Існавала ў 1568—70 у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. (цяпер тэр. Польшчы). Засн. ў маёнтку гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча першадрукарамі І.Фёдаравым і Т.І.Мсціслаўцам, якія ў канцы 1560-х г. перасяліліся з Масквы на Беларусь. У друкарні, верагодна, працавалі вучань Фёдарава Грынь Івановіч (вядомы пазней як майстар па вырабе шрыфтоў) і друкар В.Гарабурда. Разам з маскоўскімі друкарскімі матэрыяламі тут шырока выкарыстоўвалася новая арнаментыка (застаўкі, канцоўкі, ініцыялы) і буйныя фігурныя дрэварыты. Выдадзены «Евангелле вучыцельнае» (1569, якое ўключала творы візант., балг. і старажытнарускай пісьменнасці, у т. л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага) і «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). З.д. спыніла сваю дзейнасць у сувязі з ускладненнем грамадска-паліт. умоў пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай, а таксама з-за хваробы гетмана Хадкевіча. Заблудаўскія выданні неаднаразова перавыдаваліся Гарабурдам, Мамонічамі, друкарамі Святадухаўскага брацтва ў Вільні.
Літ.:
Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;
Ісаевич Я.Д. Першодрукар Іван Федоров і виникнення друкарства на Україні. Львів, 1975. С. 42—47;
Немировский Е.Л. Иван Федоров в Белоруссии. М., 1979;
Голенченко Г.Я. Идейные и культурные связи восточнославянских народов в XVI — середине XVII в. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯВЫ́ САКРАТАРЫЯ́Т ЦК КПЗБ,
цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1924—37 (у 2-й пал. 1920-х г. называўся Краявое бюро ЦККПЗБ). Працаваў у падполлі. Фактычна быў часткай Цэнтральнага Камітэта КПЗБ з 3—4 яго членаў, якія пастаянна знаходзіліся на нелегальнай рабоце ў Вільні, з канца 1920-х г. — у Варшаве. У склад сакратарыята зрэдку ўваходзілі кандыдаты ў чл.ЦККПЗБ. Працаваў пад кіраўніцтвам Бюро ЦККПЗБ, агульнае паліт. кіраўніцтва яго дзейнасцю ажыццяўляў Краявы сакратарыят ЦК КПП (знаходзіўся ў Варшаве). Кіраваў Цэнтр. краявой рэдакцыяй, Цэнтр. тэхнікай (падп.друкарні, распаўсюджванне л-ры), акр. к-тамі КПЗБ, ЦК КСМЗБ, ЦК МОПР Зах. Беларусі, некаторымі цэнтрамі бел.нац.-вызв. руху і іх легальнымі выданнямі, вёў парт. касу; падтрымліваў канспіратыўную сувязь з Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б у Мінску. У розны час К.с. ЦККПЗБ узначальвалі члены Бюро ЦК А.А.Альшэўскі, Л.Н.Аранштам, М.С.Арэхва, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), С.Т.Мілер, Л.М.Янкоўская; у яго склад уваходзілі члены Бюро і канд. ў чл.ЦККПЗБ Я.С.Бабровіч, Р.Д.Вольф, М.І.Гурын-Маразоўскі, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, С.М.Малько, М.Л.Перавалоцкі, Ф.Б.Пірышка, А.Х.Раф, Л.І.Родзевіч, А.М.Розенштайн і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у г. Асіповічы і Асіповіцкім раёне. Аб’ядноўвала 33 падп. групы, больш за 120 чал. У ліп.—снеж. 1941 створаны групы на ст. Асіповічы і ў паравозным дэпо (кіраўнікі М.С.Шведаў, В.П.Сянюк, У.М.Бандарэнка, А.А.Пазняк), з рамонтнікаў паравознага дэпо (А.Ф.Чайкоўскі), у «Заготзбожжы» і прадуктовым складзе (М.Ф.Лемеш, В.К.Малевіч, Ф.У.Верхаводка), на радыёвузле (Ф.А.Крыловіч, Г.Б.Сакалоўскі), у чыг. і гар. бальніцах (П.С.Казак, Е.П.Шамко, В.А.Працко), у в. Брыцалавічы, Ліпень, пас. Градзянка, 2 групы ў горадзе. У Крас.—жн. 1943 у Асіповічах створана яшчэ 20 падп. маладзёжных груп. Патрыёты распаўсюджвалі лістоўкі, вялі разведку, здабывалі зброю і боепрыпасы, медыкаменты, рабілі дыверсіі на чыгунцы, вывезлі з друкарні шрыфт, паперу, фарбу. У ноч на 30.7.1943 здзейснілі адну з буйнейшых дыверсій Вял.Айч. вайны: падпольшчык Крыловіч дзвюма магнітнымі мінамі замініраваў эшалон з палівам; ад іх выбуху пачаўся пажар, ад якога на працягу 10 гадзін згарэлі 3 эшалоны з авіябомбамі і снарадамі, 1 эшалон з новымі танкамі «Тыгр», які накіроўваўся ў раён Курскай бітвы. Усяго падпольшчыкі на чыг. ст. Асіповічы ўзарвалі 30 воінскіх эшалонаў, вывелі са строю больш за 70 паравозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЕГІ́РЫК [ад грэч. panēgyrikos (logos) урачыстая прамова],
хвалебная прамова (у гонар якога-н. горада, героя, бога, імператара і г.д.); даўні літ. жанр.
У еўрап. л-ры ўзнік у Грэцыі ў 5 ст. да н.э. Класічную форму набыў у перс. л-ры. У Расіі расквітнеў у 17—18 ст. (оды В.Традзьякоўскага, М.Ламаносава).
Адзін з першых помнікаў бел. панегірычнай прозы — «Пахвала Вітаўту» (1420-я г.). У 16—17 ст. пашыраны жанр П. — эпікграма, П. на герб пэўнай знатнай асобы (А.Рымшы на гербы Л.Сапегі і Ф.Скуміна; Л.Мамоніча на герб Сапегі; невядомага аўтара на герб Б.Агінскага і інш.). З сярэдзіны 17 ст. на Беларусі і Украіне пашырылася дэкламацыя (дэкламацыі Ф.Утчыцкага, І.Іяўлевіча, Сімяона Полацкага «Метры», «Вершы на шчаслівы зварот літасцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаванне з выпадку, што ўзяты Дэрпт»), У шырокім сэнсе П. — любы літ. твор хвалебнага характару (напр., П. князям Радзівілам С.Буднага з нагоды пачатку выдання ў Нясвіжскай друкарнібел. кніг — у яго «Катэхізісе», 1562; верш беларуса Я.К.Пашкевіча «Полска квітнет лациною...», 1621, прысвечаны роднаму слову). У 19 ст. ў выніку агульнай дэмакратызацыі л-ры П. як жанр знік. Слова «П.» стала ўжывацца пераважна ў іранічным сэнсе.
Літ.:
Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТО́ЦКІ ((Potocki) Ян) (8.3.1761, с. Пікаў каля г. Вінніца, Украіна — 2.12.1815),
польскі гісторык, археолаг, пісьменнік, палітык. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1806). Вучыўся ў Швейцарыі і Францыі. Падарожнічаў па Турцыі, Егіпце (1784), Марока (1791), Саксоніі (1794), Каўказе (1797—98), апублікаваў іх літ. апісанні. Дэп.Чатырохгадовага сейма 1788—92, прыхільнік рэформ (у заснаванай ім Свабоднай друкарні выдаваў радыкальную публіцыстыку). Пасля далучэння караля Станіслава Аўгуста да Таргавіцкай канфедэрацыі адышоў ад паліт. жыцця і займаўся гіст. навукай. У сваіх гісторыка-этналагічных працах даследаваў паходжанне слав. плямён, іх стараж. гісторыю і тэр. рассялення (першы распрацаваў тэорыю пра аўтахтоннасць славян на сваіх землях): «Даследаванні пра Сарматыю» (т. 1—5, 1789—92), «Гістарычныя і геаграфічныя фрагменты пра скіфаў, сарматаў і славян» (т. 1—4, 1796), «Старажытная гісторыя народаў Расіі...» (1802), «Археалагічны атлас Еўрапейскай Расіі» (1805), зрабіў гіст. і геагр. апісанні Валыні і Падоліі (1805). У 1805—06 быў навук. кіраўніком рас.дыпламат. місіі ў Кітай (дабраўся толькі да Манголіі). Аўтар парадыйна-гратэскавых п’ес у стылі камедыі дэль артэ («Парады», 1793) і фантастычна-філас. рамана «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе» (1803—15, экранізацыя 1965), у якім спалучаў традыцыі філас. прозы з формай «аповесці-шкатулкі», запазычанай з «Тысячы і адной ночы». Скончыў самагубствам.
Тв.:
Рус.пер. — Рукопись, найденная в Сарагосе. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПОЛЯ́РНАЯ ЗВЕЗДА́»,
рускія літ. альманахі 19 ст. 1) літ. альманах, легальны орган дзекабрыстаў. Выдаваўся ў 1823—25 у Пецярбургу А.А.Бястужавым і К.Ф.Рылеевым. Выйшлі 3 кнігі. У ім друкавалі свае творы А.Пушкін, А.Грыбаедаў, І.Крылоў, В.Жукоўскі, Я.Баратынскі, В.Кюхельбекер, Ф.Булгарын і інш., літ. крытычныя арт. Бястужава. Перастаў існаваць у сувязі з паўстаннем 14.12.1825.
2) Літ.-паліт. альманах Вольнай рус.друкарні, які выдаваў А.Герцэн (з 1856 разам з М.Агаровым). У 1855—62 у Лондане выдадзена 7 кн., у 1868 (на 1869) у Жэневе 8-я кн. Назва, малюнак на вокладцы профіляў 5 пакараных смерцю дзекабрыстаў, эпіграф «Няхай жыве розум!», змест зборнікаў сведчылі аб пераемнасці традыцый дзекабрыстаў. На старонках «П.з.» надрукаваны ўспаміны дзекабрыстаў, асобныя творы Пушкіна, М.Лермантава, В.Бялінскага, М.Някрасава, Герцэна, Агарова. Тайнымі карэспандэнтамі ў Расіі былі амнісціраваныя дзекабрысты І.Дз.Якушкін, М.А.Бястужаў, М.І.Мураўёў-Апостал, а таксама І.Тургенеў, І.Аксакаў і інш. «П.з.» выступала супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, адыграла вял. ролю ў развіцці грамадскай думкі і л-ры ў Расіі.
Публ.: Полярная звезда. М.; Л., 1960; Полярная звезда: Журнал А.И.Герцена и Н.П.Огарева: [Факс. изд.]. Вып. 1—9. М., 1966—68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ ПРА́ЦЫ», Група «Вызваленне працы»,
першая руская с.-д.арг-цыя. Існавала ў 1883—1903. Створана ў Жэневе Г.В.Пляханавым, В.А.Засуліч, П.Б.Аксельродам, Л.Р.Дэйчам, В.М.Ігнатавым. Мела на мэце пераклад на рус. мову, выданне і распаўсюджванне твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, крытыку тэарэт. асноў народніцтва і інш. У 1883—85 выпрацавала праект праграмы рас. сацыял-дэмакратаў, у якім канчатковай мэтай лічыла захоп паліт. улады і ажыццяўленне камуніст. рэвалюцыі, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і заваёву дэмакр. канстытуцыі. Устанавіла сувязі з многімі с.-д. арг-цыямі ў Расіі, з Пецярбургскім «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і інш.
Група «Вызваленне працы» мела цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Беларусі і зрабіла на іх значны ўплыў, садзейнічала іх пераходу на ідэйныя пазіцыі марксізму. Члены мінскай групы «Чорны перадзел» І.Н.Гецаў, С.Л.Ляўкоў, С.Л.Грынфест працавалі ў друкарні, удзельнічалі ў дапрацоўцы праграмы, дастаўцы ў Расію марксісцкіх выданняў. Выданні групы атрымлівалі бел. народнікі, якія друкавалі ў Пецярбургу час. «Гомон», а таксама «Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» і пецярб. «Рабочы саюз» (Бруснева група), восенню 1892 яе ўзначальваў беларус М.В.Алюшкевіч.
Група «Вызваленне працы» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы II з’езда РСДРП (1903), на якім узмацніліся рознагалоссі паміж У.І.Леніным і Пляханавым і РСДРП раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў, а «Вызваленне працы» перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІЗА́НІЙ (Тустаноўскі) Лаўрэнцій
(сапр., верагодна, Куколь; 1550-я г., мяст. Тустынь, цяпер Івана-Франкоўскай вобл., паводле інш. звестак с. Пацеліч Львоўскай вобл., Украіна — каля 1634),
бел. педагог, царкоўны дзеяч, перакладчык. Брат С.Зізанія. Працаваў выкладчыкам у правасл. брацкіх школах Львова (да 1592), Брэста (1592—95), Вільні (1595—97), хатнім настаўнікам у крычаўскага старосты Б.Саламярэцкага (1597—1600), князёў А.Астрожскага (1600—03) і Я.Карэцкага (да 1618). У 1596 у Вільні ў брацкай друкарні выдаў азбуку «Наука ку читаню и розуменю писма словенского», у якую ўключыў «Лексіс...» — тлумачальны слоўнік (на 1061 слова), што аблягчаў разуменне стараслав. мовы, набліжаў навучанне да жывой мовы народа, пашыраў кругагляд вучняў, а таксама «Грамматіку словенскую съвершенного искуства осми частій слова».
Граматыка і азбука З. зрабілі значны ўплыў на развіццё мовазнаўчай навукі ўсх. і паўд. славян. З 1619 настаўнік у Кіева-Пячэрскай лаўры, перакладаў з грэч. мовы, рэдагаваў кнігі. У 1626 прывёз у Маскву рукапіс кнігі «Катэхізіс», дзе на бел. мове выклаў звесткі аб прыродзе і даў сваё тлумачэнне царк. догматаў (яго погляды абвешчаны ерэтычнымі). У перапрацаваным выглядзе «Катэхізіс» выд. ў Маскве ў 1627, перавыд. ў Гродне 1783, 1787 і 1788. У 1627 вярнуўся на Украіну, у сваіх казаннях выкарыстоўваў звесткі са стараж. філасофіі і гісторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 17—1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Адзін з найбуйнейшых правасл. манастыроў на Беларусі. З ім звязана дзейнасць магілёўскага правасл. брацтва, пераведзенага з Магілёўскага Спаскага манастыра. У канцы 18 ст. манастырскі комплекс складалі мураваныя цэрквы Богаяўленская і «цёплая» (зімовая) Іаана Багаслова (пабудавана ў канцы 1630-х г.), званіца, будынак брацкай друкарні, крамы, драўляныя будынкі шпіталя, дома ігумена, гасп. пабудовы. Буд-ва манастыра пачата ў 1618 паводле прывілея караля Уладзіслава IV. Богаяўленская царква пабудавана А.Азаровічам у 1633—36 у стылі ранняга барока. Уяўляла сабой 3-вежавую 3-апсідную 10-стаўповую крыжова-купальную базіліку з 8-гранным барабанам і купалам (пастаўлены ў 1700) над сяродкрыжжам. Гал. фасад меў ярусную кампазіцыю, завяршаўся 2 вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Верхні ярус аздоблены плоскімі арачнымі нішамі з гіркамі. Інтэр’ер багата размаляваны, меў пазалочаны разны іканастас (17—18 ст.) работы мясц. майстроў з абразамі іканапісца А.Пігарэвіча і інш. у сярэбраных абкладах (1755) работы магілёўскага чаканшчыка П.Слізіка (Сліжыка). У 1657 побач з царквой пачата буд ва 4-яруснай вежы-званіцы, на якой ў 1686 устаноўлены гадзіннік. зроблены манахам Макарыем. Царква разбурана ў 1708 і 1748, у 1850 цалкам адноўлена, у 1866 адноўлены мураваная брама і званіца. Комплекс разбураны ў Вял.Айч. вайну.
Магілёўскі Богаяўленскі манастыр. Галоўны фасад Богаяўленскай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МОГИЛЁВСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета; орган Магілёўскага губ. праўлення. Выдаваліся ў 1838—1917 у Магілёве на рус. мове. Складаліся з 2 частак: афіц. (з 2.7.1838; мела агульны і мясц. аддзелы) і неафіц. (з 14.7.1893; у 1904—05 выходзіла як самаст. грамадская і літ. газета). У 1838—49 выходзіла нерэгулярна, у 1849—58, 1864—69, 1905, 1914—17 — штотыднёва, у 1859—63, 1870—1903, 1906—12—2 разы на тыдзень, у 1904—3 разы на тыдзень. У 1897—1903 неафіц. частку рэдагаваў Е.Раманаў. У афіц. частцы публікаваліся пастановы, указы ўрада, губ. адміністрацыі, аб’явы, у неафіц. — краязнаўчыя матэрыялы па археалогіі і гісторыі, статыстыцы, адукацыі, этнаграфіі, фальклоры, мовазнаўстве, сац.-эканам. пытаннях, літ. і літ.-знаўчыя творы, асвятляла культ. жыццё Магілёва і губерні. Сярод публікацый: «Этнаграфічны нарыс» (1839), «Гісторыя Магілёўскага герба» (1842), «Гістарычны агляд Магілёўскай губерні» С.Сакалова (1848), «Орша (1250—1683 гг.)» З.Даўгялы (1898), «Да пытання аб этнаграфічнай карце беларускага племені» Я.Карскага (1902) і інш. Асобныя матэрыялы надрукаваны з захаваннем асаблівасцей бел. мовы, у т. л. «Магілёўскія прыкметы», «Загадкі», «Дзяды» (1849), «Каляды ў Сенненскім павеце» (1852), «Беларускія тэксты вярцепнага дзейства» Раманава (1898) і інш. Некаторыя матэрыялы газеты друкаваліся ў Магілёўскай губернскай друкарні. Усяго выйшла 25 кніг і брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля (1861) як дадатак (замест неафіц. часткі).