ПА́РУСНІКАЎ (Міхаіл Паўлавіч) (11.11. 1893, Масква — 1.2.1968),

расійскі архітэктар, педагог. Акад. АН Беларусі (1950), праф. (1948). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1918), Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1924). У 1934—41 і з 1948 выкладаў у Маскоўскім арх. ін-це. Работы ў Мінску: забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны (1945—54, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), адм. будынак на праспекце Скарыны на ўчастку паміж вуліцамі Камсамольскай і Урыцкага (1945—47), будынак Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, праект планіроўкі і забудовы цэнтра і пл. Кастрычніцкай, жылыя дамы і мост цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны, стадыён «Дынама» (усе 1946—54, у сааўт.). Сярод інш. работ: будынкі электрастанцый у г. Нагінск Маскоўскай вобл. (1926) і Кіеве (1929), праект планіроўкі і забудовы г. Астрахань (Расія; 1930).

Літ.:

Габрусь Т. Галоўны магістральны архітэктар // Мастацтва. 1993. № 12.

А.​А.​Воінаў.

М.П.Паруснікаў.

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЎБІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры несапраўднай готыкі каля спарт. комплексу «Раўбічы» (Мінскі р-н). Пабудаваны ў 1858—62 з цэглы на месцы драўлянага касцёла 18 ст. У 1866 ператвораны ў правасл. царкву. У 1880 перад храмам пастаўлены драўляныя званіца і капліца (не захаваліся). У 1975—78 будынак рэстаўрыраваны (арх. Л.​Паўлава) і прыстасаваны пад Музей беларускага народнага мастацтва. Манум. 1-нефавы будынак на магутным бутавым цокалі з капліцамі каля алтара. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі 8-граннымі вежамі з шатровымі завяршэннямі. Высокі шмат’ярусны атыкавы франтон паміж імі падкрэслівае форму стральчатага ўваходнага партала з ганкам з абчасанага каменю. У дэкоры гал. фасада выкарыстаны накладныя 3-ярусныя пілоны з перакінутымі паміж імі стральчатымі броўкамі. Над парталам — гатычнае акно-ружа. Рытм бакавых фасадаў створаны чаргаваннем магутных контрфорсаў і стральчатых аконных праёмаў з фігурнымі дубовымі пераплётамі і вітражамі.

А.​М.​Кулагін.

т. 13, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШАКТУ́Н (Vaxactun),

старажытны цырыманіяльны цэнтр плямён мая (1-е тыс. н.э.) у дэпартаменце Эль-Петэн (Гватэмала). У выніку раскопак выяўлены адно з найб. стараж. збудаванняў — прыступкавая храмавая платформа, якую ўпрыгожваюць маскі, будынак з фрэскавым жывапісам, рэшткі жылля з дрэва і пальмавых лістоў на мураваным падмурку 3—10 ст.

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАІ́,

горад у Бухарскай вобл., у даліне Зераўшана. 111,6 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя. Прам-сць: золатаздабыўная, эл.-хім., цэм., бавоўнаачышчальная, буд. матэрыялаў, харчовая; ВА «Наваіазот». ГРЭС. Да 1958 наз. Керміне. Пераназваны ў гонар узб. паэта А.Наваі. Каля Н. — маўзалей 10—11 ст. і ханака (культавы будынак; 1558—59).

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРЭ́Н ((Sirén) Іохан) (27.5.1889, г. Іліхярмя, Фінляндыя — 5.3.1961),

фінскі архітэктар; лідэр фін. неакласіцызму 1920—30-х г. Вучыўся ў політэхн. ін-це ў Хельсінкі, выкладаў у ім (праф. 1931—57). Для пабудоў С. характэрны строгая сіметрыя, маналітнасць аб’ёмна-прасторавых кампазіцый, спрошчаная трактоўка ордэрных элементаў (будынак парламента ў Хельсінкі, 1927—31).

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры барока 17 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў гіст. цэнтры горада. Калегіум разам з мураваным касцёлам св. Станіслава (пабудаваны ў 1636—46, у 1956 разбураны) уваходзіў у ансамбль кляштара езуітаў. Узведзены ў 1651—1738 з цэглы. Яго трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўд. фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Тут размяшчаліся вучэбныя класы, трапезная, службовыя памяшканні. Фасады члянёны аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі. Паўд.-зах. вугал фланкіруе 6-гранная вежа-контрфорс. Будынак завершаны 2-схільным дахам з заломам. Яго тарцы ўпрыгожаны складанымі франтонамі з дэкар. валютамі. З 1638 у калегіуме знаходзілася філас.-тэалагічная школа; у 1645 адкрыта муз. бурса, у 1694 — аптэка; увесь час дзейнічаў т-р, у 1727—35 — друкарня, меліся б-ка, шпіталь для бедных. У 1773 калегіум закрыты. Касцёл у 1786 перададзены уніятам і стаў кафедральным саборам Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі, у 1800 належаў правасл. Пінскаму Богаяўленскаму манастыру. У 1848 сюды пераведзена з Лядаў духоўнае вучылішча. У 1919 касцёл вернуты езуітам, у 1923 аднавілася навуч. дзейнасць калегіума. З 1925 пры калегіуме працавала духоўная семінарыя, з 1937 — навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). У 1939 калегіум закрыты. У будынку размяшчаліся адм. ўстанова і карцінная галерэя, з 1995 пасля рэстаўрацыі — Музей Беларускага Палесся.

Літ.:

Адамовіч С. Комплекс Пінскага езуіцкага кляштара // Наша вера. 1999. № 3.

Ю.​А.​Якімовіч, А.​А.​Ярашэвіч.

Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Будынак былога калегіума. Здымак 2000.
Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Фота пач. 20 ст.

т. 12, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЯ РА́ТУША.

Існавала ў 17—19 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Упершыню ўпамінаецца ў сеймавай канстытуцыі 1652. Мяркуюць, што ў 1664 пад ратушу прыстасаваны будынак камяніцы на рынку. У час пажару 1751 ён пашкоджаны, пазней адноўлены: на рагу будынка прыбудавана 2-ярусная вежа, завершаная купалам і флюгерам з выявай архангела Міхаіла (лічыўся абаронцам горада). У 1818 Н.р. значна рэканструявана: зменены агульная планіроўка, аконныя і дзвярныя праёмы, на ўзроўні 2-га паверха гал. фасада, арыентаванага на плошчу, зроблена галерэя (апіралася на 4 калоны). Ратуша набыла рысы класіцызму: рустоўка па вуглах будынка і на гранях вежы 1-га паверха, нішы на 2-м паверсе. У такім выглядзе яна існавала да пажару 1862, калі была моцна пашкоджана і больш не аднаўлялася. Каля 1900 на месцы Н.р. ўзведзены новы будынак гар. магістрата (верагодна, былі выкарыстаны фундаменты і часткі сцен старой ратушы), у Вял. Айч. вайну разбураны.

Навагрудская ратуша. Рэканструкцыя.

т. 11, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЕ́НЬЕЎ (Віктар Васілевіч) (н. 26.12.1950, Брэст),

бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1972). Працаваў у ін-це «Брэстграмадзянпраект» (1972—86), з 1986 гал. архітэктар Пецярбургскага праектнага ін-та №3. Асн. работы ў Брэсце: будынак рэдакцыі і выдавецтва газ. «Заря» (1980), забудова мікрараёна Усход 3 (1986), аэравакзал (1986; Дзярж. прэмія Беларусі 1988) і інш.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ЦКАЕ,

вёска ў Гомельскім р-не. Цэнтр сельсавета і калектыўна-далявой гаспадаркі. За 52 км на ПдУ ад Гомеля, 30 км ад чыг. ст. Церахоўка. 860 ж., 390 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1881) і будынак царкоўнапрыходскай школы (канец 19 ст.).

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГІ́ЧЫНСКІ ЕЗУ́ІЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у 1747—73 (у 1646—1747 рэзідэнцыя) у г. Драгічын-Надбужскі (цяпер у Беластоцкім ваяв., Польшча). Езуіцкі касцёл св. Тройцы пабудаваны ў 1709 (асвячоны біскупам у 1723), будынак калегіума — у 1746. Пры калегіуме існавалі канвікт (інтэрнат) для дзяцей збяднелай шляхты, муз. бурса, б-ка, школьны тэатр, аптэка (з 1737).

т. 6, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)