Існуе ў Гомелі з ліст. 1954. Адкрыўся спектаклем «Гады вандраванняў» А.Арбузава. Напачатку ставіліся пераважна п’есы сав. драматургаў: «Гісторыя аднаго кахання» К.Сіманава, «Крылы» А.Карнейчука, «У добры час!» В.Розава, «Каханне Ані Бярозкі» У.Пісталенкі і інш. З 1956 у рэпертуары пачалі з’яўляцца бел. творы: «Глыбокая плынь» паводле І.Шамякіна, «Непрымірымасць» і «У бітве вялікай» А.Маўзона. Зрэдку ставіліся класічныя п’есы: «Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вегі, «Дон Сезар дэ Базан» А.Дэнеры і Ф.Дзюмануара, «Васа Жалязнова» М.Горкага. Канец 1950 — пач. 1960-х г. у творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Л.Эльстона і Ю.Арынянскага. Сярод значных пастановак: «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка, «Сэрца на далоні» І.Шамякіна, «Выклік багам» А.Дзялендзіка, «Угрум-рака» паводле В.Шышкова, «Інтэрвенцыя» Л.Славіна, «Перад вячэрай» Розава, «104 старонкі пра каханне» Э.Радзінскага, «Зімовая казка» У.Шэкспіра. Асабліва плённай была дзейнасць т-ра ў 2-й пал. 1960 — 1-й пал. 1970-х г. (маст. кіраўнік І.Папоў), калі стабілізаваўся акцёрскі калектыў, вырасла выканаўчае майстэрства. Спектаклі вызначаліся творчым пошукам, глыбінёй спасціжэння драматургіі, псіхалагізмам, тонкай распрацоўкай характараў, сцэн. культурай, ансамблевасцю. Сярод лепшых пастановак: «Любоў Яравая» К.Транёва, «Разлом» Б.Лаўранёва, «Пасля пакарання смерцю прашу...» В.Долгага, «Маё сэрца з табою» Ю.Чупрына, «Не трывожся, мама!...» Н.Думбадзе, «Беспасажніца» і «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Тры сястры» А.Чэхава, «Атэла» Шэкспіра. Цікавае сцэн. ўвасабленне набылі «Легенда пра песню няспетую» М.Пало і Папова, «Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага, «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Грэшнае каханне» і «Амазонкі» Дзялендзіка. Спектаклі «Жыццё ўсяго адно» А.Маўзона, «Залатая карэта» Л.Лявонава і «Першы грэх» А.Каламійца (рэж. усіх Папоў) у 1972 адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі. У 2-й пал. 1970-х г.т-р перажыў перыяд творчай нестабільнасці, істотныя змены адбыліся ў трупе. Канец 1970 — 1-я пал. 1980-х г. звязана з дзейнасцю рэж. В.Кручкова, які асаблівую ўвагу надаваў знешняй культуры, дынамізму, пластыцы, музыкальнасці пастановак. Сярод іх: «Жывы партрэт» А.Марэта, «Як вярнуць мужа?» («Ілгуха») Л.Эніка і А.Дадэ. Значнымі былі пастаноўкі бел. твораў: «Подых навальніцы» паводле І.Мележа, «Ладдзя роспачы» паводле У.Караткевіча, «Гора і слава» А.Петрашкевіча, «Узлёт» А.Дударава. У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г.т-р зноў апынуўся ў крызісным становішчы. Спектаклі не вызначаліся навізной, маст. вартасцю. З 1993 маст. кіраўнік т-ра У.Караткевіч. Сярод пастановак апошніх гадоў: «Паўлінка» Я.Купалы, «Звар’яцелы Альберт» С.Кавалёва паводле Я.Баршчэўскага, «Купала» А.Дударава, «Цудоўная казка — прыгожая песня» А.Міхайловіча паводле бел.нар. казак «Лёгкі хлеб» і «Музыкі», «Прыгажун-мужчына» А.Астроўскага, «Тайна адной споведзі» Б.Васільева, «Гульня і не больш» Д.Фо. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры: М.Цурбакоў, Л.Гамуліна, Л.Гарбунова, Т.Скарута, С.Давыдаў, А.Г. і А.С.Каменскія, М.Маліноўскі, У.Слаўкоў, М.Кукліна, Р.Сувораў, Л.Усанава, Я.Дашкоў, Л.Сторажава, П.Філіпаў; рэжысёры: С.Гурыч, Я.Батурын, Б.Насоўскі, В.Шутаў, В.Яснагародскі, Г.Вагаў, В.Бартосік; мастакі: А.Ясафава, А.Свішчоў, М.Гафт, А.Белазёраў, А.Кляўзер, Дз.Мохаў. У складзе трупы (1997): нар.арт. Беларусі Н.Карнеева, засл. арт. Беларусі Ф.Іваноў, Л.Лаўрыновіч, М.Пало, В.Чэпелеў, Ю.Шэфер і інш.
Будынак т-ра ўзведзены ў 1956 (праект 1941, арх. А.Тарасенка). Прамавугольны ў плане аб’ём мае сіметрычную прасторавую кампазіцыю. Па гал. восі размешчаны цэнтр. ўваход, вестыбюльная група памяшканняў, глядзельная зала партэрна-яруснага тыпу на 800 месцаў, развітая сцэн. каробка. Гал. фасад уяўляе сабой 6-калонны порцік з франтонам, багата дэкарыраваны скульптурай. Калонам карынфскага ордэра адпавядаюць пілястры па перыметры будынка. Інтэр’еры асн. памяшканняў аздоблены лепкай.
А.В.Сабалеўскі, А.А.Воінаў (архітэктура).
Будынак Гомельскага абласнога драматычнага тэатра.Гомельскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Гора і слава» А.Петрашкевіча.Гомельскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Подых навальніцы» паводле І.Мележа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЫМЯ»,
літаратурна-мастацкі і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца са снежня 1922 у Мінску на бел. мове штомесячна. У 1922—24 [да № 3(11)] выданне Бел.каап.-выдавецкага т-ва «Савецкая Беларусь», у 1924 [з № 4(12)] — 31 — Дзярж.выд-ва Беларусі; у 1932—34 (да № 5) орган Арг.к-та Саюза сав. пісьменнікаў БССР, з 1934 (з № 6—7) — праўлення Саюза сав. пісьменнікаў БССР, з 1945 — Саюза сав. пісьменнікаў Беларусі (з № 2, 1957 — Саюза пісьменнікаў Беларусі), з 1993 (№ 5) заснавальнікамі з’яўляюцца Саюз бел. пісьменнікаў і калектыў рэдакцыі. У 1932—41 (да № 3) выходзіў пад назваю «Полымя рэвалюцыі». У Вял.Айч. вайну не выдаваўся. У першы склад рэдкалегіі ўваходзілі З.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.Кудзелька (М.Чарот), З.Бядуля, У.Ігнатоўскі і В.Нодэль. У 1920 — пач. 1930-х г. у рэдагаванні час. ўдзельнічалі А.Сянкевіч, Ц.Гартны, М.Зарэцкі, Я.Купала і інш. Рэдактары П.Галавач (1932—33), М.Лынькоў (1933—41), П.Броўка (1945-48), М.Танк (1948—67), П.Кавалёў (1967—72), К.Кірэенка (1972—86), С.Законнікаў (з 1986). Друкуе творы бел. пісьменнікаў, пераклады твораў класікаў сусв. л-ры і сучасных пісьменнікаў замежных краін, артыкулы па пытаннях бел. л-ры і мастацтва, гісторыі, краязнаўства, эканомікі, культуры, грамадска-паліт. і сац. жыцця Беларусі, рэцэнзіі. Адыгрывае вял. ролю ў развіцці бел. л-ры.
У «П.» ўпершыню апубл. многія творы Я.Купалы, Я.Коласа (у т. л. раздзелы паэмы «На шляхах волі», паэма «Рыбакова хата», аповесці «Дрыгва», «На ростанях»), В.Адамчыка, Л.Арабей, У.Арлова, М.Арочкі, А.Асіпенкі, З.Астапенкі, А.Астрэйкі, М.Аўрамчыка, Р.Баравіковай, Р.Барадуліна, С.Баранавых, А.Бачылы, Д.Бічэль-Загнетавай, Т.Бондар, П.Броўкі. Я.Брыля (у т. л. раман «Птушкі і гнёзды», аповесць «Ніжнія Байдуны»), Г.Бураўкіна, В.Быкава (у т. л. аповесці «Здрада», «Круглянскі мост», «Сотнікаў», «Знак бяды», «У тумане», «Аблава», «Сцюжа», «Ваўчыная яма»), З.Бядулі, А.Васілевіч, В.Віткі, А.Вялюгіна, А.Вярцінскага, Галавача, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага (у т. л. раман-хроніка «Віленскія камунары»), С.Гаўрусёва, Н.Гілевіча, М.Гіля, П.Глебкі, Ю.Голуба, С.Грахоўскага, А.Грачанікава, К.Губарэвіча, А.Гурло, Л.Дайнекі, Г.Далідовіча, У.Дамашэвіча, С.Дзяргая, У.Дубоўкі, І.Дуброўскага, А.Дудара, А.Дударава, А.Жука, Я.Журбы, Законнікава, М.Зарэцкага (у т. л. раманы «Сцежкі-дарожкі», «Вязьмо»), А.Звонака, В.Зуёнка, В.Іпатавай, Кавалёва, В.Каваля, В.Казько, Л.Калюгі, В.Карамазава, У.Караткевіча, А.Карпюка, К.Кірэенкі, В.Коўтун, К.Крапівы (у т. л. п’есы «Партызаны», «Хто смяецца апошнім», «Мілы чалавек», «Брама неўміручасці»), А.Кудраўца, А.Кулакоўскага, А.Куляшова (у т. л. паэмы «У зялёнай дуброве», «Прыгоды цымбал», «Новае рэчышча», «Грозная пушча», «Далёка да акіяна». «Хамуціус»), М.Лобана, А.Лойкі, Е.Лось, Лынькова, А.Макаёнка, П.Макаля, М.Матукоўскага, Н.Мацяш, І.Мележа (у т. л. раманы «Мінскі напрамак», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань»), Б.Мікуліча, П.Місько, А.Мрыя, Р.Мурашкі, М Мятліцкага, І.Навуменкі, Я.Нёманскага, І.Новікава, У.Някляева, В.Палтаран, А.Пальчэўскага, С.Панізніка, П.Панчанкі. У.Паўлава, Г.Пашкова, П.Пестрака (у т. л. раман «Сустрэнемся на барыкадах»), А.Петрашкевіча, П.Пруднікава, І.Пташнікава, Я.Пушчы, А.Пысіна, А.Русецкага, Р.Сабаленкі, Э.Самуйлёнка, Б.Сачанкі, Ю.Свіркі, Р.Семашкевіча. А.Сербантовіча, Я.Сіпакова, Я.Скрыгана, М.Стральцова, М.Танка, В.Таўлая, П.Труса, Н.Тулупавай, А.Федарэнкі, Ў.Хадыкі, М.Хведаровіча, В.Хомчанкі, А.Чарнышэвіча, М.Чарота, К.Чорнага (у т. л. аповесці «Вясна», «Люба Лук’янская», раманы «Трэцяе пакаленне», «Пошукі будучыні», «Млечны шлях»), І.Чыгрынава, І.Шамякіна (у т. л. раманы «Глыбокая плынь», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль»), С.Шушкевіча, А.Якімовіча, Я.Янішчыц, Ф.Янкоўскага і інш ; літ.-крытычныя і літ.-знаўчыя артыкулы А.Адамовіча, С.Александровіча, С.Андраюка, В.Бечыка, Дз.Бугаёва, Р.Бярозкіна, У.Гніламёдава, І.Замоціна, В.Каваленкі, У.Калесніка, Г.Кісялёва, А.Клышкі, Лойкі, А.Мальдзіса, М.Мушынскага, Ю.Пшыркова, В.Рагойшы, Я.Саламевіча, А.Сямёнавай, М.Тычыны, Р.Шкрабы, У.Юрэвіча і інш.
Літ.:
Лынькоў М. Шляхам жыцця // Полымя. 1972. № 11;
Танк М. Летапіс вялікіх здзяйсненняў // Там жа. 1982. № 11;
Саламевіч Я. Праз гады // Там жа. 1992. № 11—12;
Конон В. На рубежах утверждения // Неман. 1982. № 12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫГЕ́Я, Рэспубліка Адыгея,
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 7,6 тыс.км². Нас. 426 тыс.чал. (1987), гарадскога 51%; адыгейцы, рускія, украінцы і інш. Сталіца — г.Майкоп.
Прырода. Адыгея размешчана ў паўн.-зах.ч. Каўказа на левабярэжжы рэк Кубань і Лаба; паўн.ч. — на Прыкубанскай раўніне, парэзанай далінамі рэк і лагчынамі, паўд.ч. — на перадгор’ях і схілах В.Каўказа (выш. да 3238 м, г. Чугуш). Ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы, мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, цёплы. Сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 22 °C. Ападкаў каля 700 мм за год. Безмарозны перыяд 180 дзён. Рэкі бас. Кубані (Лаба, Белая, Пшыш, Псекупс). Вадасховішчы: Краснадарскае, Шапсугскае, Акцябрскае і інш. На б.ч.тэр. — чарназёмы, пашыраны каштанавыя глебы, у гарах — шэрыя і бурыя лясныя. Шыракалістыя лясы перадгор’яў займаюць 2/5 тэрыторыі, у гарах піхта, елка, хвоя. Водзяцца зубр, серна, каўказскі алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, выдра, барсук, ліс і інш. У Адыгеі асн.ч.Каўказскага запаведніка.
Гісторыя. Звесткі пра стараж. чалавека на тэр. Адыгеі адносяць да палеаліту. Продкі адыгаў згадваюцца ў пісьмовых крыніцах з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. З 4 ст.н.э. адыгі апрача жывёлагадоўлі і земляробства займаліся ганчарствам, кавальствам, ювелірным і інш. рамёствамі, падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з народамі Каўказа, Крыма, з Іранам і Візантыяй, з генуэзскімі гарадамі-калоніямі, што існавалі да 15 ст. на марскім узбярэжжы Адыгеі. Прыблізна з 13 ст. з зах.-адыгейскіх плямёнаў пачала складвацца адыгейская народнасць. У 13 ст. Адыгея заваявана Залатой Ардой. З 16 ст. на землі Адыгеі спусташальныя набегі рабілі тур. султаны і крымскія ханы. Яны бралі вял. палон, насаджалі іслам, што прымусіла адыгейцаў шукаць абароны ў Расіі. У 1555—57 Адыгея далучана да Расіі. З крас. 1917 на тэр. Адыгеі пашыралася ўлада Кубанскай рады. У студз. 1918 абвешчана сав. ўлада, з мая тэр. Адыгеі ў складзе Кубана-Чарнаморскай сав. рэспублікі, з ліп. — Паўночна-Каўказскай савецкай рэспублікі. Восенню 1918 Адыгея занята войскамі Добраахвотніцкай арміі, кіравалася адміністрацыяй Дзянікіна ўрада. У сак. 1920 адноўлена сав. ўлада. 27.7.1922 утворана Чэркеская (Адыгейская) аўт. вобласць, 24 жн. перайменавана ў Адыгейскую (Чэркескую), з ліп. 1928 — у Адыгейскую аўт. вобласць; адм. ц. — г. Краснадар, з 1936 — г. Майкоп. З 1937 аўт. вобласць у складзе Краснадарскага краю. У 1991 абвешчана Рэспубліка Адыгея ў складзе Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: харч. (кансервавая, маслабойная, мясная, цукр., эфіраалейная, чайная і інш.); машынабуд. (станкабудаванне); лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі, цэлюлозы, кардону). Газаздабыўная прам-сць. Асн.прамысл. цэнтр — Майкоп. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, рыс) і тэхнічных (сланечнік, цукр. буракі, тытунь) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя, бульбу, кармавыя культуры. Вінаградарства і пладаводства. У жывёлагадоўлі вядучае месца займае развядзенне буйн. раг. жывёлы. Птушкагадоўля. Пчалярства. Суднаходства па р. Кубань. Аўтамаб. траса Майкоп — Дагамыс. Зах.ч. перасякае чыгунка Краснадар—Новарасійск.
Культура. У 1992 у Адыгеі 204 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (21,6 тыс. дзяцей), 165 агульнаадук. школ (62,7 тыс. вучняў, больш за 5 тыс. настаўнікаў), 10 ПТВ (4,5 тыс. навучэнцаў), 6 сярэдніх спец.навуч. устаноў (7 тыс. навучэнцаў); Адыгейскі пед.ін-т (больш за 5 тыс. студэнтаў), 177 б-к. Гісторыка-краязнаўчы музей у Майкопе.
Выходзяць газеты «Адыгэ макъ» («Голас Адыга»), «Адыгейская правда» і інш.
Нар. паэзія адыгейцаў уключае паданні пра нартаў, гераічныя, ваенна-гіст. песні, песні-галашэнні, калыханкі, паляўнічыя, працоўныя, лірычныя, вясельныя і інш. Развіццё адыгейскай л-ры звязана са стварэннем у 1918 пісьменства і друку на адыгейскай мове. Першыя поспехі звязаны з імёнамі І.Цэя, М.Паранука, А.Хаткова, Т.Керашава. У 1930-я г. зроблены першыя запісы песень нар. ашуга Цуга Тэўчэжа і створаных ім паэм. У пасляваенны час плённа працавалі А.Еўтых, А.Гадагатль, Ю.Тлюстэн, Дж.Джагупаў, І.Машбаш, Х.Ашынаў і інш. Развіццю адыгейскай л-ры ў 1970—90-я г. спрыяла творчасць М.Тхаркаха, Е.Мамія, К.Кумпілава, Н.Куека, П.Кашубаева, Т.Чамокава і інш.
Найб.стараж. помнікі на тэр. Адыгеі (дальмены, наскальныя выявы, залатыя і сярэбраныя пасудзіны і фігуркі т.зв. майкопскай культуры) адносяцца да мезаліту і бронзавага веку. Да ранняга жал. веку належаць ювелірныя вырабы «звярынага стылю», кераміка, рэшткі абарончых і культавых збудаванняў. З даўніх часоў пашырана прыкладное мастацтва (залатое шыццё, разьба па дрэве і камені, лямцавыя дываны і інш.). У 1950 у Майкопе створана абл.маст.-вытв. майстэрні Краснадарскага аддз.маст. фонду Расіі.
Музыка адыгейцаў мае шэраг самабытных адметных рысаў. У яе аснове дыятанічныя лады, 2-дольная метрыка, у архаічных жанрах — нерэгулярна пераменная метрыка, мноства трыёляў, сінкопаў і інш. Сярод песенных жанраў працоўныя і абрадавыя песні. Танцы: зафак, ісламей, зыгатлат, удж-турыту, удж-хурай, зекакаш. Сярод інструментаў: флейта камыль, гармонік пшынэ, драўляная трашчотка пхачыч, струнна-смычковы апепшын. Найб. вядомыя кампазітары: У.Тхабісімаў, А.Нехай, Г.Самогава, М.Бесіджаў, Г.Чыч, Дж.Натха, Ч. і В.Анзарокавы. У Адыгеі працуюць (1988): Ансамбль нар. танца (Майкоп), філармонія, муз.-пед.ф-т Адыгейскага пед. ін-та, вучылішча мастацтваў, муз. школы.
Вытокі тэатр. мастацтва Адыгеі ў стараж.нар. эпасе, жартоўных сцэнках, якія ўваходзілі ў бытавыя, святочныя і працоўныя абрады. Першы нац.тэатр.калектыў — Адыгейскі абл. калгасна-саўгасны тэатр (1936). У 1941 у Майкопе створаны абл.драм.т-р імя А.С.Пушкіна (рус. і адыгейская трупы). У рэпертуары п’есы нац., рус., замежных драматургаў.
Створаны ў 1933 у Мінску як Дзярж.т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 — Вялікі, з 1964 — акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыты ў будынку БДТ-1 спектаклем «Кармэн» Ж Бізэ (гал. ролю выконвала Л.Александроўская). Напачатку дзейнасць т-ра была скіравана на асваенне класічнага, найперш рус. рэпертуару: «Яўген Анегін» (1933) і «Пікавая дама» (1934) П.Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава (1933), «Князь Ігар» А.Барадзіна (1934), «Русалка» А.Даргамыжскага (1938). Значнымі падзеямі ў гісторыі т-ра сталі пастаноўкі бел.нац. опер «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (лібр. П.Броўкі), «У пушчах Палесся» А.Багатырова (лібр. Я.Рамановіча паводле аповесці Я.Коласа «Дрыгва»; абедзве 1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940, лібр. В.Барысевіч, Броўкі і П.Глебкі паводле драмы М.Чарота «На Купалле»), Яны адметныя пошукамі нац. спецыфічных сродкаў муз. стылістыкі, заснаванай на нар.-песенным меласе, сцэн. выразнасцю і арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй.
У Вял.Айч. вайну значная частка калектыву працавала ў г. Горкі, потым у г. Каўроў (Уладзімірская вобл., Расія), дзе ў канцэртным выкананні паказаны оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1943), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні і новая бел. опера «Алеся» Цікоцкага (лібр. Броўкі; абедзве 1944). Пастаноўкай «Алесі» (у гал. ролі Александроўская) у канцы 1944 т-р аднавіў сваю дзейнасць у вызваленым Мінску. У пасляваен. гады разам з рэпертуарным узбагачэннем удасканальваліся рэжысура і сцэн. вырашэнне спектакляў. Плённа працавалі рэжысёры Б.Пакроўскі («Алеся», «Кармэн», 1945) і Б.Мардвінаў («Пікавая дама»; «Рыгалета» Дж.Вердзі, абедзве 1948; «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны і «Князь Ігар», 1949; «Іван Сусанін» М.Глінкі, 1950), сцэнограф Нікалаеў. Нац. рэпертуар папоўніла опера «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947, лібр. М.Клімковіча), дзе ў гал. партыі выступіў М.Сярдобаў. У 1950-я г.асн. лінію дзейнасці т-ра вызначала фарміраванне нац. рэпертуару пад кіраўніцтвам Александроўскай. Пастаўлены оперы «Дзяўчына з Палесся» Цікоцкага (новы варыянт оперы «Алеся», 1953), «Надзея Дурава» Багатырова (1956, лібр. І.Келера), у якой рэалізаваны выканальніцкія магчымасці К Кудрашовай, Л.Галушкінай, М.Ворвулева, паўторна паказана опера «Міхась Падгорны» (1957), дзе акцёрскім дасягненнем стаў вобраз Бабы-Лапатухі, створаны Т.Ніжнікавай. Народнасцю меласу і значнай драматургічнай роляй хароў вылучалася опера «Яснае світанне» Туранкова (1958, лібр. А.Бачылы). Створаны першы нац. оперны спектакль для дзяцей «Марынка» Р.Пукста (1955, лібр. Э.Агняцвет). Класічны рэпертуар узбагацілі «Мазепа» і «Іаланта» Чайкоўскага (абедзве 1952; у гал. ролі Т Шымко), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Трубадур» Вердзі (1955), «Садко» М.Рымскага-Корсакава (1957). Лепшай рэжысёрскай работай Александроўскай стала «Аіда» (1953) Вердзі, якую вызначалі прадуманасць рэжысуры і выдатны акцёрскі ансамбль (Друкер, Кудрашова, Ворвулеў, М.Зюванаў, Лазараў). Падзеяй стала першая ў СССР пастаноўка камічнай оперы С.Манюшкі «Страшны двор» (1952, лібр. ў перакладзе на бел. мову М.Танка).
У 1950—60-я г. пастаўлены шэраг муз. камедый і аперэт: «Карневільскія званы» Р.Планкета (1959), «Цыганскі барон» (1960) і «Лятучая мыш» (1961) І.Штрауса. У 1960-я г. вызначальная роля належала маст. кіраўніку і гал. рэжысёру т-ра Дз.Смолічу. Яго пастаноўку оперы Вердзі «Атэла» (1963) вылучае бліскучае муз. (дырыжор І.Абраміс) і акцёрскае ўвасабленне (З.Бабій, Н.Ткачэнка, І.Сарокін). Дасягненнем калектыву стала пастаноўка оперы С.Танеева «Арэстэя» (1963) пад кіраўніцтвам дырыжора Т.Каламійцавай. Сярод інш. пастановак тых гадоў оперы «Чыо-Чыо-сан» Пучыні (1953), «Пікавая дама» Чайкоўскага (1960), «Баль-маскарад» (1961) і «Трубадур» (1964) Вердзі, «Джаконда» А.Панк’елі (1962), «Любоўны напітак» Г.Даніцэці (1965), «Багема» Пучыні (1968), а таксама, складаная ў адносінах драматургіі опера С.Пракоф’ева «Заручыны ў манастыры» (1962). Героіка Вял.Айч. вайны ўвасоблена ў пастаноўцы «Брэсцкай крэпасці» К.Малчанава (1967). Бел. оперны рэпертуар папоўнілі камедыйныя творы Ю.Семянякі «Калючая ружа» (1960), з эфектнымі муз. фрагментамі і яскравымі сцэн. знаходкамі, і «Калі ападае лісце (1968; лібр. абедзвюх Бачылы). У 1945—60 у трупе працавалі спевакі Р.Асіпенка, Л.Бражнік, Ворвулеў, Галушкіна, А.Генералаў, У.Глазаў, Н.Гусельнікава, Г.Дзмітрыеў, Зюванаў, Кудрашова, Ніжнікава, Н.Нікеева, Б.Нікольскі, Т.Пастуніна, І.Сайкоў, Сярдобаў, Шымко, Р.Яўраеў; дырыжоры Абраміс, А.Брон, Каламійцава, Л.Любімаў, У.Пірадаў; рэжысёры Александроўская, А.Маралёў, Мардвінаў, Ю.Ужанцаў, У.Шахрай; мастакі Нікалаеў, П.Масленікаў, хормайстар М.Прысёлкаў.
У 1960-я г. вылучыліся спевакі новага пакалення В.Бруй, Л.Ганестава, В.Ганчарэнка, В.Глушакоў, В.Гур’еў, С.Данілюк, М. і П.Дружыны, Л.Златава, В.Кірычэнка, Сарокін, А.Саўчанка, В.Чарнабаеў, І.Шыкунова; дырыжоры Г.Дугашаў, К.Ціханаў, мастак Я.Чамадураў; хормайстры Т.Арлова, А.Кагадзееў; гал. канцэртмайстар С.Талкачоў. У 1970—80-я г., побач з узбагачэннем рэпертуару творамі опернай класікі і бел. кампазітараў, адбывалася актуалізацыя традыц. школы опернага мастацтва. Пачатак гэтага перыяду азнаменавала пастаноўка А.Дадышкіліяні «Хаваншчыны» М.Мусаргскага (1970; вобраз Марфы выканала Данілюк). Вял. роля ў абнаўленні тэатр. традыцый належыць рэж. С.Штэйну. які паставіў шэраг яскравых спектакляў. Маштабнасцю і глыбінёй муз. і рэж. інтэрпрэтацыі вызначалася яго сумесная з Я.Вашчаком работа над пастаноўкай «Барыса Гадунова» Мусаргскага (1974; у гал. партыі М.Зданевіч і Я.Пятроў). Пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» (1971) і «Снягурачка» (1981) Рымскага-Корсакава, 2 новыя інтэрпрэтацыі «Пікавай дамы» Чайкоўскага (1972, 1983), «Дон Жуан» (1973) і «Вяселле Фігара» (1980) В.А.Моцарта, дзе выразна раскрыліся вак. майстэрства і сцэн. абаяльнасць Саўчанкі. Творчай удачай т-ра стала пастаноўка «Лаэнгрына» Р.Вагнера (1977, рэж. К.Г.Фіртэль, ГДР; у гал. ролях Данілюк, А.Дзедзік, Л.Шамчук, Сарокін). У нац. традыцыях увасоблена польск. рэж. Б.Янкоўскім «Галька» Манюшкі (1975). Выявілася цікавасць т-ра да італьян. оперы: «Сельскі гонар» П.Масканьі (1973), «Дон Паскуале» Даніцэці (1977; у гал. ролі Чарнабаеў), «Дон Карлас» (1979) і «Рыгалета» (1981) Вердзі, «Служанка-пані» Дж.Пергалезі (1981). Пастаноўка М.Ізворска-Елізар’евай «Дона Карласа» вызначалася ансамблевасцю, высокай сцэн. і пеўчай культурай (Пятроў, Н.Казлова, Н.Губская, Данілюк і Н.Галеева). Нац. рэпертуар папоўнілі оперы «Андрэй Касценя» М.Аладава (лібр. Глебкі), «Зорка Венера» Семянякі (лібр. Бачылы; абедзве 1970). Філас.-абагульненае ўвасабленне рэчаіснасці, паказ падзей мінулага ў жывой сувязі з нашым часам уласцівы спектаклю «Джардана Бруна» С.Картэса (1977, лібр. У.Халіпа; дырыжор Вашчак, рэж. Штэйн, мастак Я.Лысік). Асн. рысы кампазіцыі і стылістыкі оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978, лібр. У.Караткевіча) характарызаваў псіхалагізм вак. партый (Дзедзік, Шыкунова, Сарокін). Драм. экспрэсіяй адметная пастаноўка оперы «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера (1980, лібр. А.Вярцінскага і Штэйна паводле аповесці В.Быкава «Воўчая зграя»), У 1970-я г.калектыўт-ра папоўнілі салісты Ю.Бастрыкаў, А.Кеда, Л.Колас, Пятроў, А.Рудкоўскі, В.Скорабагатаў, В.Цішына, У.Экнадыёсаў; дырыжор У.Машэнскі; мастакі Я.Ждан, В.Левенталь. 1980-я г.т-р адзначыў шэрагам прэм’ер. Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Коласа пастаўлена опера «Новая зямля» Семянякі (1982, лібр. А.Петрашкевіча паводле аднайм. паэмы Я.Коласа) — спроба сінтэзу фалькл.т-ра і класічнай оперы. У 1989 пастаўлены адзін з лепшых нац. твораў — «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (лібр. С.Клімковіч паводле аднайм. аповесці Караткевіча; дырыжоры Вашчак і А.Анісімаў, рэж. В.Цюпа, мастак Э.Гейдэбрэхт; у гал. партыях Н.Кастэнка, Скорабагатаў, Экнадыёсаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1990). Сярод інш. оперных прэм’ер «Вайна і мір» (1985, дырыжор Г.Праватораў, рэж. Штэйн, мастак Гейдэбрэхт) і першая ў СССР пастаноўка оперы «Мадалена» (1989) Пракоф’ева.
Музыкальнасцю і дынамізмам адзначаны спектакль «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1980, дырыжор Каламійцава; у гал. ролях Экнадыёсаў, Бастрыкаў, Колас, Кастэнка). Упершыню на Беларусі пастаўлены оперы «Кавалер руж» Р.Штрауса і «Чароўная флейта» Моцарта (1987), адноўлены оперы «Баль-маскарад» (1981), «Пікавая дама» (1983), «Іван Сусанін» (1984), «Севільскі цырульнік» (1986), «Яўген Анегін» (1986). У складзе трупы: спевакі Т.Глаголева, М.Гулегіна, М.Жылюк, Н.Залатарова, Л.Златава, Т.Кучынская, Г.Лукомская, М.Майсеенка, Э.Пелагейчанка, Пятроў, Н.Руднева, М.Рысаў, Цішына, мастакі Л.Ганчарова, Гейдэбрэхт, хормайстар Кагадзееў. У 1990-я г. рэпертуар т-ра ўзбагацілі нац. оперы «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992, лібр. В.Іпатавай паводле п’есы Л.Пракопчыка; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (1992, лібр. аўтара і Л.Глебавай паводле аднайм. рамана М.Булгакава) і «Візіт дамы» Картэса (1995, лібр. Халіпа паводле п’есы «Візіт старой дамы» Ф.Дзюрэнмата; дырыжор Праватораў, рэж. М.Пінігін, мастак З.Марголін; у гал. партыях Руднева і Пелагейчанка). У 1994 адбылася прэм’ера оперы Дз.Шастаковіча «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (лібр. А.Прэйса паводле аднайм. аповесці М.Ляскова), пастаноўка якой вылучалася экспрэсіўнай муз. стылістыкай у спалучэнні з дзейснай рэжысурай і сцэнаграфіяй (дырыжор Анісімаў, рэж. Ізворска-Елізар’ева, мастак В.Окунеў; у гал. партыях Залатарова і Т.Цівунова, В.Кавальчук). Сярод новых пастановак таксама камічная опера «Шлюбны вэксаль» Расіні (1998). Асаблівасць дзейнасці т-ра гэтага часу — выкананне зах.-еўрап. опер на мове арыгінала. Створаны новыя версіі спектакляў «Тоска» Пучыні (1991), «Іаланта» Чайкоўскага (1993), «Рыгалета» (1994), «Травіята» Вердзі (1997), «Паяцы» Р.Леанкавала (1999), «Кармэн» Бізэ (1995), «Князь Ігар» Барадзіна (1996). Т-р практыкуе форму канцэртна-сцэн. паказу: оперы «Барыс Гадуноў» Мусаргскага (1998), «Лючыя ды Ламермур» Даніцэці (у гал. партыі В.Курбацкая) і «Набука» Вердзі (1999; Бастрыкаў, Глаголева, А.Мельнікаў у гал. партыях), «Турандот» Пучыні (2000). Калектыўт-ра неаднаразова выступаў у Вял. т-ры ў Маскве і за мяжой. З 1990 г. на базе т-ра працуе Дзіцячы муз. тэатр-студыя, дзе пастаўлены шэраг спектакляў для дзяцей. У т-ры працавалі: гал. дырыжоры Гітгарц (1933—36), Грубін (1938—41), Брон (1944—48), Пірадаў (з 1948), Любімаў (1951—64), Дугашаў (1966—68), Ціханаў (з 1969), Вашчак (1972—80), Г.Праватораў (з 1984), А.Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. рэжысёры Златагораў (1939—40), Мардвінаў (з 1947), Александроўская (1951—60), Смоліч (1962—69), Дадышкіліяні (1972—76); гал. хормайстры Г.Пятроў (1933—37, 1945—50), А.Сцяпанаў (1937—41), М.Прысёлкаў (1951—59), Кагадзееў (1960—93); гал. мастакі Нікалаеў (з 1938), Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Э.Гейдэбрэхт (1984—90).
У складзе трупы (на 2000): нар.арт.СССР Саўчанка, нар. артысты Беларусі Бастрыкаў, Я.Пятроў, Руднева, Чарнабаеў, нар. арт Расіі Пелагейчанка, засл. арт. Расіі М.Майсеенка, засл. артысты Беларусі Галеева, Губская, М.Дружына, Жылюк, Казлова, Мельнікаў, У.Пятроў, Скорабагатаў, В.Стральчэня, майстры сцэны Т.Варапай, А.Гардынец, Глаголева, М.Грыгорчык, Кавальчук, Курбацкая, С.Франкоўскі; канцэртмайстры засл. артысты Беларусі Г.Карант, Л.Талкачова, засл. арт. Бураціі Ж.Габа, артысты аркестра — засл. артысты Беларусі М.Баркоўскі, У.Тарашкевіч; дырэктар — маст. кіраўнік т-ранар.арт. Беларусі Картэс, гал. дырыжор — засл. дз. маст. Расіі Анісімаў, дырыжоры засл. дзеячы маст. Беларусі М.Калядка, Л.Лях; рэж. С.Цырук, гал. хормайстар — засл. дз. маст. Беларусі Ламановіч, мастак Ганчарова, мастак па касцюмах Э.Грыгарук. Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам балета Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Смольский, Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;
Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;
Мастацтва Беларусі. 1983. № 10;
Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2—3]. Мн., 1993—96.
Б.С.Смольскі, А.В.Казлоўская.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Тоска» Дж.Пучыні. 1991.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна з оперы «Кармэн» Ж.Бізэ. 1945.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага. 1974.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана. 1989.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Візіт дамы» С.Картэса. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАСІБІ́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУЗах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі. Утворана 28.9.1937. Пл. 178,2 тыс.км². Нас. 2743 тыс.чал. (1997), гарадскога 74%. Цэнтр — г.Новасібірск. Найб. гарады: Бердск, Іскіцім, Куйбышаў, Барабінск, Татарск, Карасук. Займае паўд.-ўсх.ч.Зах.-Сіб. раўніны, паміж рэкамі Об і Іртыш. Большая ч. тэрыторыі — Барабінская нізіна, на Пн забалочаная Васюганская раўніна, на У адгор’і Салаірскага кража (выш. да 498 м). У цэнтр. і паўд. частках — рэльеф грывісты; «грывы» выш. 6—10 м, выцягнутыя з ПнУ на ПдЗ. Паніжэнні паміж імі заняты балотамі і азёрамі. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, золата, торф, буд. матэрыялы. Ёсць крыніцы мінер. вод. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -16 °C (на Пд) і -20 °C (на Пн), ліп. 18—20 °C. Ападкаў ад 250 мм на ПдЗ да 500 мм на Пн і У вобласці. Гал. рака — Об з прытокамі Бердзь і Іня, на ПнЗ прытокі Іртыша Ом і Тара. Рэкі Карасук, Чулым, Каргат і інш. ўпадаюць у бяссцёкавыя азёры. Больш за 3 тыс. азёр, найб. Чаны, Сартлан, Убінскае. Новасібірскае вадасховішча на р. 06. Шмат балот. Глебы падзолістыя, шэрыя лясныя, чарназёмныя. Лясы займаюць каля 11% тэрыторыі. На Пн — забалочаная тайга (піхта, елка, хвоя, кедр з дамешкамі бярозы, асіны), на У хваёва-бярозава-асінавыя лясы, на Пд — лесастэпы з бярозавымі колкамі. на ПдУ участкі стэпаў.
Вядучае месца ў прам-сці належыць машынабудаванню і металаапрацоўцы (вытв-сць станкоў, гідрапрэсаў, самалётаў, прылад радыёэлектронікі, сродкаў сувязі, у т. л. касмічных, энергет. машын і абсталявання, у т. л. для атамнай энергетыкі, с.-г. машын, абсталявання для тэкст. прам-сці і інш.). Развіты чорная і каляровая металургія, хім. і хіміка-фармацэўтычная, лясная і дрэваапр., лёгкая, харч.прам-сць. Па вытв-сці мяса, малака і кандытарскіх вырабаў Н.в. уваходзіць у лік вядучых рэгіёнаў Расіі. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Новасібірская ГЭС (на р. Об) і Барабінская ДРЭС (г. Куйбышаў). Н.в. — важны с.-г. раён Сібіры. С.-г. ўгоддзі займаюць 8,6 млн.га, у т. л. ворныя землі 4 млн.га. Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень, авёс) і зернебабовых культур пераважна ў паўд. раёнах. З тэхн. культур вырошчваюць лён і сланечнік, з кармавых — кукурузу і інш. Бульбаводства, агародніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, коней. Развіта птушкагадоўля. Пчалярства. Асн. значэнне мае чыг. транспарт (каля 90% грузаабароту). Даўж. чыгунак 1,5 тыс.км. Гал. чыгункі: участак Транссібірскай магістралі, Новасібірск—Кузбас, Новасібірск—Барнаул, Татарск—Карасук—Кулунда. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 11,6 тыс.км. Суднаходства па р. Об (497 км). Нафтаправод Башкірыя—Омск—Новасібірск—Іркуцк з адгалінаваннямі. Курорт Карачы.
Беларусы ў Новасібірскай вобласці. Масавыя міграцыі з Беларусі на тэр. сучаснай Н.в. адбываліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Паводле перапісу 1911 у Каінскім пав. было 1113 гаспадарак беларусаў — выхадцаў з Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губ. Перасяленцы з Магілёўшчыны і Міншчыны заснавалі ў 1906 в. Аляксандраўка (цяпер Балотнінскі р-н), якая ў 1916 налічвала больш за 100 двароў. У 1-ю сусв. вайну ў рэгіёне асела частка бел. бежанцаў, у 1917—18 у в. Казлоўка — стараверы з Мінскай губ. У 1920—30-я г. з Беларусі сюды дэпартавалі раскулачаных, рэпрэсіраваных і інш. Паводле перапісу 1926 у г. Новасібірск жыло 433, у Новасібірскай акрузе — 37 439, у Барабінскай — 26 270 беларусаў. Яны вырошчвалі лён на адваяваных у тайгі землях, займаліся рамёствамі, традыц.нар. творчасцю. Паводле перапісу 1939 у Н.в. жыло 41 713 беларусаў. Тут адбываў ссылку бел. пісьменнік Т.Лебяда. У Вял.Айч. вайну ў Новасібірск эвакуіравана 141 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л.калектыўДзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР. Пасля вайны ў Н.в. ехалі жыхары Беларусі па вярбоўцы, на новабудоўлі, па размеркаванні выпускнікі ВНУ. Паводле перапісу 1959 у Н.в. 11 684 беларусы (пераважна ў гарадах). На 1989 іх стала 13 137 чал.Бел. фальклор, маст. самадзейнасць, дэкар.-прыкладное мастацтва найб. захаваліся ў Кыштоўскім р-не, дзе сканцэнтравана да 30% нашчадкаў беларусаў-перасяленцаў. Іх побыт, адзенне, культ. спадчыну адлюстроўваюць і экспанаты краязнаўчых музеяў у с. Кыштоўка і г. Новасібірск. Узоры нац. фальклору беларусаў Новасібіршчыны, сабраныя ў час 4 комплексных навук. экспедыцый 1985—92, увайшлі ў працу, якую выдае Сіб. аддзяленне Рас.АН (г. Новасібірск). У 1994 у Новасібірску ўзнікла культ.-асв.т-ва «Беларусы Сібіры» (старшыня У.Галуза). Т-ва правяло сустрэчу прадстаўнікоў бел. арг-цый з Омска, Томска, Барнаула, Кемерава, Новакузнецка, Краснаярска (1995), ініцыіравала абласны фестываль бел. культуры, грамадскія скарынаўскія чытанні, шэраг выставак, у т. л. фотавыстаўку памяці вучонага В.А.Капцюга (усе 1997). У 1997 у Кыштоўцы праведзены раённы фестываль бел. культуры з удзелам фалькл. гуртоў і калектываў маст. самадзейнасці з вёсак Залівіна, Камышынка, Каўбаса, Круціха, Мяжоўка, Пахомава. У 1998 бел. ансамбль «Азарычы» (маст. кіраўнік Н.Шпурык) адзначаны залатым медалём Сіб. кірмашу за «чысціню традыцый і нац. культуру ў рукатворных касцюмах». З 1995 у новасібірскай б-цы імя А.Чэхава існуе аддзел бел. л-ры, з 1998 на абл. тэлебачанні дэманструецца бел. праграма, адкрыта спецыялізацыя «бел. мова і л-ра» на філал. ф-це Новасібірскага дзярж.пед. ун-та. З 1997 у Новасібірску створаны і асвячоны абраз св. Ефрасінні Полацкай, блаславёна буд-ваправасл. царквы ў гонар прападобнай Ефрасінні. Фінансаванне т-ва забяспечваюць М.Сулкоўскі (з 1997 узначальвае т-ва «Беларусы Сібіры», ён жа адзін з фундатараў праграмы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» па стварэнні копіі крыжа св. Ефрасінні Полацкай) і інш. прадпрымальнікі бел. паходжання. У вер. 1997 зарэгістравана Грамадская арг-цыя новасібірскай рэгіянальнай нац.-культ. аўтаноміі беларусаў (прэзідэнт Галуза), якая ўваходзіць у нац.культ. аўтаномію «Беларусы Расіі» і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Дэлегаты ад новасібірскіх беларусаў удзельнічалі ў працы Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (1992), I і II з’ездаў беларусаў свету, нарадзе прадстаўнікоў замежных суполак (Мінск, 1995). Новасібірскія беларусы аказваюць дапамогу тым, хто пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (напр., акадэмік А.Трафімук перадаў сваю Дзярж. прэмію Расіі на карысць бел. дзяцей-чарнобыльцаў, У.Драздоў ініцыіраваў стварэнне спец. фонду ўзаемадапамогі пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС). У 2000 у Новасібірску выдадзена сумесная праца вучоных ін-таў гісторыі Нац.АН Беларусі і Сіб. аддзялення Рас.АН — зб. «Беларусы ў Сібіры».
Літ.:
Фурсова Е.Ф. Традиционно-бытовые особенности культуры белорусов-переселенцев конца XIX — начала XX в. (по материалам этнографических экспедиций) // Белорусы в Сибири. Новосибирск, 2000;
Лыч Л.М. Национально-культурное строительство в БССР и белорусская диаспора Сибири (1920-е — первая половина 1930-х гг.) // Там жа.
Створаны ў 1932 у Бабруйску на базе вандроўнай рус. трупы як Дзярж.рус.драм.т-рБССР, у 1955—92 імя М.Горкага, з 1994 акадэмічны. У 1935—41 і 1944 працаваў у Магілёве, з крас. 1945 у Гродне, з ліп. 1947 у Мінску. Заснавальнік і маст. кіраўнік (1932—36) У.Кумельскі. Праграму і творчае аблічча т-ра 1-й пал. 1930-х г. вызначалі яго сцэн. індывідуальнасць, ідэйна-маст. і эстэт. погляды, якія склаліся пад уплывам абвешчанага закліку да дзеячаў мастацтва краіны падначаліць т-р інтарэсам рэвалюцыі. Гэта абумовіла яго рэпертуар і прынцыпы сцэн. ўвасаблення, класава-сац. падыход да інтэрпрэтацыі тагачаснай драматургіі, класічнай рус. і сусв. спадчыны. Кумельскі імкнуўся спалучаць акрэсленую грамадзянскую пазіцыю т-ра з маляўнічай формай спектакляў, дасягаць глыбокага пранікнення ў характары персанажаў. У рэпертуары пераважала сав. драматургія: «Чапаеў» паводле Дз.Фурманава, «Гібель эскадры» А.Карнейчука, «Мой сябра» М.Пагодзіна, «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Браняпоезд 14-69» У.Іванава, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага. Асаблівай увагай карысталася драматургія М.Горкага. Праграмным і этапным спектаклем т-ра стаў «Ягор Булычоў і іншыя». Поспех пастановак гэтага перыяду шмат у чым вызначаўся ўдзелам у іх Кумельскага — акцёра яркай індывідуальнасці. Трупа фактычна кожны сезон фарміравалася нанава, пастаянна мяняліся маст. кіраўнікі. Найб. плённы перыяд звязаны з дзейнасцю рэжысёра А.Данаці (1936—38). У 1939 калектыў узначаліў Дз.Арлоў, была праведзена рэарганізацыя т-ра, ён папоўніўся выпускнікамі Ленінградскага і Маскоўскага тэатр. вучылішчаў. Сярод спектакляў «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага, «Каварства і каханне» Ф.Шылера. З пач.Вял.Айч. вайны т-р спыніў дзейнасць. Адноўлены летам 1943 у Маскве як франтавы. Сярод пастановак першых пасляваен. гадоў: «Сустрэча ў цемры» Ф.Кнорэ, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра. «Тры сястры» А.Чэхава, «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога. Вызначальнымі ў рэпертуары канца 1940-х г. былі пастаноўкі класічных твораў: п’ес Астроўскага «Жаніцьба Бялугіна» (нап. з М.Салаўёвым), «Апошняя ахвяра» і «На бойкім месцы», Чэхава «Дзядзька Ваня», М.Горкага «Дзеці сонца», Шэкспіра «Атэла». З пастановак тагачасных п’ес найб. поспехам карысталася «Старыя сябры» Л.Малюгіна. У 1950 т-р у другі раз пасля інсцэнізацыі «Сымона Карызны» М.Зарэцкага ў 1935 звярнуўся да бел. драматургіі: пастаўлена п’еса В.Палескага «Песня нашых сэрцаў», у 1953 адноўлена пад назвай «Што пасееш, тое і пажнеш». 1950-я г. ў творчасці т-ра адметныя дзейнасцю рэжысёра высокай тэатр. культуры В.Фёдарава. Сярод лепшых пастановак гэтага перыяду: «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Порт-Артур» паводле А.Сцяпанава, «Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі. Асаблівае месца сярод іх займалі «Варвары» М.Горкага (пасля паказу гэтага спектакля на Дэкадзе бел. мастацтва ў Маскве т-ру было прысвоена імя М.Горкага) і «Кароль Лір» Шэкспіра, прызнаныя дасягненнем тэатр. мастацтва краіны 1950-х г. Спектакль «Кароль Лір» і найперш выкананне А.Кіставым гал. ролі былі высока ацэнены дзеячамі тэатр. мастацтва Англіі.
У канцы 1950 — пач. 1960-х г. плённым было супрацоўніцтва т-ра з рэжысёрамі М.Співаком («Галоўная стаўка» Губарэвіча, «Аптымістычная трагедыя» Вішнеўскага, «Барабаншчыца» А.Салынскага, «Улада цемры» Л.Талстога) і В.Рэдліх («Беспасажніца» Астроўскага, «Дзеці сонца» М.Горкага, «Дванаццатая гадзіна» А.Арбузава, «Антоній і Клеапатра» Шэкспіра). Рэпертуар папоўніўся п’есамі бел., сав. і тагачасных замежных драматургаў. У 2-й пал. 1960-х — 1-й пал. 1970-х г. назіралася стракатасць рэпертуару, з’яўляліся спектаклі сярэдняга ўзроўню. Поспехі калектыву ў гэты перыяд звязаны з асобнымі пастаноўкамі класічных твораў: «Маскарад» М.Лермантава, «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова, «Марыя Сцюарт» Шылера. Вылучаліся таксама спектаклі: «А досвіткі тут ціхія» паводле Б.Васільева, «Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.Айтматава і К.Мухамеджанава, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «Мілы лгун» Дж.Кілці, «Двое на арэлях» У.Гібсана. Творчы ўздым т-ра 1970-х г.
звязаны з дзейнасцю рэжысёра Б.Луцэнкі, праграмнымі спектаклямі якога сталі «Макбет» Шэкспіра (паказаны на міжнар. шэкспіраўскім фестывалі ў ФРГ, 1981), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта, «Трагедыя чалавека» І.Мадача, «Лазня» У.Маякоўскага. Т-р набывае сваё адметнае аблічча. Павышаная цікавасць да маральна-этычных аспектаў, асэнсаванне сутнасці чалавечага быцця, барацьба дабра і зла па-мастацку даследуюцца ў спектаклях «Пайсці і не вярнуцца» паводле В.Быкава, «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча, «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Апошнія» М.Горкага, «Салодкагалосая птушка юнацтва» Т.Уільямса і інш. Творчы дыяпазон т-ра пашырылі спектаклі рэжысёраў У.Маланкіна, М.Сулімава, А.Даброціна, А.Каца, М.Кавальчыка, А.Кузняцова, Б.Глаголіна, А.Карпава. 1980-я г. ў дзейнасці т-ра найперш звязаны з пастаноўкамі рэж. В.Маслюка («Знак бяды» паводле аповесці В.Быкава, Дзярж. прэмія Беларусі 1986. «Гамлет» Шэкспіра). Сярод інш. спектакляў гэтага перыяду: «Начныя карлікі і Антыгона» («Дарагая Алена Сяргееўна») Л.Разумоўскай, «Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна, «І быў дзень» («Звалка») А.Дударава, «Незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» паводле У.Вайновіча. Ставяцца п’есы такіх буйных сучасных драматургаў, як Э.Олбі, Ф.Дзюрэнмат, Т.Уільямс, Ю.О’Ніл, К.Чапек. У пач. 1990-х г.т-р зноў узначаліў Луцэнка. Сярод спектакляў: «Блаславі нас, госпадзі...» С.Бельцюкова і А.Залётнава, «Драўляны рыцар» С.Кавалёва, «Перпетум мобіле, ці Вечар яўрэйскіх анекдотаў» Луцэнкі, «Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.Меражкоўскага, «Букееў і кампанія» М.Горкага, «Прасцячкі нечаканых астравоў» Б.Шоу, «Амфітрыён» паводле Плаўта. У 1981 у т-ры адкрыта Малая сцэна (спектаклі «Вячэра» Ж.К.Брысвіля, «На Залатым возеры» Э.Томпсана).
Важкі ўклад у развіццё т-ра зрабілі нар.арт.СССР Я.Палосін, нар. артысты Беларусі Г.Абуховіч, Арлоў, А.Кістаў. У розныя гады ў т-ры працавалі: Ф.Шмакаў, нар. артысты Беларусі Я.Карнавухаў, Р.Качаткоў, Ю.Ступакоў, В.Філатаў, І.Шаціла, нар.арт. Расіі К.Шышкін, засл. артысты Беларусі М.Аблаў, А.Бялоў, К.Верамейчык, Л.Весніна, В.Воінкаў, В.Захарава, А.Кашкер, В.Краўчанка, М.Кузьменка, І.Лакштанава, І.Лакштанаў, Г.Някрасаў, І.Ражба, М.Сокал, Т.Трушына, В.Чэмберг, А.Шапс, А.Шкапскі, засл. работнік культуры Беларусі Б.Вішкароў, засл. дзеячы маст. Беларусі акцёры і рэжысёры Ю.Арынянскі і Кумельскі, сцэнографы В.Галубовіч, А.Грыгар’янц, Ю.Тур.
У складзе трупы (1997): нар. артысты СССР А.Клімава, Р.Янкоўскі, нар. артысты Беларусі В.Клебановіч, Б.Масумян, Ю.Сідараў, засл. артысты Беларусі З.Асмалоўская, В.Бандарэнка, Л.Былінская, Э.Гарачы, А.Ткачонак, А.Шах-Парон, У.Шэлестаў, засл. арт. Расіі А.Брухацкі, акцёры У.Курган, Я.Лявонцьеў, Г.Маланкіна, А.Пастрэвіч, Н.Чамадурава і інш.Гал. рэжысёр (з 1991) нар.арт. Беларусі Луцэнка, гал. мастак У.Чарнышоў.
Б.Л.Бур’ян.
Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Макбет» У.Шэкспіра.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Варвары» М.Горкага.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «На Залатым возеры» Э.Томпсана.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Начныя карлікі і Антыгона» Л.Разумоўскай.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Майстры» паводле М.Булгакава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЯСТВО́,
рамяствоіпромысел, вытворчасць прамысловых вырабаў з дапамогай нескладаных традыц. інструментаў; майстэрства ўмелых рук (ад стараж.-рус. рукамясло); першая гіст. стадыя ў развіцці прамысл. вытв-сці. Паралельнае ўжыванне тэрмінаў «Р.» і «промысел» адлюстроўвае поўнае ці частковае супадзенне іх прадметнага зместу, а разыходжанні звязаны з асэнсаваннем іх з пункту гледжання сац.-эканам. характарыстыкі, сувязі з земляробствам і інш. Вырашальным для Р. з’яўляецца асабістае майстэрства рамесніка і індывід. характар вытв-сці (звычайна рамеснік працуе адзін або з невял. колькасцю памочнікаў). У залежнасці ад зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя групы Р. (дрэва- і металаапрацоўчыя, гарбарна-кушнерскае, апрацоўка мінер. сыравіны, валакністай сыравіны і выраб адзення), якія былі пашыраны на Беларусі і далі пачатак розным галінам прамысл. вытв-сці. Паводле сац. арганізацыі Р. падзяляюць на хатнія (для ўласных патрэб), на заказ і на рынак (дробнатаварная вытв-сць). У гіст. і сацыяльна-эканам. л-ры прадметны сэнс Р. нярэдка абмяжоўваецца вытв-сцю на заказ, а Р. на рынак наз. саматужным промыслам, хатняе Р. — хатнім промыслам. Паводле характару арганізацыі працы вылучаюць таксама стацыянарныя і адыходныя, ці вандроўныя Р. і промыслы (дойлідства, буд-ва мастоў, шапавальнае і інш.). У асобную групу вылучаюць маст. промыслы, у якіх найб. яскрава ўвасоблены нар. творчасць, маст. густы, духоўныя памкненні і нац.вытв. традыцыі народа.
У феад. перыяд амаль кожны сял. двор выступаў як самаст.вытв.калектыў з шырокім дыяпазонам гасп. дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы (харч. прыпасы, жыллё, адзенне, тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, с.-г. прылады і трансп. сродкі) у большасці вырабляліся на месцы сваімі рукамі. Універсальны характар сял. гаспадаркі быў шырокай базай вытв. вопыту і нар. ўмельства, што абумовіла агульны росквіт Р. і промыслаў. З сельскага насельніцтва вылучаліся майстры, для якіх Р. станавілася важнай ці нават асн. крыніцай існавання. Частка іх несла дваровую службу пры ланскіх ці дзярж. (гаспадарскіх) маёнтках і манастырах. Часам двары-службы ўтваралі цэлыя пасяленні рамеснікаў пэўнай спецыяльнасці — цесляроў, бондараў, гантароў, гарбароў, ганчароў, гутнікаў, буднікаў і інш.; іх прадукцыя забяспечвала патрэбы маёнтка, прадавалася на кірмашах, збывалася за мяжу. Статуты ВКЛ замацоўвалі роўныя прывілеі для рамеснікаў, якія паводле свайго юрыдычна-прававога становішча стаялі ў феад. іерархіі вышэй за сялян-земляробаў. Частку залежных рамеснікаў феадалы сялілі ў горадзе на землях сваіх юрыдык. Гар. Р. ў значнай ступені развівалася за кошт прытоку ў горад сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на развіццё і тэхн. ўзровень сельскага Р. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў горад, прыносіла з сабой абшчынныя традыцыі, што складаліся ў нормы звычаёвага права і адбіваліся на паўсядзённым жыцці брацтваў. Развіццю бел. Р. і промыслаў, іх спецыялізацыі і арганізац. ўпарадкаванню садзейнічала магдэбургскае права. У 16—17 ст. у гарадах Беларусі зафіксавана каля 200 спецыялізаваных відаў Р. і промыслаў. Найб. пашыраны былі ў гарадах — кавальскае, кравецкае, шавецкае, гарбарнае, ганчарнае; у вёсках — розныя віды дрэваапрацоўкі (выраб посуду, с.-г. прылад, цяслярства), апрацоўка лёну і воўны, ткацтва, пляценне. Гар. рамеснікі аб’ядноўваліся ў асобныя прафесійныя арг-цыі — цэхі. Такія карпарацыі наз. брацтвамі (Брэст, Гродна, Мінск, Вільня) або староствамі (Магілёў, Полацк). У склад цэха (40—50 чал.) уваходзілі людзі рамесных прафесій, а таксама рыбаловы, бортнікі, шынкары і інш., што займаліся промысламі ў шырокім сэнсе. У 17 ст. на Беларусі 116 цэхаў, кожны цэх меў свой статут, які вызначаў яго структуру, парадак прыёму новых членаў, рэгуляваў унутрыцэхавыя адносіны і інш., а таксама меў свой сцяг, зброю, сімвал, агульную касу; у час вайны абараняў горад. Цэхавая арг-цыя садзейнічала далейшаму развіццю Р., іх спецыялізацыі і павышэнню ролі ў сістэме грамадскай вытв-сці. Значэнне цэхаў выходзіла далёка за межы карпаратыўна-прафес. арг-цыі. Яны адыгрывалі значную ролю ў паліт. жыцці гарадоў, барацьбе супраць прыгонніцтва, за грамадзянскія правы і незалежнасць. Ваенныя падзеі ў 2-й пал. 17—пач. 18 ст. (войны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўн. вайна 1700—21) згубна адбіліся на развіцці рамеснай вытв-сці на Беларусі. Напр., у Віцебску, буйнейшым цэнтры рамеснай і прамысл. дзейнасці, у сярэдзіне 17 ст. было больш за 1 тыс. майстроў розных спецыяльнасцей, а ў 1665 засталіся 72 рамеснікі. У 2-й пал. 18 ст. назіралася адраджэнне традыц. Р. Асабліва хутка расла колькасць кавалёў, слесараў, цесляроў, шаўцоў, краўцоў, гарбароў і інш. Да 19 ст. цэхавае Р. вычарпала свае магчымасці. Аднак яно падрыхтавала глебу для сучасных форм вытв-сці. Побач з Р. значна пашырыліся мануфактуры, якія ўзніклі і працавалі на базе мясц.нар. Р. і промыслаў. Пэўнае месца ў вытв-сці прамысл. тавараў займала т.зв. рассеяная мануфактура. Часам мануфактурная і саматужна-рамесная вытв-сць аб’ядноўваліся ў адзіную сістэму вытв. сувязей. Больш выразны падзел працы, дыферэнцыяцыя вытв. працэсу на шэраг спецыялізаваных рамесных заняткаў садзейнічалі назапашванню вытв. ведаў, усталяванню новых, больш дасканалых і спецыялізаваных інструментаў, што з’яўлялася перадумовай вынаходства машын, У 19 ст. разам з ажыўленнем гандлёва-эканам. адносін прыкметна вызначылася геагр. спецыялізацыя с.-г. і саматужна-прамысл. вытв-сці. На Падняпроўі былі шырока развіты гарбарная, ганчарная, шкляная вытв-сці, лясныя і дрэваапр. промыслы. У Падзвінні важнае эканам. значэнне набылі вырошчванне лёну і яго апрацоўка, суднабудаванне, каменячосны і кавальскі промыслы, а з дрэваапрацоўкі — цяслярства. У Панямонні былі больш пашыраны вытв-сць сукна, харчовая, гарбарная вытв-сць, шавецкая і кравецкая справы. На Палессі важнае месца займалі здабыўныя промыслы (рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва), а з рамесных — суднабудаванне, выраб бандарнага і плеценага посуду. Рэформа 1861 узмацніла сац. расслаенне, вызваліўшы частку прац. рэсурсаў для неземляробчых заняткаў. Прыкметна змянілася і структура Р., іх месца ў грамадскай вытв-сці. Развіццё буйной прам-сці абумовіла паступовае скарачэнне ткацтва, ганчарства, звузіліся маштабы вышыўкі, набойкі, крашаніны, апрацоўка ліпавай кары, выраб рагож і цыновак. Аднак некат. Р. да пач. 20 ст. пашырыліся, у іх ліку кравецкае, шавецкае, шапавальнае, аўчыннае, кавальскае, выраб шкла, цэглы, кафлі, а з дрэваапрацоўчых — сталярнае і цяслярнае. Змяніліся сац. характар Р. і промыслаў, іх сувязь з рынкам збыту, узаемаадносіны гар. і сельскага Р., Р. і буйной прам-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саматужна-рамесніцкая вытв-сць разглядалася як адна з форм пераходу да сацыяліст. прам-сці, што знаходзіла сваё ўвасабленне ў прамысл. кааперацыі.
У сферы грамадскай вытв-сці развіццё буйной прам-сці адцясніла Р. і промыслы на другараднае месца. Аднак яны не зніклі, эканамічна апраўданы як дапаможны промысел, як спецыялізаваная дзейнасць майстроў. Асваенне лепшых традыцый нар. Р. — адзін з важнейшых кірункаў у развіцці мясц. прам-сці. Нар. промыслы, пераасэнсаваныя і адроджаныя на новай арганізац.-прававой і тэхн. асновах, набываюць самаст. ролю як адзін з камерцыйна-эканам. рычагоў грамадскай вытв-сці, а таксама як састаўная частка бел.нац. культуры. З мэтай захавання і адраджэння традыцый бел. Р. створаны Саюз майстроў нар. творчасці (1992). Узоры нар. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў розных відах прафесійнага нац. мастацтва.
В.С.Цітоў.
Да арт. Рамяство. Разьба па дрэве. Пляценне з саломы..
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШКОРТАСТА́Н, Рэспубліка Башкортастан, Башкірыя,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 143,6 тыс.км². Нас. 4048 тыс.чал. (1994), гарадскога 64%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Жывуць башкіры, рускія, татары, чувашы, марыйцы, украінцы, мардва, удмурты і інш. Сталіца — г.Уфа. Найб. гарады: Стэрлітамак, Салават, Нафтакамск, Акцябрскі, Беларэцк, Ішымбай, Кумертау, Туймазы.
Прырода. Тэрыторыя Башкортастана займае ўсх. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны, Перадуралле, горную паласу Паўд. Урала і ўзгоркава-раўнінную ч. Зауралля. На З рэльеф раўнінны, на ПдЗ Бугульмінска-Белебееўскае ўзвышша (выш. да 418 м), на Пд адгор’і Агульнага Сырта, на ПнУ Уфімскае плато (выш. да 632 м), паміж імі, на р. Белая, Ніжнябельская ўзгоркава-хвалістая раўніна. На У сістэма мерыдыянальных хрыбтоў Паўд. Урала (выш. да 1640 м, г. Ямантау); на Пд хрыбты зніжаюцца і пераходзяць у Зілаірскае плато. Пашыраны карст. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, вугаль, каменная соль; радовішчы жалеза, медзі, цынку, золата. Клімат кантынентальны, з умерана цёплым летам і суровай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -14 °C да -17 °C, ліп. 16—20 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Частыя сухавеі і пылавыя буры, зімой бураны. Гал. рака — Белая (1420 км, амаль уся ў межах Башкортастана) з прытокамі Нугуш, Сім, Уфа, Дзёма, на Пдр. Сакмара. Шмат дробных азёраў. Большая ч. раўніннай неўзаранай тэр. пад лесастэпавай і стэпавай кавыльна-разнатраўнай расліннасцю на чарназёмных глебах. Пад лясамі 40% тэрыторыі. На Пн Перадуралля — мяшаныя лясы на шэрых лясных і дзярнова-падзолістых глебах. На Паўд. Урале рэзка праяўляецца вышынная пояснасць: пояс дубова-ліпавых лясоў змяняецца піхтава-яловым. Запаведнікі: Башкірскі, Шульган-Таш. Прыродны нац. парк.
Гісторыя. Паводле археал. звестак тэр. Башкортастана засялялася з часоў верхняга палеаліту. Першае апісанне башкіраў пакінуў араб. падарожнік Ібн Фадлан (921). У 10—13 ст.башк. плямёны качавалі ў Прыураллі ад Волгі да Табола; займаліся жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам; адбываўся пераход ад радавых да феад. адносін. У 13 ст. землі башкіраў заваявалі мангола-татары і ўключылі ў Залатую Арду. З 2-й пал. 15 ст. Башкортастан стаў васалам Нагайскай Арды, Казанскага і Сібірскага ханстваў. Пасля разгрому Казанскага ханства большасць насельніцтва Башкортастана прыняла рас. падданства (1557), захаваўшы сваю рэлігію — іслам. Феад.-калан. прыгнёт, захоп башк. земляў рус. памешчыкамі і заводчыкамі выклікалі паўстанні (гл.Башкірскія паўстанні 17—18 ст.). На чале з Салаватам Юлаевым башкіры ўдзельнічалі ў Сялянскай вайне 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 18 ст. ў Башкортастане развіваецца горназаводская прам-сць. У 1798 рас. ўрад абвясціў башкіраў ваен. саслоўем, у 1863 прыраўняў іх у правах да сельскіх жыхароў. Пасля сял. рэформы 1861 у Башкортастане хуткімі тэмпамі развіваўся капіталізм. Буйным гандл.-адм. цэнтрам стаў г. Уфа. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у шэрагу гарадоў Башкортастана створаны Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Адначасова ў г. Уфа ў крас. 1917 на мусульм. з’ездзе башкіраў і татараў створаны Нац. савет. Летам 1917 нац. рух, які разгарнуўся пераважна на ўсходзе, узначаліў Башк.абл. савет. У снеж. 1917 у Арэнбургу, захопленым казацкімі войскамі А.І.Дутава, Башк. ўстаноўчы сход стварыў Башк.нац. ўрад на чале з З.Валідавым і М.Манатавым. 5.7.1918 Уфу захапілі белагвардзейцы (гл.Уфімская дырэкторыя) і стварылі башк. белае войска. Насельніцтва Башкортастана, незадаволенае рэжымам А.В.Калчака і яго заявамі пра ліквідацыю башк. аўтаноміі, павярнула на бок сав. улады. 20.3.1919 утворана Башкірская АССР са сталіцай у Стэрлітамаку (т.зв. Малая Башкірыя), падпісана Пагадненне Рас. рабоча-сял ўрада з Башк. урадам аб сав. аўтаноміі. Апазіцыйна настроеныя нац. сілы разглядалі гэта як тактычны ход і спрабавалі ізаляваць Башкортастан ад РСФСР. У 1922 да рэспублікі далучана б. Уфімская губ. (Вялікая Башкірыя), сталіца перанесена ў г. Уфа.
11.10.1990 абвешчана Рэспубліка Башкортастан у складзе Рас. Федэрацыі. 31.3.1992 Башкортастан разам з інш. рэспублікамі падпісаў дагавор аб федэрацыі з Расіяй, а з 1993 узяў пад кантроль эканам. і паліт. жыццё як незалежная рэспубліка.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: нафтаздабыўная, нафтаперапр., нафтахім. (вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, дубільных рэчываў, лакаў і фарбаў), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтасамазвалы, буд. машыны, машыны для ўнясення ў глебу ўгнаенняў, энерга- і трансп. машынабудаванне, станкабудаванне, вытв-сць горна-нафтавага абсталявання, эл.-тэхн. вырабаў). Развіты металургія чорных і каляровых металаў, хім. (сінт. каўчук, вытв-сць каталізатараў і каўстычнай соды), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, запалкі, папера), лёгкая (гарбарна-абутковая, тэкст.), харч. (масларобная, спіртавая, цукр., вітамінная, плодаагароднінная) прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы). Здабыча бурага вугалю, меднай руды, золата. Вырошчваюць збожжавыя (яравая пшаніца, жыта, авёс, ячмень, кукуруза). Пасевы тэхн. культур (цукр. буракі, сланечнік). Садаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні) і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пчалярства. Па тэрыторыі Башкортастана праходзяць чыг. магістралі Самара—Уфа—Чэлябінск, шэраг мерыдыянальных адгалінаванняў чыг. ліній (Магнітагорск—Беларэцк); аўтамаб. шаша Самара—Чэлябінск. Суднаходства па рэках Белая і Уфа. Сетка нафта- і газаправодаў: Туймазы—Уфа, Ішымбай—Уфа, Ішымбай—Орск, Туймазы—Салават і інш. Курорты Аксакава, Алкіна, Шафранава, Чэхава, Краснаусольскі, Янгантау і інш.
Культура. У 1992 у Башкортастане больш за 2,5 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (каля 250 тыс. дзяцей), больш за 3,2 тыс.агульнаадук. школ (больш за 588 тыс. вучняў); 72 сярэднія спец.навуч. ўстановы (каля 64 тыс. навучэнцаў); у 9 ВНУ больш за 53 тыс. студэнтаў. Навук. даследаванні вядуцца ў НДІ і інш.навук. установах.
Літаратура Башкортастана фарміравалася на аснове вуснай нар. творчасці (эпічныя паданні, гіст. і быт. песні, казкі, легенды) і цюрк. пісьмовых помнікаў Прыуралля і Паволжа. Да фальклору набліжаны вершы і песні першага башкірскага паэта Салавата Юлаева. У 1-й пал. 19 ст. паэзія мела пераважна рэліг. суфійскі характар (Т.Ялсыгул, Ш.Закі і інш.). Ідэямі асветніцтва прасякнута творчасць пісьменнікаў 2-й пал. 19 ст. М.Акмулы, М.Бікчурына, М.Умітбаева. Прынцыпы крытычнага рэалізму сцвярджаліся ў творах М.Гафуры, А.Тагірава, Д.Юлтыя, Ш.Бабіча і інш.Л-ра 1930-х г. развівалася па шляху сац. рэалізму (аповесці і раманы С.Агіша, Б.Бікбая, І.Насыры, Х.Даўлетшынай, А.Бікчэнтаева, Тагірава, З.Біішавай, вершы і паэмы Юлтыя, С.Кудаша, Р.Нігматы, М.Сюндзюкле, драмы А.Мірзагітава, І.Абдуліна). Паэзія Т.Арслана, М.Карыма, Х.Карыма, Н.Наджмі, проза Агіша, Кудаша і інш. прысвечаны падзеям Вял.Айч. вайны. У апошнія дзесяцігоддзі плённа развіваюцца дзіцячая літаратура, літаратуразнаўства, крытыка, драматургія (А.Кірэеў, Нігматы, Г.Рамазанаў, М.Карым, Наджмі, Мірзагітаў). Актывізацыі башкіра-бел. літ. сувязяў садзейнічаў 3-і пленум ССП СССР (10—16.2.1936), прысвечаны пытанням башкірскай і бел. л-р. Творы бел. л-ры перакладалі Сюндзюкле, Кудаш, Х.Карым, Г.Аміры, Нігматы, Х.Бікулаў, Рамазанаў і інш.
На тэр. Башкортастана ў Капавай пячоры (Шульганташ) выяўлены палеалітычныя наскальныя размалёўкі. У могільніках 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры знойдзены кераміка, пацеркі, падвескі, металічныя спражкі з арнаментам і стылізаванымі выявамі жывёл. З пранікненнем ісламу тут пачалі будаваць маўзалеі (Кэшэнэ і Хусейн-хана, абодва 14 ст.), мячэці (с. Стара-Тушкірова, 17—18 ст.). У 16—18 ст. узніклі гарады Стэрлітамак, Белебей, Бірск, Уфа, у якіх з 19 ст. будаваліся драўляныя і мураваныя дамы ў стылі класіцызму, у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектычнага характару. У збудаваннях 1930—50-х г. выкарыстоўваліся элементы класіцыстычнай архітэктуры. З 1960-х г. забудова гарадоў вядзецца комплексна, будынкі сучаснага стылю, простых, лаканічных формаў. У традыц.нар. мастацтве башкіраў здаўна развіты ўзорыстае ткацтва (заслоны, сурвэткі, ручнікі, бязворсавыя дываны), вышыўка тамбурам (налобныя павязкі-«харусы», фіранкі-«шаршаў»), зеляны. У аплікацыях на суконным абутку, цісненнях па скуры, чаканцы і насечках па метале пераважаюць арнаменты, агульныя паводле паходжання з цюрк. і манг. народамі. Пашыраны драўляны посуд («коўш-іжаў») з разьбой і размалёўкай, з 19 ст. — арх. разьба. Першы башкірскі мастак К.Даўлеткільдзееў. Сярод жывапісцаў 1940—80-х г. З.Гаянаў, Б.Дамашнікаў, А.Бурзянцаў, А.Панцялееў, Р.Нурмухаметаў, А.Лутфулін, Ф.Кашчэеў, А.Сітдыкава; сярод скульптараў — Т.Нячаева, Б.Фузееў, Р.Фатыхаў; сярод графікаў — Р.Гумераў, В.Дзіянаў, Э.Саітаў. У 1920 у г. Уфа адкрыты Маст. музей (з 1954 імя М.Несцерава), у 1926 — маст. вучылішча (цяпер Уфімскае вучылішча мастацтваў). У 1933 засн. Саюз мастакоў, у 1938 — Саюз архітэктараў Башкортастана.
Сярод найб.стараж. жанраў башкірскага муз. фальклору эпічныя кубаіры (быліны) і баіты (сюжэтныя песні-казкі), вясельныя галашэнні (сенляу) і велічанні (цяляк), працяжныя (азанкюй) і кароткія (кыска-кюй) песні, такмакі (песні-танцы тыпу прыпевак). Пашырана меладычнае аднагалоссе, элементы шматгалосся пры гарлавых спевах — узляу. Нар.муз. інструменты — курай, кубыз, дамбра. Прафес. музыка развіваецца з 1920-х г. У 1940-я г.паст. першыя нац. оперы («Хакмар» М.Валеева, «Мэргэн» і «Ашказар» А.Эйхенвальда) і балет «Жураўліная песня» Л.Сцяпанава і З.Ісмагілава (1944). Уклад у развіццё сімф., камерна-інстр. і вак. жанраў зрабілі З. і Л.Ісмагілавы, Х.Ахметаў, Р.Муртазін, Н.Сабітаў, Х.Заімаў, Т.Карымаў, Р.Газізаў, Р.Хасанаў, Д.Хасаншын і інш. Працуюць (1995): Башк.т-р оперы і балета, філармонія, хар. капэла, Башк. ансамбль нар. танца, Ін-т мастацтваў, муз. вучылішча; Саюз кампазітараў (з 1940).
У 1919 у Башкортастане створаны першы прафес.тэатр.калектыў (цяпер Башкірскі акад.т-р драмы). Ставіліся нац.фалькл. і гіст.-рэв. п’есы, у 1920—30-я г. — творы рус. і зах.-еўрап. класікі, башк. драматургаў (М.Гафуры, Х.Ібрагімава, А.Тагірава, Д.Юлтыя). У гады Вял.Айч. вайны створаны спектаклі: «Вайна» К.Мэргэна, «На беразе Белай» Р.Нігматы, «Нашэсце» Л.Лявонава і інш. У 1950—80-я г. рэпертуар т-раў узбагаціўся п’есамі М.Карыма, Н.Наджмі, Н.Асанбаева, А.Атнабаева, Р.Ішмурата, А.Мірзагітава, І.Юмагулава і інш. аб мінулым і сучасным жыцці башк. народа. У Башкортастане 3 нац., 2 рус.драм. і лялечны т-ры.
Р.А.Жмойдзяк (прырода, гаспадарка).
Да арт.Башкортастан. А.Сітдыкава. Зброя Батыра. 1974.Да арт.Башкортастан. Зелян (жаночы расшыты халат). Пач. 20 ст.Да арт.Башкортастан. А.Лутфулін. Тры жанчыны. 1968.Да арт.Башкортастан. З.Гаянаў. Час уборкі. 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬ,
горад, цэнтр Гомельскай вобл. і раёна. За 301 км ад Мінска. Вузел чыгунак (напрамкі на Жлобін, Калінкавічы, Чарнігаў, Шчорс, Навазыбкаў) і аўтадарог. Порт на р. Сож. Аэрапорт. 501 тыс.ж. (1997).
Гісторыя. Летапісныя назвы Гомель, Гомій, Гомін, Гомь, Гомье. Узнік у канцы 1-га тыс.н. э. пры ўпадзенні р. Гомій (Гамяюк) у Сож на зямлі радзімічаў. Археал. раскопкамі тут выяўлены матэрыялы эпохі неаліту і бронзавага веку, мілаградскай, зарубінецкай, калочынскай культур, гар. ўмацаванні 9—11 ст., рэчы 10—13 ст. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 як уладанне чарнігаўскага князя. У 12 ст. барацьбу за Гомель вялі чарнігаўскія, кіеўскія і ноўгарад-северскія князі. З 1161 уладанне Ольгавічаў. У 1-й пал. 13 ст., магчыма, спалены мангола-татарамі. Каля 1335 далучаны да ВКЛ, уладанне Патрыкія Нарымунтавіча і яго нашчадкаў. У канцы 14 ст. ўпамінаецца сярод кіеўскіх гарадоў. У 1406—19 Гомелем кіравалі велікакняжацкія намеснікі, пазней належаў кн. Свідрыгайлу, беглым серпухаўскаму і бароўскаму кн. Васілю Яраславічу і мажайскаму кн. Івану Андрэевічу, з 1483 сыну апошняга. У вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500 — 03 заняты рус. войскамі, якія ўмацавалі горад і Гомельскі замак. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 зноў у ВКЛ, цэнтр Гомельскага староства (гл.Гомельская воласць). З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У сярэдзіне 16 ст. адыгрываў важную ролю ў абароне паўд.-ўсх. зямель ВКЛ ад набегаў крымскіх татар. У Лівонскую вайну 1558—83 Гомель ненадоўга заняты войскамі Івана IV Грознага, у маі 1581 вытрымаў аблогу царскіх войск, у 1595 захоплены атрадам паўстанцаў С.Налівайкі. У час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54, антыфеадальнай вайны 1548—51 казацкія атрады Галавацкага і М.Нябабы пры падтрымцы мясц. жыхароў у 1648 і 1649 займалі Гомель. У 1651 зноў абложаны казакамі (гл.Гомеля аблога 1651). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 заняты казацкім войскам І.Н.Залатарэнкі. З 1667 у складзе Рэчы Паспалітай, належаў М.К.Радзівілу, потым Чартарыйскім. У 1670 атрымаў магдэбургскае права. У час Паўн. вайны 1700—21 у Гомелі размяшчаліся рус. войскі пад камандаваннем А.Д.Меншыкава (1706). З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 цэнтр Гомельскага павета Рагачоўскай правінцыі, з 1777 мястэчка Беліцкага павета, з 1852 горад, цэнтр павета Магілёўскай губ. Належаў П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 І.Ф.Паскевічу-Эрыванскаму. У 1775 — 5 тыс.ж., у 1858 — 14 тыс.ж. У 1854 да Гомеля далучаны заштатны горад Новая Беліца як прадмесце. У 1856 зацверджаны гар. герб: у верхняй частцы выява двухгаловага арла, у ніжняй — рысі на блакітным полі. У 1897 — 36,8 тыс.ж. У 1890-я г. ўзнік першы ў горадзе с.-д. гурток. Напярэдадні рэвалюцыі 1905—07 аформіліся гомельскія арг-цыі РСДРП, Бунда, Гомельскі к-т партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Па маштабах рэв. руху Гомель займаў адно з першых месцаў у царскай Расіі. У снеж. 1905 дзейнічаў Гомельскі камітэт дэлегатаў. У 1-ю сусв. вайну адбылося Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. 19.3.1917 утвораны Гомельскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1.3.1918 да 14.1.1919 акупіраваны ням. войскамі. Паводле дагавора Укр.цэнтр. рады з герм. камандаваннем Гомель уключаны ў склад новаўтворанай Палескай губ. Украіны; ваен. ўлада належала герм. камендатуры, Цывільная — камісару Укр.цэнтр. рады, павятоваму старасту, з 17.12.1918 — Гомельскай дырэкторыі. Пасля Гомельскай забастоўкі 1918—19 (гл.Гомельскія забастоўкі 1918—19) улада 6.1.1919 перададзена ВРК. У сак. 1919 у горадзе адбыўся стракапытаўскі мяцеж 1919. З крас. 1919 Гомель — цэнтр Гомельскай губерні ў складзе РСФСР, з 1926 у БССР; у 1926—31 і з 1937 цэнтр Гомельскага раёна, у 1926—30 — Гомельскай акругі, з 15.1.1938 — Гомельскай вобласці. У першыя дні Вял.Айч. вайны створаны Гомельскі полк народнага апалчэння (гл.Гомеля абарона 1941). З 19.8.1941 да 26.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў гар. турмах, 5 лагерах смерці і 4 гета больш за 100 тыс.чал. Дзейнічала Гомельскае патрыятычнае падполле і Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Пасля вызвалення ў Гомель пераехалі ЦККП(б)Б, СНКБССР. У 1959 — 168 тыс.ж., у 1979 — 383 тыс.ж. У сувязі з невырашэннем праблем, звязаных з Чарнобыльскай катастрофай 1986, адбылася Гомельская забастоўка 1990.
Гаспадарка. У 1-й пал. 19 ст. Гомель стаў набываць прамысл. аблічча. Дзейнічалі з-д па вырабе свечак, шкляная мануфактура, 2 ткацкія ф-кі, цукр.з-д Паскевіча (1839), сальна-свечачны з-д Школьнікава (1840), крупадзёрка (1853), некалькі канатна-вяровачных і лесапільных прадпрыемстваў. У 1850 праз Гомель пракладзена шаша Пецярбург—Кіеў і першая ў Расіі тэлегр. лінія Пецярбург—Севастопаль. Пракладзены чыг. лініі Гомель—Бабруйск (1873) і Гомель—Рамны (1874) Лібава-Роменскай чыгункі, лініі Гомель—Лунінец (1886) і Гомель—Бранск (1887) Палескіх чыгунак. У выніку Гомель стаў важным чыг. вузлом, звязаным з Украінай, Польшчай, Прыбалтыкай, Масквой, Пецярбургам і інш.прамысл. цэнтрамі Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. Гомель — буйны прамысл. цэнтр Беларусі. Тут існавала больш за 40 прадпрыемстваў, асн. частка іх перапрацоўвала мясц. сыравіну: 9 лесапільных ф-к (гл.Гомельскія лесапільныя фабрыкі), запалкавая ф-ка «Везувій» (400 рабочых у 1913, гл.Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат), 4 маслабойныя прадпрыемствы, з-ды спіртаачышчальны, цукровы, піваварны, канатны, 2 мукамольныя, швейная ф-кі і інш. Дзейнічалі металаапр. прадпрыемствы: з-ды ліцейна-мех. Фрумкіна і сыноў, ліцейна-мех.з-д «Рухавік» (гл.Гомельскі завод «Стромаўталінія»), гал.мех. майстэрні (абслугоўвалі Лібава-Роменскую чыгунку, 1220 рабочых у 1913; гл.Гомельскі вагонарамонтны завод) і малыя рамонтныя майстэрні (абслугоўвалі Палескія чыгункі, 145 рабочых у 1913), якія выконвалі функцыі паравозавагонарамонтных з-даў, а таксама лакафарбавае прадпрыемства, 5 друкарняў, Гомельскія рагожныя мануфактуры, электрастанцыі і інш. Пачалося паравое суднаходства па р. Сож. Важнае месца ў эканам. жыцці горада займаў гандаль лесам, лёнам, пянькой; гандл. абарот у канцы 1870 — пач. 1890-х г. каля 5,5 млн.руб. Штогод у Гомелі праводзіліся 3 кірмашы. Пасля рэформы 1861 г. ў Гомелі адкрыты гар. грамадскі банк, у пач. 1890-х г. — аддз. (агенцтвы) Віленскага і Мінскага камерц. банкаў; у пач. 20 ст. — аддз. Арлоўскага, Паўн., Аб’яднанага, Руска-Азіяцкага камера банкаў. Пасля 1-й сусв. і грамадз. войнаў пачалося аднаўленне прам-сці і транспарту. У 1920 адноўлена работа ф-кі «Везувій», чыгуналіцейных майстэрняў, цагельных з-даў. Уведзены ў дзеянне ф-ка «Палесдрук» (гл.Гомельская фабрыка «Палесдрук»), у 1922—24 абутковая ф-ка «Праца», хлебакамбінат, электрастанцыя, у 1928 Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання «Гомсельмаш». У 1930-я г. рэканструяваны «Гомсельмаш», пабудаваны станкабуд. з-д імя Кірава, шклозавод імя Ламаносава, ф-кі «Камінтэрн» (гл.Гомельскае акцыянернае таварыства «Камінтэрн»), «8 Сакавіка» (гл.Гомельская прамыслова-гандлёвая фірма «8 Сакавіка»), «Спартак» (гл.Гомельскае адкрытае акцыянернае таварыства «Спартак»), тлушчакамбінат і інш. На пач. 1940 у Гомелі 264 прамысл. прадпрыемствы (3-е месца ў БССР па аб’ёме прамысл. прадукцыі). Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў адноўлены чыг. вузел, да канца 1944 — 25 прадпрыемстваў. Да 1950 адноўлены ўсе даваен. і пабудаваны новыя прадпрыемствы. У 1950—60-я г. ўведзены ў дзеянне з-ды «Гідраапаратура» (гл.Гомельскі завод «Гідрапрывод»), Гомельскі завод пускавых рухавікоў, сан.-тэхн. абсталявання (гл.Гомельскі завод «Эмальпосуд»), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт». У 1961 горад атрымаў прыродны газ, у 1962 пушчаны першы тралейбус. Вырашэнне сац. і эканам. праблем вельмі ўскладнілася ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай 1986. Створаны філіялы НДІс.-г. радыялогіі і НДІ радыелагічнай медыцыны. Гомель — адзін з буйнейшых прамысл. цэнтраў Беларусі. Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Гомельскі завод вымяральных прылад, Гомельскі падшыпнікавы завод, Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», Гомельскі электратэхнічны завод, Гомельскі завод «Электраапаратура», Гомельскі кабельны завод, Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод і інш.), хім. (Гомельскі хімічны завод, Гомельскі завод хімічных вырабаў, Гомельскі завод пластмасавых вырабаў), лясной, цэлюлозна-папяровай, лёгкай (Гомельская фабрыка мастацкіх вырабаў), буд. матэрыялаў (Гомельскае акцыянернае таварыства «Гомельшпалеры», Гомельскі шклозавод), дрэваапр. (Гомельскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне «Гомельдрэў»), харч. (Гомельскі тлушчавы камбінат) прам-сці.
Асвета і культура. У 1781 у Гомель засн.правасл. духоўнае вучылішча (з 1840 павятовае духоўнае вучылішча). У 1818 пры ўдзеле М.П.Румянцава адчынена пач. школа Бел-Ланкастэрскай сістэмы навучання. У 19 ст. ствараюцца ніжэйшыя і сярэднія навуч. ўстановы. У 1841 на базе Беліцкага пав. вучылішча (засн. ў 1790 як дамініканскае, з 1833 свецкае прыходскае) створана 3-класнае пав.нар. вучылішча, на базе якога ў 1866 у Гомелі засн. 4-класная прагімназія (з 1877 — 6-класная гімназія, з 1897 — 8-класная). У 1878 на сродкі Лібава-Роменскай чыгункі засн.тэхн.чыг. вучылішча (гл.Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту), адчынена пач. аднакласнае яўр. вучылішча з падрыхтоўчым класам. У 1882 на базе жаночага 3-класнага прыватнага пансіёна створана жаночая 4-класная прагімназія (з 1897 — урадавая гімназія). У 1903, 1907 створаны прыватныя муз. школы. З 1906 дзейнічала прыватная школа павітух, з 1907 — гімназіі: жаночая В.А.Копіш і яўр. мужчынская А.Е.Ратнера; з 1911 жаночая прагімназія М.А.Табалевіч-Федароўскай (гл.Гомельскія гімназіі). У 1911 у Гомелі 32 навуч. ўстановы, у т. л. 5 сярэдніх, 24 ніжэйшыя і пач., 3 падрыхтоўчыя, 45 яўр. вучылішчаў рознага тыпу. З 1915 у Гомелі працавала настаўніцкая семінарыя (у 1919 пераўтворана ў пед. курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў школ 1-й ступені). У 1919 створаны курсы буд. дзесятнікаў, бухгалтараў, рахункаводаў, школы паліграф. справы, майстроў для швейнай прам-сці і інш. У 1926 у Гомелі працавалі 3 тэхнікумы — пед. агульны (з 1937 пед. вучылішча), яўр. педагагічны, шляхоў зносін; 15 школ 1-й ступені, 13 школ сямігодак, 9-годка, 4 школы 2-й ступені; 8 дзіцячых дамоў. У 1930 у Гомелі засн. ін-ты механіка-машынабуд., лесатэхн. (у 1945 пераведзены ў Мінск, гл.Беларускі тэхналагічны універсітэт), Гомельскі аграпедагагічны інстытут (з 1933 пед.ін-т); Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. У 1932 адчынена мед. вучылішча і муз. тэхнікум (з 1939 муз. вучылішча). У 1936 пры пед. ін-це створаны Гомельскі настаўніцкі інстытут. У час Вял.Айч. вайны спалены 2 ін-ты, пед. вучылішча, 24 школы. У 1944 аднавілі работу пед., настаўніцкі, лесатэхн. ін-ты, пед. вучылішча, 2 сярэднія, 7 няпоўных сярэдніх і 4 пач. школы, адчынены тэхнікумы рачны, фіз. культуры, Гомельскі кааператыўны тэхнікум, у 1946 — Гомельскі політэхнічны тэхнікум. У 1953 засн.Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (гл.Беларускі універсітэт транспарту). У 1955 адчынены Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум, у 1956 — Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1996/97 навуч.г. ў Гомелі 154 дашкольныя ўстановы, у т. л. дашкольная гімназія, цэнтр развіцця дзіцяці, 4 дашкольныя ўстановы з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), 8 устаноў санаторнага тыпу, сад для дзяцей з рознымі дэфектамі, сад для глухіх і з недахопамі слыху. У дашкольных установах выхоўвалася каля 25 тыс. дзяцей. Дзейнічала 80 агульнаадук. школ (больш за 70 тыс. вучняў), у т. л. ліцэй, бел.-слав. гімназія імя І.Мележа, спец. школа з паглыбленым вывучэннем англ. мовы (навучанне з 5 гадоў), 3 пач. школы, школа-сад для дзяцей з парушэннямі зроку, 1 яўр. школа-сад, спец. школа для глухіх і з недахопамі слыху дзяцей, 4 школы-інтэрнаты (2 для разумова адсталых дзяцей, базавая для дзяцей хворых на скаліёз, 1 для сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі), 4 зменныя школы (адна з іх на тэр. жаночай калоніі для непаўналетніх дзяўчынак). Акрамя таго ў Гомелі ёсць прыватная гімназія і абласны ліцэй, 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў, у якіх займалася больш за 8 тыс. навучэнцаў, 11 сярэдніх спец.навуч. устаноў (каля 10 тыс. студэнтаў), у т. л.мед. вучылішча, каледж мастацтва, муз.-пед. каледж і інш. У Гомелі 5 дзярж.ВНУ: Гомельскі універсітэт, Гомельскі політэхнічны інстытут, Гомельскі медыцынскі інстытут, Гомельскі кааператыўны інстытут, Беларускі універсітэт транспарту, а таксама Гомельскі філіял Міжнар. недзярж. ін-та працоўных і сац. адносін. У Гомелі 18 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, а таксама Гомельская абласная б-ка з дзіцячым аддзяленнем (гл.Бібліятэкі абласныя Беларусі, Бібліятэка дзіцячая). Працуе Гомельскі абласны краязнаўчы музей.
Архітэктура. У 14 ст. аснову Гомеля складаў драўляны замак, пабудаваны на месцы дзядзінца. Горад забудоўваўся хаатычна. Да сярэдзіны 18 ст. ён уяўляў сабой шэраг слабод і вёсак, якія групаваліся вакол замка. У канцы 18 ст. пачалася перапланіроўка — на месцы стараж. замка створаны Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор; на тэр. Спасавай слабады — Гомельская Ільінская царква. 3-прамянёвая сістэма планіроўкі прадугледжвала арыентацыю гал. магістралей — вуліц Румянцаўскай (цяпер Савецкая, асн. вось кампазіцыі горада), Замкавай (праспект Леніна), Фельдмаршальскай (Пралетарская) — на палац. Гэты прынцып захоўваўся і пры наступных рэканструкцыях. Усе будынкі на Румянцаўскай вул. былі створаны ў стылі класіцызму (Гомельскай ланкастэрскай школы будынак і інш.). На вул. Мільённай (цяпер Бялецкага) размяшчаліся Гомельскі «паляўнічы домік», летні дом Румянцава (у 1819 пераабсталяваны пад Гомельскага духоўнага вучылішча будынак). Да ліку лепшых пабудоў канца 19 — пач. 20 ст. належаць Гомельскай гарадской думы будынак, Гомельскага камерцыйнага банка будынак, Гомельскага філіяла Руска-Азіяцкага банка будынак, будынкі мужчынскай і жаночай гімназій, тэхн. вучылішча (гл. адпаведныя артыкулы), асобныя жылыя дамы. У маст. вырашэнні фасадаў гэтых будынкаў выкарыстаны элементы стылізатарска-эклектычнага кірунку і стылю мадэрн. У культавых пабудовах панаваў неарускі стыль: цэрквы Георгіеўская (1904, не захавалася), Праабражэнская (захавалася часткова), Гомельская капліца. Значны ўклад у забудову Гомеля гарадскога арх. С.Шабунеўскага. У 1920—30-я г. пачалося масавае жыллёвае і прамысл.буд-ва: пабудаваны першыя секцыйныя шматкватэрныя жылыя дамы для чыгуначнікаў, Гомельскі дом-камуна, Палац культуры чыгуначнікаў з кінатэатрам, настаўніцкі ін-т і інш. Паблізу прамысл. прадпрыемстваў узніклі рабочыя пасёлкі: Залінейны, Сельмашаўскі, Касцюкоўка. У 1946 распрацаваны праект аднаўлення і рэканструкцыі Гомеля («Белдзяржпраект», арх. І.Сяргееў, Т.Сяргеева, інж. Г.М.Ішчанка, І.Дзесятнікаў, І.Бардукоў) з захаваннем асн. прамянёвых магістралей, што склаліся гістарычна. Паводле генплана 1964 (Гомельскі філіял «Белдзяржпраекта»; арх. М.Сундукоў, К.Усцюгоў, Б.Барысаў, А.Касякоў, інж. М.Найшулер і інш.) радыяльныя напрамкі вуліц паступова ператвараліся ў лінейныя. На гал. магістралях пабудаваны Дом спорту (арх. І.Спірын, С.Паўлаў), рэстаран «Беларусь» (арх. Л.Тамкоў), будынкі абл. б-кі (арх. В.Бурлака), абл.драм.т-ра (арх. А.Тарасенка), пешаходны мост цераз Сож і інш. Аб’екты, пабудаваныя ў 1970—80-я г. змянілі арх. аблічча Гомеля: будынкі Дома сувязі (арх. Р.Ціхаў), трэста «Гомельсаўгасбуд», цэнтра навук.-тэхн. інфармацыі, гал. корпус ун-та, праектнага ін-та «Дзіпражыўмаш» (усіх арх. С.Пеўны), Гомельскі цырк, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (арх. Тамкоў), Гомельскі лёгкаатлетычны манеж, кінатэатр «Юбілейны» (арх. В.Ціхава), аэравакзальны комплекс, гасцініца «Турыст», шпіталь для інвалідаў Вял.Айч. вайны, комплекс фізкультурна-аздараўленчага камбіната (усіх арх. В.Бяспалаў) і інш. Створаны шэраг мікрараёнаў у паўд.-зах. (арх. Л.Стукачоў, А.Лебедзеў, С.Крывашэеў), паўн.-зах. і левабярэжнай частках (арх. Я.Казлоў, Лебедзеў), раёнах «Аэрадром» (арх. Казлоў) і «Гомсельмаш» (арх. Стукачоў, Л.Патапаў). Паводле генплана 1977 («Гомельграмадзянпраект»; арх. Паўлаў, Крывашэеў, А.Падабедаў, інж. І.Дубаў, Л.Калашнікаў, Найшулер) планіровачная структура горада фарміруецца з 5 комплексных планіровачных раёнаў (Цэнтральнага, Паўночна-Усходняга, Паўднёва-Заходняга, Сельмашаўскага, Навабеліцкага) і развіваецца ў паўн.-ўсх., паўд.-зах. і паўд. напрамках; агульнагарадскі цэнтр развіваецца ўздоўж р. Сож. У 1980-я г. у Гомелі пачалося асваенне поймы р. Сож пад жыллёва-грамадзянскае буд-ва (аўтары інж. Дубаў, А.Карамышаў, Найшулер). На гідранамыўных поймавых тэрыторыях забудаваны вял. жылыя масівы Волатава (арх. Крывашэеў, Казлоў, Лебедзеў), Паўднёвы і інш. Сярод значных пабудоў 1990-х г.: прыгарадны чыг. вузел (арх. Л.Гоер), гал. корпус політэхн. ін-та (арх. Пеўны), ін-та «Гомельпраект» (арх. Ціхаў), Палац моладзі (арх. Г.Комар). У Гомелі брацкія магілы: сав. воінаў, ахвяр фашызму, сав. воінаў і партызан; камунараў; падпольшчыкаў; сав. воінаў і ахвяр фашызму; сав. воінаў і падпольшчыкаў; магілы ахвяр фашызму; магіла гомельскіх апалчэнцаў; брацкія могілкі сав. воінаў. Курган Славы. Помнікі: Вызвалення, П.Я.Галавачову, гомельскім апалчэнцам, А.А.Грамыку, П.А.Румянцаву, П.В.Сухому, у гонар войск Бел. фронту, якія вызвалілі Гомель, і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Пачатак кнігадрукавання ў Гомелі звязаны з друкарняй Ш.А.Фрыдланда (1887—1912). На пач. 20 ст. ў Гомелі выдаваліся газеты рознай грамадска-паліт. і тэматычнай арыентацыі: «Полесский листок» (1904—05), «Труд» (1906), «Гомельский вестник» (1908—09), «Полесская жизнь» (1909—11), «Гомельская мысль» (1913—14), «Белорусский голос» (1910), «Гомельское слово» (1911—12), «Гомельская жизнь» (1911—19; да 1917 «Гомельская копейка»), «Гомельский театрально-музыкальный вестник» (1914), «Виленский вестник» (1915—16), «Рабочая мысль» (1917), «Голос народа» (1917—18), «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов» (з 1917, мяняла назвы, з 1930 на бел. мове, з 1938 «Гомельская праўда») і інш.Літ.-маст.час.«Зарницы» (1911—12) друкаваў творы маладых літаратараў. З 1919 пачалі выдавацца шматтыражныя ведамасныя газеты [«Проблески», «Путь пролетария» (у 1920—21 «Сигнал»), «Рабочая жизнь» (у 1921—22 «Молот») і інш.], а таксама штотыднёвікі («Жизнь — творчество»), У 1920—30-я г. выдаваліся газеты: «Новая деревня» (1919—28), «Бюллетень Гомельского губкома РКП» (1920), «Власть Советов» (1922), «Набат молодёжи» (1922—26), «Искра Ильича» (1924—27), «Камсамолец Гомельшчыны» (1931—35), «Сталінскі сцяг» (з 1938; з 1956 «Трыбуна хлебароба», з 1962 «Маяк», раённая); часопісы «Полесский коммунар» (1919—26), «Коммунистическое просвещение» (1920—21), «Вереск» (1922), «Агитатор» (1922—23), «Рабочий досуг» (1925—26) і «Дэр камунісцішэр вэг» («Камуністычны шлях», 1926, на яўр. мове). У 1922—24 у Гомелі выдаваліся 24 шматтыражныя газеты (большасць з іх праіснавала нядоўга). У 1930-я г. колькасць іх павялічылася, у т. л. «За высокую якасць» ф-кі «Везувій» (1928—41), «Ратацыя» ф-кі «Палесдрук» (1928—41), «Рачнік Беларусі» (1929—41; 1944—53; 1957—63, мяняла назвы) і інш. У Вял.Айч. вайну ў Гомелі выходзіла рэсп. газета «Звязда» (да 13.8.1941), выдадзены 1-ы нумар сатыр. выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну». У гады акупацыі ў Гомелі падпольна выдаваліся газеты «Гомельская праўда» і «Партызан Гомельшчыны» (1943). Пасля вызвалення ў Гомелі працавалі рэдакцыі газет «Советская Белоруссия» (снеж. 1943 — ліп. 1944), «Чырвоная змена» (сак. 1944), адноўлена выданне абласной, раённай і шматтыражных газет, пачалі выдавацца новыя.
Выходзяць газеты: «Гомельская праўда», «Рабочае слова» (абл., з 1990), «Агронеделя» (абл. з 1991), «Гомельскія ведамасці» (гар., з 1991), «Вячэрні Гомель» (гар., з 1991); шматтыражныя «Сельмашавец» (з 1930), «Гомельскі універсітэт» (з 1969) і інш.
Літаратура. Літ. жыццё ў Гомелі актывізавалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў сувязі з дзейнасцю тут мецэната, збіральніка кніг і рукапісаў М.П.Румянцава. Бел. гісторык і археограф І.І.Грыгаровіч працаваў у Гомелі над «Беларускім архівам старажытных грамат» — першым зборнікам дакументаў па гісторыі Беларусі (выд. 1824 у Маскве на сродкі Румянцава). Літ. лекцыі, дыспуты, сходы наладжвала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства (1908—14). Горад наведвалі пісьменнікі К.І.Чукоўскі (1913), А.А.Блок (1916), У.У.Маякоўскі (1924). У 1925—27 дзейнічала Гомельская філія «Маладняк» (створана пры ўдзеле Я.Пушчы і Н.Чарнушэвіча), якая арганізоўвала літ. гурткі і студыі, наладжвала вучобу творчай моладзі, праводзіла літ. вечары з удзелам бел. пісьменнікаў (М.Зарэцкі, А.Гурло, А.Дудар і інш.); у 1927 і 1930 у Гомель прыязджаў Я.Купала, у 1934 і 1936 — Я.Колас, у 1937 ён прысутнічаў на спектаклі па сваёй п’есе «Вайна вайне» ў пастаноўцы БДТ-2. У 1934 выдадзены альманах «Літаратурны Гомель». Пасля вайны пры газ.«Гомельская праўда» працавала літ. аб’яднанне, выдадзены альманах «Літаратурны Гомель» (1958), праводзіліся абл. нарады маладых пісьменнікаў. З 1967 дзейнічае Гомельскае абл. аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У горадзе праводзяцца літ. вечары, канферэнцыі, сустрэчы з пісьменнікамі, дні л-ры, семінары маладых пісьменнікаў, літ. свята «Над Дняпром, Дзясной і Сожам» з удзелам пісьменнікаў Мінска, Чарнігава і Бранска. Шырока адзначалася ў Гомелі 80-, 90-, 100-годдзе з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. У 1971 брыгада пісьменнікаў (І.Мележ і інш.) удзельнічала ў днях бел. л-ры на Гомельшчыне. У розны час у Гомелі жылі пісьменнікі У.Галубок, П.Трус, Р.Сабаленка, Л.Гаўрылкін, А.Грачанікаў, А.Капусцін, Я.Каршукоў, І.Кірэйчык, М.Кусянкоў, Б.Спрынчан, У.Дзюба, С.Дубавец і інш. Тут пачыналі сваю творчую дзейнасць Л.Гаўрылаў, Дз.Кавалёў, К.Кірэенка, С.Кухараў, П.Прануза, М.Сурначоў, І.Шамякін; тут жывуць і працуюць пісьменнікі Г.Афанасьеў, М.Даніленка, А.Бароўскі, Т.Мельчанка, А.Сопат, І.Сяркоў, В.Ткачоў, В.Ярац. Гомельскі ун-т скончылі пісьменнікі Э.Акулін, І.Багдановіч, А.Казлоў, В.Куртаніч, А.Сыс, Л.Раманава і інш. Выдаецца альманах «Магістраль» (з 1992), час. «Палессе» (з 1996). Працуе абл.літ. аб’яднанне «Магістраль» імя А.Грачанікава.
Мастацкае жыццё. У 10—15 ст. у Гомелі былі пашыраны разнастайныя рамёствы і маст. промыслы, у т. л. ганчарства, ткацтва, ювелірна-бронзаліцейная справа, апрацоўка косці, скуры, дрэва. Пры маст. апрацоўцы прадметаў побыту, рэліг. культу, працы і зброі выкарыстоўвалі коўку, ліццё, чаканку, гравіроўку, інкрустацыю і інш.
У 16 ст. пачалася вытв-сць пячной кафлі. У сярэдзіне 17 — канцы 18 ст. з’явіліся прадпрыемствы па вытв-сці шклянога посуду (келіхі, штофы, бутэлькі), які вылучаўся высокім майстэрствам выканання, мудрагелістай арнаментыкай. Мясц. майстры размалёўвалі вырабы на фаянсавай ф-цы. Разнастайнымі вытканымі і набіванымі ўзорамі аздаблялі баваўняныя тканіны на хустачнай мануфактуры, талеснай ф-цы. Рэзчыкі па дрэве, спалучаючы традыц. арнаментальныя матывы з элементамі тагачасных маст. стыляў, аздаблялі фасады дамоў, мэблю, прадметы побыту праразной карункавай і мудрагелістай аб’ёмнай разьбой. У пач. 20 ст. працавалі прыватная маст. школа Школьнікава, студыя Камінскага, Гомельская мастацкая студыя, жывапісна-малярныя майстэрні Н.Гурэвіч і Х.Рахліна, філіялы маст.-плакатнай майстэрні Усерас. арг-цыі працаўнікоў мастацтва, жывапісная майстэрня «Арцель», выдаваліся плакаты «Гомель-РОСТА». У 1920-я г. дзейнічала маст. школа пад кіраўніцтвам Я.Краўчанкі, у 1924—27 — маст. студыя (кіраўнік С.Каўроўскі), у якой займаліся К.Максімцаў, Б. і Т.Несцярэнкі, М.Сімкоўскі, Н.Тарасікаў і інш. У 1930-я г. існавалі курсы клубных мастакоў, дзе выкладалі А.Бембель, А.Шаўчэнка, А.Шыфрын. У маст. школе выкладаў М.Русецкі. У 1927—32 дзейнічала абл. аддзяленне «Усебеларускай асацыяцыі мастакоў». У 1939 адбылася 1-я абл.маст. выстаўка, у 1941 — перасоўная выстаўка графікі, 3-я абл.маст. выстаўка. Пры Палацы чыгуначнікаў працавала студыя выяўл. мастацтва (кіраўнікі М.Малец, Б.Звінагродскі). З 1966 дзейнічае Гомельская абл.арг-цыя Саюза мастакоў Беларусі. Вял. ролю ў прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтва адыграла адкрыццё выставачнай залы (1968), дзе адбываюцца персанальныя і тэматычныя выстаўкі. Цяпер у Гомелі працуюць засл. дз. маст. Беларусі Дз.Алейнік і М.Казакевіч, жывапісцы В.Дзенісенка, С.Дзьяканаў, У.Еўтухоў, В.Казачэнка, П.Лук’яненка, М.Палянкоў, І.Сямека, В. і М.Ягоравы, графікі В.Дземянчук, У.Лосеў, А.Отчык, М.Шкляраў, скульптары Г.Гарбанёў, Дз.Папоў, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва У.Андрыянаў, І.Данілава, А.Дваранін, М.Кляцкоў, А. і Г.Осіпавы, П. і В.Феі, А.Чудзін, мастацтвазнавец А.Шныпаркоў і інш. У творчы калектыў прыйшлі маладыя мастакі: Л.Зуева, А.Крылоў, С.Курашова, С.Наздрын-Платніцкая, М.Няхайчык, І.Папоў.
Тэатральнае жыццё. Вядома, што ў Гомелі адбываліся нар.тэатр. паказы. Бел. фалькларыст Е.Раманаў адзначаў выкананне тут на Каляды нар. драм «Цар Максімілян» і «Трон». У канцы 18 ст. ў маёнтку графа П.А.Румянцава дзейнічаў т-р. Актывізацыя тэатр. жыцця ў 2-й пал. 19 ст. звязана са з’яўленнем у Гомелі прыватнага тэатр. памяшкання (1852) і зімовага т-ра на 400 месцаў (1887—1900). У 19 — пач. 20 ст. ў горадзе выступалі польска-рускія трупы К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, С.Навакоўскага і В.Вяжбіцкага; працавалі рус.тэатр. калектывы: антрэпрызы І.Славянскага (1869; у складзе трупы В.Далматаў, М.Мяшкоў-Траяпольскі, Г.Страмлянаў), Ліпоўскай (1881—82), Я.Бяляева (1903), Л.Балоцінай і І.Арлова (1909); т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам Е.Свіршчэўскага (1893—94), на чале з Г.Фядотавай (1898), Далматавым (1898; у складзе трупы акцёры пецярб. Александрынскага т-ра В.Істоміна, І.Ставінская, М.Ходатаў), Пісаравым (1910; у складзе трупы П.Арленеў), М.Волкавым (1917) і інш.; украінскія трупы пад кіраўніцтвам Б.Замоўскага (1909, 1911), Н.Запарожца (1917) і інш.; яўрэйскія пад кіраўніцтвам І.Канеўскага (1912), А.Ф.Фішзона (1914); яўрэйска-нямецкая Ш.Жоржа і Ф.Бекера (1914). Поспехам карысталіся спектаклі па п’есах М.Гогаля, А.Астроўскага, М.Горкага, А.Чэхава, Г.Ібсена, інсцэніроўкі па творах Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, І.Тургенева. Прыкметную ролю ў культ. жыцці горада адыгрывалі аматары, якія наладжвалі вечары, канцэрты, ставілі спектаклі. У 1914 выходзіў «Гомельский театрально-музыкальный вестник». У 1918 у горадзе дзейнічала тэатр. аматарскае т-ва «Вянок». У пач. 1919 арганізавана пралетарская муз.-драм. студыя, якая рыхтавала канцэртныя праграмы, муз.-драм. пастаноўкі. У 1919—20 па ініцыятыве Пралеткульта створана шырокая сетка тэатр. гурткоў пры клубах і рабочых арг-цыях. У 1922 у Гомелі было 8 драм. гурткоў (найб. значны клуба чыгуначнікаў), самадзейны т-р навучэнцаў; выдаваўся часопіс т-ра, л-ры і мастацтва «Вереск». У пач. 1920-х г. у горадзе гастраліравалі бел.тэатр. калектывы, а таксама прафес. калектывы з Расіі і Украіны. У 1920-я г. дзейнічаў калектыў«Сіняй блузы». У 1930 на базе гуртка чыгуначнікаў створаны т-р рабочай моладзі, рэарганізаваны ў 1935 у калгасна-саўгасны т-р (існаваў да 1937). У 1932—37 Гомель быў базай Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра. У 1938 у Гомелі пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі, у 1939 — Гомельскі абласны рускі драматычны тэатр. Пасля Айч. вайны аднавілі дзейнасць т-р лялек (працаваў да мая 1949) і абл.рус.драм.т-р (у 1946 пераведзены ў Магілёў). З 1954 цэнтрам культ. жыцця горада з’яўляецца Гомельскі абласны драматычны тэатр. З 1968 працуе Гомельскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць шматлікія самадз.драм. калектывы, нар. т-ры.
Музычнае жыццё. З часу прыняцця хрысціянства тут пераважала царкоўная музыка, асабліва спевы. У муз. культуры Гомеля 18 ст. асобае месца займае творчасць старавераў (захаваліся іх рукапісныя нотныя зборнікі). У 1-й пал. 19 ст. пераважала хатняе музіцыраванне, выкладаліся муз. дысцыпліны ў асобных прыватных навуч. установах, у т. л. ў жаночым пансіёне А.Петрашэнь. Пасля 1852 пачалося развіццё муз. культуры гар. тыпу. У 1870—90-я г. на Гомельшчыне збіралі ўзоры песеннага фальклору муз. этнографы (З.Радчанка і інш.). Спевы і музыку выкладалі ў мужчынскіх і жаночых гімназіях, у тэхн. чыгуначным вучылішчы, настаўніцкай семінарыі. У 1903 адкрыта муз. школа С.Валовіча, у 1907 — С.Захарына, у 1908 — фартэпіянныя класы Б.Розенблюма. У 1908—14 дзейнічала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства. Да 1917 пры гомельскіх храмах існавалі шматлікія хары, у т. л. мужчынскі пры Георгіеўскай царкве, дзявочы пры Петрапаўлаўскім саборы (арганізатар А.Паскевіч). У 1908—17 у Гомелі гастраліравалі «Кааператыўнае т-ва» рус. оперы, вядомыя вакалісты, піяністы, скрыпачы (Л.Аўэр і інш.), рус. і польскія тэатр. трупы, якія ставілі муз. спектаклі. Пасля 1917 створаны шматлікія харавыя студыі і гурткі, у т. л.муз.-харавая студыя пры Гомельскім пралет. ун-це (кіраўнік Шубін), пры рабочым клубе на станцыі Палескай чыгункі (кіраўнік Р.Пукст), муз.-хар. студыя на Палессі імя Н.Брусавай (кіраўнік М.Назараў), студыі пры культ. аддзеле губ. савета прафсаюзаў (кіраўнік Р.Розенблюм) і запалкавай ф-цы «Везувій» (кіраўнік А.Туранкоў). Самадзейным хар. калектывам дапамагалі кампазітары Туранкоў, Пукст, піяніст і хормайстар Г.Пятроў. У ліп. 1919 адкрыта нар. кансерваторыя, якая стала цэнтрам муз. жыцця горада. У 1920 яна рэарганізавана ў дзярж.муз. школу 1-й і 2-й ступеней, у 1921 на яе базе створаны муз. тэхнікум і спец.муз. школа. У вер. 1920 адбылася 1-я Гомельская канферэнцыя работнікаў мастацтваў. Пры губ. аддзеле нар. адукацыі быў створаны пастаянны сімф. аркестр (50 музыкантаў у ліп. 1921; дырыжоры Назараў, Захарын). У канцы 1921 адкрыта 2-я дзярж.муз. школа (у 1923 аб’яднана з 1-й, з 1940 муз. дзіцячая школа-сямігодка № 1 імя П.Чайкоўскага). Муз. мастацтва прапагандавалі педагогі і навучэнцы тэхнікума і школы. У 1920-я г. ў Гомелі гастраліравалі шматлікія муз.-тэатр. трупы (у т. л. У.Галубка), аркестры, асобныя выканаўцы, у т. л. А.Дункан, У.Горавіц, М.Эрдэнка і інш. У 1930-я г. шырока развівалася маст. самадзейнасць, цэнтрам якой быў клуб чыгуначнікаў (цяпер Гомельскі Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў), дзе працавалі муз., харавы, струнны і інш. гурткі. Музыку да пастановак Гомельскага трама пісалі Туранкоў і Пукст. Дзіцячым аркестрам і хорам (170 чал.) кіравалі К.Карнілаў і Пукст, танц. калектывам, створаным у 1936, — А.Рыбальчанка. У суправаджэнні Дзярж. ансамбля бел.нар. інструментаў (кіраўнік Дз.Захар) выступала Л.Александроўская. Бел.нар. песні выконвала І.Яўнзем. Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў 30.12.1943 у Навабеліцы адбыўся святочны канцэрт з удзелам Бел.дзярж. ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы. З 1967 вял. канцэртна-лекцыйную працу вядзе Гомельская абласная філармонія, пры якой пачыналі сваю дзейнасць вак.-інстр. ансамблі «Лявоны» (з 1967; цяпер «Песняры») і «Сябры» (з 1974). Тут жыў і працаваў рэгент Петрапаўлаўскага сабора (да 1961), кампазітар М.Бутома, царк. музыка якога шырока выконвалася ў бел. храмах і за межамі Беларусі. У 1970—80-я г. выступалі шматлікія бел. і інш.муз.-тэатр., харавыя, аркестравыя, харэаграфічныя калектывы, вак.-інстр. групы і ансамблі, калектывы з Польшчы, Венгрыі, Югаславіі. У 1978—93 у Гомелі працаваў фальклорны драм.-муз.т-р «Жалейка» (з 1985 народны, з 1989 прафесійны). У 1997 працуюць 3 муз. школы, 5 школ мастацтваў з аддзяленнямі муз. і харэаграфічным, муз. каледж імя Н.Сакалоўскага, муз.-пед. каледж, абл. аддзяленне Саюза муз. дзеячаў Беларусі (з 1987). Больш за 30 самадзейных калектываў маюць званні народных і ўзорных.
Літ.:
Лебедев Г. Гомель: (Ист.-экон. очерк). 2 изд. Мн., 1962;
Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобл.Мн., 1985;
Гомель: Энцикл. справ. Мн., 1991;
Мальцаў У. Тэатральная геаграфія Гомеля // Мастацтва. 1993. №11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВА́,
федэральны горад, сталіца Расійскай Федэрацыі, цэнтр. Маскоўскай вобл. Найбуйнейшы ў краіне прамысл., фін., навук. і культ.цэнтр. Горад-герой (1965). Размешчаны ў міжрэччы Волгі і Акі, на ўскраіне Мяшчорскай нізіны. Па тэр. М. працякае каля 150 рэчак, большасць з якіх у падземных трубах; самая вял.р. Масква з прытокамі Яўза і Сетунь. Агульная пл. 1071 км² (пад жылымі кварталамі 367 км², пад прамысл. зонай 151 км², зялёнымі насаджэннямі 104 км², водныя аб’екты 24 км²). У межы М. ўключаны б. гарады Бабушкін, Любліно, Кунцава, Пярова, Тушына і інш.нас. пункты. Падзяляецца на 10 адм. акруг. 8,7 млн.ж. (1999). Вузел чыгунак, аўтамаб., водных і паветр. шляхоў зносін, рачны порт. Ад М. адыходзяць 11 электрыфікаваных напрамкаў чыгункі, 13 шашэйных дарог. 9 чыг. вакзалаў, 3 рачныя парты, 4 пасажырскія аэрапорты (Дамадзедава, Шарамецьева, Унукава, Быкова). Метрапалітэн (працягласць 255,7 км, 158 станцый). М. — адзін з найб. у свеце індустр. цэнтраў; вырабляе каля 5% прадукцыі прам-сці Расіі. У структуры прамысл. прадукцыі (1995, %) вылучаюцца электраэнергетыка — 17, машынабудаванне — 24, прам-сцьбуд. матэрыялаў — 8, харч. — 23, інш. — 28. Шмат прадпрыемстваў ваенна-прамысл. комплексу, вядучыя прадпрыемствы авіяц., ракетна-касм., радыёэлектроннай, прыладабуд. прам-сці. Вядучае месца займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. станкаінстр., эл.-тэхн., аўтамаб.прам-сць, вытв-сць халадзільнага, кампрэсарнага і пад’ёмнага абсталявання, падшыпнікаў, гадзіннікаў. Найб.маш.-буд. прадпрыемствы: «ЗІЛ», АЗЛК, «Маскоўскі падшыпнік», авіяц.вытв. аб’яднанне імя Дзяменцьева, вытв. аб’яднанне «Энергія», з-ды імя Хрунічава, «Калібр», «Метраном», «Чырвоны пралетарый» і інш. Развіта хім.прам-сць, у т. л.вытв-сцьаўтамаб. шын, гумава-тэхн., пластмасавых, фармацэўтычных, парфумерных вырабаў, фарбаў, тавараў быт. хіміі. Прадпрыемствы чорнай металургіі, нафтаперапр.з-д. М. — традыц. цэнтр тэкст. і швейнай прам-сці. Развіты харч. (кандытарская ф-ка «Чырв. Кастрычнік», Астанкінскі і Чаркізаўскі мясаперапрацоўчыя камбінаты, акц. т-вы «Ферэйн», «Царыцына», «Бабаеўскае» і інш.), паліграф., гарбарная, абутковая, футравая прам-сць. М. — цэнтр кнігавыдавецтва і кнігадрукавання. Кінапрамысловасць. У М. сканцэнтраваны буйныя прадпрыемствы буд. індустрыі. Фін. і інвестыцыйны цэнтр краіны (банкі, біржы). 92 плавальныя басейны, 18 палацаў спорту, 96 стадыёнаў.
Гісторыя. У канцы 1-га тыс.н.э. асновай насельніцтва М. былі вяцічы. У канцы 11 ст. М. — невял. горад з умацаваным цэнтрам і рамесна-гандл. пасадам. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1147 як уладанне суздальскага князя Юрыя Далгарукага. На мяжы 12—13 ст. значны горад Уладзіміра-Суздальскага княства. У 1237—38 разбурана мангола-татарамі. З канца 13 ст. цэнтр самаст. княства; пачынальнікам дынастыі маск. князёў быў Даніла Аляксандравіч, сын Аляксандра Неўскага. З 14 ст. цэнтр Маскоўскага вялікага княства. Каля 1326 пры Іване I з Уладзіміра ў М. перанесена рэзідэнцыя мітрапалітаў рус.правасл. царквы. У 1368 і 1370 войскі Дзмітрыя Іванавіча Данскога адбілі напады на М. вял. князя ВКЛАльгерда. У М. фарміравалася рус. войска, якое ўдзельнічала ў Кулікоўскай бітве 1380. У 1382 горад абрабаваў і спаліў хан Тахтамыш (гл. таксама Маскоўскае паўстанне 1382). З канца 15 ст. М. — сталіца Расіі, у сувязі з чым у 15—16 ст. павялічылася эканам. значэнне горада (вытв-сць зброі, тканін, скураных, ганчарных і ювелірных вырабаў), засн.Гарматны двор, Парахавы (канец 15 ст.) і Манетны (1534) двары. У сак. 1564 І.Фёдараў (Федаровіч) і П.Мсціславец выдалі ў М. першую друкаваную рус. кнігу («Апостал»). Горад моцна пацярпеў у часы апрычніны (1565—72, 1575—76), у 1571 спалены (акрамя Крамля) войскам крымскага хана Даўлет-Гірэя. У 1610 акупіраваны войскамі Рэчы Паспалітай, вызвалены нар. апалчэннем пад кіраўніцтвам К.М.Мініна і Дз.М.Пажарскага. З 17 ст. М. — усерас. цэнтр рамеснай вытв-сці і гандлю (у канцы 1630-х г. у горадзе было каля 2 тыс. рамеснікаў), узніклі парахавыя млыны, папяровыя мануфактуры, Гранатны двор і інш. У 1687 засн.Славяна-грэка-лацінская акадэмія (з 1682 Маск. духоўная акадэмія). У 1682 (гл.Маскоўскае паўстанне 1682) і 1698 у М. адбыліся бунты стральцоў. З 1708 цэнтр Маскоўскай губ., рэзідэнцыя ген.-губернатарства. Пасля пераносу ў 1712 сталіцы Расіі ў Пецярбург М. засталася важнейшым эканам., гандл. і культ. цэнтрам краіны. У 18 ст. развівалася тэкст.вытв-сць (палатняныя, шаўковыя мануфактуры, Суконны двор). Паводле перапісу 1701 у М. 16 358 двароў. Пачалося брукаванне вуліц, у 1730 з’явілася вулічнае асвятленне, у 1781—1804 пабудаваны першы ў Расіі водаправод. У 1699 засн. Бурмістрава палата (пазней Ратуша, з 1720 Магістрат), у 1785 — Гар. дума. Засн.Артыл. (1707) і Інж. (1712) школы, у 1755 — Маскоўскі універсітэт. У вайну 1812 М. — цэнтр агульнарас. супраціўлення, на 2/3 спалена войскамі Напалеона 1. У 1814 тут дзейнічала больш за 250 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст. М. — найбуйнейшы чыг. цэнтр краіны. У канцы 1840-х г. у горадзе з’явіўся першы грамадскі транспарт — «лінейкі», у 1899 — трамвай. У пач. 20 ст. М. — буйны сусв. крэдытна-фін.цэнтр. Адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1905—07 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі. З 1918 М. — сталіца РСФСР, у 1922—91 — СССР. У Вял.Айч. вайну адбылася Маскоўская бітва 1941—42, масквічы сфарміравалі 16 дывізій нар. апалчэння; тут знаходзіліся Дзярж.к-т абароны і Стаўка Вярх. галоўнакамандавання. У 1980 месца правядзення ХХП летніх Алімп. гульняў. У 1990 у М. абвешчаны дзярж. суверэнітэт Рас. Федэрацыі. З 1992 М. — сталіца Рас. Федэрацыі, горад федэральнага значэння — суб’ект Рас. Федэрацыі.
Архітэктура. Гіст. ядро М. — Крэмль Маскоўскі (узнік у 11—12 ст. у сутоках Масквы-ракі і р. Няглінная), Красная плошча (з 15 ст.) з Васіля Блажэннага храмам (1555—90). У аснове радыяльна-кальцавога плана М. вуліцы, што разыходзіліся ад Крамля, і 3 поясы крапасных умацаванняў: Кітай-горада (1535—38, захаваліся фрагменты), Белага горада (1585—93, дойлід Ф.Конь, цяпер Бульварнае кальцо) і Землянога горада (1591, 1641 і 1659, цяпер Садовае кальцо). У 13—16 ст. на гал. падыходах да М. ўзведзены ўмацаваныя манастыры: Андронікаў манастыр, Данскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Данілаў (засн. ў 1282, цяпер манастыр-рэзідэнцыя патрыярха Маскоўскага) і інш. Забудова горада была пераважна драўляная. У 14 ст. складваецца Маскоўская школа дойлідства. Пачалі будаваць каменныя пасадскія храмы, у т. л. бесстаўповыя, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі (царква Зачацця Ганны, што ў Вугле, 1478—93). У 16 ст. будавалі цэрквы стоўпападобныя шатровыя (царква Ушэсця ў Каломенскім, 1532), манум. 5-купальныя (царква Адсячэння галавы Іаана Прадцечы ў Дзякаўскім, 1547). У 17 ст. Крэмль страціў крапасное значэнне, яго вежы ўпрыгожылі дэкар. шатрамі; культавыя і грамадз. збудаванні набылі свецкі характар, ускладніўся сілуэт, з’явіліся ўзорыстая цагляная муроўка, белакаменная разьба, каляровая кафля (царква ў Хамоўніках, 1679—80). З канца 17 ст. будавалі ў духу т.зв.нарышкінскага барока: цэрквы Уваскрэсення ў Кадашах (1687—1713, перабудавана ў 1860), Тройцы ў Хахлоўскім завулку (1696, каляровая кафля бел. цанінніка Палубеса), Тройцы ў Троіцкім-Лыкаве (1698—1704, прыпісваецца Я.Бухвоставу), каменныя жылыя дамы (палаты дзяка Аверкія Кірылава, 1657, перабудаваны ў 18 ст.). Многія храмы і палацы М. аздаблялі бел. рэзчыкі (гл.Беларуская рэзь). З канца 17 — пач. 18 ст. былі спробы рэгулявання планіроўкі гар. кварталаў, складзены першы геад. план М. (1731—39, арх. І.Мічурын, І.Мардвінаў). Будавалі ў традыц. формах 17 ст. з выкарыстаннем ордэра, склаўся стыль барока (царква Архангела Гаўрыіла, т.зв. Меншыкава вежа, пачата ў 1701, у 1704—07 — арх. І.Зарудны; дом Апраксіных, 1766—69). У 2-й пал. 18 ст. ў М. пашырана буд-ва ў формах класіцызму: будынкі Шляхетнага сходу (да 1775, перабудаваны ў 1784—90; цяпер Дом Саюзаў), Сената ў Крамлі (1776—88; цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта Рас. Федэрацыі), Галіцынскага шпіталя (1796—1801), царква Філіпа Мітрапаліта (1777—88), дамы Дзямідава (1779—91), Барышнікава (1797—1802; усе арх. М.Казакоў), Пашкова (1784—96, арх. В.Бажэнаў, цяпер корпус Рас.дзярж. б-кі). У канцы 18 ст. на месцы Белага горада закладзены бульвары (першы — Цвярскі, 1796). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. склаліся ансамблі падмаскоўных сядзіб — Астанкіна, Кускова, Царыцына і інш. На ўскрайках М. сяліліся рамеснікі і рабочыя. Пасля пажару 1812 (зруйнавана больш за 2/3 будынкаў) створана «Камісія для адбудовы Масквы» (1813—43, адзін з кіраўнікоў арх. В.Бавэ), праводзіліся вял. горадабуд. работы, створаны ансамблі Краснай і Тэатральнай плошчаў, разбіты Аляксандраўскі сад, узведзены будынкі манежа (1817, Л.Карбанье, А.Бетанкур, Бавэ), Вялікага тэатра Расіі (1824), перабудаваны ун-т (1817—19, арх. Д.Жылярдзі). Аблічча М. вызначала жылая забудова невял. асабнякамі (майстар А.Грыгор’еў). Найб. значныя збудаванні 1-й трэці 19 ст. ў стылі ампір: Удовін дом (1809—11, арх. Дж.Жылярдзі, перабудаваны ў 1818, арх. Д.Жылярдзі), сядзібы кн. Галіцыных (Кузьмінкі, 1820-я г.), Усачовых-Найдзёнавых (1829—31, абедзве арх. Д.Жылярдзі), Правіянцкія склады (1821—35, арх. В.Стасаў, Ф.Шастакоў), Трыумфальныя вароты (1827—34, арх. Бавэ). Пабудовы 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі і стылю мадэрн: храм Хрыста Збавіцеля ў памяць вайны 1812 (1837—83, знесены ў 1930-я г., адноўлены ў 1990-я г.), Мікалаеўскі вакзал (цяпер Ленінградскі; 1849, абодва арх. К.Тон, рус.-візант. стыль), Гістарычны музей (1875—81), Музей выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна (1898—1912), будынак МХАТ імя А.П.Чэхава (1902), асабняк Рабушынскага (1902—06, абодва арх. Ф.Шэхтэль, мадэрн), гал. фасад Траццякоўскай галерэі (1906). План «Новая Масква» (1918—25, калектыў архітэктараў пад кіраўніцтвам А.Шчусева і І.Жалтоўскага) прадугледжваў добраўпарадкаванне цэнтр. і перыферычных раёнаў М., буд-ва жылых кварталаў са свабоднай расстаноўкай будынкаў, багатым азеляненнем (раёны Усачоўкі, Дангаўэраўкі і інш.). Грамадскія будынкі 1920—30-х г. у духу канструктывізму: радыёвежа на Шабалаўцы (1921, інж. У.Шухаў), дом газ. «Известия» (1925—27, арх. Р.Бархін), клуб імя І.Русакова (1927—29, арх. К.Мельнікаў). Цэнтр. стат. ўпраўленне (1928—35, арх. Ле Карбюзье, з удзелам арх. М.Колі; цяпер Дзяржкамстат Расіі), камбінат газ. «Правда» (1929—35, арх. П.Голасаў), Палац культуры аўтазавода «АМО» (1930—34, арх. браты Весніны) і інш. У ансамблі Краснай пл. маўзалей У.І.Леніна (1929, арх. Шчусеў). У 1930-я г. пачалося буд-ва метрапалітэна, здадзена ў эксплуатацыю першая тралейбусная лінія, пабудаваны канал імя Масквы. У працэсе рэалізацыі плана рэканструкцыі М. 1935 (арх. У.Сямёнаў, С.Чарнышоў і інш.) створана Манежная пл., пабудаваны гасцініца «Масква» (арх. Шчусеў, А.Стапран, Л.Савельеў), будынак Дзяржплана (абодва 1932—38, арх. А.Лангман), рэканструяваны гал.гар. магістралі — вул. Горкага (цяпер Цвярская), Мажайская шаша (цяпер ч. Кутузаўскага праспекта) і інш. У 1936—39 цалкам перабудаваны масты, у т. л. Маскварэцкі (арх. Шчусеў, інж. В.Кірылаў), вісячы Крымскі (арх. А.Уласаў, інж. В.Канстанцінаў), створана Усесаюзная с.-г. выстаўка (перабудавана ў 1954, цяпер Усерас. выставачны цэнтр). У канцы 1940-х—60-я г. ўзводзілі вышынныя будынкі: Маскоўскі ун-т на Вараб’ёвых гарах (1949—53), жылыя дамы на вул. Паўстання (арх. М.Пасохін, А.Мндаянц і інш.), гасцініца «Украіна» (1957, арх. А.Мардвінаў). З 1950-х г. на свабодных землях ствараліся буйныя гар. раёны, падзеленыя на мікрараёны (Паўд. Захад, Новыя Чаромушкі, Паўн. Ізмайлава і інш.); забудова вялася паводле тыпавых праектаў 5-павярховымі дамамі, з сярэдзіны 1960-х г. — дамамі ў 9 і больш паверхаў. У цэнтры пракладзены і забудаваны новыя праспекты — Камсамольскі (1958—65), Калінінскі (1964—69, цяпер Новы Арбат), Навакіраўскі (1980—90-я г., цяпер праспект А.Дз.Сахарава) і інш. Сярод значных збудаванняў у формах сучаснай архітэктуры: комплекс Цэнтр. стадыёна ў Лужніках (1955—56), кінаканцэртная зала «Кастрычнік» (1967), тэлецэнтр у Астанкіне (вежа — 1967, выш. 533 м, будынак — 1968), будынак СЭУ на Новым Арбаце (1969, цяпер Маск. мэрыя), комплекс гасцініцы «Расія» (1967—70) з Цэнтр. канцэртнай залай (1974); Курскі вакзал (1972), Дом урада Рас. Федэрацыі («Белы дом», 1981), камфартабельныя гасцініцы («Балчуг-Кемпінскі», «Прэзідэнт-атэль») і жыллёвыя комплексы (1990-я г.). У выніку рэканструкцыі 1992—96 Манежная пл. пераўтворана ў гандл.-рэстаранны цэнтр; уздоўж агароджы Аляксандраўскага сада адкрыта штучнае рэчышча (імітацыя вадацёку р. Няглінная), дэкарыраванае балюстрадамі і скульпт. групамі на тэмы рус. казак (скульпт. З.Цэрэтэлі). Паркі: Цэнтр. культуры і адпачынку імя М.Горкага, Ізмайлаўскі, Сакольніцкі і інш. Помнікі: А.С.Пушкіну (1880), «Героям Плеўны» (1887), І.Фёдараву (1909), М.Горкаму (1951), Ю.Далгарукаму, П.І.Чайкоўскаму (абодва 1954), М.Ю.Лермантаву (1965), «Невядомаму салдату» (1967), М.І.Кутузаву (1973), маршалу Г.К.Жукаву (1996) і інш. Крэмль і ансамбль Краснай пл. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Культурна-асветныя ўстановы. У М. знаходзяцца расійскія АН, АМ, акадэмія мед. навук і інш. галіновыя акадэміі; каля 1 тыс.НДІ і канструктарскіх бюро; каля 80 ВНУ, у т. л. Маскоўскі універсітэт, маскоўскія тэхн.ун-т, лінгвістычны ун-т, кансерваторыя, расійскія ун-т дружбы народаў, мед.ун-т, акадэміі: мед., с.-х., ветэрынарная, нафты і газу, эканам., кіравання, музыкі імя Гнесіных, хар. мастацтва імя Свешнікава, тэатр. мастацтва, харэаграфічная, фіз. культуры; ін-т кінематаграфіі, тэатр. і муз. вучылішчы. Буйнейшыя б-кі: Рас. дзяржаўная, гіст., замежнай л-ры, Маскоўскага ун-та і інш. Больш за 70 музеяў, у т. л. музейнае аб’яднанне «Траццякоўская галерэя», выяўл. мастацтваў імя Пушкіна, Гістарычны, Політэхн., Аружэйная палата, архітэктуры імя Шчусева, гісторыі М., Тэатральны імя Бахрушына, Літаратурны; дамы-музеі В.Васняцова, М.Горкага, М.Лермантава, Л.Талстога, М.Цвятаевай, А.Чэхава, Ф.Шаляпіна і інш.; маст. галерэі і выставачныя залы. Каля 60 прафес. тэатраў, у т. л. Вялікі, муз. імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, аперэты, Малы, МХАТ імя Чэхава, МХАТ імя Горкага, імя Вахтангава, імя Маякоўскага, імя Массавета, імя Ярмолавай, «Ленком», на Таганцы, на Малой Броннай, «Сучаснік», Сатыры, лялек імя Абразцова і інш.; тэатры-студыі. 2 цыркі. Канцэртная зала імя Чайкоўскага, Вял. і Малая залы кансерваторыі, Калонная зала Дома Саюзаў, Цэнтр. канцэртная зала «Расія» і інш. Кінаканцэрн «Масфільм» і інш. кінастудыі. Тэлецэнтр «Астанкіна».
У М. адбываюцца Міжнар. конкурс артыстаў балета (з 1969), Міжнар. конкурс імя Чайкоўскага (з 1958), Маскоўскі міжнар. кінафестываль (у 1935, з 1959 раз у 2 гады), муз. фестывалі «Маскоўскія зоркі», «Руская зіма», «Маскоўская восень», фестываль музыкі і жывапісу «Снежаньскія вечары» і інш.
Беларусы ў Маскве. З бел. зямель ВКЛ у М. перасяляліся пакрыўджаныя ці незадаволеныя палітыкай вял. князёў прадстаўнікі вышэйшага феад. саслоўя (князі Бельскія, Вяземскія, Глінскія і інш.), выводзіліся захопленыя ў час войнаў палонныя — шляхта, сяляне, рамеснікі. У 1-й пал. 16 ст.вял.кн. маскоўскі Васіль III набраў сабе атрад целаахоўнікаў пераважна з выхадцаў з ВКЛ і пасяліў іх асобна ў створанай для іх слабадзе Налі (Наліўкі, Налейка). У пач. 17 ст.засн. яшчэ 2 вайск. слабады, населеныя ў асн. беларусамі — Старапанская (Іншаземная) у раёне Варанцова поля (у 1638 былі 52 двары) і Панская (абедзве асіміляваны да канца 17 ст.). Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 каля 1/5 насельніцтва М. складалі палонныя беларусы, якія сяліліся па розных слабодах (найб. у Броннай і Ганчарнай). У 1672 для іх створана новая іншаземная Мяшчанская слабада, дзе ў 1684 у 477 дварах жыло 612 сем’яў (жыхары Мяшчанскай слабады асіміляваны ў пач. 18 ст.). З 15 ст. ў М. існаваў Літ. купецкі двор, дзе спыняліся купцы з ВКЛ (двор размяшчаўся ў раёне Варварскага крыжа; цяпер вул. Разіна), у канцы 16 ст. перанесены на Лубянскую плошчу, дзе праіснаваў да 2-й пал. 17 ст. З 16 ст. ў М. існаваў дыпламат. двор, прызначаны для пражывання пасольстваў ВКЛ — на Успенскім яры (з 1530), Пакроўцы (з 1560-х г.), Ільінцы ў Кітай-горадзе (пач. 17 ст.); дыпламат. двор ліквідаваны ў сярэдзіне 17 ст. паводле ўказа цара Міхаіла Фёдаравіча. Значны ўплыў на развіццё грамадскай думкі, культуры, асветы, кнігадрукавання ў Расіі 16—18 ст. зрабілі выхадцы з Беларусі, у т. л. П.Мсціславец, І.Фёдараў (Федароўскі), а таксама тыя, што жылі ў М.: І.С.Перасветаў, І.Ф.Капіевіч, А.Х.Белабоцкі, Сімяон Полацкі і інш. Трупа першага рус. (прыдворнага) тэатра (1672—76) амаль цалкам складалася з беларусаў Мяшчанскай слабады. У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі беларусаў працавалі на Друкарскім двары, у Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, цэрквы і манастыры М. Яны прывезлі новыя рамёствы, тэхніку беларускай рэзі, вырабу шматколернай кафлі і інш. У 1800 у М. перасялілі музыкантаў Шклоўскага тэатра Зорыча. У 19 — пач. 20 ст. у М. працавалі мастакі С.К.Заранка, С.Ю.Жукоўскі, В.К.Бялыніцкі-Біруля, вучоныя А.А.Кавалеўскі, В.К.Цэраскі, А.С.Будзіловіч і інш. У першыя дзесяцігоддзі 20 ст. ў М. існавалі бел.паліт. і культ.-асв. арг-цыі: Беларуская сацыялістычная грамада, Беларуская народная грамада, бел. секцыя пры ЦК партыі левых эсэраў, Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б), Беларускі нацыянальны камісарыят, Беларускі народны універсітэт, Беларускае навукова-культурнае таварыства, клуб «Беларус», Беларуская чыгуначная грамада і інш. У 1920—1-й пал. 1930-х г. у М. дзейнічалі Беларускае Цэнтральнае бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, Цэнтр. бюро бел. студэнцкіх арг-цый, Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва, Т-вапаліт. эмігрантаў з Зах. Беларусі, Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя, Беларускі клуб, Беларуская драматычная студыя, Беларуская песенная камісія, бел. секцыя Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. прыток беларусаў у М. значна павялічыўся: калі ў 1926 у М. было 13 тыс.чал. беларусаў, то ў 1959—34 370, у 1970—50 257, у 1989—73 005. Многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі 20 ст. сталі ў М. вядомымі дзярж., грамадскімі і культ. дзеячамі, вучонымі: А.М.Адамовіч, Ж.А.Алфёраў, І.Р.Брайцаў, В.А.Гальданскі, А.А.Грамыка, Я.Б.Зяльдовіч, Л.Іларыёнава, А.К.Каўка, К.Т.Мазураў, Я.А.Мандэльштам, А.Б.Мігдал, П.В.Сухі, М.М.Улашчык, Ф.Л.Шапіра, О.Ю.Шміт, Я.Шыраеў, касманаўты У.В.Кавалёнак і П.А.Клімук. З канца 1980-х г. у М. зноў ствараюцца бел.культ.-асв. і грамадска-паліт. арг-цыі: Т-вабел. культуры імя Ф.Скарыны, аб’яднанне беларусаў М. «Бацькаўшчына», студэнцкая суполка «Пагоня», бел. каталіцкая і уніяцкая суполкі і інш. У кастр. 1999 створана бел. нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Масквы». Выдаецца бюлетэнь «Шляхам Скарыны». Прадстаўнікі маск. бел. арг-цый удзельнічалі ў сходзе беларусаў блізкага замежжа (1992), з’ездах беларусаў свету (1993, 1997). У М. размешчаны сядзібы Міжрэгіянальнага аб’яднання беларусаў Расіі і федэральнай нац.культ. аўтаноміі «Беларусы Расіі».
Літ.:
Москва: Энцикл. М., 1998;
Забелин И. История города Москвы: Репринт. воспр. изд. 1905 г.М., 1990;
По Москве: Репринт. воспр. изд. 1917 г.М., 1991;
Молокова Т.А., Фролов В.П. История Москвы в памятниках культуры: К 850-летию столицы. М., 1997;
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Брага С. [Тумаш В.] Доктар Скарына ў Маскве. Мн., 1993;
Прыбытка Г. Міласцю прыроднаю майстры: Бел. слабоды ў Маскве // Бел. мінуўшчына. 1993. № 3/4;
Москва: Памятники архитектуры XIV—XVII вв.: [Альбом]. М., 1973;
Москва: Памятники архитектуры XVIII — первой трети XIX в. Кн. 1—2. М., 1975;
Кириченко Е. Москва: Памятники архитектуры 1830—1910 хт. М., 1977.
Да арт.Масква. Від на Маскву-раку.Да арт.Масква. Вуліца С.Разіна.Да арт.Масква. Пасольскі двор. Малюнак І.-Р.Сторна для кнігі А.Меерберга «Вандраванне ў Масковію». 1661—62.Да арт.Масква. У заваяванай Маскве. (Падпальшчыкі). Мастак В.В.Верашчагін. 1897—98.Да арт.Масква. Царква Зачацця Ганны, што ў Вугле. 1478—93.План Масквы 1610 («Жыгімонтаў план»), Складзены І.Г.Абелінам. Гравюра Л.Кіліяна.Помнік Г.К.Жукаву ў Маскве. 1996.Да арт.Масква. Універсітэт імя М.В.Ламаносава.Да арт.Масква. Жыллёвы комплекс на Мажайскай шашы. 1999.Да арт.Масква. Гасцініца «Расія». 1967—70.