ГЕЛІЯФІ́ТЫ [ад гелія... + ...фіт(ы)],
расліны, якія прыстасаваліся да жыцця пры вял. колькасці сонечнага святла (святлолюбівыя расліны). У цяні выяўляюць прыкметы прыгнечанасці. У геліяфітаў высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу: гэты працэс пачынае пераважаць над працэсам дыхання пры высокім асвятленні (хвоя звычайная, бяроза бародаўчатая, дуб звычайны, лістоўніца, пшаніца, падбел і інш.).
т. 5, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНУРБА́ЦЫЯ (ад лац. соп разам + urbs горад),
разнавіднасць гарадской агламерацыі, якая мае ў якасці ядра некалькі аднолькавых па памерах і значнасці гарадоў без дамінуючага. Напр., вял. колькасць гарадоў у Рурскім басейне (ФРГ). Для К. характэрна агульнасць эканам. жыцця, цесныя трансп. сувязі, маятнікавая міграцыя жыхароў.
т. 8, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ ВО́ЛЯ»,
недзярж. грамадска-паліт. газета. Выдаецца з ліп. 1995 у Мінску штодзённа на бел. і рус. мовах. Заснавальнік І.Сярэдзіч. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам., культ. і духоўнага жыцця рэспублікі, інфармуе пра мясц. і сусв. падзеі. Друкуе матэрыялы па гісторыі Беларусі, праблемах нац. адраджэння.
т. 11, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ ТРЫБУ́НА»,
штотыднёвая грамадска-паліт. газета, орган Брэсцкага абл. Савета дэпутатаў і выканкома. Выходзіць са снеж. 1990 у Брэсце на бел. мове, са студз. 1993 — на бел. і рус. мовах. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Брэстчыны і рэспублікі, асвятляе міжнар. падзеі.
т. 11, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́МНЕЗ (ад грэч. anamnēsis успамін),
сукупнасць звестак аб жыцці хворага і развіцці хваробы, атрыманых апытаннем хворага або з іншых крыніц. Выкарыстоўваецца для ўстанаўлення дыягназу, прагнозу хваробы, выпрацоўкі аптымальных метадаў лячэння і прафілактыкі; адзін з асн. метадаў комплекснага абследавання, вывучэння хворага як асобы, індывідуальнасці; прасцейшы спосаб устанаўлення кантакту паміж хворым і ўрачом. Паводле анамнезу дыягназ хваробы ўстанаўліваецца больш як у 50% выпадкаў. Анамнез хваробы ўключае звесткі аб узнікненні хваробы і цячэнні яе да моманту даследавання, скаргі і адчуванні хворага. Анамнез жыцця ўключае агульныя біягр. звесткі па перыядах жыцця, перанесеныя хваробы, спадчыннасць, сямейнае жыццё, умовы працы і быту, шкодныя звычкі. Асобна вылучаюць фармакалагічны, алергалагічны, экспертна-працоўны анамнез. Пры неабходнасці збіраюць эпідэміялагічны анамнез. Паняцце анамнезу ўжываюць таксама ў ветэрынарыі пры дыягностыцы хвароб свойскіх жывёл.
М.Ф.Сарока.
т. 1, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛАС РАДЗІ́МЫ»,
інфармацыйная культ.-асветная газета Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом. Выдаецца з 6.4.1955 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Да студз. 1960 наз. «За вяртанне на Радзіму». Засн. бел. секцыяй Сав. к-та «За вяртанне на Радзіму» для прапаганды сав. ладу жыцця сярод бел. эмігрантаў. З сярэдзіны 1970-х г. больш аб’ектыўна асвятляла жыццё, у т. л. бел. эміграцыі. З сярэдзіны 1990-х г. адзінае бел. выданне, якое распаўсюджваецца сярод нац. дыяспары і ў асяроддзі замежных беларусістаў. Інфармуе аб паліт. працэсах, якія адбываюцца ў Беларусі, навінах грамадска-культ. жыцця. Публікуе шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі, асвятляе жыццё беларусаў у далёкім і блізкім замежжы. Да 1993 выдавалася «Бібліятэчка газ. «Голас Радзімы». Выдадзена больш за 150 кніг і брашур.
В.Г.Мацкевіч.
т. 5, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕВЕ́ДА-І-ВІЛЬЕ́ГАС ((Quevedo у Villegas) Франсіска Гомес дэ) (26.9.1580, Мадрыд — 8.9.1645),
іспанскі пісьменнік, прадстаўнік барока (кансептызму). Вучыўся ва ун-тах Алькала-дэ-Энарэса і Вальядаліда. У сатыр. санетах, рамансах, летрыльях (пісьмы ў вершах; «Усемагутны кабальера дон Дзінэра», 1605, і інш.), першым барочным шахрайскім рамане «Гісторыя жыцця прайдзісвета па імю дон Паблас» (1626), цыкле сац.-паліт. памфлетаў «Снабачанні» (1627), зб. навел «Час адплаты, або Разумная фартуна» (1636, выд. 1650) стварыў гратэскава-фантасмагарычную і сац. дакладную карціну ісп. жыцця 17 ст. Філас. лірыка К. пазначана глыбокім трагізмам, роздумам пра марнасць быцця і стойкасць чалавечага духу.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. Л., 1971;
История жизни пройдохи по имени дон Паблос // Плутовской роман. М., 1989.
Літ.:
Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.
Г.В.Сініла.
т. 8, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛЯ́НСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1990, адкрыты ў 1994 у г.п. Круглае Магілёўскай вобл. Пл. экспазіцыі 149 м², больш за 5 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў ляпны і ганчарны посуд, жаночыя ўпрыгожанні 11—12 ст. з археал. помнікаў Кругляншчыны, манетны скарб 17 ст., царк. статут, псалтыр, «Жыціе і пакуты св. вялікамучаніцы Варвары» (1897), бел. нар. адзенне, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., матэрыялы жыцця і дзейнасці рус. военачальнікаў І.У.Гуркі (гл. ў арт. Гуркі) і М.Р.Чарняева, рэпрадукцыі карцін мастака-перасоўніка М.В.Неўрава, апошнія гады жыцця якога прайшлі на Кругляншчыне, бел. нар. адзенне, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., дакументы, фотаздымкі і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны, вырабы з саломкі, калекцыя карункаў.
С.В.Каднікава.
т. 8, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖА́ЕЎ (Барыс Андрэевіч) (1.6.1923, г.п. Піцеліна Разанскай вобл., Расія — 2.3.1996),
расійскі пісьменнік. Скончыў Вышэйшае інж.-тэхн. вучылішча ВМС у Ленінградзе (1948). Друкаваўся з 1953. Аповесці «Наледзь» (1956), «Саня», «Танкамер» (абедзве 1959) з жыцця далёкаўсходнікаў. Пісаў пра вясковае жыццё: аповесць «З жыцця Фёдара Кузькіна» (1966, наст. выд. «Жывы»), раман «Мужыкі і бабы» (кн. 1—2, 1976—87; Дзярж. прэмія СССР 1989), у якіх паказаны моцныя нар. характары, вострая канфліктнасць спалучаецца з гумарам. Аўтар рамана «Ізгой» (ч. 1, 1993), кніг нарысаў «Самастойнасць» (1972), публіцыстыкі «Пах мяты і хлеб надзённы» (1982), п’ес, кінааповесці «Дзень без канца і без краю» (1973), сцэнарыяў і інш. Склаў і апрацаваў «Удэгейскія казкі» (1955).
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—4 М., 1989—90;
Русские детективные истории, не похожие ни на что. Пушкино, 1993.
С.Ф.Кузьміна.
т. 9, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМАРО́Ў (Валянцін Георгіевіч) (н. 6.7.1923, Масква),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Ваенна-паветр. акадэміі імя Жукоўскага (1942—44), Маскоўскім ін-це міжнар. адносін (1944—45). З 1945 літсупрацоўнік газ. «Правда». У 1949—76 карэспандэнт «Правды», «Огонька», «Известий», «Литературной газеты» па Беларусі, на Дзяржтэлерадыё Беларусі. Друкуецца з 1946. Піша на рус. мове. У кнігах нарысаў «Партызанскія гады Арлоўскага» (1958), «На хвалях жыцця» (1961), «Суд выратоўвае забойцаў» (1963), «Раскажы маім дзяўчаткам...» (1969, нарысы і апавяданні), «К.П.Арлоўскі» (1977), «Усё так і было» (1984) і інш. гераізм бел. народа ў гады Вял. Айч. вайны, партрэты сучаснікаў. Аўтар дакумент. аповесці пра К.П.Арлоўскага «Мяцежнае сэрца» (1970), успамінаў пра П.Броўку, А.Куляшова, М.Лынькова, П.Пестрака і інш., сцэнарыя дакумент. фільма «У агні жыцця» (1969).
Тв.:
Своими глазами: (Из американских впечатлений). Мн., 1989.
т. 12, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)