ГУ́СТАЎ II Адольф

(Gustaf II Adolf; 9.12.1594, Стакгольм — 6.11.1632),

кароль Швецыі [1611—32], вял. палкаводзец. З дынастыі Ваза. Сын караля Карла IX. У пач. праўлення быў вымушаны пайсці на значныя ўступкі арыстакратыі, вяртаючы дваранам казённыя землі. Правёў шэраг рэформ (дзярж. кіравання, судовага ладу, ваенную). Спрыяў развіццю прам-сці, асабліва горна-металургічнай. Стварыў магутную пастаянную армію, упершыню ў Еўропе ўвёў палкавую артылерыю. Вёў войны з Даніяй, Расіяй, Польшчай, захапіўшы вял. тэр., удзельнічаў з 1630 у Трыццацігадовай вайне 1618—48 на баку антыгабсбургскай кааліцыі. Загінуў у бітве пры Лютцэне.

Густаў II.

т. 5, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГУРО́,

адно са стараж. карэйскіх плямён, пазней назва адной з трох карэйскіх раннефеад. дзяржаў (К., Пэкчэ, Сіла). Племя К. да пач. 1 ст. н.э. займала тэр. па сярэднім цячэнні р. Амнакан. Сталіца — г. Хвандо (сучасны Цзіань у паўн.-ўсх. Кітаі), з пач. 5 ст. — Пхеньян. Найб. магутнасці дзяржава К. дасягнула ў канцы 4 ст. У 668 яна разгромлена войскамі кіт. дынастыі Тан, якая выступіла ў саюзе з дзярж. Сіла: дынастыя Тан захапіла землі на Пн ад р. Тэданган, а паўд. ч. адышла да Сіла.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕО́Н (León),

феадальная дзяржава на ПнЗ Пірэнейскага п-ва ў 10—13 ст. Утварылася ў 909—910 пасля падзелу Астурыйскага каралеўства паміж сынамі ісп. правіцеля Альфонса III Вялікага (гл. Альфонсы) на Л., Галісію, Астурыю. У 924 Галісія і Астурыя аб’ядналіся з Л. у адзінае каралеўства са сталіцай у г. Леон. З 960 плаціў даніну Абдарахману III. У 988—1031 пад уладай Кардоўскага халіфата. У час Рэканкісты далучыў да сваёй тэрыторыі партуг. землі. У 1230 каралеўства аб’ядналася з Кастыліяй і стала найб. магутнай дзяржавай Пірэнейскага п-ва.

т. 9, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЧ, Кашчэй Бессмяротны,

вобраз чарадзейных усх.-слав. казак; злы і хітры чараўнік, які выкрадае нявесту героя. Здабыўшы яйцо, у якім схавана смерць К., герой перамагае яго і вяртаецца дамоў са сваёй нарачонай (надрукавана 15 бел. варыянтаў). Вядомы таксама казкі пра смерць К. ад чароўнага каня. Абедзве версіі кантамінуюцца з сюжэтамі пра ўдзячных жывёл, пошукі зніклай ці ўкрадзенай жонкі і інш. Вобраз К. трапляецца таксама ў замовах і былінах. Паводле меркаванняў акад. Б.​А.​Рыбакова, К. у стараж.-ўсх. славян увасабляў качэўнікаў, якія рабілі набегі на іх землі.

Л.​Р.​Бараг.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБА́ХСКАЕ ХА́НСТВА,

дзяржава ў Закаўказзі ў міжрэччы Аракса і Куры ў сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. Вылучылася ў 1747 са складу Ірана. Заснавальнік — Панах Аліхан (правіў у 1747—59). Сталіца з 1752 — г. Панахабад (цяпер Шуша). Асн. заняткі насельніцтва — земляробства, жывёлагадоўля, рамёствы. Пры Ібрагіме Халілханс (1759—1806) ханства падпарадкавала ўвесь Карабах, Нахічэвань, землі Паўд. Азербайджана. Перад пагрозай заваявання з боку Ірана і Турцыі ў 1805 Ібрагім падпісаў дагавор аб пераходзе дзяржавы пад пратэктарат Расіі. Гэта прывяло пры яго пераемніку да скасавання ханства рас. ўладамі (1822, пераўтворана ў Карабахскую прав.).

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКАМА́НЫ (лац. Marcomanni жыхары маркі),

адно з плямён стараж. германцаў, што насялялі даліну р. Майн. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 58 да н.э. (згадваюцца ў войску Арыявіста). У 9—8 да н.э. выцеснены рымлянамі на тэр. сучаснай Чэхіі. У 1 ст. н.э. разам з роднаснымі ім квадамі прасунуліся на землі паміж верхнім цячэннем Эльбы і Дунаем. Адсюль яны рабілі набегі ў Паўн. Італію, што прывяло да Маркаманскай вайны 166—180 з рымлянамі. З 4 ст. ўдзельнічалі ў Вялікім перасяленні народаў. У 5 ст. аселі пераважна на тэр. Баварыі (гл. Бавары).

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДРАНГ НАХ О́СТЭН»

(ням. Drang nach Osten — націск на Усход),

экспансіянісцкая палітыка Германіі ў дачыненні да краін Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы ў 9—20 ст., а таксама лозунг і гіст.-паліт. канцэпцыя, накіраваная на ідэалаг. абгрунтаванне і апраўданне гэтай палітыкі. Першапачаткова (9 ст.) Усх.-Франкскае (Герм.) каралеўства вяло наступ на тэр. Вялікамараўскай дзяржавы, Пасаўскай і Далмацінскай Харватыі. У 10—11 ст. «Свяшчэнная Рым. імперыя» прэтэндавала на землі палаба-прыбалт. славян, Чэхіі і Польшчы. У 2-й пал. 12 ст.пач. 15 ст. брандэнбургскія і саксонскія князі пакарылі палаба-прыбалт. славян, Тэўтонскі ордэн — прусаў, ням. купцы, каталіцкая царква, Ордэн мечаносцаў і Лівонскі ордэн прасачыліся ва Усх. Прыбалтыку (далейшы рух на У спынены ў вышку Лядовага пабоішча 1242 і Грунвальдскай бітвы 1410), а Габсбургі захапілі славенскія землі. У 16—18 ст. утварылася шматнац. манархія Габсбургаў, якія падпарадкавалі Чэхію, Славакію, Венгрыю і Харватыю, у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) значна павялічылася тэр. Прусіі. У 1850-я г. пачалася распрацоўка канцэпцыі «Д.н.О.» (гл. Пангерманізм, Пангерманскі саюз). Герм. імперыя (1871—1918) выкарыстоўвала пераважна эканам. пранікненне. Спробы рэалізацыі «Д.н.О.» мелі месца ў 1-ю і асабліва 2-ю сусв. войны (гл. план «Ост»).

Літ.:

Германская восточная политика в новое и новейшее время: Проблемы истории и историографии. М., 1974;

«Дранг нах Остен» и народы Центральной, Восточной и Юго-Восточной Европы, 1871—1918 гг. М., 1977.

т. 6, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1793,

асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты без абмеркавання 23.11(5.12).1793 Гродзенскім сеймам 1793. Яе праект распрацаваны К.​Рачынскім, Ф.​Машчынскім, Л.​Тышкевічам пад наглядам царскага пасла Я.​Я.​Сіверса. Паводле К. Рэч Паспалітая захоўвалася як унітарная дзяржава ў складзе правінцый Кароны і княства Літоўскага, падзялялася на ваяводствы, а тыя — на 3 паветы (землі). Захоўваліся кардынальныя правы, гарантаваныя сеймамі 1768, 1775 і Канстытуцыяй 1791. Аднаўлялася выбарнасць караля. Вышэйшым заканад. органам краіны быў сейм, які склікаўся раз у 4 гады на 8 тыдняў. Рашэнні ў сейме прымаліся большасцю галасоў, акрамя самых важных пытанняў заканадаўства, падаткаў, арміі, на якія каралю давалася права вета. Выканаўчая ўлада належала Пастаяннай радзе з 24 чал., у т. л. 11 ад княства. Рада мела 6 дэпартаментаў, рыхтавала заканад. праекты, наглядала за іх рэалізацыяй. склікала сеймы нават без згоды караля. Паўната ўлады ў паветах належала парадкавым камісіям. Членаў камісіі выбіралі на мясц. сейміках з аселай шляхты. Немаёмная шляхта пазбаўлялася выбарчых правоў. Мяшчане атрымалі права набываць землі і шляхецкую годнасць, але не мелі прадстаўніцтва ў сейме. У якасці ўступкі рэформам Чатырохгадовага сейма захаваны зямянскія суды з выбарнымі пасадамі на дзярж. утрыманні. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для судоў быў Трыбунал, асобны для цывільных і духоўных спраў. Фактычна К. не выконвалася, бо страціла сілу ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795, пасля чаго Рэч Паспалітая перастала існаваць.

Я.​С.​Анішчанка.

т. 7, с. 598

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ВЕ́НГРЫЯ, Аўстра-Венгерская манархія, Дунайская манархія,

дуалістычная (двухадзіная) дзяржава ў 1867—1918. Пл. 676,615 тыс. км², нас. 52,8 млн. чал. (1914). Гал. адм. цэнтры — Вена і Будапешт. Створана ў выніку рэарганізацыі Аўстрыйскай імперыі Габсбургаў на аснове пагаднення (чэрвень 1867) паміж Аўстрыяй і Венгрыяй. Падзялялася (па р. Лейта) на 2 часткі: Аўстрыйскую імперыю («Каралеўствы і землі, прадстаўленыя ў рэйхсраце»),

ці Цыслейтанію (тэр. на З ад Лейты: Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Ціроль, Штырыя, Карынтыя, Зальцбург, Форарльберг, Багемія, Маравія, Сілезія, Крайна, Далмацыя, Герц і Градзішка, Істрыя, Трыест з вобласцю, Галіцыя, Букавіна), і Каралеўства венграўземлі свяшчэннай венгерскай кароны»), ці Транслейтанію [тэр. на У ад Лейты: Венгрыя, Харватыя, Славенія, Славакія, Трансільванія, Закарпацкая Украіна, Ваяводзіна, порт Рыека (Фіуме)]. Венгрыя і Аўстрыя прызнаваліся суверэннымі часткамі дзяржавы. Узначальвалася аўстр. імператарам (ён жа венг. кароль), улада якога фармальна абмяжоўвалася ў Аўстрыі рэйхсратам, у Венгрыі — сеймам. Імператарамі Аўстра-Венгрыі былі Франц Іосіф I і Карл I. Разам з самаст. аўстр. і венг. мін-вамі дзейнічалі 3 агульныя мін-вы (замежных спраў, ваен.-марское, фінансавае), падпарадкаваныя імператару. Агульнадзярж. канстытуцыі не было. Выдаткі на агульныя справы вызначаліся для абедзвюх частак манархіі ў пэўнай прапорцыі, рэгуляваліся пагадненнем рэйхсрата і сейма. Заканадаўчая ўлада ажыццяўлялася т.зв. дэлегацыямі, якія склікаліся штогод (па 60 чал. ад рэйхсрата і сейма). Пасля эканам. спаду 1873—95 гаспадарка Аўстра-Венгрыі ажывілася і набыла аграрна-індустрыяльны кірунак (да 1900 65—85% прамысл. прадукцыі давала Цыслейтанія, гал. чынам яе чэшскія землі), значныя капіталы ў яе ўкладалі інвестары (пераважна Германія). У сельскай гаспадарцы панавала буйн. памешчыцкае землеўладанне. У знешняй палітыцы Аўстра-Венгрыя арыентавалася на Германію, была чл. Траістага саюза 1882. У 1878 акупіравала, у 1908 анексіравала Боснію і Герцагавіну (гл. Баснійскі крызіс 1908—09), што прывяло да пагаршэння адносін з Расіяй. Як саюзнік Германіі ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне. Распалася ў кастр.ліст. 1918 у выніку паражэння ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. На яе тэр. ўтварыліся самаст. дзяржавы Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія, частка зямель увайшла ў склад Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў, Румыніі, Польшчы. Гл. таксама гіст. нарыс у арт. Аўстрыя.

Літ.:

Австро-Венгрия и славяно-германские отношения. М., 1965;

Полтавский М.А. История Австрии: Пути гос. и нац. развития. Ч. 2. От революции 1948 г. до революции 1918—1919 гг. М., 1992. С. 86—303.

т. 2, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎГСБУРГСКІ РЭЛІГІ́ЙНЫ МІР 1555,

паміж германскімі пратэстанцкімі князямі і імператарам Карлам V. Абвешчаны 25 вер. на рэйхстагу ў Аўгсбургу (адсюль назва). Завяршыў шэраг войнаў паміж каталікамі і пратэстантамі. Прызнаў раўнапраўе каталікоў і лютэран (не распаўсюджваўся на цвінгліянцаў, кальвіністаў, анабаптыстаў), устанавіў права князёў вызначаць веравызнанне сваіх падданых («чыя краіна, таго і вера»), санкцыянаваў усе царк. пераўтварэнні ў пратэстанцкіх княствах, у т. л. праведзеную там секулярызацыю царк. уласнасці і інш. Завяршыў распад Германіі на аўт. землі, умацаваў уладу князёў, прывёў да адрачэння ад прастола Карла V, пахаваўшы яго ідэю пра стварэнне сусв. імперыі Габсбургаў.

т. 2, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)