АРАНГУТА́Н (Pongo),

род чалавекападобных малпаў сям. пангідаў атр. прыматаў. Адзіны від — арангутан звычайны (P. pygmaeus). Жыве ў забалочаных трапічных лясах а-воў Суматра і Калімантан.

Рост самцоў да 1,5 м, маса да 200 кг, самкі значна меншыя. Склад цела масіўны. Заднія канечнасці кароткія, пярэднія доўгія з размахам да 2,25 м. Вельмі развітая мускулатура. Цела ўкрытае рэдкімі валасамі чырвонакарычневага колеру, на плячах даўж. валасоў да 40 см. Жывуць на дрэвах, дзе будуюць гнёзды. Кормяцца пладамі (найчасцей дурыяну), птушанятамі, яйкамі. Нараджаюць 1 дзіцяня масай 1,5—2 кг, якое маці корміць малаком да 3—4 гадоў. Жывуць да 30 гадоў. Колькасць невялікая. Ахоўваецца.

Арангутан.

т. 1, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙВА́ (Cydonia),

род дрэў і кустоў сям. ружавых. 1 від — айва звычайная (Cydonia oblonga). Вырошчваюць у Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Усх. Азіі. На Беларусі культывуюць як пладовую і дэкар. расліну, выкарыстоўваюць таксама як каранёвы прышчэп для грушы.

Дрэва або куст выш. 1,5—8 м, ва ўмовах Беларусі куст выш. 3—4 м. Лісце круглае, авальнае ці яйцападобнае, зверху цёмна-зялёнае, знізу шараватае, лямцавае. Кветкі адзіночныя, белыя, ружовыя, аранжавыя. Цвіце ў маі—чэрв., плады дробныя, залаціста-жоўтыя, апушаныя, выспяваюць у кастрычніку. Плады багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, эфірным алеем, з іх гатуюць варэнне, джэм, кампоты і інш. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна. Святлолюбівая і засухаўстойлівая расліна.

Айва звычайная.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЛЬКВА, зельква (Zelkova),

род кветкавых раслін сям. ільмавых. 5—7 відаў. Пашыраны пераважна ва Усх. Азіі (Кітаі, Японіі і Карэі), па 1 віду трапляецца ў Паўн. Іране, на в-ве Крыт і ў Закаўказзі. Найб. вядомы трацічны рэліктавы від — Дз. грабалістая (у Закаўказзі захаваліся 200-гадовыя дрэвы).

Дрэва з гладкай цёмна-шэрай карой, выш. да 25, зрэдку да 40 м. дыям. ствала да 2 м. Жыве да 400 гадоў. Лісце чаргаванае, цэласнае, простазубчастае. Кветкі дробныя, зеленаватыя, двухполыя (адзіночныя) і тычынкавыя (у пучках). Плады — крылатыя арэшкі. Драўніна гнуткая, шчыльная, трывалая, дэкар., устойлівая да гніення, выкарыстоўваецца ў буд-ве.

Г.​У.​Вынаеў.

Дзельква грабалістая.

т. 6, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я КО́ЦІКІ,

2 роды вушастых цюленяў атр. ластаногіх. Паўн. М.к. (Callorhinus) прадстаўлены відам С. ursinus, паўд. М.к. (Arctocephalus) — 6 відамі (часам вылучаюць да 9). Паўн. М.к. пашыраны ў паўн. ч. Ціхага ак., паўд. — ва ўмераных і ўмерана-халодных водах Паўд. паўшар’я; 1 від — на а-вах Галапагас. Рэгулярна мігрыруюць. 3 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. самцоў да 2,1 м, маса да 300 кг, самак адпаведна да 1,5 м і 65 кг. Самцы (секачы) цёмна-бурыя, самкі — шаравата-карычневыя. Кормяцца рыбай, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. У час размнажэння ўтвараюць логавішчы. Палігамы, у гарэме да 50 самак. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці. Аб’ект промыслу (каштоўнае футра).

Марскі коцік паўночны.

т. 10, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАНІ́МІЯ (ад грэч. metōnymia перайменаванне),

перанос назвы аднаго прадмета ці з’явы на інш. прадмет ці з’яву на аснове пэўнай прычыннай сувязі паміж імі; від паэт. mpona. М. — ужыванне імя аўтара ў значэнні напісаных ім твораў («вывучаю Пушкіна», «купіў Багдановіча»), назвы краіны — у значэнні насельніцтва, якое там жыве («Уся Беларусь узнялася супраць фашысцкіх захопнікаў»), назвы прылады дзеяння замест яго самога ці яго вынікаў («пяро Купалы», «пэндзаль Бялыніцкага-Бірулі»), назвы посуду замест таго, што ў ім звычайна знаходзіцца («выпіў кубак», «з’еў талерку»), перанос значэння ўнутр. уласцівасці рэчы на яе самую («смеласць гарады бярэ») і г.д. Адзін з відаў М. — сінекдаха.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЦЦА-ТЫНТА (ад італьян. mezzo сярэдні + tinto афарбаваны, таніраваны),

«чорная манера», від заглыбленай гравюры, у якім паверхні металічнай (часцей меднай) дошкі мех. або хім. спосабам надаецца шурпатасць (зярністасць), каб пры друкаванні атрымаць роўны чорны фон. Малюнак робіцца іголкай або алоўкам. Часткі дошкі, якія адпавядаюць светлым месцам малюнка, выскрабаюць, выпрасоўваюць, паліруюць, што стварае паступовыя пераходы ад ценю да святла. Гравюры М.-т. вылучаюцца глыбінёй і аксаміцістасцю тону, багаццем і тонкасцю святлоценявых эфектаў. Выкарыстоўваецца таксама для каляровага друку. Тэхніка М.-т. вынайдзена ў сярэдзіне 18 ст. ням. майстрам Л.​Зігенам. У 18 — пач. 19 ст. была пашырана для рэпрадуцыравання карцін. Выкарыстоўваецца і ў наш час.

т. 10, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОРЖ (Odobaenus rosmarns),

адзіны від сям. маржоў атр. ластаногіх. 3 падвіды. Пашыраны кругапалярна. Жывуць статкамі на ўзбярэжжах, летам на плывучым лёдзе ўтвараюць логавішчы да 3—4 тыс. асобін. Лапцеўскі падвід (O.r. laptevi) у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. самца да 4,1 м, маса да 2 т (самкі адпаведна да 3,7 м і 1,1 т). Скура тоўстая (да 4 см) з кароткімі рэдкімі валасамі. У самца на грудзях, шыі і лапатках скура ўтварае бугры. Іклы верхняй сківіцы ператварыліся ў біўні (гл. Маржовыя іклы). Кормяцца пераважна доннымі жывёламі (малюскамі, ракападобнымі, чарвямі). Нараджаюць 1 дзіцяня раз у 2—3 гады. Промысел абмежаваны. Выкарыстоўваюцца біўні, мяса, скура.

Э.​Р.​Самусенка.

Морж.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШО́ЎКАВЫЯ, мышоўкі (Zapodidae, або Sicistidae),

сямейства млекакормячых атр. грызуноў. 4 роды, 11 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясной, ’лесастэпавай і стэпавай зонах, у гарах — да выш. 3000 м. Селяцца ў норах, паваленых дрэвах, пнях. Актыўныя на змярканні і ноччу. Зіму праводзяць у спячцы. На Беларусі 1 від — мышоўка лясная (Sicista letulina).

Даўж. цела да 10 см, хваста да 16 см, маса да 28 г. Падобныя да мышэй. Канечнасці пяціпальцыя, заднія падоўжаныя. Здольныя рабіць скачкі даўж. да 4 м. Пераважна расліннаедныя, часам кормяцца дробнымі беспазваночнымі, насякомымі. Нараджаюць да 8 дзіцянят 1—2 разы за год.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Мышоўкавыя. Мышоўка лясная.

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІТА́НКАВЫ РАКЕ́ТНЫ КО́МПЛЕКС (ПТРК),

сукупнасць функцыянальна звязаных баявых і тэхн. сродкаў для паражэння браніраваных цэлей процітанкавымі кіроўнымі ракетамі; від процітанкавага ўзбраення. У ПТРК уваходзяць: пускавая ўстаноўка, ракеты, апаратура абслугоўвання і праверкі. Пускавая ўстаноўка складаецца з апаратуры прыцэльвання, фарміравання і перадачы каманд кіравання ракеце. Бываюць пераносныя, буксіравальныя, самаходныя (у т. л. на базе танкаў), верталётныя і інш.; паводле сістэмы кіравання — ручныя, паўаўтаматычныя, аўтаматычныя; паводле скорасці палёту ракет — дагукавыя, звышгукавыя. У пераносных ПТРК далёкасць пуску ракет 40 м — 3 км, у самаходных і верталётных — да 5 км.

Г.​М.​Грысенка, Р.​І.​Флярко.

Пераносны процітанкавы ракетны комплекс 9К 111 «Фагот» (СНД).

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛ,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Мядзелка (выцякае з возера), за 4 км на Пн ад г. Мядзел. Пл. 16,2 км², даўж. 6,3 км, найб. шыр. 4 км, найб. глыб. 24,6 м, даўж. берагавой лініі каля 31 км. Пл. вадазбору 89,2 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, у верхняй ч. разараныя, у ніжняй параслі хмызняком. З ПдУ да возера прымыкае лес. Берагі нізкія, пясчаныя і пясчана-галечныя, участкамі на Пд і У зліваюцца са схіламі. Пойма шыр. да 250 м, вакол заліваў забалочаная. Дно да глыб. 2—2,5 м пясчанае, ніжэй выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелямі. 8 астравоў агульнай пл. 0,24 км², найбольшыя: Замак, Бярозавы, Кульчына, Селішча. Моцна зарастаюць залівы. Упадаюць 6 ручаёў. Выкарыстоўваецца як месца адпачынку.

Возера Мядзел. Від на востраў Замак.

т. 11, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)