УЛАДЗІ́МІРАЎ Пётр Уладзіміравіч (31.12.1854, г. Казань, Расія — 1902, паводле інш. звестак, пасля 1913),

рускі філолаг-славіст і гісторык літаратуры; адзін з заснавальнікаў беларусазнаўства. Д-р рус. славеснасці (1888). Скончыў Казанскі ун-т. З канца 1880-х г. праф. Кіеўскага ун-та. Аўтар кніг і артыкулаў, прысвечаных стараж.-слав. л-рам. Праблемам стараж.-бел. л-ры і гісторыі старабел. мовы прысвяціў працы «Жыціе св. Аляксея, чалавека божага ў заходнярускім перакладзе канца XVI ст.» (1887), «Агляд паўднёварускіх і заходнярускіх помнікаў пісьменнасці ад XI да XVII ст.» (1890) і інш. У сваёй асн. працы «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888) разглядаў пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Ф.Скарыны ў шырокім гіст.-культ. кантэксце. Тэзісы да працы (выд. асобнае) пра лінгватэксталагічныя аспекты дзейнасці Скарыны і суадносіны яго перакладаў і іншамоўных выданняў той пары (напр., чэшскай Бібліі, 1506) не страцілі навук. каштоўнасці да нашага часу. Выявіў новыя дакументы пра Скарыну, даволі поўна аднавіў яго біяграфію, падрабязна прааналізаваў выданні, адзначыў іх асаблівасці, наватарства і значэнне для бел. і ўсх.-слав. культур. Даследаваў мову выданняў Скарыны, якую лічыў узорам бел. мовы пач. 16 ст., а таксама іншамоўныя лінгвістычныя запазычанні, шрыфты выданняў.

Тв.:

К исследованию о «Великом зерцале». Казань, 1885;

Введение в историю русской словесности. Киев, 1896;

Научное изучение апокрифов — отреченных книг в руссхой литературе во второй половине XIX ст. Киев, 1900;

Древняя русская литература Киевского периода XI—XIII вв. Киев, 1900.

Літ.:

Мезиер А.В. Русская словесность с XI до XIX столетия включительно: Библиогр. указ. Ч. 1—2. СПб., 1899—1902;

Булахоа М.Г. Восточнославянские языковеды. Т 1. Мн., 1976;

Немировский Е.Л. По следам Франциска Скорины: Док. повесть. Мн., 1990.

Ю.​А.​Лабынцаў.

т. 16, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)