АСЕТРАПАДО́БНЫЯ
(Acipenseriformes),
атрад храстковых рыб. Вядомы з ніжняй юры, сучасныя прадстаўнікі — з верхняга мелу. 2 сям.: асятровыя (Acipenseridae) і весланосыя (Polycdontidea). 25 відаў у Паўн. паўшар’і. У рэках Беларусі вельмі рэдка трапляецца сцерлядзь, раней на нераст заходзілі асетр балтыйскі і асетр рускі, рабіліся спробы вырошчвання гібрыда сцерлядзі і бялугі — бесцера.
Даўж. ад 27 см да 9 м, маса да 2 т (бялуга). На целе 5 радоў рамбічных касцяных пласцінак (жучак) або скура голая. Хваставы плаўнік неаднолькава лопасцевы (гетэрацэркальны), аснова верхняй лопасці ўкрыта ганоіднай рамбічнай луской. Рыла выцягнутае, з вусікамі. Рот высоўны, ніжні, без зубоў. Аснова восевага шкілета — пруткая хорда (целаў у пазванкоў няма). Унутраны шкілет храстковы, на галаве скураныя косці. Прамяні шчэлепнай перапонкі адсутнічаюць. У сэрцы ёсць артэрыяльны конус, у кішэчніку — спіральны клапан. Каштоўныя прамысл. рыбы. У нізоўях вял. рэк, дзе жывуць асетрападобныя, дзейнічаюць рыбагадавальнікі, якія штогод выпускаюць у вадаёмы малявак рыб. Некаторыя віды занесены ў Чырв. кнігі МСАП, інш. краін, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі.
т. 2, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАПНЯ́К,
асадкавая горная парода, складзеная з карбанатаў кальцыю (кальцыт, радзей араганіт). Мае прымесі даламіту, гліністых і пясчаных часцінак і інш. Нярэдка ўключае рэшткі вапняковых шкілетаў выкапнёвых арганізмаў. Колер белы, шэры з рознымі адценнямі. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³.
Паводле паходжання вапнякі бываюць: арганагенныя — з ракавін (ракушачнікі) або з калоній каралаў, імшанак, водарасцяў; арганагенна-абломкавыя (дэтрытусавыя) — з абломкаў арган. рэшткаў; абломкавыя — з абкатаных карбанатных абломкаў; хемагенныя; перакрышталізаваныя. Вапняк звязаны паступовымі пераходамі з даламітамі, глінамі, пясчанікамі і інш.; пры метамарфізме пераходзіць у мармур. Большасць вапнякоў марскога паходжання, аднак ёсць і вапнякі прэснаводных азёраў, засоленых поймаў, мінер. крыніц (вапнавыя туфы і інш.). Пласты дасягаюць магутнасці ў сотні і тысячы метраў. Здольныя да ўзнікнення з’яў карсту.
На Беларусі вапняк найб. пашыраны ў адкладах дэвону, ардовіку, сілуру, верхняга мелу, трапляецца таксама ў кам.-вуг., пермскай і юрскай сістэмах. Выкарыстоўваецца ў прам-сці (флюсы, выраб фарбаў, шкла, гумы, пластмасаў, лекаў, мыла і інш.), сельскай гаспадарцы (вапнаванне глебы), буд-ве (вапна, цэмент) і архітэктуры, харч. прам-сці (вытв-сць цукру) і інш.
т. 3, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛУБАПАДО́БНЫЯ
(Columbiformes),
атрад птушак. 3 сям.: галубіныя (Columbidae), дронтавыя (вымерлыя), рабковыя. 316 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных шыротах зямнога шара. Вядомы з верхняга эацэну. Дрэвавыя або наземныя птушкі. Бываюць галубы свойскія (больш за 150 парод) і паўсвойскія. Існуе галіна птушкагадоўлі — голубагадоўля. На Беларусі 6 відаў: з сям. галубіных вяхір, голуб шызы, клінтух, туркаўка звычайная, туркаўка кольчатая і з сям. рабковых — саджа звычайная, або капытка (Syrrhaptes paradoxus), — выпадкова залётны від. Вядомы таксама галубы: вандроўны голуб, белагруды (беласпінны; Columbus leuconota), каменны (скалісты; С. rupestris), буры (С. eversmanni), белабрухі рабок (Pterocles alchata) і інш.
Даўж. цела 15—78 см, маса 30 г — 20 кг (дронты). У большасці голубападобных самцы буйнейшыя і ярчэй афарбаваныя за самак. Апярэнне шчыльнае. Крылы падоўжаныя, завостраныя (акрамя дронтаў). Валлё і мускульны страўнік добра развітыя. Пераважна расліннаедныя, збіраюць корм звычайна на зямлі. Манагамы. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах на абрывістых берагах рэк, нішах пабудоў, на дахах. Бацькі кормяць птушанят адрыжкай з валляка або асаблівым «птушыным малаком». Аб’екты спарт. палявання. Голубападобныя — крыніца інфекцыі пры арнітозах. Некат. ахоўваюцца.
т. 5, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БСБУРГІ
(Habsburger),
дынастыя, якая правіла ў Аўстрыі (1282—1918), Чэхіі і Венгрыі (1526—1918), частцы Італіі (16 ст. — 1816), у «Свяшчэннай Рым. імперыі» (пастаянна ў 1438—1806, акрамя 1742—45), Іспаніі (1516—1700), Нідэрландах. Засн., верагодна, Гунтрамам Багатым (сярэдзіна 10 ст.) з Верхняга Эльзаса. Назва ад замка Габсбург, пабудаванага каля 1020 у швейц. вобласці Ааргаў. Імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» стаў Рудольф І Габсбург (1273—91), ён замацаваў за Габсбургамі герцагства Аўстрыю і Штырыю (1282). У 1526 Габсбургі далучылі Чэхію, ч. Венгрыі, інш. тэр., сталі манархамі шматнац. дзяржавы (у 1867—1918 — Аўстра-Венгрыя). У 1556 дынастыя Габсбургаў падзялілася на 2 галіны — аўстр. і іспанскую. Панаванне ісп. Габсбургаў скончылася ў 1700, калі памёр апошні кароль Іспаніі з дынастыі Габсбургаў Карл II. Аўстр. галіна Габсбургаў абарвалася ў выніку паражэння Аўстра-Венгрыі ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. Устаноўчы сход Аўстр. рэспублікі (3.4.1919) прыняў закон аб пазбаўленні Габсбургаў усіх правоў, выгнанні іх за межы Аўстрыі і канфіскацыі ўсёй іх маёмасці. Найб. значныя прадстаўнікі: ісп. галіна — Карл V [1516—56] і Філіп II [1556—98], аўстр. — Марыя Тэрэзія [1771—80], Іосіф II [1765—90], Франц Іосіф І [1848—1916].
Літ.:
Котова Е.В. Династия Габсбургов // Новая и новейшая история. 1991. № 4.
т. 4, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУ́ЧЫЯ СЛА́НЦЫ,
карысны выкапень, асадкавыя карбанатна-гліністыя, крамяністыя або гліністыя горныя пароды, якія маюць гаручыя ўласцівасці. Маюць 10—50% па масе арган. рэчыва (керагену), да 7—10% вадароду, 30—80% лятучых кампанентаў, бітумы. Гараць куродымным полымем са спецыфічным бітумінозным пахам. Колер карычневы, карычнева-жоўты, шэры, аліўкава-шэры. Асн. мінер. кампаненты гаручых сланцаў — кварц, кальцыт, гліністыя мінералы, таксама палявыя шпаты, пірыт і інш. Пры сухой перагонцы гаручыя сланцы атрымліваюць смалу (сланцавае масла) — крыніцу хім. прадуктаў, гаручыя газы і падсмольныя воды. Выхад смол 5—50%. Макс. цеплата згарання 14,6—16,7 МДж/кг. Выкарыстоўваюцца як паліва, для вытв-сці быт. газу, у хім. прам-сці (сінт. дубільнікі, клей, лакі, масцікі і інш.). Агульныя патэнцыяльныя рэсурсы гаручых сланцаў у свеце ацэнены ў 450 трлн. т. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе ўтвараюць сланцавы басейн пл. каля 20 тыс. км² з прагнознымі рэсурсамі 8 млрд. т. Глыбіня залягання 50—600 м, магутнасць пласта 0,5—3 м. У межах басейна папярэдне разведана шахтавае поле Тураўскага радовішча. Гэтыя гаручыя сланцы патрабуюць пры выкарыстанні папярэдняй тэрмічнай перапрацоўкі, у выніку якой можна атрымаць вадкае і газападобнае паліва.
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́НЬ,
з’ява, звязаная з працэсам гарэння; уключае вонкавае і сенсорнае ўспрыманне яго чалавекам. Сляды агню археолагі знаходзяць пры раскопках паселішчаў сінантрапаў і неандэртальцаў.
Доўгі час людзі карысталіся прыродным агнём, які ўзнікаў пры самазагаранні дрэў і раслін ад маланкі, вывяржэння вулканаў, загарання прыроднага газу і інш., і падтрымлівалі гарэнне ў ямах і агнішчах. У пач. верхняга палеаліту людзі навучыліся здабываць агонь ад трэння кавалкаў дрэва. Пазней (у пач. жал. веку) агонь высякалі з крэменю пры дапамозе жал. крэсіва, з 19 ст. сталі выкарыстоўваць запалкі, запальнічкі. Авалоданне агнём спрыяла канчатковаму аддзяленню першабытнага чалавека ад жывёльнага свету і зрабіла вызначальны ўплыў на развіццё агульначалавечай культуры і ўзаемаадносін паміж людзьмі. У стараж. беларусаў агонь лічыўся радавым і хатнім бажаством, абаронцам хатняга ачага і лек. сродкам. Уяўленні пра яго надпрыродную сілу захаваліся ў рытуальных звычаях раскладваць купальскія вогнішчы, скакаць цераз іх парамі для «ачышчэння» і інш. Да канца 19 ст. на Беларусі існавалі ахвяраванні ў гонар агню (спальвалі першы сноп жыта перад тым як сушыць у асеці); «жывым агнём», г. зн. здабытым ад трэння кавалкаў дрэва, абносіліся паселішчы ў час эпідэміі і эпізаотыі, пасевы ў час засухі ці вымакання. Багамі агню ва ўсіх славян лічыліся Сварожыч і Жыжаль. Некаторыя народы Індыі, Ірана і цяпер пакланяюцца агню.
т. 1, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБА́РСТВА,
рамяство па вырабе скур для пашыву абутку. На Беларусі сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы, зрэдку коней, свіней. Традыц. тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстка ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне (каб скура стала вільгаценепранікальнай) і апрацоўку (фарбаванне, пакрыццё тлушчам, глянцаванне і інш.). Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці-сысунка), саф’ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура без верхняга пласта), лайка (з авечых скур). Гарбарства на Беларусі было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак. У канцы 19 — пач. 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна-заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працаваў гаспадар з 2—4 рабочымі або членамі сям’і. Найбольш вядомымі цэнтрамі гарбарства былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, Ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Слуцк, Мазыр і інш. Высокай якасцю славіліся магілёўскія і мазырскія скуры, якія карысталіся вял. попытам і за межамі Беларусі. У 1920—40-я г. саматужнае гарбарства было забаронена. У 1950-я г. кааператыўна-прамысловыя арцелі рэарганізаваны ў дзярж. прадпрыемствы. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.
Н.І.Буракоўская.
т. 5, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН,
у межах Заходне-Сібірскай раўніны, на тэр. Pacü і Казахстана, буйнейшы ў свеце. Пл. каля 3 млн. км2. Ваданосныя комплексы звязаны з асадкавымі адкладамі меза-кайназою і пародамі складкавага фундамента Заходне-Сібірскай пліты. У будове басейна вылучаюць 2 гідрагеал. паверхі, падзеленыя тоўшчай гліністых адкладаў верхняга мелу-эацэну. Верхні паверх прадстаўлены ваданоснымі комплексамі алігацэну, неагену і антрапагену. Глыб. ад 1—2 да 1—20 м і больш, удзельны дэбіт свідравін да 5—7 л/с. Воды ў цэнтр. і паўн. ч. прэсныя (да 1 г/л), у паўд. ч. саланаватыя і салёныя (да 10—15 г/л і больш). Падземныя воды фарміруюцца ў выніку інтэнсіўнага сцёку і ў цеснай сувязі з кліматычнымі фактарамі і гідраграфічнай сеткай тэрыторыі. Ніжні паверх аб’ядноўвае ваданосныя комплексы мелавых і юрскіх адкладаў і прыпаверхневай ч. фундамента, якія залягаюць у цэнтр. ч. на глыб. да 1000—3000 м і больш, на перыферыі басейна — каля паверхні. Удзельны дэбіт свідравін да 1,7—3,5 л/с. Воды ў цэнтр. ч. салёныя (20—30 г/л і больш). Папаўненне запасаў падземных вод ніжняга паверха адбываецца на перыферыі, дзе ваданосныя слаі выходзяць на паверхню. З ваданосным гарызонтам ніжняга паверха звязаны буйныя запасы нафты і газу.
т. 7, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКА-КАМЯНЕ́ЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Панямонні; бытаваў у асяроддзі сялян і дробнай шляхты ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Ваўкавыскім, Пружанскім і Камянецкім р-нах. Гарнітур жаночага летняга адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха, гарсэта (неабавязкова), пояса, галаўных убораў і ўпрыгожанняў. Кашуля з глыбокім разрэзам пазухі і высокім стаяча-адкладным каўняром; уздоўж рукавоў і па цэнтры кашулі чырвонымі або чырвона-чорнымі ніткамі вышывалі раслінныя, зааморфныя і геаметрычныя ўзоры. Сакавітасцю бурачковых, малінавых, фіялетава-сініх фарбаў, арнаментальнай узорыстасцю нізу вылучаліся спадніцы-андаракі з вертыкальнымі складкамі. Арнамент яркіх кантрастных паскаў і клетак дапаўняўся рознакаляровымі пальметамі (зоркамі, кветкамі) уздоўж ніжняй дамінуючай паласы шляка. Фартух шылі з адной (радзей дзвюх) полкі белай ільняной тканіны ці паркалю, аздаблялі фальбонамі, вышыўкай процягам або гладдзю. Гарсэт з чорнай шарсцянкі аздаблялі паліхромнай вышыўкай расліннага арнаменту, каляровай аблямоўкай — зрэзы верхняга крыса, проймаў і гарлавіны. Традыцыйныя галаўныя ўборы (наміткі, чапцы, каптуры) з чырвонага ці сіняга паркалю, шарсцянкі або бардовага атласу аздаблялі тасёмкай бліскучага жоўтага галуну і гафрыраваным паскам белага цюлю. Аснову мужчынскага летняга адзення складалі кашуля, нагавіцы, даматканы рознакаляровы пояс. Кашулю з адкладным каўняром сціпла аздаблялі чырвонай вышыўкай на каўняры і падоле. Нагавіцы шылі з суровага палатна або пярэстай паўшарсцянкі. Мужчынскае і жаночае верхняе адзенне складалі світы-сярмягі, кажухі і інш.
М.Ф.Раманюк.
т. 4, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́СНЫЯ ГУ́КІ,
гукі мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота. У акустычных адносінах гэта муз. тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны гук у залежнасці ад формы, набытай поласцю рота і поласцю глоткі (рэзанатары) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія наз. характэрнымі тонамі галоснага ці яго фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго. Агульныя анатама-фізіял. ўмовы ўтварэння галосных гукаў: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-н. значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення. За найб. зручную навук. класіфікацыю прынята лічыць анатама-фізіял., ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў. Асн. ролю пры ўтварэнні галосных гукаў выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне.
Паводле актыўнасці-пасіўнасці губ бел. галосныя гукі падзяляюцца на губныя, ці лабіялізаваныя («о», «у»), і негубныя, ці нелабіялізаваныя («і», «ы», «э», «а»). У залежнасці ад стану языка па гарызанталі — на 3 групы: пярэдняга рада («і», «э»), сярэдняга, ці мяшанага, рада («ы», «а»), задняга рада («у», «о»). Паводле руху языка па вертыкалі — на ступені пад’ёму: верхняга пад’ёму, ці закрытыя, вузкія («і», «ы», «у»); сярэдняга пад’ёму («о», «э»); ніжняга пад’ёму, ці адкрытыя, шырокія («а»). У залежнасці ад стану мяккага паднябення — на ротавыя, ці неназалізаваныя (усе галосныя гукі сучаснай бел. мовы), і насавыя, ці назалізаваныя (Ѫ, Ѧ у стараслав., ą, ę; у польск., ɑ̃, ɛ̃ у франц. мове).
Літ.:
Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова: Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Мн., 1985.
Л.П.Падгайскі.
т. 4, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)