ЛІ́ДСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. і адкрыты ў 1959 у г. Ліда Гродзенскай вобл. Пл. экспазіцыі 317 м², больш за 31 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў карысныя выкапні, чучалы жывёльнага свету Лідчыны, знаходкі з археал. раскопак стараж. паселішчаў, Лідскага замка, друк. выданні і абразы 19 — пач. 20 ст., дакументы і матэрыялы пра вайну 1812, паўстанне 1863—64, нац.-вызв. барацьбу ў Зах. Беларусі, пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. рух у Вял. Айч. вайну, аднаўленне гаспадаркі горада і раёна ў пасляваенны час. Экспануюцца нар. адзенне, узоры дэкар.-прыкладнога мастацтва (разьба па дрэве, вышыванкі, ткацтва), вырабы шклозавода «Нёман» і інш. прадпрыемстваў.
Р.М.Жалезны.
т. 9, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́Я САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ (МСЭ),
універсальнае энцыклапедычнае выданне. Выдадзена ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». Створана на аснове Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, адрозніваецца ад яе памерам і колькасцю артыкулаў. Выйшла 3 выданні: 1-е (т. 1—10, 1928—31), 2-е (т. 1—11, 1933—47), 3-е (т. 1—10, 1958—60); з алфавітным прадметна-імянным паказальнікам. Уключае больш за 50 тыс. артыкулаў па пытаннях гісторыі, палітыкі, эканомікі, культуры і мастацтва, навукі і тэхнікі. Вызначаецца навук. дакладнасцю матэрыялу, лаканічнасцю і сцісласцю яго выкладу. Выданне багата ілюстравана, у ім больш за 12 тыс. ілюстрацый, у т. л. больш за 600 каляровых, шмат малюнкаў, карт і схем.
В.К.Шчэрбін.
т. 10, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМЯСТО́ЎСКІ Франц Іванавіч (10.2.1882, г. Вільня — май 1940),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це, уваходзіў у «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». Друкаваўся з 1904 пад псеўд. Дзядзька Пранук. Удзельнічаў у выданні газ. «Наша доля», друкаваўся ў «Нашай ніве». У апавяданнях «На мужыцкі розум», «Страх», «Доктар ад каўтуна» і інш. паказаў бел. селяніна кемлівым, сумленным, высмейваў забабоны. Апавяданне «Стася» напісаў на матэрыяле 1-й сусв. вайны, удзельнікам якой быў сам. У 1927—28 выдаваў у Зах. Беларусі газ. «Беларускі дзень», час. «Беларуская культура». У 1928 адышоў ад грамадскай і культ.-асв. працы. З 1939 служыў у польскім войску.
А.С.Ліс.
т. 16, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЯ КНІ́ГІ»,
штомесячны бібліягр. бюлетэнь. Выдаецца з 1960 у Мінску Нац. б-кай Беларусі. Да 1991 наз. «Новыя кнігі БССР...», у 1992—95 — «Новыя кнігі Беларусі». Прызначаны работнікам бібліятэк, асв. устаноў і ўсім, хто цікавіцца беларусазнаўчай тэматыкай. Уключае пераважна л-ру на бел. і рус. мовах. У раздзеле «Навінкі бел. друку» інфармуе пра кнігі бел. выдавецтваў, у т. л. недзяржаўных, што паступілі ў Нац. б-ку Беларусі, знаёміць з найб. значнымі артыкуламі з рэсп. часопісаў і газет. Матэрыялы раздзела прадстаўлены ў 5 частках. У асноўнай — «Пра Беларусь і яе жыхароў» — падборка беларусазнаўчых кніг і артыкулаў, якія сабраны ў падраздзелах: «Мінулае далёкае і блізкае», «Этнаграфія. Фальклор, фалькларыстыка», «Дзень сённяшні», «Ураджэнцы Беларусі за яе межамі», «Гісторыя, культура і сучаснае Жыццё іншых народаў Беларусі», «Культура Беларусі ўчора і сёння», «Наша родная мова», «Рэлігія: ад старажытнасці да нашых дзён», «Прырода. Экалогія», «Спорт». Калі назва публікацыі не раскрывае яе змест, ён удакладняецца анатацыяй. Назва наступных 4 частак — «Папулярна аб усім» (л-ра ў дапамогу прадпрымальнікам, абітурыентам, настаўнікам і інш.), «Мастацкая літаратура» (творы, выдадзеныя асобна і надрук. ў бел. часопісах), «Кнігі і публікацыі — дзецям» (навук.-папулярныя выданні, творы маст. л-ры, казкі), «У полі зроку рэцэнзента» (рэцэнзіі з бел. перыядычнага друку на бел. выданні). Кожны нумар выходзіць пад адной вокладкай з дадаткам. У адным з іх (звычайна ў 2-м паўгоддзі) — спіс памятных дат бел. календара на наступны год. Тры дадаткі знаёмяць з матэрыяламі да найб. значных дат (біягр. ці гіст. даведкі і спіс л-ры пра асобу ці падзею), у 8 іншых — бібліягр. спісы ці агляды (пераважна беларусазнаўчай тэматыкі), якія можна выкарыстоўваць як самаст. бібліягр. дапаможнікі.
І.А.Нарчук.
т. 11, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІРАЎ Пётр Уладзіміравіч (31.12.1854, г. Казань, Расія — 1902, паводле інш. звестак, пасля 1913),
рускі філолаг-славіст і гісторык літаратуры; адзін з заснавальнікаў беларусазнаўства. Д-р рус. славеснасці (1888). Скончыў Казанскі ун-т. З канца 1880-х г. праф. Кіеўскага ун-та. Аўтар кніг і артыкулаў, прысвечаных стараж.-слав. л-рам. Праблемам стараж.-бел. л-ры і гісторыі старабел. мовы прысвяціў працы «Жыціе св. Аляксея, чалавека божага ў заходнярускім перакладзе канца XVI ст.» (1887), «Агляд паўднёварускіх і заходнярускіх помнікаў пісьменнасці ад XI да XVII ст.» (1890) і інш. У сваёй асн. працы «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888) разглядаў пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Ф.Скарыны ў шырокім гіст.-культ. кантэксце. Тэзісы да працы (выд. асобнае) пра лінгватэксталагічныя аспекты дзейнасці Скарыны і суадносіны яго перакладаў і іншамоўных выданняў той пары (напр., чэшскай Бібліі, 1506) не страцілі навук. каштоўнасці да нашага часу. Выявіў новыя дакументы пра Скарыну, даволі поўна аднавіў яго біяграфію, падрабязна прааналізаваў выданні, адзначыў іх асаблівасці, наватарства і значэнне для бел. і ўсх.-слав. культур. Даследаваў мову выданняў Скарыны, якую лічыў узорам бел. мовы пач. 16 ст., а таксама іншамоўныя лінгвістычныя запазычанні, шрыфты выданняў.
Тв.:
К исследованию о «Великом зерцале». Казань, 1885;
Введение в историю русской словесности. Киев, 1896;
Научное изучение апокрифов — отреченных книг в руссхой литературе во второй половине XIX ст. Киев, 1900;
Древняя русская литература Киевского периода XI—XIII вв. Киев, 1900.
Літ.:
Мезиер А.В. Русская словесность с XI до XIX столетия включительно: Библиогр. указ. Ч. 1—2. СПб., 1899—1902;
Булахоа М.Г. Восточнославянские языковеды. Т 1. Мн., 1976;
Немировский Е.Л. По следам Франциска Скорины: Док. повесть. Мн., 1990.
Ю.А.Лабынцаў.
т. 16, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНО́ЦКІ Напалеон Казіміравіч (13.7.1866, в. Нача Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 14.2.1937),
бел. публіцыст, перакладчык. Скончыў Слуцкую гімназію (1887), Маскоўскі ун-т (1894). У Слуцкай гімназіі ўваходзіў у тайны гурток самаадукацыі, у Маскве — у тайныя студэнцкія гурткі сацыяліст. накіраванасці. За ўдзел у хваляваннях 1890 выключаны з ун-та і сасланы ў маёнтак бацькі пад нагляд паліцыі. Працаваў урачом. У 1904—05 мабілізаваны на Маньчжурскі фронт. У 1908—12 у эміграцыі ў Канадзе. З 1918 у Варшаве, пасля ў Вільні. У 1922 уступіў у Польскую сацыяліст. партыю. З 1928 працаваў лекарам на Валыні, з 1931 у г. Ліда Гродзенскай вобл. З 1936 жыў у в. Вял. Лябёдка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Першая літ. праца — удзел у перакладзе і выданні на гектографе 1-га варыянта рэв. брашуры «Дзядзька Антон» (1885, не выяўлена); браў удзел у выданні 2-га варыянта (1892; з М.Абрамовічам). Пераклаў на польскую мову апавяданне У.Караленкі «У дрэннай кампаніі» (каля 1887, не выяўлена, захаваліся 2 лісты Ч. да пісьменніка), на бел. мову п’есы «Сватанне» А.Чэхава і «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага (1910). У арт. «Да пытання пра беларускую народную школу» (1908) выступіў у абарону бел. мовы, з прыязнасцю пісаў пра творчасць Я.Коласа, паказаў добрае веданне бел. фальклору. Аўтар брашуры «Як будзе з зямлёю?» (1907), успамінаў пра рэв. рух, Абрамовіча, публіцыстычных арт. у «Нашай ніве» і «Вольнай Беларусі».
Тв.:
Батлейкі з ваколіц Начы // Народны тэатр. Мн., 1983.
Літ.:
Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2;
Каханоўскі Г. Таямніцы за чортавым мостам // Маладосць. 1992. № 5.
В.У.Скалабан.
т. 17, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІ́ЦКІ Аляксандр (8.2.1826, Вільня — 1.6.1893),
літаратар, музычны крытык. Скончыў Харкаўскі ун-т. Меў у Мінску кнігарню (канец 1850 — пач. 1860-х г.), вакол якой групавалася прагрэсіўная інтэлігенцыя. За ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях 1863 сасланы ў Тамбоў. З 1868 жыў у Польшчы. У 1890—93 працаваў у бібліятэцы Радзівілаў у Нясвіжы. Аўтар манаграфіі «Станіслаў Манюшка» (1873), дзе падрабязна паказаў сувязь кампазітара з грамадскасцю Мінска. Паводле ўспамінаў Р.Зямкевіча, пісаў на бел. мове (творы не захаваліся) пад псеўданімам Місцюк (у Я.Карскага — Міншчук). У працы «Нашы памылкі ў размове і пісьме...» (1886) апісаў беларусізмы ў польск. мове. Сябар В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны (у 1889 аказаў дапамогу ў выданні нарыса паэта «З крывавых дзён»).
А.І.Мальдзіс.
т. 3, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮРО́ ДАПАМО́ГІ КАМПА́РТЫІ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ пры ЦК КП(б)Б, называлася таксама «закардоннае бюро». Дзейнічала з ліп. 1924 да 21.2.1925 у Мінску. Створана пры садзейнічанні прадстаўніцтва ЦК КПРП пры Выканкоме Камінтэрна для арганізацыі дапамогі КПЗБ. У розны час у яго ўваходзілі Я.А.Адамовіч, А.М.Асаткін-Уладзімірскі, У.М.Ігнатоўскі, А.І.Крыніцкі, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), А.С.Славінскі, А.Р.Чарвякоў. Вяло перапіску па пытаннях паліт. і арганізац. характару з ЦК КПЗБ, які знаходзіўся ў падполлі, аказвала дапамогу ў выданні падп. л-ры, рабоце друкарняў, фінансавала яго культ.-асв. дзейнасць, рыхтавала кадры для падп. работы ў Зах. Беларусі і інш. Скасавана паводле рашэння Бюро ЦК КП(б)Б.
У.Ф.Ладысеў.
т. 3, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЕР (Bayer) Готліб (Тэафіль) Зігфрыд (6.1.1694, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 10.2.1738),
нямецкі гісторык і філолаг. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т. З 1725 працаваў на кафедры старажытнасцяў і ўсх. моў Пецярбургскай АН. Працы па арыенталістыцы, філалогіі (у т. л. слоўнік кіт. мовы), гіст. геаграфіі і гісторыі Стараж. Русі (напісаны на аснове візант., сканд. крыніц і пачатковага рус. летапісу ў лац. перакладзе), у т. л. «Пра варагаў», «Пра першы паход русаў на Канстанцінопаль», «Паходжанне русаў», «Геаграфія Русі і суседніх абласцей у 948 г. з Канстанціна Багранароднага», «Геаграфія Русі і суседніх абласцей у 948 г. з паўночных пісьменнікаў» і інш., якія друкаваліся ў спец. выданні Акадэміі навук на лац. мове «Каментарыі». Пачынальнік нарманскай тэорыі.
т. 2, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЯЧЫ́НСКІ Мацей (канец 1520-х г. — 1-я пал. 1572),
бел. кнігавыдавец, перакладчык, рэфармацыйны дзеяч. У 1540-я г. вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це, з канца 1550-х г. жыў на Беларусі. Нясвіжскі намеснік М.Радзівіла Чорнага. Засн. порт на р. Узда, паперню ў Нясвіжы. Удзельнічаў у кальвінісцкім, пазней у арыянскім руху на Беларусі, у Літве і Польшчы. У 1561—62 з С.Будным і Л.Крышкоўскім засн. Нясвіжскую друкарню, у якой у 1562 надрукаваны першыя на Беларусі выданні на бел. мове — «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад богам» Буднага. Аўтар прадмоў да некат. нясвіжскіх выданняў. Пасля смерці К. маёмасць перайшла яго братам, друкарню купіў Я.Кішка.
Г.Я.Галенчанка.
т. 7, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)