САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКІ ДАГАВО́Р 1945, Дагавор аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы паміж СССР і Польшчай,
падпісаны 16.8.1945 у Маскве нам. Старшыні СНКСССР В.М.Молатавым і Старшынёй СМ Польскай Рэспублікі Э.Асубка-Мараўскім замест пагаднення ад 26.7.1944 паміж урадам СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення. Заключаны ў адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 21.4.1945 (гл.Савецка-польскія дагаворы і пагадненні). Вызначыў дзярж. граніцу паміж СССР і Польшчай згодна з рашэннямі Крымскай канферэнцыі 1945 уздоўж «Керзана лініі» з адхіленнямі ад яе на карысць Польшчы ў некат. раёнах на 5—8 км. Пры гэтым Польшчы дадаткова ўступаліся землі на У ад «Керзана лініі» да рэк Зах.Буг і Салокія, на Пд ад г. Крылаў з водступам на карысць Польшчы максімальна на 30 км (тэр. Украіны); частка Белавежскай пушчы на ўчастку Няміраў—Ялаўка на У ад «Керзана лініі», уключаючы Няміраў, Гайнаўку, Белавежу і Ялаўку, з водступам на карысць Польшчы максімальна на 17 км (тэр. Беларусі). Усяго ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобласці з г. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. (частка Белавежскай пушчы) — тэр. плошчай 14,3 тыс.км² з прыбл. 638 тыс. жыхароў (паводле польск. перапісу 1946), сярод якіх было 61% католікаў, 23% праваслаўных. 15% іудзеяў (даныя 1921). Польшча перадавала БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. 20.8.1945 Вярх. СаветБССР прыняў пастанову аб перадачы Польшчы б.ч. зямель Беластоцкай вобл. Дагавор ратыфікаваны Краёвай Радай Нарадовай 31.12.1945 і Прэзідыумам Вярх. Савета СССР 13.1.1946. Ён прадугледжваў таксама стварэнне змешанай камісіі па дэмаркацыі граніцы (знаходзілася ў Варшаве), якая працавала з мая 1946 і скончыла дэмаркацыю граніцы ў крас. 1947. У 1946—55 граніца паміж БССР і Польшчай па рашэнні сав. ўрада 4 разы адсоўвалася на У. Польшчы былі перададзены некалькі дзесяткаў вёсак Сапоцкінскага, Бераставіцкага і Свіслацкага р-наў, жыхары якіх былі пераважна католікамі. Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора ажыццяўляліся без удзелу прадстаўнікоў БССР. Ён не абмяркоўваўся ў вышэйшых органах дзярж. улады Беларусі, чые нац.-дзярж. інтарэсы непасрэдна закранаў. Дагавор парушаў палажэнні Канстытуцыі СССР 1936 і Канстытуцыі БССР 1937, што патрабавалі згоды саюзнай рэспублікі на змену яе граніц. З пункту гледжання міжнар. права дагавор быў чарговым падзелам тэр. Беларусі, якая паводле рашэнняў Сан-Францыскай канферэнцыі 1945 уваходзіла ў склад дзяржаў — заснавальніц ААН. Разам з тым паводле дагавора аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 23.6.1992 бакі пацвердзілі існуючую паміж імі граніцу, вызначаную дагаворам ад 16.8.1945.
Літ.:
Волаціч М. Насельніцтва Заходняй Беларусі і яго перасяленьне між сучаснай Польшчай і БССР // Беларускі зборнік. Мюнхен, 1956. Кн. 4;
Снапкоўскі У.Е. Міжнародныя аспекты вызначэння савецка-польскай мяжы ў 1943—1945 гг. // Бел.гіст.часоп. 1994. №3;Мірановіч Я Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІ РАЁН,
на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 43,6 тыс.чал. (1997), гарадскога 32,3%.
Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Камянец; г.Высокае, 234 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Агародніцкі, Белавежскі, Відамлянскі, Войскі, Воўчынскі, Вярховіцкі, Дзмітравіцкі, Каленкавіцкі, Камянюцкі, Навіцкавіцкі, Пелішчанскі, Раснянскі, Ратайчыцкі, Рэчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Прыбугскай раўніны. Паверхня плоска-хвалістая з агульным нахілам з Пн на Пд. Пераважаюць выш. 140—170 м. Найвыш. пункт 198 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Войская). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -4,6 °C. ліп. 18,4 °C. Ападкаў 535 мм за год. Вегетац. перыяд 203 сут. Найбольшая р.Зах.Буг (на мяжы з Польшчай) з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная), Пульва; прыток Правай Лясной — р. Белая. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (49,4%). дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,6%), тарфяна-балотныя (13,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,6%). Пад лесам 27,9% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя лясы. Найб. лясістасць на ПнУ. Балоты займаюць 1,1% тэрыторыі. На Пн частка нац. парку Белавежская пушча.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 110,6 тыс.га, з іх асушаных 22,7 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 23 калгасы, 2 саўгасы. міжгас па вытв-сці кармоў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, буракі. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыр, кансервы мясныя і з агародніны), дрэваапр. (піламатэрыялы) і буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Брэст—Высокае—Беласток (Польшча), аўтадарогі Высокае—Пружаны, Камянец—Жабінка, Брэст—Камянюкі. У раёне 18 сярэдніх, 10 базавых, 7 пач. школ, вышэйшае прафес. вучылішча, 2 школы-інтэрнаты, 29 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 50 б-к, 5 бальніц, 4 амбулаторыі, 25 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанская царква (канец 19 ст.) у в. Амелянец; Ануфрыеўская царква (1840) у в. Баршчэва; Мікалаеўская царква (1933) і царква (пач. 20 ст.) у в. Вярховічы; царква Раства Багародзіцы (1751—75) у в. Войская; Троіцкі касцёл (1733) у в. Воўчын; Петрапаўлаўская царква (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча; сядзіба (сярэдзіна 19 ст.) у в. Грымяча; Спаса-Праабражэнская царква (1786) у в. Дзмітравічы; царква Іаана Хрысціцеля (19 ст.) у в. Лісоўчыцы; царква (19 ст.) у в. Мікалаева; касцёл (18 ст., перабудаваны ў 19 ст.) у в. Новая Расна; Успенская царква (19 ст.) у в. Паніквы; Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Пашукі; касцёл Сэрца Ісуса (пач. 20 ст.) у в. Пелішча; хата (1880) у в. Ражкоўка; Міхайлаўская царква (1816) у в. Такары; Праабражэнская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Трасцяніца. Музеі: філіял Брэсцкага абл. краязнаўчага музея «Камянецкая вежа», прыроды Белавежскай пушчы ў в.Камянюкі. Выдаецца газ. «Навіны Камянеччыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧА́ТКА, пячаць,
рэч з выразанымі знакамі для адбітку іх на гліне, сургучы, воску, паперы і інш., а таксама адбітак гэтых знакаў, зроблены, каб надаць якому-н. дакументу верагоднасць і юрыд. сілу. Вывучае П. сфрагістыка.
П. вядомы з 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. У Стараж. Грэцыі і Рыме П. рабілі з каштоўнага каменю — т.зв. гемы, як узоры мастацтва іх вывучае гліптыка. Рымляне карысталіся таксама П.-пярсцёнкамі. З канца 4 ст. ў Рыме былі віслыя П. — булы (адціскаліся на свінцовых, сярэбраных, залатых пласцінках і прывешваліся на шнурках да дакументаў), у канцы 10 ст. праз Візантыю трапілі на Русь. Найб. колькасць віслых П. знойдзена ў Ноўгарадзе, а свінцовых П. для тавараў (пломбаў) — у Драгічыне на р.
Буг (цяпер у Падляскім ваяв., Польшча). Знойдзены полацкія П. кн. Ізяслава Уладзіміравіча (канец 10 ст.), Ефрасінні Полацкай і яе маці Софіі. епіскапаў Дыянісія і Міны (12 ст.). П. з выявамі расквітнеўшага крыжа і св. Глеба належала менскаму кн. Глебу Усяславічу. У Тураве знойдзена П. кіеўскага мітрапаліта Кірылы (13 ст.). У 1-й пал. 14 ст. ў Полацку карысталіся свінцовымі буламі, у канцы 14—15 ст. ужываліся віслыя і прыкладныя васковыя П. Паводле тыпаў П. 14—15 ст. былі княжацкія. епіскапскія, гарадскія, баярскія і інш. У Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. ужываліся асабістыя П.-пярсцёнкі (сыгнеты). З прыняццем магдэбургскага права ў 14—17 ст. многія бел. гарады мелі П. з выявамі гербаў. Стараж. адбіткі П. падзяляюцца на металічныя (10—15 ст.), васковыя (14—17 ст.), сургучныя (з канца 17 ст.), куродымныя (18—19 ст.). У канцы 19 ст. ўзніклі каўчукавыя штэмпелі і спец. масціка, каб рабіць адбітак на паперы.
У Рэспубліцы Беларусь П. гербавыя і простыя. На гербавай назва дзярж. арг-цыі ці органа, якія яе выкарыстоўваюць, і выява Герба дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь. На простых П. няма выявы герба, імі звычайна карыстаюцца грамадскія арг-цыі, недзярж. прадпрыемствы і асобы (напр., урачы). Адзін з відаў простай П. — вуглавы і інш. штампы.
Літ.:
Янин В.Л. Актовые печати Древней Руси X—XV вв. Т. 1—3. М., 1970—98 (т. 3 разам з П.Р.Гайдуковым);
Цітоў А. Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі. Мн., 1993;
Трофимов А.И. Об атрибуции брестской печати XI в. // Гербовед. 1997. № 3.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Пячатка. Віслыя свінцовыя двухбаковыя пячаткі: 1 — полацкага кн. Ізяслава Уладзіміравіча (канец 10 ст.); 2 — кіеўскай вял. княгіні Алісавы з Пінска (11 ст.); 3 — полацкай княгіні Софіі (12 ст.); 4 — Ефрасінні Полацкай (12 ст.); 5 — пячатка з Ваўкавыска; 6 — полацкага епіскапа Дыянісія (12 ст.); 7 —полацкага епіскапа Міны (12 ст.); 8 — пячатка з Ваўкавыска з выяваю св. Сімяона; 9 — пячатка з Полацка з выявамі Божай Маці і архангела Міхаіла (канец 12 — пач. 13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦЬ,
рака на тэр. Украіны і Беларусі, правы прыток р. Дняпро. Даўж. 761 км, пл. вадазбору 121 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 500 км і 51,4 тыс.км²). Пачынаецца на крайнім 3 Укр. Палесся, за 1 км на ПдУ ад в. Галядзін Любомльскага р-на Валынскай вобл. Цячэ пераважна з 3 на У уздоўж Прыпяцкай нізіны, на працягу 204 км па Украіне, 500 км па Беларусі і астатнія 57 км зноў па Украіне. Упадае ў Кіеўскае вадасх.Асн. прытокі: Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа (злева); Тур’я, Стаход (на тэр. Украіны), Стыр, Гарынь Сцвіга, Убарць, Славечна (справа). Большасць прытокаў поўнасцю або часткова каналізаваная. Даліна слабавыразная, шыр. да 70—75 км; каля Мазырскай грады трапецападобнай формы, звужаецца да 5 км. Схілы ад вытоку да р. Бобрык 1-ы вельмі спадзістыя, выш. 8—30 м, каля г. Мазыр выш. правага схілу 35—50 м. Пойма развітая на ўсім працягу ракі, шыр. каля воз. Любязь (Валынская вобл.) 2—6 км, ніжэй у вусці Піны і Гарыні 16—18 км, у вусці Сцвігі 8—9 км, уздоўж Мазырскай грады звужаецца да 1 км, далей пашыраецца да 9 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе, шмат нізкіх пясчаных астравоў, старарэччаў, заліваў. Ніжэй вусця р. Тур’я гідравузел, адкуль падаецца вада ў Белаазерскі канал для жыўлення Дняпроўска-Бугскага канала. Ніжэй гідравузла на невял. працягу рэчышча месцамі перасыхае і ператвараецца ў азёрападобныя плёсы. Шыр. ракі ад вытоку да вусця р. Стаход 4—15 м, ніжэй па цячэнні 50—70 м, у нізоўі 100—250 м, пры ўпадзенні ў Кіеўскае вадасх. 4—5 км; да вусця р. Бобрык 1-ы рэчышча месцамі абвалаванае. Дно пясчанае і пясчана-ілістае. Берагі ад спадзістых да стромкіх, на лукавінах абрывістыя, выш. ад 0,3 да 3 м, у вусці мясцінамі да 8—15 м; у сярэднім цячэнні прыродныя берагавыя валы выш. да 1,5 м. Ледастаў з 1-й пал.снеж., да канца сак. У некат. цёплыя зімы ледастаў адсутнічае. Веснавы ледаход 4—8 сут. Асаблівасць гідралагічнага рэжыму ракі — расцягнутае веснавое разводдзе (амаль 4 месяцы з 2-й дэкады сак.) кароткачасовая (100—200 сут.) летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль штогоднімі восеньскімі пад’ёмамі ўзроўню вады. Макс. ўзроўні вады ў 1-й пал. красавіка. Выш. пад’ёму ў верхнім цячэнні да 2 м, у сярэднім і ніжнім да 5 м, у межах вузкай поймы (каля Мазыра) да 7 м. Самыя нізкія ўзроўні летне-асенняй межані назіраюцца ў вер. — кастр., пры дажджавых паводках павышаюцца на 3—5 м, узроўні зімовай межані больш устойлівыя (на 0,5—1 м вышэй летне-асенняй), пры адлігах павышаюцца на 3 м. Сярэднегадавы расход вады каля г.п. Тураў 264 м³/с, у вусці 450 м³/с. Суднаходная на ўсёй тэр. Беларусі. Злучана Дняпроўска-Бугскім каналам з р. Мухавец (бас.р.Зах.Буг), Агінскім каналам (не дзейнічае) — з р. Нёман, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы. На рацэ порты (Пінск, Мазыр), прыстані (Тураў, Петрыкаў, Нароўля, Чарнобыль). У сярэднім цячэнні П. створаны нац. парк Прыпяцкі, у ніжнім — Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕТРАДЫЦЫ́ЙНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,
узнаўляльныя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да найб. пашыраных традыц. крыніц энергіі: цеплавых, атамных і гідраўлічных (акрамя зусім малых) электрастанцый. Н.к.э. звычайна лічаць энергію сонца, ветру, малых рэк і вадасховішчаў, біямасы, сціснутага прыроднага газу.
Геліяэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні сонечнай радыяцыі. Існуюць розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі (цеплавы, фота- і тэрмаэлектрычны, тэрмаэмісійны) у геліяўстаноўках (гл. таксама Геліятэхніка). Найб. пашыраны выпуск і выкарыстанне геліяэнергет. абсталявання ў Швецыі, Вялікабрытаніі, Германіі. Ветразнергетыка займаецца пераўтварэннем энергіі ветру ў эл., мех. і цеплавую энергію з дапамогай ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Яе асновай з’яўляюцца ветраэлектрычныя станцыіНайб. развіта ў ЗША, ФРГ, Індыі, Даніі. Магутнасць традыц. лопасцевых ВЭУ, што падключаны да энергасетак свету, перавышае 6000 МВт (1996). Малая гідраэнергетыка выкарыстоўвае мех. энергію воднага патоку малых рэк і вадасховішчаў пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі (гл.Гідраэнергетыка). Будуюцца пераважна нізканапорныя гідраэлектрычныя станцыі (мікрагэс) з гідраагрэгатамі малой магутнасці. Энергія біямасы (драўніны, мясц. відаў паліва, адходаў вытв-сці і бытавых, біягазу жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык) пераўтвараецца з дапамогай катлоў у цяпло (ідзе на цеплазабеспячэнне. вытв. патрэбы), з дапамогай газагенератараў — у гаручы газ (выкарыстоўваецца як паліва ў прамысл. пячах і інш.). Тэхналогія газіфікацыі цвёрдых быт. адходаў найб. дасканала распрацавана ў ФРГ, Японіі і інш.Энергія сціснутага прыроднага газу пры яго рэдуцыраванні на газаразмеркавальных станцыях ад 30—50 атм. да ціску 3—12 атм, пад якім газ падаецца спажыўцам, можа выкарыстоўвацца для выпрацоўкі электраэнергіі з дапамогай газарасшыральных турбін. Напр., на адной з ЦЭЦ «Мосэнерга» (Расія) укараненне энергакомплексаў з турбінамі ГНПГІ «Турбагаз» дало магчымасць на кожны 1 МВт устаноўленай магутнасці дадаткова атрымліваць 8 млн.кВтгадз электраэнергіі за год.
На Беларусі найб. спрыяльны перыяд выкарыстання геліясістэм красавік—верасень, калі з 1 м² геліякалектара можна атрымаць за суткі 90 л вады з т-рай 55—60 °C. У НВА «Белсельгасмеханізацыя» распрацаваны шэраг геліяпадагравальнікаў вытв. і быт. прызначэння, у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» — геліякалектары з алюмінію. у Ін-це праблем энергетыкі Нац.АН даследуецца эфектыўнасць энергазберажэння пры выкарыстанні такіх геліясістэм для гарачага водазабеспячэння. Даследаванні ветраэнергет. патэнцыялу выявілі 1800 пляцовак са спрыяльнымі ветравымі патокамі (сярэднегадавая скорасць ветру 4,7—6.1 м/с). На іх перспектыўнае выкарыстанне аўтаномных ВЭУ і ветрапомпавых установак магутнасцю да 30 кВт (пераважна с.-г. прызначэння). Распрацоўваецца ветрарухавік новага тыпу — з камбінаванымі цыліндрамі замест лопасцей для работы пры нізкіх скарасцях ветру. Спраектавана і пабудавана (1998) доследна-прамысл. ВЭУ магутнасцю 60—110 кВт для характэрных на Беларусі скарасцей ветру, распрацоўваецца ротарная ВЭУ магутнасцю 250 кВт для скарасцей ветру 2—8 м/с. У малой гідраэнергетыцы найб. спрыяльныя для выкарыстання гідрарэсурсы басейна рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Нёман, Днестр, Вілія, Прыпяць, Зах.Буг, а таксама малых рэк і створаў у паўн. і ўсх.ч. краіны. Буд-ваГЭС мэтазгодна на буйных (аб’ём больш за 1 млн.м³) вадасховішчах. На Вілейскім вадасховішчы працуе 1-ы блок Вілейскай ГЭС магутнасцю 1 МВт (з 1998). Магутнасць такіх ГЭС на 17 буйных вадасховішчах можа дасягнуць 6 МВт, магутнасць мікрагэс на водагасп. і меліярац. сістэмах — 1 МВт. З біямасы найб. значныя аб’ёмы драўніны (за год у катлах яе спальваюць 1—1.5 млн.м³). Асвоены выпуск газагенератараў магутнасцю 30—200 кВт для перапрацоўкі драўнінных адходаў і нізкагатунковых відаў мясц. паліва. Высокаэфектыўныя катлы выпускаюць Гомельскі з-д «Камунальнік» і Бешанковіцкі «Котламаш». Біягазу ад 275 жывёлагадоўчых комплексаў і 66 птушкафабрык краіны можна атрымліваць 1,7 млрд.м³, ад перапрацоўкі цвёрдых быт. адходаў — больш за 350 млн.м³ за год. Ўкараненне энергакомплексаў з газарасшыральнымі турбінамі на газаразмеркавальных станцыях (іх у рэспубліцы 130) можа даць электраэнергіі магутнасцю больш за 30 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧНЫ́ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту для перавозак пасажыраў і грузаў па ўнутр. водных шляхах (рэках, азёрах, вадасховішчах, каналах). Судны Р.т. паводле прызначэння падзяляюцца на транспартныя, тэхнічныя і дапаможныя. Да транспартных суднаў належаць пасажырскія, сухагрузныя, наліўныя судны, штурхачы і буксірныя судны. Тэхнічны флот складаецца з суднаў для правядзення пуцявых работ, службова-дапаможныя судны — ледаколы, паромы, плывучыя краны, таксама парты, прыстані, брандвахты, рамонтныя майстэрні, рамонтна-эксплуатац. базы і інш. Рачныя судны бываюць самаходныя (параходы, цеплаходы, электраходы і інш.) і несамаходныя (баржы, баркасы, ліхтэры і інш.). Вылучаюцца магістральныя рачныя шляхі, у т. л. міжнародныя, якія абслугоўваюць знешнегандл. перавозкі некалькіх дзяржаў (напр., рэкі Дунай, Одэр, Рэйн, Амур, Парагвай, Нігер), міжраённыя, што абслугоўваюць перавозкі паміж буйнымі раёнамі ўнутры краіны (напр., рэкі Волга, Янцзы, Місісіпі), і мясцовыя, якія абслугоўваюць унутрыраённыя сувязі. Р.т. у многіх краінах мае шэраг пераваг у параўнанні з інш. відамі транспарту — меншыя затраты на суднаходства і ніжэйшы сабекошт перавозак.
Узнік за тысячы гадоў да н.э. ў Месапатаміі, Стараж Егіпце, Кітаі 1 інш. Напачатку выкарыстоўваліся грабныя і ветразевыя судны. У 12—14 ст. з ростам гарадоў, размешчаных на рэках, і развіццём гандлю павялічваліся перавозкі грузаў па вадзе Буд-ва шлюзаваных рачных шляхоў (16 ст.) значна палепшыла суднаходства. У развіцці Р.т., падзешаўленні рачных перавозак вял. ролю адыграла выкарыстанне на суднах паравога рухавіка (19 ст.). У Расіі першыя штучныя водныя сістэмы пабудаваны ў 18 — пач. 19 ст., паравое рачное суднаходства пачало развівацца з 1815, на Украіне — з 1823. У 1857 арганізавана «Рускае таварыства параходства і гандлю».
Р.т. развіты ў многіх краінах свету. У ЗША нафта і нафтапрадукты, вугаль, мінер.-буд. і інш. грузы перавозяцца па рэках бас. Місісіпі, якія злучаны каналамі з Вялікімі азёрамі, маюць выхад праз р. Гудзон да ўзбярэжжа Атлантычнага ак. У Канадзе грузаперавозкі ажыццяўляюцца па Вялікіх азёрах і р.Св. Лаўрэнція. У Зах. Еўропе Р.т. найб. развіты ў Германіі (Рэйн. Эльба, Одэр і сістэмы каналаў, якія злучаюць іх), Францыі і Нідэрландах. Для сувязей паміж краінамі Паўд.-Усх. Еўропы вялікае значэнне мае Дунай. На Украіне Р.т. развіты на Дняпры. Р.т. мае вял. значэнне для Кітая (Янцзы, Хуанхэ, Вялікі канал), Індыі і Бангладэш (Ганг і Брахмапутра, шматлікія пратокі іх агульнай дэльты), Пакістана (Інд), краін Паўд.-Усх. Азіі (Іравадзі, Меконг і інш.), Бразіліі (Амазонка з прытокамі), Аргенціны (Ла-Плата з прытокамі), краін Афрыкі (Конга, Нігер, Ніл) і інш.
На Беларусі воднымі шляхамі карысталіся са стараж. часоў для абмену таварамі з жыхарамі Прыбалтыкі, Прычарнамор’я, Прыкаспія. Па рэках Дняпро і Зах. Дзвіна праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Па рэках Прыпяць і Зах.Буг ажыццяўляліся гандл. сувязі з Польшчай і Чэхіяй. Для асваення лясных масіваў і вывазу драўніны пабудаваны Бярэзінская водная сістэма, Агінскі, Аўгустоўскі і Дняпроўска-Бугскі каналы. Паравое суднаходства на Дняпры і Прыпяці вядзецца з 1850, калі пасажырскі параход «Вісла» пачаў рэгулярныя рэйсы паміж Пінскам і Краменчугом. У 1905 даўжыня суднаходных шляхоў складала 4403 км, для лесасплаву выкарыстоўвалася 9890 км рэк і каналаў. У 1920—30-я г. Р.т. ператварыўся ў развітую галіну нар. гаспадаркі. У 1940 даўжыня суднаходных шляхоў склала 3,7 тыс.км, працавалі 103 самаходныя і 229 несамаходных адзінак. У Вял.Айч. вайну амаль увесь рачны флот затоплены ці спалены, парты, суднарамонтныя прадпрыемствы, гідратэхн. збудаванні разбураны. У 1946—50 Р.т. адноўлены. Пачаліся рэканструкцыя і буд-ва новых гідратэхн. збудаванняў, партоў, прыстаней, развіццё суднабудавання. У 1978 пабудаваны суднаходны канал ад р. Прыпяць да камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» (Лунінецкі р-н Брэсцкай вобл.). Рачныя зносіны ажыццяўляюцца па рэках Дняпро, Гарынь, Прыпяць, Сож, Бярэзіна (прыток р. Дняпро), Нёман, Зах. Дзвіна. Агульная працягласць эксплуатуемых водных шляхоў у канцы 20 ст. склала каля 2500 км. Рачныя парты: Гомельскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі. Грузавы флот Р.т. прадстаўлены буксірнымі і несамаходнымі суднамі, рэйдавы і буксірны флот — буксірамі-штурхачамі. Пасажырскі флот мае скарасныя судны на падводных крылах тыпу «Ракета», «Палессе», глісіраваныя «Зара» і інш. У экскурсійна-прагулачных мэтах выкарыстоўваюцца спецыялізаваныя судны «Масква». У 1998 перавезена 141 тыс. пасажыраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ГЕРМА́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ,
пагадненні і дагаворы, заключаныя ў 20 ст. паміж СССР (да канца 1922 РСФСР) і Германіяй [у 1949—90 асобна з Герм.Дэмакр. Рэспублікай (ГДР) і ФРГ]. Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918 (гл.Брэсцкі мір 1918). Часовае пагадненне 1921 аб гандл.-эканам. адносінах, падпісана 6 мая ў Берліне на няпэўны тэрмін. Прадугледжвала стварэнне гандл. прадстаўніцтва РСФСР у Германіі, аднаўленне двухбаковых консульскіх адносін, паштовых, тэлегр. і радыётэлегр. зносін, гандл. сувязей і інш. Заключэнне пагаднення азначала прызнанне РСФСР Германіяй дэ-факта. Скасавана дагаворам 1925. Дагавор 1922 (гл.Рапальскі дагавор 1922). Дагавор 1925, падпісаны 12 кастр. ў Маскве. Складаўся з агульнай часткі і асобных пагадненняў (Аб пасяленні і агульнаправавой абароне, Эканамічнага, Чыгуначнага, Аб мараплаванні, Аб падатках, Аб гандл. трацейскіх судах, Аб ахове прамысл. уласнасці). У развіццё дагавора заключаны пратакол 21.12.1928. Дагавор 1926 аб ненападзе і нейтралітэце, падпісаны 24 крас. ў Берліне на 5 гадоў. Пацвердзіў, што асновай адносін паміж СССР і Германіяй застаецца Рапальскі дагавор 1922. Прадугледжваў, што ў выпадку нападу на адзін з дагаворных бакоў трэцяй краіны або групы трэціх дзяржаў другі бок абавязваўся захоўваць нейтралітэт на працягу ўсяго ўзбр. канфлікту. Пратаколам ад 24.6.1931 дагавор працягнуты на няпэўны тэрмін. Фармальна ён дзейнічаў да нападу нацысцкай Германіі на СССР (22.6.1941). Дагавор 1939 аб ненападзе (гл.Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Дагавор 1939 аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй, падпісаны 28 вер. ў Маскве наркомам замежных спраў СССР В.М.Молатавым і міністрам замежных спраў Германіі І.Рыбентропам. Прадугледжваў «аднаўленне міру і парадку» на тэр. «былой Польскай дзяржавы» і ажыццяўленне тут «неабходнага дзярж. пераўладкавання» (на З ад вызначанай мяжы яно праводзілася Германіяй, на У — Сав. Саюзам); «пераўладкаванне» разглядалася як «надзейны фундамент для далейшага развіцця сяброўскіх адносін» паміж народамі СССР і Германіі. Вызначыў сав.-герм. граніцу па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Сакрэтным пратаколам да дагавора ў сферу інтарэсаў СССР уключалася Літва, а Германія атрымлівала ч. Польшчы (Люблінскае і ч. Варшаўскага ваяв.). 2-м сакрэтным пратаколам бакі абавязваліся не дапускаць на сваіх тэр. варожай польскай агітацыі. Даверны пратакол да дагавора, пагадненні і дагаворы ад 16.11.1939, 10.6.1940, 31.8.1940 і 10.1.1941 рэгулявалі памежныя адносіны (у т. л. прававыя), узаемныя перасяленні немцаў з СССР і беларусаў, літоўцаў, украінцаў з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы). Дагавор, як і папярэдні пакт аб ненападзе ад 23.8.1939, быў палітычна памылковым, супярэчным нормам міжнар. права. Гэта і юрыд. несапраўднасць абодвух дагавораў канстатаваў 11 з’езд нар. дэпутатаў СССР (пастанова ад 24.12.1989). Дагавор 1955 аб адносінах паміж СССР і ГДР, падпісаны 20 вер. ў Маскве на няпэўны тэрмін. Абумовіў, што сав. войскі, часова размешчаныя на тэр. ГДР са згоды яе ўрада, не ўмешваюцца ва ўнутр. справы і грамадска-паліт. жыццё краіны. Дагавор 1957 аб гандлі і мараплаванні (падпісаны 27 вер. ў Берліне на няпэўны тэрмін), Пагадненне 1958 па агульных пытаннях гандлю і мараплавання (падпісана 25 крас. ў Боне), Пагадненне 1973 аб развіцці эканам., прамысл. і тэхнічнага супрацоўніцтва (падпісана 19 мая ў Боне на 10 гадоў), Пагадненне 1978 аб развіцці і паглыбленні доўгатэрміновага супрацоўніцтва СССР і ФРГ у галіне эканомікі і прамысловасці (падпісана 6 мая ў Боне на 25 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні эканам. супрацоўніцтва СССР з ГДР (першы дагавор) і ФРГ (астатнія пагадненні). Дагавор 1964 аб дружбе, узаемнай дапамозе і супрацоўніцтве (падпісаны 12 чэрв. ў Маскве на 20 гадоў), Дагавор 1975 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе (падпісаны 7 кастр. ў Маскве на 25 гадоў), Пагадненне 1978 аб культурным і навуковым супрацоўніцтве (падпісана 12 мая ў Берліне на 10 гадоў), Дагавор 1970 (Маскоўскі дагавор; падпісаны 12 жн. ў Маскве), Пагадненне 1973 аб культурным супрацоўніцтве (падпісана 19 мая ў Боне на 5 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні знешнепаліт. і гуманіт супрацоўніцтва СССР з ГДР (першыя 2 дагаворы і пагадненне) і ФРГ (дагавор 1970 і пагадненне 1973).
Літ.:
Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг.). Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічная падправінцыя Палескай правінцыі на б.ч. Брэсцкай і Гомельскай, невялікіх ч. на Пд Мінскай і крайнім ПдЗ Магілёўскай абласцей. Мяжуе на Пн з Заходне-Беларускай правінцыяй і Перадпалескай правінцыяй, на Пд — з Украінскім Палессем. Працягнулася з З на У больш як на 500 км, з Пн на Пд каля 200 км. Пл. 60 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Гомельскае Палессе, Мазырскае Палессе (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны і частак інш. структур. Крышталічны фундамент залягае на глыб. 0,4—1,7 км на З, 0,4—6 км на У, на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе — на глыб. 20—50 м, на Пд выходзіць на паверхню (каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.). У платформавым чахле найб. пашыраны адклады верхняга пратэразою, палеазою (дэвону і інш.), мезазою і кайназою (больш поўна, у параўнанні з астатняй тэр. Беларусі, развіты адклады палеагенавай і неагенавай сістэм). Пароды антрапагену ствараюць покрыва магутнасцю 20—100 м, у ледавіковых лагчынах да 200 м. Пераважаюць ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя і балотныя адклады. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя сланцы, буры вугаль, торф, калійныя і каменная солі, рэдкія металы, даўсаніт, буд. і абліцовачны камень, буд., шкловыя і фармовачныя пяскі, жвір, вогнетрывалыя і цагельныя гліны, мінералізаваныя і тэрмальныя воды, расолы і інш.
Асн. формы рэльефу ўтвораны дняпроўскім ледавіком і расталымі водамі сожскага ледавіка. Значная рэльефаўтваральная роля належыць эразійна-акумулятыўнай дзейнасці Прыпяці і яе прытокаў, стараж. і сучасных азёраў, балотаўтваральным і эолавым працэсам. Тэрыторыя Беларускага Палесся ахоплівае б.ч. Палескай і Прыдняпроўскай нізіны, на паверхні якіх пераважаюць водна-ледавіковыя (зандравыя), азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя пясчаныя формы рэльефу. Трапляюцца марэнныя раўніны і канцова-марэнны градава-ўваліста-ўзгорысты рэльеф. Рачныя даліны Беларускага Палесся маюць шырокія поймы і тэрасы. Адзнакі паверхні вагаюцца ад 105 м над узр. м. (урэз вады ў р. Прыпяць пры выхадзе з тэр. Беларускага Палесся) да 220 м (за 5 км на Пд ад Мазыра на Мазырскай градзе), найб. пашыраны 120—150 м. У паніжаных ч. рэльефу — балоты (найб. масівы Паддубічы, Вялікі Лес, Выганашчанскае балота, Грычын, Загальскі масіў і інш.) і забалочаныя ўчасткі з азёрнымі катлавінамі. На рачных тэрасах і зандрах дзюны. Канцова-марэнныя ледавіковыя ўтварэнні (Загароддзе, Мазырская града, Юравіцкае ўзвышша, Хойніцка-Брагінскія вышыні і інш.) уздымаюцца над нізінамі да 40—80 м.
Клімат умерана кантынентальны (найб. цёплы на Беларусі), няўстойліва вільготны. Сярэднія т-ры студз. ад -4,4 °C на З да -7 °C на У (мінім. -36 °C), ліп. 18—19 °C (макс. 38 °C), ападкаў 540—645 мм за год (макс. 1115 мм). Вегетацыйны перыяд 193—208 дзён. Рэкі Дняпро і яго прытокі Сож, Бярэзіна і Прыпяць (гал. рака Беларускага Палесся) належаць да бас. Чорнага мора, Зах.Буг з Мухаўцом, Лясной і інш. — да бас. Балтыйскага мора. Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі, Мікашэвіцкі і Агінскі (не дзейнічае); густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў. Азёры Беларускага Палесся пераважна мелкаводныя, найб. з іх Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Арэхаўскае. Шмат азёраў-старыц у поймах рэк. Пабудаваны вадасховішчы Салігорскае, Лактышы, Пагост і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя на пясках, да ўзвышшаў і раўнін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя глебы на марэнных і лёсападобных супесках. Значную ч. тэрыторыі займаюць дзярновыя забалочаныя (глеевыя і глеяватыя), тарфяна-балотныя і алювіяльныя (поймавыя) глебы. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў на б.ч. Беларускага Палесся 45—50 балаў. Лясы займаюць 43%, належаць да Бугска-Палескай і Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акруг падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. На водападзелах і рачных тэрасах пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы (трапляюцца невял. ўчасткі шыракаліста-яловых), на марэнных узвышшах, раўнінах і тэрасах шыракалістыя лясы, пераважна дубовыя, ясянёва-дубовыя і ясянёвыя, на нізінных балотах чорнаалешнікавыя і пушыста-бярозавыя, у поймах рэк дубровы і алешнікі. У флоры шмат рэліктаў — вадзяны арэх, сальвінія плаваючая, альдраванда пухіраватая, рададэндран жоўты і інш. Больш за 1,2 млн.га зямель асушаны і ператвораны ў с.-г. ўгоддзі, пад ворывам каля 21% тэрыторыі. У межах Беларускага Палесся Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Белае, Прастыр, Альманскія балоты, Церабень, Мазырскія Яры, Смычок, Стрэльскі, гідралагічныя Выганашчанскае, Падвялікі Мох, біялагічныя Вусце Лані, Селяхі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Радастаўскі, Шабрынскі, Ленінскі, Борскі, Букчанскі, Чырковіцкі, Ялоўскі і інш. Значная ч. тэрыторыі Беларускага Палесся забруджана радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986.
Літ.:
Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982;
Неотектоника и полезные скопаемые Белорусского Полесья. Мн., 1984;
Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.
А.В.Мацвееў, Э.А.Крутавус.
Беларускае Палессе. Краявід каля в. Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЧЫГУ́НКА,
вытворча-эксплуатацыйнае падраздзяленне трансп. комплексу Рэспублікі Беларусь. У сучасных межах дзейнічае з 1953. У снеж. 1991 аддзялілася ад адзінай чыгункі б.СССР і стала самастойная. Агульная эксплуатацыйная даўж. чыгункі 5542,8 км, з іх 875 км электрыфікавана (1995).
У канцы 19 ст. Беларусь стала адным з самых развітых чыгуначна-транспартных рэгіёнаў Рас. імперыі. За 1860—80 тут здадзена ў эксплуатацыю больш за 2 тыс.кмчыг. ліній, на пач. 20 ст. — яшчэ каля 1 тыс.км. У 1913 даўжыня чыг. сеткі перавышала 3,8 тыс.км. Паскоранае буд-ва чыгунак абумоўлена эканам. і ваенна-паліт. інтарэсамі Расіі ў перыяд яе капіталіст. развіцця і геагр. размяшчэннем Беларусі. Першая на Беларусі чыг. лінія Парэчча—Гродна (30 км) і далей да сучаснай граніцы з Польшчай пачала дзейнічаць у 1862 як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1866—69 пабудаваны чыг. ўчастак Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). Але пачаткам развіцця беларускай чыгункі лічыцца 1871, калі ў эксплуатацыю здадзена магістраль Смаленск—Мінск—Брэст, якая на вузлах Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст аб’яднала лініі розных напрамкаў і вызначыла асн. кірункі фарміравання беларускай чыгункі. У 2-й пал. 19 ст. пракладзена (адна з першых на Беларусі) вузкакалейка ад р. Сож да Старынкаўскага чыгуналіцейнага з-да (Слаўгарадскі р-н). У 1873 пабудаваны чыг. ўчастак Ковель—Брэст (частка чыг. лініі Брэст—Бярдзічаў), пачаўся рух паяздоў па лініі Вільня—Мінск—Гомель (участак будучай Лібава-Роменскай чыгункі). У 1882—87 пачала дзейнічаць сетка Палескіх чыгунак (працягласць больш за 1 тыс.км), якія звязалі Прыбалтыку з зах. губернямі Украіны і цэнтр. Расію з Польшчай. На пач. 20 ст. пракладзены яшчэ 2 чыг. магістралі, якія злучылі Пецярбург з паўд. губернямі Расіі і Польшчай: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін—Оўруч (1904—16) і Невель—Полацк—Маладзечна—Ліда—Ваўкавыск (1907) з выхадам да сучаснай граніцы з Польшчай і адгалінаваннем Масты—Гродна. Пабудаваны таксама лініі мясц. значэння: Крулеўшчына—Варапаева, Вярэйцы—Градзянка, Асіповічы—Старыя Дарогі—Слуцк, Васілевічы—Хойнікі і інш.Буд-ва чыгунак вялося ўручную, выкарыстоўваліся рэйкі лёгкага тыпу, масты будаваліся пераважна драўляныя. Эксплуатаваліся паравозы малой магутнасці і 2-восевыя таварныя вагоны грузападымальнасцю 15—16 т. У 1915—17 пабудаваны чыг. лініі на ўчастках Жлобін—Калінкавічы, Калінкавічы—Оўруч (Украіна), Полацк—Ідрыца (Расія). У 1922 на базе Аляксандраўскай, Маскоўска-Балтыйскай і інш. участкаў дарогі створана Маскоўска-Беларуска-Балтыйская чыгунка. У эксплуатацыю ўведзены новыя чыг. лініі: Орша—Унеча (1923), Орша—Лепель (1927), Чарнігаў—Гомель (1930), Рослаў—Крычаў—Магілёў—Асіповічы (1931), Бабруйск—Старушкі (1939), Варапаева—Друя (1933). Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) створаны Брэст-Літоўская чыгунка і Беластоцкая чыгунка (кіраўніцтва ў Беластоку). У 1939 Беларусь абслугоўвалі Заходняя, Беларуская (кіраўніцтва ў Гомелі), Брэст-Літоўская і Беластоцкая чыгункі. У Вял.Айч. вайну, каб перашкодзіць дастаўцы жывой сілы і ваен. тэхнікі ворага на фронт, бел. партызаны вялі на беларускай чыгунцы актыўныя баявыя дзеянні, у т. л.рэйкавую вайну. Гітлераўскія акупанты ў час адступлення знішчалі чыг. палатно, паравозы, дэпо, станцыі. У пасляваен. перыяд беларуская чыгунка ў асн. адноўлена (да 1950). У 1951 Брэст-Літоўская чыгунка і Мінскае аддзяленне Зах. чыгункі аб’яднаны ў Мінскую чыгунку, якая ў 1953 далучана да беларускай чыгункі (кіраўніцтва ў Мінску). У 1957 Беларусі перададзены Аршанскае і Віцебскае аддзяленні Калінінскай чыгункі (РСФСР). У выніку чыг. сетка рэспублікі супала з адм. граніцамі БССР. Ажыццяўлялася рэканструкцыя і пераўзбраенне чыгункі, падведзены лініі да буйных новабудоўляў: да Салігорска, Бярозаўскай ДРЭС, Полацкага нафтаперапр. аб’яднання і інш. Да 1973 найважнейшыя магістралі пераведзены на цеплавую цягу. У 1963 электрыфікаваны першы ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы. З 1981 рэгулярны рух электрапаяздоў адкрыты па маршруце Мінск—Масква, з 1989 — на ўсёй лініі Брэст—Масква. Электрыфікаваны таксама ўчасткі Аляхновічы—Маладзечна (1966) і Мінск—Асіповічы (1973). Скорасць пасаж. паяздоў дасягнула 120—140 км/гадз, грузавых — 100 км/гадз. На вакзалах і чыг. станцыях наладжана даведачна-інфарм. служба, з 1989 уведзена аўтаматызаваная сістэма браніравання і продажу білетаў «Экспрэс-2» на пасаж. паязды і даведачна-інфарм. сістэма «ВІЗІНФОРМ» у Мінску, Гомелі і Брэсце. Пачата (1989) буд-ва буйнога вакзальнага комплексу ў Мінску. Курсіруюць камфартабельныя паязды «Беларусь», «Буг», «Дняпро», «Мінскі», «Няміга» і інш. Дзейнічаюць 2 выліч. цэнтры (Мінск, Брэст) і спец. бюро па распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання ў Гомелі.
Шчыльнасць чыг. сеткі Беларусі больш за 26 км на 1 тыс.км². У складзе беларускай чыгункі 6 аддзяленняў (Баранавіцкае, Брэсцкае, Віцебскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае), больш як 400 станцый, 9 дэпо па рамонце вагонаў, 17 дэпо па рамонце лакаматываў і інш. прадпрыемствы. Парк грузавых вагонаў налічвае каля 36 тыс. адзінак трансп. сродкаў, пасажырскі парк мае больш за 1 тыс. цягавых сродкаў (цеплавозы, электравозы, дызель-паязды, электрапаязды і інш.). У 1995 беларускай чыгункай перавезена 73,4 млн.т. грузаў і 147,3 млн. пасажыраў. Грузаабарот склаў 25,5 млн.т/км, пасажыраабарот — 12,5 млн. пасажыра-км. Беларуская чыгунка — чл.міжнар. Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак і Міжнар. саюза чыгунак. Гл. схему.
Літ.:
Кацяш Г. Стальныя магістралі рэспублікі. Мн., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКА́,
адкрыты пастаянны водны паток, які цячэ ў распрацаваным ім рэчышчы і жывіцца за кошт сцёку з яго вадазбору. Пачатак Р. (крыніца, ручай, возера, балота, ледавік) наз.вытокам ракі. Месца ўпадзення Р. ў акіян, мора, возера, вадасховішча, іншую Р. — вусце. У вусцях многіх Р. утвараюцца дэльты, некат. Р. канчаюцца эстуарыямі. Ч. даліны, дзе цячэ Р., наз.рэчышчам, а яе частка, што затапляецца ў высокую ваду, — поймай. Ад размывання дна і берагоў на ўвагнутых участках выгінаў рэчышча ўтвараюцца лукавіны (меандры). Плошча, з якой вада сцякае да Р., наз.вадазборам, або басейнам рачным. Лінія, якая падзяляе сумежныя вадазборы, — водападзел. Р., якая ўпадае ў акіян, мора, бяссцёкавае возера або губляецца ў пясках, наз. галоўнай. Разам з прытокамі розных парадкаў і вадаёмамі Р. ўтвараюць гідраграфічную сетку. Гал. характарыстыка Р. — велічыня яе сцёку (расход, гадавы аб’ём); да важнейшых таксама належаць: даўжыня, пл. басейна, нахіл воднай паверхні, шырыня рэчышча і яго глыбіня, скорасць цячэння вады. У залежнасці ад умоў фарміравання гідралагічнага рэжыму Р. падзяляюць на раўнінныя і горныя. Раўнінная Р. мае нязначны нахіл, павольнае цячэнне, шырокую даліну з пакатымі схіламі. У горнай Р. вялікі нахіл, хуткае цячэнне, вузкая глыбокая даліна. Вылучаюць таксама Р. азёрныя, балотныя і карставыя. Азёрная Р. выцякае з возера або працякае цераз яго (іх). Балотная Р. цячэ па балоце або мае значную забалочаную тэрыторыю на сваім вадазборы. Карставая Р. жывіцца пераважна карставымі водамі. У залежнасці ад велічыні Р. падзяляюцца на вялікія, сярэднія і малыя. Вялікая Р. (пл.бас. больш за 50 тыс.км²) цячэ ў межах некалькіх геагр. зон, сярэдняя (пл.бас. 2—50 тыс.км²) і малая Р. (пл.бас. да 2 тыс.км²) цякуць ў адной геагр. зоне. Адрозніваюць Р. з занальным, азанальным і полізанальным (складаным) рэжымам. Вылучаюць 4 віды жыўлення Р.: дажджавое, снегавое, падземнае і ледавіковае. Для Р. характэрны 3 асн. фазы воднага рэжыму: разводдзе, межань і паводка (летне-асенняя і зімовая). Паводле асаблівасцей жыўлення і воднага рэжыму існуе некалькі класіфікацый Р. (А.Л.Ваейкава, М.І.Львовіча, П.С.Кузіна, Б.Дз.Зайкава і інш.). Р. — важнае звяно кругавароту вады на Зямлі. Сярэднегадавы сцёк Р. зямнога шара 42 тыс.км³, Беларусі — 34 км³ (гл. таксама табл.).
На тэр. Беларусі 20,8 тыс. Р., іх агульная даўж. 90,6 тыс.км. Яны належаць вадазборам Чорнага (Дняпро з Прыпяццю; збіраюць ваду з 56% тэр.) і Балтыйскага мораў (Нараў, Зах.Буг, Нёман, Зах. Бярэзіна і Ловаць; дрэніруюць 44% тэр.). Найб. Р. (даўж. больш за 500 км): Бярэзіна, Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Дняпро, Прыпяць, Сож, Зах. Дзвіна (транзітныя). Р. даўж. 101—50 км — 42, іх сумарная даўж. 6,7 тыс.км. Самых малых Р. і ручаёў (даўж. да 10 км) 19,3 тыс., іх агульная даўж. 48,8 тыс.км. Найб. пашыраны раўнінныя малыя Р. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Нахілы Р. вагаюцца на розных участках ад 0,1 да 2—3‰. Скорасць цячэння Р. малая — 0,5—0,7 м/с. Асн. крыніца жыўлення — частка атм. ападкаў, якая застаецца ад выпарэння і транспірацыі. Характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асеннія і зімовыя межані. Разводдзе ў залежнасці ад велічыні Р. цягнецца 30—120 сут, часам суправаджаецца навадненнямі. Летне-асенняя межань доўжыцца 160—205 сут, зімовая 85—110 сут, часта парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Замярзаюць Р. звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут). Таўшчыня лёду ад 17—45 см на Пд да 29—64 см на Пн і ПнУ. Амаль усюды адзначаецца веснавы крыгаход. На большасці Р. асн. маса рачнога сцёку прыходзіць вясной пры раставанні снегу. Доля веснавога сцёку складае 36—77% ад гадавога, у перыяд летне-асенняй межані — 18—43%, зімовай межані — 4—25%. Р. штогод выносяць за межы краіны каля 1,2 млн.т завіслых наносаў і каля 6,5 млн.т раствораных рэчываў. Паводле падабенства гідралагічнага рэжыму паверхневых вод вылучана 6 гідралагічных раёнаў (гл.Гідралагічнае раянаванне). Сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх якасці змяшчае водны кадастр. Гідралагічныя назіранні вядуцца на гідралагічных станцыях і гідралагічных пастах. Р. выкарыстоўваюцца як крыніцы пітнай і прамысл. вады, з мэтамі суднаходства, лесасплаву, рыбалоўства, рэкрэацыі, меліярацыі і інш. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем вод на Р. ствараюцца гідратэхнічныя збудаванні. Р. пільна ахоўваюцца ад забруджвання і вычэрпвання (гл.Ахова вод, Водаахоўная зона). Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні Р. прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь Сучасныя Р. вывучае гідралогія рэк, стараж. — палеапатамалогія.
Літ.:
Аполов Б.А. Учение о реках. 2 изд. М., 1963;
Муранов А.П. Величайшие реки мира. Л., 1968;
Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл.Мн., 1994.
А.А.Макарэвіч.
Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк свету і Беларусі