САМО́ЙЛА (Уладзімір Іванавіч) (29.1.1878, Мінск — 1941),
бел. публіцыст, літ. крытык, філосаф. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). Удзельнічаў у бел.літ.-грамадскім руху ў Мінску, адзін з заснавальнікаў кніжнага т-ва «Мінчук» (1906). Пры садзейнічанні С. ў газ. «Северо-Западный край» (28.5.1905) надрукаваны на бел. мове верш Я.Купалы «Мужык» — першае выступленне паэта ў друку. У газ. «Минский курьер» (1908) актуалізаваў пытанні асветы нар. мас, неабходнасць бел. школы. Выступаў з арт. пра творчасць Г.Ібсена, А.Блока, Л.Андрэева. З 1918 жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіях, актыўна супрацоўнічаў у віленскай прэсе. У 1923—27 адзін з вядучых публіцыстаў зах.-бел.перыяд. друку вызв. кірунку. Выступаў па пытаннях грамадска-паліт. жыцця і вызв. руху: філас. эсэ «Гэтым пераможаш!» (1923), «Які «самаўрад» гатуе беларускаму народу Польская рэспубліка?» (1924), «Новы» і «найноўшы» курс польскай палітыкі ў беларускай справе» (1932) і інш. У рэцэнзіях і артыкулах пра зах.-бел. л-ру вітаў ідэйныя, маст., жанравыя пошукі пісьменнікаў, разглядаў здабыткі л-ры ў святле росту гіст. і паліт. свядомасці народа. Асн. публікацыі 1930-х г. (пад псеўд. Ул.Чэмер, Ул.С., С.) датычылі помнікаў стараж. л-ры, пытанняў гісторыі бел. мастацтва, музыкі. Для лепшых публікацый С. характэрны шырокі праблемны падыход да з’яў, глыбокая, дасведчаная трактоўка пытання, ярка выражаны публіцыст. стыль.
Тв.:
У кн.: Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;
У кн.: Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Літ.:
Александровіч С.Х. Уладзімір Самойла — даследчык паэзіі Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985;
Калинкович Н. Как дань глубокого уважения... // Нёман. 1979. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА (франц. Entente літар. згода),
ваенна-паліт. блок Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі (Траістая згода), аформлены ў 1904—07; у 1-ю сусв. вайну аб’яднаў супраць герм. кааліцыі 25 дзяржаў. З узнікненнем Антанты фактычна закончыўся падзел дзяржаў Еўропы на 2 варожыя лагеры. Германія, значэнне якой у Еўропе вырасла пасля перамогі ў франка-прускай вайне 1870—71, падпісала ў 1879 саюз з Аўстра-Венгрыяй. У 1882 да яго далучылася Італія. Гэтым завяршылася стварэнне Траістага саюза 1879—82. У адказ Францыя і Расія заключылі франкарускі саюз 1891—93. Англія спрабавала застацца ў баку ад блокаў і быць міжнар. арбітрам, але ўзмацненне англа-герм. супярэчнасцяў прымусіла яе падпісаць англа-франц. (1904) і англа-рус. (1907) пагадненні, якія фактычна аформілі стварэнне Антанты. Расія і Францыя мелі ў гэтай групоўцы пэўныя ваен. абавязацельствы (Англія ад іх адмовілася). Рознагалоссі паміж удзельнікамі Антанты часткова былі згладжаны, але канчаткова не ліквідаваны. Іх спрабавала выкарыстаць Германія, каб вывесці з групоўкі Расію. Але гэтаму перашкаджала залежнасць Расіі ад франц. капіталу і ваен. пагроза з боку Германіі. У той жа час Антанта імкнулася ізаляваць ад Траістага саюза Італію (у маі 1915 апошняя перайшла на бок Антанты) і Аўстра-Венгрыю. На пач. 1-й сусв. вайны ўдзельнікі Антанты выступілі разам і ў вер. 1914 падпісалі пагадненне аб незаключэнні сепаратнага міру з Германіяй. У кастр. 1915 да пагаднення далучылася Японія і абвясціла вайну Германіі. У ходзе вайны да Антанты далучылася яшчэ 20 дзяржаў. Асноўны цяжар вайны неслі Расія і Францыя, на тэрыторыі якіх вяліся ваен. дзеянні. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, калі Расія выйшла з Антанты, Англія і Францыя падпісалі пагадненне (23.12.1917) пра сумесную інтэрвенцыю ў Сав. Расію і падзел яе тэрыторыі. Антанта была ініцыятарам паходаў супраць Сав. дзяржавы (гл.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў Расіі 1918—20). Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж дзяржавамі Антанты пасля заканчэння 1-й сусв. вайны прывяло да распаду гэтага блока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1931—39,
антыманархічная і агульнадэмакр. рэвалюцыя, у ходзе якой у Іспаніі існаваў рэсп. лад. Выклікана абвастрэннем сац.-эканам. праблем ісп. грамадства ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33. Пачалася 12.4.1931 масавымі нар. дэманстрацыямі з патрабаваннямі ўстанаўлення рэспублікі пасля перамогі апазіц. партый на муніцыпальных выбарах. 14 крас. кароль Альфонс XIII пакінуў краіну, Іспанія абвешчана рэспублікай. На 1-м этапе рэвалюцыі (14.4.1931 — ліст. 1933) дзейнічалі ўрады блока левых рэспубліканцаў і сацыялістаў. У краіне зацвердзіліся дэмакр. свабоды, прынята канстытуцыя 9.12.1931, уведзены 8-гадзінны прац. дзень, устаноўлены мінімум зарплаты, царква аддзелена ад дзяржавы. У вер. 1932 абвешчана агр. рэформа (канфіскацыя за выкуп часткі зямлі ў буйных латыфундыстаў і перадача яе сялянам і с.-г. рабочым) і зацверджаны закон аб аўтаноміі Каталоніі. Аднак гэтыя мерапрыемствы не спынілі сац.эканам. крызісу. Ва ўмовах росту незадаволенасці рабочых у вер. 1933 з урада выйшлі прадстаўнікі Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі, што прывяло да распаду ўрадавага блока. На 2-м этапе (ліст. 1933 — люты 1936, т. зв. «чорнае двухгоддзе»), калі існаваў урад правых рэспубліканцаў, актывізавалася дзейнасць кансерватыўных і прафаш. сіл, у т. л.Іспанскай фалангі. Гэта выклікала ў кастр. 1934 узбр. паўстанні рабочых пад кіраўніцтвам левых сацыялістаў і камуністаў (найб. масавыя ў Каталоніі і Астурыі), задушаныя войскамі. Паражэнне левых сіл падштурхнула іх да кансалідацыі і ўтварэння Нар. фронту (студз. 1936), які 16.2.1936 перамог на выбарах у картэсы. На 3-м этапе рэвалюцыі (1936—39) 19.3.1936 утвораны ўрад Нар. фронту (складаўся пераважна з левых рэспубліканцаў), у маі — ліп. 1936 узмацніўся рабочы і камуніст. рух. Адначасова актывізаваліся кансерватыўныя сілы, што вылілася ў ваен. мяцеж супраць рэспублікі пад кіраўніцтвам ген. Ф.Франка Баамондэ (пачаўся 17 ліп. ў Ісп. Марока, 18 ліп. пашырыўся на Іспанію). Гэта прывяло да грамадз. вайны паміж паслядоўнікамі Франка (франкістамі) і прыхільнікамі Ісп. рэспублікі (рэспубліканцамі). На 1-м этапе вайны (ліп. 1936 — май 1937) франкісты, якім аказвалі дапамогу Германія, Італія, Партугалія (у т. л. ў баях удзельнічалі 50 тыс.ням. і 200 тыс.італьян. вайскоўцаў), намагаліся захапіць Мадрыд. Спачатку пад уладай рэспубліканцаў, якіх з кастр. 1936 падтрымлівалі СССР (каля 3 тыс. добраахвотнікаў, у т. л. беларусы С.А.Грыцавец, В.П.Дрозд і інш.) і інтэрнацыянальныя брыгады, было каля 70% тэрыторыі і 3/4 насельніцтва Іспаніі, але ў жн. 1936 страчаны стратэгічна важныя тэрыторыі. Урады Нар. фронту на чале з Ф.Ларга Кабальера (4.9.1936—17.5.1937) і Х.Негрынам (17.5.1937 — сак. 19.39) стварылі рэгулярныя ўзбр. сілы, прынялі дэкрэты аб нацыяналізацыі зямельных уладанняў удзельнікаў мяцяжу і перадачы іх сялянам, аб нацыяналізацыі прадпрыемстваў, якія належалі мяцежнікам, прадаставілі аўтаномію Краіне Баскаў. На 2-м этапе вайны (май 1937 — вер. 1938) франкісты захапілі Краіну Баскаў і Астурыю (кастр. 1937), прарвалі фронт у Арагоне і выйшлі да ўзбярэжжа Міжземнага м., адрэзаўшы ад цэнтр. раёна рэспублікі Каталонію (крас. 1938). На 3-м этапе (вер. 1938 — сак. 1939) 350-тысячная армія франкістаў (ёй процістаяла толькі 140-тысячная рэсп. армія) 26.1.1939 захапіла г. Барселона, дзе з ліп. 1937 размяшчаўся рэсп. ўрад, і ўсю Каталонію (9 лют.). Брыт. і франц. ўрады 27.2.1939 афіцыйна прызналі ўрад Франка. Унутр. барацьба ў лагеры рэспубліканцаў, частка якіх выступала за капітуляцыю перад Франка, прывяла да падзення рэспублікі (28 сак. — 1 крас.). У Іспаніі ўстанавілася ваен. дыктатура — т.зв. іберыйскі варыянт фашызму (да 1975).
Літ.:
Пожарская С.П. От 18 июля 1936 — долгий путь. М., 1977.
Да арт.Іспанская рэвалюцыя. 1931—39. I. Абмундзіраванне франкістаў: 1 — легіянер 1-га класа ў летняй палявой форме; 2 — афіцэр кавалерыі, каід мараканскіх часцей; 3 — маёр у паўсядзённай форме і кавалерыйскіх брыджах; 4 — каід у палявой форме; 5 — лейтэнант, камандзір роты міліцыі «Іспанскай фалангі» ў параднай форме; 6 — капрал міліцыі андалусійскіх «рэкетэ» ў палявой форме і армейскай амуніцыі. II. Адзенне рэспубліканцаў: 1 — падпалкоўнік у службовай форме; 2 — генерал, камандзір дывізіі ў паўсядзённай форме; 3 — андалусійскі міліцыянер; 4 — амерыканскі добраахвотнік з батальёна імя Лінкальна; 5 — савецкі добраахвотнік-танкіст; 6 — капрал Пятага палка ў камбінезоне-мона; 7 — анархіст у скуранцы і салдацкіх брыджах; 8 — камісар у пілотцы і ў камбінезоне-мона; 9 — баец рабочай міліцыі ў армейскай касцы і салдацкай амуніцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫГІ́ТЛЕРАЎСКАЯ КААЛІ́ЦЫЯ,
саюз дзяржаў і народаў, якія змагаліся ў другой сусветнай вайне 1939—45 супраць агрэсіўнага блока гітлераўскай Германіі, Італіі, Японіі і іх сатэлітаў. Аснову кааліцыі складалі вял. дзяржавы — Савецкі Саюз (адыграў вырашальную ролю ў дасягненні перамогі), ЗША, Англія, Францыя, Кітай. У ваен. дзеяннях на баку антыгітлераўскай кааліцыі прымалі ўдзел Польшча, Чэхаславакія, Югаславія, Аўстралія, Бельгія, Бразілія, Індыя, Канада, Філіпіны, Эфіопія і інш. Асобныя дзяржавы дапамагалі антыгітлераўскай кааліцыі пастаўкамі ваен. сыравіны (напр., Мексіка). Былі і такія краіны, што аб’явілі вайну Германіі толькі напярэдадні яе разгрому і не зрабілі якога-небудзь укладу ў перамогу. На момант сканчэння 2-й сусв. вайны антыгітлераўская кааліцыя аб’ядноўвала больш за 50 дзяржаў, прычым вайну Германіі аб’явілі і яе былыя саюзнікі Балгарыя, Венгрыя, Італія і Румынія. Дапамогу антыгітлераўскай кааліцыі аказаў народны Рух Супраціўлення, які разгарнуўся ў многіх акупіраваных краінах. У ліку паўнапраўных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі былі Беларусь і Украіна (будучыя члены — заснавальнікі ААН), а таксама іншыя былыя саюзныя рэспублікі СССР.
Пачатак утварэнню антыгітлераўскай кааліцыі пакладзены заявамі аб узаемнай падтрымцы ўрадаў СССР, ЗША і Англіі пасля нападу фаш. Германіі на СССР, англа-сав. і сав.-амер. перагаворамі летам 1941, падпісаннем 12.7.1941 сав.-англ. пагаднення аб сумесных дзеяннях у вайне супраць Германіі, Маскоўскай нарадай 1941 трох дзяржаў (гл.Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945), а таксама шэрагам інш. пагадненняў паміж саюзнікамі. 1.1.1942 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя 26 дзяржаў (Дэкларацыя Аб’яднаных Нацый), якія знаходзіліся на той час у стане вайны з Германіяй, Італіяй, Японіяй і іх саюзнікамі. У Дэкларацыі гаварылася, што дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі абавязаны выкарыстоўваць свае ваен. і эканам. рэсурсы для барацьбы супраць фаш. дзяржаў і не заключаць з імі сепаратных дагавораў. Пазней дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі падпісалі шэраг дакументаў, сярод якіх найбольшае значэнне маюць пастановы Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый (пра ўсе гл. асобныя арт.) кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Антыгітлераўская кааліцыя ў цэлым вырашыла задачы, што стаялі перад ёю ў 2-й сусв. вайне, і стала асновай для ўтварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРГА́Й (Сяргей Сцяпанавіч) (17.9.1907, Мінск — 25.12.1980),
бел.паэт. Скончыў Мінскую чыг. школу (1924) і агульнаадук. курсы (1927). Удзельнік падполля і партыз. руху на Беларусі ў Айч. вайну. У 1930-я г. працаваў у газ. «Звязда», з 1951 у час. «Полымя», у 1953—67 у час. «Вожык». Друкаваўся з 1938. Першы зб. «Вачыма будучыні» (1953). Гал. тэмы яго паэзіі (зб-кі «Крэмень аб крэмень», 1958, «Чатыры стыхіі», 1962, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964, «Свята ў будзень», 1964) — любоў да роднага краю, неаслабная ўвага да чалавека, клопат пра яго самаўдасканаленне, засяроджанасць на складаных праблемах часу, зварот да подзвігу бел. народа ў Вял.Айч. вайну. Дз. горача цікавіўся гіст. мінулым свайго народа (паэмы «Напрадвесні», 1960, «Над спакоем крыніц». 1962), паказваў пераўтварэнне чалавекам зямлі («Песня пра Туркменскі канал», 1951), ствараў гіст. эпас («Пушкін на шашы Энтузіястаў», 1953). Выкарыстанне разнастайных паэт. сродкаў і формаў, умелае валоданне фальклорна-песенным вершам, сучасным верлібрам, філасафічнасць, асацыятыўнасць мыслення, культура творчасці, руплівыя адносіны да роднай мовы зрабілі яго паэзію адметнай у бел. л-ры. Гумарыстычныя творы Дз. ў яго зб-ках «Цешча» (1959), «Салата з дзядоўніку» (1967). На бел. мову перакладаў паэмы «Гражына» А.Міцкевіча, «Бацька зачумленых» Ю.Славацкага, «Дванаццаць» А.Блока, «На ўвесь голас» У.Маякоўскага, «Сінія гусары» М.Асеева, «Сын» П.Антакольскага, «1905 год» Б.Пастарнака, асобныя творы Э.Багрыцкага, У.Бранеўскага, В.Брусава, У.Лугаўскога, Я.Райніса, М.Рыльскага, П.Тычыны і інш.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1974;
На вогненнай сцяжыне. Мн., 1977;
Чатыры стыхіі. Мн., 1988.
Літ.:
Арочка М. Сатырычная паэзія // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Бярозкін Р. Пошук сапраўднага // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;
Гілевіч Н. Словы трывалыя, прачулыя, разумныя // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Лойка А. Зайдзі ў мой дом // Лойка А. Паэзія і час.Мн.. 1981;
Гніламёдаў У. Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1983. С. 223—227;
Сачанка Б. Круты стол Сяргея Дзяргая // Сачанка Б. Жывое жыццё. Мн., 1985;
Сіпакоў Я Сяргей Сцяпанавіч // Сіпакоў Я. Журба ў стылі рэтра. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦТВА КНІ́ГІ,
адзіны комплекс творчай дзейнасці па праектаванні, маст. вырашэнні і паліграф. ўзнаўленні кніжнага выдання — кнігі. Сінтэт. мастацтва, якое арганічна ўключае літаратуру, маст. афармленне (гл.Кніжная графіка), паліграф. працэсы і з’яўляецца вынікам шматграннага творчага працэсу спецыялістаў рознага профілю (выдаўцоў, рэдактараў, фатографаў, мастакоў, паліграфістаў), накіраванага на высокамаст. вырашэнне кніжнага блока і знешняга выгляду кнігі, эстэт. дапасаванне яе формы і літ. зместу. Кожны з элементаў афармлення адыгрывае спецыфічную ролю ў стварэнні маст. ансамбля кнігі, што адлюстроўвае змест і форму літ. твора, нясе стылявыя рысы эпохі, твора, індывід. творчай манеры мастака. Асаблівасці задач маст. афармлення кнігі вызначаюцца спецыфікай віду л-ры (навуковая, навучальная, навукова-папулярная, маст., дзіцячая і інш.). Стварэнне кнігі ўключае этапы: выдавецкі (вызначэнне агульнай задумы, ідэі выдання, тэхнал. асаблівасцей і матэрыялаў), маст. (распрацоўка сістэмы афармлення, у т. л. стварэнне ілюстрацый, макетавання, канструкцыі выдання і інш.), вытворчы (паліграф. працэс). Творчыя вынікі М.к. разглядаюцца на перыядычных нац. і міжнар. конкурсах кнігі і выстаўках.
Вытокі М.к. ў афармленні рукапіснай кнігі, у якім пераважалі абклад, мініяцюра, малюнак, каліграфія. Як самаст. галіна мастацтва склалася ў 15 ст. пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Новы этап М.к. пачаўся ў 19 ст. з пераводам ручных рамесніцкіх паліграф. працэсаў на машынныя (наборная машына, лінатып, фотамеханічнае ўзнаўленне выяў) і выкарыстаннем паперы на цэлюлознай аснове. У сярэдзіне 20 ст. кардынальныя змены ў тэхніцы набору, узнаўлення ілюстрацый і друку ўнеслі сродкі электронікі і ЭВМ (камп’ютэрны дызайн і інш.). Гл. таксама Выдавецкая справа, Паліграфічная прамысловасць. Іл.гл. таксама да арт.Графіка, Кніжная графіка, Ілюстрацыя.
Літ.:
Ляхов В.Н. Искусство книги. М., 1978;
Герчук Ю.Я. Художественная структура книги. М., 1984;
Лазурский В.В. Путь к книге. М., 1985;
Шматов В.Ф. Искусство книги Франциска Скорины. М., 1990.
М.Р.Баразна.
Да арт.Мастацтва кнігі. Вокладка і разварот кнігі А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Мінск. 1998.Да арт.Мастацтва кнігі. Евангелле. Рукапіс. 1-я пал. 16 ст. Беларусь—Украіна.Да арт.Мастацтва кнігі. Замежныя выданні 15—16 ст.Да арт.Мастацтва кнігі. Абклад напрастольнага евангелля. 16 ст.Да арт.Мастацтва кнігі. Выданні «Беларускай Энцыклапедыі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ВЯЛІ́КІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТРакадэмічны імя Г.А.Таўстаногава.
Адкрыты ў 1919, з 1932 імя М.Горкага, з 1964 акадэмічны, з 1992 сучасная назва. Створаны пры ўдзеле М.Горкага, М.Андрэевай і А.Блока як т-р гераічнага рэпертуару, класічнай трагедыі і высокай камедыі. Гал. рэжысёры А.Лаўрэнцьеў (1919—22 і 1923—29), К.Твярской (1929—34), В.Фёдараў (1934—36), А.Дзікі (1936—37), Б.Бабачкін (1938-40), Л.Руднік (1940—46), Н.Рашэўская (1946—49), І.Яфрэмаў (1950—52), К.Хахлоў (1922—23 і 1954—55), Таўстаногаў (1956—89); з 1989 маст. кіраўнік К.Лаўроў. Адкрыўся спектаклем «Дон Карлас» Ф.Шылера. Першапачаткова ставіліся спектаклі У.Шэкспіра, Шылера, В.Гюго, Мальера і інш., з сярэдзіны 1920-х г. таксама творы тагачаснай драматургіі, у якіх сцвярджалася рэаліст. скіраванасць: «Мяцеж» (1925), «Разлом» (1927) Б.Лаўранёва, «Клоп» (1929), «Баня» (1930) У.Маякоўскага. У 1930—40-я г.т-р ставіў творы М.Горкага («Мяшчане», «Дачнікі»), А.Чэхава («Вішнёвы сад») і інш. Спектаклям 1950—70-х г. уласцівы ўвага да сцэн. ўвасаблення вострых і напружаных жыццёвых калізій, яркая рэаліст. форма, сац.-гіст. і псіхал. абагульненні: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Варвары» і «Мяшчане» (Дзярж. прэмія СССР 1970) М.Горкага, «Кароль Генрых IV» Шэкспіра, «Гісторыя каня» паводле Л.Талстога. Пастаноўкі 1990-х г. вызначаліся глыбокай распрацоўкай псіхал. малюнка роляў, пошукам сучасных выразных магчымасцей у традыц. драматургіі: «Каварства і каханне» Шылера, «Макбет» Шэкспіра, «Бацька» А.Стрындберга, «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага і інш. У т-ры ў розныя гады працавалі і працуюць акцёры А.Абрамаў, А.Андрэеў, Г.Багачоў, А.Басілашвілі, Т.Дароніна, В.Дзягцяр, В.Іўчанка, Я.Капелян, У.Кузняцоў, Лаўроў, А.Лаўрэнцьеў, Я.Лебедзеў, П.Луспякаеў, Л.Макарава, М.Манахаў, В.Сафронаў, В.Паліцаймака, І.Смактуноўскі, У.Стржэльчык, А.Талубееў, М.Трафімаў, А.Фрэйндліх, З.Шарко, Ю.Юр’еў і інш.; рэжысёры Р.Дзіцяткоўскі, Р.Казлоў, Э.Нюганен, М.Пінігін, А.Сяроў, Т.Чхеідзе, А.Шапіра і інш.
С.У.Пешын.
Санкт-Пецярбургскі вялікі драматычны тэатр імя Г.Таўстаногава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́РМУНТ (Раман Аляксандравіч) (7.5.1868, в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. —7.10.1939),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч. Са шляхецкага роду Скірмунтаў. Скончыў Рыжскую гімназію. Быў старшынёй Т-ва па распрацоўцы с.-г. і эканам. патрэб Палесся, адным з кіраўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Адзін з ідэолагаў краёўцаў, аўтар публіцыстычных твораў. Дамагаўся стварэння Краёвай партыі Літвы і Беларусі як міжнац. блока польскай, літ. і бел.парт. арг-цый. У 1906 дэпутат I Дзярж. думы Рас. імперыі, ініцыятар аб’яднання дэпутатаў-краёўцаў у т.зв. Групу зах. ускраін. Выступаў супраць адчужэння прыватнаўласніцкіх зямель і перадачы іх у дзярж. фонд, быў прынцыповым апанентам сацыяліст. ідэі абагульнення зямлі і інш. сродкаў вытворчасці. У кастр. 1910 — студз. 1911 чл.Дзярж. савета Рас. імперыі. Уваходзіў ва ўправу Віленскага зямельнага банка. З 1911 гласны Мінскага губ. земства, з 1914 чл. Мінскага губ.к-таУсерас. земскага саюза, у 1917 заг. аддзела Мінскага губ. харчовага к-та. У студз. 1917 узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у сак.—ліп. 1917 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта. У крас. 1917 узначальваў бел. дэлегацыю да рас. Часовага ўрада з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. Кіраўнік «Менскага беларускага прадстаўніцтва», ад якога ў крас. 1918 увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У ліп. 1918 узначальваў Народны сакратарыят Беларусі, у праграмнай дэкларацыі якога 9.7.1918 выказаўся за здабыццё дзярж. органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэр. беларусаў, памяркоўную агр. рэформу шляхам выкупу сялянамі памешчыцкай зямлі праз парцэляцыйны банк, за развіццё бел. культуры. Пасля працаваў у міжнар. камісіі Рады БНР, у ліст. 1918 у складзе надзвычайнай бел. дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай дамагчыся міжнар. прызнання незалежнасці Беларусі. У час сав.-польскай вайны імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж супрацьлеглымі бакамі, выказваўся за ўваходжанне краю цалкам у склад II Рэчы Паспалітай на ўмовах уніі ці шырокай аўтаноміі. Адзін з заснавальнікаў Польска-бел. т-ва ў Варшаве (1919). У 1930 абраны сенатарам Рэчы Паспалітай. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР расстраляны.
Літ.:
Смалянчук А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі // Спадчына. 1994. № 6;
Рудовіч С. «... Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды паліт.біягр. Рамана Скірмунта // Гістарычны альманах. Гародня, 1999. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НІН (Іван Аляксеевіч) (22.10.1870, г. Варонеж, Расія — 8.11.1953),
рускі пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1909). Продак пісьменніка Сымон Бунікоўскі ў 15 ст. перасяліўся з ВКЛ у Маскоўскае вял. княства, дзе і атрымаў прозвішча Бунін. У 1909—14 Бунін жыў за мяжой. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў (свае адносіны да бальшавіцкага рэжыму выказаў у дзённіку «Акаянныя дні», 1925—26). У 1920 эміграваў у Францыю. Літ. дзейнасць пачаў у 1887 як паэт. Вершы Буніна, вытрыманыя ў рэаліст. традыцыях рус. паэзіі 19 ст., процістаялі дэкадэнцкай лірыцы (зб-кі «Вершы 1887—1891 гг.», 1891; «Пад адкрытым небам», 1898; «Лістапад», 1901, Пушкінская прэмія 1903; «Вершы і апавяданні, 1907—1910», 1910). Першы зб. апавяданняў «На краі свету» (1897). У эміграцыі выдаў зб. паэзіі «Выбраныя вершы» (Парыж, 1929), 10 новых кніг прозы: «Ружа Іерыхона» (1924), «Сонечны ўдар» (1927), «Божае дрэва» (1931), «Цёмныя алеі» (1943) і інш., рэліг.-філас. трактат «Вызваленне Талстога» (1937). У кн. «Успаміны» (Парыж, 1950) — суб’ектыўна-крытычная характарыстыка М.Горкага, А.Блока, В.Брусава, Г.Ахматавай, С.Ясеніна, У.Маякоўскага і інш. Лаканічная мова, сціслая кампазіцыя, востры сюжэт, глыбокі псіхалагізм, пранікнёная лірычнасць апавядання — асн. рысы стылю Буніна. У ранніх апавяданнях («Танька», «Антонаўскія яблыкі») адлюстраваў голад і пакуты сялянства, распад патрыярхальнага жыцця селяніна і заняпад дваранскай Расіі. Творы 1910-х г. (паэма ў прозе «Вёска», 1910; аповесць «Сухадол», 1912; апавяд. «Вясёлы двор», «Захар Вараб’ёў», «Пустазелле», «Браты», «Пан з Сан-Францыска») з бязлітаснай маст. сілай раскрываюць тэму збяднення сялян, іх цемру і бяспраўе, працэс сац. і маральнага выраджэння памешчыцкай сям’і. Апавяданні 1920—30-х г. («Лапці», «Цёмныя алеі») прасякнуты матывамі і вобразамі, навеянымі настальгічнымі ўспамінамі пра радзіму, прысвечаны тэме трагічнага кахання (аповесць «Міцева каханне», 1925). У 1927—33 працаваў над сваім самым буйным творам — аўтабіягр. раманам «Жыццё Арсеннева» (Парыж, 1930, 1-е поўнае выд. Нью-Йорк, 1952), у якім адлюстраваў мінулае Расіі, сваё дзяцінства і юнацтва. Пераклаў на рус. мову «Песню пра Гаявату» Г.Лангфела, містэрыі Дж.Байрана «Каін», «Манфрэд», паэму А.Тэнісана «Лэдзі Гадзіва», вершы А. дэ Мюсэ, Л. дэ Ліля, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Нобелеўская прэмія 1933. На бел. мову творы Буніна перакладалі Я.Скрыган, М.Лужанін і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1965—67;
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1987—88;
бел.пер. — Выбранае. Мн., 1958;
Выбр. проза. Мн., 1992.
Літ.:
Афанасьев В. И.А.Бунин: Очерк творчества. М., 1966;
Волков А. Проза Ивана Бунина. М., 1969;
Михайлов О. Строгий талант: Иван Бунин: Жизнь, судьба, творчество. М., 1976;
Бабореко А. И.А.Бунин: Материалы для биографии с 1870 по 1917. 2 изд. М., 1983;
Лавров В. Холодная осень: Иван Бунин в эмиграции (1920—1953). М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-АНГЛІ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ.
Гандлёвае пагадненне 1921, падпісана 16 сак. ў Лондане. Мела гандлёвы і паліт. характар. Азначала фактычнае прызнанне Сав. Расіі. Дзяржавы заявілі пра аднаўленне гандл. зносін і пра тое, што будуць ухіляцца ад варожых дзеянняў і прапаганды адна супраць адной. Было першым пагадненнем, якое Сав. Расія заключыла з вял.капіталіст. дзяржавай, прарвала дыпламат. і эканам. блакаду Сав. Расіі. Мела сілу да разрыву сав.-англ. адносін 27.5.1927. Пагадненне 1937 (марское), падпісана 17 ліп. ў Лондане на 5 гадоў. Устанавіла асн. якасныя ліміты (водазмяшчэнне, узбраенне і інш.) для розных катэгорый ваен.-марскіх суднаў, якія адпавядалі лімітам, устаноўленым англа-франка-амер. дагаворам ад 25.3.1936 аб марскіх узбраеннях. У вер. 1939 урад Вялікабрытаніі прыпыніў дзеянне гэтага пагаднення. Пагадненне 1941 пра сумесныя дзеянні ўрадаў СССР і Вялікабрытаніі ў вайне супраць Германіі, падпісана 12 ліп. ў Маскве. Абавязвала сав. і брыт. ўрады памагаць і падтрымліваць адзін аднаго ў вайне супраць фаш. Германіі. Дало пачатак афармленню антыгітлераўскай кааліцыі, у 1942 заменена дагаворам. Дагавор 1942 аб саюзе і вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе саўдзельнікаў у Еўропе, аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе пасля вайны, падпісаны 26 мая ў Лондане. Ч. 1 дагавора тоесная пагадненню 1941 і заставалася ў сіле да канца вайны. У ч. 2 вызначаны асн. прынцыпы пасляваеннага супрацоўніцтва СССР і Вялікабрытаніі: не ўмешвацца ва ўнутр. справы інш. дзяржаў, аказваць эканам. дапамогу, на заключаць ніякіх саюзаў і не ўдзельнічаць ні ў якіх кааліцыях, накіраваных супраць другога боку. Заключаўся на 20 гадоў. У сувязі з утварэннем блокаНАТО і ваенным супрацоўніцтвам Вялікабрытаніі з Зах. Германіяй 7.5.1955 дагавор ануляваны СССР. Пагадненне 1968 аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве, падпісана 19 студз. ў Лондане. Паводле яго бакі абавязаліся садзейнічаць развіццю навук.-тэхн. супрацоўніцтва паміж 2 краінамі на аснове раўнапраўя і ўзаемнай выгады. Доўгатэрміновае гандлёвае пагадненне 1969, падпісана 3 чэрв. ў Маскве. Бакі абавязаліся падтрымліваць і садзейнічаць заключэнню на камерцыйнай аснове пагадненняў, у т. л. доўгатэрміновых, з мэтай супрацоўніцтва і развіцця вытв. магутнасцей краін. Пагадненне 1974 пра развіццё эканам., навук.-тэхн. і прамысл. супрацоўніцтва, падпісана 6 мая ў Лондане. Бакі абавязаліся працягваць намаганні па развіцці і ўмацаванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Пратакол аб кансультацыях 1975, падпісаны 17 лют. ў Маскве. З мэтай умацавання ўзаемнага даверу і ўзаемаразумення, садзейнічання паглыбленню працэсу разрадкі міжнар. напружанасці і надання ёй незваротнага характару бакі дамовіліся расшыраць і паглыбляць паліт. кансультацыі па важных міжнар. праблемах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, а таксама па пытаннях двухбаковых адносін. Пагадненне 1977 аб прадухіленні выпадковага ўзнікнення ядз. вайны, падпісана 10 кастр. ў Маскве. Кожны з бакоў абавязаўся ажыццяўляць і ўдасканальваць існуючыя арганізац. і тэхн. меры з мэтай прадухілення выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядз. зброі, якая знаходзіцца пад яго кантролем.