нар. гаспадаркі, з’яўляецца аб’ектам прадпрымальніцкай дзейнасці і інш. Ж.ф. Беларусі на 1.1.1997 налічвае 3 млн. 679,6 тыс. кватэр і індывід. жылых дамоў. Дзярж. Ж.ф. складае 201,4 млн.м² агульнай пл., або 30,5%, індывід. — 59,1%, юрыд. асоб — 10,4%. Гл. таксама Жыллёвае права, Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБО́ЎНІКІ,
зборы выяў гербаў у выглядзе рукапіснай або друкаванай кнігі. Вядомы ў Еўропе з сярэдзіны 13 ст. З развіццём інстытута герольдаў гербоўнікі складаліся пры дварах манархаў, гал. чынам для правядзення рыцарскіх турніраў. У 1-й пал. 15 ст. гербы рыцарства ВКЛ змешчаны ў зах.-еўрап. гербоўніках «Armorial Lyncenich» («Гербоўнік Лінцэніха», Брусель), «Codex Bergschammar» («Кодэкс Бергшамара», Стакгольм; у гэтым гербоўніку ўпершыню змешчана «Пагоня»), «Armorial de la Toison d’Or» («Гербоўнік Залатога Руна», Парыж). Некалькі гербаў літ. і рус. князёў ёсць у хроніцы Канстанцкага сабора 1414—18 У.Рыхенталя. Старэйшы польск. гербоўнік — «Insignorum clenodiorum Regis et Regni Poloniae descriptor» («Апісальнік адзнак і клейнодаў караля і Каралеўства Польскага», 2-я пал. 15 ст.), аўтарам якога лічаць Я.Длугаша. У Польшчы і ВКЛ выпрацавалася адмысловая форма гербоўніку, у якіх выявы гербаў суправаджаліся кароткімі звесткамі пра гісторыю роду. У 17 ст. складзены «Гербоўнік рыцарства Вялікага княства Літоўскага» В.Каяловіча, аднак у ім змешчана толькі невял. частка гербаў ВКЛ. Вычарпальных гербоўнікаў шляхты якой-небудзь краіны не існуе. Былі спробы скласці поўны гербоўнік Францыі «Armorial Général» («Усеагульны гербоўнік», 18 ст.) і генеральны гербоўнік усіх гербаў. На сучасным этапе большасць манархій не праводзіць набілітацый, і толькі ісп. герольдыя займаецца рэгістрацыяй гербаў шляхціцаў усіх краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,
комплексная галіна права, якая рэгулюе адносіны па ўладанні, карыстанні і распараджэнні зямельнымі рэсурсамі, а таксама па іх ахове і рацыянальным выкарыстанні. Асн. крыніцамі З.п. ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Закон «Аб праве ўласнасці на зямлю» ад 16.6.1993, Закон «Аб плацяжах за зямлю» ад 18.12.1991, інш. законы і нарматыўныя прававыя акты, што выдаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, урадам, мін-вамі і ведамствамі, мясц. органамі дзярж. кіравання ў межах іх кампетэнцыі. Нормы З.п. рэгламентуюць: права дзярж. і прыватнай ўласнасці на зямлю, землеўладанне, землекарыстанне, у т. л.арэнду зямлі; парадак прадастаўлення і адабрання зямельных участкаў, спагнання зямельнага падатку або арэнднай платы, ажыццяўлення здзелак з зямлёй, пакрыцця страт; вядзенне дзярж.зямельнага кадастру, землеўпарадкаванне, дзярж. кантроль і маніторынг зямель, ахову зямель, а таксама вырашэнне зямельных спрэчак і адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. З.п. складаецца з агульнай і асаблівай частак. Да агульнай часткі адносяцца правы ўласнасці на зямлю, землеўладання і землекарыстання, дзярж. кіраванне ў галіне выкарыстання і аховы зямель, адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. У асаблівай частцы вызначаецца прававы рэжым асобных катэгорый зямель: зямель с.-г. прызначэння, населеных пунктаў, прам-сці, транспарту, сувязі, абароны, зямель прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культ. і інш. прызначэння, зямель ляснога і воднага фондаў, а таксама запасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1944—54, «Дзесяць гадоў вясны», антыфеадальная, бурж.-дэмакр. рэвалюцыя ў Гватэмале. Асн. прычына — цяжкае становішча мясц. насельніцтва, жорсткая эксплуатацыя індзейцаў плантатарамі. Ваен. хунта, якая ў 1944 скінула дыктатара Х.Убіка, не правяла неабходных рэформаў, што выклікала ўсенародную незадаволенасць. 20.10.1944 група афіцэраў на чале з Х.Арбенсам Гусманам пры падтрымцы насельніцтва ўзяла ўладу ў свае рукі. На свабодных выбарах 1945 перамог і стаў прэзідэнтам лідэр Нар.-вызв. фронту Х.Х.Арэвала. Прынятая ў сак. 1945 канстытуцыя абвясціла дэмакр. свабоды і ліквідацыю памешчыцкага землеўладання; у 1946 прыняты закон пра сац. забеспячэнне, у 1947 — першы ў краіне прац.кодэкс. Урад Арбенса Гусмана, які стаў прэзідэнтам у 1951, у чэрв. 1952 прыняў закон аб агр. рэформе, паводле якога ў латыфундыстаў і амер. «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО) экспрапрыіравана 555 тыс.га зямлі, 400 тыс.га з іх размеркавана паміж 100 тыс. сялян. Урад ЗША заявіў афіц. пратэст супраць экспрапрыяцыі зямель у ЮФКО. Пры падтрымцы ЗША ў Гандурасе былі падрыхтаваны ўзбр. атрады гватэмальскіх эмігрантаў на чале з палк. К.Кастыльё Армасам, якія 18.6.1954 уварваліся на тэр. Гватэмалы. Кіраўніцтва гватэмальскай арміі адмовілася падтрымаць прэзідэнта Арбенса Гусмана, і ён вымушаны быў падаць у адстаўку. 28.6.1954 уладу захапіў Кастыльё Армас. Рэформы, праведзеныя ў гады рэвалюцыі, былі адменены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМУРА́І (ад яп. самурау — служыць),
у Японіі ў шырокім сэнсе — прадстаўнікі прывілеяванай ваен. касты, якая аб’ядноўвала ўладарных князёў і свецкіх феадалаў; у больш вузкім і ўжывальным — ваен. саслоўе. Пачалі фарміравацца як саслоўе ў перыяд сёгунаў дому Мінамота [1192—1333], асобае значэнне набылі ў час міжусобных войнаў 14—16 ст. Тады ж склалася асобная самурайская культура, у нечым падобная да рыцарскай культуры Зах. Еўропы (гл.Рыцарства), у аснове якой кодэкс гонару С. — бусідо з культам вернасці свайму гаспадару. У час сёгуната Такугава [1603—1867] статус С. (10% насельніцтва Японіі) аформлены юрыдычна. Заканчэнне міжусобных войнаў прывяло да расслаення саслоўя С., многія з якіх ператварыліся ў ронінаў (С. без гаспадара), некат. з іх папоўнілі шэрагі дэкласаваных элементаў, але б.ч. С. заставалася ў гарадах, дзе займаліся рамяством і гандлем. С. паўд.-зах. княстваў (Сацума, Цёсю, Тоса і Хідзен) адыгралі ключавую ролю ў бурж. рэвалюцыі 1867—68 (гл.Мэйдзі Ісін). У 1872 саслоўе С. скасавана, але яго традыцыі працяглы час (да паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне) культываваліся ў яп. арміі.
Літ.:
Книга самурая: Пер. с яп. СПб., 1998;
Сато Х. Самураи: история и легенды...: Пер. с яп. СПб., 1999;
Варли П., Моррис А., Моррис Н. Самураи: Пер. с англ. СПб., 1999;
Тернбулл С. Самураи: Воен. история: Пер. с англ. СПб., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУНІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
адзін з тыпаў пісьма, знакі якога (руны) мелі завостраныя абрысы. Р.п. карысталіся з пач.н.э. скандынаўскія, англасаксонскія, герм. і некат. інш. плямёны. Руны высякалі ці выразалі на камені, метале, косці, дрэве і інш. Захаваліся і рукапісныя руны на пергаменце. Рунічныя надпісы знойдзены ў Скандынавіі (3 ст.), Германіі, Англіі (6—7 ст.), Францыі, Грэцыі, Румыніі і інш. краінах. Усяго вядома каля 4 тыс. рунічных помнікаў, самы вядомы — Дацкі кодэкс законаў 13—14 ст.Р.п. адносіцца да вакалізавана-гукавога тыпу: гукавое значэнне кожнай літары супадала з пачатковым гукам яе назвы. Літары пісаліся пераважна злева направа. Алфавіт стараж. рунаў складаўся з 24 знакаў (т.зв. старшыя руны, або футарк). З 11 ст. ў скандынаўскіх краінах пачалі ўжываць алфавіт з 16 літар (малодшыя руны), у якім адным знакам абазначаліся глухія і звонкія гукі, галосныя з умляўтам і без яго. З 11 ст. ў Даніі, пазней у Нарвегіі на базе малодшых рунаў фарміравалася пункціраванае Р.п.; да 16 літар дадаваліся кропкі і рыскі, што дазваляла больш дакладна абазначаць блізкія, але розныя гукі. З пашырэннем хрысціянства ў Еўропе язычніцкае Р.п. паступова выцеснена лацінскім пісьмом, але ў Скандынавіі яно праіснавала да 14 ст., цалкам знікла ў 20 ст. Існуе шмат гіпотэз генет. сувязі Р.п. з фінікійскім пісьмом, з алфавітамі грэч., лац. і паўн.-італійскім, а таксама з сістэмамі знакаў уласнасці, лічэння, магіі і інш.