ЦЫНЦА́ДЗЕ Сулхан Фёдаравіч (н. 23.8.1925, г. Горы, Грузія),
грузінскі кампазітар. Нар. арт. Грузіі (1961). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950, кл. С.Казалупава; 1953, кл. С.Багатырова). З 1963 выкладае ў Тбіліскай кансерваторыі (у 1965—84 рэктар, з 1973 праф.). Зрабіў значны ўклад у развіццё груз. камерна-інстр. музыкі. Сярод твораў: оперы «Залатое руно» (1952), «Пустэльнік» (паст. 1972); балеты «Дэман» (паст. 1961), «Рыварэс» (паст. 1982); аперэты, араторыі, кантаты, 5 сімфоній (1952—85), канцэрты для інструментаў з аркестрам; камерна-інстр. ансамблі; рамансы, песні; музыка для драм. т-ра і кіно. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэміі Грузіі 1974, 1981.
Літ.:
Месхишвили Э. С.Цинцадзе. М., 1970.
т. 17, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРУЛА́ВА Хута Міхайлавіч (н. 10.12.1924, г. Зугдыды, Грузія),
грузінскі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1952). Друкуецца з 1941. Піша на груз. і рус. мовах. Аўтар зб-каў вершаў «Дні» (1950), «Гэтыя дваццаць гадоў...» (1963), «Эпітафія дойліду Светыцхавелі» (1974), «Родныя імёны: Успаміны» (1979), паэм «Рускае сэрца» (1950), «Калхецкая легенда» (1943—55), «Бурная цішыня» (1981) і інш. У творах каларытныя карціны прыроды, жыцця і побыту грузінскай вёскі. Піша для дзяцей. На груз. мову пераклаў творы Г.Бураўкіна, А.Грачанікава. Беларусі прысвяціў паэму «Хвалі Нёмана. Дванаццаць песень пра Беларусь» (1973). На бел. мову творы Берулавы перакладалі Р.Барадулін, А.Вольскі, Грачанікаў, Х.Жычка, В.Зуёнак, В.Лукша, У.Паўлаў, Я.Семяжон і інш.
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХТА́НГ VI (1675—27.3.1737),
грузінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Намеснік, потым цар Картлі ў 1703—12, 1719—24. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пад яго кіраўніцтвам створаны кодэкс феад. права Грузіі (гл. Вахтанга законы). У 1709 па яго ініцыятыве ў Тбілісі заснавана 1-я груз. друкарня (у 1712 выйшла першае друк. выданне паэмы Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» з навук. каментарыямі Вахтанга). Стварыў камісію вучоных для складання гісторыі Грузіі 14—18 ст. У 1712—19 адхілены ад улады шахам Ірана. Ускладненне знешніх і ўнутр. абставін, няздольнасць процістаяць тур. агрэсіі прымусілі Вахтанга ў 1724 эмігрыраваць у Расію. Выношваў планы вызвалення Грузіі. Паэзіі Вахтанга ўласцівыя патрыят. матывы. Быў таксама лексікографам і перакладчыкам.
т. 4, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІ́Д БУДАЎНІ́К, Давід IV Георгіевіч (каля 1073 — студз. 1125),
грузінскі цар [1089—1125]. З дынастыі Багратыёнаў. Аб’яднаў груз. княствы ў адзіную цэнтралізаваную дзяржаву. У 1907 спыніў плату даніны сельджукам і аднавіў незалежнасць Грузіі. Далучыў да сваіх уладанняў Кахеты, Эрэты (1104) і інш. землі. У 1121 у Дыдгорскай бітве груз. войскі перамаглі кааліцыю мусульманскіх правіцеляў. У 1122 пасля вызвалення Тбілісі Давід Будаўнік перанёс сюды сталіцу з Кутаісі. Вёў барацьбу за цэнтралізацыю ўлады, стварыў пастаяннае войска, падпарадкаваў сабе феадалаў, царкву і гарады. У 1123—24 вызваліў ад сельджукаў Шырван і г. Ані. Надаваў вял. значэнне буд-ву гарадоў, дарог, мастоў, садзейнічаў развіццю асветы, заснаваў акадэмію і манастыр у Гелаты. За сваю дзейнасць празваны Будаўніком.
т. 5, с. 562
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАВАХІШВІ́ЛІ М. (сапр. Адамашвілі Міхаіл Савіч, 20.11.1880, с. Цэракві Марнеульскага р-на, Грузія — 1937),
грузінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1903. Выступаў з апавяданнямі, артыкуламі супраць самадзяржаўя, за што быў прыцягнуты да суд. адказнасці. 3-за праследаванняў у 1907 выехаў за мяжу, падарожнічаў па Еўропе і Амерыцы. Пасля вяртання на радзіму ў 1909 выдаваў час. «Эры» («Нацыя»), які неўзабаве быў забаронены, а Дж. засуджаны да турэмнага зняволення, пазней — ссылкі. Аўтар сатыр. раманаў «Квачы Квачантырадзе» (1924), «Гіві Шадуры» (1928), гіст. «Арсен з Марабды» (1932), «Лёс жанчыны» (1936), адметных актуальнасцю тэматыкі і праблематыкі, майстэрствам сюжэтнай кампазіцыі, паглыбленым псіхалагізмам. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. На бел. мову асобныя творы Дж. пераклаў А. Жук.
Літ.:
Радиани Ш. Михаил Джавахишвили. Тбилиси, 1958.
т. 6, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЯЧЭ́ЛІ Лео (сапр. Шэнгелая Леан Міхайлавіч; 19.2.1884, в. Абуджы Цаленджыхскага р-на, Грузія — 19.12.1963),
грузінскі пісьменнік. Вучыўся ў Харкаўскім (1904—05) і Жэнеўскім (1910-я г.) ун-тах. Друкаваўся з 1909. Дэбютаваў навеламі, створанымі пад уплывам імпрэсіянізму. Маст. асэнсаванне рэв. падзей пач. 20 ст. ў аснове гіст.-рэв. раманаў «Тарыэл Галуа» (1917), «Кроў» (1927), навел «Княжна Мая» (1927), «Алмасгір Кібулан» (1928), «Хакі Адзба» (1933). Аўтар раманаў пра станаўленне, жыццё груз. калгаснай вёскі («Гвадзі Бігва», 1938, Дзярж. прэмія СССР 1941), пра змаганне народа ў гады Вял. Айч. вайны («Чалавек з гор», 1948), твораў для дзяцей. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў В.Гігевіч.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное М., 1957.
т. 8, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАШВІ́ЛІ Іло (Ілья Анісімавіч; 7.1.1896, с. Чаргалі, Грузія — 4.8.1954),
грузінскі паэт і драматург. Вучыўся ў Харкаўскім ін-це. Майстар грамадз. лірыкі (зб-кі «Вершы», 1939, 1940, 1945, 1954). Аўтар драматычных твораў «Начальнік станцыі» (1947), «Затопленыя камяні» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Яго зорка» (1950), гіст. драмы ў вершах «Шлях у будучае» (1953). Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, К.Чорным, А.Александровічам, П.Галавачом, П.Глебкам, К.Крапівой, А.Куляшовым, М.Лыньковым. Падтрымліваў творчыя кантакты з П.Броўкам, К.Крапівой, Лыньковым. Беларусі прысвяціў шэраг вершаў. Пераклаў на груз. мову асобныя вершы Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Броўка, Ю.Свірка.
Тв.:
Рус. пер. — Стихи. Тбилиси, 1967.
М.В.Няхай.
т. 10, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГВІНЕТУХУЦЭ́СІ Атар Вахтангавіч (н. 16.1.1932, Грузія),
грузінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Дзярж. тэатр. ін-т імя Ш.Руставелі ў Тбілісі (1954). У 1954—61 і з 1972 у Т-ры імя К.Марджанішвілі ў Тбілісі. Сярод роляў: Уджуш Эмха («Хакі Адзба» Л.Кіячэлі), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Лео («Правінцыяльная гісторыя» Л.Росеба) і інш. З 1958 здымаецца ў кіно: Джамбулат («Фаціма», 1958), Джакола («Мальба», 1968), цар Георгій («Дзясніца вялікага майстра», 1970), Арзакан («Выкраданне месяца», 1973), Эліёз («Дрэва жадання», 1977), Дата Туташхія (шматсерыйны тэлефільм «Берагі», 1979), Н.Пірасманішвілі («Добры дзень, усе!», 1980), Пагаў («Брат», 1982) і інш. Дзярж. прэмія Грузіі імя Марджанішвілі 1977. Дзярж. прэмія СССР 1981.
т. 10, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРА́ВА Акакій Аляксеевіч (29.4.1895, с. Ачхамуры, Грузія — 23.6.1972),
грузінскі акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1936). Вучыўся ў тэатр. студыі А.Пагавы (з 1922). З 1923 у Т-ры імя Руставелі ў Тбілісі (у 1949—55 дырэктар). Адзін з заснавальнікаў і першы рэктар (з 1939; з 1947 праф.) Тэатр. ін-та імя Руставелі. Акцёр героіка-рамант. плана. Найб. значныя ролі: Анзор, Арсен (аднайм. п’есы С.Шаншыяшвілі), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера), Бярсенеў («Разлом» Б.Лаўранёва). Вяршыня творчасці — роля Атэла (аднайм. п’еса У.Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Платон Крэчат (аднайм. п’еса А.Карнейчука), Эдып («Цар Эдып» Сафокла). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946 (двойчы), 1951.
Літ.:
Альтман И. А.А.Хорава. М.: Л., 1947.
т. 16, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫЯЎРЭ́ЛІ Міхаіл Эдышэравіч (6.2.1894, Тбілісі — 31.10.1974),
грузінскі акцёр, кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1948). Скончыў Тбіліскую школу жывапісу і скульптуры. З 1921 працаваў у т-ры мастаком, рэжысёрам, акцёрам. У кіно з 1921. Зняўся ў фільмах: «Арсен Джарджыяшвілі», «Сурамская крэпасць», «Жахі мінулага», «Натэла», «Ханума». Паставіў фільмы: «Першы карнет Стрэшнеў» (з Я.Дзіганам), «У апошні час» (абодва 1928), «Хабарда» (1931), «Апошні маскарад» (1934), «Арсен» (1937), «Вялікае зарава» (1938), «Георгій Саакадзе» (1942—43), «Клягва» (1946, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Падзенне Берліна» (1950, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Іншыя зараз часы» (1965) і інш. Пісаў сцэнарыі да сваіх фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1947, 1950.
Літ.:
Амирэджиби Н. На заре грузинского кино. Тбилиси, 1978.
т. 17, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)