МІ́НКУС ((Minkus) Людвіг Фёдаравіч) (сапр. імя Алаізій Людвіг; 23.3.1826, Вена — 7.12.1917),

аўстрыйскі скрыпач, кампазітар, педагог. Па нацыянальнасці чэх (паводле інш. звестак — паляк). Муз. адукацыю атрымаў у Вене. Працаваў пераважна ў Расіі. У 1853—55 капельмайстар хатняга аркестра кн. М.​Б.​Юсупава ў Пецярбургу, у 1861—72 саліст аркестра Вял. т-ра ў Маскве, з 1862 адначасова інспектар балетнай музыкі маскоўскіх т-раў, у 1872—90 кампазітар балетнай музыкі пры Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу. У 1866—72 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Пасля 1890 жыў у Вене. Аўтар каля 20 балетаў, у т. л. «Фіямета, або Перамога кахання» (паст. 1864), «Пахіта» (паст. 1864, разам з Э.​Дэльдэвезам), «Ручай» (паст. 1866, з Л.​Дэлібам), «Дон Кіхот» (паст. 1869), «Камарго» (паст. 1872), «Баядэрка» (паст. 1877), «Млада» і «Дачка снягоў» (паст. абодва 1879), «12 эцюдаў» і інш. п’ес для скрыпкі. Яго лепшыя балеты вызначаюцца меладычнай, яскрава танцавальнай, рытмічнай музыкай. «Вялікае класічнае па» з «Пахіты», «Дон Кіхот», «Баядэрка» і класічны акт «Цені» з яе неаднаразова ставіліся ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЁ ((Baillot) П’ер Мары Франсуа дэ Саль) (1.10.1771, Парыж — 15.9.1842),

французскі скрыпач-віртуоз, кампазітар, педагог. Праф. Парыжскай кансерваторыі (1795). Буйны прадстаўнік т.зв. парыжскай школы. З 1802 канцэртаваў (у 1805—08 прыдворны саліст у Пецярбургу). У 1821—32 першы скрыпач т-ра «Гранд-апера», з 1827 — Каралеўскай прыдворнай капэлы. Аўтар твораў для скрыпкі, метадычных дапаможнікаў, у т. л. скрыпічнай школы, нарысаў пра А.​Грэтры, Дж.​Б.​Віёці і інш.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКЕРЫ́НІ ((Boccherini) Луіджы) (9.2.1743, г. Лука, Італія — 28.5.1805),

італьянскі кампазітар, віяланчэліст. З 1761 першы віяланчэліст капэлы ў г. Лука, заснавальнік струннага квартэта. Гастраляваў у еўрап. краінах. З 1769 жыў у Іспаніі. У яго творчасці адлюстраваўся працэс фарміравання класічнага муз. стылю 18 ст. Найб. значэнне маюць яго віяланчэльныя творы, у т. л. канцэрты для віяланчэлі з арк., камерна-інстр. ансамблі. Сярод інш. твораў: каля 30 сімфоній, арк. п’есы, інстр. санаты, культавая музыка.

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДЖАЛІ́НІ ((Angiolini) Даменіка Марыа Гаспара) (9.2.1731, Фларэнцыя — 5.2.1803),

італьянскі балетмайстар, артыст, лібрэтыст і кампазітар. Адзін з заснавальнікаў дзейснага балета. Падзяляў балетныя жанры на 4 групы: гратэск, камічны, паўхарактарны і высокі. Важнейшае месца ў балеце адводзіў музыцы. На аснове камедый Мальера стварыў новае для муз. т-ра відовішча. Працаваў у Італіі, Германіі, Аўстрыі, у 1766—86 (з перапынкамі) у Пецярбургу і Маскве. Паставіў шэраг балетаў, у т. л. на ўласную музыку.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСЕРМЭ́ ((Ansermet) Эрнест) (11.11.1883, г. Веве, Швейцарыя — 20.2.1969),

швейцарскі дырыжор, кампазітар. У 1915—23 муз. кіраўнік трупы «Рускі балет С.​Дзягілева». Арганізатар і кіраўнік (з 1918) аркестра Раманскай Швейцарыі. Адзін з лепшых інтэрпрэтатараў музыкі франц. імпрэсіяністаў, а таксама І.​Стравінскага (кіраваў першай паст. «Гісторыі салдата», 1918, Лазана, і інш.). Аўтар муз. твораў, кніг «Гутаркі аб музыцы» (1963, рус. пер. 1976); «Артыкулы аб музыцы і ўспаміны» (1971, рус. пер. 1986).

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 19.2.1945, г. Ташкент),

спявак і кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1994). Скончыў Маладзечанскае муз. вучылішча (1963, клас акардэона). Працаваў у калектывах эстраднага жанру, у т. л. ў ансамблі пад кіраўніцтвам В.​Вуячыча, аркестры «Сучаснік», вак.-інстр. ансамблях «Пявучыя гітары», «Магістраль» (арганізатар), «Аракс» і інш. Аўтар і выканаўца папулярных песень (у т. л. «Залатая лесвіца», «Макі», «Снегіры», «Ля бяроз і сосен» і інш.).

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́НТЭР (Мацвей Ісакавіч) (10.2.1903, г. Почап Бранскай вобл. — 24.9.1990),

савецкі кампазітар. Нар. арт. СССР (1975). Герой Сац. Працы (1983). Займаўся кампазіцыяй у Г.​Канюса. Адзін з заснавальнікаў сав. песні. Найб. папулярнасць набылі песні «Кацюша», «Партызан Жалязняк», «Песня аб Шчорсе», «У лесе прыфрантавым», «Пад зоркамі балканскімі», «Перад далёкай дарогай». Аўтар аперэт, у т. л. «На беразе Амура» (1939). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Зак В. Матвей Блантер. М., 1971.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НТСАН ((Bentzon) Нільс Віга) (н. 24.8.1919, Капенгаген),

дацкі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Капенгагенскай кансерваторыі (1938—41). Канцэртаваў з 1943. З 1945 выкладаў у Ютландскай муз. акадэміі (г. Орхус), з 1949 у Капенгагенскай кансерваторыі. Сярод твораў (больш за 500) оперы «Фауст 3» і «Уліс», балет «Жэні фон Вестфален», 13 сімфоній; найб. значныя творы Бентсана — сімфонія «Хроніка пра Рэне Дэкарта» (1975) і сімф. варыяцыі (1953). Аўтар першага падручніка дадэкафоніі «Дванаццацітонавая музыка» (1953).

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУШЭ́ЎСКІ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 20.4.1952, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах баяна (1976) і кампазіцыі (1985, клас Дз.Смольскага). Працуе ў розных жанрах, апіраецца на бел. песенна-танц. фальклор.

Сярод твораў: араторыя «Гусаўца голас» на тэкст М.​Гусоўскага (1985), кантата «Сэрца роднае» на сл. М.​Багдановіча (1991); карціна «А хто там ідзе?» (1982), Рамантычная паэма (1984), Сюіта (1991) для сімф. аркестра; камерна-інстр. і вак. музыка.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРО́ДАЎ (Джурабек) (н. 24.12.1942, с. Куруд Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),

таджыкскі спявак (тэнар), выканаўца на рубобе, кампазітар. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Ленінабадскі пед. ін-т (1962). З 1963 артыст Тадж. філармоніі. У яго рэпертуары тадж. і інш. нар. песні з уласным акампанементам. Выступае і з сімф. аркестрам. Аўтар больш як 150 песень, у т. л. цыклаў на словы М.​Турсун-задэ, С.​Ясеніна і інш. Дзярж. прэмія Таджыкістана 1987.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)