ВЕЙСЕНГО́Ф (Генрых Уладзіслававіч) (7.8.1859, б. маёнтак Пакрэўна, Рокішкскі р-н, Літва — 1922),
бел. жывапісец. Вучыўся ў Рысавальнай школе В.Герсана ў Варшаве (1874—78), Пецярбургскай АМ (1878—82), у Мюнхене (1889), Парыжы (1900). Амаль увесь час жыў у в. Русаковічы (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Пісаў пераважна пейзажы. У маст. выстаўках удзельнічаў з 1889. Сярод твораў: «Транспарт палонных» (1886), «Перавозка параненых» і «Беларускія могілкі. Русаковічы» (1889), «Куток у Польным» (1891), «Беларускія паляўнічыя» і «Снег» (1894), «Світанак на возеры», «Паляўнічы з сабакам» (Нац.маст. музей Беларусі), «Прадчуванне», «Надвячорак», «Хмара», «Цішыня» (усе 1910-я г.), пейзажы Літвы. Стварыў эскізы дыплома с.-г. і прамысл. выстаўкі ў Мінску (1901).
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971. С. 82—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́МБЕРТ ((Lambert) Іаган Генрых) (26.8.1728 г. Мюльгаўзен, Германія — 25.9.1777),
нямецкі вучоны, адзін са стваральнікаў фотаметрыі. Чл. Берлінскай АН (1765). Па паходжанні француз. Навук. працы па матэматыцы, фізіцы, астраноміі і філасофіі. Даказаў ірацыянальнасць ліку π, распрацаваў лагічнае злічэнне, чым прадугадаў многія ідэі алгебры логікі. У трактаце «Фотаметрыя, ці Аб вымярэннях і параўнаннях святла, колераў і ценяў» (1760) устанавіў асн. фотаметрычныя заканамернасці і закон паглынання святла (гл.Бугера—Ламберта—Бэра закон, Ламберта закон). Развіў тэорыю іерархічнай будовы Сусвету і выказаў ідэю стварэння універсальнай мовы знакаў. У яго гонар названа адзінка яркасці — ламберт.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 161—164;
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 207—209.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШНЕР ((Marschner) Генрых Аўгуст) (16.8.1795, г. Цытаў, Германія — 14.12.1861),
нямецкі кампазітар, дырыжор; прадстаўнік ранняга ням. рамантызму. Ганаровы д-р Лейпцыгскага ун-та (1834). У 1811—16 вучыўся кампазіцыі ў І.Шыхта. З 1827 дырыжор у Лейпцыгу, у 1831—59 прыдворны капельмайстар у Гановеры. У творчасці развіваў традыцыі К.М.Вебера, асабліва ў жанры рамант. оперы на казачна-фантаст. і сярэдневяковыя сюжэты; імкнуўся да псіхал. распрацоўкі характараў, сімфанізацыі муз.-драм. дзеяння. У лепшых з 14 опер («Вампір», паст. 1828; «Храмоўнік і яўрэйка», паст. 1829; «Ганс Гейлінг», паст. 1833) прадвызначыў прынцыпы муз. драмы Р.Вагнера. З інш. твораў: балет «Гордая сялянка» (1810), зінгшпілі, духоўныя творы; 2 арк. уверцюры, камерна-інстр. ансамблі, мужчынскія хары, песні, музыка да драм. спектакляў і інш.
швейцарскі фізік. Чл.Швейц. акадэміі тэхн. навук (1988). Замежны чл.Нац.АН ЗША (1988). Скончыў Швейц.тэхнал.ін-т у Цюрыху (1955). З 1963 у Цюрыхскай н.-д. лабараторыі фірмы «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс карпарэйшэн». З 1997 у н.-д. установах Іспаніі і Японіі. Навук. працы па звышправоднасці, фізіцы цвёрдага цела, мультыкрытычных з’явах, сканіруючай тунэльнай мікраскапіі, нанамеханіцы. Стварыў першы сканіруючы тунэльны электронны мікраскоп (1981; з Г.Бінігам), што дало пачатак новай галіне навукі — нанатэхналогіі. Нобелеўская прэмія 1986 (з Бінігам).
Тв.:
Рус.пер. — Растровый туннельный микроскоп (разам з Г.Бінігам) // В мире науки. 1985. Вып. 10;
Сканирующая туннельная микроскопия — от рождения к юности (з ім жа) // Успехи физ. наук. 1988. Т. 154, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНСО́ВАЙ І БЕ́ЛАЙ РУ́ЖЫ ВАЙНА,
барацьба за трон ў Англіі ў 1455—85 паміж двума адгалінаваннямі каралеўскай дынастыі Плантагенетаў: Ланкастэрамі (у гербе пунсовая ружа) і Йоркамі (у гербе белая ружа). Йоркаў падтрымлівалі новадваранскія элементы, лонданскае купецтва і больш развітыя паўд.-ўсх. раёны краіны; апорай Ланкастэраў былі феад. групоўкі пераважна на Пн і З. Незадаволены засіллем ланкастэрцаў герцаг Рычард Йоркскі 21.5.1455 у бітве пры Сент-Олбансе разбіў іх войскі і стаў пратэктарам (правіцелем) пры псіхічнахворым Генрыху VI (гл.Генрых, англ. каралі). У 1459 Ланкастэры аднавілі сваю ўладу. У 1460 йаркісты на чале з графам Уорвікам увайшлі ў Лондан. Рычард Йоркскі заявіў свае правы на трон, аднак 30.12.1460 у бітве пры Уэйкфілдзе быў забіты. Яго сын Эдуард у бітве пры Тоўтане 29.4.1461 разграміў ланкастэрцаў і 28.6.1461 каранаваўся як Эдуард IV. Яго спробы праводзіць самастойную палітыку прывялі да сутыкнення з Уорвікам. У вер. 1470 войскі Уорвіка аднавілі на троне Генрыха VI. Эдуарда IV падтрымаў герцаг Бургундскі. 14.4.1471 у бітве пры Барнеце і 4.5.1471 у бітве пры Цьюксберы ланкастэрцы пацярпелі паражэнне, забіты Уорвік і сын Генрыха VI прынц Уэльскі Эдуард. 21.5.1471 у Таўэры забіты Генрых VI. Пасля смерці Эдуарда IV у 1483 трон перайшоў да яго 12-гадовага сына Эдуарда V. Аднак уладу захапіў яго дзядзька герцаг Глостэр, які 6.7.1483 каранаваўся як Рычард III. Эдуард V і яго брат герцаг Йоркскі былі забіты ў Таўэры. Ланкастэрцы і частка йаркістаў аб’ядналіся і выступілі супраць Рычарда III; 22.8.1485 у бітве каля Босварта ён загінуў. Гэта бітва завяршыла вайну, у якой загінула чвэрць насельніцтва Англіі. Трон перайшоў да далёкага родзіча Ланкастэраў Генрыха VII, які паклаў пачатак дынастыі Цюдараў.
Літ.:
Штокмар В.В. История Англии в средние века. Л., 1973;
Гриффитс Р.А., Томас Р. Становление династии Тюдоров: Пер. с англ. Ростов н/Д., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ ((Hertz) Генрых Рудольф) (22.2.1857, г. Гамбург, Германія — 1.1.1894),
нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў электрадынамікі. Скончыў Берлінскі ун-т (1880) і быў асістэнтам у Г.Гельмгольца. З 1885 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Карлсруэ, з 1889 Бонскага і Берлінскага ун-таў. Навук. працы па механіцы і электрадынаміцы. Прапанаваў поўную тэорыю ўдару пругкіх шароў (1882), даў строга навук. азначэнне паняцця цвёрдасці цел. Сканструяваў эл.-магн. генератар (вібратар Герца) і рэзанатар, з дапамогай якіх эксперыментальна даказаў існаванне эл.-магн. хваль (1886—89). Эксперыментальна пацвердзіў тоеснасць уласцівасцей эл.-магн. і светлавых хваль, адкрыў знешні фотаэфект (1887). Яго імем названа адзінка частаты — герц.
Літ.:
Григорьян А.Т., Вяльцев А.Н. Генрих Герц. М., 1968;
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 524—537.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФЦІО (Генрых Восіпавіч) (26.12.1869, г. Даўгаўпілс, Латвія — 30.4.1949),
расійскі вучоны і інжынер-энергетык. Акад.АНСССР (1932). Скончыў Новарасійскі (у Адэсе) ун-т (1892) і Пецярб.ін-т інжынераў шляхоў зносін (1896). Удзельнічаў у праектаванні і буд-ве чыгунак, трамвая ў Пецярбургу, склаў праекты электрыфікацыі чыгунак Крыма і Закаўказзя, ГЭС на р. Вуоксе, Волхаве і інш. З 1907 выкладаў у Пецярб. электратэхн. ін-це (з 1921 праф.). Удзельнічаў у складанні плана ГОЭЛРО. У 1921—27 гал. інжынер буд-ва Волхаўскай ГЭС, потым узначальваў буд-ва Ніжнясвірскай ГЭС (прысвоена імя Графціо). У 1938—45 гал. інспектар па буд-ве ГЭС. Навук. даследаванні ў галіне гідраэнергетыкі.
Літ.:
Шевцов В.Н., Смирнов И.С. Генрих Осипович Графтио. М.; Л., 1955;
Шевцов В.Н. Генрих Осипович Графтио, 1869—1949 // Люди русской науки. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮНЦ ((Müntz) Іаган Генрых) (1727, г. Мюльгаўзен, Германія — 1798),
мастак-пейзажыст, падарожнік. У 1760-я г. жыў у Лондане, вандраваў па Італіі (1762, 1785), Грэцыі (1763), Галандыі (1772). У 1780-я г. ў Рэчы Паспалітай, дзе ў званні маёра служыў у пляменніка караля, падскарбія ВКЛ С.Панятоўскага. Па вайск. і гасп. заданнях ездзіў па Украіне, Малдове і Беларусі, рабіў замалёўкі гарадоў, замкаў, вёсак, тыпаў насельніцтва, пісаў пейзажы. Адначасова вёў падарожныя нататкі. У 1783 па дарозе з Украіны ў Літву рабіў на Беларусі замалёўкі палескіх вёсак, Белавежскай пушчы. Апісаў умовы мясц. гаспадарання, адзначыў, што палескія балоты прыдатныя для меліярацыі на ўзор Галандыі. Даў характарыстыку жыхароў: «Мясцовыя насельнікі ўвогуле людзі дабрадушныя, добрыя патрыёты, яны ладна складзены і моцныя на работу». З 1792 працаваў у Каселі ў курфюрста гесенскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫЛІ́ЙСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава ў 12—13 ст., якая ўключала тэр. в-ва Сіцылія і Паўд. Італіі, заваяваныя нарманамі ў канцы 11 ст. Аформілася з каранацыяй Ражэра II [1130—54], заснавальніка Нарманскай дынастыі. Яго пераемнікі Вільгельм I [1154—66] і Вільгельм II [1166—89], абапіраючыся на дробнае рыцарства і царкву, стварылі магутную дзяржаву. У 1194 сіцылійская карона перайшла да імператара Генрыха VI Штаўфена (гл.Генрых, ням. каралі). У час праўлення Фрыдрыха II [1197—1250] завяршылася цэнтралізацыя С.к. Паводле законаў 12—13 ст. буйныя феадалы і гарады пазбаўлены вольнасцей, сяляне прымацаваны да зямлі. У 1266—68 апошнія сіцылійскія Штаўфены разбіты Карлам 1 Анжуйскім [1268—82]. У выніку паўстання ў 1282 на в-ве Сіцылія (гл.«Сіцылійская вячэрня») С.к. распалася. Сіцылія трапіла пад уладу ісп. Арагонскай дынастыі. У руках Анжуйскай дынастыі засталася толькі Паўд. Італія (Неапалітанскае каралеўства).