КРУ́ЗЕ (Крус) Апалон Якаўлевіч
(15.12.1892, г. Пецярбург — 6.5.1967),
савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейт. (1949). Беларус. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1941). З жн. 1912 у арміі, з ліст. 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1936 камандзір палка, выкладчык Ваен. акадэміі, нач. курсаў удасканалення камсаставу. У Вял. Айч. вайну на Варонежскім, Сцяпным, 2-м і 3-м Укр. франтах: камандзір стралк. дывізіі, корпуса. Удзельнік вызвалення Украіны, Яска-Кішынёўскай аперацыі, баёў у Венгрыі і Славакіі. У 1945—58 у Мін-ве абароны СССР, нам. нач. Ваен. акадэміі.
т. 8, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАШЭ́НЯ (Яўген Варфаламеевіч) (23.12.1900, пас. Альбярцін, цяпер у межах г. Слонім Гродзенскай вобл. — 6.12.1981),
генерал-лейтэнант інж. войск (1955). Канд. ваен. н. (1943). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У Чырв. Арміі з 1919, удзельнік баёў супраць Урангеля і Махно. У 1935—41 выкладчык у Ваен. акадэміі імя Фрунзе. У Вял. Айч. вайну нач. інж. службы, нач. штаба аператыўнай групы інж. загарод Зах. і Крымскага франтоў, нач. штаба інж. войск 1-га Бел. і Забайкальскага франтоў, удзельнік абароны Масквы і Севастопаля, Вісла-Одэрскай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай і Хангана-Мукдэнскай аперацый. У 1946—59 на выкладчыцкай рабоце ў ваен. акадэміях.
т. 9, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСПЕРО́ ((Maspéro) Анры) (15.12.1883, Парыж — 17.3.1945),
французскі гісторык і філолаг, кітаязнавец, спецыяліст па мовах і гісторыі краін Індакітая. Сын Г.К.Ш.Масперо. З 1908 выкладчык, з 1911 праф. Франц. школы Д. Усходу ў г. Ханой (В’етнам), з 1920 праф. кіт. мовы і л-ры Калеж дэ Франс у Парыжы. З 1935 чл., з 1944 прэзідэнт франц. Акадэміі надпісаў. Аўтар больш як 150 прац, прысвечаных Кітаю і Індакітаю, у т. л. кн. «Старажытны Кітай» (1927, ахоплівае гісторыю і культуру Кітая з 12 да 3 ст. да н.э.), «Кітайская мова» (1931). Загінуў у лагеры смерці Бухенвальд.
т. 10, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Аляксей Пятровіч) (н. 18.3.1951, в. Маркавічы Гомельскага р-на),
бел. вучоны ў галіне ліцейнай вытв-сці. Канд. тэхн. н. (1989). Скончыў БПІ (1977). З 1974 на Гомельскім ліцейным з-дзе «Цэнтраліт». З 1993 дырэктар н.-д. і канструктарска-тэхнал. ін-та ліцейнай вытв-сці «БелНДІліт», адначасова выкладчык БПА. Навук. працы па ліцейнай вытв-сці чорных і каляровых металаў і сплаваў, камп’ютэрных тэхналогіях па праектаванні тэхнал. працэсаў і аснасткі для ліцейнай вытв-сці. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Тв.:
Технология и оборудование непрерывного литья заготовок. Мн., 1992 (разам з М.І.Карпенкам;
Я.І.Маруковічам).
М.П.Савік.
т. 10, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛІГУ́ЛА (Мікалай Паўлавіч) (н. 7.11.1936, Мінск),
бел. спартсмен і трэнер (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1968). Засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1959). У 1954—86 спартсмен-інструктар ЦСКА, выкладчык Вышэйшага інж.-зенітнага ракетнага вучылішча (Мінск); у 1986—91 трэнер нац. каманды Беларусі па спарт. гімнастыцы. У 1977—80 старшыня Федэрацыі гімнастыкі Беларусі. Сярэбраны прызёр XVII Алімп. гульняў (1960, Рым) у камандным першынстве. Чэмпіён СССР (1960) у практыкаваннях на брусах. Шматразовы чэмпіён Беларусі (1955—67). Сярод выхаванцаў — Н.Кім, А.Малееў (сярэбраны прызёр XX Алімп. гульняў, 1972). З 1991 у ЗША, трэнер па гімнастыцы.
т. 10, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ МУЗЫ́ЧНЫЯ КУ́РСЫ Адкрыты Г.Львовай у вер. 1914 у Мінску пры Аляксееўскай жаночай гімназіі на базе класа фп. ігры
(існаваў пры гімназіі з 1913). Тэрмін навучання 3 гады. Заняткі праводзіліся па класах фп. (выкладчык Львова),
скрыпкі (Ю.Жухавіцкі), спеваў (Ю.Багуслаўскі), сумеснай ігры (Г.Іваноўскі), хар. спеваў (Ф.Леўчанка). Выкладаліся таксама агульнатэарэт. дысцыпліны — методыка фп. ігры, тэорыя музыкі і эстэтыка (Львова), сальфеджыо і гармонія (Л.Эмерман). Асаблівая ўвага аддавалася вывучэнню методыкі ігры на фп., заснаванай на навейшых прыёмах выканання. 2 разы на год адбываліся канцэрты навучэнцаў. Выпускнікі атрымлівалі кваліфікацыю выкладчыкаў муз. школ.
А.І.Ахвердава.
т. 10, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРЖА́НАЎ (Віктар Карпавіч) (н. 15.8.1919, г. Тамбоў, Расія),
расійскі піяніст, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1941). Вучань С.Фейнберга (фп.) і А.Гедыке (арган). З 1946 саліст Маскоўскай філармоніі. З 1947 выкладчык Маскоўскай кансерваторыі (з 1964 праф., з 1985 заг. кафедры), у 1973—78 адначасова праф. Вышэйшай муз. школы ў Варшаве. Выступае як саліст і ансамбліст. Вядзе курсы фп. майстэрства. Аўтар артыкулаў па муз. педагогіцы. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў у Маскве (1945), Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.Шапэна ў Варшаве (1949). Дзярж. прэмія Расіі 1996.
т. 11, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НКРАЦ (Генрых Якаўлевіч) (15.5.1907, г. Запарожжа, Украіна — 2.10.1981),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969), праф. (1970). Скончыў пед. ін-т у г. Энгельс (Расія, 1937). Працаваў у Маскоўскім ін-це замежных моў (1938—42). З 1946 выкладчык Алма-Ацінскага, з 1969 заг. кафедры Мінскага ін-таў замежных моў. Даследаваў фанетыку, фаналогію, марфалогію, сінтаксіс, гісторыю ням. мовы. Перакладаў з рус. мовы на нямецкую.
Тв.:
Семантика и лексико-грамматическая структура переспроса в немецком языке. Алма-Ата, 1957;
Нижненемецкий диалект в СССР (фонетика, словообразование, формообразование). Л., 1968;
Архитектоника слова. Мн., 1977.
А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ХАРАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 26.4.1945, г. Цюкалінск Омскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1976, кл. Я.Глебава). З 1981 выкладчык у муз. навуч. установах Мінска. Працуе ў розных жанрах. Сярод твораў: сімф. паэма «Пунсовыя ветразі» (1983); араторыі «Казка пра папа і работніка яго Балду» (1975), «Мір дому твайму» (1984); харавы цыкл «Поле беларускае» (1986); кантаты «Сонечны горад» (1997), «На Раство Хрыстова» (1999); вак. цыкл «Цёпла ў доме маім» (1999); паэма-фантазія для скрыпкі і сімф. арк. (1998) і інш.; музыка да спектакляў драм. і лялечных т-раў, радыёспектакляў, для дзяцей.
Т.Б.Варфаламеева.
т. 13, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ХАРАЎ (Якаў Васілевіч) (6.11.1870, в. Пажаркі Калужскай вобл., Расія — 1942),
рас. і бел. кампазітар, муз. этнограф. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1904, кл. М.Рымскага-Корсакава). З 1921 супрацоўнік Дзярж. ін-та муз. навукі ў Маскве, уваходзіў у Беларускую песенную камісію. З 1924 выкладчык Бел. муз. тэхнікума ў Мінску. Збіраў песні народаў Расіі, бел. нар. песні (запісаў у розных мясцовасцях больш за 150 песень). Сярод муз. твораў: харавыя апрацоўкі 82 бел. нар. песень (у т. л. «Ой рана на Йвана», «Ах ты, зорка мая»), рамансы на словы Я.Купалы і Я.Коласа. Аўтар муз.-этнагр. прац. Сярод яго вучняў М.Аладаў.
т. 13, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)