ВА́КУУМНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,

пакрыцці, нанесеныя на паверхню метал. і неметал. вырабаў у вакууме накіраваным асаджэннем часціц рэчыва. Бываюць метал. і неметалічныя. Наносяцца тэрмічным або электронна-прамянёвым выпарэннем і катодным распыленнем, а таксама іх спалучэннем.

Трываласць счаплення вакуумнага пакрыцця з матэрыялам асновы абумоўлена т-рай асновы, якасцю падрыхтоўкі і ачысткі яго рабочай паверхні, энергіяй часціц, што наносяцца, і інш. Тэрмічнае выпарэнне ажыццяўляецца з дапамогай розных крыніц нагрэву і адпаведных прыстасаванняў у вакууме 1,33∙10​−1 — 1,33∙10​−5 Па. Пры электронна-прамянёвым выпарэнні выкарыстоўваюцца электронна-прамянёвыя пушкі, якія генерыруюць электроны з вял. скарасцямі. Адначасовым выпарэннем некалькіх матэрыялаў атрымліваюць шматкампанентныя і шматфазныя вакуумныя пакрыцці. Пры катодным распыленні матэрыял, які наносіцца, «бамбардзіруюць» іонамі розных элементаў. Найб. пашырана катоднае распыленне ў тлеючым разрадзе, які ўзбуджаецца ў аргоне і інш. інертных газах пры ціску 2,66—13,3 Па і напружанні 1—5 кВ. Вакуумныя пакрыцці выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, мікраэлектроніцы, выліч. тэхніцы, фіз. оптыцы.

М.​І.​Дудо.

Схема ўстаноўкі бесперапыннага дзеяння для нанясення вакуумных пакрыццяў метадам напылення: 1 — касета; 2 — затвор; 3 — рабочая камера; 4 — награвальнік; 5 — магнетронны распыляльнік; 6 — камера распылення; 7 — высакавакуумная сістэма; 8 — канвеер.

т. 3, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫ́СТКА СЦЁКАВЫХ ВО́ДАЎ,

выдаленне забруджвальных рэчываў, якія ёсць у сцёкавых водах і могуць неспрыяльна паўплываць на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе. Праводзіцца ў спец. ачышчальных збудаваннях пры падрыхтоўцы сцёкавых водаў да скідвання ў прыродныя вадаёмы або для паўторнага выкарыстання ў паўторнапаслядоўных сістэмах водакарыстання ці сістэмах зваротнага водакарыстання. Існуюць метады механічнай, фіз.-хім., біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў.

Пры механічнай ачыстцы нерастваральныя дамешкі выдаляюцца працэджваннем, адстойваннем, фільтраваннем, флатацыяй з дапамогай тлустых спіртоў, сернакіслага алюмінію або хлорнага жалеза, цэнтрабежнай сепарацыяй і інш. Пры фізіка-хімічнай ачыстцы выкарыстоўваюць: рэагентную каагуляцыю і працэс адгезіі (прыліпанне дамешкаў да паверхні інертных матэрыялаў); нейтралізацыю кіслот і шчолачаў вапнай; экстракцыю арган. растваральнікамі (бензол, бутылацэтат і інш.); перагонку з сухой парай (для выдалення фенолаў); сорбцыю праз актываваны вугаль; фільтрацыю праз іонаабменныя матэрыялы; апрацоўку хлорам (эл.-хім. акісленне); мокрае спальванне (для выдалення арган. рэчываў). Выдаленыя са сцёкавых водаў забруджвальныя рэчывы ў шэрагу выпадкаў — каштоўныя для нар. гаспадаркі прадукты, якія здабываюць з дапамогай спец. тэхнал. установак (гл. Утылізацыя забруджвальнікаў).

Літ.:

Технические записки по проблемам воды: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1983;

Очистка производственных сточных вод. 2 изд М., 1985.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,

арганізаваная падача і размеркаванне газавага паліва (прыродных, штучных і звадкаваных гаручых газаў) для патрэб бытавых, камунальных, прамысл. і с.-г. спажыўцоў. Да сістэмы газазабеспячэння адносяцца збудаванні і абсталяванне для здабычы прыродных і вытв-сці штучных гаручых газаў (гл. Газавая прамысловасць, Газіфікацыя паліва), іх ачысткі (гл. Газаачыстка), транспартавання (гл. Газаправод), захоўвання (гл. Газавае сховішча), размеркавання паміж спажыўцамі (гл. Газаразмеркавальная станцыя, Газарэгулятарны пункт).

Адрозніваюць газазабеспячэнне цэнтралізаванае, пры якім газ размяркоўваецца спажыўцам па гарадской газавай сетцы, і дэцэнтралізаванае (мясцовае) — ад мясц. газагенератарных установак або з выкарыстаннем ёмістасцей (цыстэрнаў, балонаў) са звадкаванымі газамі. Мясцовыя сістэмы шырока выкарыстоўваюць для газазабеспячэння жылых будынкаў і камунальна-бытавых прадпрыемстваў малых гарадоў і пасёлкаў. Звадкаваныя газы ад газабензінавых з-даў транспартуюць на газанапаўняльныя станцыі (ГНС) па прадуктаправодах, у чыг. цыстэрнах, а таксама рачнымі або марскімі суднамі (газавозамі). З ГНС газ дастаўляецца спажыўцам у балонах або аўтацыстэрнах. Асн. крыніцай газазабеспячэння Беларусі з’яўляецца імпарт гаручых газаў з Расіі. Рэспубліка мае развітую сетку магістральных газаправодаў, у ліку якіх трансеўрапейскія. Гл. таксама Газіфікацыя.

В.​В.​Арціховіч, В.​М.​Капко.

т. 4, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т РАДЫЯЦЫ́ЙНЫХ ФІ́ЗІКА-ХІМІ́ЧНЫХ ПРАБЛЕ́М Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1991 у Мінску на базе Ін-та ядзернай энергетыкі АН Беларусі (існаваў з 1965). У ін-це (1998): 7 лабараторый, 2 тэхнал. аддзелы. аспірантура.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка і хімія ўзаемадзеяння высокаэнергетычных выпрамяненняў з рэчывам, распрацоўка тэхналогій і тэхнікі для выкарыстання выпрамяненняў у нар. гаспадарцы. Распрацаваны: тэарэт. метады, мадэлі і матэм. праграмы апісання і аналізу працэсаў узаемадзеяння нуклонаў з ядрамі для разліку ядзерна-фіз. канстантаў трансактынідаў і спектраў нейтронаў, што вылучаюцца ў гэтых працэсах; інфарм. сістэма для комплекснай ацэнкі рызыкі ад уздзеяння на чалавека прымесей таксінаў і канцэрагенаў, якія маюць харч. прадукты, пітная вада, паветра; метад апрамянення харч. прадуктаў для павелічэння тэрмінаў захавання і знішчэння патагеннай мікрафлоры; тэхналогія і абсталяванне для вытв-сці пенаполітэтылену метадам радыяцыйнага сшывання. Створаны: новы кампазіцыйны антыфрыкцыйны матэрыял; устаноўка для рэгенерацыі адпрацаванага травільнага раствору; аўтаматызаваная ацяпляльная сістэма на аснове інфрачырвоных выпрамяняльнікаў; сістэма ачысткі ад фенолу і фармальдэгіду, газавых выкідаў хім. вытв-сцей. Запушчаны ў эксплуатацыю нейтронны генератар (тып НГ-12-1 — адзін з буйнейшых у Еўропе, 1997).

В.​А.​Нікалаеў.

т. 7, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПА́Р, папарнае поле,

поле севазвароту, якое ўвесь вегетацыйны перыяд або частку яго застаецца незасеяным і неаднаразова апрацоўваецца для ачысткі глебы ад пустазелля і ўтрымання вільгаці. Папарная сістэма земляробства склалася ў эпоху феадалізму, замяніўшы лядную і лесапольную сістэмы трохпольнай (П., азімыя, яравыя). П. выкарыстоўваецца пераважна пад азімыя жыта і пшаніцу. Бывае чысты і заняты. Чысты П. — чорны (зяблевая апрацоўка ўгноенай глебы вядзецца ўвосень) і ранні (асн. апрацоўка вясною) — найчасцей выкарыстоўваюць у засушлівых раёнах. У нечарназёмнай зоне чысты П. пакідаюць на ўчастках з вял. колькасцю шматгадовага пустазелля. У інтэнсіўным земляробстве найб. эфектыўны заняты П., калі першую палавіну лета вырошчваюць культуры з кароткім вегет. перыядам (прапашныя, віка-аўсяная сумесь, кукуруза на сілас, кармавы лубін, канюшына і інш.), якія ўбіраюць за 3—4 тыдні да сяўбы азімых раслін. Сідэральны П. (разнавіднасць занятага П.) паляпшае якасць бедных, пераважна пясчаных і супясчаных глеб. Ён менш эфектыўны, чым П., заняты культурамі на кармы. На папарным полі вырошчваюць культуры (лубін і інш.), якія заворваюць на зялёнае ўгнаенне. Гл. таксама Сістэма земляробства.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАПЕРАПРАЦО́УКА,

сукупнасць тэхнал. працэсаў па тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўцы нафты для атрымання розных відаў паліва, змазачных матэрыялаў, бітумаў, парафінаў і інш. нафтапрадуктаў. Працэсы Н. падзяляюцца на першасныя (адбываюцца без змен хім. будовы кампанентаў нафты) і другасныя (накіраваны на пэўную змену структуры нафтавых вуглевадародаў). Перапрацоўцы нафты папярэднічаюць працэсы стабілізацыі (выдаленне раствораных газаў), абязводжвання і абяссольвання.

Асн. працэс першаснай Н. — перагонка нафты (тэрмічнае раздзяленне яе на часткі ці фракцыі з атрыманнем прамагоннага бензіну, газы, рэактыўнага, дызельнага і кацельнага паліва, топачнага мазуту). Прамагонныя бензіны складаюць да 25% ад масы нафты, маюць невысокую дэтанацыйную ўстойлівасць і патрабуюць далейшай апрацоўкі. Балансавы дэфіцыт светлых нафтапрадуктаў і павышэнне іх якасці дасягаецца пры другасных працэсах Н. — каталітычным крэкінгу, каксаванні, гідракрэкінгу, рыформінгу, ізамерызацыі, полімерызацыі, алкіліраванні і інш. Ачыстка нафтапрадуктаў, атрыманых пры першасных і другасных працэсах, уключае выдаленне сярністых, азоцістых і кіслародных злучэнняў, смалістых рэчываў, цвёрдых парафінаў. Светлыя нафтапрадукты спачатку апрацоўваюць водным растворам шчолачы ці сернай к-ты. Сярністыя злучэнні з іх выдаляюць метадам каталітычнай гідраачысткі пры наяўнасці каталізатара і вадароду. Для ачысткі масляных фракцый карыстаюцца сернай к-той, селектыўнымі растваральнікамі (фенолам, фурфуролам, нітрабензолам і інш.) і спец. адсарбентамі. Дэасфальтызацыя масляных фракцый ажыццяўляецца вадкім прапанам. Гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫ́СТКА АСЯРО́ДДЗЯ,

комплекс мерапрыемстваў па прадухіленні наступстваў забруджвання навакольнага асяроддзя ад антрапагеннага ўздзеяння. Падзяляецца на ачыстку паветра, ачыстку паверхневых і падземных водаў, глебы, біясферы і мерапрыемствы па зніжэнні антрапагеннага, шумавога і тэмпературнага забруджвання. Ачыстка паверхневых водаў прадугледжвае стварэнне сістэмы фільтрацыі, аэрацыі, абясшкоджання вады ў паверхневых крыніцах, ачыстку сцёкавых водаў, стварэнне замкнёных сістэм водазабеспячэння прадпрыемстваў, укараненне сістэм біял. ачысткі, рэканструкцыю сетак і збудаванняў сістэм водазабеспячэння. Ачыстка падземных водаў неабходная ў выпадках забруджвання гэтых водаў нітратамі, радыенуклідамі і інш. шкоднымі для здароўя чалавека рэчывамі. Пры значным перавышэнні забруджвання падземных водаў прадугледжваецца забарона іх ужывання. Ачыстка глебы патрабуецца ў выпадках перанасычэння яе мінер. ўгнаеннямі і ядахімікатамі, назапашваннем адходаў прам-сці ці жыццядзейнасці чалавека (звалкі). Выкарыстоўваюць прыёмы агратэхнікі і севазвароту, утылізацыі адходаў і інш.; у выпадках катастрафічнага яе забруджвання (напр., радыенуклідамі) неабходна радыкальная ачыстка з выдаленнем і пахаваннем паверхневых пластоў глебы і забаронай іх выкарыстання. Ачыстка біясферы прадугледжвае паніжэнне ў ёй узроўню шкодных рэчываў: новых хім. злучэнняў (ксенабіётыкі, некаторыя пестыцыды, поліхлорбіфенілы і інш.), часцінак і чужародных прадметаў (попел, сажа, пыл і інш.), а таксама шуму, радыеактыўнасці (ад ядз. выпрабаванняў, назапашванне радыеактыўных адходаў ад АЭС, пры аварыях на атамных прадпрыемствах і інш.). У выпадках забруджвання біясферы радыенуклідамі неабходна спец. пахаванне заражаных жывёльных і раслінных аб’ектаў ці абмежаванае іх выкарыстанне.

Т.​А.​Філюкова.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫ́СТКА ПАВЕ́ТРА,

выдаленне з паветра пылу, вадкіх і газападобных шкодных дамешкаў. Адрозніваюць: ачыстку забруджанага паветра, якое выдаляецца з вытв. памяшканняў і ад прамысл. абсталявання (гл. Газаачыстка); паветра, якое падаецца ў памяшканні і інш. аб’екты сістэмамі вентыляцыі і кандыцыяніравання, а таксама паветра, што выкарыстоўваецца ў тэхнал. працэсах (напр., вытв-сць кіслароду, інертных газаў, у доменнай і мартэнаўскай вытв-сці).

Ачыстка паветра — адно з найважнейшых мерапрыемстваў па ачыстцы асяроддзя, у т. л. атмасферы ў гарадах і прамысл. цэнтрах. Ачыстка паветра таксама забяспечвае неабходныя сан.-гігіенічныя ўмовы ў памяшканнях і інш. аб’ектах, папярэджвае забруджванне і пашкоджанне прамысл. абсталявання, парушэнне тэхнал. працэсаў. Сродкі ачысткі паветра выбіраюцца ў залежнасці ад віду дамешкаў і ступені забруджанасці паветра. Канцэнтрацыя пылу рознага паходжання ў сярэднім за суткі можа дасягаць 0,5 мг/м³ (у жылых раёнах прамысл. гарадоў), 1 мг/м³індустр. раёнах) і 3 мг/м³ і больш (на тэрыторыі прамысл. прадпрыемстваў). У асобных выпадках вылучаныя з паветра дамешкі выкарыстоўваюцца (напр., сажа, злучэнні серы і інш.) у прам-сці і інш. галінах практычнай дзейнасці.

На Беларусі прыняты Закон аб ахове атм. паветра (1994), які прадугледжвае кантроль за сан. станам паветра і яго ачысткай. Нагляд за ачысткай паветра ажыццяўляецца Спецыялізаванай інспекцыяй па ахове і выкарыстанні атм. паветра Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і сан.-эпідэміял. службай.

В.​І.​Корбут.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБІЦЫ́ДЫ [ад лац. herba трава + ...цыд(ы)],

хімічныя рэчывы для знішчэння расліннасці. У залежнасці ад уласцівасцей бываюць гербіцыды суцэльнага дзеяння (знішчаюць усе расліны; выкарыстоўваюцца для ачысткі абочын дарог, чыгунак, аэрадромаў і інш.) і выбіральнага (селектыўнага) дзеяння (знішчаюць расліны аднаго віду — пераважна пустазелле; прыдатныя для хім. праполкі пасеваў с.-г. культур). Да гербецыдаў адносяцца таксама альгіцыды і арбарыцыды.

Паводле характару дзеяння на расліны адрозніваюць: кантактавыя, якія выклікаюць адміранне тканак раслін у месцы дакранання з імі; сістэмныя, здольныя перамяшчацца ад месца паглынання ў інш. часткі расліны і выклікаць яе гібель. Большасць гербецыдаў — арган. злучэнні розных класаў. Асн. групу гербецыдаў складаюць вытворныя хлорфенаксівоцатных к-т (напр., 2,4-дыхлорфенаксівоцатная к-та ці 2,4-Д, яе аналаг 2,4-ДМ), карбаматы і тыякарбаматы (ізапрапіл-N-фенілкарбамат ці ІФК, хлор-ІФК, карбін, бетанал), вытворныя мачавіны (метурын, дазанэкс), трыазіны (атразін, сімазін, мезараніл) і інш. Для павышэння актыўнасці гербецыдаў выкарыстоўваюць іх сумесі. Неабходная доза 1—8 кг/га, але ёсць гербецыды (круг, каўбой), для якіх дастатковая доза 100—400 мл/га.

Няправільнае выкарыстанне гербецыдаў прыводзіць да забруджвання глебы і вадаёмаў, гібелі раслін і жывёл, таму продаж і выкарыстанне гербецыдаў ва ўсіх краінах дапускаецца толькі з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў. На Беларусі ў спісе дазволеных гербецыдаў больш за 200 прэпаратаў.

Літ.:

Химические средства защиты. М., 1987;

Препараты для защиты растений [Список разрешенных препаратов в Беларуси]. Мн., 1995.

В.​П.​Дзеева.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЯВЫ́Я МАШЫ́НЫ,

машыны і механізмы для буд-ва, рамонту і абслугоўвання чыгуначнага пуці. Выкарыстоўваюцца для: баласціроўкі пуці (электрабаласцёры. хоперы-дазатары, пуцепад’ёмнікі, трактарныя дазіроўшчыкі), ачысткі і ўшчыльнення баласту, выпраўкі пуці (шчэбенеачышчальныя, шпалападбівачныя, баластаўшчыльняльныя, выправачна-падбівачна-аддзелачныя і пуцерыхтовачныя машыны), зваркі і шліфоўкі рэек, зборкі і разборкі звёнаў, укладкі пуці (рэйказварачныя, звёназборачныя і звёнаразборачныя машыны, маторныя гайкавёрты, рэйка- і пуцеўкладчыкі), рамонту землянога палатна (пуцявыя стругі, дрэнажныя і земляўборачныя машыны), кантрольна-вымяральных работ (пуцевымяральныя і дэфектаскопныя вагоны і цялежкі), барацьбы са снежнымі заносамі (плугавыя і ротарныя снегаачышчальнікі, снегаўборачныя машыны), транспартных і пагрузачна-разгрузачных работ (самаразгружальныя вагоны, дрызіны, матавозы, пуцерамонтныя лятучкі і інш.). Бываюць самаходныя і несамаходныя, на рэйкавым і гусенічным хаду, з аўтаномнай энергет. базай (да якой падключаюцца ўсе рухавікі) і неаўтаномнай (эл. энергія і сціснутае паветра паступаюць ад спец. лакаматыва).

П.м. пачалі выкарыстоўвацца ў 18 ст. (у Расіі іх выкарыстоўвалі пры буд-ве руднічных рэйкавых дарог), з 1840-х г. — пры ачыстцы пуцей ад снегу, з 1860-х г. — пры адсыпцы баласту (самаразгружальныя паўвагоны). З 1880 амаль усе пуцеўкладачныя работы механізаваны.

На Беларусі рамонтам і мадэрнізацыяй П.м. займаецца Пінскі з-д пуцявых машын.

І.​І.​Леановіч.

Пуцявыя машыны: а — камплект машын для капітальнага рамонту пуці паточным метадам (1 — пуцеразборачны поезд; 2 — баластаачышчальная машына; 3 — пуцеўкладачны поезд; 4, 6 — хопер-дазатарныя вяртушкі; 5 — выправачна-падбівачна-аддзелачная машына); б — пуцерамонтная лятучка; в — пуцявая ўборачная машына; г — шпіндэль маторнага гайкавёрта.

т. 13, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)