КУМАВА́ННЕ, кумленне,

старадаўні бел. абрад устанаўлення прыязных сяброўскіх адносін. Спраўлялі яго пераважна на «зялёныя святкі» (Сёмуху) ва ўсх. і цэнтр. частках Беларусі. Дзяўчаты ішлі ў лес, звязвалі галінкі бярозак («завівалі» іх), праходзілі парамі 3 разы ўзад і ўперад пад завітымі ў вянок бярозкамі, спяваючы песню пра ўслаўленне сяброўскіх адносін, пасля елі абрадавую страву (яечню). Абрад выконвалі пасля заканчэння сяўбы. Ён сімвалізаваў пажаданне добрага ўраджаю. Як традыц. гульня-забава трапляецца і ў наш час.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІ́СКІ»,

бел. нар. гульня. Ад 6 да 20 чал. выбіраюць вядучага «ліса», строяцца ў круг і кладуць каля сябе Л. (невял. прадмет, які павінен быць у кожнага гульца). «Ліс» падыходзіць да аднаго з гульцоў і просіць «ліску», а той адказвае, што аддасць, калі «ліс» абгоніць яго. Пасля гэтага «ліс» бяжыць у адзін, а гаспадар «ліскі» ў процілеглы бок круга. Хто раней зойме свабоднае месца, той гаспадар Л., а «лісам» становіцца той, хто адстаў.

Я.​Р.​Вількін.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕ́ЛКУ ТРЭ́СЦІ»,

бел. нар. дзіцячая гульня. Гульцы становяцца ў рад адзін за адным нагнуўшыся, і кожны абнімае за паясніцу папярэдняга гульца. Апошні гулец садзіцца на папярэдняга, як на каня, і імкнецца хутка пры дапамозе рук пералезці далей на наступнага, з таго яшчэ далей, пакуль не перапаўзе ўсіх. Гульцы стараюцца «пералазчыка» трэсці, каб скінуць яго. Калі гулец перапаўзе ўсіх, ён становіцца наперадзе, а той, хто цяпер апошні, пачынае рабіць тое ж самае. Так працягваецца, пакуль кожны не паспрабуе прапаўзці па ланцужку.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЯЗЮ́ЛЯ» бел. нар. танец-гульня. Муз. памер ​3/4. Тэмп умераны. Зафіксаваны Е.​Раманавым у Дзісенскім пав. на Віцебшчыне. Удзельнікі ўтваралі 2 процілеглыя рады. Хлопец лавіў дзяўчыну з другога рада, потым яны мяняліся ролямі; астатнія ўдзельнікі танцавалі ў такт песні, а пры воклічы «ку-ку!» падавалі рукі тым, хто стаяў насупраць. На захадзе Беларусі М.​Федароўскі зафіксаваў «З.» ў чыста танц. форме, якая выконвалася трыма дзяўчынамі. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. На Гомельшчыне бытуе пад назвамі «Кукаўка», «Ку-ку».

Ю.​М.​Чурко.

т. 7, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЭ́ДЗЬКА»,

дзіцячая гульня, шырока вядомая ўсх. славянам. Варыянты вылучаюцца сюжэтнай і тэатралізаванай разнастайнасцю, персанажамі і тэкстамі (паэтычнымі, дыялагічнымі). У цэнтры гульні — дзеці «Р.», якія сядзяць у радзе, трымаючы рукамі і каленямі адзін аднаго. Інш. персанажы («дзед», «баба», «матка», «пані» і інш.) удзельнічаюць у пасадцы, доглядзе і вырыванні «Р.» (па чарзе «выцягваюць» дзяцей, якія моцна трымаюцца). Звычайна «Р» патрэбна «пані», якая «ўпала з печы, пабіла плечы». Апісанні гульні ў зб-ках П.​В.​Шэйна, Е.​Р.​Раманава і інш.

А.​Ю.​Лозка.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯРО́Д,

1) гаспадарчая пабудова на Беларусі; збудаванне са слупоў і жэрдак для дасушвання збажыны, сена, бульбоўніку і інш. Лакальныя назвы пераплот, астраўкі. Найб. пашыраны ў цэнтр. і паўн. раёнах. У фальварках азярод размяшчалі непасрэдна каля гумнаў, стадол, такоў. Цяпер у меншай ступені бытуе ўсюды.

2) Бел. нар. гульня. Удзельнікі бяруць дугу за адзін канец, а другім стукаюць аб зямлю так, каб дуга, саспружыніўшы, пераляцела цераз азярод (адсюль назва). Пераможца той, у каго дуга пераляціць цераз азярод больш разоў.

Азярод на сялянскай сядзібе. Пач. 20 ст.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАНАПЕ́ЛЬКА»,

«Канапелькі», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. Выконваўся на ігрышчах, парамі і сольна, з характэрнымі падскокамі і вярчэннямі, часта ў суправаджэнні прыпевак. Зафіксаваны М.​Нікіфароўскім у канцы 19 ст. ў Віцебскай губ. У 1940-я г. І.​Серыкаў у в. Асавец Крычаўскага р-на запісаў варыянт танца, у якім адлюстраваны працэс вырошчвання канапель: сяўба, вырыванне, рассціланне, вязанне снапоў, віццё вяровак і інш. Пад назвай «К.» вядомы таксама гульня і карагод.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. М., 1897. [Т. 5], С. 40.

Л.​К.​Ллексютовіч.

т. 7, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НГРЫЎ ((Congreve) Уільям) (10.2. 1670, Бардсі, каля г. Лідс, Вялікабрытанія — 19.1.1729),

англійскі камедыёграф, паэт. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Дубліне і Оксфардзе. Дэбютаваў раманам «Інкогніта» (1692). Аўтар узорных класіцыстычных камедый «Стары халасцяк», «Двайная гульня» (абедзве 1693), «Каханне за каханне» (1695), «Так робяць у свеце» (1700), якім уласцівы мяккая сатыра, дасціпны дыялог, гумар, бездакорны густ і лаканізм. Пісаў оды, паэмы («Нараджэнне музы», «Пасланне да віконта Кабхэма»), літ. памфлеты. Перакладаў Гамера, Авідзія, Мальера і інш. Паўплываў на творчасць Вальтэра, Дж.​Свіфта, А.​Поўпа.

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. М., 1977.

Н.​М.​Саркісава.

т. 8, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЧАР (Фелікс Айзікавіч) (н. 10.2.1935, Мінск),

бел. аператар, рэжысёр дакумент. кіно. Сын А.Кучара. Скончыў БДУ (1951), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1971). З 1965 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Аператар дакумент. фільмаў (усе з рэж. С.​Лук’янчыкавым) «Гульня» (1972), «Старт» (1973), «Боль» (1988), «Сорам» (1991) і інш., якія вылучаюцца майстэрствам рэпартажных і псіхал. здымак. Маст. фільмам (усе з рэж. В.​Рыбаравым) «Жывы зрэз» (1977), «Сведка» (1985), «Мяне завуць Арлекіна» (1987) і інш. уласціва стрыманая эмацыянальнасць, рэалістычнасць і духоўнасць. Рэжысёр дакумент. фільма «Развітальнае» (1995).

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЛЕ́ТКА (франц. roulette ад rouler каціць),

1) інструмент для гравіравання на метал. пласціне. Складаецца са стальнога кальца (з зубчастай насечкай на вобадзе), замацавана на сагнутым стрыжні.

2) Р. вымяральная — метал., пластмасавая або з матэрыі стужка са штрыхавой шкалой, адградуіраванай у міліметрах, сантыметрах і метрах. Даўж. да 100 м. Звычайна змотваецца ў рулон, які ўкладваецца ў спец. футарал.

3) Азартная гульня са спец. прыстасаваннем у выглядзе вярчальнага круга з нумараванымі гнёздамі, у якія пападае кінуты касцяны шарык. Гульцы робяць стаўкі на пэўныя нумары ці групы нумароў.

Рулеткі: 1 — гравіравальная; 2 — вымяральная.

т. 13, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)