ПАЗЫКО́ВЫ ПРАЦЭ́НТ,

плата, якую атрымлівае крэдытор (банк) ад пазычальніка за карыстанне пазыкай. У яе можа быць уключана і плата за аказанне паслуг пры выдзяленні крэдыту. Памер і парадак выплаты працэнта па разменных відах пазыковых аперацый ўстанаўліваецца дыферэнцыравана паводле крэдытнага дагавора паміж банкам і пазычальнікам. Працэнтныя стаўкі за пазыку могуць быць фіксаваныя (цвёрдыя), «плаваючыя», базісныя (базавыя). Фінансавы П.п. — плата, папярэдне вызначаная і нязменная на працягу ўсяго тэрміну карыстання пазыкай. Выкарыстоўваецца пры кароткатэрміновых (да 30 дзён) пазыках. Базісныя стаўкі даюць магчымасць мяняць плату за карыстанне пазыкай. У гэтым выпадку П.п. можа пераглядацца банкам на працягу ўсяго тэрміну крэдытавання з абавязковым паведамленнем пазычальніка. На ўзровень П.п. ўплываюць: сярэдні ўзровень платы за прыцягнутыя рэсурсы, дэпазітны працэнт, расходы пазычальніка, аб’ект крэдытавання, плацежаздольнасць кліента, ступень рызыкі праекта, тэрмін пазыкі, узровень інфляцыі і інш. фактары, якія вынікаюць з грашова-крэдытнай палітыкі цэнтр. банка і ўрада.

А.​Ф.​Кірэева.

т. 11, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

гаспадарча-фінансавы стан пазычальніка, які дае ўпэўненасць у эфектыўным выкарыстанні і вяртанні ім пазыкі (крэдыту), што дае яму права на атрыманне крэдыту. Пераход да рыначных адносін прадугледжвае больш жорсткія ўмовы выдачы крэдыту. Таму пры аналізе К. вывучаюцца існуючая і перспектыўная плацежаздольнасць, узровень рэнтабельнасці і абарачальнасць абаротных сродкаў, тэмпы росту рэалізацыі, сумы і тэрміны пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, дзелавая актыўнасць і інш. Пры ацэнцы К. банкі выкарыстоўваюць і каэфіцыент бягучай ліквіднасці. Лічыцца, што калі ён ніжэйшы за 1, то банк мае справу з неплацежаздольным кліентам і крэдыт можа быць выдадзены на асаблівых умовах; пры яго ўзроўні 1,0—1,5 існуе рызыка своечасовага вяртання доўгу; пры ўзроўні больш як 1,5 гарантыі забяспечанасці доўгу і яго вяртання дастатковыя. Пры аналізе К. вывучаецца і ступень рызыкі банка як крэдытора; пры высокай ступені рызыкі прадугледжваецца і больш высокая працэнтная стаўка. Здольнасць пазычаць і аддаваць грашовыя сродкі вызначаецца прыбытковасцю, стабільнасцю, сітуацыяй на крэдытным рынку, складам і структурай актываў, інш. фактарамі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й імя П.​В.​Масленікава.

Адкрыты 19.11.1990 у Магілёве, з 1996 імя П.Масленікава. Размешчаны ў Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынку. Плошча экспазіцыі 700 м². У музеі больш за 2 тыс. экспанатаў, пераважна твораў бел. мастакоў 20 ст., у т. л. работы З.​Азгура, А.​Анікейчыка, Л.​Асецкага, А.​Бембеля, В.​Бялыніцкага-Бірулі, Г.​Вашчанкі, В.​Грамыкі, У.​Кожуха, У.​Кудрэвіча, А.​Малішэўскага, Л.​Марчанкі, А.​Маціевіча, М.​Савіцкага, Р.​Таболіча, В.​Юрковай. У 1997 у музеі адкрыта карцінная галерэя Масленікава, створаная на аснове падараванай музею яго персанальнай выстаўкі (128 твораў). Экспануюцца: творы, звязаныя з пачаткам творчай дзейнасці мастака ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (эскізы дэкарацый і касцюмаў да тэатр. пастановак 1938—41 і 1946—60); пейзажы, прысвечаныя родным мясцінам Беларусі, і пейзажы, звязаныя з паездкамі ў Крым, Алтай, Карпаты, Прыбалтыку; уласныя рэчы, мэбля, эцюды, карціны, апошні няскончаны твор Масленікава «Нябёсы». У музеі праводзяцца маст. выстаўкі, міжнар. пленэры жывапісу.

С.​В.​Строгіна.

т. 9, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАМЕРЦЫ́ЙНЫ БАНК,

першы прыватны банк у дарэв. Беларусі. Засн. ў 1873 памешчыкамі і гандл. буржуазіяй Мінска і Мінскай губ. Сярод акцыянераў банка Л.​А.​Ваньковіч, кн. Е.​Э.​Друцкі-Любецкі, В.​А.​Лапо, Х.Г. і А.​Я.​Лур’е і інш. Акцыянерны капітал складаў 1,5 млн. рублёў. Банк спецыялізаваўся на выдачы пазык для забеспячэння гандлю с.-г. таварамі, на крэдытаванні вывазу лясной прадукцыі ў паўд. губерні Расіі і за мяжу. У 1880—90-я г. аддзяленні і агенцтвы М.к.б. дзейнічалі ў Гомелі, Магілёве, Лібаве, Бабровіцах, Навазыбкаве, Рамнах, Канатопе і інш. Росквіт М.к.б. прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. У 1895 кантрольны пакет яго акцый купіў пецярбургскі прадпрымальнік Я.​С.​Палякоў з сынамі. Пасля разарэння Паляковых на чале М.к.б. зноў сталі мясц. акцыянеры. Змены ў развіцці ляснога рынку, канкурэнцыя з боку буйных рас. банкаў, канцэнтрацыя акцый у руках вузкай групы асоб прывялі да ліквідацыі М.к.б. (1908), у 1912 ён паглынуты Азоўска-Данскім Камерцыйным банкам.

В.​М.​Сяховіч.

т. 10, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМПІДУ́ ((Pompidou) Жорж) (5.7.1911, Манбудыф, Францыя — 2.4.1974),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі. Скончыў Вышэйшую нармальную школу (пед. ін-т) і Свабодную школу паліт. навук у Парыжы. Выкладаў у ліцэях Марселя і Парыжа. У 2-ю сусв. вайну да капітуляцыі (1940) Францыі лейт. франц. арміі. У 1944 саветнік па пытаннях інфармацыі і асветы ў часовым урадзе Ш. дэ Голя. У 1946—54 чл. Дзярж. савета, адначасова (1946—49) нам. ген. камісара па турызме. З 1954 супрацоўнік банка Ротшыльдаў, з 1956 яго ген. дырэктар, адначасова на кіруючых пасадах у інш. фін. і прамысл. аб’яднаннях. З 1958 нач. канцылярыі прэм’ер-міністра Францыі дэ Голя. Выбраны чл. Канстытуцыйнага савета Францыі (распрацаваў канстытуцыю і эканам. праграму аднаўлення 5-й рэспублікі). У 1962—68 прэм’ер-міністр Францыі. Удзельнічаў у ажыццяўленні Эвіянскага пагаднення 1962 аб статусе Алжыра. У 1969—74 прэзідэнт Францыі. Некалькі разоў наведваў СССР, у т. л. Беларусь (11—12.1.1973 у Заслаўі Мінскай вобл. вёў перагаворы з Л.​І.​Брэжневым).

Ж.Пампіду.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБУШЫ́НСКІЯ,

дынастыя рас. прамыслоўцаў, банкіраў і паліт. дзеячаў. Заснавальнік М.​Я.​Рабушынскі быў вядомы з 1840-х г. як уладальнік тэкст. фабрык у Маскве і Калужскай губ. У канцы 19 — пач. 20 ст. валодалі шматлікімі баваўнянымі, шклянымі, ільноапрацоўчымі, папяровымі і паліграф. прадпрыемствамі ў розных губ.; у гады 1-й сусв. вайны набылі шэраг прадпрыемстваў лясной і металаапрацоўчай прам-сці, пачалі будаваць аўтамаб. завод. У 1900 падпарадкавалі сабе Харкаўскі пазямельны банк, у 1902 засн. Банкірскі дом братоў Р. (з 1912 Маскоўскі банк). Адыгрывалі вядучую ролю ў прадпрымальніцкіх арг-цыях Расіі. З Р. найб. вядомы ўнук М.​Я.​Рабушынскага Павел Паўлавіч (30.6.1871, Масква — 19.7.1924), саўладальнік і кіраўнік (з 1900) «Т-ва мануфактур П.​М.​Рабушынскага з сынам», Маскоўскага банка, «Т-ва друкарань П.​П.​Рабушынскага», акцыянер многіх кампаній. У 1905—06 чл. ЦК партыі акцябрыстаў. З 1906 уваходзіў у кіраўніцтва партыі мірнага абнаўлення, з 1912 — прагрэсістаў. У 1915 ініцыятар стварэння і старшыня маскоўскага Ваен.-прамысл. к-та. Падтрымаў Карнілава мяцеж 1917. З 1919 у Францыі.

т. 13, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНГЛАМЕРА́Т (ад лац. conglomeratus сабраны, ушчыльнены),

механічнае, выпадковае спалучэнне якіх-н. разнародных кампанентаў. У геалогіі — сцэментаваная асадкавая абломкавая горная парода (гл. Абломкавыя горныя пароды), складзеная пераважна з галькі з прымессю пяску, жвіру і валуноў. Цэментам звычайна з’яўляюцца аксіды жалеза, карбанаты, гліністы матэрыял, радзей крэменязём. Вядомы розныя класіфікацыі К., заснаваныя на ўмовах іх утварэння, тыпе і колькасці цэменту, ступені адсартаванасці, прыродзе і складзе абломкаў. На Беларусі К. найб. пашыраны ў тоўшчах абломкавых парод рыфею і венду, пермскай і трыясавай сістэм. Глыбы валунова-галечнага К. ў антрапагенавых адкладах вядомы каля Гродна (гл. ў арт. Калодзежны роў). У эканоміцы — адна з форм аб’яднання прадпрыемстваў (фірм) рознага галіновага профілю. Адрозніваюць К. функцыянальныя, якія аб’ядноўваюць прадпрыемствы (фірмы), звязаныя у працэсе вытв-сці і інвестыцыйныя, якія аб’ядноўваюць фірмы, не звязаныя галіновай агульнасцю. Для К. характэрны; аб’яднанне шырокага кола прадпрыемстваў (фірм), якія выконваюць розныя функцыі; высокі ўзровень дэцэнтралізацыі кіравання; рост капіталу ў выніку зліцця і накіраванне яго на павелічэнне кантролю над існуючымі прадпрыемствамі (фірмамі); аб’яднанне ў рамках К. з удзелам банка або вакол яго.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ (ад лац. interventio умяшанне),

умяшанне адной дзяржавы ва ўнутр. справы іншай дзяржавы або акт рэгулявання ёю акрэсленых пытанняў грамадз. адносін, якія традыцыйна належаць да сферы грамадз. супольнасці. Як сродак знешняй палітыкі існуе амаль ад пачатку паліт. гісторыі чалавецтва і выкарыстоўваецца дзяржавамі, каб у сваіх інтарэсах паўплываць на вынікі барацьбы паліт. сіл у інш. дзяржаве, на вырашэнне дынастычных пытанняў і да т.п. Знешняя І. здаралася асабліва часта і прымала значныя маштабы ў перыяды рэвалюцый або нац.-вызв. барацьбы народаў асобных краін (напр., І. краін Антанты супраць сав. Расіі ў 1918—20). Паняцце І. ўключае такія яе віды, як вайсковая, эканам., дыпламатычная, ідэалагічная. Існуюць і камбінацыі азначаных відаў І. Сучасная міжнар. супольнасць выключае І. з правамерных сродкаў правядзення дзяржавамі сваіх знешнепаліт. інтарэсаў. і ставіць яе па-за міжнар. правам, а вайсковая І. атаясамліваецца з формай агрэсіі. І. як акт умяшання дзяржавы ва ўласнае ўнутр. жыццё, пераважна ў эканоміку і фінансы, уваходзіць у сістэму метадаў дзярж.-манапал. рэгулявання гэтых галін і мае месца ў часы крызісаў, банкруцтваў ці ў сувязі з адмоўнымі вынікамі дзейнасці таго ці інш. буйнога банка або карпарацыі.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «СКУЛЬПТУ́РНЫ КАМБІНА́Т» Беларускага саюза мастакоў.

Створана ў 1991 у Мінску на базе Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Выконвае заказы на стварэнне манум. і станковай скульптуры, у т. л. помнікаў, манументаў, эмблем, гербаў, мемар. дошак і інш. Сярод работ помнікі Ф.​Скарыне ў Празе (Э.​Астаф’еў, 1991—92), у г. Ліда (В.​Янушкевіч, 1992—93), воінам-інтэрнацыяналістам у Мінску (Ю.​Паўлаў, 1995—96), у г. Светлагорск (У.​Жбанаў, А.​Каструкоў), М.​Шагалу ў Віцебску (В.​Магучы; абодва 1997), А.​Пушкіну ў г. Мазыр (Ю.​Вараб’ёў) і Мінску (Ю.​Арэхаў), «Святая Соф’я — князёўна слуцкая» ў г. Слуцк (М.​Інькоў), воінам, што загінулі ў гады Вял. Айч. вайны, у Магілёве (Паўлаў; усе 1999), Скарыне (А.​Дранец, 1999—2000); бюсты М.​В.​Доўнар-Запольскага ў г. Рэчыца (Э.​Агуновіч, 1995), У.​Л.​Бядулі ў г. Камянец (С.​Гарбунова, 1997) і інш.; гербы Беларусі на рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (У.​Папсуеў, 1996), на будынках Дома ўрада (В.​Мурашоў, 1997), Нац. банка (Жбанаў, 1998); на гар. ратушы ў Віцебску (Магучы, 1997); паркавая скульптура ў Нясвіжскім парку (У.​Слабодчыкаў, Г.​Гаравая і інш., 1992) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 10, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ (Іван Мікалаевіч) (17.3.1872, с. Папоўка Тульскай вобл., Расія — 30.8.1951),

расійскі гравёр; адзін з заснавальнікаў рас. каляровай гравюры на дрэве і лінолеуме. Нар. мастак Расіі (1943). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў прыватных майстэрнях у Маскве (з 1883), Цэнтр. вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца і ў майстэрні В.​Матэ (1891—92), у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (з 1893) у Пецярбургу. З 1907 выкладаў У Строганаўскім маст.-прамысл. вучылішчы, з 1915 у Маст. школе пры тыпалітаграфіі т-ва І.​Сыціна, у 1917—22 у Дзярж. вольных маст. майстэрнях — Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях у Маскве. Працаваў у часопісах Пецярбурга, друкарнях А.​Ступіна і Сыціна ў Маскве. Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Майстар станковай тонавай гравюры. Сярод твораў: дрэварыты «У карчме», «Крах банка» (абедзве з карцін У.​Макоўскага), «Сяброўкі» (з карціны А.​Архіпава, усе 1891), «Запарожац» (з эцюда І.​Рэпіна, 1895), лінагравюры «Кніжная палата» (1925), серыі «Адыходзячая Русь» (1914), «Адыходзячая Масква» (1915 і 1916), «Маскоўскія дворыкі» (1916), «Астанкіна» (1917), «Правінцыя» (1925), «Старая Масква» (1944—47) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Техника гравюры на дереве и линолеуме. 2 изд. М., 1952 (разам з М.​У.​Маторыным);

Жизнь русского гравера. М., 1963.

І.Паўлаў. Кніжная палата. 1925.

т. 12, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)