КАРНІ́ЛАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (13.2.1806, Цвярская вобл., Расія — 17.10.1854),
расійскі ваенна-марскі дзеяч. Віцэ-адмірал (1852). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1823). З 1827 служыў на гвардз. лінейным караблі «Азоў», удзельнік Наварынскай бітвы 1827 і рус.-тур. вайны 1828—29. З 1830 на Балт., з 1834 на Чарнаморскім флоце, нач. штаба эскадры М.П.Лазарава (1838—46), нач. штаба (з 1849) і фактычны камандуючы (з 1851) флотам. У Крымскую вайну 1853—56 удзельнік першага ў свеце бою паравых караблёў, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Севастопальскай абароны 1854—55; смяротна паранены ў час бамбардзіроўкі праціўнікам Севастопаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУДРО́СКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1918 Падпісана 30.10.1918 прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і Асманскай імперыі на борце англ. крэйсера «Агамемнан» у порце Мудрас (в-аў Лемнас) пасля паражэння Турцыі ў 1-й сусв. вайне. Прадугледжвала: адкрыццё чарнаморскіх праліваў для ваен.караблёў Антанты з правам акупацыі саюзнікамі фартоў Басфора і Дарданелаў, капітуляцыю тур. войск у Хіджазе, Іраку, Сірыі, Йемене і вывад іх з Ірана, Закаўказзя і Кілікіі; згоду на акупацыю саюзнікамі 6 вілаетаў тур. Арменіі «ў выпадку хваляванняў у адным з іх»; выдачу тур.ваен. флоту; дэмабілізацыю тур. арміі; вяртанне Турцыяй усіх ваеннапалонных. Фармальна дзейнічала да падпісання Муданійскага перамір’я 1922.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,
сетка наземных радыёстанцый, навігацыйных ШСЗ з камандна-вымяральным комплексам і падводных гідраакустычных станцый, па сігналах якіх з дапамогай бартавых сродкаў навігацыі вызначаюць каардынаты месцазнаходжання караблёў, самалётаў і інш. рухомых аб’ектаў. Кожная Н.с. ўключае таксама бартавыя навігацыйныя комплексы, а пры іх адсутнасці — навігацыйныя прылады, якія дазваляюць з высокай дакладнасцю і надзейнасцю вызначаць папраўкі да злічоных каардынат месца і курсу. Існуюць астранавігацыйныя сістэмы (гл.Астранамічная навігацыя), інерцыяльныя (засн. на вызначэнні паскарэнняў аб’екта з дапамогай акселерометраў і па гэтых даных — месцазнаходжання, курсу, скорасці і інш. параметраў), касмічныя (гл.Міжнародныя касмічныя навігацыйныя сістэмы), радыёнавігацыйныя сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯКО́Ў (Валерый Уладзіміравіч) (н. 27.4.1942, г. Тула, Расія),
расійскі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1989), Герой Расіі (1995). Лётчык-касманаўт СССР (1989). Д-рмед.н. Скончыў 1-ы Маскоўскі мед.ін-т (1965). З 1972 у атрадзе касманаўтаў. З 1992 нам. дырэктара Ін-та медыка-біял. праблем Рас.АН. Здзейсніў палёты (як урач-даследчык) у складзе экіпажаў касм.караблёў (КК) і асн. экспедыцый арбітальнай станцыі «Мір»; 29.8.1988—27.4.1989 (старт на КК «Саюз ТМ-6»), 8.1.1994—22.3.1995 (старт на КК «Саюз ТМ-8»), У космасе правёў 678,7 сут (2-і па працягласці вынік касм. палётаў; 2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́Н (франц. ponton ад лац. pons мост),
1) прасцейшы плывучы сродак, што выкарыстоўваецца ў пантонных парках у якасці плывучых апор наплаўных мастоў або паромаў, а таксама для падтрымання на вадзе розных устройстваў (докаў, пад’ёмных кранаў, прычалаў, землечарпалак і інш.) ці правядзення караблёў з глыбокай асадкай па мелкаводным фарватэры. П. бываюць адкрытыя і закрытыя (з палубай), самаходныя і тыя, якія буксіруюцца. Робяць П. з дрэва, металу, пластмасы, прагумаванай тканіны, жалезабетону.
2) Метал. або тканінныя ёмістасці, якія выкарыстоўваюцца для пад’ёму патанулых суднаў (прадметаў). П. ўпершыню пачалі выкарыстоўваць у пач. 17 ст. ў галандскай арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЙСЕР (галанд. kruiser ад kruisen плаваць морам),
баявы карабель для пошуку і знішчэння падводных лодак, надводных караблёў (суднаў), берагавых аб’ектаў праціўніка, вядзення бою ў складзе злучэнняў, забеспячэння высадкі марскіх дэсантаў, устаноўкі мінных загарод і інш. Быстраходны і добра ўзброены, большы за эскадраны мінаносец, але меншы за авіяносец. Водазмяшчэнне сучасных К. да 28 тыс.т.
Развіўся з ветразевых фрэгатаў і карветаў. Як клас караблёў ваенных упершыню з’явіўся ў 1860-я г. ў Вялікабрытаніі (з 1870-х г. у Расіі і інш. марскіх дзяржавах). У канцы 19 — пач. 20 ст. быў падобны на браняносец. У 2-ю сусв. вайну падзяляліся на лёгкія (водазмяшчэнне да 10—12 тыс.т, калібр гармат да 180 мм) і цяжкія (10—28 тыс.т, да 203 мм). У ВМФ Вялікабрытаніі і ЗША існавалі і лінейныя К., падобныя на лінкоры. Цяпер існуюць К. процілодачныя, авіянясучыя, ракетныя (з 1960-х г., у т. л. ўведзены ў строй у 1998 на рас. Паўночным флоце цяжкі атамны ракетны К. «Пётр Вялікі» з экіпажам 600 чал.) з атамнымі, газатурбіннымі і інш.энергет. ўстаноўкамі. Некат. К. могуць несці карабельныя верталёты і самалёты. Сярод найб. вядомых К. — «Алабама», «Аўрора», «Ачакаў», «Вараг».
Літ.:
Шершов А.П. История военного кораблестроения с древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994;
Энциклопедия кораблей. СПб., М., 1997.
У.Я.Калаткоў.
Авіянясучы процілодачны крэйсер «Мінск» (у складзе Ціхаакіянскага флоту ВМФСССР у 2-й пал. 1970 — пач. 1990-х г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НЗЮС (ANZUS; Australia, New Zealand, United States),
ваенна-палітычны блок Аўстраліі, Новай Зеландыі і ЗША. Назва ад першых літар краін-удзельніц. Дагавор пра стварэнне блока падпісаны 1.9.1951 у Сан-Францыска (ЗША) на неабмежаваны тэрмін, уступіў у сілу 29.4.1952. Інспіраваны ЗША, якія пасля пачатку Карэйскай вайны (1950) імкнуліся стварыць на ўзор НАТОкалект. саюз бяспекі ў ціхаакіянскай прасторы. Прадугледжваў узаемную падтрымку ў выпадку нападу на аднаго з партнёраў. Аўстралія і Новая Зеландыя бачылі ў дагаворы гарантыю бяспекі ад Японіі. Пасля закрыцця новазеландскіх партоў для атамных ваен.караблёў ЗША (1985) амер. ўрад у 1986 абвясціў пра спыненне сваіх абавязкаў у адносінах да Новай Зеландыі, яе членства ў АНЗЮСе прыпынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНГА́РД (ад аван... + франц. garde варта),
1) часць або падраздзяленне; на флоце яго частка або эскадра падводных караблёў, якія для аховы войск на маршы рухаюцца наперадзе гал. сіл. Задача — прыняць на сябе першы ўдар, не дапусціць раптоўнага нападу праціўніка на гал. сілы, стварыць ім зручныя ўмовы для ўступлення ў бой. Авангард пасылаецца таксама пры наступленні, праследаванні, у ходзе рэйду. Прымяняўся са стараж. часоў: у арміі Аляксандра Македонскага наперадзе ішлі атрады, якія выконвалі ролю авангарда. Вядомы амаль ва ўсіх сучасных арміях свету. На флоце пасля 1-й сусв. вайны не выкарыстоўваецца.
2) У пераносным сэнсе — найбольш свядомая, перадавая частка якога-небудзь грамадскага руху, паліт. партыі ці групы людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫН (Антон Іосіфавіч) (28.9.1910, в. Шпількі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.10.1962),
Герой Сав. Саюза (1954), контр-адмірал (1951). Скончыў ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1932), Ваенна-марскую акадэмію імя Варашылава (1948). У ВМФ з 1928. У 1935—40 штурман дывізіёна падводных лодак, камандзір падводнай лодкі, эскадранага мінаносца. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўн. флоце, камандзір дывізіёна эскадраных мінаносцаў; толькі з 1944 удзельнічаў у 18 баявых аперацыях, суправаджаў 95 транспартаў, камандаваў 10 аперацыямі па канваіраванні саюзных транспартаў і аперацыямі па пошуку падводных лодак ворага. З 1949 нач. штаба і камандзір злучэння караблёў, нач. кафедры Ваенна-марской акадэміі імя Варашылава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАНТУ́НСКАЯ А́РМІЯ,
злучэнне ўзбр. сіл Японіі ў Паўн.-Усх. Кітаі (Маньчжурыі) у 1919—45. Створана ў 1919 на Квантунскім п-ве (адсюль назва), які паводле Портсмуцкага мірнага дагавора 1905 адышоў да Японіі. У 1931—32 разам з інш.яп. злучэннямі акупіравала ўсю Маньчжурыю. Удзельнічала ў вайне супраць Кітая (з 1937), ваен. канфліктах з СССР на воз. Хасан (1938), з СССР і Манголіяй на р. Халхін-Гол (1939). У жн. 1945 складалася з 24 дывізій, 12 брыгад, падначаленых ёй паветр. арміі і Сунгарыйскай рачной флатыліі (усяго 750 тыс.чал., 1155 танкаў, 5360 гармат і мінамётаў, 1800 самалётаў, 25 караблёў). Разгромлена сав. войскамі ў час Маньчжурскай аперацыі 1945.