уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на а-вах Ангілья і Самбрэра ў паўн. частцы М. Антыльскіх а-воў. Пл. 91 км². Нас. 8,8 тыс.чал. (1992), пераважна афр. паходжання. Афіцыйная мова — англійская. Пануючая рэлігія пратэстантызм (англіканства і метадызм). Адм. цэнтр — г. Валі. Нац. свята — Дзень Ангільі (20 мая).
Прырода. Ангілья — нізкі вапняковы востраў, акаймаваны рыфамі. Развіты карст. Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры паветра 18—24 °C. Ападкаў 700—1200 мм за год. Характэрны моцныя ўраганы ў канцы лета. Глебы чырваназёмныя, расліннасць — другасная саванна.
Гісторыя. Востраў адкрыты ў 1493 Х.Калумбам. Першыя паселішчы засн. ў 1631 галандцамі. З 1650 англ. калонія, якую ў 1745 і 1796 спрабавала захапіць Францыя. З 1882 Ангілья адміністрацыйна аб’яднана з а-вамі Сент-Кітс і Невіс; разам з імі ўваходзіла ў 1958—62 у Вест-Індскую федэрацыю; у лют. 1967 астравы набылі статус «асацыіраванай з Вялікабрытаніяй дзяржавы». Пасля заявы пра разрыў з Сент-Кітсам і Невісам (1967) Ангілья ў лют. 1969 у аднабаковым парадку абвясціла сябе незалежнай рэспублікай. У сак. 1969 Вялікабрытанія высадзіла на Ангілью свае войскі і аднавіла кантроль над востравам. У 1976 Ангілья атрымала частковае самакіраванне. Аддзяленне Ангільі ад астатніх астравоў у 1980 замацавана англ. парламентам. Дзейнічаюць Нац. альянс, Дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Аснову эканомікі складаюць турызм, вытв-сць лодак, здабыча солі і морапрадуктаў. С.-г. патэнцыял абмежаваны. Апрацоўваецца 5% тэрыторыі. Доля сельскай гаспадаркі і рыбалоўства не перавышае 10% валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Асн. культуры — батат, гарох, сорга, кукуруза. На мясц. патрэбы гадуюць авечак, коз, свіней. Вядзецца лоўля рыбы і амараў, здабываецца соль. На турызм прыпадае 29% (1987) ВУП. Асн. транспарт — аўтамабільны. Працягласць дарог 90 км, з іх 46 км з цвёрдым пакрыццём. 2 гавані — Роўд-Бей і Блоўінг-Пойнт. Аэрапорт Уолблейк. У пач. 1990 у Ангільі зарэгістравана 45 замежных аддз. банкаў. Знешняя фін. дапамога (у асн. Вялікабрытаніі) складае каля 3 млн. долараў за год. Ангілья экспартуе соль у Трынідат і Табага, амараў на сумежныя астравы (асн. крыніца экспартных паступленняў каля 64% прыбытку ў 1987). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ ДЗВІНА́ (у Латвіі Даўгава),
рака ў Расіі, Беларусі і Латвіі. Даўж. 1020 км, пл. вадазбору 87,9 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 328 км і каля 33,1 тыс.км²). Пачынаецца з воз. Каракіна (Цвярская вобл., Расія) на Валдайскім узв., за 14 км ад вытоку Волгі. Упадае ў Рыжскі зал. Балтыйскага м. (Латвія). Цячэ на Беларусі пераважна з У на З па Суражскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узв. і на большым сваім працягу па Полацкай нізіне. Асн. прытокі; Таропа (Расія), Обаль, Палата, Дрыса (Беларусь), Айвіекстэ (Латвія) — справа, Мёжа (Расія), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (Беларусь) — злева. Са стараж. часоў З. Дз. — важны гандл. шлях, у 9—11 ст. тут праходзіў адзін з напрамкаў шляху з «варагаў у грэкі». Даліна выразная, месцамі глыбокаўрэзаная або невыразная, шыр. ў верхнім цячэнні 300—900 м, у сярэднім (у межах Беларусі) — 1—1,5 км, у ніжнім — 5—6 км. Пойма пераважна двухбаковая, у вярхоўі перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах. Рэчышча ўмерана звілістае, на Беларусі звілістае, месцамі з парогамі: вышэй Віцебска (Вярхоўскі парог), каля г. Дзісна (Дзісенскія парогі) і г. Верхнядзвінск. Шыр. ракі 15—20 м у вярхоўі, 100—150 м на Беларусі (каля г.п. Друя 700 м), у Латвіі 200—300 м каля г. Даўгаўпілс, 700 м каля Рыгі. Вусцевая вобласць — эразійная дэльта. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое, вял.доля грунтавога. Ледастаў з 1-й дэкады снеж. да 1-й дэкады красавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 60—70 дзён. Летне-асенняя межань (4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі. Зімовая межань (70—80 дзён) устойлівая. Сярэднегадавы расход вады каля Віцебска 223 м³/с, пры выхадзе за мяжу Беларусі 441 м³/с, у вусці 666 м³/с. Выкарыстоўваецца як крыніца водазабеспячэння. Суднаходства ў сярэднім цячэнні ад г. Веліж да г. Верхнядзвінск, у ніжнім — на асобных участках. Створаны Даўгаўпілская, Кегумская, Плявінская, Рыжская ГЭС. З. Дз. злучана Бярэзінскай воднай сістэмай (не дзейнічае) з бас. Дняпра. На рацэ гарады Веліж (Расія), порт Віцебск, Полацк, Наваполацк, Дзісна, Верхнядзвінск (Беларусь), Даўгаўпілс, Екабпілс, Яўнелгава, марскі порт Рыга (Латвія).
А.А.Макарэвіч.
Рака Заходняя Дзвіна каля гарадскога пасёлка Руба Віцебскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЕ,
падземныя штуршкі і ваганні зямной паверхні, выкліканыя пераважна тэктанічнымі працэсамі, хуткімі зрухамі і разрывамі ў зямной кары ці верхняй ч. мантыі і вызваленнем назапашанай энергіі. З. могуць быць вулканічнага паходжання, зрэдку яны выкліканы дзейнасцю чалавека (запаўненне буйных вадасховішчаў, напампоўванне вады ў глыбокія свідравіны, горныя работы і выбухі).
Тэктанічныя З. прымеркаваны да зон і абласцей сучасных рухаў пліт, на якія разбіта літасфера; каля 95% іх адбываецца па краях такіх пліт, 4—5% — уздоўж сярэднеакіянічных хрыбтоў або ўнутры пліт. Месца ўзнікнення штуршка ў глыбінях Зямлі наз.ачагом З., цэнтр ачага — гіпацэнтр, праекцыя яго на зямную паверхню — эпіцэнтр. Ад ачага З. ва ўсе бакі распаўсюджваюцца сейсмічныя хвалі, сярод іх адрозніваюць падоўжаныя і папярочныя. Па паверхні зямлі ад эпіцэнтра разыходзяцца паверхневыя хвалі. Ачагі З. найчасцей узнікаюць на глыб. да 20—30 км. Энергію З. ацэньваюць велічынёй магнітуды (М) або энергет. класа (К), паверхневы эфект — у балах шкалы інтэнсіўнасці. Паводле міжнар. сейсмічнай шкалы існуюць 12 градацый — балаў. У выніку сейсмічнага раянавання праводзіцца падзел тэрыторыі па ступенях сейсмічнай актыўнасці. Прагноз З. ажыццяўляюць на аснове іх прадвеснікаў. Колькасць З., якія штогод рэгіструюцца на Зямлі сейсмічнымі станцыямі, дасягае соцень тысяч, але толькі малая доля іх выклікае разбурэнні, у т. л. катастрафічныя (напр., у Сан-Францыска ў 1906, Токіо ў 1923, Ашгабадзе ў 1948, Ташкенце ў 1966, Мехіка ў 1985, Арменіі ў 1988). Вывучае З. сейсмалогія.
На тэр. Беларусі З. звязаны з мясц. ачагамі сейсмічнасці або з’яўляюцца адгалоскамі моцных (М да 7,4) З. у Карпатах (напр., у 1977, 1990). Інтэнсіўнасць найб. значных мясц. З. Барысаўскага (1887) і Астравецкага (1908) да 6—7 балаў, Салігорскага (1978) да 5 балаў. Рэгістраваннем З., вывучэннем сейсмічнага рэжыму на тэр. Беларусі, эталоннымі вымярэннямі геафіз. і гідрагеахім. прадвеснікаў З., сейсмічным раянаваннем з 1980 займаецца Доследна-метадычная партыя пры Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі. Рэгіструюць З. станцыі, сеткі сейсмічных назіранняў Нац.АН Беларусі — Мінск, Гомель, Нарач, Салігорск, Плешчаніцы.
Літ.:
Болт Б.А. Землетрясения: Общедоступный очерк: Пер. с англ.М., 1981;
Гир Дж.М., Шах Х.Ч. Зыбкая твердь: Что такое землетрясение и как к нему подготовиться: Пер. с англ.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,
пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.
Публ.:
Песні пра каханне. Мн., 1978;
Пісні кохання. Київ, 1986.
Літ.:
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;
Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА ПРЭЗІДЭ́НЦКАЯРэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1933 у Мінску на базе даведачных б-к ЦВК, СНК, Дзяржплана, асобных наркаматаў БССР як філіял Дзярж. б-кі і бібліягр. ін-та БССР. У 1936 рэарганізавана ў самастойную навук. б-ку, з 1938 — урадавая, з 1994 — прэзідэнцкая. У Вял.Айч. вайну яе фонд (каля 250 тыс.экз.) знішчылі ням.-фаш. захопнікі. Аднаўленне пачалося ў 1944. Кніжны фонд (на 1.1.1996) больш за 1,2 млн.экз. З’яўляецца фондатрымальнікам Рэсп. даведачна-інфарм. фонду па пытаннях дзярж. права і эканомікі, каардынацыйным і метадычным цэнтрам для б-к Беларусі па бібліятэчным і інфарм. забеспячэнні мясц. органаў самакіравання. У фондзе рэдкіх і каштоўных выданняў (10 710 адзінак) вылучаны калекцыі беларусікі 18—20 ст., старадрукаў 16—18 ст., выданняў рус. грамадскага руху 1700—1825, нелегальнага і забароненага цэнзурай друку 19 ст., марксісцкага і рэв.-дэмакр. друку 1905—07. Захоўваюцца часткі Радзівілаў бібліятэкі, Супрасльскага Благавешчанскага манастыра бібліятэкі, Рус. Тургенеўскай б-кі ў Парыжы, б-кі П.М.Лепяшынскага, асобныя выданні з б-к Баркалабаўскага манастыра, бел. гімназій і семінарый, кнігазбораў Б.І.Эпімах-Шыпілы, К.Б.Езавітава, Ф.Г.Шантара і інш.Б-ка мае выданні Пецярбургскай археагр. камісіі, Віленскай археаграфічнай камісіі, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, працы па гісторыі, выдадзеныя Ін-там бел. культуры і АНБССР, манаграфіі і публікацыі М.В.Доўнар-Запольскага, Дз.І.Даўгялы, Я.Ф.Карскага, А.П.Сапунова, У.І.Пічэты і інш. Сярод іх — «Беларускі архіў старажытных грамат» (1824), «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні...» (1848), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года» (1854), «Памятныя кніжкі» Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ., выпускі Мінскай, Магілёўскай і Полацка-Віцебскай «даўнін», «Акты, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі» (1846—53), «Акты, якія адносяцца да гісторыі Паўднёвай і Заходняй Расіі» (1863—92). Зберагаюцца дарэв. і сав. часопісы і газеты, у т. л. газеты «Наша доля» і «Наша ніва», час. «Наш край». У б-цы вядуцца ген. алфавітны каталог кніг на бел. мове, сістэматычны каталог кніг пра Беларусь, гал. даведачныя картатэкі па дзярж. будаўніцтве, праве і эканоміцы, нар. гаспадарцы. Б-ка выдае метадычную серыю «Праблемы бібліятэчна-бібліяграфічнага забеспячэння мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь». Мае 2 філіялы і 6 бібліятэчных пунктаў у дзярж. установах.
Літ.:
Издания Правительственной библиотеки им. А.М.Горького. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
форма арганізацыі вытв-сці на аснове цэнтралізацыі капіталу шляхам продажу акцый. Дае магчымасць аб’яднаць дробныя капіталы акцыянераў для вырашэння маштабных вытв.-гасп. праблем (буд-ва чыгунак, буйных прадпрыемстваў і інш.), аператыўна манеўраваць сродкамі, дэмакратызаваць капітал, зацікавіць акцыянераў у павелічэнні прыбытку. Бываюць адкрытыя акцыянерныя таварыствы (акцыі свабодна прадаюцца і купляюцца) і закрытыя (акцыі размяркоўваюцца толькі сярод заснавальнікаў). Акцыянернае таварыства — юрыд. асоба, мае свой статут. Вышэйшы орган — агульны сход акцыянераў, бягучымі справамі кіруе праўленне (савет дырэктараў). Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў акцыянераў (уласны капітал), назапашанага прыбытку, а таксама за кошт крэдытаў банка (пазыковыя сродкі) і выпуску аблігацый. Па абавязацельствах акцыянернае таварыства адказвае толькі сваёй маёмасцю (абмежаваная адказнасць), акцыянеры — толькі коштам іх акцый. Удзел акцыянераў у кіраванні акцыянернага таварыства абмежаваны. Вырашальная роля ў прыняцці рашэнняў належыць уладальніку кантрольнага пакета (51%) акцый. Але ва ўмовах распылення акцый сярод. вял. колькасці акцыянераў для атрымання большасці галасоў фактычна дастаткова 15—20% акцый.
Першыя акцыянерныя таварыствы ўзніклі ў 1600 у Англіі і ў 1602 у Нідэрландах, дзякуючы сваім перавагам сталі асн. формай прадпрымальніцкай дзейнасці сярэдніх і буйных прадпрыемстваў. У Расіі да рэформы 1861 было 120 акцыянерных таварыстваў, да 1914 — 2235 (дамінуючае становішча займалі ў фабр.-заводскай прам-сці).
На Беларусі ў 1913 было 20 акцыянерных таварыстваў, у 1914 ім належалі 34 буйныя прадпрыемствы: ільнопрадзільныя ф-кі ў Віцебску («Дзвіна») і ў Высачанах (Аршанскі р-н), віцебскі трамвай, з-д сухой перагонкі драўніны ў Выдрыцы (Аршанскі р-н), запалкавая ф-ка «Прагрэс-Вулкан» у Пінску, Гродзенская тытунёвая, Дубровенская тэкстыльная ф-кі і інш.Доля акцыянерных таварыстваў у аб’ёме валавой прадукцыі ў 1914 складала 14,8%. У перыяд новай эканам. палітыкі ў БССР ствараліся дзярж. (пры ўдзеле некалькіх гасп. наркаматаў), мяшаныя (дзярж.-каап. і дзярж.-прыватныя), каап. і прыватныя акцыянерныя таварыствы. У розных галінах дзейнічалі Белкамунбанк, Бел.т-вас.-г. крэдыту, Дзяржгандальбел, Віцебскгандаль, Палесгандаль, Хлебапрадукт. У 1923—28 зарэгістравана 20 прыватных акцыянерных таварыстваў. У канцы 1920-х г. яны рэарганізаваны ў буйныя дзярж. прадпрыемствы. Зноў пачалі ўзнікаць з пач. 1990-х г. з фарміраваннем рыначнай эканомікі, пераважна на базе дзярж. прадпрыемстваў з удзелам сродкаў працоўных калектываў. Як акцыянерныя таварыствы ўзнікаюць і камерцыйныя банкі, біржы і інш. рыначныя структуры. На на Беларусі зарэгістравана 1021 акцыянернае таварыства, у т. л. 780 закрытых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАС (Зоська) (сапр.Сівіцкая Людвіка Антонаўна, па мужу Войцік; 30.9.1892, мяст. Мяджыбаж Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1991),
бел. пісьменніца, грамадска-культ. дзяячка. Скончыла прыватную жаночую гімназію ў Гродне (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). У 1909—13 удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел.нац. к-це, у Цэнтр. радзе бел. арг-цый, Бел.сацыяліст. грамадзе. З 1918 у дзедавым фальварку Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына). З 1923 жыла ў Вільні. Працавала адміністратаркай газет Бел. сялянска-работніцкай грамады. Друкавацца пачала ў час. «Подснежник» (Кіеў, 1907). На бел. мове выступіла ў 1911 з абразкамі ў «Нашай ніве» пад псеўд. Мірко. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» (Вільня, 1924, перавыд. ў Мінску 1992). Вынесла з віленскай турмы «Лукішкі» вершы М.Машары і выдала за свой кошт яго першы зб. «Малюнкі» (1928). З 1928 старшыня Бел.каап. пчалярскага т-ва «Пчала». Рэдагавала дзіцячыя час.«Заранка» (1927—31) і «Пралескі» (1934—35), с.-г.час.«Беларуская борць» (1934—38). У прэсе змяшчала вершы і апавяданні, у віленскіх бел. адрыўных календарах 1926—39 — парады па агародніцтве, садоўніцтве, пчалярстве, жаночай гаспадарцы. Уклала зб. «Садок для нашых дзетак» (Вільня, 1927, з М.Бучынскай). Для дзіцячага тэатра з укр. мовы пераклала п’есы Р.Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю.Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рус. «Лясныя хаткі» В.Біянкі (Вільня, 1931, выйшла без імя перакладчыка). Аўтар успамінаў пра М.Багдановіча, У.Галубка, Ядвігіна Ш., Г.Леўчыка і інш.
Тв.:
Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985;
[«Заранка»] // Полымя. 1968. № 4;
Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975;
Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976;
Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980;
Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981;
Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.;
Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6;
Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.
Літ.:
Лойка А.А. Зоська Верас // Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2;
Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАЛЮ́БАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (5.2.1836, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 29.11.1861),
рускі крытык, публіцыст і паэт, філосаф-матэрыяліст рэв.-дэмакр. кірунку. Пасля заканчэння Пецярбургскага гал.пед. ін-та (1857), дзе пасябраваў з бел. пісьменнікам і этнографам П.М.Шпілеўскім, супрацоўнік час.«Современник», з 1859 адначасова рэдактар яго сатыр. дадатку «Свисток». Абгрунтоўваў прынцыпы асветніцкага матэрыялізму, рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму ў артыкулах «Арганічнае развіццё чалавека ў сувязі з яго разумовай і маральнай дзейнасцю» (1858), «Што такое абломаўшчына?» і «Цёмнае царства» (1859), «Прамень святла ў цёмным царстве» і «Калі ж прыйдзе сапраўдны дзень?» (1860). Крытыкаваў ідэаліст. і вульгарна-матэрыяліст. канцэпцыі, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва» і «чыстай красы», выкрываў афіц. ідэалогію царызму і бурж. абмежаванасць лібералізму. Сутнасць гіст. прагрэсу бачыў у руху чалавецтва да сацыяльна аднароднага грамадства без эксплуатацыі. Рухальнай сілаю развіцця грамадства лічыў ідэйна-этычныя матывы паводзін людзей. Быў адным з папярэднікаў рэв. народніцтва. Адзін з заснавальнікаў сацыялагічнай крытыкі, якая суадносіла з’явы мастацтва з асн. тэндэнцыямі грамадскага жыцця і сцвярджала адзінства сац. і эстэт. вартасці мастацтва. У працах пра народнасць л-ры Дабралюбаў высока ацэньваў творчасць Т.Шаўчэнкі, прадбачыў сац. і культ. адраджэнне бел. народа, адкідаў афіцыёзную панска-ліберальную выдумку пра «забітасць» і адсталасць сялянства. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» (1860) пісаў: «Пытанне пра характарыстыку беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы». Ідэі Дабралюбава паўплывалі на станаўленне светапогляду бел.рэв. дэмакратаў (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас), бел. крытыку і публіцыстыку пач. 20 ст. (газ. «Наша доля», «Наша ніва»). Супрацоўнікі газ. «Минский листок» апіраліся на дабралюбаўскую канцэпцыю рэалізму ў ацэнцы рус. класічнай л-ры, садзейнічалі пазнанню бел. краю, адзначалі вернасць прагрэс. інтэлігенцыі літ. запаветам Дабравольскага, падкрэслівалі ў яго дзейнасці імкненне разбудзіць працоўных да свядомага грамадскага жыцця, выхаваць у інтэлігенцыі павагу да працоўных, гуманізм светапогляду. Газ. «Северо-Западный край» прапагандавала літ.-эстэт. погляды Д. і В.Бялінскага, называла іх пакутнікамі прагрэс. л-ры. Газ. «Полесье» ў арт. «Памяці М.А.Дабралюбава» (1911) адзначала яго ўклад у выхаванне прагрэс.рус. інтэлігенцыі. Спадчыну Дабралюбава прапагандавалі М.К.Дабрынін, Л.Р.Бараг, І.М.Лушчыцкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦКЕ́ВІЧ (Іван Іванавіч) (9 6.1881, г. Шаўляй, Літва — 20.8.1919),
бел.паліт. дзеяч, археолаг, этнограф, публіцыст. Брат А.І.Луцкевіча. Вучыўся ў Лібаўскай (Ліепайскай) і Мінскай гімназіях, Маскоўскім археал. ін-це, Пецярбургскім ун-це. Адзін з пачынальнікаў і ідэйных кіраўнікоў бел.культ.-асв., грамадска-паліт. руху на пач. 20 ст. Удзельнічаў у стварэнні «Круга беларускай народнай прасветы і культуры», Беларускай сацыялістычнай грамады, газет «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», выд-ва «Наша хата» (1908), Беларускага выдавецкага таварыства (1913), Беларускага народнага камітэта (1915—18), першых бел. школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Беласточчыне (1916), Віленскай бел. гімназіі (1919), Бел.навук.т-ва (1918). Збіральнік і даследчык бел. старажытнасцей. Яго асабістая калекцыя стала асновай Беларускага музея ў Вільні. З А.Луцкевічам, В.Ластоўскім і інш. распрацоўваў пытанні дзярж. самавызначэння Беларусі — ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі, аднаўлення на канфедэратыўнай аснове дзярж. уніі Беларусі і Літвы (1906—18) да абвяшчэння незалежнай Бел.Нар. Рэспублікі ў яе этнагр. межах. 3 яго ўдзелам і па яго ініцыятыве пытанне аб нац. самавызначэнні бел. народа ўпершыню прагучала на міжнар. форумах — канферэнцыі сацыяліст. і рэв. партый (Фінляндыя, 1906), Славянскім з’ездзе прагрэс. студэнтаў (Прага, 1908), міжнар. канферэнцыі нацый (Лазана, 1916). Быў прыхільнікам раўнапраўных адносін Беларусі з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой. Паўплываў на творчы лёс Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага і інш. Аўтар навукова-публіцыст. прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навук. ўжытак помнікі старабел. л-ры 16 ст., пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб» (1920). Памёр у г. Закапанэ (Польшча), перапахаваны ў 1991 у Вільні. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).
Тв.:
Аб беларускім мастацтве // Гоман. 1918. № 70 (перадрук Скарыніч. Мн., 1993. Вып. 2);
Ай Кітаб // Спадчына. 1992. № 3.
Літ.:
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;
Яго ж. Беларускі музей ім. Івана Луцкевіча. Мн., 1992;
Станкевіч А. Іван Луцкевіч — закладчык Віленскай беларускай гімназіі // 25-лецце беларускай гімназіі ў Вільні, 1919—1944.
Вільня, 1944; Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. Вільня, 1994; Адамовіч А. Як дух змагання Беларусі... Нью-Йорк, 1983; Гужалоўскі А. Сабранае застаецца, калі свой не адхінецца: Іван Луцкевіч — збіральнік бел. старажытнасцяў // Мастацтва Беларусі. 1991. № 10; Каваль А. [Каўка А.] Іван Луцкевіч — адраджэнец // Беларуска = Albaruthenina. Мн., 1993. Вып. 1; Лабынцаў Ю.А. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.