КАБУ́ЛАВА (Саадат) (н. 15.12.1925, г. Маргілан Ферганскай вобл., Узбекістан),
узбекская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1959). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1954). У 1941—48 салістка Узб. т-ра муз. драмы і камедыі, у 1954—86 — Узб. т-ра оперы і балета. З 1969 выкладае ў Ташкенцкай кансерваторыі (з 1986 праф.). Яе творчасці характэрна спалучэнне еўрап. вак. тэхнікі з ярка нац. манерай выканання. Сярод партый у нац. операх: Лейлі («Лейлі і Меджнун» Р.Гліэра і Т.Садыкава), Дыларом («Дыларом» М.Ашрафі), Санабар («Хамза» С.Бабаева); у класічных — Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Мімі («Багема» Дж.Пучыні).
т. 7, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ДКА (Мікалай Сяргеевіч) (н. 29.6.1952, г. Любань Мінскай вобл.). бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1975),
Літ. кансерваторыю (Вільнюс, 1985, клас Ю.Домаркаса). З 1979 дырыжор Нац. акад. т-ра оперы і балета Беларусі. Творчасці К. ўласцівы тонкае адчуванне муз. стыляў, рамантычная ўзнёсласць, эмацыянальнасць. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены балеты «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1979, 1989), «Па-дэ-катр» Ц.Пуні (1981), оперы «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1986), «Баль-маскарад» Дж.Вердзі (1988), «Медыум» Дж.К.Меноці (1989), «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984). Дырыжыраваў таксама шматлікімі інш. операмі.
Т.А.Дубкова.
т. 7, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРАЦЮ́К (Мікалай Кандратавіч) (н. 5.5.1931, г. Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобл., Украіна),
украінскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1958), з 1948 выкладае ў ёй (з 1979 праф., у 1974—83 рэктар). З 1957 саліст Укр. нар. хору імя Р.Вяроўкі, з 1959 — Нац. т-ра оперы і балета Украіны (Кіеў), з 1966 — Кіеўскай філармоніі. Валодае роўным ва ўсіх рэгістрах голасам прыгожага аксамітавага тэмбру. Сярод партый: Астап («Тарас Бульба» М.Лысенкі), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), граф ды Луна, Жэрмон («Трубадур», «Травіята» Дж.Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Вядомы і як камерны спявак. Дзярж. прэмія Украіны 1972.
т. 7, с. 579
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНХАВО́ІН (Лхасаран Ладонавіч) (1.1. 1924, с. Ага-Хангіл, Бурація — 10.7. 1980),
бурацкі спявак (бас). Нар. арг. СССР (1959). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1954). З 1954 саліст Бурацкага т-ра оперы і балета (Улан-Удэ; у 1962—66 маст. кіраўнік). Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, выкананне вылучалася драматызмам, вострай характарнасцю. Сярод партый: Бумал-хан («Энхе—Булат-батар» М.Фралова), Васіль, Шона («Цырэмпіл Ранжураў», «Грозныя гады» Б.Ямпілава), Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі).
т. 9, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛІС-ГА́РА ((Žylis-Gára) Тэрэса) (н. 23.1.1930, Вільня),
польская спявачка (сапрана). Вучылася ў Вышэйшай муз. школе ў Лодзі (1952—57). З 1957 у Оперным т-ры ў Кракаве. З 1960 у ФРГ: салістка оперных т-раў у гарадах Обергаўзен, Дортмунд, Дзюсельдорф. Выступае ў буйнейшых т-рах свету. Валодае моцным рухомым голасам прыгожага тэмбру, вял. муз. культурай, акцёрскім майстэрствам. Адна з лепшых сучасных выканальніц партый у операх В.А.Моцарта. Сярод інш. партый: Дэздэмона, Леанора, Віялета («Атэла», «Трубадур», «Травіята» Дж.Вердзі), Чыо-Чыо-сан, Тоска (аднайм. оперы Дж.Пучыні), Манон («Манон» Ж.Маснэ), Ліза («Пікавая дама» П.Чайкоўскага). Мае вял. камерны рэпертуар.
т. 6, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МБРЫХ (Sembrich) Марчэла [сапр. Каханская (Kochańska) Марцаліна; 18.2.1858, Вішнёўчык, Галіцыя, цяпер Украіна — 11.1.1935], польская спявачка (каларатурнае сапрана). У 1869—73 вучылася ў Львоўскай, у 1875—77 удасканальвалася ў Венскай кансерваторыі па класе фп. Спевам вучылася (па парадзе Ф.Ліста) у Дж.Б.Ламперці ў Мілане. Гастраліравала ў Еўропе і ЗША. Карысталася сусв. вядомасцю. Яе голас вылучаўся вял. дыяпазонам, рэдкай выразнасцю. У 1898—1909 салістка т-ра «Метраполітэн-опера». Выканала больш за 40 партый у операх В.А.Моцарта, Дж.Расіні, В.Беліні, Дж.Вердзі, Р.Вагнера. З 1924 выкладала ў Муз. ін-це Кёртыс у Філадэльфіі і ў Джульярдскай школе ў Нью-Йорку.
т. 7, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Аляксей Пятровіч) (22.9.1904, с. Чыжова Цвярской вобл., Расія — 27.2.1982),
рускі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1951). Скончыў Цвярскі пед. ін-т (1926), Ленінградскую кансерваторыю (1932). У 1938—67 саліст Вял. т-ра. Валодаў яркім моцным голасам, артыстызмам, драм. талентам. Сярод лепшых партый: Руслан («Руслан і Людміла» М.Глінкі), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Рыгалета, Фальстаф (аднайм. оперы Дж.Вердзі), Чорт, Мазепа («Чаравічкі», «Мазепа» П.Чайкоўскага), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пётр («Варожая сіла» А.Сярова), Пізара («Фідэліо» Л.Бетховена), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ). Аўтар кн. «Аб мастацтве спеваў» (1963), «Аб вакальным вобразе» (1968), «Жыццё артыста» (1978). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948, 1950.
т. 7, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗІ́НІ ((Masini) Анджэла) (28.11.1844, Тэра-дэль-Соле, Італія — 29.9.1926),
італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта 19 ст. З 1867 выступаў на сцэнах буйнейшых т-раў Італіі і інш. еўрап. краін, у т. л. ў 1879—1903 у Італьян. оперы ў Пецярбургу. У 1905 пакінуў сцэну. Валодаў голасам прыгожага тэмбру, бліскучай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Немарына, Джэнара («Любоўны напітак», «Лукрэцыя Борджа» Г.Даніцэці), Радамес («Аіда» Дж.Вердзі), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага) і інш.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.
т. 9, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЛЬСАН ((Nilsson) Біргіт) (н. 17.5.1918, Каруп, Швецыя),
шведская спявачка (драм. сапрана); прадстаўніца школы бельканта. Вучылася ў Стакгольме (1941—46). У 1948—51 салістка Каралеўскай оперы ў Стакгольме. У 1953—86 у т-рах «Ковент-Гардэн», «Ла Скала», «Метраполітэн-опера» і інш. Валодала надзвычай моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, драм. выразнасцю. Вядомая выканальніца партый у операх Р.Вагнера: Ізольда, Брунгільда, Эльза, Лізавета («Трыстан і Ізольда», «Пярсцёнак нібелунга», «Лаэнгрын», «Тангейзер). Інш. партыі; Агата («Вольны стралок» К.М.Вебера), Алена («Мефістофель» А.Бойта), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Тоска, Турандот (аднайм. оперы Дж.Пучыні), Саламея («Саламея» Р.Штрауса), Донна Ганна («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Урсула («Мастак Матыс» П.Хіндэміта).
т. 11, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНІКАЎ (Аляксей) (Альберт) Дзмітрыевіч (н. 9.9.1929, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія),
расійскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Расіі (1973). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас А.Катульскай). З 1956 саліст, з 1986 рэжысёр Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Юродзівы і ’Самазванец («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Берандзей («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Фін («Руслан і Людміла» М.Глінкі), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), Рудольф, Пінкертон («Багема», «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Вертэр («Вертэр» Ж.Маснэ), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Аляксей Іванавіч («Гулец» С.Пракоф’ева). Інтэрпрэтатар вак. твораў Дз.Шастаковіча і Г.Свірыдава. Дзярж. прэмія Расіі 1977.
т. 10, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)