Адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21 супраць рас. войскаў. Пасля ўзяцця Старога Быхава казакамі і войскамі ВКЛ у кастр. 1702 (гл.Быхава аблога 1702) ген. артылерыі К.Сяніцкі (Сініцкі-Бонч) фактычна стаў адзіным правіцелем Быхаўшчыны. Пасля прыбыцця ў Быхаў войскаў яго брата — падстолія ВКЛ, палкоўнікаў Ліндорфа і Берлінкурта Сяніцкі ўзняў мяцеж супраць Аўгуста II. Пра сваё выступленне Сяніцкія паведамілі прыхільнікам Сапегаў і шведскаму каралю Карлу XII і прасілі яго прыйсці на Бел. Падняпроўе. У адказ Пётр I накіраваў некалькі дзесяткаўрас. палкоў. Некалькі дзён кругласутачна вялася бамбардзіроўка Быхава. Вял. разбурэнні, пажары і адсутнасць дапамогі ад Сапегаў і Карла XII вымусілі Сяніцкіх пайсці на перагаворы аб капітуляцыі. Пасля здачы горада і замка Сяніцкіх вывезлі ў ссылку, артылерыя Быхава адпраўлена ў Кіеў. Рас. гарнізон стаяў у Быхаве больш за 7 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАО́СКАЯ МО́ВА,
адна з тайскіх моў (паўд.-зах. падгрупа). Мова лао, дзярж. мова Лаоса. Пашырана таксама на ПнУ Тайланда. Некалькі дзесяткаў блізкіх дыялектаў і гаворак. У Лаосе гаворкі і дыялекты складаюць 3 групы: цэнтр., паўн., паўднёвую. У аснове літ. мовы в’енцьянскі дыялект.
Л.м. — танальная (5—7 тонаў у розных дыялектах), у аснове — монасілабічная (спрадвечная лексіка аднаскладовая). Ізаляваная мова, грамат. катэгорыі выражаюцца пераважна аналітычна, парадак слоў фіксаваны. Асн.ч. лексікі агульная з тайскімі мовамі, шмат запазычанняў з палі і санскрыту. Найб. раннія помнікі 15 ст. (пераважна эпіграфічныя). 2 асн. віды пісьменнасці: цывільнае пісьмо «туа лао» (асн. сродак фіксавання мовы) і «туа тхам» (духоўнае пісьмо для запісу рэліг. тэкстаў); абодва паўд.-інд. паходжання (гл.Індыйскае пісьмо). Найб. раннія з вядомых літ. помнікаў — «Прынц Хунг» (15—16 ст.).
Літ.:
Морев Л.Н., Москалев А.А., Плам Ю.Я. Лаосский язык. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА БЯГУ́ЧАЙ ХВА́ЛІ,
электравакуумная прылада для ўзмацнення па магутнасці эл.-магн.ЗВЧ ваганняў, у якой электронны паток узаемадзейнічае з запаволенай бягучай эл.-магн. хваляй. Выкарыстоўваецца ў лініях далёкай сувязі для перадачы вял. колькасці інфармацыі.
Створана амер. вучоным Р.Компфнерам у 1943. Характарызуецца вял. шырынёй паласы частот (дазваляе, напр., перадаваць адначасова ад дзесяткаў да соцень тэлевізійных праграм), малым каэфіцыентам шуму, вял. каэфіцыентам узмацнення. Адрозніваюць Л.б.х. О-тыпу з прамалінейным электронным патокам (найб. пашырана) і М-тыпу, дзе электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Каэфіцыент узмацнення да 50 Дб і больш, дыяпазон частот ад 300 МГц да 300 ГГц, ккдз ад 20 да 60%. Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНОГАКАНА́ЛЬНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від электрасувязі, які забяспечвае адначасовую і незалежную перадачу многіх паведамленняў па адной лініі сувязі. Ёмістасць лічбавых сістэм М.с. да дзесяткаў тысяч каналаў сувязі. Выкарыстоўваецца ў тэлефаніі, тэлеграфіі, тэлебачанні і інш. для перадачы паведамленняў па паветраных, кабельных, хваляводных, аптычных, радыёрэлейных і спадарожнікавых лініях сувязі.
Грунтуецца на частотным, часавым, палярызацыйным або кодавым (ці іх камбінацыі) ушчыльненні сігналаў (раздзяленні каналаў для кожнага паведамлення); канальныя сігналы ўшчыльняюцца ў групавы, які падаецца ў лінію сувязі пасля лінейных пераўтварэнняў для ўзгаднення з яе характарыстыкамі. Частотнае ушчыльненне, калі кожнаму каналу адпавядае пэўны ўчастак спектра частот у агульнай паласе прапускання лініі, выкарыстоўваецца пераважна ў аналагавых сістэмах перадачы; часавае ушчыльненне (адпавядае пэўны прамежак часу) — у аналага-імпульсных і лічбавых сістэмах; палярызацыйнае (тыл палярызацыі хвалі) — у спалучэнні з інш. ў спадарожнікавых і аптычных сістэмах; кодавае ўшчыльненне — у сістэмах рухомай сотавай радыёсувязі і інш. сістэмах з шумападобнымі сігналамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГІЯ КУРГАНЫ́,
валападобныя пахавальныя насыпы 2-й пал. 1-га тысячагоддзя ў Бел. Падзвінні і Верхнім Падняпроўі, у вярхоўях р. Вялікая і каля Пскоўскага возера Расіі. Нар. назва на Пн Беларусі — валатоўкі. Даўжыня курганоў у 2 і больш разоў перавышае шырыню, часам дасягае некалькіх дзесяткаў метраў. На Беларусі выяўлены Д.к. 5—6 і 8—10 ст. Яны адлюстроўваюць перыяд, калі на Пн лясной паласы Беларусі з’явіліся славяне, якія асімілявалі мясц. балцкае і фіна-угорскае насельніцтва, утварылі групоўку ўсх. славян — крывічоў, вылучана археал. культура доўгіх курганоў паўн. Беларусі. Пахавальны абрад — трупаспаленне (у больш ранніх — за межамі пахавання). У кургане звычайна некалькі пахаванняў у ляпных гаршках-урнах ці ямках. Пахавальны інвентар некаторых курганоў — бронзавыя бранзалеты, ланцужкі, падвескі, шкляныя пацеркі сіняга колеру, жал. спражкі, нажы, касцяныя падвескі-птушкі. Большасць пахаванняў амаль без інвентару, што сведчыць пра асаблівасці рытуалу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕ́РУШ»,
народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль БДУ. Створаны ў 1980, у 1985 нададзена званне народнага. Арганізатар і маст. кіраўнік В.Гладкая. Уключае вак.-танц. групу (36 удзельнікаў) і інстр. ансамбль (8 чал.). У рэпертуары аўтэнтычныя бел.нар. песні, музыка, танцы, абрады розных рэгіёнаў Беларусі. Валодае школай нар. спеву з захаваннем рэгіянальных асаблівасцей. Большасць твораў запісана этнамузыколагамі і ўдзельнікамі калектыву ў фалькл.-этнагр. экспедыцыях, у т. л. песні «Ой, ты, сонца да яснае сонейка», «Да повідэмо куста», «Ой, і дай ты мне раду», «Там на лужку, на лужку», полька «Верацяно», «Ацьмінаўская кадрыля», веснавыя карагоды. Ансамбль зрабіў некалькі дзесяткаў запісаў на Бел. радыё, выпусціў кампакт-дыск. Творчасці калектыву прысвечаны фільмы Бел. тэлебачання «Вяселле ў Траецкім» (1989), «Каляда», «Піліпаўка». Лаўрэат і дыпламант рэсп. і міжнар.фалькл. фестываляў і конкурсаў, у т. л. ў Балгарыі (Сафія, 1985, Залаты медаль), Нарвегіі (г. Ф’ёрдэ, 1995), Італіі (г. Віка-Экуэнсе, 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЦЭ́ЛА (франц. parcelle ад лац. particula часцінка),
1) дробны зямельны ўчастак (або ч. зямельнага надзелу), на якім вядзецца парцэлярная гаспадарка. 2)У біялогіі — структурная ч.біяцэнозу, дробная біяхаралагічная адзінка. У батаніцы, біягеацэналогіі структурная ч.гарыз. расчлянення фітацэнозу (або біягеацэнозу), якая ахоплівае ўсю яго тоўшчу і адрозніваецца ад інш.ч. саставам, якасцямі кампанентаў, спецыфікай іх сувязяў і матэрыяльна-энергет. абмену. Вылучаецца па шчыльнасці і прадукцыйнасці асобных відаў раслін (пераважна дамінантаў) і асаблівасцях мікраасяроддзя пражывання. Паводле паходжання П. бываюць карэнныя, вытворныя і антрапагенныя. У заалогіі, эталогіі — сукупнасць адзіночных асобін жывёл або сем’яў (вял. сям’я), якія жывуць у непасрэднай блізкасці адна ад адной і часта кантактуюць паміж сабой; тэрмін блізкі да паняцця д э м — невял. (ад некалькіх асобін да дзесяткаўэкз.), адносна ізаляваная ад інш. унутрывідавая групоўка пазваночных жывёл, якая існуе на працягу жыцця аднаго-двух пакаленняў, а потым аб’ядноўваецца з інш. падобнымі групоўкамі. Гл. таксама Біяхор(а).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭ́І (Proteidae),
сямейства хвастатых земнаводных. 2 роды, 2—6 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы. Еўрапейскі П., або ольм (Proteus anguineus, або P. anguinus) жыве ў падземных (пячорных) вадаёмах. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Амерыканскі П. (Necturus maculosus) утварае 5 падвідаў (часта лічаць асобнымі відамі), жыве ў чыстых азёрах з пясчаным дном і багатай расліннасцю. Мяркуецца, што П. — неатэнічныя лічынкі невядомых саламандраў (гл.Неатэнія).
Цела выцягнутае, хвост доўгі, вёслападобны, з плаўніковай складкай. Вонкавых шчэлепаў 3 пары. Кормяцца беспазваночнымі. Апладненне ўнутранае. Даўж. П. еўрап да 30 см, афарбоўка цела бледна-ружовая. Канечнасці слабыя, на пярэдніх па 3 пальцы, на задніх па 2. Вочы пад скурай, рэдукаваныя. Адкладвае да 80 яец або нараджае 2 дзіцяняці. Даўж. П. амер. да 43 см, афарбоўка зменлівая, ад карычнева-чырв. да шэрай з блакітна-чорнымі плямамі. На канечнасцях па 4 пальцы. Вочы прыкметныя. Адкладвае некалькі дзесяткаў яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁНАВЫЯ ХВАРО́БЫ,
інфекцыйныя хваробы чалавека і жывёл, якія выклікаюцца асаблівымі бялкамі — прыёнамі. Крыніца інфекцыі для чалавека — мяса (магчыма, і малако) хворых кароў, для жывёл — харч. дабаўкі (касцявая або мясная мука, прыгатаваная з хворых жывёл). У чалавека П.х. выклікаюць павольнае згасанне рэфлексаў ног, гіпатанію, зніжэнне адчувальнасці, парушэнне голасу і глытання, развіццё слепаты, глухаты, расстройствы псіхікі і смерць ад маразму. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх месяцаў да дзесяткаў гадоў. Для чалавека апісаны 6 назалагічных форм П.х.: куру, хвароба Кройтцфельта—Якаба, амітрафічны лейкаспангіёз (апісаны на Беларусі В.А.Вацяковым, Х.А.Протасам, 1957), сіндром Герстмана—Страўслера, фатальная сямейная бяссонніца, прыёнасацыіраваная міяпатыя. У жывёлнайб. вылучаюць спангіяформную энцэфалапатыю буйной рагатай жывёлы (т. зв. «шаленства кароў»), ад мяса якіх адбываецца заражэнне людзей (скрыты перыяд у людзей 5—35 гадоў). Захворванне абумоўлена губчастым перараджэннем галаўнога мозга. Дыягностыка П.х. праводзіцца на аснове клінічных даных, заражэння лабараторных жывёл, электроннай мікраскапіі і інш.Асн.прафілакт. мерапрыемствы — вет. нагляд.
Літ.:
Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990;
Шлопов В.Г. Прионовые инфекции: медико-социал. и экол. проблемы. Киев, 2000.
рускі археолаг, гісторык архітэктуры. Д-ргіст.н. (1965). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1937). Працаваў у Ленінградскім аддз. Ін-та археалогіі АНСССР (1939—88). Выкладаў гісторыю архітэктуры у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры Акадэміі мастацтваў СССР. Даследаваў праблемы гісторыі і археалогіі манум. архітэктуры Кіеўскай Русі і Маскоўскай дзяржавы. Даследаваў 12 помнікаў архітэктуры Беларусі часоў сярэдневякоўя; абследаваў некалькі дзесяткаў гарадзішчаў на тэр.стараж. Турава-Пінскай і Полацкай зямель і ў гарадах т. зв. Чорнай Русі, археалагічна вывучыў канструкцыю абарончых збудаванняў больш як 10 гарадзішчаў на тэр. Беларусі, у т. л. абарончыя збудаванні стараж. Ваўкавыска, Навагрудка, гарадзішча Турэцкая горка каля Слоніма і інш.
Тв.:
Раскопки в Волковыске в 1959 г. // Сов. археология. 1963. № 1;
Полоцкое зодчество XII в. // Там жа. 1980. № 3;
Памятники культуры: Новые открытия, 1979. Л., 1980 (у сааўт.);
Новые данные об архитектуре древнего Гродно // Древнерусское искусство: Худож. культура X—первой пол. XIII в. М., 1988.