ПІ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства ў вярхоўях р. Прыпяць і нізоўях яе прытокаў Ясельда, Піна, Стыр, Гарынь. Цэнтр — г. Пінск. Вылучылася з Тураўскага княства паміж 1167 і 1174. 1-ы пінскі князь — Яраслаў Юр’евіч, сын тураўскага кн. Юрыя Яраславіча. У 12—13 ст. знаходзілася пад уплывам Уладзіміра-Валынскага княства і Кіеўскага княства. У 13 ст. праз землі П.к. адбываліся напады літоўцаў на Валынь. Пасля ўтварэння ВКЛ Міндоўгам і яго забойства ў 1263 у Пінск уцёк яго сын Войшалк. У пач. 14 ст. П.к. ўвайшло ў ВКЛ. Паводле завяшчання вял. кн. Гедзіміна княства атрымаў яго сын Нарымонт. П.к. заставалася за яго нашчадкамі да 1-й пал. 15 ст. Пасля смерці кн. Юрыя Сямёнавіча з роду Нарымонтавічаў П.к. ўвайшло ў склад велікакняжацкіх уладанняў Жыгімонта Кейстутавіча. У 1471 П.к. аддадзена Марыі Гаштольд, удаве кіеўскага кн. Сямёна Алелькавіча, потым мужу яе дачкі кн. Ф.І.Яраславічу, які ў пач. 16 ст. завяшчаў П.к. вял. кн. ВКЛ Жыгімонту I Старому, той у 1519 перадаў яго сваёй жонцы Боне. Як дзярж. ўладанне П.к. пачало называцца Пінскім староствам, паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 увайшло ў склад Пінскага павета.
Літ.:
Довнар-Запольский М. Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII столетия. Киев, 1891;
Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Ч. 1—2. Киев, 1901—03;
Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997.
П.Ф.Лысенка.
т. 12, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
сярэдневяковая рус. дзяржава ў сярэднім цячэнні р. Ака і ў вярхоўях Дона ў 1129—1521. Вылучылася з Чарнігаўскага княства. Цэнтр — г. Старая Разань, з сярэдзіны 14 ст. — г. Пераяслаўль-Разанскі (сучасная Разань). У 1237 і 1239 спустошана мангола-татарамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Да пач. 15 ст. часта варагавала з Маскоўскім вял. княствам, уступала ў саюзы з мангола-тат. ханамі і ВКЛ, да якога пры Вітаўце трапіла ў часовую залежнасць (з 1427). З сярэдзіны 15 ст. ў залежнасці ад Маскоўскага вял. княства, да якога далучана ў 1521.
т. 13, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мінскае княства 2/261; 3/503—504; 4/235; 7/215, 221, 224, 232; 8/486; 10/418
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
адна з назваў сярэдневяковай Вялікамараўскай дзяржавы ў Чэхіі.
т. 10, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Турава-Пінскае княства 2/261, 268; 5/561; 10/333, гл. Тураўскае княства, Пінскае княства
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА.
1) удзельнае княства Смаленскай зямлі ў 12—13 ст. Цэнтр — г. Мсціслаў. Адзіны вядомы мсціслаўскі князь — Мсціслаў Раманавіч (з 1180). У 1197 ён стаў князем смаленскім і, верагодна, пакінуў М.к. за сабою як дамен.
2) Удзельнае княства ў складзе ВКЛ у 14—16 ст. пасля захопу Мсціслава ў 1359 вял. кн. ВКЛ Альгердам. У 1380-я г. ў якасці намесніка тут сядзеў яго сын Карыгайла, з 1392 — другі сын, Лугвен, які паклаў пачатак роду князёў Мсціслаўскіх (Лугвенавічаў). Княства першапачаткова ўключала ў свой склад воласці ўздоўж сярэдняга цячэння Сажа і Дняпра: Мсціслаў, Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папову Гару, Мглін і далучаную Вітаўтам воласць Малохву ўздоўж правага берага р. Віхра і яе прытока Малохвы. У 1432 за падтрымку Яраславам і Юрыем Лугвенавічам.і кн. Свідрыгайлы вял. кн. ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч забраў у іх М.к.
У 1440 вял. кн. Казімір IV вярнуў княства Юрыю Лугвенавічу, які з перапынкамі трымаў яго да сваёй смерці. Потым М.к. валодаў яго сын Іван, пасля смерці якога (2-я пал. 1480-х г.) Казімір забраў М.к. ў скарб. 15.8.1495 вял. кн. ВКЛ Аляксандр аддаў Мсціслаў жонцы і дочкам Івана Юр’евіча. У 1499 Аляксандр выдаў Ульяну, дачку Івана Юр’евіча, замуж за кн. Міхаіла Іванавіча Заслаўскага (гл. Заслаўскія), які атрымаў ў вотчыну Мсціслаў і Мглін і стаў называцца кн. Мсціслаўскім. У 1526 старэйшы сын Міхаіла Іванавіча Фёдар ад’ехаў у Маскву. Пасля смерці другога сына, Васіля, М.І.Мсціслаўскі завяшчаў княства каралевічу Жыгімонту Аўгусту і трымаў яго далей у якасці каралеўскага ўладання. Пасля смерці М.І.Мсціслаўскага (1529) яго ўладанні сталі староствам Віленскага ваяводства, а ў 1565 утворана Мсціслаўскае ваяводства.
А.А.Мяцельскі.
т. 10, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГРЭ́ЛЬСКАЕ КНЯ́СТВА,
княства ў Зах. Грузіі ў 16—19 ст. Вылучылася з Імерэцінскага царства. Да пач. 17 ст. ў склад М.к. ўваходзіла і Абхазія. Спачатку М.к. кіравалі князі з дынастыі Дадыяні, у канцы 17 ст. іх скінуў род Чыкавані, прадстаўнікі якога прынялі прозвішча Дадыяні. У 1803 уладар Грыгорый прыняў рас. падданства. Пасля Мегрэльскага паўстання 1857 у М.к. ўведзена прамое рас. кіраванне. Юрыд. скасавана ў 1867.
т. 10, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКАЕ КНЯ́СТВА феадальнае княства ў бас. рэк Мухавец і Кобрынка. Цэнтр — г. Кобрын. Узнікла каля 1404 пасля падзелу ўладанняў кн. Фёдара Ратненскага (сына вял. кн. ВКЛ Альгерда) паміж яго сынамі Сангушкам (родапачынальнік кн. роду Сангушкаў) і Раманам (родапачынальнік кн. роду Кобрынскіх). На працягу 15 ст. самастойная адм.-тэр. і судовая акруга ў складзе ВКЛ. Падзялялася на Кобрынскую і Прушанскую (Пружанскую) воласці. У пач. 16 ст. ў сувязі са згасаннем роду Кобрынскіх княства скасавана, а яго тэрыторыю Жыгімонт I Стары ў 1519 у якасці староства перадаў у пажыццёвае валоданне маршалку ВКЛ В.Косцевічу (мужу Г.С.Кобрынскай). Пасля яго смерці ў 1532 староства ў якасці павета далучана да Падляшскага ваяв., у 1566 увайшло ў Берасцейскі павет.
В.С.Пазднякоў.
т. 8, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства ў бас. Зах. Бярэзіны. Існавала ў 14 ст. Цэнтр — Крэва. Каля 1338 вял. князь ВКЛ Гедзімін аддаў К.к. свайму сыну Альгерду. Пазней належала сыну Альгерда Ягайлу. Верагодна, ужо ў 14 ст. страціла значэнне ўдзела, пазней пераўтворана ў староства ў Віленскім ваяв. У навук. л-ры часам сцвярджаецца, што ў 1387—91 К.к. належала брату Ягайлы кн. Вігунду (Аляксандру), на самай справе той валодаў г. Кернаў у Літве.
т. 8, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЕ КНЯ́СТВА, Новагародскае княства,
удзельнае княства ў Панямонні ў 13—14 ст. Цэнтр — Навагрудак (Новагародак). Новагародскі кн. Ізяслаў упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1237 (1236?), калі галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского» на кн. Конрада Мазавецкага. На падставе гэтага запісу лічыцца, што побач з Міндоўгам у барацьбе з мазавецкім князем удзельнічаў і Ізяслаў, які быў у саюзных або васальных адносінах з Данілам Раманавічам. Пазней Н.к. ўваходзіла ў склад уладанняў М шдоўга, Рамана Данілавіча, Войшалка, у 1-й пал. 14 ст. — удзел сына Гедзіміна Карыята (разам са Слонімам і Мсцібавам). Нейкі ўдзел меў у Н.к. сын Карыята Фёдар. У канцы 14 ст. вял. кн. Вітаўт зняволіў, а пасля выгнаў Фёдара з ВКЛ. З гэтага часу Н.к. канчаткова перайшло да велікакняжацкага дамена, у Навагрудку сядзелі намеснікі вял. князёў.
т. 11, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)