АСЕ́НІ,

дынастыя балг. цароў у перыяд Другога Балг. царства (1187—1280). Засн. балярамі (баярамі) Асенем і Пятром, якія кіравалі паўстаннем 1185—87 супраць візант. панавання ў Балгарыі.

Прадстаўнікі Асеняў: Асень I [1187—96], яго брат, цар-суправіцель, Пётр I [1187—97], Калаян [1197—1207], Борыл [1207—18], Іван Асень II [1218—41], Каліман I [1241—46], Міхаіл I Асень [1246—56], Каліман II [1256—57], Канстанцін Асень Ціх [1257—77], Міхаіл II Асень [1277—79], Іван Асень III (1279—80; уцёк у Візантыю, пасля гэтага дынастыя Асеняў перастала існаваць).

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ МАДЭ́ЛЕЙ у Мінску,

установа для распрацоўкі мадэлей адзення, абутку, галаўных убораў. Адкрыты ў 1948. Ажыццяўляе мадэліраванне і канструяванне швейных вырабаў для швейных прадпрыемстваў лёгкай прам-сці Беларусі, забяспечвае іх тэхн. дакументацыяй, прапагандуе новыя мадэлі і фасоны. Апрача стварэння прамысл. калекцыі адзення праводзіць метадычную работу, распрацоўвае перспектыўныя, выставачныя мадэлі. Неаднаразова дэманстраваў дасягненні бел. моды на міжнар. выстаўках, кірмашах і кангрэсах, у т. л. ў Балгарыі, Індыі, Канадзе, Францыі, Японіі і інш.

т. 6, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СКЫР,

рака ў Балгарыі, правы прыток Дуная. Даўж. 368 км, пл. бас. 8,6 тыс. км² Вытокі ў гарах Рыла. працякае па Самакаўскай і Сафійскай катлавінах, перасякае хр. Стара-Планіна ў Іскырскай цясніне, нізоўі — па Ніжнедунайскай раўніне. Веснавое разводдзе, летняя межань. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 54 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. У бас. І. вадасховішча, ГЭС. На І. — гарады Самакаў, Мездра, Чарвен-Браг; працякае па ўсх. ускраіне г. Сафія.

т. 7, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ТРАКІ,

1) у 10—11 ст. у Кіеўскай Русі — малодшыя дружыннікі (гл. ў арт. Дружына) князёў і баяр, якія ўдзельнічалі ў паходах і зборы даніны; О. называлі таксама кіраўнікоў княжацкай гаспадаркі і асабістых слуг князёў і баяр. У 12 ст. асобы ніжэйшай княжацкай адміністрацыі, што вяршылі суд, збіралі пошліны і падаткі.

2) У сярэдневяковай Балгарыі, Македоніі, Сербіі (да 14 ст.) феад.-залежныя сяляне, паводле свайго становішча блізкія да рабоў.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДЖЫ́ЕЎ Парашкеў (н. 14.4.1912, Сафія),

балгарскі кампазітар, педагог, муз. тэарэтык. Нар. арт. Балгарыі (1965). Герой Сац. Працы (1979). З 1940 выкладаў у Балг. кансерваторыі (з 1947 праф.). Яго творы вылучаюцца меладычнай напеўнасцю, маляўнічасцю гармоніі, рэалізмам характараў: оперы «Альбена» (паст. 1963), «Мільянер» (паст. 1965), «Марыя Дзесіслава» (паст. 1978) і інш.; аперэты, мюзіклы, балеты, хары, песні для дзяцей (больш за 1000) і інш. Аўтар падручнікаў па гармоніі. Дзімітроўская прэмія 1962.

т. 16, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗІН,

горад на ПнЗ Балгарыі, на правым беразе р. Дунай. Засн. стараж. рымлянамі ў пач. н. э. 80 тыс. ж. (1993). Рачны порт, чыг. паромная пераправа, якая звязвае балгарскія і румынскія (г. Калафат) чыгункі. Цэнтр с.-г. раёна, асабліва развіта вінаградарства. З-ды сінт. валокнаў, шын; харч. (тытунёвая, мукамольная, алейная, плодакансервавая, вінаробства) і швейная прам-сць. Вытв-сць фарфоравых вырабаў, цыгарэт. Турызм. Музеі. Арх. помнікі: цэрквы св. Панцеляймона (1633), св. Петкі (17 ст.).

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКО́ЎСКІ Дака (7.8.1919, с. Тырнак Врачанскай акругі, Балгарыя — 28.1.1962),

балгарскі кінарэжысёр. Засл. арт. Балгарыі (1963, пасмяротна). У 1938—41 акцёр у т-рах Сафіі і Скопле. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1952). Дэбютаваў фільмам «Пад прыгнётам» (паводле І.​Вазава, 1952; Дзімітроўская прэмія 1953). Яго творчасці характэрна распрацоўка гераічных характараў і значных тэм: «Беспакойны шлях» (1955, Дзімітроўская прэмія 1959), «Тайная вячэра седмакоў» (1957; у сав. пракаце «Закон дазваляе»), «Стубленскія ліпы» (1960) і інш.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКІ САЮ́З 1912,

ваенна-паліт. саюз Балгарыі, Сербіі, Грэцыі і Чарнагорыі супраць Турцыі і Аўстра-Венгрыі. Ствараўся пры падтрымцы Расіі. Напачатку саюз заключаны паміж Сербіяй і Балгарыяй, потым да яго далучыліся Грэцыя і Чарнагорыя. Меў на мэце падзел еўрап. уладанняў Турцыі. У кастр. 1912 дзяржавы Балканскага саюзу пачалі вайну з Турцыяй і перамаглі. Спрэчкі вакол падзелу заваяваных тэрыторый выклікалі вайну паміж Балгарыяй, Сербіяй і Грэцыяй (гл. Балканскія войны 1912—13) і распад саюза летам 1913.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НКЯ,

бальнеакліматычны курорт у Балгарыі. За 17 км ад Сафіі, на схілах гор Люлін. Развіваецца з пач. 20 ст. Клімат умерана кантынентальны, з мяккай зімой, працяглым сонечным летам. Крыніцы мінер. водаў рознага саставу, у т. л. радонавых і тэрмальных. Акрамя сардэчна-сасудзістых лечаць хваробы гінекалагічныя і апорна-рухальнага апарату. Санаторыі, дамы адпачынку, гасцініцы, кемпінгі. База Сусветнай арг-цыі аховы здароўя для ўдасканалення мед. кадраў краін Паўд.-Усх. Еўропы па праблемах рэабілітацыі пры сардэчна-сасудзістых захворваннях.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯДЖЫ́ЕЎ Злацю (22.10.1903, в. Брэзава каля Плоўдзіва, Балгарыя — 2.2.1976),

балгарскі жывапісец. Нар. мастак Балгарыі (1962). Скончыў АМ у Сафіі (1932). Ствараў кампазіцыі, прысвечаныя вясковаму побыту, пісаў партрэты («Аўтапартрэт», 1941). Яго пейзажы Плоўдзіва і наваколля вылучаюцца дэкаратыўнасцю і гучнасцю каларыту: «Зіма ў старым Плоўдзіве», «Брэзаўскія чабаны», «Касец точыць касу», «Адпачынак», «Аколіца Брэзава», «Свінарка» (усе 1940-я г.), «Царква Святой Багародзіцы ў Плоўдзіве» (1959) і інш. Прэмія імя Дзімітрова 1962.

Я.​Ф.​Шунейка.

З.Баяджыеў. Аўтапартрэт. 1941.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)