БАГДАНО́ВІЧА М. ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́Й.
Заснаваны ў 1981 у Мінску, адкрыты ў 1991 у будынку паблізу месца, дзе нарадзіўся паэт. Пл. экспазіцыі 244 м². У экспазіцыйных залах і фондах каля 15 тыс. адзінак захавання, у т. л. каля 8 тыс. асн. фонду (1996). Зберагае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры, звязаныя з жыццём і дзейнасцю М.Багдановіча. Аўтар арх.-маст. афармлення экспазіцыі Э.К.Агуновіч (Дзярж. прэмія Беларусі 1993). Філіялы — музей «Беларуская хатка» ў Мінску, «Фальварак Ракуцёўшчына» ў Маладзечанскім раёне. Матэрыялы музея выкарыстаны пры стварэнні экспазіцыі «Беларускі паэт з берагоў Волгі» ў Яраслаўлі (1992).
т. 2, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА БАЛКА́НСКАЯ,
саюз Грэцыі, Румыніі, Турцыі і Югаславіі. Заключаны 9.2.1934 у Афінах пад эгідай Францыі з мэтай захавання суадносін сіл на Балканах, што склаліся пасля 1-й сусв. вайны. Першапачаткова адпавядаў інтарэсам Францыі як сродак узмацнення яе пазіцый у краінах Паўд.-Усх. Еўропы. Дагавор аб стварэнні Антанты Балканскай прадугледжваў узаемную гарантыю бяспекі балканскіх граніц краін-удзельніц, а таксама ўзаемную дапамогу ў выпадку нападу на адну з іх. Дзеянні Германіі і Італіі, якія абапіраліся на фаш. групоўкі ў Грэцыі, Румыніі, Турцыі і Югаславіі, падарвалі франц. ўплыў на краіны Антанты Балканскай, у 2-ю сусв. вайну яна распалася.
т. 1, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РСКІ,
біялагічны заказнік на Беларусі, на У Пусташ-Дабралуцкага балота ў Ганцавіцкім р-не ў Ганцавіцкім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 2805 га (1995). У раслінным покрыве пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя і кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы, а таксама хвойнікі пушыцава-сфагнавыя, багуновыя і інш. На ўчастках з мінер. глебамі — бярэзнік і хвойнікі чарнічныя, радзей, бярэзнікі даўгамошныя, хвойнікі імшыстыя, верасовыя і інш. Трапляюцца дубровы чарнічныя і арляковыя. Расце рэдкі для гэтых мясцін балотны мірт (паўд. мяжа яго арэала).
Г.У.Вынаеў.
т. 3, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУАСЬЕ́ ((Boissier) П’ер Эдмон) (25.5.1810, г. Жэнева, Швейцарыя — 25.9.1885),
швейцарскі батанік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (1878). Вучыўся ў Жэневе. Навук. працы ў галіне сістэматыкі і фларыстыкі. Па матэрыялах, сабраных у падарожжах па Іспаніі, Грэцыі, М. Азіі, Егіпце, Палесціне і Сірыі, апісаў каля 6 тыс. новых відаў кветкавых раслін і вызначыў 131 новы род. Аўтар «Усходняй флоры» (т. 1—5, 1867—88), у якой прыведзены апісанні і даныя пра геагр. пашырэнне каля 12 тыс. відаў раслін. Паблізу Жэневы для захавання сабранага ім гербарыя і далейшых работ з ім была створана ўстанова — «Гербарый Буасье».
т. 3, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЙРТАН ((Ireton) Генры) (1611, Атэнбара, графства Нотынгемшыр, Англія — 28.11.1651),
дзеяч англійскай рэвалюцыі 17 ст., ідэолаг памяркоўных індэпендэнтаў. Генерал парламенцкай арміі, паплечнік О.Кромвеля. З пач. грамадз. вайны ў 1642 выступіў на баку парламента супраць раялістаў, стаў адным з арганізатараў новай арміі. У 1645 выбраны ў Доўгі парламент. На канферэнцыі ў Патні (1647) гал. апанент левелераў, выступаў за захаванне караля і палаты лордаў, супраць ідэі «народакіравання». У 1648 дзеля захавання ўлады індэпендэнтамі стаў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў суда над Карлам I, падпісаў яму смяротны прыгавор. У 1649 удзельнічаў у Ірландскім паходзе, лорд-правіцель Ірландыі (з 1650).
т. 1, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎГЕ́НІКА (ад грэч. eugenēs добрага роду),
вучэнне аб спадчынным здароўі чалавека, шляхах яго захавання і паляпшэння. Прынцыпы Е. сфармуляваў англ. вучоны Ф.Гальтан (1869), які прапанаваў вывучаць тыя фактары, што могуць палепшыць спадчынныя якасці (генет. перадумовы фіз. і псіхічнага здароўя, разумовых здольнасцей, адоранасць) будучых пакаленняў. Ідэі Е. нярэдка выкарыстоўвалі для апраўдання расізму і генацыду. У сучаснай навуцы многія праблемы Е., асабліва барацьба са спадчыннымі захворваннямі, вырашаюцца ў рамках генетыкі чалавека, яго экалогіі, у т. л. мед. генетыкі. Ад ідэі паляпшэння генет. здароўя людзей Е. перайшла пераважна да задач яго захоўвання. Гл. Медыка-генетычнае кансультаванне.
т. 6, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЗЕ́Р’Е,
гідралагічны заказнік на тэр. Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. Створаны ў 1968 як заказнік рэсп. значэння для захавання ў натуральным стане балотнага масіву з тыповай для міжрэччаў стратыграфіяй тарфянікаў. Пл. 4286 га (1997). Размешчаны на Цэнтральнабярэзінскай раўніне і займае ч. Друць-Бярэзінскага міжрэчча. Размешчаны на вярховым балоце. У цэнтры пераважаюць хваёва-кусцікавыя раслінныя асацыяцыі, у паўн. ч. — градава-багнавыя комплексы расліннасці. На ўскраінах пашыраны хваёва-бярозава-пушыцава-сфагнавыя асацыяцыі. На мінер. участках пераважаюць бярозава-асінавыя лясы. У флоры заказніка каля 100 відаў раслін, у т. л. ахоўныя чубатка пустая і зубніца клубняносная.
т. 6, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРЦЫ́ЙНАЯ ТА́ЙНА,
звесткі, звязаныя з вытв., тэхнал., гандл., фін. дзейнасцю прадпрыемства, кампаніі, фірмы, банка і інш., раскрыццё якіх можа нанесці шкоду іх інтарэсам. Дазваляе абараніць прадпрыемствы, інш. фарміраванні ад нядобрасумленных канкурэнтаў, бязвыплатнага карыстання прадуктамі інтэлектуальнай працы (напр., вынаходніцтвамі, інавацыямі) і інш. Склад і аб’ём звестак, што з’яўляюцца К.т. парадак іх абароны вызначаюцца кіраўніком прадпрыемства (фірмы, банка і інш.) у адпаведнасці з заканадаўствам. Службовыя асобы дзярж. органаў, упаўнаважаныя праводзіць праверкі дзейнасці прадпрыемства, маюць права адпаведна іх кампетэнцыі знаёміцца са звесткамі, якія складаюць К.т., пры ўмове іх захавання і адказнасці за іх выдаванне.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕТЫ́ЧНАЯ ЭНЕ́РГІЯ,
мера мех. руху, роўная для матэрыяльнага пункта палавіне здабытку яго масы на квадрат скорасці T = mv2/2. К.э. мех. сістэмы роўная суме К.э. усіх яе пунктаў.
К.э. цвёрдага цела, якое рухаецца паступальна, вылічваецца як К.э. пункта з масай, роўнай масе ўсяго цела; пры вярчальным руху — T = Iω2/2, дзе I — момант інерцыі, ω — вуглавая скорасць вярчэння цвёрдага цела. Пры скарасцях, блізкіх да скорасці святла c, К.э. пункта роўная
, дзе m0 — маса спакою матэрыяльнага пункта. Гл. таксама Энергія, Энергіі захавання закон.
т. 8, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПТАНА ЭФЕ́КТ,
павелічэнне даўжыні хвалі эл.-магн. выпрамянення (рэнтгенаўскага і γ-выпрамянення) пры рассеянні яго на свабодных або слаба звязаных электронах. Назіраецца таксама і пры рассеянні эл.-магн. хваль на пратонах, нейтронах, атамных ядрах. Адкрыты А.Комптанам у 1923.
Закон захавання энергіі-імпульсу пры дастасаванні да працэсу рассеяння на вугал v фатона на электроне масы m дае магчымасць вызначыць павелічэнне даўжыні хвалі фатона: Δλ= λ0(1−cosv), дзе λ0 — комптанаўская даўжыня хвалі электрона. Δλ не залежыць ад першапачатковай даўжыні хвалі λ і найбольшая пры рассеянні назад (ν = π). Доследы Комптана, якія пацвердзілі гэтыя вывады, сталі доказам квантавай прыроды святла.
т. 8, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)