ВЁРЭШМАРЦІ ((Vörösmarty) Міхай) (1.12.1800, г. Капальнашньек, Венгрыя — 19.11.1855),
венгерскі паэт, драматург, крытык. Прадстаўнік венг. рамантызму. Зрабіў значны ўклад у стварэнне нац.венг.т-ра. Скончыў філас. і юрыд. ф-ты Будапешцкага ун-та. Яго першая эпічная паэма «Уцёкі Залана» (1825) праз усхваленне гераізму і баявога духу продкаў абуджала нац.-патрыят. пачуцці. У паэмах «Чароўная даліна», «Паўднёвы востраў» (абедзве 1826), «Руіны» (1830) адчувальны адыход у свет чыстай фантазіі, чароўнай казкі. У эпічнай паэме «Два суседскія замкі» (1831) феад. мінуўшчына. Аўтар драм «Крывавае вяселле» (1833), «Цылеі і Хунядзі» (1844), камедыі «Тайны вуалі» (1834). Захапленне фальклорам узбагаціла яго творы (драм. казка «Чонгар і Цюндзе», 1830, балада «Прыгожая Ілонка», 1833). Вершы 1830-х г. прасякнуты грамадз. і патрыят. матывамі, 1840-х г. — філас. роздумам. Вітаў венг. рэвалюцыю 1848, яе паражэнне прывяло да душэўных пакут і цяжкай хваробы. Зрабіў уплыў на фарміраванне венг.літ. мовы. Верш «Стары цыган» (1854) пераклаў на бел. мову А.Зарыцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна медыцынскай прамысловасці, якая спецыялізуецца на вытв-сці сінт. вітамінаў, каферментаў і іх прэпаратаў у таблетках, дражэ, ампулах, капсулах, гранулах, канцэнтратах, а таксама вітамінных прэпаратаў з расліннай і жывёльнай сыравіны.
Вітамінная прамысловасць стала развівацца на пач. 20 ст., у СССР была наладжана ў 1930-я г. Спачатку вітамінныя прэпараты выраблялі толькі з прыроднай сыравіны — вітамінаносных раслін, пазней была асвоена вытв-сцьсінт. вітамінаў С, D2 і K3, з 1949 — B1, а з 1955 — усіх асн. вітамінаў.
Вітамінныя з-ды і камбінаты — спецыялізаваныя прадпрыемствы са шматстадыйнымі працэсамі, значнай матэрыялаёмістасцю, выкарыстаннем спец. абсталявання для работы з агрэсіўнымі асяроддзямі, высокай чысцінёй прадукцыі. Развітую вітамінную прамысловасць маюць Расія, ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Швейцарыя, Балгарыя, Венгрыя, Польшча і інш. краіны. На Беларусі выпуск вітамінаў распачаты ў 1994 закрытым акц. т-вам «БАФІ» (г. Мінск). Выпускаюць адаптаваныя да ўмоў тэр. Беларусі полівітаміны «Бафівіт-1», «Антыаксіэф», «Юніэф» і інш., вітамінныя канцэнтраты, прэміксы і вітаміны для с.-г. жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА МІЖЗЕМНАМО́РСКАЯ,
палітычная групоўка Вялікабрытаніі, Аўстра-Венгрыі і Італіі супраць Расіі і Францыі. Аформлена ў 1887 двума сакрэтнымі пагадненнямі: 1-м — паміж Вялікабрытаніяй і Італіяй (12 лют.), Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (24 сак.); 2-м — паміж Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (12 снеж.), Вялікабрытаніяй і Італіяй (16 снеж.). 1-е пагадненне фармальна захоўвала статус-кво ў басейнах Міжземнага, Адрыятычнага, Чорнага, Эгейскага мораў і на ўзбярэжжы Паўн. Афрыкі, 2-е мела на мэце захаваць становішча, якое існавала на той час у М.Азіі, чарнаморскіх пралівах і ў Балгарыі (Вялікабрытанія імкнулася ўмацаваць свае пазіцыі ў Егіпце, Італія — у Трыпалітаніі і Кірэнаіцы, Аўстра-Венгрыя — на Балканах). Стварэнню Антанты Міжземнаморскай садзейнічаў канцлер Германіі Бісмарк, які разлічваў умацаваць становішча Аўстра-Венгрыі адносна Расіі, далучыць да Траістага саюза 1882 Вялікабрытанію і перашкодзіць збліжэнню Францыі і Італіі. У выніку ўзмацнення ў канцы 19 ст. англа-герм. саперніцтва і аўстра-італьян. супярэчнасцяў Антанта Міжхемнаморская страціла сваю сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛ АНАНІ́М (Gall Anonim),
польскі гісторык 12 ст. Імя і паходжанне невядомыя, паводле адной з версій, нарадзіўся ў Францыі (стараж. Галія, адсюль мянушка Гал Ананім, дадзеная ў 16 ст. гісторыкам М.Кромерам). Манах-бенедыкцінец, у Польшчу прыехаў у пач. 12 ст., верагодна, з кляштара ў Шомадзьвары (Венгрыя). Знаходзіўся пры канцылярыі князя Баляслава III Крывавустага. Аўтар першай польскай гіст. хронікі (напр., у 1107—13 на лац. мове рыфмаванай прозай з вершаванымі ўстаўкамі). Хроніка створана на падставе вусных паданняў пястаўскага двара, аўтарскіх назіранняў і пісьмовых крыніц для ўсхвалення панавання Баляслава III, асабліва яго ваен. дзейнасці, ахоплівае падзеі з легендарных часоў да 1113. Твор — асн. крыніца па ранняй гісторыі Польшчы, яе адносінах з суседнімі краінамі (у т. л. з валынскімі, тураўскімі і кіеўскімі князямі), дае звесткі пра захоп Кіева Баляславам I у 1018 і Баляславам II у 1069 і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Хроника и деяния князей или правителей польских. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАТО́НСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
аперацыя войскаў 3-га Укр. фронту (каманд. Ф.І.Талбухін) 6—15 сак. ў 2-ю сусв. вайну каля воз. Балатан (Венгрыя). Пасля Будапешцкай аперацыі 1944—45 войскі 3-га Укр. фронту замацаваліся на мяжы Гант — воз. Балатан — р. Драва. Войскі 2-га Укр. фронту (каманд. Р.Я.Маліноўскі) прыкрывалі вызвалены Будапешт. Абодва франты рыхтаваліся да наступлення на Вену. У Балатонскай абарончай аперацыі ўдзельнічалі таксама 1-я балг. і 3-я югасл. арміі. Гітлераўскае камандаванне, каб аднавіць абарону па Дунаі, сканцэнтравала вял. сілы каля воз. Балатан. 6 сак. яно пачало контрнаступленне і нанесла гал. ўдар паміж азёрамі Веленцэ і Балатан у напрамку Дуная, дапаможныя — паміж воз. Балатан і р. Драва на Капашвар і з паўд. берага р. Драва на Печ. Пасля цяжкіх 10-дзённых баёў гітлераўцы прасунуліся на 12—30 км, але прарвацца да Дуная не змаглі. Страціўшы больш за 40 тыс. салдатаў і афіцэраў, шмат баявой тэхнікі, 15 сак. праціўнік спыніў наступленне і перайшоў да абароны. 16—18 сак. войскі 3-га і 2-га Укр. франтоў пачалі Венскую аперацыю 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХЭТУА́НЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ, Баксёрскае паўстанне,
паўстанне пераважна супраць засілля іншаземцаў у Паўн. Кітаі ў 1898—1901. Ініцыіравана тайным рэліг. т-вам Іхэцюань («Кулак у імя справядлівасці і згоды»), пазней перайменаваны ў Іхэтуані («Атрады справядлівасці і згоды» — адсюль назва) у прав. Шаньдун. У 1900 паўстанцы (100 тыс.; сяляне і гар. беднякі), якіх не здолелі спыніць урадавыя войскі, накіраваліся да Пекіна, знішчаючы замежныя місіі і прадстаўніцтвы. 14.6.1900 іхэтуані ўступілі ў Пекін і разам з урадавымі войскамі 56 дзён вялі аблогу пасольскага квартала. Пасля сумеснай ноты кіт. ўраду Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Расія, Францыя, Італія і Аўстра-Венгрыя распачалі ўзбр. інтэрвенцыю. 21 чэрв.кіт. ўрад абвясціў вайну дзяржавам-інтэрвентам, аднак іх аб’яднаная армія на чале з ням. фельдмаршалам А. фон Вальдэрзе 14 жн. заняла Пекін. 7 вер.кіт. ўрад, які перабраўся ў г. Сіань, абвясціў іхэтуаняў па-за законам. У 1901 замежныя і кіт. войскі задушылі паўстанне. 7.9.1901 Кітай падпісаў навязаны яму «Заключны пратакол», які фактычна зводзіў краіну да становішча паўкалоніі.
Літ.:
Калюжная Н.М. Восстание ихэтуаней (1898—1901). М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬМАН ((Kálmán) Імрэ) (Эмерых; 24.10.1882, г. Шыяфак, Венгрыя — 30.10.1953),
венгерскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў і найб. відных прадстаўнікоў т.зв. новай венскай аперэты.
Вучыўся ў Акадэміі музыкі, адначасова вывучаў права ва ун-це ў Будапешце. З 1911 жыў у Вене, з 1938 у Швейцарыі, з 1940 у ЗША, з 1948 у Францыі. Лепшыя яго аперэты пастаўлены ў Вене: «Цыган прэм’ер» (1912), «Каралева чардаша» («Сільва», 1915) — адна з вяршынь творчасці К., «Баядэра» (1921), «Графіня Марыца» (1924), «Прынцэса цырка» і «Фіялка Манмартра» (1930), «Д’ябальскі наезнік» (1932; у розныя гады ўсе паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі). Ім уласцівы разгорнутая драматургія, вастрыня сюжэтных сітуацый, яркая запамінальная меладыйнасць, эфектная аркестроўка; у многіх з іх прыкметны ўплыў вербункаша. Сярод інш. твораў: аперэты «Асеннія манеўры» (1908), «Салдат у адпачынку» (1910), «Маленькі кароль» (1912), «Залаты світанак» (1927), «Імператрыца Жазефіна» (1936), «Марынка» (1945); сімф. паэма «Сатурналіі» (1904); інстр. п’есы; рамансы; музыка для т-ра і кіно. Аўтар мемуараў.
Літ.:
Имре Кальман: Сб. статей и воспоминаний: Пер. с нем. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЕЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З (ЗЕС),
ваенна-палітычная арганізацыя еўрап. краін. Створаны ў маі 1955 паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 шляхам рэарганізацыі Заходняга Саюза (Нідэрланды, Бельгія, Францыя, Вялікабрытанія, Люксембург), заснаванага ў 1948 у Бруселі і далучэння да яго Італіі і ФРГ. Акрамя пералічаных краін чл. ЗЕС з’яўляюцца Іспанія і Партугалія (з 1990), Грэцыя (з 1995); Ісландыя, Нарвегія і Турцыя — асацыіраваныя чл.; Балгарыя, Венгрыя, Латвія, Літва, Румынія, Польшча, Славакія, Чэхія, Эстонія і Украіна маюць статус асацыіраваных партнёраў; Аўстрыя, Данія, Фінляндыя, Ірландыя, Швецыя — назіральнікі. Мэта ЗЕС — развіццё еўрап. міжурадавага супрацоўніцтва ў галіне бяспекі. Штаб-кватэра з 1993 у Бруселі. Вышэйшы орган — Савет міністраў, які збіраецца адзін раз у 6 месяцаў. 2 разы ў год у Парыжы збіраецца Парламенцкая асамблея ЗЕС. Ген. сакратар узначальвае выканаўчыя органы — Пастаянны савет і сакратарыят. Саюз мае ў сваім непасрэдным падпарадкаванні шматнац.вайск. фарміраванні. Першая сумесная аперацыя сіл ЗЕС — размініраванне Персідскага зал. ў 1987. Пад эгідай ЗЕС у 1994 праводзіліся аперацыі ў б. Югаславіі (па паліт.-эканам. блакадзе Сербіі і інш.) у адпаведнасці з рэзалюцыямі Савета Бяспекі ААН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЦЫ ФЕ́РЭНЦА II РУХ 1703—11, аўстра-венгерская вайна,
вызваленчая вайна ў Венг. каралеўстве пад кіраўніцтвам Ракацы Ферэнца II супраць панавання ў краіне аўстр.Габсбургаў. Пачаўся ў маі 1703 як працяг паўстання сялян на ПнУ Венгрыі (з 1697). Паўстанцы (куруцы; пераважна сяляне, збеглыя і дэмабілізаваныя салдаты, а таксама гараджане, дваране і асобныя прадстаўнікі родавай знаці; паводле нац. прыналежнасці — венгры, славакі, закарпацкія ўкраінцы, валахі) у пач. 1704 вызвалілі ад габсбургскіх войск амаль усе славацкія землі, у ліп. 1704 — Трансільванію, у снеж. 1705 — Задунайскі край. Ракацы выдаў дэкрэт аб вызваленні прыгонных сялян-паўстанцаў і членаў іх сем’яў ад феад. павіннасцей, стварыў структуры самаст.венг. дзяржавы (прыдворны савет, канцылярыя, рэгулярная армія і інш.), абапіраўся на фін., дыпламат. і ваен. дапамогу франц. караля Людовіка XIV. Пасля паражэнняў венг. войск у 1708 і 1710 у крас. 1711 у г. Сатмар (цяпер Сату-Марэ, Румынія) падпісаны мірны дагавор (куруцы канчаткова капітулявалі ў маі—чэрв. 1711), Венгрыя зноў страціла незалежнасць.
Літ.:
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991. С. 135—141.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БСБУРГІ (Habsburger),
дынастыя, якая правіла ў Аўстрыі (1282—1918), Чэхіі і Венгрыі (1526—1918), частцы Італіі (16 ст. — 1816), у «Свяшчэннай Рым. імперыі» (пастаянна ў 1438—1806, акрамя 1742—45), Іспаніі (1516—1700), Нідэрландах. Засн., верагодна, Гунтрамам Багатым (сярэдзіна 10 ст.) з Верхняга Эльзаса. Назва ад замка Габсбург, пабудаванага каля 1020 у швейц. вобласці Ааргаў. Імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» стаў Рудольф I Габсбург (1273—91), ён замацаваў за Габсбургамі герцагства Аўстрыю і Штырыю (1282). У 1526 Габсбургі далучылі Чэхію, ч. Венгрыі, інш.тэр., сталі манархамі шматнац. дзяржавы (у 1867—1918 — Аўстра-Венгрыя). У 1556 дынастыя Габсбургаў падзялілася на 2 галіны — аўстр. і іспанскую. Панаванне ісп. Габсбургаў скончылася ў 1700, калі памёр апошні кароль Іспаніі з дынастыі Габсбургаў Карл II. Аўстр. галіна Габсбургаў абарвалася ў выніку паражэння Аўстра-Венгрыі ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. Устаноўчы сход Аўстр. рэспублікі (3.4.1919) прыняў закон аб пазбаўленні Габсбургаў усіх правоў, выгнанні іх за межы Аўстрыі і канфіскацыі ўсёй іх маёмасці. Найб. значныя прадстаўнікі: ісп. галіна — Карл V [1516—56] і Філіп II [1556—98], аўстр. — Марыя Тэрэзія [1771—80], Іосіф II [1765—90], Франц Іосіф I [1848—1916].
Літ.:
Котова Е.В. Династия Габсбургов // Новая и новейшая история. 1991. № 4.